Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Пераклады

СТАЎ САПРАЎДНАЙ ЛЕГЕНДАЙ...

КАСЦЁЛ У БЯЛЫНІЧАХ
Мастацтва

У СУЛАДДЗІ З БОЖЫМ СВЕТАМ
Успаміны
Спадчына
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя

СВЯТА ЎЗНЁСЛАГА СЛОВА
Успаміны
Роздум

Вандроўная песня
Язэпа Драздовіча

Зручны кіёчак, пэндзаль і фарбы…
Толькі мажлівасць даў Уладар бы —
Лёгкую хаду.
Што неабходна мне для вандроўкі —
Ладны сцізорык, правіць алоўкі,
Я і сам знайду.
І за свет пайду,
Каб разагнаць нуду.

Ласкай крыніца сточвае камень,
Бог аздабляе свет дзівакамі.
Ён сапраўдны зух.
Мне не патрэбны грошы і скарбы,
Лепш напаткаўся добры дудар бы —
Падтрымаць мой дух.
Існасць — вечны рух.
Лепш вандраваць удвух.

Чуеш, запелі ў полі мянташкі —
Сена рыхтуе вёска Алашкі.
Пойдзем па дварах.
Шэрасць пануе ў хатах ад працы,
Я намалюю людзям палацы,
Хоць на дыванах.
Хай цвіце вясна —
Будзе лагода ў снах.

Вось і сцямнела, час па вячэры.
Зоркі буйныя спеюць, як бэры,
Іх люляе змрок.
Водар дзівосны сена ў адрыне.
Стомлены ветах спіць на хмурыне —
Сточаны сярпок.
Быццам незнарок,
Зорак сягае зрок.

І на Сатурне і на Венеры
Спяць сенажаці, спяць касінеры,
Ды не спіцца мне.
Вольны, як птушка, я адлятаю
Ў бездань сузор’яў, да небакраю…
Можа, толькі ў сне
Бог мяне кране.
Досвіткам сон міне.
Свет неаглядны ў сэрцы адкрыў я.
Хай не крыўдуе любая Крыўя —
Сам далей пайду.
За далягляды шлях мой не марны.
Хай небакрай мой ясны ці хмарны,
Я туды іду.
Мо святло знайду?
Божа, настрой дуду!

На Радаўніцу
Вясной надзей уквеціліся дзічкі,
Зайздросцячы сяброўкам у садах.
Жалобна недзе енчаць электрычкі
Зняволеныя ў рэйках і дратах.

У грукаце сваёй нябеснай брычкі
Пярун-Ілля вязе дзіцячы страх.
Пялёсткаў сны,
Нібыта з неба знічкі,
Страсае долу палахлівы птах.

Агаркам свечкі —
Мары, думкі, звычкі…
Агорвае паволі шлях у прах
Агеньчык,
Як цыбулінка каплічкі,
Што некалі згарэла на кладах.

Спакой
Світанак. Вее ветрык свежасцю.
Пяшчота травеньскай красы.
Яліны прывіднымі вежамі
Стаяць, сівыя ад расы.

Галлё бяроз ярчэе кроплямі,
Асіны ціха шапацяць.
У небе доўгімі шматкроп’ямі
Дадому журавы ляцяць.

Усё наўколле росным позіркам
Глядзіць на веснавы дыван.
Зара прачнулася над возерам,
Над полем коўдраю туман.

Страху нябёс трымаюць кроквамі
Хваіны бору над вадой…
Стаю — спужаць не ў стане крокамі
Дзівосны ранішні спакой.

Зямля
Рунее даль празрыстаю смугой.
Сцішэлі паплавы, пагоркі, нівы.
Ахопленыя светлаю тугой,
Мінаюць дні ўсё больш і больш імкліва.

Ад Боскай ласкі нам у дар адна
Зямля, як быццам з нейкай дзіўнай казкі.
Ўсё ад Зямлі. Ад хлеба да радна,
Ад моцных каранёў да сціплай краскі.

Яна жыццё і сілы нам дае.
І век, і час, і кожную хвіліну
Нам дорыць казкі, песні нам пяе,
Смуткуе і прымае дамавіну.

Зямля працуе цяжка і здаўна.
Але апошнім часам мне трывожна.
Давай, каб не стамілася яна,
Хадзіць па ёй удзячна, асцярожна.

Ля затокі
Стомлена плюхае хваля ў карчах —
Пэўна, крынічнае нешта ёй сніцца;
Пробліск цяпельца амаль што ачах,
Чырванню прысак сузорна іскрыцца;

Месячык дрэмле за борам наўзбоч;
Ветрык прыснуў —
Нашаптаўся з чаротам...
Так і сядзеў бы з разяўленым ротам,
Толькі шкада, што кароткая ноч.

Вясновая прыгода
Апошні снег ручаіцца ў бары,
Імкнецца весняй песняю на ўзлессе.
Сумётаў многа намялося ў лесе
Ці што не тое зладзілі бабры?

Прыблытаўся ручай у гушчары
Да стромістай іглічнай піраміды,
І безнадзейнасць новай Атлантыды
Чакала мурашыны Свет Стары.

Прымоўкла выспа, поўная жуды,
Насуперак вясноваму настрою…
Я нацягаў лаўжоў і сухастою
Ды збудаваў запруду ад вады.

І пазіраў расчулена з гары
На свет, што ўратаваў сваёй рукою.
Раптоўна, паміж ладу і спакою,
Заўважыў я кавалачак кары.

Маленькія мурашкі-бунтары —
Напэўна, ў іх была свая задума —
Сплывалі, каравелаю Калумба,
У Новы Свет, у сінія віры!..


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY