|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
Янусь МАЛЕЦ
СКАЗ ДЛЯ НАС І ДЛЯ НАШЧАДКАЎДа гадавіны адыходу ў вечнасцьнароднага паэта Беларусі Ніла Гілевіча
«Сказ пра Лысую гару» — геніяльны твор беларускай літаратуры, які доўгі час быў ананімным, а так хацелася знаць імя сапраўднага аўтара, бо рукапісныя і пазней апублікаваныя ў «Вожыку» тэксты ўсхвалявалі грамадства сваёй незвычайнай энергіяй, свежасцю і актуальнасцю. Даведацца, хто ж той смяльчак, які кінуў застойна-затхламу грамадству пад ногі «пальчатку», доўгі час не ўдавалася, хаця належных спробаў, на мой погляд, і не рабілася. Відаць, хацелася, але пужала таямнічая таленавітасць ананіма. Ва ўсялякім разе, калі нейкая няведамая сіла падштурхнула мяне да разгадкі, на гэта спатрэбілася зусім мала часу. Да таго ж, падахвоціла публікацыя твора і палемічныя выказванні ў часопісе «Крыніца» ў 1995 годзе. Дастаткова было пачытаць уважліва творы Ніла Гілевіча, і асабліва раман у вершах «Родныя дзеці», каб зразумець, што менавіта гэта ён аўтар. Пра свае здагадкі я выказаўся ў публікацыі ў «Звяздзе» ў 1996 годзе, а пазней пацвярджаў на працягу доўгага часу сваю перакананасць у дыскусіях у прэсе. Вядома ж, усё роўна былі сумненні — а раптам памыляюся, бо не прафесійны ж крытык і, можа, падводзіць інтуіцыя і аналітычныя даследаванні амаль навобмацак. Аднак за свае аматарскія пошукі мяне чакала пазней вельмі дарагая ўзнагарода: аўтограф, які ўпрыгожыў «Сказ пра Лысую гару», выдадзены ў выдавецтве «Белфранс» у 2003 годзе. Каштоўны падарунак быў зроблены за некалькі дзён да майго дня нараджэння. Яго з’яўленне было добрым адказам тым, хто іранічна цікавіўся: а што ж гэта Гілевіч аніяк не адрэагаваў на тваё адкрыццё? Дык вось вам, шаноўныя:
«Дарагому Янусю Мальцу — першаму, хто публічна і без агаворак назваў імя сапраўднага аўтара «Сказа».
Пайшоў другі год, як з намі няма Ніла Гілевіча, волата сапраўднага беларускага духу. Ягонае зямное жыццё было прыкладам моцы, мужнасці, працалюбства і вернага служэння свайму народу. З ягоным адыходам як бы нешта надламалася ў душах многіх ( пра гэта чуў не ў адной размове). Ён быў лідарам у грамадскім і літаратурным жыцці. Да яго прыслухоўваліся, на яго раўняліся, у яго вучыліся, называлі настаўнікам. Мне пашчасціла быць блізка знаёмым з Нілам Гілевічам. Лічу, што гэта быў падарунак ад Бога. Відаць, звёў з ім мяне, грэшнага, каб вучыўся быць чалавекам і сумленным літаратарам. Некалі мая мама сказала словы, якія стрэмкай урэзаліся ў памяць: «Янусь, будзь чалавекам!» Яна сама ім была, добрая, спагадлівая, сумленная і справядлівая, працалюбівая, набожная, мудрая. Калі мама пакінула зямное жыццё, у душы стала востра чагосьці не хапаць. І вось гэты «вакуум» часткова запоўніла знаёмства з блізкім па духу і творчасці Нілам Сымонавічам. У нас было шмат асабістых сустрэчаў і прагулак, якія былі вельмі карыснымі для мяне і нешта, напэўна, давалі і яму. Недарэмна ж, думаю, ён мяне запрашаў неаднаразова, каб падпісаць чарговую кніжку і паразмаўляць. Вось як аднойчы напісаў на віншавальнай паштоўцы, калі прыхапіла чарговая хвароба: «Часта ўспамінаю нашы прагулянкі ў парку — паўтарыць бы калі-небудзь! Як падужэю трохі. Як маецеся самі? Ці пішаце што? Званіце — Ваш Н.Г.» А вось яшчэ з аднаго віншавання, навагодняга: «Хай усё ў Вас будзе добра! Мая просьба застаецца ў сіле: за кнігамі (і наогул для сустрэчы) давядзецца Вам зайсці. Хай сабе ўжо ў новым. Буду рад. Ваш Ніл Гілевіч. 2009, ХІІ.» Не ведаю, ці адбылося б наша блізкае знаёмства і пазнейшыя стасункі, каб не знакаміты «Сказ…» і мой даследчыцкі артыкул «Вядзьмак! Рукі ўверх!», які не асмелілася друкаваць «Чырвоная змена», але які быў надрукаваны ў «Звяздзе» ў 1996 годзе дзякуючы яе тагачаснаму галоўнаму рэдактару Уладзіміру Наркевічу. Менавіта з артыкула пачалася чарговая палемічная хваля пошукаў няўлоўнага ананімнага аўтара, у прыватнасці — у «ЛіМе. Асабліва актыўна і вельмі слушна выказваўся Яўген Стасевіч. Як потым аказалася, ён аднагодак Ніла Гілевіча і ў маладыя гады яны разам былі піянерважатымі ў піянерлагеры «Будаўнік» пад Мінскам у 1950 годзе. А значна пазней у іх зарадзілася моцнае і вернае сяброўства. Сцвярджаць не маю права, але ў мяне ёсць здагадкі, што да публікацый прыкладаў руку сам Гілевіч. Няхай ён мне даруе сёння там, у іншым вымярэнні, аднак уважлівыя крытыкі адчуюць, што ягоны стыль надта ж блізкі да стылю Стасевіча і надта ж добра Яўген Дзянісавіч валодаў фактычным матэрыялам. Аднойчы я нават асмеліўся пра гэта сказаць тады яшчэ ананімнаму аўтару, але той ухіліўся з хітраватай усмешкай ад канкрэтнага адказу. О, гэта ўсмешка з хітрынкай-іскрынкай, калі заходзіла правакацыйная размова ці нейкія дзеянні-намёкі са спробай вывесці на чыстую ваду магчымага аўтара «Сказа...» Ніла Гілевіча! Адчувалася, што яму прыемныя здагадкі пра яго аўтарства, але ён умеў не сказаць ні «так», ні «не». І таямніца трымалася дзясяткі гадоў. З гэткай усмешкай ён аднойчы гаварыў пра маё перакананне ў яго аўтарстве: «Ну Вы ж ведаеце, што я гэту рэч не пісаў». І калі я адрэагаваў словамі: «Ну, Вы мяне, Ніл Сымонавіч, засмучаеце!», твар яго асвятліўся яшчэ большай хітрынкай: «Што ж, даказвайце, даказвайце, а раптам і мяне пераканаеце!» Прывяду нядаўні ўспамін у інтэрнэце Міхася Пазнякова, якому нейкі час давялося быць галоўным рэдактарам «Вожыка»: «Калі я пачаў праглядаць у сваім кабінеце галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» шафы, то знайшоў каля тысячы экзэмпляраў «Сказа пра Лысую гару». Дарылі, раздавалі на творчых сустрэчах у якасці прызоў. У мяне на стале заўсёды ляжаў стос… Нават Гілевічу пад яго шматзначную ўсмешку падараваў дзясяткі два. Гэтай усмешкай Паэт дапамог мне яшчэ раз пераканацца, што твор ягоны…» Анатоль Гармаза, мастак, які разам з калегам Аляксандрам Каршакевічам афармляў першую «вожыкаўскую» кніжачку са «Сказам…», успамінаў у «Народнай волі»: «Я добра памятаю, як пасля выхаду першай ікніжкі ў рэдакцыю зайшоў Ніл Гілевіч і часам хітравата так усміхаўся. Наогул, у «Вожыку» былі здагадкі, што аўтар паэмы — Ніл Сымонавіч». Аднак пры размове, калі пасля публікацыі ў «Звяздзе» і пачатку дыскусій у «ЛіМе» я асмеліўся падысці да Гілевіча і прызнацца, што я той самы Янусь Малец, які даследуе «Сказ…», здаецца, усмешкі не было, а нават праявілася нейкая ўстрывожанасць, асабліва калі мною была выказана думка, што аніякага Яўгена Стасевіча, хутчэй за ўсё, няма. Мне здалося, што ён трошкі разгублена запярэчыў: «Ёсць-ёсць! Ён заходзіў у «ЛіМ», хлопцы яго бачылі».
Думаецца, Ніл Сымонавіч з асцярогай аднёсся да маіх даследаванняў ягонага аўтарства і баяўся, што я магу завесці спрэчкі не ў тым кірунку. Хутчэй за ўсё, яму хацелася б, каб адкрыццё зрабілі масцітыя крытыкі. Аднак тыя маўчалі ці шукалі не ў «Сказе…», а ў кулуарных размовах і прызнаннях некаторых ахвотнікаў быць «Ведзьмаком». Хіба толькі Уладзімір Конан быў выключэннем і адчуваў аўтарства. І ўжо пазней, калі Ніл Гілевіч заўважыў, што я сур’ёзна падыходжу да пошукаў аўтара і мы сталі перыядычна сустракацца, усё часцей з’яўлялася памянёная вышэй усмешка. Аднак у аўтарстве ён мне доўга не прызнаваўся, хаця адчувалася, што аднойчы настане момант, калі ён зробіць мужны крок насустрач чытачам. Тым больш што аўтарам шмат хто з калегаў-сяброў стаў называць іншага паэта, які і не пярэчыў, і нават звёў у зман Максіма Танка. Вядома ж, у таго, хто аддаў талент, энергію і нямала каштоўнага часу, хто разумеў сапраўдную сутнасць створанага, несумненна, унутры ўсё кіпела і не магло не вырвацца з душы. Што і было даходліва і праўдзіва зроблена ў «Народнай волі» ў 2003 годзе. Цяжка сказаць, куды нас занясе сённяшні трывожны і супярэчлівы час. Усё больш заяўляюць пра сябе нахабства, агрэсіўнасць, цынізм, адмаўленне зробленага папярэднікамі. Як быццам у тых не балела душа за мову, за краіну, за стан грамадства. Судзяць дылетанты, хлусы, узносячы сябе саміх як надта правільных, бездакорных і гераічных у змаганні за шчаслівую будучыню, забываючы, а то і не ведаючы галоўных хрысціянскіх запаведзяў. А будуць жа самі асуджаныя і адрынутыя і людзьмі, і Богам! І самае страшнае, што сярод іх нямала тых, хто адносіць сябе да інтэлігенцыі. Сваім «Сказам пра Лысую гару» Ніл Гілевіч як бы папярэджваў, перасцерагаў нас ад дэградацыі:
Не адзін раз мне даводзілася з ім закранаць тэму, пра якую цяпер павёў гаворку. Ён супакойваў мяне, што гэтыя прыхвастні і прахвосты — «пена», якая абавязкова некалі схлыне. Асэнсоўваю радкі:
Асэнсоўваю і бачу глыбіню думкі і прароцтва: выратуе нас прыгажосць і сапраўдная таленавітасць! Выратуе той жа Гілевіч сваёй маштабнай і рознажанравай творчасцю, якая нібы крыніца прарываецца да чытачоў, да будучых нашчадкаў з «глыбінь народнага жыцця». Народ разбярэцца, зразумее, дзе праўда, натуральнасць, а дзе фальш і падман. Хочацца верыць у гэта, бо ўсё-такі людзей разважлівых, разумных, упэўненых у сваіх перакананнях, якія свята берагуць памяць пра бацькоў, пра лепшае, што зроблена папярэднікамі, значна больш. І яшчэ настане час народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча… Некаторыя «крытыкі» робяць выгляд, што не разумеюць Гілевічаў «Сказ…» і нават імкнуцца прынізіць геніяльную рэч да звычайнага капусніка. Ім, бачыце, ну зусім не смешна! Панове, як сказаў бы аўтар паэмы, хто ж вінаваты, што вам не дадзена Богам належным чынам падключыць мазгі? А ёсць жа і тыя, хто адчувае таленавітую сатыру і гумар. Напрыклад, Міхась Скобла, які выдатна ў гэтым разбіраецца, назваў нядаўна Ніла Гілевіча беларускім сатырыкам №1 («Верасень», № 14 2016 г.). Цалкам пагаджуся з ім і асмелюся нават назваць Ніла Гілевіча беларускім Каралём смеху. Несумненна, Кароль смеху быў не бязгрэшным і былі памылкі ў тым жа «Сказе…», калі ён не зусім тактоўна даў характарыстыкі некаторым літаратарам. У пазнейшых выданнях ён выдаліў гэтыя няўдалыя радкі. Можа, і выбар псеўданіма быў не зусім удалым. Помніцца, пра гэта казала Анэля Тулупава. Але гэта спрэчна… І не абавязкова на кожнай Лысай гары ладзілі свае пачварныя шабашы «ведзьмакі», як адзначаюць некаторыя знаўцы «ведзьмакоўства» і Лысых гор. І ў сваіх паводзінах у жыцці, напэўна ж, наш паэт быў не бездакорным. Пра гэта ён праўдзіва спавядаўся ў сваіх дзённікавых запісах і ў некаторых творах.
Ягоная гераіня, незабыўная Ніна Іванаўна, разумела яго боль:
Бог не мог не падтрымаць, хаця б за такія святыя словы:
|
|
|
|