|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
…Зайшоў неяк у майстэрню чалавек — прынёс на рэстаўрацыю ікону. Звалі яго Дзмітрый Іванавіч. Паглядзеўшы на яго, я раптам падумаў, што, у адрозненне ад савецкіх часоў, нашы сённяшнія людзі ў сваім абліччы ў большасці не маюць ніякіх сацыяльных прыкметаў, і таму цяжка здагадацца, якою справаю, якою прафесіяй чалавек здабывае свой хлеб штодзённы. А вось з іконамі ўсё прасцей: з першага погляду было зразумела, што прынесены ім наіўны жывапіс прызначаўся не для пазалочаных іканастасаў. Аўтараў такіх іконаў называюць багамазамі, але іх можна назваць і народнымі мастакамі — больш народных і ўявіць цяжка. Іх творы адметныя простасцю формаў і… ігнараваннем каларыстычных нюансаў. Зрэшты, гэта можна сказаць пра амаль усё народнае мастацтва кожнага народа. Але ці можна назваць іх аўтараў іканапісцамі? Неяк у размове са святаром я назваў ікону рэччу, і святар строга мяне паправіў: не рэч, а ікона ці мастацкі твор. Дык можа, у размове пра іконы больш важны «пачуццёвы тон»? Зрэшты, ікону, якая апынулася ў маіх руках, можна назваць своеасабліваю, і некалі яна была хатняю сямейнаю святыняю, і месца яе было ў куце на бажніцы за лампадкаю. А сёння яна стала адзіным напамінам-сведчаннем пра тое, што і хата была, і сям’я была… Не знайшоўшы цвёрдага адказу на пытанне пра тое, ці ёсць у чалавека душа і ці сапраўды яна несмяротная, я заўсёды думаў пра тое, што ў мастацкім творы ёсць нешта нематэрыяльнае, аўтаномнае адносна матэрыі, з якой ён створаны. Магчыма, гэта менавіта тое, чым мастак надзяліў матэрыю ў момант творчасці, тое, што ператварае рэч — тонкія пафарбаваныя сасновыя дошкі, злучаныя шпонкамі, — у Вобраз, Абраз. І асаблівы «пачуццёвы тон», безумоўна, ёсць у гэтых творах жывапісу, і таму, шукаючы большай дакладнасці, я назваў тую ікону іконаю арэалу палескіх гаворак. Поўдзень Беларусі і поўнач Украіны — месцы найбольшага бытавання гэтага своеасаблівага, самабытнага мастацтва іканапісу. …Кожную вясну палешукі, жыхары пакрытых чаротам хатаў, міжволі станавіліся амаль адрэзанымі ад свету астравіцянамі — дабрацца да іх паселішчаў можна было на чоўнах або на лодках, запрэжаных валамі, якія па шыі загразалі ў балоце. Выявы, вартыя пэндзляў егіпецкіх малявальшчыкаў. Неба над палешукамі заўсёды напоўненае бясконцым шумам, шолахам крылаў і галасамі разнастайнага птаства. Напэўна, таму ў масавых рамесніцкіх іконах Палесся натуральна адлюстраваліся глыбінныя калектыўныя вартасці, якія склаліся пад уплывам сутыкнення неадольных чалавекам сілаў, што ўладарна вызначалі яго існаванне. Ікона памерам 53×42 — своеасаблівае акно, якое дазваляе зазірнуць у свет яе ўладальнікаў, бо функцыя свядомасці, на думку К. Юнга, заключаная не толькі ў свядомасці і засваенні знешняга свету праз брамы нашых пачуццяў, але і ў пераводзе свету ўнутры нас у бачную рэальнасць… …Рэальнасць ледзьве праглядалася пад відавочнаю копаццю, брудам і слоем пацямнелай аліфы. Праз фарбавы слой «чыталіся» смаляныя ходы драўніны, па якіх лакалізаваліся асноўныя страты жывапісу. У ніжняй частцы іконы чорным контррэльефам адбіўся след агню — магчыма, перад іконаю гарэла не лампада на ланцужках, а самаробная танная свечка, а можа, нават і лучына. Падгарэлыя народныя іконы — звыклая з’ява… Аднак, нягледзячы