|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
ТЭАЛОГІЯ ФАЦІМСКІХ АБ’ЯЎЛЕННЯЎ І ІХ АКТУАЛЬНАСЦЬ У НАШ ЧАС
З даклада на сімпозіуме да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў |
|
<...> У гэтым годзе свет адзначае 100-годдзе Фацімскіх аб’яўленняў, якія сталі адной з найбольш інтрыгуючых і прарочых падзеяў ужо мінулага ХХ стагоддзя. Праз месяц пасля іх завяршэння ў Расіі адбылася камуністычная рэвалюцыя, якая прынесла незлічоныя беды і пакуты людзям не толькі Усходняй Еўропы, у тым ліку і Беларусі, але таксама мела вялікі негатыўны ўплыў на ўвесь свет. <...>
Сёлета гісторыя дае нам добрую нагоду супрацьпаставіць гэтыя дзве гістарычныя падзеі, якія так моцна паўплывалі і надалей уплываюць на развіццё нашай краіны і свету. Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што ідэі рэвалюцыі і атэістычнай ідэалогіі перамаглі, але гісторыя паказала, што не яны, а Бог кіруе светам. Гэта мы зведваем і ў Беларусі, хоць працэс як духоўнага, так і грамадскага адраджэння не з’яўляецца лёгкім і патрабуе шмат часу і высілкаў.
Фармальна мы выйшлі з няволі ваяўнічага атэізму, але яго наступствы яшчэ моцна трываюць у нас і перашкаджаюць на шляху да духоўнай свабоды, якая з’яўляецца падмуркам усялякай іншай свабоды. У нас яшчэ глыбока ўкаранёны тып Homo soveticus — савецкага чалавека, які часта не мае свайго меркавання і толькі ў калетыве, які за яго вырашае, адчувае сябе бяспечна. Ад такога тыпу чалавека, выхаванага на працягу трох пакаленняў таталітарнага камуністычнага рэжыму, нялёгка пазбавіцца.
Майсей вёў выбраны народ на абяцаную зямлю 40 гадоў. Гэта было неабходна для таго, каб народ стаў духоўна свабодным, каб цаніў свабоду больш за мяса, часнок ці цыбулю (пар. Ліч 11, 4–5). Падобна, што і нам неабходна набрацца цярплівасці, наследуючы Марыю ў Яе згодзе з Божай воляй і, будучы паслухмянымі Яе Фацімскаму закліку да малітвы і пакаяння, ісці на нашу беларускую зямлю духоўнай свабоды.
Фацімскія аб’яўленні складаюцца з трох частак, так званых трох Фацімскіх таямніцаў. Першая і другая апавядаюць пра жахі пекла, заканчэнне Першай сусветнай вайны і распачацце Другой, а таксама заклікаюць да малітвы, навяртання, пакланення Беззаганнаму Сэрцу Марыі і прысвячэння яму Расіі. Трэцяя таямніца, якая была абнародаваная толькі ў 2000 г., прадстаўляе гісторыкатворчую рэчаіснасць ХХ стагоддзя з ганеннямі на веру і ў духоўнай перспектыве тлумачыць яе сэнс (пар. MF, с. 3).
Такім чынам, Фацімскае пасланне Марыі ўваходзіць у сучасную гісторыю Касцёла і чалавецтва, а таксама прадстаўляе новую візію для яе разумення. Просьба Марыі прысвяціць Расію Яе Беззаганнаму Сэрцу і развіваць гэты культ з’яўляецца ключом да разумення гісторыі сучаснага свету, якая на самай справе перадусім з’яўляецца «барацьбой духу свабоды і духу зняволення».
|
Дзякуючы Фацімскім аб’яўленням Касцёл здабыў у барацьбе са злом новыя формы духоўнасці, падмуркам якой з’яўляецца асоба Марыі, якая прадказала найбольш трагічныя падзеі ХХ стагоддзя і адначасова дала надзею на навяртанне.
Трэба падкрэсліць, што Фацімскія аб’яўленні Марыі з’яўляюцца найбольш правідэнцыяльнымі ў сучаснай гісторыі (пар. MF, с. 3), пацвярджэннем чаго служаць падзеі канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі, як здавалася, непарушны савецкі рэжым разваліўся, нібы картачны домік.
Звышнатуральныя падзеі ў гісторыі чалавецтва часта здзіўляюць нас, аднак заўсёды неабходна памятаць, што іх змест не павінен пярэчыць веры. Такім і з’яўляецца Фацімскае пасланне, якое заклікае да малітвы і навяртання. Гэта сведчыць пра тое, што яно адпавядае духу Евангелля, бо да гэтага заклікаў таксама Езус (пар. Мк 1, 15; Лк 18, 1). Святы Ян Павел II вучыць, што Касцёл прызнае Фацімскае пасланне перадусім таму, што ў ім змешчаныя праўда і заклік самога Евангелля (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1982/documents/hf_jp-ii_hom_ 19820513_fatima.html).
Каб прадставіць тэалогію Фацімскіх аб’яўленняў, найперш неабходна згадаць аб тым, што Касцёл прызнае два віды аб’яўленняў — агульныя і прыватныя. Агульныя адрасаваны ўсяму чалавецтву і знаходзяцца ў Святым Пісанні Старога і Новага Запаветаў. У іх прадстаўлены жывы працэс уваходу Бога ў гісторыю чалавецтва, кульмінацыйным момантам якога з’яўляецца таямніца Богаўцелаўлення (пар. ККЦ, 65). Дзякуючы гэтаму Бог у Хрысце прадставіў чалавецтву самога сябе.
Аднак, як падкрэсліваў кардынал Ёзаф Ратцынгер, будучы папа Бэнэдыкт XVI, сам факт завяршэння Божага Аб’яўлення ў асобе Езуса Хрыста не азначае, што Касцёл можа глядзець толькі ў мінулае і што ён асуджаны на бясплённае яго паўтарэнне (пар. MF, с. 33). Другі Ватыканскі Сабор у канстытуцыі пра Божае Аб’яўленне вучыць, што Касцёл цягам вякоў няспынна ідзе да паўнаты Божай праўды, пакуль у ім не споўняцца Божыя словы (пар. DV, 8), а Катэхізіс Каталіцкага Касцёла падкрэслівае, што хоць Божае Аб’яўленне і завяршылася, аднак яно не да канца пазнанае і таму хрысціянская вера павінна імкнуцца да яго глыбейшага разумення (пар. ККЦ, 66).
У такім кантэксце неабходна разглядаць прыватныя аб’яўленні, якія адбываюцца пасля Новага Запавету. Пад гэтую катэгорыю падпадаюць і Фацімскія аб’яўленні (пар. MF, с. 34). Катэхізіс вучыць, што прыватныя аб’яўленні не прызначаны палепшыць ці дапоўніць Хрыстовае Аб’яўленне, яны неабходныя для таго, каб у канкрэтную гістарычную эпоху дапамагчы людзям больш поўна жыць Божаю праўдаю (пар. ККЦ, 67).
Адсюль можна зрабіць дзве фундаментальныя высновы. Першая: агульнае, ці Боскае, Аб’яўленне патрабуе яго бясспрэчнага прызнання як Божага слова. Другая: няма абавязку публічна выказваць сваю веру ў прыватныя і прызнаныя Касцёлам аб’яўленні, бо яны датычаць індывідуальнай веры, разумнай разважлівасці.
Для касцёльнага прызнання прыватнага аб’яўлення неабходныя тры ўмовы: яно не павінна супярэчыць веры і пабожнасці; павінна мець публічны характар і вызначацца разумным культам. Мэтаю прыватнага аб’яўлення з’яўляецца глыбейшае пазнанне і перажыванне Евангелля, таму яго нельга ўспрымаць легкадумна.
Крытэрыем сапраўднасці прыватнага аб’яўлення з’яўляецца яго хрыстацэнтрычнасць. Калі яно аддаляе ад Хрыста, становіцца незалежным ад Яго або прадстаўляе неадпаведны Евангеллю план збаўлення, то яно не ад Святога Духа і не можа быць прынята як сапраўднае.
Вядома, што Касцёл у кожным часе атрымлівае ад Бога дар прароцтва, да якога нельга ставіцца легкадумна, як вучыць св. апостал Павел (пар. Тэс 5, 19-21). Аднак трэба памятаць і пра тое, што прароцтва ў біблійным разуменні не азначае прадказання будучыні — яно прызначана для тлумачэння Божай волі ў канкрэтны час гісторыі, а гэта воля ўказвае напрамак у будучыню.
У працэсе нашага збаўлення сутнасным з’яўляецца актуалізацыя Божага Аб’яўлення, бо прароцкае слова — гэта перасцярога або суцяшэнне, або і тое, і другое. У гэтым сэнсе можна казаць аб паралелі паміж харызмаю прароцтва і паняццем «знакі часу». У сувязі з гэтым нездарма Езус папярэджвае: «Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце?» (Лк 12, 56).
Неабходнасць чытаць знакі часу падкрэслівае і Другі Ватыканскі Сабор: «Касцёл заўжды павінен даследаваць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля так, каб быць здольным кожнаму пакаленню даць зразумелы адказ на вечныя пытанні людзей пра сэнс цяперашняга і будучага жыцця і пра іх узаемасувязь. Таму трэба пазнаваць і разумець свет, у якім мы жывём, а таксама яго спадзяванні, памкненні і нярэдка яго драматычны характар» (GS, 4).
Чытаць і тлумачыць знакі часу ў святле хрысціянскай веры азначае не што іншае, як распазнаваць прысутнасць Хрыста ў свеце ў канкрэтным часе і ў канкрэтных абставінах. Менавіта так трэба разумець прыватныя аб’яўленні, у тым ліку і Фацімскія. Яны павінны дапамагаць у разуменні знакаў часу і ў пошуку адпаведных адказаў на іх у святле веры (пар. MF, с. 34-36).
Вышэйпрыведзеныя разважанні дазваляюць перайсці да тэалагічнай інтэрпрэтацыі Фацімскіх аб’яўленняў.
Як ужо было сказана, у першай і другой частках Марыя паказала фацімскім дзецям жахі пекла і распавяла аб цяжкасцях, якія чакаюць народы Усходу і ўвесь свет, калі Расія будзе распаўсюджваць у ім свае памылкі. Каб прадухіліць іх, Божая Маці заклікала да малітвы і навяртання, а шляхам да паратунку павінна быць набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца і прысвячэнне яму Расіі.
У біблійнай традыцыі «сэрца» азначае цэнтр быцця чалавека. Хрыстус вучыць, што чыстае сэрца ўбачыць Бога (пар. Мц 5, 8), таму пакланенне Беззаганнаму Сэрцу Марыі вядзе да такога стану чалавечага сэрца, калі, па прыкладзе Марыі, нашае fiat — згода з Божай воляй — становіцца фактарам, які фарміруе нашае быццё (пар. MF, с. 39).
У трэцяй частцы аб’яўленняў гучыць трохкратны заклік анёла да пакаяння. Гэты заклік суадносіцца са словамі Езуса: «Кайцеся і верце ў Евангелле» (пар. Мк 1, 15). Таму пазнанне знакаў часу азначае разуменне і прыняцце заўсёды актуальнай неабходнасці навяртання (пар. MF, с. 40). У сувязі з гэтым нельга казаць, што Бог нас карае. Наадварот, людзі самі становяцца прычынаю бедаў. Бог, які цэніць нашую свабоду, толькі цярпліва папярэджвае і заклікае да вяртання на вызначаны Ім шлях (пар. MF, с. 8-9).
Трэцяя таямніца прадстаўляе анёла з вогненным мячом у левай руцэ, які, указваючы праваю на зямлю, выразна кажа: «Пакаянне, пакаянне, пакаянне». Біскуп у белым, іншыя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы праходзяць праз напаўразбураны горад і падымаюцца на высокую гару, на вяршыні якой знаходзіцца крыж. Там ад стрэлаў жаўнераў яны гінуць разам са свецкімі людзьмі. Пад крыжам два анёлы збіраюць сплываючую з крыжа кроў у крыштальныя келіхі (пар. MF, с. 21).
Некаторыя сцэны трэцяй часкі Фацімскіх аб’яўленняў патрабуюць асаблівай увагі (пар. MF, c. 40-43).
Найперш — заклік анёла з вогненным мячом у руках да пакаяння. Анёл знаходзіцца леваруч Марыі. Гэта не што іншае, як праграма навяртання, бо ўсе мы грэшныя. Сам жа анёл з мячом з’яўляецца апакаліптычным вобразам пагрозы Божага суда, які навіс над светам. Думка аб тым, што свет можа загінуць у моры агню, больш не з’яўляецца фантазіяй, пра што сведчаць новыя віды зброі масавага паражэння, сярод якіх — ядзерная. У той жа час аб’яўленне ўказвае на сілу, якая можа выратаваць ад гэтай пагрозы. Гэтай сілай з’яўляецца Марыя, якая заклікае да малітвы, пакаяння і пашырэння культу Яе Беззаганнага Сэрца.
Наступная частка трэцяй Фацімскай таямніцы прадстаўляе абрывістую гару, напаўразбураны горад і крыж. Гара і горад сімвалізуюць месца, дзе здзяйсняецца чалавечая гісторыя. Гэта гісторыя складанага чалавечага развіцця і адначасова небяспекі аж да яго зруйнавання. На гары як арыенцір чалавечай гісторыі ўзвышаецца крыж, які перамяняе разбурэнне ў збаўленне. Таму крыж з’яўляецца знакам надзеі.
Далей у трэцяй частцы Фацімскай візіі з’яўляюцца біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі. Паводле фацімскіх візіянераў, біскуп у белым — гэта Папа, які ідзе першым праз напалову разбураны горад, ідзе сярод забітых. Гэта не што іншае, як сімвал Крыжовага шляху Касцёла і рымскіх Пантыфікаў ХХ стагоддзя. Гэта гісторыя Касцёла ў мінулым стагоддзі, гісторыя ганенняў, мучанікаў, сведкаў веры, дзвюх сусветных і многіх лакальных войнаў, якія прынеслі шмат цярпенняў чалавецтву.
Гісторыя замаху на папу Яна Паўла II, якая мела месца 13 мая 1981 г. на плошчы св. Пятра, і яго словы пра тое, што траекторыю кулі змяніла рука Марыі, сведчаць, што не існуе нязменнага прадвызначэння чалавека, што вера і малітва, а не танкавыя дывізіі з’яўляюцца тымі сіламі, якія могуць змяніць свет.
Апошнія словы трэцяй часткі аб’яўленняў даюць надзею ў катастрафічнай сітуацыі, якую Марыя паказала на пачатку: анёлы пад крыжам збіраюць у келіхі кроў мучанікаў. Паколькі крыж увасабляе цярпенні Хрыста і Яго кроў, гэтая сцэна паказвае, што кроў Хрыста зліваецца ў адзінае цэлае з крывёю мучанікаў, каб дапоўніць Яго цярпенні, як кажа св. апостал Павел (пар. Клс 1, 24). Падобна да таго, як з крыжовай смерці Хрыста нарадзіўся Касцёл, так і смерць Яго сведкаў прыносіць багаты плён для жыцця Касцёла.
Такім чынам, трэцяя частка Фацімскіх аб’яўленняў вельмі выразна падкрэслівае значэнне свабоды чалавека ў яго жыцці — прыняць прапанову Марыі ці адкінуць яе. Гэта азначае, што будучыня чалавека залежыць ад яго самога, таму мэтаю аб’яўленняў не з’яўляецца паказаць «фільм» пра будучыню чалавека, вырашаную раз і назаўсёды, але мабілізаваць яго да духоўнага перамянення. Такім чынам, Марыя праз Фацімскія аб’яўленні кажа не толькі пра небяспеку, што чакае грэшнае чалавецтва, але таксама прапануе лек, каб іх пазбегнуць.
Прадстаўленая вышэй тэалагічная інтэрпрэтацыя Фацімскіх аб’яўленняў дазваляе сказаць:
Мы ведаем усе тры Фацімскія таямніцы і з’яўляемся сведкамі прадказанага Марыяй 100 гадоў таму навяртання народаў, прыгнечаных у часы камунізму. Аднак гэты працэс вельмі складаны і патрабуе шмат намаганняў, асабліва ўлічваючы выклікі секулярызму.
Сёння паўстае новае пытанне: ці актуальныя яны ў наш час?
Сучасны свет зусім іншы, чым быў 100 гадоў таму. Развіццё навукі і тэхналогій змяніла яго да непазнавальнасці. Калі б сёння ажыў памерлы 100 гадоў таму чалавек, ён быў бы моцна здзіўлены ўбачаным і не верыў бы сваім вачам. Аднак у маральным сэнсе праблемы не зніклі і не вырашыліся, а наадварот, сталі яшчэ больш актуальнымі.
Калі ў палове XIX стагоддзя Карл Маркс пісаў, што прывід камунізму блукае па Еўропе, то сёння па Старым кантыненце блукае не толькі прывід камунізму, але і секулярызм з дэхрысціянізацыяй. Еўропа ўсё больш страчвае сваю хрысціянскую тоеснасць і нават не імкнецца яе захаваць. Яна пастарэла, стала духоўна хвораю і апатычнаю, страціла некалі ўласцівы ёй дынамізм і не прыносіць духоўнага плёну.
Як вядома, грэх з’яўляецца перашкодаю на шляху чалавека да Бога. Сучасны свет, і асабліва Еўропа, мэтанакіравана выдаляюць Яго з чалавечай думкі і дзейнасці, а праз гэта выкрэсліваюць з еўрапейскай культуры, якая вырасла з хрысціянства. Не трэба дзівіцца, што сучасны свет перажывае мноства крызісаў — эканамічны, фінансавы, сацыяльна-палітычны, крызіс сям’і, дэмаграфічны і г.д. Войны і тэрарыстычныя акты становяцца рэальнасцю сучаснага жыцця. Хрысціянства, як і ў першыя стагоддзі, стала рэлігіяй, якая найбольш церпіць пераслед. Самы вялікі Божы дар, якім з’яўляецца жыццё, становіцца таварам, які можна купіць і прадаць, ім можна маніпуляваць і за яго абарону можна быць пакараным. Гэтыя і іншыя анамаліі сучаснасці нагадваюць пра тое, што над светам вісіць апакаліптычны дамоклаў меч.
Таму заклік Марыі да малітвы і навяртання не можа ўспрымацца як аднаразовы. Ён павінен уздымацца з пакалення ў пакаленне згодна з выклікамі часу. Таму трэба заўсёды вяртацца да яго, як вучыць св. Ян Павел II (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1982/documents/hf_jp-ii_hom_19820513_fatima.html).
Кардынал Ёзаф Ратцынгер — будучы папа Бэнэдыкт XVI — казаў, што меч анёла, які вісіць над светам, можа ўпасці ў кожную хвіліну. Фацімскія аб’яўленні нагадваюць нам пра свабоду, якая была дадзена чалавецтву для таго, каб надаць ёй адпаведны напрамак і мабілізаваць чалавечыя сілы да духоўнай перамены, магчымай толькі праз выкананне ўмоваў, названых Марыяй фацімскім дзецям (пар. http://www.niedziela.pl/artykul/26766/Fatima-%E2%80%93-naglace-oredzie).
У сувязі з гэтым для нас акрэслены вялікі абавязак веры: перажываючы сёння небывалыя выклікі і новыя знакі часу, мы маем абавязак сумлення пазнаваць іх і своечасова на іх адказваць.
Як вядома, Фацімскія аб’яўленні мелі месца ў асаблівым 1917 годзе — годзе бальшавіцкай рэвалюцыі. Менавіта яна прынесла вялікае жніво смерці, тэрору і агрэсіі сотням мільёнаў людзей на зямлі, перадусім ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, краіне, якая стала палігонам атэізму. Як супрацьпастаўленне Кастрычніцкай рэвалюцыі Фацімскія аб’яўленні сталі пазітыўнай падзеяй, якая нагадала чалавеку пра яго трансцэндэнтнае вымярэнне і пра тое, да чаго вядуць атэістычныя і ліберальныя ідэалогіі.
Гісторыя паўтараецца. У наш час, калі свет ізноў становіцца перад выбарам веры або бязвер’я, Бога або злога духа, дабра або зла, неабходна сказаць, што пасланне Марыі з Фацімы з’яўляецца актуальным як для ўсяго свету, так і для Беларусі. Марыя нагадвае нам пра евангельскую праўду аб тым, што чалавеку для паўнаты шчасця патрэбны толькі Бог, які яго стварыў і імкнецца падзяліцца з ім сваімі дарамі і шчасцем. Чалавеку ж неабходна з усіх сілаў імкнуцца да еднасці з Ім, ідучы няпростай, вузкай дарогаю веры.
Фацімскія прароцтвы пра крызіс веры і маральнасці адначасова з’яўляюцца заклікам да малітвы і пакаяння, а таксама надзеяй на пераадоленне крызісаў і на лепшае заўтра. У іх святле Бог рыхтуе нам цудоўную будучыню. Неабходна толькі прыслухацца да словаў Марыі, якія з’яўляюцца сэрцам Яе Фацімскіх аб’яўленняў: «Калі будзеце маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра, калі не, то вас чакаюць праблемы» (пар. MF, c. 8-9).
Мы не маем права наступаць другі раз на тыя ж самыя граблі сёння, калі сучасны свет перажывае новую амаральную рэвалюцыю, якая руйнуе хрысціянскія традыцыі — падмурак еўрапейскай цывілізацыі. Сучасны свет усё глыбей акунаецца ў акіян рознага роду памылак і вынікаючага з іх зла, якое не было такім пагрозлівым 100 гадоў таму. Усё гэта вядзе да самазнішчэння хрысціянскай Еўропы.
Таму евангельскі заклік да малітвы і пакаяння, выказаны словамі Марыі, і надалей з’яўляецца актуальным (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1982/documents/hf_jp-ii_hom_19820513_fatima.html).
Папа Бэнэдыкт XVI кажа: глыбока памыляецца той, хто думае, што прароцкая місія Фацімы завяршылася, бо Бог у сваёй міласэрнай любові адорвае свой народ новай будучыняй. Таму чалавеку патрэбна супрацоўніцтва з Богам, які ёсць Валадаром часу (пар. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2010/documents/hf_ben-xvi_ hom_20100513_fatima.html).
Такім чынам, Фацімскае пасланне мела і надалей мае вялікі ўплыў на гісторыю свету і Касцёла. Яно паказвае, што галоўным дырыжорам чалавечых лёсаў з’яўляецца Божы Провід, а Фацімскі шлях застаецца праграмаю маральнага аднаўлення чалавецтва, бо ў яго цэнтры знаходзіцца Марыя са сваім fiat. Гэта праграма актуальная для ўсяго свету, у тым ліку і для Беларусі.
Наша Бацькаўшчына, Беларусь, Марыйная зямля, якая перажыла шмат выпрабаванняў, цяпер цешыцца новымі магчымасцямі для ажыццяўлення фундаментальнага права чалавека на свабоду веравызнання. Гэта дар Божай міласэрнасці для нас і адначасова заданне быць вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і сведчыць пра яго ў штодзённым жыцці.
Для гэтага найперш неабходна жыць згодна з Фацімскім пасланнем Марыі, каб захаваць мір, узаемную пашану паміж людзьмі розных поглядаў і пазбегнуць маральнай дэградацыі. Жывучы так, мы будзем утвараць Беларусь не ўчарашняга, а заўтрашняга дня, пабудаванага на вечна жывых і актуальных прынцыпах Евангелля, бо ў Хрысце мінула старое і прыйшло новае (пар. 2 Кар 5, 17).
Гл. таксама:
Анджэй ГРАЕЎСКІ :: ПАПА, ЯКІ ХАЦЕЎ СПЫНІЦЬ ВАЙНУ ::
Выкарыстаная літаратура:
|
|
|