|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
Шмат у жыцці было рознага тлуму. Але сны мае застаюцца вернымі свайму прызначэнню. Я сню сваё жыццё ў бацькавай хаце, на хутары Загасцінец, дзе ў любові і шчасці, у зрэбнай кашулі, басанож улетку і ўзімку, праз акно аглядала космас сусвету, а калі неасцярожна акно адчынялася, сусвет урываўся ветрам і зліваўся з маім дыханнем. Той кручок, які трымаў акенца, не згарэў падчас пажару, я яго павесіла каля абразоў, і ён калыхаецца цяпер у маіх успамінах, да яго дацягваюцца лапкамі кошачкі, яны муркаюць, мяўкаюць, часам крычаць. І я крычала ў тую студню космасу, але пераважна ў лесе ці ў лузе, адпыняючы непаслухмянага бычка Лазіка. Калі тату пахавалі, памінкі справілі ў той хаціне, якую ён нам пабудаваў. Калі людзі нас пакінулі, я пайшла далёка ў гушчар лесу і пачала дзіка, нема галасіць. Накрычалася — і камяк у грудзях растварыўся болем па ўсім целе. Так я і сумаўлялася ў сваім свеце — больш з кароўкамі, з птушкамі, з дрэвамі ды з кветкай арнікай… Калі ж на гасцінцы з’яўляўся нейкі вандроўнік ці анучнік з падводай або жабравалі пагарэльцы з іншых месцаў — гэта была падзея… Але вёска жабраваць не хадзіла… А ў таты быў прынцып — ён нічога не пазычаў… Такую пастанову ён прыняў, калі аднойчы пайшоў пазычыць жыта на сяўбу да ксяндза, а той яму не пазычыў: «Ты бедны, ты не вернеш…», — а пазычыў праваслаўнаму. Па Беларусі заўсёды вандравалі старцы. У даўнія часы людзі старцаў шанавалі. Старцы — носьбіты духоўнасці, маральнасці, мудрасці. Такі старац у драме Купалы «Раскіданае гняздо». «Беларускія старцы мелі сваё самакіраванне, сваіх настаўнікаў (майстроў), якія вучылі навічкоў спеву песень і малітваў… У канцы ХІХ ст. пад прыгнётам капіталістычных адносін разрушаліся ў беларускай вёсцы асновы патрыярхальнага быту і пачало выраджацца старцаванне… Па-мыслярску: старац — выхад праз вандраванне з жыцця ў жыццё, «са свету ў свет»… (Ул. Конан). Вандроўнікаў па гасцінцы майго жыцця прайшло шмат. Гаршкалепы з Морына прывозілі гаршкі, міскі, збанкі, церлы, свістулькі. У верасні 1939 года па гасцінцы падвечар прайшла калона савецкіх войскаў, якія «вызвалялі» Заходнюю Беларусь ад Польшчы, на якую з захаду напалі гітлераўскія войскі. Вясной 1943-га з Місураў напрасткі агнявою лаваю па полі ішлі немцы, а мы ўцякалі па раллі. Каля вушэй, здавалася, ціўкалі птушкі, але гэта былі кулі, мы схаваліся ў гліняную яму, а цётка Броня нас засланіла сабою зверху — ды немцы па нас не стралялі, лавілі партызанаў. Прыходзілі партызаны і салдаты Арміі Краёвай. Адну ноч начаваў атрад Бельскага, які вызваліў з лагера каля Наваградка сваіх людзей, габрэяў. Змораныя і хворыя, яны варылі ў нашай печы ежу, спалі на ложках і на таку, на гарышчы і ў адрынцы. Толькі печ нам пакінулі. А я ранкам з габрэечкай пагуляла ў лялькі, і яна мне каснічок пакінула. Цяпер чую па радыё, што сярод вызваленых з гета габрэяў быў Чарльз Кушнер, унук якога жанаты з дачкою амерыканскага прэзідэнта Трампа… Па гасцінцы немцы вялі палоннага хлопца з кучараваю чупрынаю, а мы стаялі на падворку ў цёткі Броні. Я трымала кубачак з сырадоем і спытала, ці можна яму аддаць малачко. Немцы дазволілі, а ён узяў з маіх рук кубачак і паглядзеў мне ў вочы: як успомню той позірк, так і заплачу… Хлопца расстралялі ў нашым сасонніку, тата яго пахаваў. Я шмат часу праводзіла каля той магілкі