|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
Ірына БАГДАНОВІЧ
НЯБЕСНАЯ АПЯКУНКА З ВІЛЬНІ
Малітоўная паэзія
Абраз Найсвяцейшай Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні з даўняга часу натхняў паэтаў на малітоўныя песні і гімны. Яго праслаўлялі, перад ім кленчылі ў надзеі на збаўленне ў цярпеннях, звярталіся з просьбамі аб заступніцтве, апецы і дапамозе ў розных патрэбах. З абразом звязваліся шматлікія цуды, вера ў якія шырылася і перадавалася з пакалення ў пакаленне, клічучы да яго пілігрымаў з розных куткоў краіны і свету. Так, невядомы аўтар другой паловы ХVІІІ ст. звяртаўся да Маці Божай шчырым сэрцам верніка з падзякаю за атрыманыя раней ласкі («Nieraz tu Twojej doznałem opieki, // Pociechy w smutku i wsparcia w potrzebie») і просьбаю аб духоўнай падтрымцы на жыццёвым шляху:
Вельмі прачулы верш-малітву «Перад абразом Найсв.[яцейшай] Панны Вастрабрамскай (Малітва за Стэфана К.)» напісаў у 1844 г. у Тыфлісе вядомы паэт з Беларусі Тадэвуш Лада-Заблоцкі, высланы за вальнадумства царскімі ўладамі на Каўказ. Паэт з далёкай чужыны, выкарыстоўваючы шматлікія вобразныя сродкі, звяртаецца да нябеснай Апякункі Літвы і моліцца «w odległych skałach Kaukazu» не за сябе — «тулягу сярод азіяцкай пашы», а за бліжняга — за маладога земляка-сірату, даручаючы яго апецы Маці Божай Вастрабрамскай:
Маці Божая Вастрабрамская шануецца і ўслаўляецца не толькі як нябесная заступніца кожнага чалавека, які ў шчырай веры звяртаецца да Яе з асабістымі просьбамі, але і як Апякунка горада Вільні і ўсёй старажытнай Літвы, якою тады называлася вялізная частка беларускіх земляў. Асаблівасцю шанавання гэтага абраза ёсць таксама і тое, што на працягу цэлых стагоддзяў «культ Маці Божай Вастрабрамскай абапіраўся на дзве плыні: рэлігійную і патрыятычную» [1, с. 73]. Яшчэ болей узмацнілася такое спалучэнне ў ХІХ ст. з панаваннем Расійскай імперыі на землях Беларусі, Літвы і Польшчы пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай: «Гады няволі пад расійскім захопам яшчэ больш узмацнілі рэлігійна-патрыятычныя пачуцці нашых продкаў. Пагружаныя ў смутак і няпэўнасць заўтрашняга дня, яны шукалі дапамогі і суцяшэння ў Маці Божай, а Вострая Брама зрабілася месцам рэлігійных маніфестацый і палітычных дэманстрацый. Маці Міласэрнасці была заступніцаю ў вызваленчых бітвах і надзеяй на аднаўленне страчанай незалежнасці» [1, с.75].
У прыгожым вянку вершаў-малітваў, прысвечаных Найсвяцейшай Маці Божай Вастрабрамскай, асабліваю пярлінкай зіхаціць твор знакамітай пісьменніцы сярэдзіны ХІХ стагоддзя Габрыэлі Пузыні (1815 – 1869). Габрыэля была наймалодшай з трох дачок графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў; гадавалася яна ў Вільні і ў палацавым маёнтку Дабраўляны, набытым бацькам ва ўласнасць у 1820 г. (і цяпер вёска Дабраўляны ёсць у Смаргонскім раёне, але ад былога велічнага палаца захаваліся толькі падмуркі, прыдарожная каплічка і мураваны масток праз роў). Габрыэля Пузыня стала вядомай паэтэсай, празаікам, драматургам і мемуарысткай. Літаратурныя і жыццёвыя стасункі звязвалі яе з такімі выбітнымі асобамі, як Ігнат Ходзька, Ян Чачот, Тамаш Зан, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ды іншыя дзеячы культуры. Значную гісторыка-літаратурную каштоўнасць маюць успаміны Габрыэлі Пузыні «W Wilnie i dworach litewskich» («У Вільні і літоўскіх дварах», выдадзеныя ў 1928 г.). Яе паэзія і проза таксама не страцілі сваёй каштоўнасці, а, наадварот, прывабліваюць высокай духоўнасцю, увасабленнем хрысціянскіх і патрыятычных ідэалаў, чаруюць эстэтычнай дасканаласцю формы. Мы знаёмілі ўжо чытачоў «Нашай веры» з узорамі «малой» прозы графіні Габрыэлі (гл.: «Наша вера», № 3, 2011). А пачынала яна свой літаратурны шлях з вершаў, якія пісала яшчэ з дзяцінства. Першы зборнік яе вершаў быў цалкам прысвечаны рэлігійнай тэматыцы і красамоўна называўся «W imie Boże!» («У iмя Божае!», 1843). Ён набыў сярод чытачоў вядомасць своеасаблівай «кантычкі» для хатняга чытання і быў вельмі папулярным у шляхецкіх маёнтках, асабліва ў жаночым асяроддзі. Наступны зборнік вершаў «Dalej w świat!» («Далей у свет!», 1845) быў прысвечаны ўжо цалкам свецкім асобам і падзеям, праз апісанні якіх выразна праступаў глыбокі хрысціянскі светапогляд аўтаркі, выяўляліся яе рэлігійныя пачуцці. У канцы 1850-х гг. Габрыэля Пузыня рыхтуе да выдання найпаўнейшы на той час зборнік сваіх ранейшых і новых вершаў «W imie Boże – Dalej w świat!» («У iмя Божае – Далей у свет!»), які быў апублікаваны ў 1859 годзе.
Менавіта ў гэтым выданні быў змешчаны сярод яе новых твораў верш «Песня аб Найсвяцейшай Панне Марыі Вастрабрамскай». У гэтым вершы якраз адлюстравалася тая асаблівасць культу Маці Божай Вастрабрамскай, пра якую мы згадалі вышэй, — спалучэнне рэлігійнай і патрыятычнай плыняў. Захаваўся падрыхтаваны да выдання ў выглядзе досыць аб’ёмнага агульнага сшытка рукапіс гэтага зборніка — суцэльны ўласнаручны аўтограф Габрыэлі. На тытуле маецца адзнака цэнзара з дазволам друкаваць зборнік, аднак у самім рукапісе некаторыя вершы і радкі былі выкрасленыя цэнзарам, а таму іх не было ў друкаваным выданні. Цэнзурай былі закрэсленыя вершы «Да Тамаша Зана», «Старыя ліпы», «Развітанне з Кракавам» (прычым верш «Старыя ліпы» раней друкаваўся). У вершы ж, прысвечаным Маці Божай Вастрабрамскай, быў выкраслены апошні радок заключнай страфы (замест яго ў друкаваным тэксце з’явілася шматкроп’е), які падаўся царскаму цэнзару небяспечным сваёй патрыятычнай скіраванасцю і спадзяваннем на цуд вызвалення Краю з-пад расійскай няволі. Прывядзем гэтую страфу ў арыгінале (паводле згаданага аўтографа), дзе аўтарка звяртаецца да Маці Міласэрнасці з апошняй просьбай і надзеяй:
Заўважна, што заключная страфа мела алегарычны сэнс: звяртаючыся з просьбай абараняць горад, аўтарка параўноўвала ягоных жыхароў з сіротамі, якіх ратуе толькі апека Маці Божай сярод «суровай буры», што ёсць алегорыяй панавання чужой захопніцкай улады – улады Расійскай імперыі. Аўтарка таксама згадвала ўчынены некалі Маці Божай цуд, у выніку якога горад быў абаронены ад ворага, а ў заключным радку гучала просьба аб паўтарэнні цуду. Менавіта гэты радок і быў выкраслены як небяспечны, як заклік да змагання з новымі захопнікамі Краю. Мяне, як перакладчыка і даследчыка творчасці Габрыэлі Пузыні, зацікавіла, да якіх падзей гісторыі Вільні адсылае перадапошні радок верша «Już raz przed Tobą pierzchnęła trwoga»? Пошук у энцыклапедычных выданнях не даў адказу на гэтае пытанне, але яго, здаецца, дае верш, прысвечаны таксама Маці Божай Вастрабрамскай, «Obrona wielka miasta Giedymina», напісаны невядомым аўтарам у 1756 годзе. Аўтар называе Найсвяцейшую Панну Вастрабрамскую «Магутнай абаронай горада Гедыміна», «Каралевай Польскай і Літоўскай Княгіняй», згадвае пра шматлікія цуды, якімі ўслаўлены абраз, і, сярод іншага, гаворыць пра ўдалую абарону Вільні падчас нападу шведаў. Факт абарончага цуду, апісаны ў вершы, звязаны, па ўсёй верагоднасці, з падзеямі Паўночнай вайны, што адбывалася на землях былой Рэчы Паспалітай у першыя дзесяцігоддзі ХVІІІ ст. Вось адпаведны фрагмент гэтага верша, які, відавочна, быў добра знаны на Віленшчыне:
У наступнай страфе невядомы аўтар апавядае, што ўся моц ашчэранага шведскага «ільва» некуды знікла («…lwa potęga w momencie pierzchnęła») перад цудатворнаю абаронаю горада. Цікава, што Габрыэля Пузыня ў сваім вершы таксама ўжывае дзеяслоў «pierzchnęła», згадваючы ранейшую слаўную падзею, апісаную ў папярэднім ананімным тэксце. Таму наўрад ці можна лічыць сувязь паміж абодвума вершамі выпадковай — хутчэй, Габрыэля Пузыня свядома скарыстала ў сваім творы прыём алюзіі, каб дапоўніць малітоўна-рэлігійны змест верша патрыятычнай інтэнцыяй. У вастрабрамскай паэзіі згадваецца яшчэ адзін пераможны эпізод, які меў месца ў часе паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794 г.), калі пад Востраю Брамаю адбылася перамога абаронцаў горада над расійскім войскам. Гэты факт знайшоў сваё паэтычнае ўвасабленне ў ІХ кнізе паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, які апавядае, што адна гараджанка бачыла на свае вочы цуд — яна бачыла, як маскоўскі генерал, уваходзячы з казацкім палком, ужо адчыняў браму, але гараджанін па прозвішчы Чарнабацкі забіў яго, а таксама «zniósł cały pułk kozacki». Даследчык і збіральнік вастрабрамскай паэзіі кс. Тадэвуш Крахель згадвае, што ўслед за Міцкевічам гэты ж эпізод апісаў у сваім вершы, прысвечаным абароне Вострай Брамы, Антон Гарэцкі [2, с. 26]. Відавочна, што і да гэтага легендарнага эпізода, які жыў у народнай памяці і звязваўся з цудадзейным абразом, мог таксама адсылаць радок верша Габрыэлі Пузыні. Пераклад верша Габрыэлі Пузыні «Песня аб Найсвяцейшай Панне Марыі Вастрабрамскай» зроблены паводле рукапіснага аўтографа і друкуецца ўпершыню.
Гл. таксама:
Літаратура:
|
|
|
|