|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Сярод пражскіх выданняў Францыска Скарыны, надрукаваных у 1519 г., знаходзіцца кніга пад назвай «Книги Данийла Пророка» («Книги светого пророка Божия Данийла»). Яе тытульны аркуш мае гравюру з тлумачальным тэкстам уверсе: «Данійлу седящему сольвы принесе Абвакум обед» [1, гравюра 6; 3, с. 697]. Гравюра адносіцца да сюжэтна-тэматычных, апавядальных ілюстрацый. На наш погляд, яна з’яўляецца адной з найбольш неардынарных сярод іншых у Бібліі Скарыны, а для яго асабіста — адной з найбольш значных. Як нам бачыцца, па крытэрыях суб’ектыўнасці і выяўлення аўтарскай індывідуальнасці яе можна паставіць побач з аўтапартрэтам Скарыны. Яна зусім не такая наіўная, як можа падацца на першы погляд, хоць і мае відавочныя рысы наіўнасці. Паводле сённяшніх мастацтвазнаўчых поглядаў, гравюру можна аднесці да твораў інсітнага мастацтва. Насычаная візуальнай інфармацыяй, з вялікай колькасцю персанажаў, напоўненая падрабязнасцямі, гэткая «блокбухаўская» ілюстрацыя прызначалася для маласпрактыкаванага чытача, а яшчэ больш — для непісьменнага, але цікаўнага слухача [10, с. 110]. Аднак «карцінка» з бегам часу стала цікавай і для даследчыкаў. «Книги Данийла Пророка» (далей — Кніга) — адна з прарочых частак Старога Запавету. Аўтарства яе прыпісваецца біблійнаму прароку Даніэлю, нашчадку юдэйскіх нобіляў, які жыў на пераломе VII–VI стст. да н.э. У юным узросце разам з тысячамі сваіх супляменнікаў ён быў выведзены ў бабілёнскі палон [4, c. 185; 13, 23]. Нягледзячы на свой нізкі сацыяльны і, умоўна кажучы, нацыянальны статус (быў палонным і іншапляменным), Даніэль заняў пасаду першага дарадцы пры царскіх асобах бабілёнскага двара дзякуючы сваім прыродным і духоўным якасцям. Адна з іх — дар адгадваць сны і тлумачыць іх сэнс. Высокае становішча рабіла Даніэля мішэнню ў інтрыгах зайздросных саноўнікаў. У Кнізе апісваюцца гісторыі з жыцця гэтага чалавека і падзеі, сведкам якіх ён быў (a) [2, с. 1273-1299; 13, 14, 24]. Многія з гэтых разнастайных і глыбокіх па змесце гісторый знайшлі адлюстраванне ў выяўленчым мастацтве. Для тытульнай гравюры Францыск Скарына абраў адзін з найбольш драматычных эпізодаў жыцця Даніэля — яго цудоўнае выратаванне ад смерці ў яме з галоднымі львамі. У цэнтры гравюры (105 х 104 мм) вока гледача бачыць галоўнага персанажа, які сядзіць у атачэнні ільвоў, не раз’юшаных, але ціхмяных і лагодных. Зверху — група з чатырох чалавек, адзін з якіх, пасярэдзіне, у кароне — цар бабілёнскі, па баках — яго прыдворныя, ніжэй — слуга. Яны прыйшлі паглядзець, што сталася з Даніэлем, кінутым у львавярню. Справа зверху — анёл, які трымае чалавека за валасы; у руцэ чалавека кошык з ежай — гэта прарок Авакум. Усё дакладна паводле тэксту, апроч аднаго — кнігі на каленях Даніэля, аб’екта зусім нечаканага для гэтага эпізоду. Выявіць прарока Даніэля з кнігай было б абсалютна правамерным, бо ў аповедзе пра яго ёсць пасаж, у якім згадваецца сакральная кніга з таямніцай абраных для вечнага жыцця імёнаў, даручанай Прароку (Дан 12, 1.4). Такім, дарэчы, ён і прадстаўлены ў фрэскавым роспісе Мікеланджэла на скляпеннях Сікстынскай капэлы [16]. Даніэль з ільвамі — таксама бясспрэчны эпізод. Але прысутнасць пры Даніэлю і кнігі, і львоў на адным выяўленчым полі выглядае нейкім каламбурам, «прыколам». Тым не менш, Скарына, аб’яднаўшы гэтыя аб’екты — кнігу і львоў — у адным сюжэце, не запярэчыў біблійнаму тэксту. Справа ў тым, што Прарок перажыў прысуды пакарання смерцю праз львавярню двойчы. Першы раз, стаўшыся ахвяраю палацавых інтрыгаў, ён прабыў сярод галодных драпежнікаў цэлы дзень, але застаўся жывы і здаровы дзякуючы анёлу Божаму, які закрыў пашчы львам. Гэта паведамляецца ва ўсіх тэкстах Бібліі (Дан 6, 19–22). Другая ж гісторыя, у якой Даніэль ізноў трапляе пад такі ж вырак смерці, не заўсёды змяшчаецца ў Святым Пісанні, бо яна не прызнана кананічнай (Дан 14, 1, 29–31). Скарына зрабіў поўны пераклад, разам з некананічнымі месцамі, што засведчыў у прадмове і пасляслоўі да Кнігі — «…зуполъне выложены на руский языкъ…» [3, с. 697, 704, 775]. Для тытульнай гравюры ён абраў якраз некананічны эпізод з 14-га раздзела, і гэты яго ход быў свядомы і прадуманы. У другой гісторыі пра выратаванне святога Даніэля з’явіўся новы персанаж — святы Авакум, а прабыванне ў яме з ільвамі працягнулася да шасці дзён. У тэксце прыведзены шматлікія падрабязнасці: пра колькасць львоў (іх было 7), пра іх штодзённы рацыён (2 цяляці і 2 авечкі), пра тое, што звярам наўмысна не давалі ежы, каб яны разадралі ахвяру. Сказана, якім чынам быў перанесены да ільвінай ямы Авакум (анёлам Божым), і што ён нёс у сваіх руках: кошык з абедам для Даніэля, каб за шэсць дзён той не аслабеў (b). Але зусім не гэтыя акалічнасці паўплывалі на рашэнне Скарыны. Вызначальным фактарам было тое, пра што не напісана: у абраным эпізодзе, у адрозненне ад кананічнага, аніяк не пазначана прычына шчаслівага выратавання Даніэля — поўнае маўчанне (Дан 14, 25–42) [3, с. 775; 2, с.1299]. І вось гэты «прабел» Скарына вельмі дасціпна і тактоўна выкарыстоўвае для таго, каб прапанаваць сваю версію выратавання святога і падаць яе так, каб можна было зразумець, што яму, Скарыну, блізка і што яго хвалюе. У таго, хто глядзіць на малюнак, ствараецца ўражанне, што Даніэль чытае ільвам кнігу. Гэта адна з «усмешлівых» скарынаўскіх гравюраў. Але за ўсмешкаю схаваны важны сэнс. Кніга — гэта слова. Чалавек на малюнку сумовіцца з жывёламі праз слова. Дзякуючы слову паміж чалавекам і дзікімі звярамі ўзнікаюць паразуменне і прыязнасць — грозныя жывёлы больш не пагражаюць яму. Паняцце «слова» ў дадзеным кантэксце з’яўляецца ключавым. Гэты «ключ» адмыкае новую сэнсавую прастору, выводзіць да новага персанажа — віртуальнага. Гэтая нябачная постаць — Францішка з Асізі (1182 — 1226), аднаго з найбольш вядомых у хрысціянстве святых, якому была ўласцівая незвычайная любоў да жывёлаў і які мог звярнуцца да іх з пропаведдзю [17]. Ці не самая папулярная легенда, з ім звязаная, апавядае пра цудоўнае ўтаймаванне лютага ваўка, які знаходзіўся ў лесе каля італьянскай вёскі Губіё. У крытычны момант, калі воўк быў гатовы кінуцца на святога, той звярнуўся да звера з прамоваю, якая пачыналася словамі: «Браце воўк…». Словы Францішка, адрасаваныя ваўку, ператварылі страшнага драпежніка ў лагодную жывёлу, сябра ўсіх навакольных жыхароў [8, с. 244, 246; 18]. Легенда была ўключана ў зборнік ордэнскіх і народных паданняў пра святога — «Кветачкі святога Францішка» («Fioretti di San Francesco»), найбольш раннія лацінскія спісы якога датуюцца 1390 г. [18]. Яго першае друкаванае выданне на італьянскай мове выйшла ў 1476 г. у горадзе Вічэнцы, які ляжыць непадалёк ад Венецыі і Падуі, дзе ў лістападзе 1512 г. Скарына абараняў вучоную ступень доктара медыцыны. Як піша Я. Неміроўскі, у Венецыянскай рэспубліцы шматлікія друкарні былі свайго роду навуковымі і літаратурнымі клубамі [6, с. 210]. У гэтым кантэксце малады Скарына мог пазнаёміцца там з друкаванай версіяй гісторый пра свайго нябеснага апекуна і даведацца шмат новага пра яго. Вось і прарок Даніэль, паводле версіі Скарыны, каб уратавацца ў львавярні, выкарыстаў сілу слова: алюзія на св. Францішка з Асізі тут відавочная. Праз яе, як нам уяўляецца, Францыск Скарына выказаў пашану таму, у гонар каго ён быў названы. Цяпер звернем увагу на кампазіцыю асноўнай часткі гравюры, дзе знаходзяцца Даніэль і львы. Цэнтрам яе з’яўляецца раскрытая кніга на каленях Прарока. Яна «трымае» лінію злева направа, на якой паслядоўна змешчаны фігура чалавека — раскрытая кніга — фігура льва. Наогул, вобраз львоў з кнігаю — своеасаблівы маркер усёй гравюры (тая, дзе Даніэль чытае львам кнігу). Адзначаныя вышэй лінія і вобраз выбудоўваюцца невыпадкова — гэта творчая знаходка Скарыны. Льва з кнігаю ён бачыў штодзённа ў лістападзе 1512 г. у Падуі, дзе, як ужо адзначалася, абараняў вучоную ступень доктара медыцыны: каменны леў з кнігай — скульптура над уваходам — вітаў яго зверху над брамай пры ўваходзе ва ўнівэрсітэт. Леў — сімвал евангеліста Марка, святога апекуна Венецыі. Крылаты леў з лапаю на раскрытай (найчасцей — у вертыкаль) кнізе — сімвал гэтага горада і ўсёй Венецыянскай рэспублікі [23].
Аднак непасрэдным прататыпам цэнтра кампазіцыі гравюры з’явіўся іншы пластычны твор: архітэктурны комплекс над уваходам у Палац дожаў у Венецыі — над брамай, якая завецца Порта дэла Карта [15]. У атачэнні гатычнага дэкору вылучаецца група: укленчаная фігура чалавека — раскрытая ў вертыкаль кніга — фігура крылатага льва, то бок, у венецыянскай скульптуры і на кніжнай гравюры Скарыны адна і тая ж кампазіцыйная схема. У скульптурнай кампазіцыі прадстаўлены дож Франчэска Фаскары, укленчаны перад крылатым ільвом св. Марка (c); [22]. На гравюры Скарыны, на месцы ўкленчанага дожа — сядзіць прарок Даніэль; раскрытая кніга лягла на калені Прарока; леў застаўся на сваім месцы, але апусціў лапу, а яго крылы «адляцелі» да анёла зверху. Імя і прозвішча дожа сугучныя з імем і прозвішчам вялікага асветніка: Francesco Foscari — Францыск Скарына (у арыгінале — Скорина). Францішак «з слаўнага града Полацка», чуйны да слова, не мог не звярнуць увагі на гэты факт. Скарынаўская выява — не калька і не цытата, але праява вобразна-асацыятыўнага мыслення таго, хто непасрэдна бачыў венецыянскую скульптуру. Такім чынам, у тытульнай гравюры нябачна сышліся тры Францішкі: — святы Францішак з Асізі, дзякуючы якому ў Скарыны з’явілася ідэя слова — выратавання ў дачыненні да постаці Даніэля ў яме з галоднымі львамі; — венецыянскі дож Франчэска Фаскары, імя і прозвішча якога сугучныя з імем і прозвішчам Францыска Скарыны. Скульптурная кампазіцыя, прысвечаная дожу, паўплывала на выбудову цэнтра тытульнай гравюры; — сам геній і вялікі асветнік Скарына, які ўсё аб’яднаў і выступіў як аўтар ідэі ілюстрацыі. Па нашым меркаванні, цэнтральная частка гравюры «Данійлу седящему сольвы …» створана пад уплывам непасрэдных эстэтычных уражанняў, атрыманых у Венецыянскай рэспубліцы, і кніжных рэфлексій Скарыны падчас працы над перакладам Бібліі. У гэтым творы Скарына надзвычай выразна абазначыў самога сябе: свае прэферэнцыі, унутраны свет, адносіны да карыстальнікаў кнігі. Гэта адна з тых гравюраў, пра якія даследчык У. Конан пісаў: «…Ф. Скарына тлумачыў старазапаветныя міфы як падзеі рэальнай гісторыі, якія, аднак, маюць не плоска падзейны, але і сімвалічны сэнс, што мае дачыненне не толькі да мінулага, але і да сучаснага і будучага жыцця… Гаворка ідзе аб прыкметнай мадэрнізацыі старазапаветных сюжэтаў і гравюраў, якія ілюструюць яго Біблію…» (пераклад І. З.), [7, с.187]. Не перастае ўражваць свабода ў творчасці Скарыны — свабода не стыхійная, але інтэлігентная, натхнёная культурай. З пазіцыі сённяшніх рэалій мастацкая інтэрпрэтацыя вобраза Даніэля з кнігай у львінай яме можа выглядаць своеасаблівым піяр-ходам выдаўца ў папулярызацыі кнігі. Распаўсюджванне ведаў праз чытанне — адна з праграмных задачаў вялікага асветніка, прычым кніга гэтая — Біблія, а ў ёй — слова Божае, а яно павінна быць заўсёды побач. Можна сказаць і так: кніга ў руках Прарока — знак, пасланне чытачу і гледачу пра тое, што кніга — жыццёва неабходная рэч і што сіла слова можа быць мацнейшай за сілу мускулаў... «Кніжны» леў натхніў не толькі Францыска Скарыну. Вось радкі:
Верш «Венеция» Ганна Ахматава напісала ў 1912 годзе, роўна праз 400 гадоў пасля таго, як Скарына ўпершыню (?) убачыў льва з кнігаю, а ў Ватыкане адкрылася Сікстынская капэла (d). Словы паэтычнага радка «С книгой лев» паслужылі аўтару гэтых аналітычных назіранняў штуршком для пошуку прычынаў стварэння такой дзіўнай гравюры — з ільвамі і кнігаю.
Бібліяграфія
|
|
|
|