Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(71)/2015
Жыццё Касцёла

ДЗЕЛЯ ПАЯДНАННЯ ВЕРЫ І НАВУКІ

«Я ЎВЕСЬ У РУКАХ БОЖЫХ»
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса

ГОРАД СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ
Sanctorum opera
Постаці

З РУКАПІСАЎ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

ХРАМ ЯГО ПАЭЗІІ
З архіваў часу

АФЯРА

ВЕРШЫ
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Архітэктура

АД РЫМА ДА НЯСВІЖА
Проза

З «АГУЛЬНАГА СШЫТКА»
Спадчына
Літаратуразнаўства

БУЛАВА, З ПЯРОМ ЗЛУЧАНАЯ
Мастацтва

«ART-ВОРША-РУБОН»

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

АДВАКАТ ВІЛЕНСКАЙ КАНСІСТОРЫІ,

або
аўтографы Багушэвіча…
ў Мінску

Гэтай сенсацыі болей за 20 гадоў. Калі больш сціпла й дакладна — архіўная знаходка, звязаная з Францішкам Багушэвічам, адшукалася мною 22 гады таму, аднак дасюль не публікавалася (толькі кароткай згадкай-штрыхом прайшла ў эсэ «Луцкевічы» пра братоў Яна-Германа і Антося Луцкевічаў).

 

«… Тым самым днём, 16 мая 1896 года, калі ўдава Луцкевіча прасіла Мінскую шляхецкую апеку «распространить опеку над малолетними детьми моими», больш дарослыя падчаркі таксама падалі прашэнне з мэтаю «вступить лично в управление наследственным имуществом, оставшимся после смерти отца нашего». Апекуном сваім Марыля і Станіслава прасілі прызначыць правізара Сцяпана Васільевіча Гансеўскага.

Дзіўнае супадзенне! Праз некалькі гадоў у тым самым архіве мне пашанцуе адшукаць судовую справу, заведзеную на Сцяпана Гансеўскага Мінскім акруговым судом «па позве» Віленскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі. Дык вось, кансісторыя даручыць весці справу з Гансеўскім нанятаму адвакату... Францу Казіміравічу Багушэвічу. Узімку 1888 года прысяжны павераны Багушэвіч неаднаразова наведаецца з Вільні ў нашу сталіцу, нават пэўны час будзе жыць «па Юраўскай вуліцы ў доме Гурвіча» ў кватэры свайго калегі, прысяжнага паверанага Вяржбіцкага. Але гэта ўжо тэма для асобнай займальнай публікацыі «Аўтографы Багушэвіча ў Мінску».

175-гадовы юбілей з дня нараджэння класіка нашай літаратуры — выдатная нагода расказаць падрабязней пра даўнюю, але дасюль не вядомую шырокаму чытачу знаходку — істотны прыбытак у нябеднай на факталогію Багушэвічыяне.

У адрозненне ад бальшыні не толькі маіх спантанных архіўных знаходак, адкрыццё аўтографаў Ф. Багушэвіча ў Мінску было запраграмаваным. Патлумачу. Працуючы напрыканцы 1980-х гадоў над складаннем аднатомніка твораў Ф. Багушэвіча для выдавецтва «Мастацкая літаратура» і зборнікам дакументаў пра Ф. Багушэвіча, я разумеў вострую неабходнасць кампетэнтнага каментавання творчай спадчыны пісьменніка. Найбольш «пралётнымі» былі лісты пісьменніка (на той час амаль 90!), што ўпершыню публікаваліся цалкам, без купюраў.

Сярод соткі лістоў выяўна паўтаралася тэматыка «Багушэвiч і Віленская кансісторыя». Вось некаторыя ўрыўкі: «Перамовы мае з кансісторыяй ідуць вельмі марудна. Сп[адары] кс[яндзы] не хочуць даваць на гэта сталай платы, але неяк, з уступкамі, дамовімся» (ліст ад 16/28 студзеня [1889 г.]); «У Кансісторыі вырашылі ўжо запрасіць мяне на пасаду юрыста, але мы яшчэ не дамовіліся пра аплату. Неяк яно будзе!» (5/17 лютага [1889 г.]); «З прыняццем абавязку ў Кансісторыі, вымушаны буду прасіць в[яльможную] спадарыню пра адстаўку» (13/25 сакавіка [18]89 [г.]).

Усё гэта прымусіла мяне звярнуцца да архіўных справаў Віленскай рыма-каталіцкай кансісторыі ў Дзяржаўным архіве Летувы, што нязменна месціцца на вуліцы Добрай Рады — Геросіс Вілціс. Там, у фондзе № 604, знайшлося нямала слядоў супрацоўніцтва Францішка Багушэвіча з Віленскай кансісторыяй. Сярод іх ёсць згадка па справе памерлага ксяндза Віталіса Гансеўскага і ягонага брата — мінчука Сцяпана, што рэальна сведчыла: у дакументах Менскага Акруговага суда павінна быць справа пра ксяндза Гансеўскага і гарадзенскі касцёл брыгітак, якую Віленская кансісторыя даручыла весці юрысту Ф. Багушэвічу.

Па вяртанні з віленскіх архіваў я завітаў улетку 1992-га ў наш гістарычны архіў. Паказальнік імёнаў, складзены да фонду № 183 (дзякуй архівістам!) дазволіў з камп’ютарнай хуткасцю (а тады яшчэ персанальных камп’ютараў у архівах не было!) адшукаць мне патрэбнае «Дело Минскаго Окружного Суда по гражданскому отделению — По иску Виленскай Римско-Католической Духовной Консистории к Степану Васильеву Гонсевскому в сумме 1455 руб. 61 к. в пользу костела „Бригидок”. Пачалося 27.02.1888. Вырашана 11 траўня 1888 г. На 64 аркушах». (Фонд 183. Вопіс 3. Сігнатура 1086).

Але пры чым тут Францішак Багушэвiч — запытаецца ўважлівы чытач? Пры тым, што з першага архіўнага аркуша ўсе мае згадкі пацвердзіліся! Цытую дакумент.

«У Менскі Акруговы Суд

Просіць павераны пазоўніка

Віленскай Рымска-Каталіцкай Духоўнай Кансісторыі

Прысяжны Павераны Франц Казіміравіч Багушэвіч,

які жыве ў Вільні, па Коннай вуліцы, у д(оме) Казлоўскага

(месцажыхарства ў м[есце] Менску для атрымання

дакументаў, па Юраўскай вул(іцы) д[ом] Гурвіча,

у кватэры Прысяж(нага) Павер(анага) Вярбіцкага,

па Справе,

з адказнікам, дваранінам Сцяпанам Васільевічам Гансеўскім, які жыве ў м(есце) Менску, на куце Петрапаўлаўскай і Юраўскай вуліц у хаце Гольдберга.

Пасля смерці капелана Гродзенскага касцёла пры кляштары Брыгідак ксяндза Віталіса Васільевіча Гансеўскага адказнік зацверджаны ў праве спадчыны 27 сакавіка 1884 года і 30 красавіка 1884 года атрымаў такое. З ахоўнага вопісу рухомай маёмасці нябожчыка Гансеўскага відаць, што такое складалася: 1) з закладных лістоў Віленскага Земельнага Банка на суму 3700 руб[лёў], 2) Наяўнымі грашыма 831 руб[лёў] 26 кап[еек] 3) Банкавым срэбрам 9 руб[лёў] 50 кап[еек] 4) нерухомасці на 264 руб[лёў] 95 кап[еек], усяго на суму 4805 руб[лёў] 71 кап[еек]

Паводле 116 артыкула ХІ тома… чацвярціна прыватнай маёмасці, а менавіта 1201 руб[лёў] 24 кап[еек] і па шэсць адсоткаў у год з чацвёртай часткі закладных лістоў… ад сумы 925 руб[лёў] з дня смерці Гансеўскага — 25 жніўня 1883 года, якая склала ўсяго за 4 гады і 7 месяцаў 254 руб[лёў] 37 кап[еек] разам 1455 руб[лёў] 61 кап[еек] належаць на карысць касцёла Брыгідак. Паколькі Сцяпан Васільевіч Гансеўскі гэтых грошай па цяперашні час не выплаціў, таму, прад’яўляючы ад імя Кансісторыі сп(адару) Гансеўскаму пазоў у суме 1455 руб[лёў] 61 кап(еек), маю гонар пакорна прасіць суд спагнаць такія з Гансеўскага з адсоткамі па дзень выплаты разам з судовымі выдаткамі і за вядзенне справы 97 руб[лёў] 40 кап[еек], рашэнне ж падвергнуць папярэдняму выкананню.

Пры гэтым прыкладаюцца: 1) Пасведчанне пра смерць ксяндза Гансеўскага за № 7899; 2) Адносіна міравога суддзі 2 уч(астка) Гарадзенскай акругі за № 2736; 3) таксама за № 4021; 4) Служачая мне даверанасць і 5) на дастаўленне мне позваў 50 кап[еек] Гербавая і судовая мыты на падставе 879 артыкула) Статута Цывільнага Суд[а] не падаюцца. 1888 года лютага 27 дня.

Павераны Віленскай рымска-каталіцкай Кансісторыі прысяжны павераны Франц Казіміравіч Багушэвіч».

 

Ёсць у архіўнай справе (арк. 6) і адпаведная «Даверанасць», выдадзеная Францу Багушэвічу, якая сведчыць, што адвакат Ф. Багушэвiч быў прыняты Кансісторыяй хадайнікам па судовых справах яшчэ ўвосень 1887 года.

 

«Ваша Міласць, Франц Казіміравіч!

Віленская Рымска-Каталіцкая Духоўная Кансісторыя просіць Вас прыняць на сябе працу вядзення справы пра спагнанне з двараніна Сцяпана Васільева Гансеўскага 1201 руб[лёў] 43 кап[еек], належных у карысць Гродзенскага касцёла пры кляштары манахінь Брыгідак з маёмасці, пакінутай пасля смерці капелана таго касцёла ксяндза Віталіса Гансеўскага, і таму ўпаўнаважвае Вас прад’яўляць ад імя Кансісторыі пазовы і адказваць па сустрэчных пазовах, падаваць куды належыць усялякага віду прашэнні, водгукі, пярэчанні і скаргі, падаваць у Суд вусныя тлумачэнні, заяўляць спрэчкі пра падробкі ў актах і дакументах і, у выпадку заявы такіх спрэчак іншымі — адказваць за Кансісторыю, выслухваць рашэнні і на такія выяўляць згоду ці незадавальненне; прыносіць ва ўсталяваным законам парадку ва ўсе інстанцыі скаргі прыватныя і апеляцыйныя, а таксама просьбы пра адмену ў выпадку неплацяжу ці абавязкаў, заяўляць пра спагнанне з адказнікаў выдаткаў судовых і за вядзенне справы, атрымліваць па справах копіі, дакументы, выканаўчыя лісты і іншыя паперы, паказваць спосабы выканання рашэнняў, прысутнічаць пры выканаўчых дзеяннях; атрымліваць грошы з адказнікаў для падачы такіх у Кансісторыю; сканчваць справы мірна, перадаручаць гэта ўпаўнаважанне цалкам ці часткай іншым асобам, а ўсяму, што Вы, ці ўпаўнаважаны Вамі па гэтай даверанасці законна ўчыніце, Кансісторыя верыць і спрачацца не будзе.

1887 года лістапада 11-га дня.

Даверанасць гэта прыналежыць Прысяжнаму Паверанаму Акругі Віленскай Судовай Палаты Надворнаму Дарадцу Францу Казіміравічу Багушэвічу.

Упаўнаважаны Віленскай Рымска-Каталіцкай Духоўнай Кансісторыі канцылярскі службовец Мечыслаў Аляксандравіч Медынскі.

Тысяча восемсот восемдзесят сёмага года, Лістапада адзінаццатага дня, сапраўдная даверанасць паказаная ў мяне, Карла Атонавіча Смольяна, Віленскага Натарыуса, у Канторы маёй, размешчанай на куце Троцкай і Вілейскай вуліц, у хаце д*Аммана».

Чым жа скончылася справа «Кансісторыя contra Сцяпан Гансеўскі»?

Хоць на вокладцы архіўнай справы красуецца адзнака «Вырашана 11 траўня 1888 г.», насамрэч яшчэ ў лютым 1890 г.

Віленская Судовая Палата па Цывільным Дэпартаменце ў публічным пасяджэнні слухала справу па скарзе паверанага Віленскай Рымска-Каталіцкай Духоўнай Кансісторыі, Прысяжнага Паверанага Багушэвіча на рашэнне Менскага Акруговага Суда ад 11 траўня 1888 года па пазове Кансісторыі да Сцяпана Гансеўскага і таксама адмовіла. На якой падставе?

«Прызнаючы… што цэрквам манастырскім ці цэрквам духоўных устаноў каталіцкага вераспавядання не можа быць, па законе прадстаўлена права спадчыны маёмасці духоўных асобаў, якія пры іх знаходзіліся».

Уважліва чытаючы карэспандэнцыю паэта (памятайма бальзакаўскае «Лісты — гэта люстэрка душы»), таксама можна канстатаваць: выяўныя сляды аналагічных справаў адваката Францішка Багушэвiча вядуць і ў Пецярбург. Вось ліст паэта да Ірэны Карлoвіч (жонкі Яна Карловіча, слыннага славіста; без даты, але зместам каля 1893 года): «Шаноўная спадарыня і дабрадзейка! Мы пісалі просьбу ў каталіцкі калегіюм у Пецярбург пра вяртанне капіталаў, ахвяраваных у Вішнеўскі касцёл на набажэнствы за розных нябожчыкаў і не ведаю, ці атрымала в[яльможная] спадарыня адказ і менавіта які».

Можа, хто б з тамтэйшых беларусаў парупіўся зазірнуць у адпаведныя архіўныя сховішчы, толькі «сенсацыя» будзе ўжо не такая важкая, бо ў колішняй сталіцы колішняй Расейскай імперыі вядомыя аўтографы Францішка Багушэвiча, прычым яшчэ з ягоных студэнцкіх часоў.

Гл. таксама:
Францішак БАГУШЭВІЧ :: АФЯРА ::
Данута БІЧЭЛЬ :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY