|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
«Адны касцёлы, што так дарагія нам, пахіліліся ад старасці і падаюць пад шматгадовым цяжарам свайго існавання. Іншыя касцёлы людзі замяняюць на новыя, што ззяюць раскошаю, <...> на жаль, яны не прамаўляюць моваю традыцыі. Яны не маюць любых сэрцу пачарнелых абразоў, намаляваных няўмелаю рукою; фігураў, выразаных самавукамі... Некаторыя святыні мы страчваем, калі яны пераходзяць у чужыя рукі. Другія ж помнікі пустошыць няўмелае аднаўленне, якое праводзіцца недасведчанымі людзьмі, тым самым вынішчаецца паэзія старажытнасці. І смутак, і жаль застаюцца пасля гэтых <...> дарагіх сэрцу стратаў — пахаваных старэнькіх касцёлаў»1. Гэтыя горкія і дакладныя словы Язафата Фрыдэрыка Жыскара, напісаныя ў пачатку ХХ стагоддзя, характарызуюць складаную гісторыю каталіцкага касцёла ў Беларусі ХІХ–ХХ стагоддзяў і з болем адгукаюцца ў сэрцы. Гады ліхалецця зрабілі сваю чорную справу. Страшна толькі ад адной думкі, што чалавечыя рукі некалі рабавалі і руйнавалі родныя нам касцёлы, збівалі крыжы, здымалі і пераплаўлялі званы, палілі кнігі — разбуралі ўсё каштоўнае і святое, што іншыя беражлівыя і руплівыя рукі будавалі і множылі. Гэта лёс нашых касцёлаў, гэта лёс нашай веры, гэта наш лёс... Дзякуй Усявышняму, у спадчыну засталіся нам касцёлы, што нябачнай сілай злучаюць нас з душамі нашых продкаў і ў век высокіх тэхналогій пераносяць у іншы свет, свет высокіх ідэалаў і непарушных традыцый. Касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) з’яўляецца адной з нямногіх захаваных святыняў Беларусі і старажытнейшай мінскай парафіяй, якая мае даўнюю гісторыю і багатыя рэлігійна-духоўныя традыцыі. Таму асабліва важнай для айчыннай гісторыі, уласнай самаідэнтыфікацыі, а таксама для павагі да нашых продкаў і для памяці наступных пакаленняў стала знаходка «Інвентарнага апісання мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа2 (1870 г.)». Яго каштоўнасць яшчэ больш узрастае ў сувязі з тым, што дыяцэзіяльных дакументаў у Беларусі захавалася няшмат. Гэты дакумент трапіў нам у рукі падчас навуковай вандроўкі ў Літву ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта ў аддзеле рукапісаў і старадрукаў пад шыфрам F57-653-756. Да нашых дзён зберагліся інвентарызацыі і візітацыі старажытнай мінскай парафіі, што рабіліся ў XVII стагоддзі — цяпер яны захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Паводле даследаванняў гісторыка і краязнаўцы Уладзіміра Дзянісава, адзін з самых старых дакументаў такога тыпу датуецца 1632 годам. Але большасць з іх паходзіць з канца XVIIІ і першай паловы ХІХ стагоддзя. Так, Камісіяй нагляду ў 1807 г. быў складзены інвентар «Мінскага фарнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны і св. Міхала Арханёла»3 , згарэлага ў 1809 г. падчас вялікага пажару разам з большасцю парафіяльнай дакументацыі (захаваліся толькі пяць метрычных кніг); а ў 1856 г. было зроблена інвентарнае апісанне і адрамантаванай у 1842 г. драўлянай капліцы4. Гісторыя інвентарных вопісаў мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) не вельмі багатая на дакументальныя крыніцы. У выніку вывучэння дакументаў, па храналогіі адпаведных канцу ХІХ — пачатку ХХ ст., выявілася, што «Інвентарнае апісанне мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа (1870 г.)» з’яўляецца першай вядомай грунтоўнай крыніцай такога тыпу, падрыхтаванай пасля кансэкрацыі святыні ў 1864 г., і на працягу апошняй трэці ХІХ ст. яна застаецца адзінай. Другі захаваны пісьмовы помнік — «Візітнае апісанне мінскага Св.-Троіцкага Залатагорскага касцёла 1908 года»5 — быў складзены толькі ў пачатку ХХ ст., з ім можна пазнаёміцца ў публікацыях У. Дзянісава6.
Лёс «Інвентарнага апісання мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа» (1870 г.) падобны да дэтэктыўнай гісторыі. Звычайна афіцыйныя паперы, што датычыліся гаспадарчых касцёльных справаў, пытанняў архітэктуры, фундавання, перапіскі святароў з духоўным кіраўніцтвам, дзяржаўнымі ўладамі і да т. п., траплялі ў дыяцэзіяльны архіў, і названы дакумент пасля ўкладання і ўзгаднення таксама быў перададзены ў Вільню ў архіў Віленскай дыяцэзіі7. З 1883 г. па імператарскім загадзе ўсе касцёлы Мінскай губерні падпарадкоўваліся Магілёўскаму арцыбіскупу, а яго рэзідэнцыя знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу. Менавіта туды павінен быў адправіцца архіў Віленскай дыяцэзіі, і адпаведна, былой Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. Архіў складаўся з некалькіх частак, размешчаных у розных будынках Вільні, у тым ліку на гарышчы віленскага катэдральнага касцёла (дарэчы, «Інвентарнае апісанне мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа» (1870 г.) мы знайшлі сярод музычных рукапісаў, якія мелі непасрэднае дачыненне да галоўнай віленскай святыні). Гэты факт выратаваў наш дакумент і ад знішчэння разам з часткай архіва Мінскай дыяцэзіі, пакінутай у Вільні. Туды ўвайшлі афіцыйныя паперы з 1790 г. па 1869 г., а таксама падрабязнае інвентарнае апісанне Мінскага дэканата за 1790 год. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. архіўныя дакументы Магілёўскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі захоўваліся ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Ленінградзе, дзе большасць з іх і была ліквідаваная8. Інвентарныя вопісы звычайна складаліся падчас штогадовай візітацыі дыяцэзіяльнага біскупа або адзін раз за пяць гадоў. Біскуп павінен быў у пэўны тэрмін інфармаваць Папу Рымскага пра стан уручанай яму паствы. Інвентары таксама маглі пісаць і тады, калі пробашч касцёла перадаваў абавязкі кіраўніка парафіі свайму пераемніку9. «Інвентарнае апісанне мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа» (1870 г.) якраз і было складзена ксяндзом Валентыновічам для ксяндза Заўсцінскага. Некалькі слоў пра гэтых святароў.
Біяграфічных звестак пра кс. Аўгустына Валентыновіча (1829–1898) амаль не захавалася. Згодна з інфармацыяй беларускага музыканта і публіцыста А. Ельскага, былога бэнэдыктына Аўгустына Валентыновіча «лёс кідаў па ўсёй [спачатку Мінскай, пасля Віленскай. — С. Ш.] дыяцэзіі», а знайшоў спачын ён на парафіі ў Пскове10. З грунтоўнай каталагізаванай работы кс. Язафата Жыскара «Нашы касцёлы» мы даведваемся пра асобу Аўгустына Валентыновіча крыху больш. Ён выкладаў тэалогію ў Мінскай духоўнай семінарыі, стаў магістрам гэтай дысцыпліны і прафесарам установы, а пазней займаў пасаду мінскага дэкана. Пасля служэння ў Залатагорскім касцёле, у 1870 г., кс. А. Валентыновіч быў накіраваны, а паводле словаў кс. Я. Жыскара «выдалены, сасланы»11, на працу ў воўкавіцкую парафію12. Кс. А. Валентыновіч старанна працаваў у парафіі, а памяць пра яго яшчэ доўга жыла сярод мясцовых вернікаў. Асабліва славілася бескарыслівасць святара, якой людзі часта карысталіся, «ахвяруючы» за ўдзяленне сакрамэнту хросту «закручаныя ў паперу гузікі»13. Давялося кс. А. Валентыновічу прычыніцца да рэстаўрацыі касцёла ў Воўкавічах у 1880 годзе. Кс. А. Валентыновіч, хутчэй за ўсё, памёр менавіта ў Воўкавічах у 1898 г., бо быў пахаваны на адных з самых старажытных каталіцкіх могілках Беларусі, кальварыйскіх, пры мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, філіяй якога на перыяд з 1885 г. па 1906 г. стала воўкавіцкая парафія. На жаль, мы валодаем мізэрнымі біяграфічнымі дадзенымі і пра наступніка кс. А. Валентыновіча на пасадзе пробашча мінскай Троіцкай парафіі — кс. Браніслава Заўсцінскага. Ён, як і яго папярэднік, здзяйсняў душпастырскую дзейнасць не больш за год. Вядома і тое, што ў 60-я гады кс. Браніслаў Заўсцінскі быў штатным ксяндзом капліцы Мінскага дабрачыннага таварыства пры мінскім парафіяльным катэдральным касцёле і, згодна з дакументамі, атрымліваў заробак у памеры 60 рублёў14. Паводле інфармацыі, прыведзенай біскупам Паўлам Кубіцкім у кнізе «Святары, змагары за справу касцёла і бацькаўшчыны ў 1861–1915 гадах», кс. Б. Заўсцінскі ў 80-я гады ХІХ ст. выконваў абавязкі пробашча гродзенскага былога бэрнардынскага касцёла і прэфекта дзвюх мясцовых гімназій. Святар меў бескампрамісны характар і прытрымліваўся прынцыповай пазіцыі ў некаторых важных пытаннях. Меркаваць пра гэта дазваляе ліставанне віленскага і гродзенскага губернатараў, якія жадалі ўтаймаваць непакорлівага ксяндза праз суровую вымову, а ў выніку пазбавіць яго ганаровай пасады прэфекта мясцовых гімназій. Прычынай такога супрацьстаяння стала нежаданне кс. Браніслава Заўсцінскага прызнаваць уладу дэкана кс. Яна Малышэвіча, да якога біскуп Караль Грынявіцкі прымяніў экскамуніку15 і суспенсу16 з-за непрыняцця карэспандэнцыі ад свайго непасрэднага кіраўніка17. «Інвентарнае апісанне мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа» (1870 г.) складаецца з 30-ці аркушаў, фармат старонкі — 35,8 на 22,5 см, кожная з іх змяшчае каля 30-31 радкоў. Дакумент складаецца з наступных раздзелаў:
Унікальнасць «Інвентарнага апісання мінскага Троіцкага рымскага каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа» (1870 г.) заключаецца ў тым, што яго ўкладальнікам дэталёва зроблены пералік усёй маёмасці касцёла, з педантычнасцю апісаныя тонкасці і спецыфічныя асаблівасці архітэктуры пабудовы. Аўтар спыніў увагу, здавалася б, на зусім нясутнасных дэталях, напрыклад, на тым, якія замкі на дзвярах пакояў, колькі элементаў мае катафалк, якога колеру фарбы падлогі і г.д. У большасці візітных і інвентарных апісанняў другой паловы ХІХ ст., што складаліся, напрыклад, у Мінскім дэканаце, такіх падрабязнасцяў няма. Звычайна дакументы падзяляліся на раздзелы, як у «Інвентарным апісанні халаўскага касцёла»21: гістарычны нарыс, касцёльнае начынне (агульнае апісанне прадметаў са срэбра, свінцу, чырвонай і жоўтай медзі, дрэва і г. д.), касцёльнае ўбранне, літургічныя кнігі, бялізна, харугвы, дываны, музычныя інструменты, вонкавае і ўнутранае апісанне званіцы, плябаніі, лядоўні, стайні і шмат іншага22. Уся інфармацыя ў падобнага роду дакументах падавалася вельмі сцісла, а ў некаторых выпадках — даволі фармальна. У параўнанні з «Візітным апісаннем мінскага Св.-Троіцкага Залатагорскага касцёла 1908 года» вопіс 1870 года ў большасці момантаў значна больш падрабязны і грунтоўны. Па-першае, у ім старанна зафіксаваны пытанні збудавання мармуровага касцёла і прыналежных яму будынкаў (раздзелы ІІІ, ІV, ХV, ХVІ, ХVІІ). Найбольш разгорнута складзены раздзел ІІІ, дзе надзвычай дакладна апісаныя асаблівасці архітэктурных элементаў і канструкцый, што не вельмі характэрна для дакументаў такога тыпу. На аснове гэтага дэталёвага апісання з лёгкасцю можна ўявіць будынак святыні, а таксама месца размяшчэння асобных прадметаў і рэканструяваць унутранае ўбранне Залатагорскага касцёла ў цэлым. Такі ж прынцып падачы інфармацыі мы бачым і ў пераліку касцёльных строяў і літургічнага начыння (раздзелы V, VІ, ІХ, ХІ, ХІІ), дзе ўсебакова апісаныя ўсе прадметы (тканіны з шоўку, фігура з дрэва і г.д.), якасць тканіны ці металу, фарба, вага і наяўнасць каштоўнага металу, асаблівасці дэкору, ступень захаванасці, час выкарыстання, месца размяшчэння і прымянення, месца вытворчасці ці набыцця, імя ахвярадаўцы. Асаблівае месца ў «Інвентарным апісанні мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа» (1870 г.) займае грунтоўны спіс маёмасці, перададзенай пасля скасавання восенню 1866 года халаўскага і хмарына-градзецкага парафіяльных касцёлаў. Адметнымі ў «Інвентарным апісанні мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа» (1870 г.) з’яўляюцца раздзелы ХІV — Капліца23, ХVІІІ — Стан будынкаў, ХХІІ — Метрычныя кнігі і архіў парафіі, ХХІІІ — Архіў дэканскай канцылярыі. У інвентарах такая інфармацыя або цалкам адсутнічала, або прыводзілася між іншым. Напрыклад, у раздзеле з дакументацыяй, акрамя афіцыйных папераў Залатагорскага касцёла (метрычныя кнігі і інш.; самыя раннія — з 1833 года) і парафіяльныя спісы; кантрактная (1814 г.) і прыходна-расходная кнігі; кнігі ахвяраванняў; планы зямлі на Траецкай гары (1814 г.), на мясцовасць і на пабудову каменнага касцёла і інш.), змешчаны парафіяльныя спісы катэдральнага касцёла за 13 гадоў і кнігі метрыкаў за 1850-1857 гады, копіі метрыкаў і парафіяльныя спісы воўкавіцкага і антопальскага касцёлаў, акты аб пераходзе вернікаў з каталіцтва ў праваслаўе, а таксама пералік дакументаў хмарына-градзецкага касцёла (інвентарныя вопісы за розныя гады, пачынаючы з 1804 года; метрычныя і парафіяльныя спісы (самы стары з іх датуецца 1796 годам); акт аб асвячэнні касцёла і іншыя важныя паперы) і халаўскага парафіяльнага касцёла (інвентарныя вопісы, метрычныя і парафіяльныя спісы, кнігі перадшлюбных экзаменаў і г.д.). Не менш каштоўным з’яўляецца і апісанне капліцы, разабранай у 1901 годзе. «Візітнае апісанне мінскага Св.-Троіцкага Залатагорскага касцёла 1908 года» адрозніваецца лаканічнасцю. Немалаважную ролю ў гэтым адыграў час складання дакумента, што характарызаваўся буйным развіццём тэхнічнага прагрэсу, здабыткі якога знайшлі адлюстраванне ў візітацыі пачатку ХХ стагоддзя. Па-першае, гэты дакумент захаваны ў выглядзе машынапісу, што значна палягчае працу з ім і выгодна адрознівае яго ад адпаведнай крыніцы другой паловы ХІХ стагоддзя, напісанай рукой кс. Аўгустына Валентыновіча. А па-другое, яго ўпрыгожваюць фотаматэрыялы да раздзелаў ІІ (фота каменнага касцёла24, галоўнага алтара25 і алтароў св. Роха26 і св. Антонія27); ІІІ (фота капліцы28, пабудаванай у 1901 годзе на месцы старажытнай капліцы св. Роха); Х (фота манстранцыі29, падараванай у 1905 г. кс. Міхалькевічам і пілігрымамі; цыборыя, фундаванага ў 1904 г. кс. Міхалькевічам; чашы і патэны30, ахвяраваных Вільгельмінай Пілсудскай у 1904 г.; стацыі31 з мазаікі, падараванай сям’ёй Янчэўскіх); ХVI, ХVII і ХVIIІ (графічныя выявы пячатак і штэмпеляў пробашча касцёла, прыклады пячатак і штэмпеляў мінскага дэкана, пячаткі вучылішча арганістаў, пячаткі 1746 г., 1819 г., сургучныя пячаткі32). Зразумела, што фотаіндустрыя ўжо актыўна заваёўвала папулярнасць у свеце і адкрывала новыя магчымасці для падачы матэрыялу праз візуалізацыю. Неабходна адзначыць, што «Візітнае апісанне мінскага Св.-Троіцкага Залатагорскага касцёла 1908 года» пашырана за кошт пераліку мясцовасцяў, тэрытарыяльна прыналежных парафіі св. Роха, а таксама спісу арандатараў і чыншавікоў. Рэальныя факты даказваюць, што з пералічаных у «Інвентарным апісанні мінскага Троіцкага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла ІІІ класа» (1870 г.) прыналежных святыні рэчаў, а таксама рухомай і нерухомай маёмасці нічога не захавалася: не зберагліся залатагорскія могілкі, капліца св. Роха, арыгінальныя брама і агароджа, унутранае ўбранне касцёла: алтары, скульптуры, абразы, арган, літургічнае начынне і адзенне, іншыя касцёльныя каштоўнасці, сярод якіх была знакамітая фігура св. Роха, што некалі выратавала Мінск ад эпідэміі халеры.
|
|
|
|