|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
…Такімі яны паўстаюць на сармацкіх партрэтах, якіх у нас захавалася няшмат у параўнанні з Польшчай і Украінай. Зрэшты, а чаго ў нас захавалася шмат? Але нават тое, што ацалела цудам… Аднак не будзем пра сумнае, гледзячы на недарэчныя пазалочаныя цыбуліны, што, напрыклад, скажаюць аблічча архітэктурнага вобраза старажытнага касцёла ў Глыбокім — ёсць такое мястэчка ў Беларусі, дзе таксама мала што ацалела, але прыгадаць ёсць аб чым. Дакладней — аб кім… Вось сапраўды ідэальны вобраз і прыклад для ўладатрымальнікаў — мсціслаўскі ваявода і дзісненскі староста Юзаф Львовіч Корсак (каля 1570 г. – чэрвень ці ліпень 1643 г.), прадстаўнік глыбоцкай галіны слаўнага ў ВКЛ роду, які паходзіў з полацкага баярства герба ўласнага «Корсак», што бярэ пачатак з канца XV стагоддзя. У 1610 годзе Юзаф Корсак доблесна змагаўся пад мурамі Смаленска, потым браў чынны ўдзел у выправе каралевіча Уладзіслава на Маскву. За ратныя паслугі Радзіме ва ўзнагароду на працягу 1616–1632 гадоў атрымаў шматлікія пажалаванні — Дзісненскае, Курылоўскае, Філіпаўскае і Радомльскае староствы, а таксама Антонава ў Мазырскім павеце. У верасні 1632 года, скарыстаўшыся смерцю Жыгімонта IV Вазы, маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч абрынуў на ВКЛ 40-тысячнае войска, якое аблажыла Смаленск і да чэрвеня наступнага года захапіла шмат гарадоў на ўсходзе і паўночным усходзе краіны. Князь Альбрыхт Станіслаў Радзівіл запісаў у «Дзённіку»: «Места Полацк, узятае Масквой з-за здрады схізматыкаў, было спалена». Затое ўстаяў дзісненскі замак, які бараніў Юзаф Корсак з набранымі за свой кошт пяхотай і кавалерыяй. Напрыканцы жніўня 1633 года пад Смаленск з 25-тысячным каронным і літоўскім войскам, падмацаваным некалькімі тысячамі запарожскіх казакаў, падышоў новы кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV Ваза. Корсак, якому быў ужо сёмы дзясятак, не шкадаваў энергіі і ўласнага маёнтка дзеля падтрымкі Рэчы Паспалітай — дасылаў каралю пад Смаленск грошы, фураж і правіянт.
Вайна скончылася Паляноўскім мірам, заключаным у чэрвені 1634 года. Краіну адстаялі. Хаця… Усіх страчаных гарадоў і крэпасцяў каштаваў арыгінал крыжацалавальнага запісу маскоўскіх баяраў ад 1610 года аб абранні Уладзіслава IV Вазы рускім царом. Каля 1634 года Юзаф Корсак становіцца старостам, а 2 ліпеня таго ж года — ваяводам мсціслаўскім. Кароль уводзіць яго ў Сенат Рэчы Паспалітай. Улады тады аддзячылі, чым маглі, за ахвярнасць ваяводы, бо толькі ў 1638 годзе Сойм у Варшаве ўхваліў рашэнне кампенсаваць выдаткі на абарону Дзісны з прыбыткаў скарбу ВКЛ, што, аднак, так і не было зроблена. Увесь свой маёнтак Юзаф Корсак, хрышчоны ў праваслаўе і прыняўшы ўніяцтва, ахвяраваў і завяшчаў Касцёлу і Уніяцкай Царкве. Усе фундацыі былі пацверджаныя і пашыраныя тэстамэнтам у рэдакцыях 1639 і 1643 гадоў. Польскі даследчык Ота Гедэман у цікавай працы «Тэстамэнты браслаўска-дзісненскія XVII—XVIII cтагоддзяў як гістарычная крыніца» (Вільня, 1935) пісаў, што ўвогуле дзякуючы тэстамэнтавым запісам свецкае і ордэнскае святарства валодала вялікімі земскімі абшарамі, якія, збіраючыся на працягу стагоддзяў, станавіліся ўсё большымі, бо не падлягалі продажу і падзелу. На Наддзвінні гэта была аграмадная колькасць на тысячы дзесяцінаў, якія густой масай пакрывалі паўднёва-заходнюю частку Браслаўскага павета і паўднёвую Дзісненскага, дзе ў розныя часы пасяліліся бэрнардыны і дамінікане ў Друі, рэгулярныя канонікі ў Відзах і Мёрах, францішкане ў Дзісне, Удзеле і Празароках, піяры ў Лужках, базыльяне ў Беразвеччы і Браславе і г.д., і сярод гэтага зямнога раю горда ўзвышаўся ў сваёй эканамічнай магутнасці і прыгажосці кляштар кармэлітаў босых у Глыбокім у атачэнні фальваркаў на 700 дымоў фундацыі Юзафа Корсака. Існаванне духоўных маёнткаў прыносіла разнастайныя каштоўныя плёны, у прыватнасці — рэлігійную апеку, заснаванне брацтваў, будаўніцтва і ўтрыманне святыняў, дапамогу ўбогім, заснаванне і ўтрыманне школ, навіцыятаў, бібліятэк, майстэрняў, аптэк і г. д., наладжванне больш рацыянальнай сельскай гаспадаркі, меліярацыю.
Нельга было не ўзрадавацца, гледзячы на гэтую ідылію. Аднак улады Рэчы Паспалітай бачылі і іншае. Зыходзячы з таго простага факту, што памяншэнне колькасці зямлі, на якой «сядзіць» шляхта, памяншае і абароназдольнасць краіны, у 1635 годзе была спроба заканадаўчым шляхам абмежаваць тэстамэнтавыя запісы на карысць святарства. Гэта сапраўды была праблема (на яе тле з цягам часу ўзнікалі розныя гаспадарчыя спрэчкі, непаразуменні і наезды), для вырашэння якой улады (хутчэй за ўсё, вымушана) пайшлі самым простым шляхам, але калі б была абрана іншая форма камплектавання войска і ўвогуле іншая ваенная арганізацыя, то, мабыць, мы сёння жылі б не ў Рэспубліцы Беларусь, а ў Вялікім Княстве (ці Каралеўстве?) Літоўскім і мелі б асалоду назіраць той Paradisus, які мсціслаўскі ваявода Юзаф Корсак, нягледзячы ні на якія пастановы, працягваў будаваць. 30 красавіка 1638 года ў Беразвеччы ён заснаваў базыліянскі кляштар святых Пятра і Паўла (адзіны з найбуйнейшых у ВКЛ), дадаўшы да яго маёнтак Беразвечча з шасцю вёскамі і вёску Вежбалаў на Сувальшчыне. У наступным годзе ў Глыбокім ён заснаваў касцёл Унебаўзяцця НПМ і кляштар кармэлітаў босых, аддаўшы ім мястэчка з маёнткамі Ластовіца, Свіла і Пжэдолы, а таксама дакупіў за 140 тыс. злотых маёнткі Гняздзілава і Альбаровічы. Асобная фундацыя была прызначана на ўтрыманне свецкага святара ў Глыбокім. Кармэліты абавязваліся пабудаваць для яго драўляны касцёл, утрымліваць школу, шпіталь, будаваць у фальварках капліцы і г.д. Невыпадкова, што менавіта гэты Ордэн карыстаўся асаблівай любоўю Юзафа Корсака, бо яго галоўнай задачай з 1605 года, калі ён з’явіўся ў Рэчы Паспалітай, была місіянерская дзейнасць сярод праваслаўных для прыняцця Уніі з Рымам. Зразумела, шляхта ахвяравала не толькі землі. Гэта маглі быць асобныя рэчы — арнат, келіх, сталовае срэбра, каштоўныя камяні на аздобу абраза і г. д. Юзаф Корсак не разменьваўся на «дробязі», склаўшы ахвяру, якая магла б істотна папоўніць зборы, напрыклад, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Нават у жахлівым сне Ю. Корсак (які пазбавіў спадчыны родную сястру, паколькі тая была ў шлюбе з кальвіністам, які асабліва папярэджваў беразвецкіх базыліянаў, што будуць пазбаўлены пажалаванняў, калі адыдуць ад Уніі) наўрад ці мог уявіць, што яго любы касцёл кармэлітаў босых пасля паўстання Кастуся Каліноўскага стане самым вялікім праваслаўным храмам Беларусі (на тры тысячы вернікаў). «Hic ossa, anima in coelo in pace quiescunt illustrissimi fundatoris» («Тут спачываюць у супакоі косці славутага фундатара, а душа ў небе») — два стагоддзі ў крыпце касцёла кармэлітаў босых у Глыбокім пад гэтым прыгожым надпісам спачываў прах Юзафа Корсака, сенатара Рэчы Паспалітай, ваяводы мсціслаўскага і старосты дзісненскага, героя дзвюх войнаў і вялікага фундатара. Потым святыня дасталася Праваслаўнай Царкве. …Выкінуты з крыпты, апаганены прах дзве ночы ляжаў пад адкрытым небам. Дзе ён быў потым пахаваны — невядома…
Літаратура:
|
|
|
|