|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
У студзені споўніўся год біскупскай сакры ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Было ў гэты зімовы дзень шмат віншаванняў на адрас Яго Эксцэленцыі, пажаданняў ад вернікаў, святароў, прадстаўнікоў манаскіх кангрэгацый, дзяцей, моладзі — шчырых, па-чалавечы прачулых выразаў удзячнасці і павагі. Так ацанілі людзі энергічнасць, добразычлівасць, дзелавыя і асабістыя якасці маладога пастыра. Але чым стала гэтая невялічкая дата для яго самога? Якімі клопатамі напоўнены сённяшні дзень біскупа Алега Буткевіча? Як бачыцца яму будучыня дыяцэзіі і Касцёла? Пра гэта — наша размова.
— Ваша Эксцэленцыя, год — не такі ўжо і вялікі прамежак часу. Але ж зусім, напэўна, іначай ён успрымаецца, калі чалавек воляю лёсу, Божага Провіду пачынае існаваць у новай для сябе якасці. Як Вы пачуваецеся ў такой новай для сябе ролі — кіраўніка дыяцэзіі? — Напэўна, як і кожны чалавек пачуваўся б у такой сітуацыі. Пераходны перыяд — гэта ж заўсёды няпроста. Новыя абавязкі, новыя патрабаванні. Новыя абавязкі, у сваю чаргу, вымагаюць новых падыходаў да справы, новага погляду, у тым ліку часам і на сябе, на справу, якую робіш. Бывае так: хочаш штосьці зрабіць, а пэўнасці, ці правільным яно менавіта вось так будзе, як у гэтую хвіліну бачыцца, няма. З’яўляецца сумнеў, асабліва тады, калі разумееш, што справа датычыць не аднаго дня, а можа мець у будучыні нейкія наступствы. Іншы маштаб дзейнасці і, адпаведна, іншыя клопаты. Апроч таго, мяняецца звыклы лад жыцця, трэба штосьці і ў сабе перабудаваць, штосьці памяняць, чамусьці навучыцца. Новае — гэта заўсёды рух, удасканаленне. А ці можа быць рух без высілкаў? Безумоўна, не. Рух сам па сабе — ужо дзеянне, ужо пераадоленне, праца над сабой. Так і ў мяне было цягам года. Што да сённяшняга самаадчування, то адно магу дакладна сказаць: працэс станаўлення працягваецца.
— А калі казаць пра побытавыя змены? Не сакрэт жа, што дзесяць гадоў Вы жылі пры навабудзе касцёла Святога Духа ва ўмовах, у якіх далёка не кожны мог бы жыць без рызыкі страціць жаданне працаваць ды яшчэ і заставацца пры гэтым аптымістам. — Было б недарэчна рабіць выгляд, што зменаў не адбылося ці што ўспрымаю іх без удзячнасці Пану Богу. Так, рэзідэнцыя біскупа — не пакойчык у паўразбураным, занядбаным будынку, дзе, напэўна, мала хто з гараджанаў згадзіўся б жыць у век дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Але ж такая была воля Бога, і я як вернік, як святар не мог успрымаць яе іначай як з пакораю і малітваю. Так, у маім побыце шмат што змянілася. Але гэта толькі знешні бок сённяшняга майго жыцця, бо, як я ўжо казаў, і адказнасці, і перажыванняў паболела. Гэтулькі з’явілася справаў, клопатаў, гэтулькі людзей, пра якіх раней і ўяўлення не меў. З аднаго боку, усё гэта — новыя магчымасці даверыцца Божай ласцы, з другога — новыя выпрабаванні. Часам такія, што і ўласнай побытавай уладкаванасці не пазайздросціш.
— Што ўяўляе на сённяшні дзень Віцебская дыяцэзія? — Гэта каля ста парафій у розных стадыях функцыянавання. Ёсць сталыя парафіі з даўнімі традыцыямі каталіцкага жыцця, святарамі, законнымі сёстрамі. Ёсць парафіі маладыя, дзе такое жыццё яшчэ толькі наладжваецца. Ёсць супольнасці ў стане фарміравання, дзе нават і святароў пакуль няма, і святыя Імшы ладзяць ксяндзы з суседніх парафій. Ёсць парафіі, дзе святыні знаходзяцца ў стане дабудовы, — у Дзісне, Віцебску, Оршы. Вось нядаўна асвяцілі каплічку ў вёсцы Ураджайнае Глыбоцкага дэканата. Усё ў руху, таму і лічба, як бачыце, прыблізная. Але важна казаць пра тое, што адна з галоўных нашых праблем — гэта недахоп святароў. Што да вернікаў, то іх прыкладна 130 тысяч. Тут таксама, зразумела, склад даволі стракаты. Адзін жыццё пражыў з малітваю на вуснах, другі толькі-толькі прыйшоў да Бога, трэці першыя крокі робіць на шляху да веры праз катэхізацыю. Наша паства — людзі рознага веку: пажылыя, сярэдняга ўзросту, моладзь, дзеці. Канечне ж, прадстаўнікі самых розных прафесій. Як, напэўна, і ўсюды, шмат католікаў са змешаных каталіцка-праваслаўных сем’яў. Такія сем’і важна падтрымліваць у справе экуменічнага паяднання ў Богу, у памкненні знаходзіць паразуменне на сутыку канфесійных адрозненняў.
— На сайце catholic.by і ў друкаваных сродках масавай інфармацыі звычайна падаецца шмат навінаў з Віцебскай дыяцэзіі. Якія найбольш масавыя агульнадыяцэзіяльныя мерапрыемствы Вы маглі б адзначыць? — Найперш, канечне, тыя, што ладзяцца ўжо шмат гадоў і займелі і добрую рэпутацыю, і розгалас у межах Беларусі. Напрыклад, вядомы ўсім фестываль хрысціянскіх фільмаў «Magnificat», які вось ужо 10 гадоў праводзіцца ў Глыбокім. Дні хрысціянскай культуры, якія гуртуюць і аб’ядноўваюць вернікаў парафій дыяцэзіі на шляху засваення культурных здабыткаў іх папярэднікаў і рэалізацыі ўласных творчых здольнасцяў. Міжнародная медыцынская канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце» з удзелам навукоўцаў і медыкаў — практыкаў з нашай краіны і краінаў замежжа, святароў і вернікаў — прадстаўнікоў розных канфесій. Фестываль хрысціянскіх спеваў «Зорка Бэтлеема» ў Мёрах... Дарэчы, усе нашы сёлетнія мерапрыемствы будуць прысвечаныя знамянальнай даце — 15-годдзю ўтварэння дыяцэзіі.
— Усё гэта — рэпрэзентатыўны бок дыяцэзіяльнага жыцця. А як Вам бачыцца пытанне евангелізацыі? — Так, галоўнае ў касцёле — малітва. Малітва як выраз сутнасці чалавека, як сродак яго пастаянных зносінаў з Богам. Як грунт, падмурак для здзяйснення годных імя хрысціяніна ўчынкаў. Таму для мяне як пастыра дыяцэзіі вельмі важныя пытанні катэхізацыі і евангелізацыі. Данесці да чалавека праўду Евангелля, дапамагчы яму не згубіцца ў лабірынце нярэдка аблудных уяўленняў аб сутнасці веры — заданне кожнага святара, сястры законнай, біскупа. Магу сказаць, што святары Віцебскай дыяцэзіі ў гэтай справе нясуць цяжар святарскай паслугі з належным разуменнем і адказнасцю.
— Дарэчы — аб адказнасці. Не сакрэт, што гэтае паняцце ўсё больш і больш дэвальвуецца. Мы ўсё часцей сутыкаемся з сітуацыяй, калі нават свае непасрэдныя абавязкі людзі выконваюць спехам, абы-як, збольшага. Як кажуць: стук ды грук, абы з рук. Як Вы ставіцеся да такіх праяваў? — Безумоўна, не ўхваляю. І спадзяюся, што такім недахопам, як адсутнасць адказнасці, усё-такі сам не грашу. Калі ж хтосьці такі недахоп мае, то, мяркую, усё гэта — недахопы выхавання. Мне пашанцавала ў тым, што, колькі сябе памятаю, бацькі заўсёды нас, дзяцей, прывучалі нават самую дробную справу выконваць як след. І рабілі гэта не шляхам нейкіх абстрактных павучанняў ці доўгіх нудотных натацый, а, што вельмі важна, уласным прыкладам. Напэўна, гэта атрымлівалася ў іх падсвядома, але ж звычку адказна ставіцца да сваіх абавязкаў яны і мне, і сёстрам тым не менш прывілі, за што я вельмі ім, як і за дар жыцця, і за прыклад веры, удзячны.
— І Вы, і Вашы сёстры Аліцыя і Ганна, законныя сёстры Кангрэгацыі служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі, прысвяцілі сябе служэнню Богу, Касцёлу. Як паставіліся парафіяне браслаўскай парафіі Народзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі Чэслаў Францавіч і Іяланта Аляксандраўна Буткевічы менавіта да такога выбару дзяцей? — Напэўна, так, як і кожныя бацькі паставіліся б… Напэўна, перажывалі, можа, дзесьці ўнутрана і сумняваліся, і не пагаджаліся. Але ў нас у сям’і ніколі не было звычкі штосьці навязваць, дыктаваць, да нечага змушаць. Мы былі вольныя ў выбары жыццёвага шляху і зрабілі так, як адчувалі патрэбным зрабіць.
— А як бацькі пачуваюцца цяпер, пасля Вашага біскупскага пасвячэння? — Маё прызначэнне на біскупства і тата, і мама перажылі нават больш востра, чым святарскае пасвячэнне ці даванне манаскіх абяцанняў сёстрамі. Моцна, асабліва мама, хваляваліся, бо не маглі не ўсведамляць, якая адказнасць кладзецца на плечы сына. Разам з тым падзея гэтая сталася для іх у нейкім сэнсе і матывацыяй для больш інтэнсіўнай, больш глыбокай малітвы. Пакрысе, хоць, можа, і не да канца яшчэ, звыкліся з новым станам рэчаў. Але самае галоўнае, самае важнае — гэта тое, што ўзаемаадносіны паміж намі зусім не змяніліся. Як адчувалася заўсёды крэўная сувязь, так і адчуваецца. Як былі мы блізкімі духоўна, так і засталіся.
— З чаго пачыналі Вы сваю дзейнасць у ролі біскупа? — Як ні банальна прагучыць, з арганізацыі працы дыяцэзіяльнай курыі. Укамплектаванне штату, аптымальнае размеркаванне абавязкаў, вызначэнне кірункаў працы, формаў дзейнасці на бліжэйшую і аддаленую перспектыву — тое, без чаго ніводная ўстанова, ніводная супольнасць, ці то дзяржаўная, ці то грамадская, ці то рэлігійная, нармальна функцыянаваць не могуць. Другое, не меней, а можа нават і болей важнае — пастырскія сустрэчы з парафіяльнымі супольнасцямі. Каб нармальна працаваць, трэба ведаць, чым жывуць людзі. Найлепшы ж спосаб пазнаёміцца з дзейнасцю парафій, напрыклад, у Відзах ці ў Глыбокім, у Браславе, — наведаць іх. І сам шмат падчас такіх візітаў пабачыш, і святары або вернікі нешта падкажуць, параяць. Дасведчаных у справе касцёльнага ўладкавання людзей шмат, трэба толькі ўмець іх пачуць.
— Пераход чалавека ў ранг кіраўніка часам самым непрадказальным чынам уплывае на яго ўзаемаадносіны з калегамі, сябрамі. Як у Вас, Эксцэленцыя, у гэтым плане? Адчужэння не адбылося? — Сапраўды, змена статусу аднаго з бакоў для сяброўства — выпрабаванне, якое людзі не заўсёды годна вытрымліваюць. Канечне ж, і я асцерагаўся нейкіх праяваў адчужэння, узнікнення бар’еру. Магчыма, дзесьці ён, той бар’ер, і ўзнік, але сказаць, што так ужо выразна ён акрэсліваецца ў стасунках, не магу. Захаваліся сяброўскія, зычлівыя ўзаемаадносіны са святарамі, і я гэтым вельмі даражу і вельмі гэтаму рады.
— У гаміліі падчас святой Імшы ў дзень гадавіны свайго біскупства Вы працытавалі словы з псальма «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю»… — Так, бо ў пэўнай ступені яны з’яўляюцца адказам на пытанне аб сэнсе жыцця чалавека. Чуючы такія словы, людзі нярэдка звязваюць іх выключна з Божымі заданнямі. Але ж усё прасцей. Калі чалавек з’явіўся на свет, гэта ўжо частка Божага плану, чалавек ужо існуе дзеля нейкага задання. Пры гэтым нельга забывацца пра перашкоды, якія паўстаюць на шляху кожнага з нас пры яго выкананні. І найбольш цяжкія для пераадолення якраз тыя, што паўстаюць унутры нас саміх, перашкаджаюць нам напоўніцу адчуваць хараство дараванага нам Богам жыцця, нашага зямнога існавання. Вось у такіх сітуацыях і выяўляецца каштоўнасць веры як шляху да суладдзя, гармоніі са светам і ўласным «я». Гэта важна разумець, бо менавіта такое разуменне дае нам моц пераадолець і роспач, і апатыю, і хібы ўласнага характару.
— Ад пачатку працы ў якасці біскупа Вы двойчы сустракаліся са Святым Айцом Францішкам. Чым сталіся для Вас гэтыя сустрэчы? — Першы раз гэта было падчас урачыстасцяў з нагоды кананізацыі папаў Яна XXIII і Яна Паўла II. Другі — падчас сустрэчы Папы з маладымі біскупамі свету, на ўшанаванне 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча. Такія сустрэчы ў час станаўлення — вельмі важныя. І не так, напэўна, самім фактам сустрэчы з вышэйшым іерархам Касцёла, як адчуваннем прыналежнасці да сусветнага Касцёла, да той спаконвечнай хрысціянскай традыцыі, якую Касцёл увасабляе. А тут яшчэ імя біскупа Сіповіча, земляка, марыяніна… Самі разумееце — неардынарная, знакавая падзея для чалавека, які паходзіць з тых самых мясцінаў, што і слынны біскуп...
— У Вас прыгожая беларуская мова. Змалку ёю карыстаецеся? І што для Вас родная мова як для чалавека і святара? — Сказаць, што карыстаюся змалку беларускай літаратурнай мовай, не выпадае, бо, як і большасць прадстаўнікоў паўночна-ўсходняга дыялекту нашай мовы, ім, гэтым дыялектам, у дзяцінстве ды юнацтве і карыстаўся. З улікам напластаванняў з рускай і польскай, гэта хутчэй быў нават не дыялект, а так званая «трасянка». Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце, вядома, усё было па-руску. А пералом настаў з пачаткам вучобы ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Там выбар і быў зроблены на карысць мовы беларускай. Аднойчы і, спадзяюся, назаўсёды. Агульнавядома, што мова — гэта не толькі сродак камунікацыі паміж людзьмі, але, што важна, і паказчык нацыянальнай тоеснасці чалавека, таго, наколькі ён адчувае сябе прыналежным да каранёў сваёй краіны, свайго рэгіёна, свайго роду. І тое, што сёння, нягледзячы на стагоддзі заняпаду, наша мова пакрысе адраджаецца, мяне асабіста вельмі радуе. Як радуе і энтузіязм людзей, якія аддана працуюць ні ніве яе адраджэння, надання ёй належнага — не на словах, а на справе — статусу. Што да Касцёла, то беларуская ў нас афіцыйная, і кожны, каму яна дарагая, ёю карыстаецца без ніякіх абмежаванняў. Прынамсі на Віцебшчыне няма ніводнага касцёла, дзе было б іначай. Праводзяцца літургіі і на іншых мовах, але толькі там, дзе колькасць вернікаў — носьбітаў гэтых моваў — пераважае.
— У свеце назіраецца рэзкае зніжэнне ўзроўню цікавасці да літаратуры, да кнігі. А што чытае біскуп Алег Буткевіч? — Прызнацца, часу на чытанне застаецца вельмі мала. Таму найперш — кнігі рэлігійнага зместу. Калі выпадае вымеркаваць час — творы класікі. Напрыклад, Караткевіча. Вось нядаўна перачытаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Уражвае ў гэтага пісьменніка своеасаблівасць погляду на праблемы Бацькаўшчыны.
— Як Вы маглі б пракаментаваць сумнавядомыя падзеі, звязаныя з нападам на рэдакцыю часопіса «Charlie Hebdo»? — Калі коратка, то, на мой погляд, яны цалкам адлюстроўваюць сітуацыю ў свеце. З аднаго боку, сведчаць пра парушэнне суадносінаў паміж веравызнаннямі ў плане іх канцэнтрацыі. З другога, ілюструюць недастаткова зацікаўленае стаўленне хрысціянаў да будучыні ўласнай веры. Зрэшты, гэта няпростае пытанне, якое патрабуе і адмысловага аналізу спецыялістаў, і далікатнасці ў азначэннях.
— У гэтай сувязі, напэўна, мае сэнс больш думаць пра неабходнасць узмацнення душпастырскай працы сярод хрысціянаў? — Вядома. Галоўнае заданне Касцёла — пропаведзь Божага слова, Евангелля. І чым большую колькасць людзей мы ахопліваем гэтаю дзейнасцю, тым на большы плён, на большыя духоўныя здабыткі можам спадзявацца ў будучыні. Таму так важная сёння праца і з дзецьмі, і з моладдзю, і з асобамі старэйшага веку, і з сем’ямі, і з людзьмі, якія маюць патрэбу ў нашай падтрымцы, і супраца з веравызнаўцамі іншых канфесій і рэлігій. Паглыбленне веры, а праз яго — узаемаразумення, паважлівага стаўлення да інтарэсаў і патрэбаў іншага чалавека — вось тое галоўнае, адзіна сапраўднае, што робіць нас годнымі дзецьмі Божымі.
— Што хацеў бы ксёндз біскуп пажадаць чытачам «Нашай веры»? — Думаю, лагічна будзе пажадаць таго, што наўпрост выцякае са зместу нашай гутаркі: цаніць сваю прыналежнасць да хрысціянскай веры, быць больш адважнымі і рашучымі ў яе сведчанні, жыць паводле яе прынцыпаў. Цаніць кожны момант, кожную хвіліну жыцця і рабіць усё, каб быць вартымі такога шчодрага дару Пана Бога.
— Дзякуй за размову. Поспехаў Вам і Божага благаслаўлення ў Вашай працы ардынарыя дыяцэзіі, моцнага здароўя, плёну ва ўсіх справах!
Размаўляў Франц Сіўко.
|
|
|
|