|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011. XIII. КАНЦЭПЦЫЯ ЧАЛАВЕКА Разважаючы аб праблеме чалавека ў св. Тамаша, мы найперш зоймемся канцэпцыяй чалавека і будзем шукаць адказу на пытанне, што такое чалавек. Потым нам трэба будзе памеркаваць над дзейнасцю людзей, звяртаючы асаблівую ўвагу на этычныя праблемы. Мы будзем набліжацца да ўсё больш практычных пытанняў. Аднак, каб гэтыя практычныя тэмы сапраўды прынеслі плён, трэба, каб яны былі зразумелыя. У сваю чаргу дзеля таго, каб яны маглі быць зразумелымі, яны павінны стаць даступнымі дзякуючы тым чыста тэарытычным вызначэнням, якія мы зрабілі на пачатку нашых разважанняў. Ранейшая «тэарытычнасць» нашых высноваў уяўная, бо няма супярэчнасці паміж тэорыяй і практыкай, тым больш няма яе ў св. Тамаша. Абедзве гэтыя галіны вельмі моцна звязаныя між сабою, а плённасць у практычнай сферы залежыць ад тэарытычнага падмацавання. Гэтак і з канцэпцыяй чалавека. Метафізічныя вызначэнні, якія мы ўжо спасціглі, будуць неабходныя для таго, каб лепей зразумець думку св. Тамаша ў розных практычных галінах філасофіі чалавека. Нашыя разважанні, якія датычаць чалавечай прыроды і яе праяваў, ахопліваюць дзве часткі: у першай будуць абмеркаваныя найважнейшыя асновы канцэпцыі чалавека паводле св. Тамаша; у другой — эсхаталагічныя перспектывы, якія вынікаюць менавіта з такой канцэпцыі прыроды чалавека. Найперш звернем увагу на некаторыя гістарычныя моманты. У часы св. Тамаша, гэтак жа, як і цяпер, былі дзве крайнія канцэпцыі чалавека. Адна, адмыслова матэрыялістычная, была праяваю тагачаснаю, ХІІІ стагоддзя, філасофскай тэорыі, званай саматызмам (soma па-грэцку цела, а саматызм — гэта погляд, што існуе толькі цела). Дык вось, гэты саматызм, ці матэрыялізм, абвяшчаў, што чалавек — нішто іншае як цела, толькі цялесны арганізм, але толькі больш складаны, чым іншыя арганізмы, што існуюць у свеце вакол нас. У старажытнай філасофіі гэты матэрыялістычны погляд прадстаўлялі — кожны па-свойму — Дэмакрыт, эпікурэйцы і стоікі. У Сярэднявеччы матэрыялізм не меў права голасу, бо тады ўсё было сакральным і такі погляд лічыўся ерэтычным, а таму яго нельга было абвяшчаць адкрыта. Тым не менш сучасныя даследаванні паказваюць, што і ў той час сярод вучоных былі прыхаваныя матэрыялісты. Іх было не так шмат, але дастаткова, каб можна было сцвердзіць, што ў гісторыі еўрапейскай думкі матэрыялістычная плынь ніколі цалкам не знікала. Безумоўна, пераважаў і збіраў велізарную большасць прыхільнікаў супрацьлеглы матэрыялізму крайні спірытуалізм. Гэта быў погляд, згодна з якім, чалавек ёсць толькі духам. Цялеснасць чалавека выпадковая і абцяжарвае яго. Згодна з радыкальна спірытуалістычным падыходам, чалавек — гэта дэман, але дэман у антычным значэнні, што не азначае злога духа. Ён дух, які зняволены, абмежаваны, пэўным чынам скалечаны тым, што злучаны з целам. Гэта быў той крайне спірытуалістычны погляд, вядомы яшчэ на схіле антычнасці, прадстаўлены наступнікамі Платона ў неаплатанізме, ці ў адноўленым платанізме. Неаплатанізм дамінаваў у Сярэднявеччы. Дапасаваныя да хрысціянства неаплатонаўскія канцэпцыі ўвесь час жылі і ўплывалі, ды яшчэ да сённяшняга дня ўплываюць на нашае разуменне чалавека. Тут можна згадаць Арыгена, так званага Дыянісія Арэапагіта, а таксама арабскага філосафа Авэроэса і авэраізм. Паводле Арыгена, аднаго з вялікіх хрысціянскіх аўтараў першых стагоддзяў, які быў перакананым хрысціянінам і разам з тым неаплатонікам, чалавек — гэта анёл, які зграшыў тым, што перастаў сузіраць Бога. Ён быў пакараны выгнаннем, але не ў пекла, як сатана за грэх пыхі, а ў вязніцу цела. Перабыванне гэтага грэшнага анёла ў целе канстытуюе чалавека, таму чалавечая душа — гэта анёл, асуджаны на пакутнае перабыванне ў вязніцы цела, і толькі смерць з’яўляецца вызваленнем з гэтай вязніцы. Пасля смерці чалавек зможа зноў стаць анёлам, вярнуцца, дзякуючы адкупленню і пакаянню, да стану свайго чыстага сузірання і тым самым цалкам пазбыцца сувязі з целам. Гэты погляд Арыгена ёсць тыповым прыкладам ангелізму. Ад грэцкага psychros — халодны, выводзіцца паходжанне слова psyche — душа. Чалавечая душа тады была б замерзлым анёлам, які перастаў быць цёплым, духоўна гарачым, бо перастаў сузіраць Бога. Псеўда-Дыянісій Арэапагіт і яго вялікі паслядоўнік, які жыў у каралінгскі час, а менавіта ў раннім Сярэднявеччы — Ян Скот Эрыўгена, прадстаўляе другую канцэпцыю. У сваіх поглядах ён набліжаецца да неаплатанізму і падобным чынам разглядае чалавечую прыроду. Матэрыя — гэта штосьці кепскае. Цела таксама не добрае, а першапачатковы намер Бога быў у тым, каб стварыць толькі аднаго чалавека: Адама. Ужо стварэнне Евы было адыходам ад гэтай першапачатковай лініі, а тым больш стварэнне мноства людзей. Гэтае мноства, паводле Эрыўгены, ёсць наступствам граху. Матэрыяльнасць таксама наступства граху, таму і цялеснасць, і полавы падзел, і множнасць людзей — усё гэта зло, якое знікне ў апокатастазе, у канчатковым вяртанні ўсіх рэчаў да дасканалага адзінства. Зноў будзе толькі адзін чалавек — Адам. Вось да такіх канцэпцыяў прыходзілі некаторыя філосафы-хрысціяне. Ян Скот Эрыўгена, зрэшты, быў выдатным мысляром і вучоным у эпоху, якая лічыцца асноваю еўрапейскай культуры. Прыхільнікаў знаходзіла таксама інтэрпрэтацыя філасофіі чалавека, прапанаваная арабскім філосафам Авэроэсам і яго наступнікамі. Ібн Рушд — вядомы пад лацінізаваным імем Авэроэс — быў адным з найвялікшых арабскіх філосафаў пачатку ХІІ стагоддзя. Жыў і працаваў ён у Кардове, на тэрыторыі Іспаніі. Ад яго бярэ пачатак погляд, з парафразамі якога мы ўсё яшчэ сустракаемся ў дыскусіях на тэму прыроды і лёсу чалавека. Часта мы чуем выказванні, што чалавек смяротны, чалавек гіне, але чалавецтва вечнае; альбо што чалавек смяротны, але несмяротны дух чалавецтва. Гэта і ёсць думка Авэроэса: няма індывідуальнай несмяротнасці. Авэроэс быў верным арыстоцелікам, а ў Арыстоцеля матэрыяльны пачатак — гэта прычына множнасці. Паколькі пасля смерці застаецца толькі духовая частка чалавека, інтэлект, чалавечы розум, а разрываецца сувязь з целам, матэрыяльным элементам, таму не можа быць несмяротным і існаваць бясконца ў вечнасці індывідуальны інтэлект, гэта значыць адзінкавы дух асобнага чалавека. Усе чалавечыя інтэлекты ў пасмяротным быцці зліваюцца ў аднаго анёла, утвараючы адзін род. Застаецца існаваць толькі гэты род, а не асобныя людзі. Такой была думка Авэроэса. Усе гэтыя погляды ў большай ці меншай меры былі актуальныя ў часы св. Тамаша. Ён сам мусіў вызначыць свае адносіны як да ўсплываючых тут і там матэрыялістычных поглядаў, так і да крайняга спірытуалізму, які праяўляўся ў розных выглядах. Самым пагрозлівым і найбольш жывучым быў авэроізм, які асабліва авалодваў розумамі ва ўніверсітэцкіх асяродках. Прадстаўленая вышэй інтэрпрэтацыя думкі Авэроэса была самай моднай плынню ў тагачасным, яшчэ маладым, універсітэцкім жыцці. Выдатна апісвае гэтую сітуацыю Чэстэртон у сваёй манаграфіі пра св. Тамаша. Тамаш меў цяжкую задачу, бо, імкнучыся выкарыстаць тое лепшае, што было ва ўсіх гэтых, часам даволі дзівакаватых, канцэпцыях, ён хацеў развіць такі погляд на прыроду чалавека, які здаваўся яму найбольш правільным. Была вялікая спакуса пайсці лягчэйшым шляхам. Тут можна парафразаваць словы, якія сказаў Пан Езус: «не кожны, хто кажа Пане, Пане...» (пар. Мц 7, 21), з’яўляецца сапраўдным вызнаўцам Бога. Таксама і не кожны, хто ўвесь час паўтарае «дух, дух...», ёсць тым, хто паказвае найлепшы шлях. Трэба знайсці шлях праўды, сапраўдны шлях, а не шлях, які толькі з выгляду з’яўляецца хрысціянскім. А менавіта крайні спірытуалізм ёсць скажэннем сапраўднай хрысціянскай думкі пра чалавека, і вялікая заслуга св. Тамаша ў тым, што ён гэта паказаў. Рэч не ў тым, каб паўтараць «дух, дух...», калі гаворка ідзе пра чалавека, а ў праўдзе пра чалавечую прыроду. Якія ж галоўныя тэзы канцэпцыі чалавека, якую прапануе св. Тамаш у адказ на апісаныя вышэй філасофіі чалавека, што існавалі ў тагачасных інтэлектуальных плынях? Тут можна назваць пяць тэзаў, якія падаюцца найважнейшымі і найбольш характэрнымі для Тамашовай канцэпцыі чалавека. Часткова яны будуць нагадваць нам, пра што ўжо была гаворка. 1. Чалавек не ёсць з’яднаннем жывёлы і анёла. Ён не з’яўляецца малым сусветам, мікракосмам у тым сэнсе, што ў чалавеку сыходзяцца разам усе элементы свету. Чалавек не ёсць кангламератам, мазаікай. Ён — адінства. Гэта тэза, якую Тамаш падкрэслівае надзвычай моцна і якая ідзе па лініі сучаснай тэндэнцыі г.зв. галізму (holos — увесь, цэлы) у канцэпцыі чалавека. Чалавек ёсць адзінствам як быт найдасканалейшы ў бачным свеце сярод бытаў, складзеных з матэрыі і фармуючага пачатку ці формы. Мы памятаем, што форма і матэрыя — гэта тыя элементы, якія канстытуююць чалавека. Таму чалавек з’яўляецца непарыўнай цэласцю. Ні пра матэрыю, ні пра гэтую форму, што як аснова жыцця ёсць душою, нельга сказаць, што гэта чалавек. Памыляюцца ўсе крайнія спірытуалісты, якія атаясамляюць чалавека з душою, бо асобна ні цела, ні душа не з’яўляюцца чалавекам. Ні пра адзін з элементаў, чыннікаў ці складнікаў, якія канстытуююць чалавека, мы не можам сказаць, што гэта ўжо чалавек. Часам мы задаем сабе пытанне: што такое маё ўласнае «я»? «Я» — гэта не што іншае як толькі цэласць, маналіт, synolon цэласць, злучаная з элементаў, якія мы акрэслілі як матэрыю і форму. Чалавек — гэта не сума, не кангламерат, але адзінства і цэласць. 2. Гэтае адносна дасканалае адзінства — бо дасканалае адзінства толькі ў Богу — гарантуе чалавеку адзіную субстанцыяльную форму, адзіную фармуючую канстытутыўную аснову, якою ёсць чалавечая душа. Чалавек — не дваістая істота, складзеная з душы і цела. Прыгадайма тут яшчэ раз нашыя папярэднія разважанні, якія прывялі нас да высновы, што адзіная субстанцыяльная форма, ці разумная душа, здзяйсняе ў дадзенай чалавечай субстанцыі, у дадзеным чалавеку ўсё. Яна прычыняе тое, што чалавек ёсць, што ён ёсць цялесным бытам, што ён жывы, што мае пачуццёвыя адчуванні, разумовае пазнанне, што ён прымае свабодныя рашэнні. Таму тое, што я існую, што з’яўляюся бытам, што пазнаю разумова, а не толькі пачуццёва, азначае, што маю паняцці, магу выказваць суджэнні, магу разважаць, магу прымаць свабодныя рашэнні — усё гэта ёсць справаю адной субстанцыяльнай формы, ці адной фармуючай асновы, якую называюць субстанцыяльнай формай і якую мы таксама называем душою. І таму душа не прыходзіць да ўжо сфармаванага цела як другі элемент, але яна яго фармуе з усімі ягонымі функцыямі, але разам з тым яна мае свае духовыя дзеянні, звязаныя з гэтым целам, але ў сваёй сутнасці чыста духовыя. Мы выдатна адчуваем, як моцна гэтыя функцыі звязаныя між сабою, як яны ўзаемадзейнічаюць у нашых канкрэтных жыццёвых актах, калі найвышэйшыя духовыя памкненні знаходзяць сваю праяву ў чыста біялагічных і пачуццёвых дзеяннях. Св. Тамаш быў бадай першым, хто так моцна падкрэсліў, што душа надзеленая розумам, душа разумная (можна скарочана назваць яе інтэлектам, розумам) ёсць у пэўным сэнсе гэтага слова формаю цела. У Суме тэалогіі мы чытаем гэтае вельмі простае выказванне: necesse est dicere, quod intellectus, qui est intellectualis operationis principium, sit humani corporis forma (Summa theologiae. I q.76 a.l c.) — неабходна сцвердзіць, што інтэлект, які ёсць менавіта principium, асноваю operationis intellectualis — разумовага дзеяння, але таксама і волі — з’яўляецца формаю чалавечага цела. Гэта была тэза, непрымальная для неаплатонікаў, якія рэзка аддзялялі душу ад матэрыі і лічылі, што дух — гэта штосьці настолькі высакароднае і ўзнёслае, што не можа пляміць сябе шчыльным, трывалым кантактам з целам. 3. З гэтага вынікае, што сувязь душы з целам не можа быць сувяззю выпадковай, як хацеў Арыген. Св. Тамаш рэдка гневаецца на кагосьці, але Арыген выводзіць яго з раўнавагі. Аж да канца свету, кажа Тамаш, мы будзем адчуваць фатальныя наступствы нагэтулькі аблуднай навукі, як Арыгенава вучэнне пра чалавека. Такім чынам — паводле св. Тамаша — сувязь душы з целам не можа быць выпадковаю. Гэта сувязь сутнасная, субстанцыяльная. Сувязь, якая сапраўды канстытуюе чалавечую субстанцыю як маналіт. Нельга казаць, што душа перабывае ў целе, што яна жыве ў целе, бо гэта ўсё няправільныя вызначэнні. Душа стварае сваё жытло, сваё цела. Злучэнне душы з целам, ці субстанцыяльнай формы з матэрыяй, ёсць менавіта канстытуяваннем, тварэннем гэтага канкрэтнага чалавека. Чалавечая душа не ёсць па сваёй прыродзе анёлам, хоць мае найвышэйшыя, падобныя да анёльскіх, духовыя функцыі: пазнання і жадання. Яна не ёсць анёлам, якому ад прыроды ўласцівае бесцялеснае бытаванне. Св. Тамаш падкрэслівае, як мы ведаем, што злучэнне разумнай душы, надзеленай разумовым жыццём, з целам — гэта здзяйсненне чалавечай прыроды і ідзе гэтай душы ad melius — на лепшае, а не ad peius — на горшае. У гэтым — адказ на тыя канцэпцыі, якія прыніжалі вартасць цела. Сапраўды, калі б душа была анёлам і толькі выпадкова злучалася з целам — гэта было б для яе ad peius — ішло б ёй на горшае, было б яе дэградацыяй. Кажучы ў гэтым кантэксце пра чалавечую душу, св. Тамаш часта ўжывае азначэнне humanus intellectus — чалавечы інтэлект. Нярэдка гэты тэрмін азначае адно толькі пазнавальную здольнасць, але часта ён ахоплівае здольнасць пазнання і здольнасць жадання. У чалавека заўсёды ёсць як пачатак пазнання, гэтак і пачатак жадання, імкнення (слова «жаданне» тут не трэба разумець у этычным значэнні, пачатак жадання — гэта проста хаценне). І гэтая сапраўды дзівосная субстанцыяльная форма, гэты humanus intellectus, звязаны ў чалавеку натуральным чынам з целам: est infimus in ordine intellectuum et maxime remotus a perfectione divini intellectus (Summa theologiae. I q.79 a.2 c.) — ёсць адначасна найніжэйшым у іерархіі розумаў у свеце духаў і самым аддаленым ад дасканалага розуму Бога. Тут ёсць градацыя: розум Бога, які атаясамляецца з сутнасцю Бога, ёсць найвышэйшым розумам, а затым, як ужо была пра гэта гаворка, існуюць розныя ступені анёлаў, больш альбо менш дасканалых у залежнасці ад таго, больш ці менш пазнаваўчых формаў яны выкарыстоўваюць для пазнання. Гэта была інтэрпрэтацыя св. Тамаша, якая датычыла думкі Псеўда-Дыянісія пра нябесную іерархію. Anima... nostra in genere intellectualium tenet ultimum locum sicut materia prima in genere sensibilium (De veritate X, 8) — у іерархіі духовых бытаў чалавечая душа займае апошняе месца, як першаматэрыя ў іерархіі цялесных бытаў, — піша Тамаш. Такім чынам, ён паказвае, што ў чалавеку, у чалавечай прыродзе з’яўляюцца першыя пробліскі таго, што мы называем духовым, разумовым жыццём. У чалавеку яны найменшыя, а ў анёлах непараўнальна больш дасканалыя, не кажучы ўжо пра бясконца пераўзыходзячага ўсё Бога. Чалавечая душа знаходзіцца in confinio spiritualium et corporalium creaturarum (пар. Summa theologiae. I q.77 a.2) — на мяжы духовых і цялесных стварэнняў. Яна ўносіць ў чалавека гэтыя primitiae spiritus — пачаткі духу, пробліскі духовага жыцця. 4. Чалавек ёсць і адзінства, і асоба. Гэтая справа была прадметам далёкасяжных высноваў, якія маюць адносіны да грамадскага жыцця і якія зрабіў, між іншым, Жак Марытэн, адзін з найвялікшых сучасных прадаўжальнікаў думкі св. Тамаша. Мы ўсе з’яўляемся адзінствамі на аснове матэрыяльнага чынніка, які ёсць у кожным чалавеку. Менавіта дзякуючы таму, што мы канстытуяваныя з матэрыі і формы, з двух гэтых элементаў, нас шмат, нас мільярды людзей, не толькі тых, што жывуць цяпер, але на працягу ўсёй гісторыі — мінулай і будучай. Кожны з гэтых мільярдаў, і ўсе яны разам, з’яўляюцца людзьмі і належаць да аднаго і таго ж роду: чалавек. Кожны чалавек з’яўляецца асобаю дзякуючы духоваму чынніку, які ёсць у ім, гэта значыць дзякуючы разумнай душы, надзеленай разумовым жыццём, пазнаннем і духовым жаданнем. Дзякуючы гэтаму чалавек і з’яўляецца асобаю. Св. Тамаш вельмі выразна падкрэслівае, што сама душа чалавека — гэта не асоба. Душа чалавека — аснова асабовасці, але яна не асоба. Асобаю ёсць толькі поўны чалавек. Гэтыя справы неадназначныя з гледзішча эсхаталогіі. Як філосафы, якія не звяртаюцца да Аб’яўлення, мы можам мець рацыянальнае перакананне пра вечнасць душы, а значыць пра вечнасць таго чынніка, які канстытуюе чалавека. Але калі чалавек вечны, то павінна трываць у часе ўся яго асоба, а вечнасць душы — гэта яшчэ не вечнасць асобы. Таму ўзнікае нібыта філасофская неабходнасць уваскрашэння. Уваскрашэнне — гэта не філасофская тэза, бо філасофія нічога не можа сказаць на гэтую тэму, але на падставе той канцэпцыі чалавека, якую распрацаваў св. Тамаш, уваскрашэнне нібы навязваецца нам. Калі чалавек трывае ў часе, то вечнасць, якая ўступае ў гульню, павінна быць вечнасцю чалавека, а значыць вечнасцю чалавечай асобы. Праблему несмяротнасці чалавечай душы, вечнасці гэтай душы, а як вынік і самога чалавека, мы высветлім больш поўна, калі будзем больш падрабязна гаварыць пра разумова-пазнаваўчую дзейнасць чалавека. Св. Тамаш уважліва разглядае гэтыя пытанні. Несмяротнасць душы не ёсць для яго толькі праўдаю веры, але яна revelabile — гэта значыць таксама праўда, даступная для філасофіі. Мы адразу можам сказаць, што былі сур’ёзныя хрысціянскія тэолагі, якія мелі іншае меркаванне. Так, Дунс Скот, вялікі францішканскі тэолаг і філосаф, лічыў, што несмяротнасць чалавечай душы — гэта толькі і выключна праўда веры. Яе можна прыняць толькі на аснове веры, а не ў выніку філасофскага разважання. Св. Тамаш стаіць на іншай пазіцыі. 5. Нашая душа, аснова нашай асабовасці і свядомасці, аснова, якая нас канстытуюе, — вечная з увагі на свае чыста духовыя здольнасці і дзеянні. Субстанцыяльная форма не гіне, і не гіне тое, што св. Тамаш называе прыстасаваннем кожнай душы да пэўнага цела. Вучэнне св. Тамаш пра г.зв. commensuratio animae ad hoc corpus — прыстасаванне, прымеркаванне кожнай душы да пэўнага цела, было прадметам майго габілітацыйнага даследавання1 . Я не ўваходжу тут у надзвычай складаныя і цяжкія разважанні на тэму такіх пытанняў, як: што значыць «пэўнае цела», што значыць «прымеркаванне да пэўнага цела»? Агульна кажучы, мы можам разумець гэта так, што дадзеная душа, душа кожнага з нас, можа і мусіць канстытуяваць толькі вось гэтае, а ніякае іншае цела. Для гэтага яна можа браць матэрыю са свету, адкуль заўгодна, бо паўсюль ёсць першасная матэрыя. Мы канстытуяваныя такім чынам, што прыродзе нашай субстанцыяльнай формы, ці душы, уласцівае злучэнне з целам. Больш за тое, кожная душа сапраўды commensurata — прымеркаваная, прыстасаваная да пэўнага цела. Гэта значыць, што яна не можа канстытуяваць іншай асобы, чым тая, якую яна ўжо аднойчы канстытуявала. Гэта фундаментальная тэза. Гаворка не ідзе пра тое, што ў будучым свеце мы мусім быць ідэнтычна і фізічна такімі, якімі ёсць цяпер тут, але што мы мусім быць дакладна тымі ж самымі асобамі. У гэтым святле не маюць сэнсу ўсе вучэнні пра метапсіхоз — перасяленне душаў. Калі б было так, калі б было некалькі пачародных смерцяў і чалавечая душа злучалася б пасля кожнай смерці з новым целам, то, паводле св. Тамаша, яна мусіла б (маючы на ўвазе перасяленне душаў) канстытуяваць аднаго і таго ж самага чалавека. Таму душа не можа пераходзіць ад цела да цела, як з аднаго пакою ў другі, з аднаго жытла ў іншае. Па сваёй сутнасці яна можа канстутуяваць толькі гэтае, а не іншае цела. Перасяленне душаў можа быць прынятае толькі на аснове нейкай крайне спірытуалістычнай, напрыклад, неаплатонаўскай ці іншай канцэпцыі. Вучэнне св. Тамаша пра commensuratio — прымеркаванне, вельмі важнае. Гаворка ідзе аб прыстасаванні кожнай чалавечай душы да пэўнага, менавіта гэтага плоду, да гэтага маленькага чалавека, які нараджаецца, у якім ёсць усе спадчынныя рысы і in nuce — у зародку, увесь будучы чалавек. Душа, створаная Богам, з самага пачатку прыстасаваная да гэтага плоду, які знаходзіцца ва ўлонні маці. Гэтае прыстасаванне вечнае і неад’емнае ад чалавечай душы. Св. Тамаш вельмі моцна гэта падкрэслівае. Калі душа вечная, то павінен быць вечным і ўвесь чалавек, і ніякі іншы, а толькі менавіта гэты, канкрэтны чалавек. Тут паўстае шмат пытанняў. Што значыць «менавіта гэты чалавек»? Бо кожны чалавек няспынна змяняецца ад зараджэння ва ўлонні маці аж да магілы. Як канкрэтна павінна выглядаць гэтае прыстасаванне? Мы ведаем, што пастаянна змяняемся, але разам з тым усведамляем, што ў нас ёсць штосьці, што застаецца, што трывае, а гэтым «штосьці» ёсць душа і яе прыстасаванне да менавіта гэтага цела.
Пераклад з польскай мовы
Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
|
|
|
|