Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(70)/2014

«ЁН ЖЫЎ СЯРОД НАС, МЫ БЫЛІ З ІМ...»
У кантэксце Бібліі

РУТ МААБІЦЯНКА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла

ДАРАГОЕ ЯЕЧКА ДА ВЯЛІКАДНЯ
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва

НАЛЕЖЫЦЬ БЕЛАРУСІ...
Літаратуразнаўства

НЯБЕСНАЯ АПЯКУНКА З ВІЛЬНІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦУД ПОБАЧ
Асобы

ВОІН І ФУНДАТАР
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.

Раздзел IV
Сяброўства

Калі нехта заводзіць гутарку на тэму прыязнасці або кахання, заўсёды знойдуцца людзі, гатовыя слухаць. Важнасць і прыгажосць і аднаго, і другога ўсе бесперастанна падкрэсліваюць і амаль гіпербалізуюць. Нават жадаючыя развянчаць іх, калі свядома выказваюцца супраць гэтага дадзенага традыцыяй ухвалення, таксама ў пэўнай ступені апынаюцца пад яе ўплывам. Але вельмі няшмат нашых сучаснікаў лічаць сяброўства не менш вартаю праяваю любові або наогул залічваюць яго да відаў любові. Я не памятаю ніводнага верша, апроч In memoriam23, ніводнага рамана, якія праслаўлялі б сяброўства. Вобразы Трыстана ды Ізольды, Антонія і Клеапатры, Рамэа і Джульеты маюць мноства інтэрпрэтацый у сучаснай літаратуры, вобразы Давіда і Ёнатана, Пілада і Арэста, Раланда і Олівера, Амі і Аміля24 адпаведнікаў не маюць. У старажытнасці сяброўства лічылася найшчаслівейшым і найбольш уласцівым чалавеку відам любові, вянцом жыцця і школаю цнотаў. Сучасны ж свет, наадварот, ігнаруе сяброўства. Зразумела, мы прызнаем, што апроч жонкі і сям’і мужчыну патрэбныя «сябры». Але ўжо сам тон, якім гэта кажуць, і тып знаёмства, які звычайна называюць «сяброўствам», ясна сведчаць пра тое, што падобным адносінам вельмі далёка да Philia, якую Арыстоцель называў сярод іншых цнотаў, і да Amicitia, якой прысвяціў трактат Цыцэрон. Сяброўства адышло на дальні план, перастала быць галоўнаю «страваю» на жыццёвай гасціне, мы прызвычаіліся затыкаць ім дзіркі ў канве часу. Як жа гэта сталася?

Відавочна, мала хто цэніць сяброўства, бо мала хто мае падобны досвед. Добра пражыць жыццё можна і без яго, і ў гэтым рэзкае адрозненне сяброўства ад усіх іншых відаў любові. Сяброўства — і гэта зусім не змяншае яго вартасці — самы ненатуральны від любові, найменш інстынктыўны, найменш біялагічны, найменш сацыяльны, найменш неабходны для жыцця і развіцця чалавека. Сяброўства найменш звязана з нашай псіхікай, яно не мітуслівае, не прымушае сэрца біцца хутчэй, ад сяброўства твар не чырванее і не мярцвее. Яно ўзнікае галоўным чынам паміж дзвюма асобамі і ў пэўным сэнсе аддзяляе сяброў ад натоўпу. Без кахання ніхто б з нас не нарадзіўся, без прыязнасці ніхто б не вырас і не быў выхаваны, але без сяброўства можна і жыць, і размнажацца. З пазіцыі біялогіі наш від не мае патрэбы ў сяброўстве. Зграя, статак, натоўп — любая супольнасць — могуць нават не любіць сяброўства і не давяраць яму. Вельмі часта падобнае стаўленне назіраецца з боку начальства. І школьны дырэктар, і галава рэлігійнай суполкі, і вайсковы афіцэр, і карабельны капітан могуць адчуваць трывогу, калі блізкае і моцнае сяброўства звяжа малыя групкі іх падначаленых.

Гэтая «ненатуральнасць» (назавем яе так), уласцівая сяброўству, ясна тлумачыць, чаму яго так ухвалялі ў часы антычнасці і Сярэднявечча і чаму так мала шануюць цяпер. Асноўнай і найглыбейшай ідэяй старажытнасці быў аскетызм і адыход ад свету. Усяго прыроднага, эмацыйнага і цялеснага баяліся як пагрозы для душаў або пагарджалі гэтым, лічачы нявартым чалавечага звання. У гэткіх умовах непазбежна становіцца найбольш уганараваным той від любові, які з’яўляецца самым незалежным ад прыроды або нават супрацьстаіць ёй. Прыязнасць і каханне занадта цесна звязаныя з чалавечай псіхікай, уласцівыя не толькі людзям, але і жывёлам. Ад іх цісне ў грудзях і займае дыханне. А ў сяброўстве, гэтым светлым і ясным, рацыянальным свеце свабодна выбраных адносінаў, усяго гэтага няма. Здавалася б, адзін толькі гэты від любові здольны ўзнесці чалавека да ўзроўню багоў і анёлаў.

Аднак надышоў час Рамантызму з яго «сентыментальнымі камедыямі», «вяртаннем да прыроднага», пачуццёвай экзальтацыяй, якія кінулі нас углыб эмацыйнай прорвы, дзе мы знаходзімся і цяпер, нягледзячы на частую крытыку падобных паводзінаў. Гэта прывяло да ўзвышэння інстынктаў, пасяліла ў крыві цёмных багоў, прыхільнікі якіх няздольныя па-мужчынску сябраваць. Разняволенне пачуццяў прывяло да таго, што ранейшыя перавагі гэтага віду любові перад іншымі цяпер падзейнічалі не на карысць сяброўства. У ім няма слязлівых усмешак, памятных падаруначкаў, няма дзіцячага лепятання, каб усцешыць сентыментальных асобаў. Яно недастаткова гарачае, тэмпераментнае і інстынктыўнае, каб прывабіць людзей прымітыўных. Яно нейкае разбаўленае, бясколернае, нейкае вегетарыянскае, замена больш жывым і прыродным відам любові.

На гэта былі і іншыя прычыны. Для большасці людзей, якія лічаць чалавечае жыццё толькі больш развітой і складанай формай жывёльнага, усе віды паводзінаў, што не могуць засведчыць пра сваё жывёльнае паходжанне і даказаць уласную карысць для эвалюцыі, з’яўляюцца падазронымі. Сяброўства ж пад гэтыя катэгорыі не падыходзіць. Тыя ж, хто ўпэўнены ў перавазе калектыўнага над індывідуальным, абавязкова будуць пагарджаць сяброўствам, бо яно злучае людзей на вышэйшым узроўні асабістага развіцця. Яно адасабляе іх ад «калектыву» гэтак жа, як робіць гэта адзінота, толькі бывае яшчэ больш небяспечным, аддаляючы не адну асобу, а дзвюх або трох. Дэмакратычныя пачуцці па сваёй прыродзе варожыя сяброўству, бо яно разумее пад сабою абранніцтва і даступнае нямногім. Сказаць «Гэта мае сябры» значыць адначасова сказаць «А гэта — не». Менавіта таму, раздзяляючы суджэнне пра сяброўства, уласцівае даўнім часам, і ўхваляючы яго, я вымушаны пачынаць раздзел пра сяброўства з яго апраўдання.

Гэта абавязвае мяне пачаць з вельмі непрыемнай размовы і разбурыць некаторыя стэрэатыпы. Неабходна абвергнуць сучасную тэорыю аб тым, што кожнае трывалае і глыбокае сяброўства мае насамрэч гомасексуальны характар.

Тут істотнае значэнне мае слова «насамрэч». Сказаць, што любое сяброўства — недвухсэнсоўнае сведчанне свядомага гомасексуалізму, гэта яўная хлусня. Таму некаторыя разумнікі ратуюцца менш прамым вызначэннем, кажучы, што сяброўства «насамрэч», гэта значыць несвядома, прыхавана, у нейкім цьмяным сэнсе з’яўляецца гомасексуальным. І паколькі гэта немагчыма даказаць, то немагчыма і абвергнуць. Той факт, што ў паводзінах двух сяброў няма знакаў гомасексуальнай схільнасці, разумнікаў зусім не пераканае. Яны змрочна скажуць: «Гэтага і трэба было чакаць». Адсутнасць знакаў сама па сабе ўжо знак, адсутнасць дыму сведчыць пра тое, што полымя добра схавалі. Менавіта так, калі ёсць полымя. Але спачатку трэба даказаць, што яно ёсць. Інакш мы спрабуем весці спрэчку, ужываючы аргументы накшталт: «Калі б у гэтым фатэлі сядзеў нябачны кот, фатэль здаваўся б пустым. Гэты фатэль сапраўды здаецца пустым, значыць у ім сядзіць нябачны кот».

Веру ў нябачных катоў немагчыма абвергнуць звычайнымі прыёмамі логікі, але сама яна шмат кажа пра сваіх вызнаўцаў. Тыя, хто не ўспрымае сяброўства як самастойны від любові, а толькі як замаскіраванае і больш складанае каханне, выдаюць гэтым самым, што ніколі не мелі сяброў. Бо частка з нас ведае, што нягледзячы на тое, што можна адначасова кахаць і мець у сябрах аднаго і таго ж чалавека, у пэўным сэнсе няма больш непадобных з’яваў, чым сяброўства і каханне. Закаханыя заўжды размаўляюць адно з адным пра сваё каханне, сябры амаль ніколі пра сяброўства не гавораць. Закаханыя звычайна ўглядаюцца адно ў аднаго, яны заглыбленыя адно ў аднаго, сябры ж знаходзяцца поруч, заглыбленыя ў агульную зацікаўленасць. Апроч таго, каханне, пакуль яно доўжыцца, абавязкова тычыцца толькі дваіх. Сяброўства ж зусім неабавязкова злучае дваіх людзей, гэта нават не найлепшы варыянт. І вось чаму гэта важна.

Лэм25 у адной са сваіх кніг кажа, што калі з траіх сяброў (А, В і С), памірае А, тады В траціць не толькі самога А, але і «частку А ў С», а С у сваю чаргу — не толькі А, але і «частку А ў В». У кожным з маіх сяброў ёсць нешта, што толькі іншы сябар можа раскрыць цалкам. Аднаго мяне недастаткова, каб выявіць усе здольнасці іншага чалавека, каб асвятліць усе яго грані, трэба больш святла, чым маю я адзін. Цяпер, калі Чарльз памёр, я ніколі больш не ўбачу рэакцыі Рональда на звычайныя жарты Чарльза. Я не толькі не маю ў сваім распараджэнні больш Рональда, маючы яго толькі «для сябе» цяпер, калі Чарльза няма, я, наадварот, маю яго менш. Таму сяброўства — від любові, самы далёкі ад рэўнасці. Двое сяброў шчаслівыя, калі да іх далучаецца трэці, трое — калі да іх далучаецца чацвёрты, пры ўмове, што новенькі здольны стаць сапраўдным сябрам. Яны паўтораць услед за благаслаўлёнымі душамі ў Дантэ: «Вось ідзе той, хто памножыць нашую любоў». Бо ў гэтай любові «раздзяляць не значыць забіраць». Зразумела, што роднасныя душы сустракаюцца рэдка, ды і чыста практычныя аспекты, такія як памеры памяшкання і чутнасць галасоў у ім, перашкаджаюць павялічваць кола сяброў, але ў магчымых межах кожны сябар становіцца не менш, а больш нашым, калі павялічваецца кола нашых агульных сяброў. Сяброўства — цудоўны прыклад блізкасці па падабенстве да самога раю, дзе незлічоная колькасць благаслаўлёных душаў толькі павялічвае асалоду, якую кожная з іх атрымлівае ад Бога. Бо кожная душа, бачачы Бога па-свойму, абавязкова дзеліцца гэтым адзіным у сваім родзе бачаннем з іншымі. Менавіта таму, па словах старажытнага аўтара, серафіны ў кнізе прарока Ісаі ўсклікаюць адзін да аднаго «Святы, святы, святы!» (гл. Іс 6, 3). Такім чынам, чым больш шчодра мы дзелімся Хлебам Нябесным, тым больш мы ўсе атрымліваем.

І таму тэорыя гомасексуальнага характару сяброўства падаецца мне зусім непраўдападобнай. Гэта не значыць, што сяброўства і анамальныя формы кахання ніколі не спалучаліся. Некаторыя культуры ў пэўныя гістарычныя перыяды сапраўды былі схільныя да гэткіх адхіленняў. Мне здаецца, што ў вайсковых згуртаваннях падобныя схільнасці цалкам маглі закрасціся ў адносіны паміж сталым рыцарам і яго маладым збраяносцам або слугой. Гэта, несумненна, звязана з адсутнасцю жанчын у вайсковых паходах. Аднак, робячы высновы на гэты конт, калі мы палічым, што іх наогул трэба рабіць і ў нас ёсць на гэта права, трэба абавязкова абапірацца на факты (калі яны існуюць), а не на бяздоказныя тэорыі. Пацалункі, слёзы і абдымкі самі па сабе яшчэ не з’яўляюцца знакам гомасексуальных адносінаў. Лічыць так — па меншай меры недарэчна. Хродгар, які абдымае Беавульфа26; Джонсан, які абдымае Босуэла27 (пара, сумна вядомая сваімі інтрыжкамі з жанчынамі); зарослыя, грубыя і жорсткія цэнтурыёны, пра якіх піша Тацыт і якія, моцна абдымаючыся адзін з адным, прасілі аб апошнім пацалунку, калі іх легіён быў ушчэнт разбіты... — усе яны педэрасты? Калі вы ў гэта верыце, то вы паверыце ў што заўгодна.

Калі разглядаць пытанне з шырокай гістарычнай перспектывы, трэба падрабязна растлумачыць не тое, чаму нашыя продкі абдымаліся і цалаваліся са сваімі сябрамі, а тое, чаму ў сучасным грамадстве гэтак рабіць не прынята. Гэта мы парушылі традыцыю, а не яны.

Я адзначыў ужо, што сяброўства — найменш прыродная з усіх любоў. І асоба, і грамадства могуць выжыць без яго. Але існуе адна рэч, якую часта блытаюць з сяброўствам і якая грамадству абсалютна неабходная, — не само сяброўства, але яго аснова.

У старажытным грамадстве ўзаемадзеянне мужчын — паляўнічых і ваяроў — было такім жа неабходным, як нараджэнне і выхаванне дзяцей. Племя, дзе занядбоўвалася паляванне і майстэрства вайны, знікала гэтак жа, як і тое, дзе не працягваўся род. Задоўга да пачатку гісторыі мы, мужчыны, збіраліся разам асобна ад жанчын і займаліся сваімі справамі. Гэта было неабходна. А любіць свае абавязкі — рыса, неацэнная для выжывання. Мы мусілі не толькі займацца сваімі справамі, але і абмяркоўваць іх. Нам трэба было распланаваць паляванне і бітву. Пасля гэтага мы разбіралі здабычу, хавалі памерлых, рабілі высновы на будучыню. Гэта нам падабалася нават больш. Мы высмейвалі і каралі баязліўцаў і няўклюдаў, праслаўлялі герояў. Мы з задавальненнем абмяркоўвалі арганізацыйны бок пытання («Ён павінен быў ведаць, што так да звера не падысці, толькі не тады, калі вецер дзьме ў гэты бок»... «Бачыш, наканечнік маёй стралы лягчэйшы, таму ў мяне атрымалася»... «Я заўсёды пра гэта казаў»... «Я вось так яго ўдарыў, разумееш? Менавіта так, як я цяпер трымаю палку»...) Гэта фактычна можна назваць прафесійнымі размовамі. Нам вельмі падабалася быць разам: мы адважныя ваяры, мы паляўнічыя, нас лучаць агульныя ўменні, небяспека і цяжкасці, якія мы перажылі разам, і жарты, зразумелыя толькі нам. Там не месца было жанчынам і дзецям. Як нехта пажартаваў, у часы палеаліту мужчына мог не мець дубіны, але не мог не мець дружыны. Хутчэй за ўсё, гэта было часткаю тагачасных вераванняў. Пра падобнае піша Мэлвіл у «Тайпі»28, распавядаючы, як тубыльцы кожны свой вечар праводзілі «надзвычай прыемна» ў супольным рытуальным курэнні.

Чым у гэты час займаліся жанчыны? Адкуль мне гэта ведаць? Я мужчына і ніколі не падглядаў жаночых таямніцаў. Не сумняваюся, што ў іх таксама былі абрады, куды мужчын не дапускалі. На працягу гісторыі здаралася, што жанчыны адказвалі за земляробства, напэўна, тады яны, як і мужчыны, дзялілі супольныя абавязкі, цяжкасці працы і перамогі. Але, хутчэй за ўсё, іх свет ніколі не быў выключна жаночым, у адрозненне ад мужчынскага. Побач з жанчынамі былі дзеці, а магчыма, і старыя. Але гэта адны мае здагадкі. Я здольны прасачыць гісторыю сяброўства толькі па мужчынскай лініі.

Гэтая радасць узаемадзеяння, размовы пра агульныя справы, мужчынскія ўзаемапавага і ўзаемапаразуменне маюць біялагічную вартасць. Калі хочаце, можаце лічыць іх прадуктам «статкавага інстынкту». Але мне гэта падаецца нейкім цьмяным вызначэннем для з’явы, якую мы і так разумеем нашмат лепш, чым хтосьці калісьці разумеў слова «інстынкт», для таго, што і цяпер адбываецца ў шматлікіх барах, пакоях адпачынку, вахтавых памяшканнях, сталовых і гольф-клубах. Мне падабаецца называць гэтую з’яву кампаньёнствам або таварыствам.

Аднак падобнае кампаньёнства — толькі правобраз сяброўства. Часта менавіта яго называюць сяброўствам і, кажучы пра «сяброў», маюць на ўвазе людзей са сваёй кампаніі. Але гэта не сяброўства ў тым сэнсе слова, які я маю на ўвазе. Я ніякім чынам не хачу прынізіць вартасць таварыскіх адносінаў. Мы не прыніжаем срэбра, адрозніваючы яго ад золата.

Сяброўства нараджаецца з кампаньёнства, калі двое або больш таварышаў заўважаюць, што разумеюць нешта аднолькава, маюць агульныя інтарэсы або нават густы, якіх іншыя людзі з імі не падзяляюць, і якія да гэтага моманту кожны лічыў толькі ўласным і адзіным у сваім родзе скарбам (або ярмом). Часта сяброўства пачынаецца з падобнай фразы: «Што? І ты таксама? Я думаў, што я адзін такі». Можна ўявіць, што сярод гэтых старадаўніх паляўнічых і ваяроў з’яўляліся час ад часу (адзін на стагоддзе? адзін на тысячагоддзе?) тыя, хто бачыў нябачнае для іншых вачэй: што алень не толькі ядомы, але і прыгожы, паляванне — радасць, а не толькі неабходнасць; тыя, хто марыў, што багі могуць быць не толькі магутнымі, але і святымі. Але пакуль гэткія чулыя людзі паміралі, не знайшоўшы сабе роднасных душаў, мне здаецца, нічога з іх здольнасцяў не вынікала. Мастацтва, спорт, духоўныя пастулаты не маглі яшчэ нарадзіцца. Адбылося гэта толькі тады, калі двое падобных асобаў знаходзілі адзін аднаго, калі або з невымернымі цяжкасцямі і малазразумелым мармытаннем, або ў некалькіх словах і надзіва хутка яны дзяліліся сваім светапоглядам, і менавіта тады нарадзілася сяброўства. І адразу ж яны апынуліся побач у вялікай адзіноце.

Закаханыя шукаюць адасобленасці. Сябры апынаюцца ў адзіноце, якая стаіць сцяной паміж імі і натоўпам, хочуць яны гэтага ці не. Яны рады былі б пазбавіцца яе. Двое рады былі б знайсці трэцяга.

Цяпер сяброўства ўзнікае гэтак жа. Зразумела, для нас гэты агульны занятак, з якога вынікае таварыства, а пасля і сяброўства, не абавязкова павінен азначаць фізічную актыўнасць, як паляванне або вайна. Аб’яднаць можа агульнае веравызнанне, вучоба, прафесія, нават агульныя забавы. Усе, хто дзеліць з намі гэтыя заняткі, — нашыя кампаньёны, але адзін або двое ці трое з іх, калі падзяляюць з намі яшчэ нешта, могуць стаць нам сябрамі. У падобнай любові, па словах Эмерсана29, «Ты мяне любіш?» азначае «Ты бачыш гэтую самую праўду?», або прынамсі «Для цябе важная гэтая самая праўда?». Чалавек, згодны з намі ў тым, што нейкае пытанне, малазначнае для іншых, мае вялікае значэнне, можа стаць нашым сябрам. Неабавязкова нават, каб адказ на гэтае пытанне для нас быў аднолькавы.

Заўважце, што сяброўства больш індывідуалізаванае і на менш сацыяльна значным узроўні паўтарае будову кампаньёнства, якое і было яго асноваю. Кампаньёнства ўзнікала паміж людзьмі, злучанымі агульнай дзейнасцю: паляваннем, вучобаю, маляваннем, ды чым заўгодна. Сябры таксама робяць нешта разам, але нешта больш індывідуальнае, не такое распаўсюджанае, займаюцца справай, якую не так лёгка акрэсліць. Яны застаюцца паляўнічымі, але здабыча іх нематэрыяльная, яны супрацоўнічаюць, але праца іх, прынамсі цяпер, не мае значэння для свету, яны падарожнічаюць разам, але падарожжа іх незвычайнае. Мы малюем сабе закаханых тварам да твару, але сяброў — поруч, іх вочы глядзяць наперад.

Вартыя жалю людзі, якія проста «хочуць мець сяброў», бо яны ніколі не будуць іх мець. Самая галоўная ўмова сяброўства — гэта зацікаўленасць нечым іншым, апроч сяброў. Там, дзе на пытанне «Ты бачыш тую самую праўду?» вам адкажуць «Не, я нічога не бачу, але праўда мяне не цікавіць, я проста хачу сябраваць», сяброўства не ўзнікне ніколі, хоць гэта можа і не перашкодзіць прыязна ставіцца адзін да аднаго. У падобным выпадку сябраваць няма пра што, а сяброўства абавязкова павінна быць «пра нешта», нават калі гэта проста захапленне гульнёю ў даміно або белымі мышамі. Тыя, у каго нічога няма, нічым не могуць падзяліцца, тыя, хто нікуды не ідзе, не могуць знайсці сабе спадарожнікаў.

Калі ж два чалавекі, якія апынуліся разам на адным патаемным шляху, належаць да розных полаў, сяброўства, якое ўзнікае паміж імі, вельмі хутка, часам нават у першыя паўгадзіны, змяняецца каханнем. І наогул, калі яны не брыдкія адно аднаму ў фізічным плане і калі адзін з іх ці абое ўжо не закаханыя ў некага іншага, можна ўпэўнена сказаць, што раней ці пазней гэтыя двое пакахаюць адно аднаго. І наадварот, закаханасць можа зрабіць людзей сябрамі. Але гэта зусім не сцірае межаў паміж двума відамі любові, а наадварот, робіць іх яшчэ больш выразнымі. Калі чалавек, які стаў спачатку ў самым глыбокім і поўным сэнсе слова вашым сябрам, пасля паступова або раптоўна ператварыўся ў каханую асобу, вы, напэўна ж, не захочаце дзяліць вашае каханне ні з кім іншым. Але без ценю рэўнасці падзеліцеся вашым сяброўствам. Нішто так не ўзбагаціць каханне, як адкрыццё, што каханы або каханая могуць натуральным чынам, глыбока і шчыра ўвайсці ў кола вашых сяброў. Цудоўна адчуць, што вы ўдваіх не толькі з’яднаныя каханнем, а можаце ўтраіх, учацвярых або ўпяцёх быць спадарожнікамі ў адных прыгодах, падзяляць аднолькавы светапогляд.

Суіснаванне сяброўства і кахання можа дапамагчы нашым сучаснікам зразумець, што сяброўства — таксама любоў і мае такое ж вялікае значэнне, як каханне. Уявіце, што вам пашанцавала закахацца і ажаніцца з сяброўкаю або выйсці замуж за сябра. І ўявіце, што вы можаце выбраць два варыянты развіцця падзеяў: «Або вы абое перастанеце кахаць адно аднаго, але заўжды будзеце разам шукаць аднаго Бога, адну прыгажосць, адну праўду, або страціце ўсё гэта, затое на працягу жыцця застанецеся палкімі закаханымі, перажываючы ўсе захапленні, вабноты і жарсці кахання. Выбірайце». Якую долю мы выберам? Пра які выбар не пашкадуем?

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The Four Loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


  1. «In memoriam» — верш Альберта Тэннісана, напісаны ў 1849 годзе, прысвечаны памяці яго сябра Артура Халлама.
  2. Давід і Ёнатан — іх сяброўства апісанае ў 1-й і 2-й кнізе Валадарстваў Старога Запавету; Пілад і Арэст — сябры, героі старажытнагрэцкай міфалогіі; Раланд і Олівер — сябры, героі сярэднявечнай французскай паэмы «Песня пра Раланда»; Амі і Аміль — героі сярэднявечнай французскай паэмы аб сяброўстве і ахвярнасці, створанай па матывах народнага падання.
  3. Чарльз Лэм (Charles Lamb; 1775–1834) — англійскі паэт, публіцыст, эсэіст і літаратурны крытык эпохі Рамантызма.
  4. Хродгар і Беавульф — героі старажытнага англа-саксонскага эпасу «Беавульф».
  5. Сэмюэл Джонсан (Samuel Johnson; 1709–1784) — англійскі пісьменнік і літаратурны крытык. Джэймс Босуэл (James Boswell; 1740–1795) — шатландскі пісьменнік, сябра Джонсана і аўтар яго біяграфіі.
  6. «Тайпі» (Typee) — першы раман выдатнага амерыканскага пісьменніка Германа Мэлвіла (1818–1891), у якім ён апісвае ўласны досвед жыцця закладнікам у палінэзійскім племені.
  7. Ральф Уолда Эмерсан (Ralph Waldo Emerson; 1803–1882) — адзін з найвыбітнейшых амерыканскіх мысляроў, філосаф, эсэіст і паэт.
  8. Трактарыянізм — рэлігійны рух у оксфардскім асяроддзі XIX ст., распачаты Джонам Ньюмэнам.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY