|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
ПАНТЫФІКАТ ЛЮБОВІ І СЛУЖЭННЯ
13 чэрвеня мінула тры месяцы з таго часу, як адбылася значная падзея ў гісторыі Касцёла: на Пасад святога Пятра быў абраны аргентынскі кардынал Хорхе Марыа Берголіа. Для многіх ён адразу ж пачаў асацыявацца са словам «першы». Ён — першы Папа паходжаннем з Лацінскай Амерыкі, першы Папа езуіт, першы Папа, які выбраў сабе імя Францішак, першы Папа, якога пасля вялікага расколу 1054 года наведаў з афіцыйным візітам у Рыме Канстанцінопальскі патрыярх Барталамей І… У першыя ж дні Пантыфікату папа Францішак здзівіў увесь свет сціпласцю і простасцю паводзінаў, пачынаючы з першых сваіх словаў «добры вечар!», з якімі ён звярнуўся да вернікаў з балкона базылікі святога Пятра, і таго, што распачаў прамову, папрасіўшы людзей памаліцца за яго самога і за яго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, а не з традыцыйнага благаслаўлення люду Божага. Але гэтая сціпласць — зусім не дзіва для яго суайчыннікаў. Яшчэ як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса папа Францішак адмовіўся жыць у біскупскім палацы, пасяліўшыся ў маленькай кватэры, і не стаў карыстацца персанальным аўто, аддаўшы перавагу аўтобусам і метро. Ён — сапраўдны аргентынец, які любіць танга і футбол, і пры гэтым — добры кіраўнік, чалавек строгі, здольны называць рэчы сваімі імёнамі і сур’ёзна вырашаць сур’ёзныя пытанні, пра што сведчаць яго супрацоўнікі. У Аргентыне ён вядомы сваім шчырым стаўленнем да людзей і сапраўднай, не напаказ, любоўю да бліжніх, асабліва самых пагарджаных і прыніжаных. Напрыклад, у Вялікі чацвер у 2001 годзе ён наведаў хоспіс, дзе падчас літургіі Вячэры Пана абмыў і пацалаваў ногі 12-ці хворых на СНІД, патлумачыўшы гэта тым, што Хрыстус не аддаляўся ад пракажоных. А першую святую Імшу Вялікага чацвярга ў якасці Біскупа Рыма ён цэлебраваў у турме для непаўналетніх злачынцаў «Казаль дэль Марма», выклікаўшы гэтым вялікі розгалас. Папа Францішак — сын італьянскага эмігранта-чыгуначніка, манах езуіт з Лацінскай Амерыкі, дзе жыве больш за палову католікаў свету. Ён нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе, быў малодшым з 5-ці дзяцей. Хорхе Марыа Берголіа далучыўся да ордэну езуітаў у 22 гады, праз 10 гадоў атрымаў святарскае пасвячэнне. Вучыўся ў Аргентыне, Чылі і Германіі. Акрамя роднай іспанскай мовы, ён добра ведае таксама нямецкую і італьянскую. Ён быў выкладчыкам літаратуры, філасофіі і тэалогіі ў трох каталіцкіх каледжах Буэнас-Айрэса. З 1973 да 1979 года будучы Пантыфік быў правінцыялам ордэну езуітаў у Аргентыне, а з 1980 да 1986 года — рэктарам семінарыі св. Юзафа. У 1998 годзе ён быў прызначаны арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Вядома, што адным з выхавацеляў Хорхе Марыа Берголіа быў украінскі ўніяцкі святар Сцяпан Чміль — у часы студэнцтва будучы Папа прыслугоўваў яму падчас літургіі, такім чынам, ён добра знаёмы і з усходняй хрысціянскай традыцыяй. Як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхе Марыа Берголіа быў ардынарыем для католікаў усходняга абраду.
У 2001 годзе папа Ян Павел ІІ надаў яму званне кардынала. Хорхе Марыа Берголіа ўваходзіў у Кангрэгацыю па справах духавенства, Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыю па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, а таксама ў Камісію па справах Лацінскай Амерыкі і па справах сям’і. Ён — выдатны багаслоў, але акрамя гэтага мае таксама адукацыю хіміка-тэхнолага. Пра свайго кардынала католікі Аргентыны казалі: «Ён ніколі не прамаўляе доўгіх казанняў, але ў некалькі сказаў укладае столькі значнага сэнсу, што яны надоўга застаюцца ў памяці». На першай прэс-канферэнцыі Пантыфік адзначыў, што выбраў імя ў гонар Францішка Асізскага, «увасаблення ўбоства і супакою». Кардынал Хорхе Марыа Берголіа і раней клапаціўся пра тое, каб Касцёл займаў актыўную пазіцыю ў справе абароны бедных, бо «несправядлівае размеркаванне дабротаў нараджае сацыяльны грэх і абмяжоўвае магчымасць нармальнага жыцця для многіх нашых братоў». У сваім блогу ў твітэры (https://twitter.com/Pontifex), які Папа вядзе з самага пачатку свайго Пантыфікату, ён працягвае звяртаць увагу вернікаў на тое, якім павінна быць хрысціянскае служэнне ў свеце: «Мы не павінны верыць злому духу, які кажа, што мы нічога не ў стане зрабіць перад абліччам жорсткасці, несправядлівасці і граху» (24 сакавіка); «Кожны хрысціянін — місіянер у тых межах, у якіх ён дае сведчанне Божай любові. Будзьце місіянерамі Божай пяшчоты!» (5 мая); «Мы не павінны быць хрысціянамі на “няпоўны працоўны дзень”! Кожную хвіліну кожнага дня мы павінны імкнуцца жыць вераю» (16 мая); «Хрыстус заклікае нас усё больш і больш выходзіць за межы сябе саміх, каб аддаваць сябе і служыць іншым» (4 чэрвеня); «Клопат пра створаны свет — гэта не толькі тое, пра што Бог гаварыў на пачатку гісторыі: Ён даверыў гэты свет кожнаму з нас як частку Ягонага плану» (5 чэрвеня). Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Гл. таксама:
|
|
|
|