Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(70)/2014

«ЁН ЖЫЎ СЯРОД НАС, МЫ БЫЛІ З ІМ...»
У кантэксце Бібліі

РУТ МААБІЦЯНКА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла

ДАРАГОЕ ЯЕЧКА ДА ВЯЛІКАДНЯ
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва

НАЛЕЖЫЦЬ БЕЛАРУСІ...
Літаратуразнаўства

НЯБЕСНАЯ АПЯКУНКА З ВІЛЬНІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦУД ПОБАЧ
Асобы

ВОІН І ФУНДАТАР
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

«МАЦІ БОЖАЯ СТУДЗЯНСКАЯ»
Ў БЕЛАРУСІ

Галерэя - дадатак да артыкула

350 гадоў назад пачалася гісторыя абраза Маці Божай з мясцовасці Студзянна Сандамірска-Радамскай дыяцэзіі ў Польшчы. Каля 1630–1640 гг. абраз знаходзіўся ў двары кашталяна Стараленскага ў Незнамяровіцах, а ў час ваеннага «патопу» 1648–1667 гг. быў зрабаваны шведамі. Па адыходзе чужых войскаў ён вярнуўся ў двор. Мяркуецца, што ў Студзянну ён трапіў каля 1657 года. У снежні 1664 г. тут, у двары кашталяна Стараленскага, цяжка захварэў муляр Войцех Ленартовіч, які папраўляў печы. Калі ўжо смерць здавалася яму блізкай, ён нечакана пачуў голас Маці Божай з абраза, які вісеў на сцяне ў пакоі. Голас абнадзеіў муляра, што ён паправіцца, і наказаў збудаваць капліцу на Дзявочым Узгорку. Вестка аб цудоўным вылячэнні хутка разышлася па наваколлі. Да абраза пачалі прыходзіць пілігрымы, асабліва тыя, хто цярпеў ад хваробаў, шмат хто з іх вылечваўся. Адзін з такіх эпізодаў з ажыўленнем знямелай рукі шляхціца адбыўся ў прысутнасці Прымаса Польшчы, біскупа Мікалая Пражмоўскага, які ў 1671 г. прыехаў спраўдзіць звесткі пра цуды вылячэнняў. У тым жа годзе біскуп выдаў дэкрэт аб прызнанні Студзянскага абраза цудадзейным.

Праз два гады ужо стаяў касцёл св. Юзафа і кляштар, у якім пасяліліся ксяндзы філіпіны. Студзянну наведаў кароль Міхал Вішнявецкі (як вядома, ён меў слабое здароўе), а таксама Ян Сабескі, які пакінуў касцёлу свае дары — трафеі са знакамітай бітвы 1683 г. пад Венай, дзе пад яго камандай было разбіта ў тры разы большае войска Асманскай імперыі. Дары Сабескага — паходны алтарык з золата і крышталю, а таксама турэцкі каберац — і цяпер захоўваюцца ў музеі пры студзянскім касцёле.

На працягу 1688–1748 гг. у Студзянне быў вымураваны велічны касцёл у стылі пышнага барока, асвечаны пад тытулам св. Філіпа Нэры і св. Яна Хрысціцеля — адзін з выдатных помнікаў барока ў Польшчы. У яго галоўным алтары з 1776 г. знаходзіцца цудадзейны абраз.

18 жніўня 1968 г. абраз быў урачыста каранаваны Прымасам Стэфанам Вышынскім і кардыналам Каралем Вайтылам — Прымас даў яму імя «Маці Божая Студзянская — Свята-Радзінная» (Сямейная). У ходзе каранацыі фігуры Маці Божай, св. Юзафа і Езуса былі аздоблены сукенкамі, гафтаванымі золатам і срэбрам, упрыгожанымі перламі і каштоўнымі камянямі. Захаваліся шматлікія воты пры абразе, пакінутыя ўдзячнымі пілігрымамі. У 1974 г. папа Павел VІ надаў касцёлу статус меншай базылікі. Адпусты адбываюцца тут 19 сакавіка (дзень св. Юзафа), на Звеставанне, 26 мая (дзень св. Філіпа Нэры), Спасланне Св. Духа, св. Яна Хрысціцеля, Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, Нараджэнне Марыі, Беззаганнае Зачацце Марыі (Miejsce święte Rzeczypospolitej. Lexykon. Znak. Kraków, 1998. S. 294–296).

Малая базыліка ў Студзяннай (Польшча).

Студзянскі абраз намаляваны алейнымі фарбамі на палатне, наклееным на тонкую дошчачку. На ім паказана Святая Сям’я за вячэрай. На думку польскіх гісторыкаў мастацтва, ён выкананы мастаком фламандскай або нямецкай школы паводле гравюры выдатнага французскага майстра Жака Калло (1592/3–1635, Нансі) «Вячэра Святой Сям’і» (1629. 190х168 см). Кампазіцыя ўпісана ў круг, абведзены шырокаю рамаю. Абапал стала сядзяць Марыя, Езус і схілены над ім Юзаф, на стале — запаленая свечка і небагатая ежа. Унізе квадратнага ліста — лацінскі надпіс: VIA AGE CARE PVER, CALIGEM BIBE, TE MANET ALTER \ QUI TENSIS MANIBUS NON NISI MORTE CADET і подпіс аўтара. У інтэрнэце змешчаны абраз на палатне з прыватнай калекцыі ў ЗША, дэталёва блізкі да медзярыта Калло, але ў ім кампазіцыя ўпісаная не ў круг, а злёгку выцягнутая па вертыкалі.

Ужо ў апошняй трэці ХVІІ ст. Студзянскі абраз здабыў такую папулярнасць, што прафесар Віленскай Акадэміі езуіт Ян Дрэўс уключыў яго ў каляндарны даведнік для пілігрымаў сярод 12-ці самых шанаваных абразоў Маці Божай у Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (1684). Майстэрскія гравюры малога фармату да віленскай кніжкі, у тым ліку і Студзянскага абраза, выкананы, хутчэй за ўсё, Лявонціем Тарасевічам. Паводле іканаграфіі і кампазіцыі яго гравюра блізкая да медзярыта французскага мастака (толькі ў Калло выява ўпісаная ў круг, а вуглы квадратнага ліста заштрыхаваныя). У Тарасевіча фармат гравюры «кніжны», прамавугольны, падоўжаны па вертыкалі, а ўнізе дададзена падлога пакоя ў шахматную клетку, характэрная для беларускіх абразоў і партрэтаў ХVII ст. За круглым сталом — Святая Сям’я: злева сядзіць Марыя (у профіль), перад Ёю на стале запаленая свечка з шырокім прамяністым арэолам, такі ж лунае над галавой Марыі; насупраць Езус п’е з вялікага келіха, які падтрымлівае схілены Юзаф з меншым німбам у форме кольца над галавою.

Не выключана, што гравюра Тарасевіча паслужыла іконаграфічнай крыніцай для паўтораў Студзянскага абраза на Беларусі. Нядаўна адзін з іх — з калекцыі Музея гісторыі рэлігіі ў Гродне — быў паказаны на выставе «Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску і выклікаў цікавасць наведвальнікаў рэдкім сюжэтам і мастацкай самабытнасцю. У пачатку 1920-х гг. абраз быў прыдбаны Юзафам Ядкоўскім для гродзенскага музея з касцёла брыгітак (на той час — назарэтанак). Надпіс унізе — «JESUS MARIA IOZEF DOCOR MEV ET ANIMA MEA VOBIS. EGO FR HILARIUS CHOIECKI SACRI Ord. Pred.», — як лічыў Ю. Ядкоўскі, указвае імя мастака — дамініканіна Гілярыя Хаецкага (Muzeum w Grodnie. T. 2, 1924, 1925. S. 34–35). У гродзенскім абразе кампазіцыя яшчэ больш вертыкальная, пункт агляду, як і крыніца святла, зробленыя крыху зверху, стол ярка асветлены. Апрача грушкі ў правай руцэ, у левай Марыя трымае яблык. Як і на Студзянскім абразе, над галовамі замест німбаў намаляваны высокія каралеўскія кароны, а стол Святой Сям’і больш багаты: у цэнтры на глыбокім блюдзе ляжыць ягнятка, побач — магнацкі кубак, недапітыя кілішкі, ножык, лыжка… Лацінскі надпіс уверсе — «VERA EFFIGIES STVD…» — сцвярджае, што гэта сапраўдная выява Студзянскага абраза.

Яшчэ адзін абраз быў знойдзены чвэрць стагоддзя таму на складзе (былым філіяльным касцёле) пры калгаснай стайні ў в. Сейлавічы пад Нясвіжам. Невялікае палатно ляжала на палку побач з хамутамі, дугамі і калёсамі, і хочацца шчыра падзякаваць тагачасным гаспадарам будынка за тое, што яны за столькі гадоў не знішчылі гэты кранальны ўзор народнага сакральнага жывапісу. Адзначым адметную дэталь іканаграфіі. На гродзенскім абразе кароны намаляваныя над галовамі ўсіх трох асобаў Святой Сям’і. На сейлавіцкім абразе, які, верагодна, паходзіў з якога-небудзь нясвіжскага касцёла (найперш, бэнэдыктынак), каронамі адзначаны толькі Марыя і Езус, як і на цудадзейным студзянскім пратографе. Але наогул аўтар нясвіжскага паўтору калі і бачыў Студзянскі абраз, то не імкнуўся (ці не змог) яго дэталёва капіраваць. Святую Сям’ю ён перанёс у шляхецкі пакой з мясцовай мэбляй, вугал якой сімвалічна акрэслены фрагментам арабескавага гзымса на глухім чорным фоне; падлога з шырокіх дошак прымітыўна малюе своеасаблівую перспектыву. На стале — не фрукты Палестыны, а выразная каша з бабовых зерняў. Адзенні Марыі і Юзафа нагадваюць уборы высакародных асобаў з партрэтаў ХVIII стагоддзя.

З’яўленне копіі абраза са Студзяннай у Нясвіжы не выпадковае: вядома, што яго вельмі шанавала Ганна з Сангушкаў(1676–1746), жонка канцлера Караля Станіслава Радзівіла. Справа ў тым, што само з’яўленне на свет першай дачкі Гераніма Сангушкі і Канстанцыі з Сапегаў у іх Ракаўскім двары 23 верасня 1676 года адбылося пры цудоўнай дапамозе Студзянскага абраза. Пра гэта гаворыцца ў старадруку «J. H. Nereziusz. Źródlo cudów i lask Przenaydostojnejszej Maryi Panny z Cudotwornego Studziańskiego Jej obrazu…» (Warszawa, 1729. S. 42):

«Року 1677 (!) у верасні, каля свята св. Міхала, Яе Светласць Канстанцыя з Сапегаў Сангушкава, перажываючы роды, у час іх так захварэла, што ні дактары, ні мудрыя матроны не маглі княгіню ўратаваць, мучылася некалькі дзён, ужо ўсе хваляваліся за жыццё і княгіні, і дзіцяці, ці зможа яно нарадзіцца жывым. Князь, Яго Мосць Геранім Сангушка, ахвяруе княгіню Яе Мосць да Студзяннай і ў знак гэтага кладзе на грудзі абразок Студзяннага Аблічча, і ў той жа момант яна шчасліва нараджае дачку Ганну, моцную і здаровую, і сама княгіня стала здаровай. Пра гэта яна засведчыла ў Студзяннай пры зборы людзей…» (Wanda Karkucińska. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa. Semper. Warszawa, 2000. S. 7).

Ганна Радзівіл усё жыццё памятала пра гэта і аддавала асаблівую пашану Маці Божай, а касцёлу ў Студзяннай прыносіла шчодрыя ахвяры. У рэестры скарбца Ганны Радзівіл 1716 г. з абразоў Маці Божай паказаны: «Найсвяцейшай Панны Студзянскай, у дрэва апраўлены, Найсвяцейшай Панны Чэнстахоўскай, на блясе маляваны, Найсвяцейшая Панна Кодэньская на блясе (Wanda Karkucińska. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa, s. 303–304). Абраз Маці Божай Студзянскай, відавочна, быў намаляваны на палатне, найбольш ужываным мастакамі ХVII ст., таму і не ўказаным у вопісе. Цікава, што гэтыя абразы мы не знаходзім у далейшых вопісах збораў Ганны Радзівіл 1732 і 1736 гг. (Wanda Karkucińska. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa, s. 304–315).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY