|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
Інтэрв'ю
Іллі ЛАПАТО
з а. Стэфанам ДАРТМАНАМ SJ
«УСХОДНЯЯ ЕЎРОПА — САПРАЎДЫ АДНО З ЛЁГКІХ ЕЎРОПЫ...»
|
|
З 3 па 5 верасня ў нямецкім Фрайзінгу праходзіў ХVІІІ Міжнародны кангрэс «Рэнавабіс» на тэму «Касцёл – СМІ – грамадскае меркаванне». Пра адрозненні ў пытаннях СМІ у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе мы гутарым з кіраўніком дабрачыннай арганізацыі «Рэнавабіс» а. Стэфанам Дартманам SJ, які размаўляе па-нямецку, англійску, шведску, а таксама ведае іспанскую, італьянскую і французскую мовы. На яго кніжнай паліцы ёсць Брэвіярый на ўсіх гэтых мовах. Вучыў святар і польскую, але размаўляе на ёй не так упэўнена.
— Міжнародны аспект заўсёды быў мне вельмі блізкі. Аднак я не ведаў, што сцяжынка прывядзе мяне да езуітаў. Спачатку я хацеў быць дыяцэзіяльным святаром, але, правёўшы адзін год на Святой Зямлі, дзе я пабачыў вялікую колькасць розных рэлігій і пачуў шмат розных моваў, я зразумеў, што гэта атмасфера мне блізкая. Я хацеў нейкім чынам спасцігаць яе і далей. Я адчуў яскравую патрэбу ў духоўнасці і знайшоў яе якраз у ордэне езуітаў.
— Наколькі апраўдаліся Вашы чаканні?
— Міжнародны складнік для езуітаў, сапраўды, абсалютна тыповая з’ява. Цікавы факт: філасофію нашы айцы вывучаюць дома – у Германіі, а вось тэалогію – у Варшаве, Мадрыдзе, Парыжы, Лондане і Рыме. Гэта незвычайна, бо ў Франкфурце ў нас ёсць свой тэалагічны інстытут. Сёння ў нашай нямецка-скандынаўскай правінцыі працуе 63 езуіты, некаторыя з якіх працуюць у Японіі, Інданезіі і Зімбабвэ. Калісьці езуіты з Германіі прыехалі ў гэтыя краіны на працу, а пасля паступова там паўсталі ўжо лакальныя правінцыі нашага ордэну. Дарэчы, нямецка-скандынаўская правінцыя была аб’яднана ў адну толькі ў 2004 годзе. І я быў яе першым правінцыялам.
— Верагодна, шведскую мову Вы вывучылі якраз у гэты час?
— Тут у мяне асаблівая гісторыя. У Швецыі я пражыў апошнія 20 гадоў перад тым, як стаць правінцыялам. І калі правінцыі аб’ядноўваліся, то маю кандыдатуру падтрымалі.
Першы раз я наведаў Швецыю яшчэ ў пастулаце, калі прыязджаў да братоў езуітаў. Чарговы візіт адбыўся ўжо напярэдадні прэзбітэрскага пасвячэння, якое я атрымаў там жа.
Швецыя мне спадабалася адразу. У Стакгольме не толькі асаблівая атмасфера, там нават Касцёл асаблівы. Па-свойму місіянерскі. Рэч у тым, што ў Стакгольме жыве толькі два працэнты католікаў пры тым, што парафія налічвае 10 тысяч чалавек, сярод якіх можна сустрэць прадстаўнікоў ажно 80-ці нацыянальнасцяў.
Парафія ў Стакгольме вялікая, але, каб трапіць на Імшу, многім вернікам даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці. Затое, трапіўшы на Імшу, яны з асаблівым пачуццём удзельнічаюць у ёй. І гэта адметная якасць Касцёла ў Швецыі, якая страчваецца ў Германіі, бо ў нас адлегласць да бліжэйшай святыні ў невялікіх гарадах рэдка складае больш за два кіламетры.
Увогуле, пра Касцёл у Швецыі я магу расказваць доўга. Я вельмі палюбіў гэту скандынаўскую краіну і спадзяюся, што калі-небудзь яшчэ змагу вярнуцца туды. Тым больш, што за 20 гадоў працы там я атрымаў шведскае грамадзянства.
— Як Вы ўспрынялі прызначэнне на пасаду дырэктара «Рэнавабіс»?
— У «Рэнавабіс» я прыйшоў пасля таго, як скончылася мая кадэнцыя працы правінцыялам. Тады я, праўда, думаў, што змагу зноў вярнуцца ў Швецыю, аднак гэтага не адбылося. Мяне прызначылі адным з кіраўнікоў «Рэнавабіс».
Гэта навіна не стала для мяне нечаканай. Па сваёй натуры я — еўрапеец. Я бачыў, як Еўропа расла і развівалася. Памятаю, як ствараўся Еўрапейскі саюз, і сёння назіраю, як у яго паступова ўваходзяць усё новыя еўрапейскія краіны.
Але што для мяне заставалася яшчэ малавядомым, дык гэта Усходняя Еўропа. Там у мяне было зусім мала кантактаў, таму сваё прызначэнне я ўспрыняў як Божую волю – прыняў з радасцю. Сёння дзякуючы гэтай працы кожны дзень я адкрываю для сябе Усходнюю Еўропу.
Усход заўсёды быў часткай Еўропы, але яго ўспрыманне рознілася. І сёння, працуючы з краінамі Усходняй Еўропы больш цесна, мы бачым, што Усходняя Еўропа — гэта вялікія маральныя каштоўнасці і глыбокая вера. Як казаў калісьці Ян Павел ІІ, Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі. І ён цалкам меў рацыю. Усходняя Еўропа — гэта паўнавартаснае лёгкае Еўропы.
У 2010 годзе я ўпершыню прыняў удзел у Міжнародным кангрэсе «Рэнавабіс», але тады я яшчэ не так шмат ведаў пра гэтую арганізацыю — збольшага толькі пра яе задачы і тое, што першым кіраўніком тут быў таксама езуіт, айцец Ойген Хіленгас, які выконваў функцыі дэлегата па фандрэйзінгу ў нашым ордэне.
— Наколькі актуальная тэма сёлетняга кангрэса «Касцёл – СМІ – грамадскае меркаванне» ў еўрапейскім кантэксце?
— У Германіі яна вельмі актуальная. Апошнія гады было шмат скандалаў: гісторыі з неразумным расходаваннем касцёльных сродкаў, праблема касцёльных падаткаў. Касцёл павінен вучыцца будаваць адносіны са СМІ.
СМІ, аднак, часта падаюць інфармацыю не зусім праўдзіва і вельмі аднабакова. Такі інфармацыйны фон у нас. Ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, мяркую, гэтая тэма яшчэ новая.
З майго вопыту магу сказаць: пасля 1993 года многія біскупы хацелі мець сваю ўласную радыёстанцыю або тэлеканал — важнасць камунікацыі была асэнсаваная, і біскупы пыталіся, які канал перадачы інфармацыі найлепшы.
Сёння лідарства ў «новых медыя», у ліку якіх твітар і фэйсбук. Ці дастаткова гэтых сродкаў? Або ўласны тэлеканал павінен усё ж быць? Пытанняў шмат. Я думаю, вопыт гэтых 29-ці краінаў, з якімі працуе «Рэнавабіс», розны.
Важна зразумець, як у гэтым канкрэтным кантэксце Касцёл можа працаваць як найлепш, а таксама тое, як правільна весці камунікацыю, каб яна выклікала цікавасць у людзей.
— Ці можна казаць пра падобнасць камунікацыйных працэсаў?
— Камунікацыйныя працэсы падобныя. СМІ робяць наш свет адной вялікай вёскай, дзе ўсе ўсё ведаюць адзін пра аднаго. Напрыклад, ёсць канал «Аль Джазіра», і мы дзякуючы яму ведаем, чым жыве арабскае грамадства.
Аднак на месцах камунікацыя можа адрознівацца. Памятаю, я наведваў Афрыку і сустракаў людзей, якія не ведалі, што такое стацыянарны тэлефон. Яны хадзілі з мабільнікамі і ні разу не бачылі тэлефонаў з кабелем. Тыя людзі пераскочылі цэлую фазу развіцця тэлефоннай сувязі!
Камунікацыю трэба весці, улічваючы асаблівасці развіцця камунікацыйных каналаў у кожным з рэгіёнаў паасобку.
— Як Вы лічыце, ці павінны духоўныя асобы прысутнічаць у сацыяльных сетках?
— Я ведаю, што некаторыя святары маюць акаўнты ў сацыяльных сетках. Таксама і біскупы. Той жа афіцыйны твітар Пантыфіка таксама можна згадаць.
Але дыскусія тут павінна пачынацца з пытання, дзе мяжа прабывання ў гэтых сетках. Я асабіста трохі скептычны: у фэйсбуку я быў толькі дзве хвіліны. Людзі выдаткоўваюць на сацыяльныя сеткі зашмат часу. Лепш кантактаваць ужывую.
— Як Вы ставіцеся да ініцыятывы так званай споведзі ў інтэрнэце?
— Такога ў нас няма, але ёсць іншая форма камунікацыі — так званая служба духоўнай апекі. У ёй працуюць таксама і святары. Гэтая служба можа быць як тэлефоннай, так і электроннай. Калі ў чалавека пэўная праблема, ён можа ананімна пазваніць у гэтую службу, і яму дапамогуць. І гэтая служба — адна з тых сфераў, дзе прадстаўлены Касцёл. Калі межы ці бар’еры вельмі вялікія, то чаму Касцёлу не выкарыстаць і гэты канал?
— Акрамя штогадовага кангрэса, «Рэнавабіс» праводзіць таксама штогадовыя акцыі па зборы ахвяраванняў на Тройцу. Што гэта за акцыя?
— Сапраўды, штогод мы працуем з дзвюма тэмамі. Першая датычыць кангрэса, а другая — нашай акцыі па зборы ахвяраванняў на Тройцу (ва ўсіх парафіях Германіі ў гэты дзень збіраюцца ахвяраванні для «Рэнавабіс»). Кампанію мы распачынаем звычайна за тры тыдні да пачатку Тройцы: наведваем школы, ладзім мерапрыемствы. Мы расказваем людзям пра сябе, пра нашу дзейнасць, пра нашых партнёраў. І кожны год на гэтую акцыю мы абіраем адну з праблемаў, з якой мы як дабрачынная арганізацыя звычайна ў сваёй працы ўзаемадзейнічаем. Напрыклад, дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі ці сацыяльная адаптацыя бежанцаў.
— Ці можна сцвярджаць, што ў Германіі ёсць асобная культура ахвяраванняў на дабрачыннасць?
— Можна. У пасляваенны час немцам дапамагалі ахвяраваннямі жыхары Швецыі і Нарвегіі. ЗША дасылала нам прадуктовыя наборы. Мы атрымлівалі шмат дапамогі.
І сёння нашы вернікі таксама робяць ахвяраванні з веданнем справы: яны часта дапамагаюць у праектах канкрэтных краінаў. І людзі кантралююць гэты працэс, бо яны хочуць ведаць, куды пайшлі іх грошы.
Дарэчы, словы апостала Мацвея «задарма атрымалі, задарма давайце» (Мц 10,8) я ў свой час узяў за дэвіз на прэміцыйны абразок падчас прэзбітэрскага пасвячэння.
У Германіі распрацаваны адмысловы дзяржаўны сертыфікат дабрачыннай арганізацыі. Іншымі словамі, ён пацвярджае, што арганізацыя правераная і ёй можна давяраць. У «Рэнавабіс» такі сертыфікат ёсць.
Часта людзі скептычна ставяцца да дзейнасці дабрачынных арганізацый: маўляў, грошы расходуюцца неразумна. Але мы імкнемся пераканаць нашых ахвярадаўцаў у адваротным: іх грошы знаходзяць адрасата ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.
Сертыфікат таму і выдаецца, што арганізацыя надзейная і выконвае ўсе неабходныя ўмовы — да таго ж яе праекты кантралююцца звонку дадаткова.
Іншымі словамі — у праектах не павінна быць карупцыі, а якасць выкананых праектаў павінна адпавядаць заяўленаму плану. Пасля заканчэння праекта павінна быць прадстаўлена справаздача па ім. Уся гэта інфармацыя дасяжная для ахвярадаўцаў, што і робіць нашу працу «празрыстай».
Гутарыў Ілья Лапато.
Фота Даніэлы Шульц.
|
|
|