Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(70)/2014

«ЁН ЖЫЎ СЯРОД НАС, МЫ БЫЛІ З ІМ...»
У кантэксце Бібліі

РУТ МААБІЦЯНКА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла

ДАРАГОЕ ЯЕЧКА ДА ВЯЛІКАДНЯ
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва

НАЛЕЖЫЦЬ БЕЛАРУСІ...
Літаратуразнаўства

НЯБЕСНАЯ АПЯКУНКА З ВІЛЬНІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦУД ПОБАЧ
Асобы

ВОІН І ФУНДАТАР
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя

Валеры БУЙВАЛ

ВЯЛІКАЯ МАРЫЙНАЯ БАЗЫЛІКА

У самым цэнтры Рыма, на пагорку Эсквіліне, узвышаецца чацвёртая з папскіх базылікаў Вечнага горада — Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore — Вялікая Марыйная базыліка). Хаця каласальны велічны храм перажыў на працягу стагоддзяў шэраг грунтоўных рэканструкцый, ён захаваў у сваёй кампазіцыі першасную палеахрысціянскую структуру. Гэта адзін з першых хрысціянскіх храмаў Рыма. Папа Сікст ІІІ загадаў распачаць яго будоўлю адразу пасля найважнейшага для ўсяго хрысціянства Трэцяга Сабору ў Эфэсе (431 г.), дзе быў сцверджаны культ Марыі.

Месца для пабудовы Марыйнай базылікі было абрана невыпадкова. Тут яшчэ амаль на стагоддзе раней стаяў касцёл, узнікненне якога звязваюць з легендай. Летняй ноччу папу Ліберыю і рымскаму патрыцыю Джавані ў сне з’явілася Мадонна, якая загадала пабудаваць храм на Эсквіліне на тым месцы, дзе назаўтра выпадзе снег. Раніцай 5 жніўня 352 года рымляне ўбачылі, што ў разгар летняй спёкі на Эсквіліне ляжыць снежнае покрыва. Папа Ліберый, уражаны цудам, уласнаручна накрэсліў на снезе план пабудовы і загадаў распачынаць працы, да фінансавання якіх спрычыніўся патрыцый Джавані.

Марыйная базыліка сярэдзіны V ст. мела і мае дагэтуль тры навы, падзеленыя двума шэрагамі калонаў па 21-й калоне. Цэнтральная нава прыкладна ў два разы больш шырокая за бакавыя. Над калонамі іанічнага ордэру знаходзіцца суцэльны архітраў. Галоўная нава таксама вышэйшая за бакавыя. На яе бакавых сценах па-над архітравам знаходзяцца шырокія вокны — крыніца асвятлення сабора.

Але трэба прызнаць, што гэтая ясная класічная кампазіцыя базылікі «чытаецца» толькі ў інтэр’еры. Многія Пантыфікі імкнуліся ўславіць Марыю, упрыгожваючы і разбудоўваючы Вялікую базыліку. За стагоддзі экстэр’ер храма набыў значна больш складаны вобраз, у якім адлюстраваліся некалькі этапаў разбудовы сабора.

На пачатку XIV ст. былі пабудаваныя трансепт і новая апсіда. У сярэдзіне і другой палове XV ст. кардынал Гільельма д’Этутвіль пакіраваў новымі работамі. Бакавыя навы атрымалі скляпенні, але цэнтральная нава засталася з плоскай столлю. Яе ўпрыгожылі касетонамі на замову кардынала Радрыга Борджыя (пазнейшага папы Аляксандра VІ). У касетонах знаходзяцца пластычныя выявы герба роду Борджыя. Столь цэнтральнай навы блішчыць золатам. Калі ўваходзіш у базыліку, то менавіта гэты ўрачысты бляск у спалучэнні з геаметрычнай пластыкай вялікіх архітэктурных формаў дае першае ўражанне ад інтэр’ера храма. Паводле легенды, залатыя пласцінкі, якімі пакрытыя вялізныя плошчы столі, былі зроблены з золата інкаў. З таго золата, якое прыбыло ў Іспанію з Перу з першым караванам караблёў канкістадораў. Іспанскі кароль Карлас І ахвяраваў гэтае золата на ўпрыгожанне сабора. Пластыкаю столі навы, магчыма, займаўся выдатны рымскі архітэктар Джуліяна да Сангала.

Напрыканцы ХVІ — пачатку ХVІІ ст. базыліка ўзбагачаецца дзвюма капліцамі: Сікстынскай (Сакрамэнтаў) і Паолінскай (Баргезэ), якія размяшчаюцца справа і злева ад галоўнага алтара. Папа Сікст V загадаў пабудаваць капліцу, што носіць яго імя, калі вызначыў базыліку як месца пахавання сваёй сям’і. Архітэктар Даменіка Фантана здзейсніў кардынальную перабудову гэтай часткі храма. Капліца мае купальнае завяршэнне і багатае скульптурнае афармленне. Тут пахаваны пантыфікі Сікст V і Пій V.

У алтары Паолінскай капліцы знаходзіцца
адна з галоўных святыняў базылікі —
абраз з традыцыйным лацінскім назовам «Salus populi romani» .

Другую капліцу пабудавалі на загад папы Паўла V. Яе лічаць самай раскошнай па мастацкім афармленні з усіх капліцаў у касцёлах Рыма. Капліца мае план у форме грэцкага крыжа, а па памерах роўная невялікаму касцёлу. Разнаколерныя мармуры, багатая пластыка, золата, каштоўныя камяні — у пэўны момант здаецца, што ўсяго гэтага надта шмат у архітэктурным арганізме капліцы. Тут знаходзяцца пахаванні пантыфікаў Клімэнта VІІІ і Паўла V. Над пластычным афармленнем капліцы працавала цэлая група скульптараў, сярод якіх найбольш прыкметны П’етра Берніні, бацька вялікага архітэктара і скульптара італьянскага барока Джана Ларэнца Берніні (абодва пахаваныя ў фамільным склепе ў Марыйнай базыліцы). На пачатку ХVІІ ст. групай майстроў было выканана жывапіснае афармленне капліцы, дзе найбольш выразнымі з’яўляюцца фігуры святых, намаляваныя Гвіда Рэні, адным з вядучых жывапісцаў балонскай школы, якая вызначыла характар барочнага жывапісу для ўсяе Еўропы. У алтары Паолінскай капліцы знаходзіцца адна з галоўных святыняў Марыйнай базылікі — абраз з традыцыйным лацінскім назовам «Salus populi romani» («Абаронца рымскага народу»). Мадонна з Дзіцяткам Езусам на залатым фоне намаляваная ананімным майстрам у ХІІ–ХІІІ стст. пад моцным уплывам візантыйскага жывапісу.

Трэцяя з галоўных капліцаў базылікі — капліца Сфорца, пабудаваная Джакама дэлла Порта паводле праекта Мікеланджэла.

Пад галоўным алтаром базылікі знаходзіцца крыпта Нараджэння, або Бэтлемская крыпта, дзе захоўваецца крышталёвы рэлікварый, створаны ў ХVІІІ ст. Джузэпэ Валадзе, у якім ёсць фрагмент ясляў, дзе ляжаў пасля нараджэння маленькі Езус. Тут жа знаходзіцца пахаванне св. Гераніма, аднаго з айцоў Касцёла (ІІІ ст.), аўтара перакладу Бібліі на сярэднявечную лаціну (Вульгата).

Апошняя дабудова базылікі ў значнай ступені паўплывала на архітэктанічны вобраз яе экстэр’ера — канчатковае вырашэнне галоўнага фасада на замову пантыфіка Бэнэдыкта ХІV. Архітэктар Фердынанда Фуга выканаў у 1741–1743 гг. вялізны портык з лоджыяй для благаслаўленняў. У адрозненне ад спакойных рытмаў пілястраў і ў цэлым архітэктурных масаў усходняга контрфасада і апсіды, галоўны фасад атрымаў дынамічную дамінанту ў стылі позняга барока. Нягледзячы на вялікія памеры, калоны і пілястры портыка Фугі ўспрымаюцца як лёгкая канструкцыя, што радасна ажыўляе строга геаметрычную масу базылікі. Скульптуры на яе франтоне таксама ўключаны ў гэты дынамічны кантрапункт. Галоўны фасад атрымлівае сваё канчатковае завяршэнне ў візуальным спалучэнні з кампанілай (званіцай), якая ўзвышаецца над усім будынкам, але знаходзіцца ў глыбіні забудовы. Раманская кампаніла, квадратная ў плане, тыповая для рымскіх званіцаў таго часу, з’яўляецца самай высокай у Вечным горадзе — 75 метраў.

Архітэктурныя наслаенні розных перыядаў ствараюць кампазітны вобраз храма. Раманіка, Рэнесанс, барока гучаць раўнапраўна ў складанай гармоніі цэлага. Але ёсць у базыліцы голас, які вызначаецца стылістычнай чысцінёй гучання, — гэта мазаікі, цэлыя мазаічныя цыклы. Па прыгажосці іх можна параўнаць з мазаікамі Равэны і Канстанцінопаля. Бальшыня з іх належыць да раннехрысціянскага перыяду, які яшчэ жывіўся формамі познеантычнага мастацтва V–VІ стагоддзяў.

Дамінуючае месца ў мазаічным афармленні базылікі займае
вялізная кампазіцыя, якая запаўняе сабою конху апсіды, —
«Хрыстус карануе Марыю».

Дамінуючае месца ў мазаічным афармленні базылікі займае вялізная кампазіцыя, якая запаўняе сабою конху апсіды, — «Хрыстус карануе Марыю». Не трэба забывацца, што ў той час культ Божай Маці толькі пачынаў распаўсюджвацца пасля Эфескага Сабору. І для таго часу рэвэляцыя Боскай сутнасці Марыі ў такім вялікім мазаічным творы, у кампазіцыйна-вобразным цэнтры саборнага комплексу, была наватарскім маніфестам, як сказалі б нашы сучаснікі. Гулкае ззянне залатога фону ўзмацняецца ідэальнай чысцінёй белага ў постацях апосталаў вакол цэнтральнай кампазіцыі. Але велічныя фігуры Хрыста і Марыі замыкае мандорла — сіняе ззянне, у верхняй частцы якога гараць стылізаваныя зоркі. Лічыцца, што гэта першая, самая ранняя захаваная выява мандорлы ў хрысціянскім мастацтве. Безумоўна, адсюль, з гэтай традыцыі, праз стагоддзі вырас стыль блакітных фонаў сярэднявечнага еўрапейскага мастацтва.

Немагчыма распавесці пра кожную мазаіку базылікі, дзе прыгожа разгарнуліся старазапаветныя і новазапаветныя цыклы. Параўнанні стылістыкі дазволілі даследчыкам зрабіць выснову аб роднаснасці мазаікаў з выявамі ў ілюмінаваных познеантычных манускрыптах — «Virgilio Vaticano» і Квэдлінбургскай Бібліі, якая называецца «Itala». У цыклах можна назіраць пачаткі станаўлення хрысціянскай іканаграфіі. Ёсць некалькі рэдкіх сюжэтаў з апокрыфаў — напрыклад, выява сустрэчы Хрыста з губернатарам егіпецкага горада Соцінэ Афрадызіем, які ўпаў перад Немаўляткам ніцма, прызнаўшы ў Ім Збаўцу, або выява трох каралёў, якія паведамляюць вестку аб нараджэнні Езуса Іраду.

Душа напаўняецца святлом пры сустрэчы з яркім творам архітэктуры і выяўленчага мастацтва, які спалучыў у сабе столькі каштоўных старонак гісторыі хрысціянства.

Валеры Буйвал


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY