Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(71)/2015
Жыццё Касцёла

ДЗЕЛЯ ПАЯДНАННЯ ВЕРЫ І НАВУКІ

«Я ЎВЕСЬ У РУКАХ БОЖЫХ»
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса

ГОРАД СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ
Sanctorum opera
Постаці

З РУКАПІСАЎ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

ХРАМ ЯГО ПАЭЗІІ
З архіваў часу

АФЯРА

ВЕРШЫ
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Архітэктура

АД РЫМА ДА НЯСВІЖА
Проза

З «АГУЛЬНАГА СШЫТКА»
Спадчына
Літаратуразнаўства

БУЛАВА, З ПЯРОМ ЗЛУЧАНАЯ
Мастацтва

«ART-ВОРША-РУБОН»

ЖЫЦЦЁ СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ АД ЕЗУСА,
ЗАПІСАНАЕ ЁЮ САМОЮ

Раздзел 8

У якім Тэрэза ад Езуса сцвярджае, што яна не згубiлася канчаткова ў перыяд свайго аддалення ад Бога толькi таму, што нiколi не спыняла малiцца i што малiтва — гэта моцны сродак узняцца з грахоўнага падзення. I таму яна запрашае ўсiх працягваць малiцца, а калi нехта пакiнуў малiтву, iзноў вярнуцца да яе, бо малiтва – гэта крынiца ўсiх ласкаў.

1. Нездарма я так доўга спынялася на гэтым перыядзе майго жыцця [у сёмым раздзеле святая Тэрэза апавядала пра сваё аддаленне ад Бога ажно на 18 гадоў1]. Ведаю, што не ўсiм спадабаецца слухаць пра такiя сумныя рэчы. I мне б не хацелася, каб нехта засумаваў, уражаны аповедам пра душу, такую ўпартую i няўдзячную ў адносінах да Таго, Хто адарыў яе столькiмi ласкамi. I ўсё ж такi з дазволу чытачоў я яшчэ раз вярнуся да тых гадоў, каб паказаць, што калi я столькi разоў грашыла супраць Бога, дык толькi таму, што не абапiралася на моцную калону малiтвы.

 

2. Я правяла амаль дваццаць гадоў у бурным моры. Я падала i ўставала. Але ўставала так няўдала, што iзноў падала. Я настолькi нiзка ўпала, што не толькi не зважала на даравальныя грахi, але нават смяротных грахоў не баялася як мае быць i таму зусiм не пазбягала небяспечных сiтуацый. Магу сказаць, што маё жыццё было настолькi вартым жалю, наколькi можна сабе толькi ўявiць. Я не адчувала нi асалоды ад прысутнасцi Бога, нi радасцяў ад знаходжання ў свеце. Калi я бавiлася сярод уцехаў свету, я заўсёды памятала пра мае абавязкі перад Богам, i гэта псавала мне настрой. Калi ж я заставалася з Богам, мяне ўвесь час непакоiлi радасцi свету. Гэта была пастаянная барацьба. Нават не ведаю, як я змагла цярпець гэта, i не адзiн месяц, але шмат гадоў.

Цяпер я разумею, што Бог у сваёй вялiкай мiласэрнасцi быў са мною, бо, неглядзячы на маю зануранасць у свет, мне хапала смеласцi працягваць малiцца. Кажу «смеласці», бо трэба мець шмат мужнасцi, здрадзiўшы свайму Каралю i разумеючы, што Ён ведае пра тваю здраду, iзноў i iзноў з’яўляцца перад Ім. Усе мы знаходзiмся перад вачыма Бога, але ўсё ж такi тыя, хто моляцца, знаходзяцца перад Ім асаблiвым чынам: яны адчуваюць на сабе позiрк Бога ў той час, калi iншыя днямi могуць не ўзгадваць пра прысутнасць Бога.

 

3. Трэба, аднак, заўважыць, што ў той перыяд было некалькi месяцаў, а можа i цэлы год, якi я пражыла, не абразiўшы Бога, менавiта дзякуючы таму, што я стала малiлася i рабiла ўсё, каб не пакрыўдзiць Яго. Пра гэта нельга не ўзгадаць дзеля паўнаты карцiны. Але, шчыра кажучы, пра тыя днi я мала што памятаю, i таму трэба зрабiць выснову, што iх было вельмi нямнога, у той час як кепскiх дзён было значна больш. Вельмi рэдка здаралiся днi, калi я зусiм не малiлася: толькi калi мне было зусiм дрэнна цi я была вельмi занятая.

Калi ж я хварэла, мне лепей было з Богам. I я намагалася, каб усе, хто мяне даглядаў, таксама адчувалi гэта, i аб гэтым я малiла Пана i часта размаўляла з Iм.

Дык вось, я распачала малiтоўнае жыццё дваццаць восем гадоў таму. I, калi не ўлiчваць той год, пра якi я толькi што ўзгадала, амаль васемнаццаць гадоў я правяла ў пастаяннай барацьбе, бо разрывался памiж Богам i светам.

Ведаю, што наперадзе мяне таксама чакае падобная барацьба, але прычына будзе ўжо iншаю i не такою балючаю, бо я ўсвядомiла, што чым больш мы прысвячаем сябе служэнню Богу, тым больш мы разумеем марнасць гэтага свету. Але пра гэта — далей.

 

4. Усё, пра што я распавяла дагэтуль, я зрабiла, як я ўжо казала, дзеля таго, каб усе пабачылi мiласэрнасць Бога i маю няўдзячнасць да Яго. З iншага боку, я гэта зрабiла для таго, каб было зразумела, якое вялiкае дабро чынiць Бог для душы, якая працягвае малiцца сiлаю волi, нават калi яна не адчувае ахвоты да выкання гэтага абавязку. Але калi душа ўпарта працягвае малiцца, нягледзячы на грахi, спакусы i падзеннi, якiя злы дух па-рознаму ставiць перад чалавекам, у рэшце рэшт, i ў гэтым я ўпэўнена, Пан вырве душу з усяго гэтага i павядзе яе да збаўлення. Такiм самым чынам — як мне падаецца цяпер — Ён зрабіў са мною, вырваўшы мяне з таго вартага жалю стану. Малюся да Усемагутнага, каб iзноў не ўпасцi.

 

5. Многiя святыя i людзi добрай волi пiсалi аб тым, колькi дабра прыносiць практыкаванне малiтвы. Маю на ўвазе малiтву разважання. Хвала i слава Богу за гэта! Але пры ўсiм маiм недахопе пакорлiвасцi, я ўсё ж такi не настолькi пыхлiвая, каб параўноваць сябе з імі. Я магу гаварыць толькi пра тое, што я сама спазнала. I хачу параiць таму, хто пачаў малiтоўнае жыццё, нiколi не спыняць яго, нягледзячы на ўсе грахi, у якiя ён упадае. Малiтва — гэта сродак, дзякуючы якому ён зможа iзноў выправiцца, але без яе зрабiць гэта значна цяжэй. I няхай Бог уратуе яго ад спакусы, праз якую прайшла я, калi злы дух намаўляў мяне перастаць малiцца з пакорлiвасцi. Верце, што словы малiтвы не падвядуць, асаблiва калi па-сапраўднаму пакаяцца i прыняць пастанову больш не абражаць Пана. Ён атулiць нас сваiм сяброўствам, як i раней, дасць нам ласку, як i раней, а часам i значна большую, калi шчырасць пакаяння яе заслугоўвае.

Але для тых, хто яшчэ не пачаў малiцца, дзеля Божай любовi, я малю не пазбаўляць сябе гэтага дабра. Не трэба баяцца малiтвы, але трэба прагнуць яе. Нават калi вы не адчуваеце прагрэсу i нават калi вы не робiце высiлкаў, каб удасканалiцца i быць годнымi дароў i ўцехаў, якiя Бог дае iншым, вы ўсё роўна заробiце сабе ўжо тым, што зразумееце, на чым палягае шлях да неба. I калi вы вытрываеце i будзеце настойлiва малiцца, я веру ў мiласэрнасць Бога, Ён нiколi не занядбае сваiх сяброў, паколькi малiтва разважання — гэта не што iншае як сяброўства. Ты застаешся сам-насам на размове з Тым, Хто цябе любiць. Можа, пакуль вы Яго яшчэ не любiце, бо, каб быць сапраўднай, любоў i таксама сяброўства павiнны мець працягласць у часе i быць узаемнымi. Бо любоў Божая — дасканалая, нашая ж любоў — заганная, пачуццёвая i няўдзячная. I таму вы нiколi не здолееце любiць Яго так, як Ён гэтага заслугоўвае: гэта не ў нашых сiлах. I ўсё ж такi, дзеля Ягонай любовi i Ягонага сяброўства, варта прайсцi праз боль сваёй неадпаведнасцi Таму, Хто настолькi адрознiваецца ад нас.

6. О бясконцая дабрыня Бога! Бачу, хто ёсць Ты i хто я! О дар анёлаў! Калi бачу гэта, як бы мне хацелася спалiць саму сябе ў любовi да Цябе! Сапраўды, Ты церпiш таго, хто пакутуе ад Тваёй прысутнасцi перад iм! О мой Пане, якiм добрым сябрам Ты паўстаеш! Ты адорваеш i церпiш, i спадзяешся, што той, хто перад Табою, палюбiць Цябе гэтак жа, як i Ты яго. I пакуль гэта станецца, Табе балiць. Для Цябе, мой Пане, важны кожны момант праяўлення любовi да Цябе i нават секунда пакаяння вартая таго, каб Ты дараваў усё, чым Цябе абразiлi!

Я бачыла гэта вельмi ясна ў дачыненнi да мяне самой, i таму не разумею, о мой Стварыцель, чаму свет нiчога не робiць, каб заваяваць Тваё адметнае сяброўства. Усе благiя людзi, якiя не адпавядаюць Тваёй любовi, сталiся б добрымi, бо Ты дазволіў бы iм знаходзiцца ў Тваёй прысутнасцi, хаця б дзве гадзiны штодзённа, нягледзечы на тое, што думкамi сваiмi яны далёка ад Цябе, занураныя ў справы свету, як некалi гэта было i са мною. Дзеля таго, каб застацца сам-насам з Богам, неабходна часам зрабiць вялiкiя высiлкі. Напачатку, дый потым, гэта вельмi цяжка. Таму я малю, Божа, каб Ты аддалiў злых духаў, каб яны не спакушалi i не паслаблялi сiлаў тых, хто моляцца. Я малю, каб Ты, Божа, даў iм моцы, каб яны перамаглi сваю слабасць. Не! Жыццё ўсялякага жыцця, Ты нiкога не знiшчаеш! У ва ўсiх, хто давярае Табе i хто хоча стацца Тваім сябрам, Ты падрымлiваеш жыццё i моц цела i душы.

 

7. Не разумею тых, хто баiцца распачаць малiтву разважання, i не разумею, чаго яны баяцца. Хiба што злы дух спараджае гэтую боязь. Бо боязь не дазваляе задумацца над тым, што ёю я абражаю Бога, бо не думаю нi пра мае абавязкі перад Iм, нi пра пекла, нi пра хвалу, нi пра вялiкiя Яго справы i пакуты, праз якiя Ён прайшоў дзеля майго збаўлення.

Менавiта на гэтым палягала ўся мая малiтва, калi я знаходзiлася ў небяспецы, пра якую я апавядала раней. I пра гэта я заўсёды разважала, калi магла. У тыя гады, калi я малiлася, я часта не магла дачакацца, калi скончыцца гадзiна, прысвечаная малiтве. Больш прыслухоўвалася да бою гадзiннiка, чым да святых рэчаў. А часам я з большым задавальненнем аддавала перавагу розным пакаянным практыкам, толькi б не засяроджвацца на малiтве.

Вось дзе дакладна злы дух сваёю моцаю рабiў усё, каб я згубiла звычку малiцца, бо мяне ахоплiваў страшэнны смутак, калi я ўваходзiла ў каплiцу. I я павiнна была браць сябе ў рукi ўсiмi сiламi душы i рабiць высiлкі над сабою, пакуль сам Бог не прыходзiў мне на дапамогу. (Хаця многiя кажуць, што я моцная, дык гэта таму, што Бог як для жанчыны даў мне шмат моцы, але не заўсёды я яе выкарыстоўвала добра).

I пасля таго як рабiла гэтыя высiлкі, на мяне сыходзiў спакой, а часам i дар малiтоўнага прагнення.

 

8. Цяпер я бачу, што Бог праяўляў цярплівасць да такога ўбогага стварэння, якою я была. I ясна вiдаць, што малiтва для мяне сталася лекам, каб вызвалiцца ад зла. Дык хто, нягледзячы на ўсё сваё зло, можа баяцца Бога? Хто б ні быў благiм у душы, праз гады малiтвы станецца добрым дзякуючы ласцы Пана, вылiтай на яго. Нiхто не можа сумнявацца ў гэтым. Пан цярпеў мяне шмат гадоў, i толькi таму, што я прагнула i шукала час i месца, каб застацца сам-насам з Ім, вельмi часта не добраахвотна, але гвалтуючы сябе. Цi лепей, дзякуючы гвалтоўнай моцы, якая сыходзiла ад самога Бога.

Дык вось, калi малiтва з’яўляецца дабром i неабходнасцю для таго, хто не служыць Пану, i больш за тое, абражае Яго, дык тым больш i з найвялiкшаю сiлаю павiнен малiцца той, хто хоча служыць Пану, быць Яму верным, бо малiтва нiколi не пашкодзiць яму, а пашкодзiць толькi яе занядбанне.

Не разумею, калi нехта хоча пакiнуць малiтву, хiба толькi для таго, каб адчуць сябе самадастатковым i абцяжарыць сваё iснаванне. Ён зачыняе дзверы перад Богам, каб нiчога не атрымлiваць ад Яго, нiякага суцяшэння. I сапраўды такiя людзi вартыя жалю, бо служаць Богу ўласным коштам. Бо за тых, хто молiцца, Бог бярэ на сябе ўсе выдаткi. За зусiм малыя малiтоўныя высiлкі чалавека Бог бярэ на сябе ўвесь цяжар яго iснавання.

 

9. Пра тое, што Бог дае чалавеку, трываючаму ў малiтве, многа радасцяў, я буду гаварыць далей. Таму тут я казаць нiчога не буду. Толькi скажу, што, каб атрымаць шмат Божай ласкi, якую я сама атрымала, iснуюць адзiныя дзверы — малiтва. Калi нехта iх зачынiць, не ведаю, што можа з iм стацца. Бо калi Бог хоча адарыць чыюсьцi душу сваiмi дарамi, няма iншага ўваходу, як толькi малiтва: Бог хоча, каб яна, душа, сама ў чысцiнi i з прагнасцю прыняла Яго. I калi мы пабудуем шмат перашкодаў i нiчога не зробiм, каб разбурыць iх, як Ён можа прыйсцi да нас? I як мы можам прэтэндаваць, каб ён адарыў нас сваёю ласкаю?

 

10. I каб паказаць вам, наколькi Бог у сваёй мiласэрнасцi быў добрым да мяне за тое, што я не спыняла малiцца, я скажу адну рэч, бо вельмi карысна, каб вы пра яе ведалi. Справа ў тым, што злы дух пастаянна змагаецца за душу супраць Бога, якi мiласэрнасцю сваёю робiць усё, каб душа засталася з Iм. Вы павiнны сцерагчыся тых небяспекаў, якiх я сама не сцераглася. Перш за ўсё, дзеля Iмя Божага i дзеля Ягонай вялiкай любовi, з якою Ён робiць усё, каб мы навярнулiся да Яго, я прашу вас, каб вы асцерагалiся небяспечых сiтуацый. Бо калi вы трапляеце ў iх, нiколi нельга быць пэўнымi, што вы адолееце iх, бо вельмi шмат ворагаў змагаецца з намi i надта слабыя нашыя сiлы, каб абаранiцца.

 

11. Як бы мне хацелася апiсаць тут палон, у якiм знаходзiлася мая душа ў тыя часы. Я адчувала гэты палон, маё сумленне ўвесь час мяне непакоiла, але я не магла растлумачыць сабе, у чым справа, i не магла паверыць у тое, што ўсё, што я рабiла ў тыя часы, было дабром, тым больш што мае спаведнiкi не ўшчувалi мяне за гэта. Быў нават адзiн з iх, якому я на споведзi выказала гэты непакой сумлення, але ён сказаў мне, што нават калi б я ўзнялася да ўзроўню кантэмпляцыйнай малiтвы, мой лад жыцця i мае сяброўствы не могуць быць небяспекаю для мяне.

I толькi пазней, з Божаю дапамогаю, я пачала ўсё больш аддаляцца ад небяспечных сiтуацый, хаця i не заўсёды ў мяне гэта атрымлiвалася. Мяне бачылi поўнай добрых iнтэнцый, адданай малiтве, але мая душа адчувала, што яна не выконвае ўсяго дзеля Таго, Каму яна была гэтак абавязаная. Дагэтуль шкадую аб тым, што адбывалася ў тыя часы, i аб тым, што вельмi мала дапамогi я атрымала ад iншых, апрача самога Бога. I больш за тое, усе свецкiя задавальненнi i забавы падавалiся мне цалкам дазволенымi.

 

12. Другiм пакараннем для маёй душы былi казаннi.

Мне вельмi падабалася слухаць iх, асаблiва калi нехта прапаведаваў добра i натхнёна, у мяне ўнутры зараджалася асаблiвае пачуццё, хаця я сама не ведала, адкуль гэтае пачуццё бярэцца. Нiводнае казанне не падавалася мне такiм ужо кепскiм, каб не слухаць яго з задавальненнем, нават калi прапаведнiк не лiчыўся вельмi добрым. Але калi трапляўся добры прапаведнiк, ягонае казанне станавiлася для мяне асаблiвым суцяшэннем. Я нiколi не стамлялася слухаць пра Бога i размаўляць пра Яго. I гэта адбывалася пасля таго, як я пачала пастаянна малiцца.

З аднаго боку, я адчувала вялiкае суцяшэнне, слухаючы казаннi, з другога боку, яны для мяне станавiлiся пакараннем i мучэннем, бо ў той момант я разумела, кiм я павiнна быць i кiм я не была. Я малiла Бога, каб Ён мне дапамог. Але, як я цяпер разумею, мая памылка была ў тым, што я не цалкам пакладалася на Ягоную ўсемагутнасць, а вельмi давярала сваiм уласным сiлам. Я спрабавала выправiцца: рабiла вельмi шмат высiлкаў. I нiяк не магла зразумець, што ўсе гэтыя высiлкi нiчога не вартыя, калi мы не даверымся цалкам i ва ўсiм Богу.

Пераклад з іспанскай мовы
Святланы Грэсві.

Гл. таксама:
Аркадзь КУЛЯХА OCD :: СВЯТАЯ ТЭРЭЗА АД ЕЗУСА — НАСТАЎНІЦА КАМУНІІ З БОГАМ ::
Святлана ГРЭСВІ :: ПРА «КНІГУ ЖЫЦЦЯ» СВ. ТЭРЭЗЫ АВІЛЬСКАЙ ::
Валеры БУЙВАЛ :: ГОРАД СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY