|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
Ванда Банішэўская1 нарадзілася ў 1907 г. у Новай Каменцы каля Навагрудка. Ужо з дзяцінства яна была глыбока рэлігійная, менавіта таму пажадала прысвяціць сваё жыццё Богу, уступіўшы ў адну з безгабітавых манаскіх супольнасцяў. З 1925 г. Ванда Банішэўская рэалізоўвала сваю місію і пакліканне ў Супольнасці Сясцёр ад Анёлаў, якая вяла апостальскую дзейнасць на Віленшчыне, дзе святары мелі цяжкасці з выкананнем душпастырскіх абавязкаў2. Пасля Другой сусветнай вайны і змены межаў з’явілася магчымасць рэпатрыяцыі на тэрыторыю Польшчы. Сёстры ад Анёлаў таксама задумваліся над магчымасцю выезду. Апостальская праца сясцёр у кантэксце яе ўкрытага характару мела значную каштоўнасць ва ўмовах, калі Касцёл пераследаваўся, а гэтага трэба было чакаць пасля далучэння Літвы да Савецкага Саюза. Безумоўна, сёстры, застаючыся на Віленшчыне, былі пад пагрозаю рэпрэсій з боку ўлады. Кіраўніцтва супольнасці палічыла, што кожная з сясцёр павінна асабіста прыняць рашэнне аб тым, ці хоча яна застацца, ці ўсё ж хоча выехаць у пасляваенную Польшчу. У выніку на Віленшчыне засталося 35 сясцёр, якія вырашылі працягваць тут працу згодна з харызмаю супольнасці. Ужо тады сёстры ўсведамлялі, што іх чакае пераслед. Сярод іх была і сястра Ванда Банішэўская. Савецкая ўлада лічыла манаскія супольнасці асабліва небяспечнымі. Ужо падчас першай савецкай акупацыі ў 1940–1941 гг. распачалася нацыяналізацыя манаскіх будынкаў і маёнткаў. Манахі павінны былі пакінуць свае кляштары і жыць паасобку, спадзеючыся на падтрымку зычлівых людзей або сваіх сем’яў. Падчас нямецкай акупацыі гэтая сітуацыя не змянілася, але частцы манахаў удалося вярнуцца ў свае кляштары. Новы этап барацьбы з манаскімі супольнасцямі распачаўся ў 1944 г. разам з уваходам у Літву Чырвонай Арміі. Войска займала кляштары, канфіскоўвала маёнткі і жыўнасць паводле рашэння мясцовай выканаўчай улады. Гэта дзейнасць не толькі дэзарганізоўвала манаскае жыццё, але і вяла да поўнай яго ліквідацыі. План дзеянняў адносна манаскіх супольнасцяў быў распрацаваны на пачатку 1947 г., аднак да яго выканання прыступілі толькі ў сярэдзіне 1948 г. у адказ на байкатаванне духоўнымі асобамі рэгістрацыі веравызнаўчых супольнасцяў і на абвастрэнне барацьбы з катэхізацыяй дзяцей і моладзі. Акцыя ліквідацыі манаскіх супольнасцяў распачалася ў ліпені 1948 г. праз адабрэнне парадку нацыяналізацыі дамоў малітвы і кляштараў. Пад ліквідацыю падпадалі ўсе манаскія жаночыя супольнасці, але з мужчынскіх вырашана было зарэгістраваць чатыры, якія мелі ў Літве сваіх генералаў. Канчаткова з імі расправіліся ў сярэдзіне 1949 года. Згодна з пастановаю ўлады, манаскія супольнасці былі «самаліквідаваныя», і не адбылося ніякіх рэпрэсій. З таго часу манаскае жыццё вялося толькі патаемна, без такіх бачных адзнакаў, як габіт, манаскія дамы і ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці. Супольнасць Сясцёр ад Анёлаў была заснаваная і фарміравалася ва ўмовах, калі душпастырская дзейнасць Касцёла абмяжоўвалася, у сувязі з чым пераход да канспіратыўнай дзейнасці нагадваў вяртанне да першасных формаў арганізацыі. Сёстры былі падрыхтаваныя і да апостальскай працы, і да вядзення манаскага жыцця без бачных знешніх структураў. Складанае матэрыяльнае становішча стала адным з фактараў, які значна абмяжоўваў іх дзейнасць у пасляваеннай Літоўскай ССР. У 1946 г. на Віленшчыне існавалі чатыры Супольнасці Сясцёр ад Анёлаў: два дамы ў Вільні — у раёне Кальварыі і на вул. Святаянскай, 9; адзін дом — у Янцельнішках (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тургелях) і адзін — у Прыцюнах (парафія св. Юрыя ў Буйвідзах). Матэрыяльнае становішча сясцёр яшчэ больш пагоршылася ў 1948 годзе. Супольнасць імкнулася вырашыць яго, трымаючы рукадзельна-кравецкі кааператыў «Saule» і два дамы, нацыяналізаваныя ў Кальварыі. Нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы і небяспеку, манашкі надалей супрацоўнічалі са святарамі і катэхізавалі, у супольнасць уступалі новыя дзяўчаты. Пасля вайны сястра Ванда Банішэўская жыла ў супольнасці ў вёсцы Прыцюны, дзе сёстры трымаліся за кошт земляробства. Яны мелі намнога больш свабоды для апостальскай працы, чым у Вільні: рыхтавалі дзяцей да сакрамэнтаў, апекаваліся капліцаю. Думалі, што ў аддаленай ад Вільні вёсцы ім не пагражае ніякая небяспека, аднак аказалася, што менавіта Прыцюны сталі месцам выкрыцця супольнасці. Cястра Ванда Банішэўская, выконваючы абавязкі настаяцельніцы ў супольнасці, папрасіла езуіта айца Антонія Зомбка, цэлебраваць св. Імшу ў капліцы сясцёр, бо ранейшы капелан Прыцюнаў і духоўны кіраўнік сястры Ванды, ксёндз Часлаў Барвіцкі, выехаў, каб весці працу ў новай парафіі. Айцец Антоні першы раз прыехаў у Прыцюны ў 1946 годзе. Ён прыязджаў спачатку сістэматычна, а потым вырашыў назаўсёды пасяліцца ў доме сясцёр. Яшчэ некаторы час айцец рабіў уяўныя прыезды ў Прыцюны, каб схаваць сапраўднае месца свайго жыхарства. Асцярожнасць была неабходная, бо з 1946 г. павялічыліся выпадкі рэпрэсій святароў3. Небяспеку адчулі толькі тады, калі 18 жніўня 1948 г. у парафіі Лучаі каля Маладзечна быў арыштаваны кс. Часлаў Барвіцкі. Падчас вобыску ў жыхароў знайшлі 17 сшыткаў з яго дзённікамі і сотні старонак запісаў пра містычныя перажыванні сястры Ванды Банішэўскай4. З канца 1948 года сітуацыя станавілася ўсё больш складанаю, бо жыхароў вёскі ўсё часцей схілялі інфармаваць уладу аб падазроных асобах. Айцец Зомбэк вырашыў перайсці з дома сясцёр у будынак выдавецтва, які стаяў непадалёку, і ў падвале зрабіў сабе схованку5. Здавалася, што ніхто не цікавіцца месцам яго знаходжання, але ў «Запісцы», падрыхтаванай на падставе аператыўных матэрыялаў начальнікам 6-га аддзела Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Літоўскай ССР, пазначана 6 агентаў з найбліжэйшага акружэння айца Антонія, якія ў 1945–1950 гг. даносілі на яго. Яны мелі псеўданімы «Кедров», «Смирнов», «Старик», «Больной», «Вильби», «Луч»6. Службу бяспекі спачатку цікавіла не Супольнасць Сясцёр ад Анёлаў, а толькі езуіт, які хаваўся ў іх доме. Найбольш балючы для сясцёр перыяд пачаўся ў нядзелю Уваскрасення Пана. Парадаксальна, што дзень канчатковай перамогі над злом стаў пачаткам іх шляху па муках. У 1958 г. сястра Ванда Банішэўская напісала свае ўспаміны пра гэты перыяд па просьбе свайго спаведніка7. «На Вялікдзень, 9 красавіка 1950 г., а 3-й гадзіне раніцы, у Прыцюнах, сёстры ўсталі, каб пайсці ў Буйвідзы на рэзурэкцыю. Першай устала сястра Стаха Мікалайчык і, адчыняючы дзверы ў двор, з перапалоху ўскрыкнула моцным голасам. Паколькі было яшчэ даволі цёмна, яна не распазнала людзей, адзін з якіх праціснуўся ў пакой, а іншыя, схапіўшы яе за рукі, упіхнулі назад. Гэта былі трое мужчынаў у цывільным адзенні і ў капелюшах — сышчыкі. Яны запыталіся: „Хто з вас гаспадыня дома?“. Ёю была сястра Рузя Радзевіч. Загадалі адзецца і разам з ёю распачалі вобыск ва ўсім доме. „У вас павінен быць злодзей, які ўкраў у нас 20 тысячаў і г.д.“, — паведамілі яны. Айца Антонія Зомбка і сястру Рузю адразу арыштавалі. Айца Зомбка разам з рэчамі забралі ў аўтобус, на якім прыехала шмат вайскоўцаў і міліцыі, каб ачапіць не толькі ўсе нашы пабудовы, але і суседзяў Радзевічаў. Аўтобус ад’ехаў разам з салдатамі, забіраючы з сабою а. Зомбка, с. Рузю і Ганю Дубаўнік8. Быў ужо амаль поўдзень»9. Падчас вобыску ў торбе айца Зомбка знайшлі статут Супольнасці Сясцёр ад Анёлаў і дзённік, які ён вёў з часу прыбыцця ў Прыцюны. Разам з айцом арыштавалі сястру Разалію Радзевіч. Незразумелы быў спакой астатніх сясцёр, якія не спрабавалі ані схавацца, ані нават знішчыць «доказы», якіх не знайшлі падчас першага вобыску.
«Супрацоўнікі» вярнуліся 11 красавіка: «На трэці дзень пасля Вялікадня, 11 красавіка 1950 г., а 15-й гадзіне, заехаў грузавік, зацягнуты брызентам з дзясяткамі салдатаў і двума „спадарамі“ ў цывільным — сышчыкамі, — адзін з іх пазней аказаўся следчым. Яны прыехалі арыштоўваць мяне. Спачатку адзін з іх загадаў ісці з імі і паказаць месца, дзе хаваўся айцец Антоні. Калі я выйшла з дома, сказаў стаць побач з салдатам з вінтоўкаю, а другі фатаграфаваў нас. Пасля ён фатаграфаваў схованку, кожны куток, авечак з ягнятамі, курэй і ўвесь падворак, а пасля капліцу і школьны будынак»10. У гэты дзень арыштавалі сястру Ванду Банішэўскую. У ордэры на арышт ад 12 красавіка 1950 г. пазначана прычына яе затрымання. «Злачынства» сястры заключалася ў тым, што яна была манашкаю і па просьбе а. Зомбка нелегальна праводзіла ў вёсцы Прыцюны заняткі з сялянскімі дзецьмі, знаёміла іх з рэлігійнымі тэрмінамі. Яе дзейнасць назвалі «шарлатанскаю», а саму абвінавацілі ў тым, што выдавала сябе за незвычайную асобу, апавядала пра свае кантакты з памерлымі і прадказвала будучыню народаў. Праз некаторы час адбыліся чарговыя арышты. У выніку выкрыцця супольнасці пад арышт трапіла дваццаць сясцёр і трое свецкіх памочнікаў11. Сястра Ванда, як і іншыя сёстры, апынулася ў следчым ізалятары ў Вільні на вул. Ахвярнай, у месцы злачынстваў над прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцяў, якія жылі на Віленшчыне. Спачатку гэта быў будынак для мясцовага губернскага суда, які пабудавалі ў 1890 годзе. Да пачатку Другой сусветнай вайны тут вяліся галоўныя судовыя і адміністрацыйныя справы. Пасля захопу ўсходніх земляў, у верасні 1939 г., і ўтварэнні ў 1940 г. Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі пачаліся масавыя арышты і дэпартацыі, а падвал будынка ператварылі ў вязніцу. У 1941 г. пасля нападу немцаў тут размясцілі штаб гестапа. З 1944 г. і да атрымання Літвою незалежнасці будынак быў памяшканнем органаў Дзяржбяспекі, а таксама месцам арышту, допытаў і выканання смяротных прысудаў. У 1944–1960 гг. у падвале было закатавана больш за тысячу вязняў12. Для ўсіх сясцёр допыты былі часам, поўным цярпення і прыніжэння. У самай цяжкай сітуацыі апынулася сястра Ванда Банішэўская, пра містычны досвед якой пісалі ў сваіх дзённіках кс. Часлаў Барвіцкі і а. Антоні Зомбэк. У час духоўных перажыванняў, асабліва ў пятніцы Вялікага посту, у яе адкрываліся кроватачывыя раны — стыгматы на руках, нагах і ў баку. Сястра Ванда старанна хавала свае перажыванні, якія асабліва цікавілі следчых на допытах. Досвед сястры апісваўся ў яе лістах і ў дзённіках а. Зомбка, кс. Барвіцкага і Мядарда Гаявіцкага, настаўніка з Прыцюнаў, абвінавачанага таксама з-за запісаў, знойдзеных падчас арышту.. Адзін з тэкстаў с. Банішэўскай інфарматар па мянушцы «Луч» атрымаў яшчэ ў 1948 г. ад сваёй знаёмай з лагераў праз пасрэдніцтва жанчыны, якая наведвала ў Сібіры свайго мужа. Пра досвед духоўных перажыванняў с. Ванды — хоць яна старанна яго ўтойвала — большасць сясцёр нават не ведала, але чуткі пра яго разышліся даволі шырока. «Мой допыт распачаўся ноччу з 11 на 12 красавіка 1950 г.: біяграфія і розныя дазнанні, фальшывыя абвінавачванні, абразлівыя словы, біццё па твары, удары нагамі пад калені сталі прычынаю падзення на падлогу. Допыт доўжыўся да раніцы. На стале стаяў графін з вадою, прапанавалі мне напіцца, але, нягледзячы на тое, што я вельмі хацела піць, адмовілася. Тады штосьці такое зрабілі, што графін пачаў скакаць па стале, нібы пад уздзеяннем Духа Святога. <...> Адзін або два разы вёўся цяжкі допыт. Паклікалі яшчэ аднаго маёра, які, не ведаючы майго стану здароўя, абышоўся са мною па-зверску. Ён не дазволіў сядзець, загадаў стаяць, потым лаяўся прыніжальнымі для жанчыны словамі. Біў пад калені, я не магла ўтрымацца на нагах. Дакладна не памятаю, толькі ведаю, што пасля такога допыту следчы сказаў салдату весці мяне пад руку: „Вядзіце яе памалу і паклічце доктара, бо яна вельмі слабая“. Пасля ён звярнуўся да мяне: „Заўтра дазваляю Вам ляжаць у камеры“»13. Нягледзячы на такія метады допытаў, сястра Ванда называла іх «даволі кароткімі і нават больш людскімі, чым пазнейшыя, у Расіі, на Урале і ва Уладзіміры пад Масквою»14. Часта самі следчыя дзівіліся з містычнага досведу с. Ванды. Нягледзячы на тое, што яны вызнавалі свой атэізм, звышнатуральнай рэчаіснасці ўсё ж баяліся. Сястра Марцыяна Дайнавец згадвала: «Аднойчы падчас следства абвінаваўца сказаў мне, нібыта Ванда гаворыць, што вы будзеце ў небе, а мы — у пекле. Запыталіся ў яе: «Што рабіць? Мы не хочам быць у пекле». Яна адказала: «Трэба рабіць дабро». Яны пасур’ёзнелі, палагаднелі і перасталі праводзіць допыт у гэты дзень»15. Падчас допытаў следчыя звярталі асаблівую ўвагу на ўсе «антысавецкія» выказванні, якія сястра гаварыла або запісвала ў сваіх дзённіках. Ванда Банішэўская нязменна дапускала і пісала тое, што ўсе словы паходзяць не ад яе, а яна чула іх падчас візіі. Яна прызналася, што не толькі ведала аб знаходжанні айца Зомбка ў Прыцюнах, а што па ўласнай ініцыятыве старалася дапамагчы яму схавацца. Пра сястру Ванду дазнаваліся таксама ў іншых арыштаваных, асабліва ў айца Зомбка і Мядарда Гаеўскага. Яны абодва сведчылі пра с. Ванду як пра незвычайную асобу, вельмі адданую Богу. На следстве было высветлена, што айцец Зомбэк чатыры гады хаваўся ў «нелегальным манаскім доме Супольнасці Сясцёр ад Анёлаў у вёсцы Прыцюны», баючыся адказнасці за сваю «антысавецкую злачынную дзейнасць». «Зомбэк як „агент Ватыкана“ быў спецыяльна пакінуты ў ЛССР для вядзення антысавецкай місійнай дзейнасці. Адначасова ён падтрымліваў сувязь з кіраўніцтвам ордэну езуітаў у Польшчы, інфармаваў аб некаторых праектах Савецкай улады. З канца 1946 г. у антысавецкіх мэтах Зомбэк атрымліваў ад манашак — Радзевіч, Банішэўскай, Арлоўскай і іншых — усе магчымыя матэрыялы антысавецкага зместу і вёў шпіёнскую дзейнасць і паклёпніцтва на Савецкі Саюз. У 1946 г. у яго была магчымасць перадаць справаздачу пра сваю місійную дзейнасць аднаму з замежных святароў, які знаходзіўся ў Маскве»16. Дадаткова айца Антонія абвінавацілі ў супрацоўніцтве з с. Вандаю Банішэўскаю, якая «выдае сябе за святую». Следчыя лічылі, што гэта супрацоўніцтва насіла таксама антысавецкі характар і мэты. Справу айца Антонія Зомбка і сясцёр накіравалі ў спецыяльную камісію пры МДБ СССР. Палкоўнік Мартавічус пісаў у сваёй справаздачы, што справа не можа разглядацца ў судзе, асуджаныя за рэлігійны фанатызм не прызнаюцца ў антысавецкай дзейнасці, хоць гэта і відавочна»17. Сёстры былі асуджаныя па дзвюх справах: прыналежнасць да нелегальнай арганізацыі, супрацоўніцтва з «агентам Ватыкана» а. Зомбкам і ўкрыванне яго ў манаскім доме. «У дадатак Банішэўская выдавала сябе за “незвычайную” асобу, якая нібы мела кантакт са звышнатуральным светам і пад выглядам прароцтваў распаўсюджвала правакацыйныя думкі, паклёпнічала на кіраўніцтва партыі і савецкі ўрад»18. Сястру Ванду абвінавацілі таксама ў вядзенні запісаў антысавецкага зместу і нелегальным навучанні дзяцей рэлігіі. Прысуд быў вынесены 16 снежня 1950 года. Сястра Ванда Банішэўская была асуджаная на 10 гадоў зняволення паводле параграфа 58-1а, 58-1019. У турэмным шпіталі, у чаканні перавозу на месца зняволення, с. Ванда знаходзілася ў адным пакоі з с. Рэгінай Арлоўскай. Тады ім удалося правесці разам рэкалекцыі. Сястру Ванду вельмі непакоілі лёсы іншых зняволеных. Адзінай надзеяй была вера ў тое, што гэта ўсё запісана ў Божым плане: «Падчас рэлігійных практыкаванняў мяне не адзін раз ахоплівалі моцныя спакусы, я дакарала сябе, што з’яўляюся галоўнаю прычынаю зняволення і пакутаў усіх сясцёр і святароў, а таксама Мядагра Гаеўскага і Франуся Мацулевіча. Некалькі дзён я змагалася з сабою, аж пакуль не прызналася с. Рэгіне, у сваю чаргу тая сказала мне, што і яна дакарае сябе за знаёмства з айцом Зомбкам у Прыцюнах. Калі так, то лепш будзем лічыць гэта Божым допускам. Потым і ўжо да канца рэкалекцый я мела душэўны спакой»20. Сястра Ванда Банішэўская была для супрацоўнікаў таталітарнай сістэмы жывым доказам, які пярэчыў абвешчанай імі атэістычнай ідэалогіі. З моманту арышту да яе адносіліся з асаблівай жорсткасцю і лічылі надзвычай небяспечнаю асобаю. Нягледзячы на вельмі дрэнны стан здароўя, яна была накіраваная ў вязніцу для палітычных злачынцаў у Верхнеўральску21.. Час, праведзены ў вязніцы, сястра Ванда называе ў сваім дзённіку «чыстцам». З прычыны «незразумелай хваробы», г. зн. стыгматаў і містычнага стану, з ёю пастаянна праводзілі допыты, з яе фізічна і псіхічна здзекаваліся, спрабуючы знайсці тлумачэнне звышнатуральных з’яваў, якія адбываліся з ёю ў вязніцы. Следчых асабліва цікавілі візіі, якія датычылі Сталіна і Берыі. Сястра Ванда не памятала, што гаварыла падчас візій, у што не хацелася верыць. У астрожным дзённіку было шмат апісанняў амаральных допытаў: «Ну, Банішэўская, ты — святая, выдатная падманшчыца, калі не скажаш нам праўды, то ўбачыш, што застанешся без вачэй, без грудзей, без носа, без рук, уся будзеш пакалечаная». Адзін са следчых трымаў у руках маленькі рэвальвер: „А гэтым мы цябе даб’ём, зразумела?“. Я расплакалася і дрыжала, бо была перакананая, што мяне будуць калечыць, да гэтага часу яшчэ такіх „абяцанняў“ не чула. Другі пачаў мяне супакойваць, угаворваў не браць гэтага да галавы. Потым ён звярнуўся да іншых, кажучы, што я буду адказваць на пытанні. „Хто табе расказваў усё гэта пра Сталіна, Берыю, Абакумава, Молатава, пра ўрачоў-яўрэяў і іншых?“. Я адказала: „Ніхто“. „Тады адкуль ты маеш інфармацыю пра такіх „высакародных“ людзей з нашага савецкага ўраду?“ Адказваю: „Калі што і ведаю, і дакладна сказала, то ад Бога або ад майго анёла — ён усё ведае, а я — грэшны чалавек, такі ж, як і вы, сама па сабе нічога не ведаю“. Усе гучна разам засмяяліся: „Ты — незамужнняя, ты — манашка, ты яшчэ не грашыла». Яны потым перашэптваліся паміж сабою, адзін аднаму нешта расказваў, пішучы на лістах, каб я нічога не магла зразумець. А я сапраўды нічога не разумела, што яны абмяркоўваюць. Праз некалькі хвілінаў злосны следчы ўстаў з крэсла, падышоў і як звер накінуўся на мяне, пачаў біць і крычаць, як д’ябал: „Хлусіш, гавары праўду, ты, святая птушачка! Гэта ўсё хлусня!..“ Ад удару ботам другога следчага я павалілася на падлогу, загадаў устаць, але я не магла ўстаць ад болю, бо ён так моцна ўдарыў мяне па нырках, што аж абсікалася, і мне было сорамна ўставаць перад мужчынамі, хацела сядзець на падлозе, хаця баялася наступнага ўдару. Я думала, што тады сапраўды мне будзе канец. Аднак на гэтым усё скончылася, ізноў увайшла санітарка, якой я адразу шапнула, каб прынесла спачатку анучу, бо сталася „няшчасце“ і я намачыла падлогу, але яна неяк зусім не здзівілася і сказала: „Напэўна, са шклянкі вам давалі піць“. Вось яна і падказала мне лепшае тлумачэнне. Я вярнулася ў камеру і пачала плакаць ад болю і сораму, мне было вельмі цяжка перажыць гэты допыт...». Сястра Ванда з-за пабояў на допытах шмат разоў трапляла ў шпіталь. Такім чынам з’явіўся гузак на грудзях, які трэба было выдаляць праз аперацыйнае ўмяшальніцтва яшчэ падчас знаходжання ў вязніцы. На яе спрабавалі ўздзейнічаць электрычнымі разрадамі, што ледзьве не закончылася смерцю: «Іншы начальнік страшыў, што будуць мяне караць так, як яшчэ нікога да гэтага не каралі. Пасля мяне завялі ў нейкую шафу і электрычнымі шнурамі нешта маніпулявалі, а далей я ўжо нічога не памятаю, пакуль не апынулася на мяккай канапе і нада мною не стаялі некалькі ўрачоў у белых халатах і кіраўніцтва лагера. Я пачула, як адзін з урачоў сказаў, што ўколаў больш не трэба, бо сэрца пачало працаваць. Мне далі яшчэ нейкія кроплі, потым прыйшлі санітаркі і аднеслі мяне ў ізалятар, а дзяжурнаму сказалі назіраць за мною праз адкрытае акно, каб было больш паветра». Сястру Ванду не раз садзілі ў карцар, зачынялі ў камерах з небяспечнымі асобамі, псіхічнахворымі, чаго яна асабліва баялася. Аднак усе сродкі аказаліся неэфектыўнымі — не ўдалося ні высветліць таямніцы яе хваробы, ні прымусіць прызнацца ў хлусні. Сістэма рэпрэсій аказалася слабая перад гэтай «хворай жанчынай», больш за тое, яе прысутнасць моцна ўплывала на персанал вязніцы. «Уночы нечакана адчыніліся дзверы і ўвайшоў начальнік, і пачаў прасіць у мяне прабачэння за тое, што біў маёю галавою аб сцяну. Ён сказаў: „Ведаеце, цяпер я пераканаўся, што Бог ёсць, бо сумленне не дае мне спакою, я мусіў перажагнацца, зрабіць знак крыжа. Мая мама — веруючая, я таксама хачу быць веруючым, як вы. Калі вас выпусцяць на свабоду, то прыедзьце да мяне, я буду апекавацца вамі як роднаю сястрою. Добра?“. Я адказала яму: „Вельмі хачу, каб вы і ўся ваша сям’я адшукалі веру“. Ён працягваў далей: „А ведаеце, што вы казалі пра Сталіна, Берыю і Абакумава? Гэта ўжо вядома — яны былі д’ябламі...“. Нехта яго паклікаў, я думала, што маюць якія-небудзь справы. Толькі пазней мне шапнула санітарка: „Яго ўжо выключылі з партыі, і, хутчэй за ўсё, ён не будзе тут працаваць, бо сказаў, што вас беззаконна асудзілі, сцвярджаў, што Бог сапраўды існуе...“. <...> Пасля смерці Сталіна напісаў мне ліст і прыслаў 100 руб. на цукар». Гэта быў не адзіны начальнік, якога з-за справы сястры Ванды звольнілі з працы. Персанал, які займаўся с. Банішэўскаю, мяняўся вельмі часта. Гэта датычыла і працаўнікоў вязніцы, і лекараў з медсёстрамі. Ніхто не меў права размаўляць з сястрою па-за допытамі, але, хоць кожнае слова ў яе камеры падслухоўвалася, многія прасілі сястру аб малітве. Звычайна гэта была ўжо апошняя сустрэча. Здзіўляў той факт, што сястра Ванда, нягледзячы на моцнае вынішчэнне арганізма, усё жыве. У вязніцы яна два разы перанесла запаленне мазгавой абалонкі, запаленне нырачнай лаханкі, перытаніт і шмат іншых хваробаў. У сваім дзённіку яна часта падкрэслівала добразычлівае стаўленне ўрачоў і медсёстраў, многія з якіх з-за кантакту з ёю страцілі працу. Здаралася, што с. Ванда доўгі час не прымала ні ежы, ні вады, часам у знак пратэсту (калі, напр., з яе знялі крыжык), а часам проста таму, што не магла есці. Сітуацыя крыху палепшылася пасля смерці Сталіна. Допыты скончыліся, дазволілі высылаць лісты і атрымліваць пасылкі, і ўрэшце з’явілася надзея на вяртанне, калі адзін з урачоў сказаў: «Даю вам слова гонару, што калі пачнеце больш есці, паедзеце на Радзіму». Сястра Ванда Банішэўская шмат разоў прасіла аб вызваленні па прычыне стану здароўя. У 1952 годзе яна накіравала першую просьбу аб пераглядзе справы, просячы перавесці яе з лагера ў калонію для інвалідаў. Яна пісала: «Адчуваю, што прысуду ў лагеры не вытрымаю, але вельмі хачу жыць. Не хачу яшчэ паміраць22». Просьба была адхіленая з-за няздольнасці манашкі выконваць якую-небудзь працу і загаду трымаць яе ў строгай ізаляцыі. Пасля ўказу ад 14 ліпеня 1954 г. з лагераў пачалі вызваляць крымінальных і палітычных вязняў, асуджаных на 5 гадоў. Лагеры пакідаў той, хто бездакорна сябе паводзіў і адбыў 2/3 пакарання. Наступны перагляд справы павінен быў распачацца ў кастрычніку 1954 года. Тады прызналі, што, нягледзячы на дрэнны стан здароўя, да с. Ванды нельга прымяніць закон аб амністыі23. Магчымасці вызвалення вязняў былі пашыраныя загадам Вярхоўнага Савета СССР і Генеральнага пракурора МУС СССР ад 19 сакавіка 1956 года. На гэты раз пад амністыю трапілі ўсе сёстры. Апошнія вярнуліся ў Вільню ў жніўні 1956 года. Найбольш цяжкасцяў з вызваленнем мела с. Ванда Банішэўская з-за яе «асаблівай грамадскай шкоднасці», а потым, калі яе прызналі невінаватаю з-за вельмі дрэннага стану здароўя, яна атрымала канчатковае вызваленне ў дзень Сэрца Марыі, 22 жніўня 1956 года: «Мяне паклікалі на камісію. Паколькі я была ў шпіталі і ў шпітальным адзенні, медсястра прывяла мяне ў суд, або на разгляд маёй справы камісіяй. <...> Адзін з салідных мужчынаў, якія сядзелі за сталом, г. зв. старшыня камісіі, запытаў у мяне імя, прозвішча, узрост, як даўно сяджу і за што абвінавацілі. Я адказала, што пасля запалення мазгавой абалонкі не памятаю. Мяне вучылі так адказваць. Шчыра кажучы, я і так не памятала, у чым мяне абвінавацілі. Яшчэ адною прычынаю слабай памяці было тое, што калі падпісвала пратаколы на рускай мове, не ўсё было мне зразумелае, як, напр.: „Вы падпісалі, што прызнаеце сябе незвычайнаю істотаю“. А я гэтага зусім не памятаю і слова «необыкновенная» не разумела. Іншы суддзя запытаўся, ці маю я сваякоў, да якіх магла б адсюль паехаць. Я адказала: „У Польшчы“. Тады старшыня звярнуўся да начальніка нашай вязніцы і сказаў: „Вы павінны паклапаціцца пра тое, каб з дапамогаю Міністэрства ўнутраных спраў і ўрачоў даставіць яе ў Польшчу“. Пасля ён звярнуўся да мяне: „Вас абвінавацілі незаконна. Цяпер Камісія Вярхоўнага Савета перагледзела Вашу справу і вызваляе Вас, але разумееце, што трэба яшчэ ўладзіць фармальнасці і перадаць уладам Польшчы, — гэта не адбываецца так хутка, а Вы — яшчэ вельмі слабая. Вас перавядуць у пункт для чужаземцаў, і там старайцеся вярнуць сілы, каб вытрымаць дарогу ў Польшчу. Зразумелі?“. Я адказала спачатку ў душы: „Сэрца Марыі, дзякую Табе“, — а пасля гучна — „Так, дзякуй вам“. Адразу ўвайшла тая самая медсястра, узяла мяне пад руку і завяла ў шпітальную камеру. Яна была вельмі рада і віншавала мяне са свабодаю»24. Пасля вязніцы с. Ванда выехала ў Польшчу. Яна знаходзілася ў розных дамах супольнасці, дзе, нягледзячы на слабы стан здароўя, старалася ўключыцца ў жыццё і працу супольнасцяў. Вяртанне яе і 19-ці іншых сясцёр з лагераў лічыцца асабліваю праяваю апекі Божага Провіду над Супольнасцю Сясцёр ад Анёлаў. Сёстры, якія пасля вайны вырашылі застацца ў межах ЛССР, добра ўсведамлялі пагражаючую ім небяспеку, як і кожная з новаўступаючых у супольнасць. Адказваючы на пакліканне, яны паказвалі свой вялікі давер, рызыкуючы жыццём і свабодаю. На гэты акт даверу Бог адказаў незвычайным дзеяннем свайго Провіду, які благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька назваў «цудам існавання».
Пераклад з польскай мовы
|
|
|
|