на страты фарбаванага слою, было зразумела, што намаляваны трохвугольны німб, скіпетр і дзяржава, воблакі і херубімы, сівая барада і птушка ў палёце — усё тое, што па загадах Сусветнага Сабору 1787 года «зело нелепо и неприлично» пісаць, бо хто ж бачыў Бога Айца? Дзмітрый Іванавіч расказаў мне, што ікону яму падарылі — прыгажосці і каштоўнасці ў ёй няма, але ж шкада, калі зусім прападзе, усё ж такі ікона… Між тым, калі сабраць на сцяне 10–15 такіх іконаў, відавочнымі стануць і іх дэкаратыўныя, і мастацкія, і культурныя вартасці, і, магчыма, праявіцца ўзровень нізавой рамесніцкай культуры і, напэўна ж, стане бачнаю, зразумелаю іх сувязь з рэлігійным жыццём народа. Ва Украіне такія іконы называюць «народнымі іконамі Сярэдняй Наддняпраншчыны» і разглядаюць у кантэксце вясковай культурнай прасторы. Ва Украіне ўжо выйшла манаграфія па гэтай тэме, адзначаная ўзнагародамі і Нацыянальнай прэміяй. І ў Расіі, і нават у Канадзе ў музейных залах пачалі актыўна экспанаваць народныя іконы з прыватных збораў, а ў нас у Беларусі, як заўсёды, пакуль чухаюць патыліцы, быццам у нас процьма помнікаў народнай культуры. …Развітаўшыся з Дзмітрыем Іванавічам, я пачаў вывучаць «стан захаванасці» жывапісу, каб скласці для сябе «план рэстаўрацыйных мерапрыемстваў», але… замест «мерапрыемстваў» у маёй галаве ўзніклі карцінкі, навеяныя чорнаю пазнакаю даўно адгарэлага агню і меланхоліяй твораў Максіма Гарэцкага. Працытую невялікі ўрывак. «…пакуль дабіраюцца да „Верую“, Лявонька то пераступае з ножкі на ножку, то крычыць словы на ўсю хату, то гаворыць ледзь чутна, то сашчэплівае рукі на ўсю сілу, то зусім расшчэплівае іх. Забаўляецца — колькі можна ў рамках чалавека, пастаўленага весці гамонку з самім Богам. Матка занята ўжо справамі ля печы, і ён, спачатку здзіўлены яе няўвагаю на яго дурэнне, потым, каб скарыстаць выпадак, пачынае, молячыся, гоцаць так, што аж лава гутаецца пад ім… А ўрэшце заглядаецца на абраз, на сівога чалавека з нейкім вялікім гарбузом у адной руцэ і з кіем у другой. Думкі рояцца ў галаве: чаму гэты, падобны з твару да іхнага дзеда, але неласкавы сівы дзед, чаму Ён — Бог?» Напомню, што ў візантыйскай традыцыі з іменем Бога Саваофа іканаграфія ніяк не звязвалася і ўсялякія яго выявы лічыліся некананічнымі — яны пярэчылі багаслоўскім законам праваслаўнага іканапісу (быў загад Сіноду ад 6 красавіка і 21 мая 1722 г.), аднак выявы Саваофа вядомыя з XVI стагоддзя. Напэўна ж, насуперак забаронам, яны былі нечым блізкія і вернікам, і багамазам. …Над знешняю немудрагелістасцю вясковага побыту і ўзімку, і ўлетку красаваліся кветкі, а намаляваныя святыя ўслухоўваліся ў бясконцыя малітвы-просьбы, патаемныя жаданні-мары і сны. Гарэў агеньчык перад бажніцаю… Прызнаючы дваістую прыроду мастацтва, якое адначасова належыць і мінуламу, і сённяшняму, у працэсе рэстаўрацыі даводзіцца расцэньваць «паціну часу» як элемент, уключаны ў просценькі жывапіс самім часам, самім побытам. І міжволі думаеш пра тое, што, напэўна, нельга разглядаць графіку драпінаў, якія адвольна выбудавалі свае перспектывы ці то часу, ці то прасторы, як дэфекты жывапісу, зрэшты — як і след апёку ад агеньчыка свечкі, а пацёртасці фарбаванага слою, здаецца, нават паляпшаюць і паглыбляюць агульны каларыт твора. Дык, можа, варта ўспрымаць гэта ўсё як элементы, што, натуральна ўвайшоўшы з часам у выяву, напоўнілі яе дадатковым сэнсам і памяццю? Здавалася б, найпрасцейшы іканапіс, і рэстаўраваць яго таксама можна проста — проста зрабіць «як было». Можна і след ад апёку свечкі схаваць, быццам і не было яго — загрунтаваць, затаніраваць. Быццам згасіць тую хатнюю лампадку?.. «Як было» не атрымаецца нават у самага адмысловага рэстаўратара, бо нельга ўвайсці ў адну і тую ж раку двойчы. Зрэшты, рэстаўратар і не імкнецца да гэтага. …Уявіце сабе кірмаш у старым Пінску. Мноства лодак на кірмашы. Каля берагу і на плошчы каля касцёла святога Станіслава (яшчэ не ўзарванага, але ўжо «навернутага» ў праваслаўе) прадаецца і купляецца. І іконы — таксама. Выстаўляючы на продаж сваю творчасць, кожны багамаз імкнуўся да таго, каб тавар прыцягваў да сябе пакупнікоў і майстэрствам, і цаною. Устойлівасць вобразаў, спосабы іх адлюстравання, сюжэты і эстэтычныя характарыстыкі народных іконаў грунтаваліся на прынцыпе шматразавага паўтору тыповых архаічных мадэляў, як і ў кожнай праяве народнай творчасці. Ікона, хоць і не самім святым Лукою напісаная, была ў хаце не прадметам, а чымсьці самастойным, амаль жывым, адухоўленым носьбітам таго зместу, які лёгка пранікаў у свядомасць. Людзі верылі, што ікона нясе ў сабе штосьці ад намаляванага на ёй святога, які праз сваё адлюстраванне прысутнічае ў хаце і можа праявіць сваю цудадзейную сілу на астраўку цвёрдай зямлі сярод бяскрайняга разліву вясновай вады. На кірмашы ікона каштавала ад 30-ці капеек да 1 рубля 25-ці капеек (за 30 капеек можна было купіць пуд мукі). Фунт сіняй фарбы, берлінскай лазуры, цаніўся ў 1 рубель і 73 капейкі. Бялілы лічыліся таннаю фарбаю, але з іх пры награванні атрымлівалі жоўты і чырвоны колеры. На кірмашы было з чаго выбіраць: іконы з расліннымі палямі пад скань і імітацыя разьбы з расліннымі матывамі, з сонечна-залацістым фонам і чорным, з буйнымі кветкамі на палях. Аднак чырвоныя кветкі ў зеляніне лістоты, якія ярка гарэлі на чорным фоне, у беларусаў не карысталіся папулярнасцю: у цёмнай хаце нават асветленая лампадкаю ікона выглядала змрочна, у адрозненне ад украінскіх беленых хатаў. Майстар мусіў дапасоўваць свой жывапіс да тых асаблівасцяў побыту, у якім ён уяўляў свой твор. …Багамаз пісаў ікону на ўмацаванай шпонкамі і пагрунтаванай аліфаю ці клеем аснове. Хутчэй за ўсё, ён працаваў кароткімі зімовымі днямі, напэўна — каля акна, не карыстаючыся ні прамалёўкамі, ні шаблонамі. Пісаў без правак — як атрымалася, так і добра. У крынцы на падваконні стаялі пэндзлі, у сподках — расцёртыя фарбы, у бутэльцы — аліфа. Белая дошка яшчэ пахла жывіцаю… У Беларусі сосны растуць у сасонніках — лішайнікавых, верасовых, бруснічных, імшыстых, арляковых, кіслічных, чарнічных, прыручэйна-травяных, даўгамохавых, багуновых, асаковых, асакова-сфагнавых, сфагнавых. У тыя часы не трэба было ведаць, што ўтрыманне цэзію ў драўніне залежыць не толькі ад шчыльнасці забруджвання глебы, але і ад пароды і ўзросту дрэва, а найбольшая колькасць цэзію асядае ў кары і верхніх слаях драўніны. …Углядаючыся ў наіўную выяву голуба, які сімвалізуе Святога Духа, думаю пра тое, што, якім бы простым ні падаваўся гэты жывапіс, ён сапраўды самабытны і своеасаблівы насуперак таму, што беларусы амаль заўсёды жылі паміж молатам і кавадлам, а сёння яшчэ і пры павышаным радыяцыйным фоне, з прынцыпова новаю па сваіх эвалюцыйных магчымасцях мікрафлораю. Нават родны лес — адвечная раскоша — стаў для нас небяспечным. «Заехаў у лес — як у кажух улез», — казалі палешукі. А сёння Палессе — вялікі кацёл, у якім перайначваюцца генныя структуры. «Зара нікому нічога не трэба. Раней людзі душыліся за зямлю, за сенажаць, а зара нікому нічога не трэба — зарастае ўсё», — гэтак гавораць старыя вяскоўцы. …Макісм Гарэцкі, які яшчэ не ведаў свайго лёсу, глядзеў у акно вагона. Гэта потым яго арыштуюць і расстраляюць, а цяпер за акном праплываюць «…гаці, ляды і балоты… куча хатак, як куча гною; цераз дзясятак вёрст — убогая цэркаўка мужыцкая ці касцёл, — і ўсё, і ўся спадчына, што мае краіна ад гаспадарання бацькоў, дзядоў і прадзедаў іхных». І на вакзале паўсюль бачна, што: «…ў першым класе процьма багатых дарожных паноў, пышны цвет расійскае панскае культуры на Беларусі, і побач з гэтым, толькі ў другім канцы будынку, у трэцім класе… Беларусь, нашу беларускую мужыцкую культуру, прадстаўнікі якой, як няшчаснае, бруднае і затуканае быдла, валяюцца покатам на падлозе, у лапцёх, у лахманох, у мэтлухах, з убогімі торбачкамі і з прыцішанаю, схаванаю ад чужой пагарды моваю на засмяглых вуснах». Засмяглыя вусны… І ў царкве яны таксама, як у трэцім класе ў цягніку. І іконы іх хатнія пісаныя не на залатых фонах, не ў кляштары сапраўдным іканапісцам, а суседам вяскоўцам або прышлым рамеснікам... …Сюжэты і вобразы народных іконаў дэманструюць нам рысы своеасаблівага магічнага рэалізму, які прабіваецца праз кананізацыю кампазіцыі і фарбы. У шанаванні палескіх народных іконаў і ў іх стварэнні (дзякуючы індывідуальнай ініцыятыве мастака — яго таленту і адначасова неадукаванасці) нямала язычніцкага, што спакон вякоў захавалася ў генах земляробаў, рыбакоў, паляўнічых. Культ пакланення пантэону святых мала чым адрозніваецца ад культу шанавання язычніцкіх бостваў, што «бралі на сябе» ролю пасрэднікаў паміж людзьмі, раслінамі, жывёламі, звярамі і… усёмагутнымі панамі ў мундзірах, якія з’яўляліся з-за лясоў-балотаў, нібы чэрці з табакеркі — ураднікі, канторшчыкі, акцызныя… Асвяціўшы ікону ў царкве, палешукі ўрачыста ўладкоўвалі набыты на кірмашы абраз у чырвоным куце сваёй хаты, дзе сыходзіліся лавы і стаяла дзяжа з хлебам. Упрыгожаная ручніком ікона асвячала высокі ганак, нізкія дзверы, цёмныя сцены, печ — увесь побыт, нараджэнне і смерць… жыццё. Здаралася, што бацюшка адмаўляўся благаслаўляць ікону, якая не адпавядала канонам — тады абыходзіліся і без благаслаўлення. Сям’я праз ікону набывала яшчэ аднаго святога заступніка і апекуна, і штодзённае рэлігійнае пачуццё напаўнялася асабліваю блізкасцю да Боскага. Кветкі і травы — лугавыя, лясныя, балотныя, пад нагамі, пад касою, пад вяслом — амаль не краналі эстэтычных пачуццяў прыгнечаных клопатамі палешукоў, але кветкі, напісаныя на палях іконы, стваралі адчуванне ўвасобленага на зямлі раю і часам змушалі разгледзець прыгажосць пад уласнымі нагамі. З тупіка, апісанага Максімам Гарэцкім, багамазы інтуітыўна знаходзілі выйсце ў маляванні дваістай рэальнасці — звыклай штодзённай і прыхаванай, таемнай, далёкай. Яны стваралі сваё мастацтва пра рэчаіснасць, якую можна адлюстроўваць толькі з дапамогаю цудадзейнага, таемнага, міфічнага. А на Палессі сама рэчаіснасць стварае эфектныя сюжэты, да якіх далёка творцам сюррэалізму. Надзелены «відушчым зрокам» часам бачыў недасягальнае для кожнага. Напрыклад, зайца, які варыць піва, або жорсткае да звярынай свірэпасці племя, якое знікла ў густых лясах і смаляных балотах, пакінуўшы след у Вялікай хроніцы пра Польшчу, Русь і іх суседзяў у XI–XIII стагоддзях. Палессе — экзатычны, амаль фантастычны, асаблівы свет, менавіта свет. Герадотава мора ад Брэста да Мазыра і ад Пінска да Дубровіцы і Валыні нагадвала пра сябе кожны год у час вясновых разліваў. Святар (католік, праваслаўны ці ўніят), дабіраючыся да нованароджанага або паміраючага, каб здзейсніць неабходныя абрады, амаль «танчыў над пропасцю» з вялікаю жэрдкаю ў руках, змазаўшы сябе да пояса дзёгцем, скачучы з купіны на купіну. Палешукі ранняю вясною, калі і па лёдзе было не прайсці і на чаўне не праплыць, ператваралі свае лапці ў непрамакальныя ледзяныя боты: абматаўшы саломаю, акуналі разам з абутымі ў лапці нагамі ў ваду і давалі заледзянець… А маракі ў Пінску? Чорная форма, ззянне гузікаў, цяльняшкі, гюйсы, бесказыркі, стужачкі, корцікі… І сёння канфорс-вежа езуіцкага калегіума, што «спаўзае» да ракі, здаецца кармою скамянелай каля берага каравэлы, якая заблукала на прасторах Герадотава мора… Нягледзячы на многія страты і змены, Пінск па-ранейшаму захоўвае сваю адметнасць, сваё аблічча. Гісторыя працягваецца. І няхай ёй спрыяюць спачылыя ў крыпце пінскага касцёла біскуп Зыгмунт Лазінскі і кардынал Казімір Свёнтэк. Дапамажы, Божа, краю, у якім людзі пачалі забываць свае родныя звычаі і сваю родную дзівосную мову… Нават калі ў перыпетыях розных падзеяў загінула кожная чацвёртая народная ікона, яны ўсё роўна складаюць найбольш поўны раздзел твораў у мастацтве беларускага жывапісу XIX стагоддзя. Разнастайнасць сюжэтаў не перашкаджае выдзеліць індывідуальныя стылёвыя падыходы асобных майстроў і групы твораў, якія належаць іх пэндзлю. Размеркаваўшы іконы па стылёвых асаблівасцях, можна прыблізна меркаваць, колькі іканапісцаў працавала ў арэале палескіх гаворак. А можна сістэматызаваць народныя іконы па іх каларыстычных і дэкаратыўна-арнаментальных прыкметах, як гэта зрабіў у сваёй прыватнай калекцыі знаўца беларускай старажытнасці Ігар Вацлававіч Сурмачэўскі. Але чаму невядомыя імёны саміх іканапісцаў? Іх жа было нямала! Няўжо іх нашчадкам не цікава, чым займаліся іх дзяды і прадзеды? Няўжо гады атэізму да такой ступені вытруцілі іх памяць? Ці, можа, вытруцілі саміх нашчадкаў… З усіх народных іканапісцаў выпадкова вядомыя толькі браты Геракавы з вёскі Бабічы Рагачоўскага павета (Чачэрскі р-н, Гомельская вобл.), пра якіх гаворыцца ў «Апісанні Магілёўскай губерні» за 1884 год. Адметная індывідуальнасць і свабода ў спалучэнні з майстэрствам дазволілі братам Геракавым стварыць іконы, цалкам не падобныя да іншых у этнакультурным рэгіёне на стыку Беларусі, Украіны і Расіі: унікальную рэгіянальную з’яву Гомельшчыны XIX–XX стст. — бабіцкую народную ікону. У чым жа яе ўнікальнасць? А ў тым, што да Веткі ад Бабічаў усяго 50 вёрстаў, але магутны ўплыў іканапісу стараабрадцаў не ператварыў бабіцкіх майстроў у дробных плагіятараў, а наадварот, спрыяў з’яўленню самабытнага, не шаблоннага, арыгінальнага мастацтва, якое ўвабрала ў сябе стылістыку народнай палескай іконы, узбагачаную ўспрыманнем мастацтва веткаўскіх іканапісцаў. «Вандруючы» па інтэрнэце, я выпадкова даведаўся, што нашчадкі братоў Геракавых жывуць у Карэліі, куды трапілі разам з перасяленцамі ў 1940–1950-я гады. Відаць, у Бабічах было так «добра», што лепшымі ім падаліся мясціны, у якія высылалі «ворагаў народа». Выгляд пасёлка Тайгінцы Мядзведжагорскага раёна на фотаздымку 1957 года нагадвае зону, праўда, без калючага дроту… «Ува мне стрэмкаю сядзела жаданне даведацца пра свае карані», — прызналася Ірына Ларыёнава, якая прачытала пра выстаўку бабіцкіх іконаў і братоў Геракавых у інтэрнэце. Бацька неяк гаварыў ёй: «Помні, дачка, што мы з роду багамазаў». Але, нават вывучаючы ва ўніверсітэце стараславянскую мову, якая па сутнасці ёсць царкоўнаславянскаю, яна ў вочы не бачыла Евангелля і нічога не ведала пра іконы. Прадзед Ірыны Ларыёнавай Іван Геракаў прыехаў у Карэлію з Бабічаў па вярбоўцы пасля фінскай вайны. Захавалася толькі адна ягоная фатаграфія — «пан сахі і касы» з беларускага роду багамазаў. Але ж нашчадкі нашых народных іканапісцаў жывуць і яшчэ недзе. Адгукніцеся! Палескія багамазы не задумваліся пра загады Сабораў — пісалі, адчуўшы творчую патрэбу, для заробку і для людзей, якім гэта падабалася. Малявалі трэцюю руку на іконе, не задумваючыся, што гэта ватыўнае адлюстраванне рукі святога Іаана Дамаскіна. Атрымалася Багародзіца з трыма рукамі: «Траеручніца» — вельмі папулярны і вельмі шанаваны абраз, падобны да палескай гаворкі ў мастацтве іканапісу, з своеасаблівым акцэнтам. Пісалі Каранаванне Марыі, рабілі копіі Рафаэлевай Мадонны ў крэсле, капіравалі Хрыста Гвіда Рэні. Пісалі па ўзорах, убачаных у царкве, касцёле, на гравюры, літаграфіі, па памяці. Змешвалі праваслаўнае і каталіцкае, не адмаўляючыся ад свабоды самавыяўлення. Асабісты досвед станавіўся неад’емнаю часткаю калектыўнага. Фарміраваліся ўстойлівыя ўзоры, колеравыя вырашэнні, своеасаблівыя манеры і стылёвыя прыёмы. Відавочна, што большасць іканапісцаў Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Чарнігаўшчыны, Браншчыны, маючы дэкаратыўнае і кампазіцыйнае чуццё, адчуванне каларыту, графічную вытанчанасць, пры гэтым не была знаёмая са школаю кананічнага іканапісу, не мела нават азоў мастацкай адукацыі, але ці можна гаварыць як пра няварты прымітыў пра тое, чаму сёння варта вучыцца і што мы незваротна страцілі: непасрэднасць бачання, жывасць успрымання, лёгкасць і дакладнасць у выкананні задуманага. …Дзмітрый Іванавіч, напэўна, асэнсаваў усё сказанае мною і, прыйшоўшы ў майстэрню ў другі раз па адрэстаўраваную ікону, пакінуў на рэстаўрацыю іншую, набытую ўжо свядома. Цяпер у яго калекцыі каля пяцісот узораў іканапісу — цікавая мастацкая з’ява, дасканалым вывучэннем якой у Беларусі яшчэ ніхто не займаўся. …Магчыма, у гэтым немудрагелістым іканапісе заключанае тое, што звязвае чалавека з цэнтрам яго быцця, з тым, што вышэй і значней за ўсе прафесійныя назвы, вызначэнні, каноны, з тым, што можна адчуць толькі душою… калі ўявіць, што гэта ты ў вясновым разліве вады скачаш з купіны на купіну з вялікаю жэрдкаю ў руках — ад «вострава» да «вострава», пад небам, напоўненным гоманам птушак. У арэале палескіх гаворак.
У матэрыяле выкарыстаны
|
|
|
|