і там, нібы гуляючы, пачала складаць і запісваць вершы ў школьны сшытак. Гэта былі малітвы за майго героя вайны! Яны стралялі і стралялі, то здалёк, то зблізку. Мы хаваліся і хаваліся. Адзін партызанскі атрад зімой забраў у нас усё, што можна было забраць, і ўжо загадвае раздзетаму тату ісці з імі, а тут з’явіўся другі атрад — імя Матросава, і першаму атраду загадаў усё вярнуць і тату дома пакінуць… Пасля вайны Гурген Амярханавіч Марціросаў выкладаў філасофію ў Гродзенскім педінстытуце, у якім я вучылася (яго дзеці і ўнукі жывуць у нашым горадзе), а Матросаў – гэта яго партызанскае імя… Не памятаю, каб па гасцінцы хадзілі гусляры, лірнікі, трубадуры, сляпыя музыкі ды прарокі. Мусіць, хадзілі, бо пры выпадку людзі казалі, што самы страшны грэх — пакрыўдзіць убогага, сляпы — гэта святы… Каля нас хадзілі казачнікі, апавядальнікі розных гісторый… Неяк салдат адстаў ад войска, прыбіўся да Юркавай Мані, і яны павянчаліся ў царкве. Але як толькі надарылася магчымасць, салдат уцёк да партызанаў. Маня нарадзіла сына і пражыла пры ім усё жыццё... Ніхто яе болей не ўзяў замуж. Прыходзілі аднекуль пастухі, пасвілі за ежу, а зімой жабравалі. Толькі пра пастуха Лейбу засталася показка: «Спіць, як Лейба, Мялёгава здаўшы». Бо калі статак заставаўся ў хлявах, то Лейба хаваўся ў лес і там адсыпаўся… У канцы вайны пайшлі бежанцы са Смаленшчыны. Архібель не навучыў нашых плесці лапці з лазы, але сам плёў, калі хто папросіць. Сястра Рэня на ёлачку ў першым класе мяне прыбрала «сняжынкай» — у мяне была сукенка з выбеленага палатна, карона з бліскучай паперы, некалькі сняжынак прымацавалі на падалок. Настаўніца выбрала мяне таньчыць польку з бежанцам Аркадзікам, але ўсе ўбачылі, што ён падскоквае шырока, а я скачу дробненька — не атрымалася ў нас полечка. І вёска не перайшла на расейскую мову дзеля бежанцаў, як цяпер перайшла тая ж вёска ў горадзе ўслед за начальнікамі. Галька, дачка маёй сястры, успамінае, што яе бабуля Юля частавала Архібеля аладкамі за малітву. Ён маліцца не ўмеў, аб чым Юля яму сказала, а ён адказаў: «Ты многа ведаеш, з цябе перад Богам і спрос вялікі, а я ведаю мала, з мяне і спрос малы»… Найдаўжэй і рэгулярна пасля вайны ў нашу вёску прыходзіў Вохаха, яго яшчэ называлі Кукулька. Ён быў вольны жабрак, за ежу і куток не адчуваў сябе вінаватым. Наша вёсачка жыла па катэхізісу: накарміць галоднага, напаіць сасмяглага, адзець, абмыць абарванага, прыняць у дом падарожнага, дапамагчы абмарожанаму. Вохаху прымалі як Божага пасланніка, выганялі з яго цела насякомых, абмарожаныя рукі лячылі. Зімой хадзіў басанож; начаваў па чарзе з хаты ў хату або жыў у некага аднаго… Вопратку мянялі на ім — аддавалі, хто што меў. Калі ён трапляў у нашу вёску зімой, то мог жыць да вясны. Але сыходзіў з хаты, калі ўсе спалі. Нашы мужчыны стрыглі і галілі адзін другога, нібы ўсе вучыліся на цырульнікаў, але Вохаха хадзіў, як мядзведзь, не даваўся падстрыгчыся. У пляменніцы Галькі пра Вохаху застаўся свой дзіцячы ўспамін. Было вяселле. Ён зайшоў у хату, ухапіў са стала акраец пірага, схаваў за пазуху… Нехта ўбачыў і кажа: «Пакладзі назад!». Калі ён выцягнуў пірог, то на ім ужо былі вошы… Я то і думала, што Вохаху так называлі ад слова «вошы», але гэта няпраўда. З людзьмі і з Богам ён сумаўляўся без слоў, ведаў адно слова — во-ха-ха, быў глухім… А Гальчын муж Пеця вырас на хутары каля Дакудава, і да іх прыходзіў Вохаха, то ён кажа, што Вохаха — немец, які схаваўся ад вайны… І нібыта быў ён нам усім патрэбны, калі ўсе яго памятаюць. Вохаха памёр пад крыжам на свята Божага Цела. Яго пахавалі на могілках каля капліцы, а сястра Франя кажа, што Вохаха меў хату ў Залейках, і не быў ён бязродным, меў імя Ёхім і свае карані… Калі Вохаха зразумеў, што ён памёр, рукі і ногі яму перасталі балець, ён адчуў сябе здаровым. Таму і памёр у капліцы, куды ўваходзячы, трапляеш у іншую рэальнасць. Гэтаксама, як у смерць. Ніхто не заплюшчыў яму вочы. Толькі нядаўна я даведалася, што Валодзю Высоцкага таксама пахавалі з расплюшчанымі вачыма. І пачала я думаць, хто мне вочы закрые… Не хацелася б спаць, як зайчыку пад кустом. У дзяцінстве мы не баяліся гуляць на могілках. У кожнага была магіла бабулі ці дзядулі, якія нас абаранялі з таго свету. У той капліцы мы таксама гулялі, пакуль дах не зваліўся… Капліцу разабралі і спалілі на могілках… І Франя падзялілася са мной сваімі перажываннямі. Аднойчы прыйшоў да іх пад вароты жабрак і прасіў у яе, каб яна аддала яму бульбу, што не з’еў сабака. Але Франя была дома адна. Мама, выходзячы з хаты, сказала, каб нікога ў хату не пускала, бо ходзяць цяпер жабракі і могуць яе, малую, пакрыўдзіць. Ёй было шкада жабрака, але яна памятала, што сказала мама… І Галька расказала, як яны былі ў Сайковых адны дома і прыйшлі жабракі, стукалі ў дзверы, але яны ім не адчынілі, бо дома былі адны малыя… Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае… Нашу Краіну насяляюць бедныя людзі, але жабракоў мала. Нашы продкі перадавалі нашчадкам незафіксаваны статус паводзін: жыць у сваёй хаце па сваіх магчымасцях. Збіраць сродкі праз інтэрнэт хвораму, бездапаможнаму творцу, пакінутаму мастаку — гэта зневажаць, прыніжаць маральна і духова, рабіць жабраком і творцу, і яго мастацтва, бо інтэлігенцыя павінна быць моцнай духам. Збіраць сродкі аб’явамі ў інтэрнэце на выданне кнігі — невялікі гонар для кнігі. Лепей дапамагаць без рэкламы — з рук у рукі, калі ў цябе ёсць шмат, а ў твайго сябра няма зусім. Але сучасныя, прывязаныя да інтэрнэту, думаюць, што калі напісаў у інтэрнэт, то ўжо дапамог… На чорную работу знойдзецца нейкая бабка… Памятаю, як я здабыла ў аптэцы ў нашай сяброўкі Марыі Рудзь лек для таты, ад якога тата вылечыў язву страўніка без лекараў, а па гасцінцы ішла жанчына з Бурносаў, спынілася яна перад нашай хатай і расказала тату, як ёй баліць страўнік, і тата аддаў ёй лек, які выпіў не да канца… Мы ўбогія духам, але абароненыя Духам Святым. Наш народ цярпліва пераносіць нягоды жыцця і жыве па Хрыстовай канстытуцыі, а яна супадае з народнай… Так, мы ўслед за Евангеллем спытаем: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным або сасмяглым, або госцем, або голым, або хворым, або ў вязніцы і не паслужылі Табе?» Тады Ён адкажа нам: «Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі» (пар. Мц 25,45). Вандроўнікаў тут прымаюць як Бога Жывога, асабліва, калі пілігрымы ідуць да святых санктуарыяў. Але не толькі. Не так сабе прыдумаў Валодзя Караткевіч сваю гісторыю «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», а з народных паданняў. І Максім Танк напісаў прыгожы дыялог з вандроўнікам, у якім ёсць такія радкі: «…хлеб на стол кладзецца толькі для гасцей// хоць на лаве мулка, пераспі начлег»… Люты 2017 г.
|
|
|
|