|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
Вітольд Бялыніцкі-Біруля пакінуў пасля сябе каля 1000 жывапісных палотнаў, эцюдаў і эскізаў — можна сказаць, што такім чынам увасобілася яго ўдзячнасць Богу за простую (але не ўсім дадзеную!) магчымасць, уменне, талент бачыць зямное хараство — вясну, лета, восень, зіму. І зноў — вясну… Будучы акадэмік жывапісу (1908), народны мастак БССР (1944) і РСФСР (1947) Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся ў 1872 г. у бацькавай сядзібе Крынкі Аршанскага павета (цяпер вёска ў Бялыніцкім раёне), а каля Бешанковічаў, дзе я скончыла школу, у Быстрэі, быў маёнтак Чарноцкіх, які належаў бацькам яго маці — яны былі католікамі. Калі бацькі мастака жылі на Віцебшчыне ў Краснаполлі, у іх нават была свая капліца. Бацька быў вельмі пабожны, і ўся сям’я жыла ў строгасці. Некаторы час бацька служыў у параходстве і браў Вітольда з сабою ў падарожжа па рэках, і тады шчасцю абодвух не было межаў — прыроду будучы мастак з маленства любіў больш за ўсё на свеце… Паводле архіўных дакументаў («Оршанский гербовник», Витебск, 1900), на якія спасылаецца «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (Мінск, 1994, т. 2), мастак паходзіў са шляхецкага роду герба «Бялыня» — на блакітным полі гэтага герба паміж рожкамі паўмесяца намаляваны залаты крыж, а вышэй — страла вастрыём угору. Роду Бялыніцкіх-Біруляў, які вядомы па дакументах з XVI ст., належалі ўладанні ў Віцебскім і Аршанскім паветах. З гэтага роду паходзіў вядомы вучоны-натураліст, падарожнік Аляксей Бялыніцкі-Біруля (1864–1937), сваяк мастака, які ў 1900–1903 гг. прымаў удзел у вялікай Палярнай экспедыцыі і ўпершыню апісаў расліннае покрыва мыса Чалюскін. Менавіта змест герба Бялыніцкіх-Біруляў стаў назваю для аповесці-эсэ Віктара Карамазава «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (Мінск, 1991), прысвечанай знакамітаму мастаку (праўда, на гербе не поўня, а маладзік). Магчыма таму, што ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску нязменна вісіць карціна «Зімовы сон. Блакітная капліца» (1912), многія мінчане ўспрымаюць В. Бялыніцкага-Бірулю як майстра зімовых пейзажаў. Між тым, яго любімым вобразам была вясна, і ў першых пейзажах мастака яна займае асноўнае месца, а ўсяго ёй прысвечана каля 200 палотнаў. Адметна, што, нягледзячы на пахмурнасць асобных пейзажаў («Пахмурны дзень», 1892; «Сакавіцкае змярканне», 1903; «Пачатак вясны», 1905), у іх няма песімізму, бо над цёмнымі выявамі панылых хатаў, вады, зямлі, дрэваў і стомленага снегу пануе прасветленае неба, якое ціха сцвярджае неадменнасць хуткага абуджэння прыроды, пераможнасць святла, якім напоўненыя карціны «Пачатак вясны» (1910), «Ранняя вясна» (1919), «Квітнеючы сад» (1907). Некаторыя мастацтвазнаўцы пісалі, што ва ўмовах сацыяльнага проціборства ў першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. вобраз вясны праецыраваўся мастаком на грамадства і сцвярджаўся як сімвал трыумфу дабра над злом. Магчыма, і так, але ціхая, някідкая лірычнасць пейзажаў В. Бялыніцкага-Бірулі настолькі адразу запалоньвае душу, што не прыходзіць у галаву звязваць яго вёсны з сацыяльнаю абвостранасцю ў грамадстве. «Ён шмат гадоў, — піша В. Карамазаў, — шукаў сваю цішыню, каб ёю адгукнуцца на вечны спакой Левітана. Цішынёю — на вечны спакой… У Мюнхене на выстаўцы загаварылі пра яго як пра майстра срабрыста-перламутравага паветра, якое маўчыць і звініць, як жалоба струны… Ніхто не зразумеў, што гэта не тон, а гук, той самы гук, які ў ім, Бірулі, прадбачыў адно Левітан, калі пытаўся і патрабаваў: “Дзе ваш гук? Я прывык чуць у вас гук на эцюдах”… І вось цяпер, толькі цяпер, у міг цішыні, ён загучаў на карціне так, як раней гучаў у сэрцы. Левітан адно не прадбачыў, што гэты гук у свой час, у час цішыні, ператворыцца ў звон царквы Мікола на Стане, і гэта будзе ўжо не міг цішыні, а звон над вечным спакоем самога Левітана… І цяпер ён, вучань, ведаў, што таямніцу настаўніка нарэшце спасціг». Загадка карціны І. Левітана «Над вечным спакоем» так замучыла В. Бялыніцкага-Бірулю, што ён за 400 кіламетраў ад Масквы купіў зямлю на беразе возера Удомля, адкуль Левітан убачыў свой «вечны спакой», і паставіў там дом… Можа таму, для мяне было адкрыццём, што В. Бялыніцкі-Біруля, талент якога фармаваўся пад уплывам І. Левітана, яго настаўніка і куміра, Біруля, які сябраваў з Жукоўскім і Рэпіным, напісаў «Люты ў Маскве. Бой ля Нікіцкіх варот» (1923), эцюды на тэму рэканструкцыі сельскай гаспадаркі і «Азоўсталі» (1930-я гады) і цыкл «Запаляр’е» (1930-я гады), і «Кіраўскі апатытавы руднік» (1937), але звярніце ўвагу на даты ў дужках, і многае растлумачыцца: здрада сацрэалізму пагражала канцлагерам… Ён маляваў не толькі пушкінскія і талстоўскія мясціны (Леў Мікалаевіч прыходзіў у іх мастацкую вучэльню), але таксама і ленінскія (згадаю, што наш выдатны паэт Анатоль Вялюгін напісаў таленавітую паэму «Вецер з Волгі»). Як слушна сказаў вядомы дзяржаўны дзеяч, жыць у грамадстве і быць не залежным ад грамадства нельга, і месца мастака, як дружна пісалі савецкія газеты, — на будоўлях веку. Але ў пейзажах, прысвечаных ленінскім мясцінам, пануе ўсё той жа ўласцівы мастаку лірызм, усё тая ж цішыня, і толькі назвы пад карцінамі нагадваюць, што гэтыя мілыя трапяткія краявіды «належалі» Уладзіміру Ільічу. А яшчэ думаецца пра тое, што людзі прыходзяць і сыходзяць, а створанае Богам хараство прыроды непрамінальнае, вечнае. І рэвалюцыя, і нават самая доўгая вайна калі-небудзь скончацца, а вясна — бясконцая. Пра гэта думаецца каля карціны «Беларусь. Зноў зацвіла вясна» (1947), на якой у полі, дзе ўжо квітнеюць белым цветам тонкія яблынькі, так злавесна-кантрасна выглядае пахілены, абгарэлы фашысцкі танк — жыццё і смерць, дула якой усё яшчэ скіраванае ў жыццё, у наіўную безабароннасць яблынькаў. На гэтай жа карціне на вузкай звілістай дарожцы ў далечыні намаляваныя людскія фігуркі — такія непрыкметныя, нязначныя ў параўнанні з грувасткім злом, увасобленым у выяве танка, усяго толькі падарожнікі на вечнай зямлі... Адметны цыкл палотнаў, створаных мастаком у Запаляр’і і на Архангельшчыне ў 1930–1940-я гады. «Мастак адкрывае Поўнач, — піша Віктар Карамазаў, — такой, якою бачыць толькі ён, Біруля... Палітра мастака ўсё роўна як чакала поўначы з яе маразамі, снягамі, вятрамі, заледзянелымі і заінелымі контурамі, агорнутымі бляклай марской сінечаю і мёртвай цішынёю, штармавымі хвалямі з каронамі смяротна-жоўтай пены, марознай імглою, заснежаным небам, па вертыкалі прашытым срабрыста-жамчужным ззяннем. Новы свет раптам выявіў яшчэ большую разнастайнасць і насычанасць любімых срабрыстых тонаў, увесь іх спектр, у якім нават гераічнае вяртанне з таго свету ледакола «Садко» не прыглушала тонкага лірычнага пачуцця <...> Ён піша незямную цішыню Поўначы, часам — яе немату, якая ледзяніць сэрца». У карцінах гэтага часу дамінуе не прырода, а адзінокія цэрквы на фоне высокага, месцамі прасветленага, халоднага неба. Яго цэрквы, нібы зачэпленыя за зямлю — так мала яе на палатне. Мастацтвазнаўцы пішуць, што ў гэты час В. Бялыніцкі-Біруля быў захоплены драўляным дойлідствам паўночнай Расіі, жанрам мемарыяльнага пейзажа, але, напэўна ж, вызначальным было тое, што ў рэпрэсіўна-ваенны час, калі людзі вырубаліся, як безабаронныя дрэўцы, вочы мастака шукалі апірышча ў абарончых сілуэтах цудам ацалелых цэркваў з высока ўзнесенымі крыжамі. Прыехаўшы з Расіі ў Беларусь вясною 1947 года, мастак будзе шукаць гэтыя абарончыя Божыя знакі ў мінскіх ваколіцах, але на яго карціне «Сенніцкая царква» (1947) ёсць толькі царква — без крыжоў. Праўда, яна нібы ўзятая пад ахову пяшчотнаю вясноваю квеценню, яркаю зялёнаю травою і ціхім, чыстым, спагадлівым небам. Мінск у 1947 годзе яшчэ стаяў у руінах, і Бірулю прапанавалі для жытла дом у Курасоўшчыне, які раней належаў генералу Курасаву і называўся Белаю дачаю. Каля дома быў парк і яблыневы сад, а пад акном стаяла службовая легкавушка Панцеляймона Кандратавіча Панамарэнкі, якую ён прапанаваў для карыстання дарагім гасцям, — Біруля прыехаў з маладым мастаком, былым партызанам Антонам Бархатковым, які быў не проста адным з яго вучняў, а тым, каго Біруля пасля вайны заўважыў сам, успрыняў як свой працяг у жывапісе, сагрэў сваёю сардэчнасцю і гасціннасцю (А. Бархаткову прысвечана аповесць В. Карамазава «Антон», якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» ў 2006 годзе).
Тады, у маі 1947-га, Біруля разам з жонкаю і Антонам Бархатковым сустрэўся і з Якубам Коласам, а праз год, таксама ў маі, знакаміты творца прыедзе ў Мінск на першы пасляваенны з’езд мастакоў, на якім з трыбуны скажа, што «мастацкая крытыка прыніжае лепшых мастакоў-рэалістаў, якімі мы павінны ганарыцца», — так ён даў адлуп тым, хто сцвярджаў, што заснавальнікам беларускага выяўленчага мастацтва быў Юдаль Пэн. Баронячы беларускае мастацтва, ён гаварыў пра талент М. Селівановіча, які ўпрыгожваў Ісакіеўскі сабор у Пецярбургу, пра С. Заранку, які, нарадзіўшыся ў сям’і прыгоннага селяніна на Магілёўшчыне, стаў акадэмікам жывапісу, настаўнікам Пярова, Макоўскага, Саўрасава, бараніў Апалінарыя Гараўскага, які ў «ЛіМе» «з дзіўным невуцтвам» быў названы ў артыкуле Есакова «вучнем Дзюсельдорфскай школы і прапаведнікам мастацтва для мастацтва» — пра ўсё гэта можна прачытаць у таленавітай, з любоўю напісанай кнізе Віктара Карамазава, які аб’ездзіў усе Бірулевы мясціны і нават начаваў у яго майстэрні. «Што было б з Заранкам ці Гараўскім, — піша В. Карамазаў, — калі б яны засталіся ў вёсках, у якіх яны нарадзіліся, ці ў Бабруйску, у Магілёве, у Мінску, нарэшце, дзе не было сапраўдных прафесійных школ? Ці з ім, Бірулем, калі б не знайшоў бальшак на Мясніцкай у Маскве, школу перадзвіжнікаў, Паленава і Левітана, Рэпіна і Куінджы, Касаткіна і Сцяпанава? <...> Дзе больш душы беларуса — у Пэна ці Заранкі, у Пэна ці Гараўскага?» В. Бялыніцкі-Біруля свядома, акцэнтавана падкрэсліваў у назвах сваіх твораў сваю далучанасць, сваю любоў да Бацькаўшчыны — згадаем яго карціны, датаваныя 1947 годам: «Беларусь. Зноў зацвіла вясна», «Зазелянелі беларускія бярозкі», «Беларусь. Пачатак лета», цыкл «Мінскія аколіцы». Ён яшчэ раз хацеў прыехаць на радзіму на даўжэйшы час, але здарылася бяда: яго любімая дачка Любаша, якая добра плавала, утапілася ў возеры, а яго самога разбіў інсульт. І, нягледзячы на тое, што неўзабаве ён ачуняе і яшчэ пажыве, і яшчэ будзе пісаць і сваю любімую вясну, і восень, і лён у яго блакітным цвіценні, і бярозкі, ён раптам спакойна, мудра пачынае разумець, што настаў час развітвацца. Ён пачаў пісаць успаміны, свае думкі пра мастакоў — пра кагосьці проста трапныя словы, усяго радок, а пра кагосьці больш. Памятаў пра свайго сябра Станіслава Жукоўскага, закатаванага ў 1944 годзе ў фашысцкім лагеры ў Варшаве, памятаў, што Куінджы аднойчы заплакаў, уражаны захадам сонца над ракою, назваў Шышкіна лясным царом, які чуў галасы дрэваў, як ніхто іншы, і раптам востра зразумеў, што загадка левітанаўскай карціны «Над вечным спакоем» у тым, што ён, Левітан, гадамі жыў прадчуваннем нябыту і таму ў карцінах як бы развітваўся са светам. Біруля напісаў нават своеасаблівы запавет паляўнічым, у якім ёсць і такія радкі: «Якая б ціхая ні была ноч, а перад самым світаннем, на золаку, старая асіна, што стаіць на ўзлеску, абавязкова прашэпча ў трывозе сваю малітву...» Неба, якое ён таленавіта яднаў з зямлёю на палотнах, падарыла яму апошнюю вясну ў 1957 годзе і забрала яго да сябе на пачатку лета, у чэрвені. Прырода развіталася з улюбёным у яе мастаком пяшчотаю сваіх яшчэ няяркіх фарбаў пад жалобныя званы царквы, што стаяла над яго любімым возерам з утульнаю назваю Удомля. Беларуска-рускага мастака са шляхецкага каталіцкага роду пахавалі на Новадзявочых могілках у Маскве, а душа яго, напэўна ж, засталася ў яго палотнах, адно з якіх — «Белы сон. Блакітная капліца», так мудра выбранае з мноства іншых для пастаяннай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску. У ім так многа Боскай цішыні і спакою, так многа надзеі, бо пад покрывам белага снегу дрэмле вясна, якая чакае свайго часу для абуджэння, для неадменнага ўваскрашэння, а пакуль яе сон ахоўвае бела-блакітная капліца — і няхай ахоўвае...
|
|
|
|