|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
Самы яркі прадстаўнік мастакоўскай сям’і Гальбэйнаў, Ганс Гальбэйн Малодшы (1497/98– 1543), уваходзіць у плеяду вялікіх мастакоў Германіі і ўсяго Паўночнага Рэнесанса. Яго творчасць шматгранная. Гальбэйн стварыў цудоўныя гравюрныя цыклы, ілюстрацыі да кніг, карціны на рэлігійную тэму, але менавіта жанр партрэта ў маштабах усяго еўрапейскага мастацтва атрымаў у яго творчасці далейшае развіццё. Рэнесансная асоба была ў цэнтры ўвагі мастака, што адбілася і на ягоных творах рэлігійнай тэматыкі. Ганс Гальбэйн нарадзіўся ў Аўгсбургу, у сям’і познегатычнага жывапісца Ганса Гальбэйна Старэйшага. Разам з сваім старэйшым братам Амброзіўсам ён вучыўся ў майстэрні бацькі, а таксама свайго дзядзькі Зігмунда Гальбэйна. У 1515 г. браты накіраваліся ў швейцарскі Базэль, найбуйнейшы цэнтр кнігадруку Еўропы. Малады мастак на самым пачатку творчага шляху далучыўся да рэнесансавай духоўнай плыні, выконваючы гравюрныя ілюстрацыі да «Пахвалы дурасці» Эразма Ратэрдамскага (які тады жыў у Базэлі і з якім мастак сябраваў, партрэтаваў яго), «Утопіі» Томаса Мора і іншых кніг. Гальбэйн стаў членам Базэльскага мастакоўскага цэху, працаваў таксама ў Люцэрне. У 1523–1524 гг. Гальбэйн працаваў у Францыі, а ў 1526 г. упершыню накіраваўся на два гады ў Англію, што стала для яго лёсавызначальным. Праз два гады ён вярнуўся ў Базэль славутым жывапісцам і набыў два дамы, наведаў Італію. Але ў 1529 г. па ўсёй Швейцарыі адбыліся пратэстанцкія пагромы твораў сакральнага мастацтва (der Bildersturm), пасля чаго было забаронена стварэнне карцін на рэлігійную тэму. У 1532 г. Гальбэйн вырашыў канчаткова перасяліцца ў Англію. У 1538 г. базэльскі магістрат спрабаваў завабіць яго ў горад, прапанаваўшы гадавую рэнту, але мастак адмовіўся. У Лондане па рэкамендацыі Эразма Ратэрдамскага Гальбэйна прыняў вялікі гуманіст Томас Мор, які ў далейшым апекаваўся мастаком і нават прадставіў яго каралю Генрыху VIII. «Мадонна бургамістра Маера» намалявана мастаком у перыяд творчага ўздыму, які супаў з драматычнымі падзеямі наступу Рэфармацыі і крызісу культуры. Эразм Ратэрдамскі выразна ахарактарызаваў гэты перыяд, сказаўшы, што ў ім «замарожаны мастацтвы». Ужо праз кароткі час стварэнне духоўных карцін на пратэстанцкіх тэрыторыях стала немагчымым. У «Мадонне бургамістра Маера» не адчуваецца гэтага драматызму. Імкненне мастака, на наш погляд, было іншым: адлюстраваць гармонію каталіцкай сям’і, духоўнага адзінства людзей малой сацыяльнай групы, іх шчырую веру і адданасць Хрысту і Мадонне. Душа баліць ад думкі, што якраз у гэты час прыўкрасны мастацкі вобраз быў паддадзены дактрынёрскай трактоўцы як «ідалапаклонства» і атрымаў пратэстанцкі прысуд на знішчэнне. Трэба бачыць Божы Провід у тым, што гэты і некаторыя іншыя творы Гальбэйна захаваліся ў віры варварскага разбурэння. Лёс карціны дакладна невядомы, але яна апынулася ў Германіі і доўгі час знаходзілася ў зборах і экспазіцыі рэгіянальнага Музея Гэсена ў Дармштадце (адсюль традыцыйная назва работы). Зусім нядаўна, у 2007 г., карціна была прададзена ў прыватную калекцыю Р. Вюрта і заняла месца ў экспазіцыі музея, створанага гэтай швабскай сям’ёй. Можна меркаваць, што мастака і бургамістра звязвала нешта большае за афіцыйныя адносіны — Якаб Маер цум Хазэн у гэты час ужо не быў бургамістрам Базэля. Ён пакінуў сваю пасаду ў 1521 г. у выніку фінансавага скандалу, але не толькі гэта абцяжарвала яго душу, змушаючы шукаць апірышча і абароны ў Мадонны. Якаб Маер і ягоная сям’я засталіся адданымі каталіцкай веры, не паддаліся спакусе «навізны» і не напалохаліся жорсткіх наватараў. Карціна была намаляваная для сямейных малітваў у сценах дома. Каталіцкія сем’і пачыналі ўжо весці «лакальную абарону» пад навалай Рэфармацыі. Гэта быў сапраўды поўны трагізму працэс — фактычна ўся эліта Базэля была адлучаная ад грамадскіх справаў, і горад пакінуў нават Эразм Ратэрдамскі. Малюючы невялікую карціну для сям’і вернікаў, Гальбэйн быў вымушаны разам з сваімі героямі рэалізоўваць гэты акт творчага і рэлігійнага служэння ў рамках камернага жанру. Які кантраст з трыумфам выяўленчага мастацтва ў каталіцкіх краінах, дзе жывапіс і скульптура квітнеюць на службе Касцёла, ствараюцца манументальныя цыклы фрэсак, велічныя пластычныя кампазіцыі, вялікія алтарныя карціны! Сюжэт карціны Гальбэйна быў папулярным яшчэ з Сярэднявечча: Мадонна з Дзіцяткам Езусам і ўкленчаныя перад імі вернікі, якіх Марыя накрывае сваёю мантыяй. З Сярэднявечча вядзецца таксама і вобразная канцэпцыя твора. Якаб Маер паказаны мастаком разам з жывымі членамі сям’і і тымі, каго ўжо не было сярод жывых. Нямецкі даследчык Ганс Кабэрнус выдатна вызначыў творчае памкненне Гальбэйна: «Ягонае мастацтва скіравана на бязмежную вернасць натуры, на аб’ектыўную перадачу рэчаіснасці. Ён назірае свет бясстрасна, аднак не толькі адлюстроўвае яго, але і глыбока пазнае. І гэта паказвае нам ягоная творчасць, што адначасна сведчыць пра яго асэнсаванне найвышэйшага парадку формы»1. ...Злева паказаны Якаб Маер, яго галава крыху прыўзнятая, позірк скіраваны на цудоўную візію. Рукі замкнёныя ў малітоўным жэсце. Гэта, безумоўна, вельмі дакладны патрэт сучасніка мастака. У Мастацкім музеі Базэля захоўваецца партрэт Маера пэндзля Гальбэйна, створаны на дзесяць гадоў раней. У параўнані бачна, як дачасна пастарэў, як шмат перажыў за адносна кароткі перыяд гэты чалавек. Мы маем цудоўную магчымасць прасачыць генэзіс вобразаў таксама і таму, што захаваліся падрыхтоўчыя малюнкі Гальбэйна (мяшаная тэхніка) да некаторых партрэтных выяваў «Дармштадцкай Мадонны». У параўнанні з графічнай выяваю жывапісны партрэт Маера адлюстроўвае больш стрыманы душэўны стан чалавека (мабыць, гэта было патрабаванне заказчыка). Тое ж тычыцца і партрэта Даратэі, другой жонкі бургамістра, на першым плане, побач з выяваю памерлай раней Магдалены, першай ягонай жонкі. У малюнках Гальбэйн стварыў больш трапяткія, сентыментальныя вобразы. Побач з жанчынамі ўкленчыла адзінае дзіця Маера, якое жыло ў той час, — дачка Ганна з ружанцам у руках. Але нечакана гэтая статыка адступае ў выявах сыноў Маера (яны паказаны ва ўзросце перад смерцю). Маленькі хлопчык не паслухаўся строгіх бацькоў і гарэзліва паказвае на змяты акрайчык раскошнага дывана каля ног Мадонны. Яго з любоўю трымае брат — падлетак, амаль юнак, які таксама вымушана пакінуў калектыўную малітву. Мы згадалі пра сярэднявечнае паходжанне ўсёй гэтай кампазіцыі, але ў сярэднявечным мастацтве было недапушчальным парушыць велічную ўрачыстасць містычнага перадстаяння і пакланення. Рэнесансавы мастак не адрывае сваіх герояў ад рэальнага жыцця — ён узбагачае даўно апрабаваную кананічную форму мастацкай кампазіцыі. Голенькі гарэза каля ног Мадонны — ці ж гэта не паўтарэнне вобраза Немаўляткі Езуса, што таксама неспакойна сядзіць на руках Маці (не адразу нават разумееш, што Ён жэстам ручкі благаслаўляе сям’ю вернікаў). Але цэнтрам суладдзя ў карціне з’яўляецца, безумоўна, постаць Мадонны. Яе каранаваная галава нахіленая, вочы глядзяць уніз. Тонкія прыгожыя рукі пяшчотна трымаюць Езуса. З-пад кароны спадаюць на Яе плечы валасы, хвалі якіх працягваюцца ў складках мантыі, якой Яна абярэжна накрывае сям’ю патрыцыя. Яна і ўсемагутная Валадарка Нябесная, і ласкавая Апякунка, што з’явілася паміж людзей, каб падзяліць з імі іх трывогі. Мастак стварае ў карціне вобраз храма, капліцы. Конха невялічкай апсіды (або нішы) мае форму стылізаванай ракушкі і, нібы німб з праменнямі ззяння, вянчае фігуру Мадонны. Асновай гэтаму авальнаму завяршэнню ўсяе карціны служаць дзве магутныя кансолі, якія абрамляюць маленькую прастору нішы. Цёплыя адценні мармуру конхі змяняюцца грызайльнай манерай, выключна пластычным вырашэннем архітэктурнай формы. Кансолі маюць стылізаваную выяву лісця вінаграднай лазы, а па краях, у глыбіні кампазіцыі, у верхняй яе частцы, мы бачым жывыя галіны і лісце лазы — гэта адзін з яшчэ раннесярэднявечных сімвалаў крыві і ахвяры Хрыста. Проста дзіва, колькі ўсяго змясціў і выказаў мастак у шчыльнай, невялікай прасторы карціны! Цёмна-зялёная сукня Мадонны і яе аліўкавая мантыя паўтараюць зладжаны рытм, зададзены мастаком у праменепадобных пластычных формах конхі. Прыгожую, у цэлым стрыманую гаму карціны ажыўляе чырвань, якая гучыць у выявах старэйшага сына патрыцыя, дывана, нізках разарыяў. А ў постаці Марыі чырвоныя стужкі праменяць выразным каларыстычным і кампазіцыйным кантрапунктам. Твор Гальбэйна на працягу стагоддзяў нясе мудрае хрысціянскае павучэнне кожнай каталіцкай сям’і. Валеры Буйвал
|
|
|
|