 |
|
Лісты да сястры
Светлай памяці Рэгіны Супрэн
(25 сакавіка 1929 – 5 траўня 2014)
Ехала, каб развітацца з табою навечна.
Прывезла велікодны часопіс «Аve Maria»…
—Прыдумала новыя вершы? –
спытала,
і чыста ўспомніла вершык-малітву
на польскай мове, які навучылася ў школе…
Сонейка грала на частаколе,
праўнучка Насця на скрыпачцы грала,
цёхкаў шпачок, зязюля кувала…
А паміж намі – стаяла яна,
ды ад яе лякарства няма...
Квяцістай вясной па белай зіме
ты напішаш мне,
што ў цябе на ўме:
як лопаюць на вярбе каташы,
як звоніць жывая вада ў гладышы,—
я гэта ўбачу ў слязіне ў сне,
а ты ў мой сон напішы…
Як гэтай вясной зацвіў новы крыж,
пад якім ты маўчыш і маўчыш, і маўчыш…
Ты маўчыш, а травень між белых бярозаў
за сонечным зайчыкам бегае — босы.
Продкі нам пратапталі сцяжынкі
паміж зямлёй і блакітам…
Прылятай на золку ў вёску да скрынкі –
лісты да цябе былі там …
Рэня,
час адмераў сваё вымярэнне…
У прытомнасці — гэта мае значэнне! —
сакрамэнт жыцця намашчэнне,
нібы ў новае нараджэнне,
знікненне ў святло, асвячэнне.
А тое, што прапала на злом,
няхай зліваецца з вечным святлом…
Як ты аднойчы паіла мяне саладухай —
гэта была малітва Святога Духа.
Як я з цябе ў холад сцягвала коўдру,
а вецер між намі грэў сваю морду.
Мікалай на дудачцы свістаў штовечар,
нібы гэта ў коміне свішча вецер.
Такія некалі ў нашай вёсцы
жылі-былі далікатныя хлопцы.
Не ўзяла мяне за руку, як малую…
У каго я ночку пераначую?
Як мне цяпер за цябе і за маму
маліцца слоўцамі са слязамі:
Не памятай, Божа, нашых памылак жыцця,
але збаў душы на хвалу Твайго Імя,
прабач правіны цела-крывіны,
прымі сястрыцу да вечнай Айчыны!
|
|
Жалобны лісток
— Сястрыца, як ты памрэш —
я складу табе просты верш.
Ты яго і чытаць не зможаш,
а мне балець будзе менш…
Там, высока, пры Бозе,
ты гэты боль падфутболь.
Божа, ты нам з сястрыцай
не размінуцца дазволь!
Кіну табе на дарогу
тры жменькі зямлі,
тваёй праўнучкі слёзкі,
маўчанне вясковай радні.
Ты ў зямліцу ўцякаеш –
зямліца цяпер твой дом.
Гэта ж трэба, на неба
з табой адплывае паром.
Гукі, шэпты зялёных шат,
песні – іх ты ведала шмат.
лятуць за табой твае песні
да высокіх зор-немаўлят.
Я цяпер у небе сястрыцу маю,
як з ясным сонейкам, з ёй размаўляю:
—Ленавацца яснаму сонейку нельга,
уставай, сонейка, я не сплю;
як будзеш падаць у новае неба,
я рукамі ў абдымкі цябе злаўлю...
|
|
Дзякуй Табе, добры Божа
Дзякуй Табе, добры Божа,
за Тваё дабро!
Ты прыдумаў нам падарожжа,
у Край, дзе так шмат усяго:
людскога дзявочага шчасця,
рознай работы – па засцежкі –
жыта жаць, слёзы глытаць,
лён палоць, дом будаваць,
чыгуны з паранкай выцягваць з печы
гатаваць у печы смачныя рэчы,
на золку будзіць перапёлку,
вясёлку-дугу маляваць…
Продкі лічылі: беднасць — гэта не грэх.
А цяпер так лічаць, што гэта сорам і смех.
Надрывай здароўе, але багацей,
каб усё выглядала, як у людзей...
Мікалай адмераў жыцця на зямлі –
ленавацца вам не было калі.
А ты адмерала столькі ж пакут,
колькі прабыў Мікалай твой тут.
Кажуць, што час, ты памрэш — ён пагас,
кажуць – там дом будуецца не гарбом,
схоўку душы будуюць маланка і гром…
Там няма – табе дам, а табе не дам,
ты адпусціла нас з Богам і аддала сябе нам…
Ты людзей збірала пры абразах,
кожнаму ўмела слова сказаць,
словам суцешыць, як сэрца гарыць.
Да каго яны зойдуць пагаварыць?
Збяруцца вясной на Ружанец пад крыж,
няхай іх пачуе душа твая звыш.
|
|
Малітвачка сэрца
Я думала – пойдзем разам басанож па полі,
як збіраць чарніцы ўлетку, як да студні па ваду…
Пры сястрыцы, як пры Богу, – мне ўсяго даволі…
Ты сказала:
—Жыві доўга! Я адна пайду.
Пражыла мая сястрыца згодна з воляй Божай –
адчыні ёй брамы неба ля Твайго падножжа,
як мяне паклічаш, Божа, там дазволь сустрэцца…
Дай ёй вечны адпачынак ля Твайго акенца.
|
|
 |