Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Пераклады

СТАЎ САПРАЎДНАЙ ЛЕГЕНДАЙ...

КАСЦЁЛ У БЯЛЫНІЧАХ
Мастацтва

У СУЛАДДЗІ З БОЖЫМ СВЕТАМ
Успаміны
Спадчына
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя

СВЯТА ЎЗНЁСЛАГА СЛОВА
Успаміны
Роздум

Марына ПАШУК

«ДАРОГА ЖЫЦЦЯ».
ПА СТАРОНКАХ КНІГІ ТОБІЯ

Андрэа Вакара. «Рагуэль благаслаўляе сваю дачку Сару
перад яе выправаю ў Экбатан з Тобіем».
Нацыянальны музей мастацтваў Каталоніі.

Кніга Тобія расказвае пра ізраэльскую сям’ю з пакалення Нэфталія, якая была дэпартаваная ў асірыйскую няволю. Галава гэтай сям’і — Табіт1— прадстаўлены ў Кнізе як той, хто мае немалыя багацці, бо ў Рагэс у свайго прыяцеля Габаэля ў Мідыі ён пакінуў на захаванне 10 талантаў серабра (1,14; 4,1). Аднак матэрыяльныя багацці не былі для яго абсалютнай каштоўнасцю. Ён быў чалавекам справядлівым і пабожным, памятаў пра Бога ўсёй сваёй душою (1,12) i трымаўся наказаў любові2: рабіў дабро для сваіх братоў у няволі, даваў хлеб галодным і вопратку нагім (1,17), хаваў пакінутыя целы забітых землякоў (1,17; 2,4). Але яго дабрачыннасць i рызыка выклікалі незразуменне, насмешкі і здзіўленне сярод іншых выгнаннікаў: «Гэты чалавек усё яшчэ не баіцца? Бо ўжо шукалі яго, каб забіць за гэта, а ён уцёк і вось зноў хавае мёртвых» (2,8). На пачатку Кнігі ён сам кажа пра сваю справядлівасць і праведнасць: «Я, Табіт, хадзіў шляхамі праўды і справядлівасці ва ўсе дні жыцця свайго, даваў вялікую міласціну сваім братам і суайчыннікам, якія пайшлі разам са мною на выгнанне ў Нініву, у асірыйскі край» (1,3). Сапраўды, ён быў чалавекам не толькі пабожным, але і адважным: не баяўся ні гневу караля Асірыі, ні здзекаў і папрокаў з боку сваіх родных, калі быў яшчэ ў Ізраэлі, бо з усяго роду толькі ён хадзіў на святы ў Ерузалемскую святыню (1,6). Усё, што рабіў, рабіў згодна са сваім сумленнем і паводле веры. Калі аслеп і страціў сваю маёмасць, згубіў таксама ўпэўненасць у будучыні. Пра тое, што гэта выпрабаванне, Табіт даведваецца значна пазней: «Паколькі ты не марудзіў, але падняўся і, пакінуўшы сваю гасціну, пайшоў пахаваць мёртвага, я быў пасланы выпрабаваць цябе» (12,13). Сваю гісторыю Табіт таксама апісвае, так бы мовіць, ex post, пасля таго, што ўжо сталася (12,20). Таму ацэньвае сваю справядлівасць з вялікай скрухаю, бо сама па сабе яна не мае ніякай вартасці, калі не злучаная з Богам, калі не напоўненая Яго прысутнасцю і пакораю перад Ім. Ніводзін святы не сказаў пра сябе, што не мае граху. Аднак, каб гэта зразумець, Табіту патрэбны быў час, патрэбны быў Божы дотык, нават самы балючы. Амаль два гады ён плакаў над сабою і скардзіўся на свой лёс, няспынна разважаў пра няшчасце, якое яго напаткала. Ён занурыўся ў сум, уздыхаў і плакаў: «Глыбока засмучаны, я са стагнаннем заплакаў і, уздыхаючы, пачаў маліцца» (3,1). Плач над сабою перашкаджае яму ўбачыць старанні сваёй жонкі, што прыводзіць да канфлікту з ёю (2,14). І толькі пасля гарачай малітвы, поўнай пакоры, ён вызнае, што справядлівым з’яўляецца толькі Бог, а ён — грэшнае стварэнне (3,2-3). З гэтага моманту Табіт становіцца чалавекам пакоры і веры, поўнай надзеі3. Бог выходзіць яму насустрач і пасылае да яго свайго анёла (3,16-17) — так у дзеянні Кнігі з’яўляецца Бог. Табіт ужо перастае быць у цэнтры ўвагі, перастае думаць пра сябе, а пачынае цвяроза ацэньваць сітуацыю i з надзеяй глядзець у будучыню. Ён успамінае пра грошы, якія пакінуў у Мідыі, успамінае пра сына і жонку, перастае любавацца сваёй справядлівасцю. Адбываецца ў нейкай ступені навяртанне Табіта. Яго імя — Табіт — пачынае гучаць цяпер без адцення іроніі, таму што Бог не толькі праяўляе да яго сваю дабрыню, але сапраўды становіцца яго адзіным дабром4. Пасылаючы свайго сына Тобія ў далёкае падарожжа ў Мідыю, каб забраць пакінутыя ў Габаэля грошы, Табіт дае яму маральныя настаўленні, якія становяцца не столькі зборам нарматыўных або павучальных тэкстаў, колькі «дарогаю жыцця». Сваім вельмі канкрэтным настаўленням Табіт дае практычнае і рэлігійнае абгрунтаванне. Гэта свайго роду запавет старога Табіта, які тлумачыць сыну, што такое сапраўдная справядлівасць (1,3). Менавіта ў фрагменце 4, 1-21, а таксама ў фрагменце 14,3-10, заключаны тэалагічны змест кнігі: роля Божага Провіду, які кіруе лёсам ізраэльцянаў, верных Закону; вялікая роля ўчынкаў міласэрнасці, а таксама — ідэал гарманічнага, шчаслівага сямейнага жыцця5. Бацька кажа пра шанаванне маці (4,3-4), пра боязь Божую і пабожнасць (4,5-6), пра дабрачыннасць і міласціну (4,7-11), пра чыстасць, цнатлівасць i пакору ў адносінах да сваіх блізкіх (4,12-13), пра справядлівасць і праўдзівасць, спагаду і шчодрасць (4,14-17), пра сціпласць, развагу i падпарадкаванне Божай волі (4,18-19). Змест гэтых настаўленняў сведчыць пра духоўную сталасць і пабожнасць бацькі, а таксама паказвае падабенства гэтых настаўленняў з іншымі біблійнымі тэкстамі.

Фрагмент 4, 3-19 можна падзяліць на дзве часткі: 3b-14a і 14b-19. Першая частка падкрэслівае важнасць учынкаў міласэрнасці, бо ў гэтым заключаецца справядлівасць і праўда. Другая частка змяшчае больш практычныя настаўленні. Тое, што настаўленні дае бацька, сведчыць аб перакананні, што менавіта сям’я стаіць на чале маральнага выхавання, а сам Табіт становіцца прыкладам для наследавання, юдэйскім «святым», які жыве ў дыяспары6. У настаўленнях бацькі змешчаны сціслы пераказ штодзённых паводзінаў адносна Бога і людзей, а таксама пералічаны грахі, якіх трэба пазбягаць.

 

Шанаванне маці (4,3-4)

Табіт размаўляе з Тобіем як бацька з сынам, з пазіцый маральнага і рэлігійнага аўтарытэту, як дасведчаны чалавек. У першых словах настаўлення Табіт развівае тэму 4-й запаведзі Дэкалогу (Зых 20,12; Дрг 5,16). У адносінах з бліжнімі найбольшай пашаны заслугоўваюць самыя блізкія сваякі (4,3), таму ў першую чаргу бацька заахвочвае сына шанаваць сямейныя повязі. Пасля смерці бацькі сын павінен учыніць для яго прыгожае пахаванне, але асаблівай апекаю і пашанаю сын павінен атуліць маці. Гэты наказ сведчыць пра высакароднасць бацькі, які, нягледзячы на шматлікія непаразуменні з жонкаю (2,14; 5,18-20; 10,7), загадвае сыну шанаваць яе і памятаць пра яе не толькі пры яе жыцці (GII)7, але нават пасля яе смерці (GI). Ёй бацька таксама просіць учыніць годнае пахаванне8. Прычынаю шанавання маці з’яўляюцца яе пакуты пры нараджэнні адзінага сына. Такое абгрунтаванне вельмі падобнае да тэксту з Кнігі Сіраха: «Не забывай пра тую, якая нарадзіла цябе ў пакутах» (7,27).

Тэма шанавання бацькоў вельмі блізкая для сапенцыяльнай традыцыі. Адмысловым каментарам да 4-й запаведзі Дэкалогу з’яўляецца паэма пра шанаванне бацькоў з Кнігі Сіраха (3,1-16), дзе знявага маці ставіцца на роўні з абразай Бога (3,16), а «міласэрнасць да айца не будзе забыта» (3,14). Падобнае павучэнне знаходзіцца таксама ў Кнізе Прыпавесцяў (23,22): «Слухай айца, які даў табе жыццё, і не пагарджай маці нават у яе старасці». Жаданне Табіта быць пахаваным разам з жонкаю ўказвае на канкрэтную традыцыю патрыярхаў габрэйскага народу: Абрагам спачывае побач з Сараю, Ісаак — побач з Рэбэкаю, a Якуб — са сваімі продкамі (Быц 25,10; 49,29.31). Гэта пацвярджае біблійнае разуменне сужэнскага саюзу як непарушнага нават пасля смерці. Аднак перш за ўсё тэкст 4,3-4 характарызуе манагамічны сужэнскі саюз Табіта і Ганны з маральнага боку: гэты саюз, нягледзячы на непаразуменні (2,14), з’яўляецца трывалым і моцным, бо заключаны ў межах свайго роду, што падкрэслівае сам Табіт: «Я ўзяў сабе за жонку Ганну, з нашага бацькоўскага роду» (1,9). Магчыма, у жаданні мужа быць пахаваным разам з жонкаю, ёсць таксама нейкія далёкія прадчуванні ўваскрашэння, а менавіта жаданне, каб Табіт і Ганна разам спазналі гэтую рэчаіснасць і пры ўваскрашэнні былі разам.

 

Пра боязь Божую і пабожнасць (4, 5-6)

Сутнасць пабожнасці, паводле Старога Запавету, заключаецца ў боязі Божай і ў захаванні Божых запаведзяў: «Бойся Пана Бога твайго, захоўвай усе пастановы Яго і запаведзі» (Дрг 6,2); «Бойся Бога і захоўвай Яго запаведзі» (Экл 12,13). Пастаянная памяць пра Бога захоўвае чалавека ад граху. У вуснах пабожнага Табіта настаўленне гучыць цалкам натуральна. Яго словы пацверджаныя жыццём і служаць Тобію прыкладам для наследавання. Сын распачынае новы самастойны этап у сваім жыцці, выходзіць з дому ў далёкае жыццёвае падарожжа духоўнага сталення. Цяпер ён будзе далёка ад бацькоў і іх пільнага вока. Цяпер ён сам павінен навучыцца рабіць свой выбар, памятаючы толькі, як кажа св. Павел, што ўсё можна, але не ўсё прыносіць карысць (пар. 1 Кар 10,23). Даючы настаўленні сыну, бацька не кажа пра незвычайныя рэчы, не кажа пра вялікую аскезу і гераічныя ўчынкі, якія павінен здзейсніць сын. Ён кажа пра ўмовы звычайнага поспеху, пра бяспечнае жыццё. Кажа яшчэ маладому і духоўна нясталаму сыну, што выглядае вельмі кантрасна з развітальнаю моваю Табіта напрыканцы Кнігі (14,3-10), дзе бацька ўжо размаўляе з сынам як з братам, сувызнаўцам. Цяпер самае галоўнае, каб сын разам з псальмістам мог сказаць: «Пана я маю заўсёды перад вачыма» (Пс 16, 8). Пастаянная памяць пра Бога звязана са справядлівасцю, увасобленай ва ўчынках міласэрнасці i ў верным спаўненні Закону, а служэнне праўдзе заключаецца ў выкананні Божых запаведзяў. Табіт хоча сказаць сыну пра актыўную веру, якая пацвярджаецца праведнымі ўчынкамі, што мае вялікае значэнне на шляху выбаўлення. Свае настаўленні ён абгрунтоўвае простым сцвярджэннем, згодна з якім жылі людзі часоў Старога Запавету: праведнаму несумненна пашанцуе! Правільныя паводзіны вынікаюць з Божых запаведзяў і служаць на карысць людзям, таму варта ісці шляхам праўды, справядлівасці і міласэрнасці. Хоць у кантэксце гісторыі Табіта гэта гучыць як іронія, бо Табіт за сваё дабро пакуль што не атрымаў ніякай карысці, а нават несправядліва церпіць. Аднак у кантэксце ўсёй кнігі праблема цярпення справядлівага чалавека была вырашана: гэта часовае выпрабаванне, спасланае Богам (12,13). За вытрываласць у цярпенні Бог дае яшчэ большую ўзнагароду, яшчэ большы поспех. Правільныя паводзіны заўсёды прыносяць чалавеку карысць і будуць узнагароджаныя Богам, бо Ён — крыніца сапраўднага шчасця і сапраўднага поспеху. Гэтая простая тэорыя рэтрыбуцыі (адплаты) пазней будзе перагледжаная ў Кнізе Ёва9.

 

Пра дабрачыннасць і міласціну (4, 7-11)

Настаўленне пра дабрачыннасць і міласціну, змешчанае ў Кнізе Тобія (4, 7-11) — гэта і прыгожая паэма, і вялікі кодэкс. Яго тэкст унікальны, бо ва ўсім Святым Пісанні толькі Кніга Тобія адказвае на простае пытанне: навошта даваць міласціну і ў чым яна заключаецца?

З чаго даваць міласціну? Паводле Табіта, міласціну трэба даваць з уласнай маёмасці, з таго, што мае сам чалавек: ἐκ τῶν ὑπαρχόντων σοι (4,7), a не коштам іншых. У даванні міласціны не можа быць шкадавання, сумніўнасці, скнарлівасці, жалю. Міласціну трэба даваць з радасцю ў сэрцы, для Бога, бо, як кажа св. Павел, парафразуючы Кнігу Прыпавесцяў паводле Сэптуагінты (22,8), таго, хто дае з радасцю, любіць Бог (пар. 2 Кар 9,7). Каб даваць міласціну, трэба мець адпаведна настроенае сэрца, падрыхтаванае да радасці і ўдзячнасці.

Каму трэба даваць міласціну? На гэтае пытанне таксама ёсць адказ: «Ніколі не адварочвайся ад беднага» (4,7), хоць на пачатку верша і ў фрагменце 2,2 гаворыцца пра міласціну выключна для людзей, якія паступаюць справядліва. Пра гэта нагадвае таксама настаўленне з Кнігі Сіраха: «Давай пабожнаму, не перажывай за грэшніка» (12,4), і яшчэ: «Калі хочаш рабіць дабро, зважай на тое, каму яго будзеш рабіць» (12,1). У вучэнні Дванаццаці Апосталаў гэтая парада Сіраха гучыць яшчэ інакш: «Няхай спацее міласціна ў тваіх руках, перш чым даведаешся, каму даеш» (Дзідахэ, 1.6)10. Аднак у Табіта ўжо адчуваецца разуменне бліжняга ў катэгорыях Новага Запавету: тваім бліжнім ёсць той, хто побач з табою, г. зн. — кожны: «Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе» (Мц 5, 42), таму што Бог — у кожным чалавеку.

Хто можа даваць міласціну? Адказ бацькі вельмі просты: кожны, незалежна ад сваёй маёмасці, можа даваць міласціну, паводле сваіх магчымасцяў. Няма абмежаванняў. Міласціну можна даваць заўсёды і ў рознай форме (4,8). Практыкаванне міласціны вучыць даверу да Бога, таму што Ён не адверне ад цябе свайго аблічча і не пакіне цябе (4,7), бо «хто мае літасць да беднага, той нібы пазычае Пану» (Прып 19,17). Бацька кажа аб узнагародзе за такія ўчынкі. Ён кажа пра гэта яшчэ маладому Тобію, які толькі цяпер уваходзіць у дарослае жыццё, распачынае працэс духоўнага сталення. Абяцаны скарб — гэта «вялікія даброты на дзень патрэбы» (4,9). Безумоўна, тут не маюцца на ўвазе матэрыяльныя даброты ці звычайная ўдзячнасць людзей. Гэтым скарбам з’яўляюцца духоўныя даброты: знак Божага благаслаўлення (Сір 29,12)11. Ім можа быць і шматлікае патомства, і добрыя сваякі, сябры і звычайны поспех.

Чым ёсць міласціна? Міласціна — гэта ў першую чаргу вялікае дабро для таго, хто яе дае. Яна вызваляе ад смерці, але не ад фізічнай, бо кожны, нават самы справядлівы чалавек, памрэ. Маецца на ўвазе вызваленне ад духоўнай смерці, ад «другой смерці» (Ап 20,4), ад нячуласці сумлення. Як пісаў А. П. Чэхаў у апавяданні «Агрэст»: «За дзвярыма кожнага прыстойнага чалавека павінен стаяць чалавек са званочкам і пастаянна званіць, нагадваючы, што там, за дзвярыма, ёсць людзі, якія маюць цяжкасці, якім патрэбна падтрымка і дапамога». Міласціна «не дазваляе ўвайсці ў цемру». Гэта габраізм, толькі ў грэцкім гучанні. Напэўна, тут маецца на ўвазе сыходжанне ў шэол, валадарства памерлых, а значыць міласціна ратуе ад вечнай згубы. Яна з’яўляецца перадусім рэлігійным чынам, а не філантропіяй. Да адказу на пытанне «чым ёсць міласціна?» далучаецца таксама арханёл Рафал (12, 9), дадаючы, што яна ачышчае ад кожнага граху. Пра гэта чытаем у Сіраха: «Вада гасіць палаючы агонь, а міласціна знішчае грахі» (3,30), і яшчэ: «Дабрачыннасць — гэта як рай, багаты на ўсё» (40,17). Дабрачыннасць і міласціна — гэта дар для кожнага (4,11), незалежна ад яго здольнасцяў, умення, прафесіі ці грамадскага статусу. Гэта дар Бога для ўсіх. Але, як кожны дар, яго можна прыняць або адкінуць. Прыняць або адкінуць магчымасць, якую дае Бог. Бацька заахвочвае сына прыняць гэты дар з удзячнасцю, таму ў папярэднім вершы звяртаецца да аргументацыі, а ў 11-м называе ўмовы рэалізацыі гэтага дару: не для людской пахвалы, не для ўласнага задавальнення і пацвярджэння сваёй справядлівасці, але з глыбіні душы, выключна для Бога, каб наследаваць Яго ў Ягонай міласэрнасці12.

Міласціна і дабрачыннасць кантраставалі з рэлігійнасцю жыхароў Асірыі, і таму былі вельмі важнымі ў навучанні Табіта, які не жадаў іх згубіць. Гэтыя два паняцці становяцца галоўнай тэмай яго маральнага настаўлення13. У развітальнай мове бацькі на заканчэнне Кнігі міласціна акрэсліваецца грэцкім словам φιλελεήμων (14,9), якое азначае не столькі чын, колькі паставу міласэрнага чалавека, заўсёды гатовага праявіць міласэрнасць да іншых справядлівых (1,16; 2,8). Міласціна, як праяўленне справядлівасці, з’яўляецца сведчаннем любові да бліжняга. Яна — крыніца Божага благаслаўлення, якая дапамагае захоўваць у супольнасці правільныя адносіны (Тоб 4,7; Сір 7,32). Шчодрасць да патрабуючых тлумачыцца Табітам як вялікая цнота, якую заўсёды трэба практыкаваць паводле сваіх магчымасцяў, а ўзнагародаю за дабрачыннасць стане Божая міласэрнасць14. Бог будзе настолькі міласэрны, наколькі чалавек быў міласэрным да іншых (Прып 19,17; Пс 40,2; Сір 3,31; 29,12).

 

Пра чыстасць, цнатлівасць і пакору ў адносінах да сваіх землякоў (4,12-13)

Кіруючы свае настаўленні да сына, Табіт асцерагае яго ад граху, асабліва ад распусты. Захаванне чыстасці — гэта ўмова для заключэння добрага, цнатлівага сужэнства. Акрамя гэтага, ён хоча, каб сын, згодна з тагачасным габрэйскім звычаем, пабраўся з жанчынаю са свайго роду, бо з гэтым таксама звязана чыстасць. Звяртаючыся да Ноя, Абрагама, Ісаака і Якуба, ён заахвочвае Тобія наследаваць патрыярхаў, якіх называе прарокамі. Непрыманне сужэнства з язычніцаю становіцца не столькі парадаю і перасцярогаю ў вуснах Табіта, колькі загадам захоўваць габрэйскую тоеснасць нават у дыяспары. На жонцы, будучай маці, ляжыць абавязак рэлігійнага выхавання дзяцей. У падлеткавым узросце яны знаходзяцца дома, у той палове, якая прызначана для жанчын, а значыць іх выхаванне і пераказ сямейных традыцый цалкам залежыць ад маці. Таму будучая жонка павінна паходзіць не толькі са свайго народу, не толькі са свайго пакалення, з таго самага роду, а нават быць блізкай роднай. Гэта ўмова для благаслаўлення і наследавання зямлі (4,12)15. Табіт кажа пра гэта вельмі асцярожна, бо габрэі вельмі часта заключалі сужэнствы з жанчынамі з іншых плямёнаў. Бацька жадае стрымаць ад гэтага Тобія, і гэта яму ўдаецца з Божаю дапамогаю. Тобій жэніцца са сваёю цёткаю (паводле Ватыканскага і Александрыйскага кодэксаў: τῷ ἀνεψιῷ μου ‘сын брата майго’ (7,2))16, дзякуючы чаму іх сужэнства атрымлівае благаслаўленне за захаванне Божых запаведзяў, а таксама за паслухмянасць бацьку. Сужэнства Тобія і Сары, а таксама самога Табіта і Ганны, падкрэслівае чыстасць племені Нэфталія і роду Табіядаў як сыноў прарокаў-патрыярхаў, якія дбалі пра завахаванне чыстасці свайго роду (Быц 24, 3).

Пакора становіцца тэмаю наступнага верша. Аўтар кнігі ставіць гэтае павучанне нароўні з агульным прынцыпам: не будзь абыякавым да свайго пакалення — «не ўзвышайся над сынамі і дочкамі свайго народу» (4,13), — але прызнавай сябе адным з іх. А выбіранне жонкі сярод тамтэйшых зямлячак павінна стаць сведчаннем любові да іх і пакоры перад імі. Таму бацька асцерагае сына ад пыхі, бо яна вядзе да згубы, а таксама асцерагае ад лайдацтва, бяздзейнасці і непатрэбных справаў, якія вядуць да голаду і галечы. Гэтае настаўленне сугучнае са словамі Кнігі Прыпавесцяў: «Лайдацтва вядзе да сну, а голад церпіць нядбалая душа» (19,15).

 

Аб справядлівасці і сумленнасці, дабрыні і шчодрасці (4,14-17)

Любоў у першую чаргу патрабуе справядлівага стаўлення да працуючых. У асірыйскай няволі бедныя габрэі зараблялі на сваё жыццё, наймаючыся на працу. Выкарыстанне працоўных было частай практыкай у старажытнасці, аднак гэта супярэчыла Закону Майсея: «Няхай плата працаўніка не застаецца ў цябе аж да раніцы» (Лев 19,13). Бацька ставіцца да гэтага наказу Закону вельмі рыгарыстычна: не толькі да заўтрашняй раніцы нельга затрымліваць плату, але нават на хвіліну. Справядлівая ўзнагарода за працу павінна быць тут жа выплачаная, больш за тое, з удзячнасцю Богу, што дае магчымасць здзейсніць гэтую справядлівасць. Захаванне Закону звязана са служэннем Богу, які ўзнагароджвае справядлівага чалавека ў сем разоў (Сір 35,10). Далей Табіт кіруе да сына агульнае настаўленне, заключанае ў кароткіх выказваннях пра разважлівыя і правільныя паводзіны. Добрае выхаванне, паводле Табіта, — гэта не знешняя прыстойнасць, тактоўнасць і ветлівасць, але жыццёвая пастава адносна Бога. Пазбяганне п’янства з’яўляецца таксама сведчаннем добрага выхавання, якое робіць лёгкім сумеснае жыццё (4,15b). Забарона п’янства — гэта агульная тэма з навучаннем мудрацоў: «Не ўглядайся ў віно», бо яно атручвае жыццё ядам, як гадзюка (пар. Прып 23,31-32). Аднак самай славутай сентэнцыяй у навучанні Табіта стала г. зв. Сярэбранае правіла: «Што сам ненавідзіш, не рабі нікому» (4,15a). Яно найбольш папулярнае і найбольш цытаванае ў сучасным хрысціянстве17. Адмоўная форма гэтага правіла ў Евангеллі была заменена станоўчаю: «Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі» (Мц 7,12; Лк 6,31). Сярэбранае правіла часта паўтаралі рабіны. Талмуд нават прыпісвае гэты маральны прынцып Хілелю ў кантэксце гісторыі пра язычніка, які хацеў вывучыць усю Тору за вельмі кароткі час: пакуль чалавек можа ўстаяць на адной назе. На гэта Хілель адказаў: «Тое, што не прыемна табе, не рабі іншаму. Гэта — уся Тора. Усё іншае — гэта яе тлумачэнне. Ідзі і вучыся»18. Ёсць іншыя біблійныя фармуліроўкі гэтага прынцыпу або падобныя да яго: «Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народу свайго. Любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Лев 19,18) і г. д.

У фрагменце Тоб 4,16 у чарговы раз амаль у тых самых словах змешчаны наказ даваць міласціну патрабуючым не толькі хлебам, але таксама і адзеннем. Верш 17 кажа пра дабрачыннасць адносна памерлых. Тут не маецца на ўвазе прынясенне ахвяраў памерлым, што супярэчыць біблійнаму вучэнню (Дрг 26, 14) — гаворка ідзе пра хлеб жалобы і келіх суцяшэння для тых, хто аплаквае смерць сваіх блізкіх. Табіт хоча, каб сын не ўдзельнічаў у язычніцкіх звычаях і ўстрымаўся ад усялякіх зносінаў з тымі, хто не захоўвае Закону Майсея, i вучыць, каб ён умеў дапамагаць сям’і таго памерлага, які вызначаўся справядлівасцю. Гэта быў распаўсюджаны звычай сярод біблійных габрэяў: раздаваць міласціну бедным за памерлых і ўзносіць за іх малітвы і ахвяры перапрашэння19.

 

Пра сціпласць, развагу і падпарадкаванне Божай волі (4, 18-19)

Парада мудрага чалавека — гэта вялікі скарб, таму трэба карыстацца ёю. Але не кожны з’яўляецца мудрым, і сын павінен пра гэта памятаць. Мудрага чалавека Табіт акрэслівае прыметнікам φρόνιμος, г. зн. той, хто ведае і трымаецца Закону Майсея (Прып 19,20; Сір 37,16). Аднак сапраўднай мудрасці не мае ні адзін чалавек і ні адзін народ — ἔθνος, a па-над усялякаю людскою мудрасцю стаіць Бог. Таму Тобій у малітве павінен праслаўляць Бога і прасіць Яго кіраваць сваім жыццём i сваім выбарам. Малітва Тобія павінна быць перадусім малітваю праслаўлення Бога за тое, што Ён паспяхова завяршае справядлівыя жаданні і намеры чалавека. Зноў узнагародаю за паслухмянасць Богу становіцца жыццёвы поспех20, толькі з тою розніцаю, што гэты поспех цалкам залежыць ад Бога, і яго трэба выпрасіць у Яго і маліцца аб ім у кожную хвіліну. Дабро дае сам Бог. Ён паводле сваёй волі кіруе лёсам чалавека. Наказы бацькі сын павінен захоўваць у сваім сэрцы, запісаць іх у сваім розуме, учыніць іх сваім перакананнем і жыццёваю пазіцыяй, бо кожную свабоду чалавека Бог выпрабоўвае як хоча (4,19).

 

Кніга Табіта паказвае духоўнае сталенне чалавека: бацькі і перадусім яго сына, што выпраўляецца ў дарогу юнаком, якому патрэбны бацькоўскія настаўленні і апека, а вяртаецца як сталы і адказны чалавек. Сведчаннем гэтага сталення становіцца адказ Табіта Рагуэлю, які запрашае яго даўжэй пагасціць у яго: «О не! Дазволь мне адысці адсюль да майго айца» (10,9). Усе постаці, уведзеныя ў гэтую гісторыка-дыдактычную навэлу, заслугоўваюць пахвалы. Як і ў Кнізе Рут, тут няма адмоўных герояў і вобразаў, і нават сабака выконвае сваю станоўчую ролю.

Увесь род Табіядаў выступае ў Кнізе як справядлівы род, які нават на выгнанні захоўвае рэлігійныя каштоўнасці сыноў Ізраэля. Праз добрыя прыклады пабожнага жыцця сям’і Табіта і Тобія аўтар Кнігі хоча заахвоціць габрэяў, якія знаходзяцца ў няволі, і ўвогуле ўсіх габрэяў дыяспары, пакланяцца праўдзіваму Богу, вучыцца зносіць цярпенні і весці цнатлівае жыццё. Аднак змест Кнігі можа быць прыдатным для кожнага. Паводле айцоў Касцёла, гэтая Кніга выхоўвае пабожнасць і цнатлівасць, дае павучальныя прыклады нязломнай веры ў Бога, любові да бліжняга і клопату пра самых бедных. Зыходзячы з тэксту павучэння бацькі, змешчаным у Тоб 4,3-19, св. Амброзій з Мілана казаў, што такія цноты павінен мець кожны хрысціянін21.


  1. Паводле тэксту Сэптуагінты. У тэксце Вульгаты бацька і сын маюць аднолькавыя імёны – Тобій. Некаторыя пераклады згодна з лацінскай версіяй называюць гэтую кнігу Бібліі Кнігаю Тобія, іншыя трымаюцца грэцкай версіі і называюць яе Кнігаю Табіта.
  2. Пар. P. Kasiłowski, Jałmużna w Biblii [w:] W trosce o ubogich. Wokół Reguł rozdawania jałmużn św. Ignacego Loyoli. – Kraków, 2011, s. 15; А. Мень, Исагогика. Курс по изучению Священного Писания. Ветхий Завет. – Москва, 2000, с. 488-489; K. Bardski, Księga Tobiasza w interpretacji chrześcijańskiej, «Collectanea Theologica», 79 (2009), nr 4, s. 47.
  3. Пар. I. Nowell, Księga Tobiasza [w:] Międzynarodowy komentarz do Pisma Świętego. Komentarz katolicki i ekumeniczny na XXI wiek, red. nauk. William R. Farmer. – Warszawa, 2001, s. 590.
  4. На габрэйскай і арамейскай мове імя айца Тобій (ṭôbî) было напэўна скаротам ад ṭôbîjâ(hû) («добры ёсць Ягвэ»). Пар. Słownik wiedzy biblijnej, red. nauk. Bruce M. Metzger, Michael D. Coogan. – Warszawa, 1997, s. 393.
  5. Пар. Encyklopedia biblijna, red. nauk. Paul J. Achtemeier. – Warszawa, 2004, s. 1279; K. Bardski, Księga Tobiasza.., s. 434; Введение в Ветхий Завет, под ред. Э. Ценгера. – Москва, 2008, с. 380; I. Nowell, Księga Tobiasza.., s. 590.
  6. Пар. M. Wojciechowski, Księga Tobiasza czyli Tobita. Wstęp, przekład z oryginału, komentarz [w:] Nowy komentarz biblijny. Stary Testament, t. XII. – Częstochowa, 2005, s. 82; Słownik wiedzy biblijnej.., s. 393; P. Kasiłowski, Jałmużna w Biblii.., s. 15.
  7. Захаваліся дзве версіі грэцкага тэксту Кнігі Табіта, якія адпаведна пазначаюцца GI і GII.
  8. Пар. S. Grzybek, Księga Tobiasza. Wstęp, przekład z oryginału, komentarz [w:] Pismo Święte Starego Testamentu, t. VI, część I. – Poznań, 1963, s. 89.
  9. Пар. Międzynarodowy komentarz do Pisma Świętego, red. nauk. William R. Farmer. – Warszawa, 2001, s. 588; K. Bardski, Księga Tobiasza.., s. 434; P. Kasiłowski, Jałmużna w Biblii.., s. 15; M. Wojciechowski, Księga Tobiasza czyli Tobita.., s. 83. 471; S. Grzybek, Księga Tobiasza. Wstęp, przekład z oryginału.., s. 89.
  10. Пар. Учение Двенадцати Апостолов, «Символ», 1993, №29, с. 276 і каментарый, с. 290.
  11. Пар. S. Grzybek, Księga Tobiasza. Wstęp, przekład z oryginału.., s. 90; Słownik teologii biblijnej, red. nacz. X. Leon-Dufour. – Poznań, 1990, s. 332.
  12. Пар. Encyklopedia biblijna.., s. 1279; S. Grzybek, Księga Tobiasza. Wstęp, przekład z oryginału.., s. 90; Słownik teologii biblijnej.., s. 332; Введение в Ветхий Завет.., с. 380.
  13. Пар. W. Linke, Literacka ojczyzna Tobiasza. Tło kulturowe Tb jako klucz teologicznej lektury księgi. – Warszawa, 2013, s. 433; P. Kasiłowski, Jałmużna w Biblii.., s. 15.
  14. Пар. I. Nowell, Księga Tobiasza.., s. 592; W. Linke, Literacka ojczyzna Tobiasza.., s. 434; P. Kasiłowski, Jałmużna w Biblii.., s. 17; Encyklopedia biblijna.., s. 446; M. Wojciechowski, Księga Tobiasza czyli Tobita.., s. 37, 38.
  15. Пар. S. Grzybek, Księga Tobiasza. Wstęp, przekład z oryginału.., s. 90-91; M. Wojciechowski, Księga Tobiasza czyli Tobita.., s. 84-85; Encyklopedia biblijna.., s. 1279.
  16. Пар. Septuaginta, ed. A. Rahlfs. – Stuttgart, 1979, s. 1020.
  17. Пар. K. Bardski, Księga Tobiasza.., s. 47; M. Wojciechowski, Księga Tobiasza czyli Tobita.., s. 38.
  18. Пар. M. Rosik, «Co byście chcieli, aby ludzie wam czynili, i wy im czyńcie». O «złotej zasadzie» raz jeszcze [online] http://www.rosik.archidiecezja.wroc.pl/cms/images/stories/food/Zota_zasada.pdf. [доступ: 06.02.2016].
  19. Пар. Słownik wiedzy biblijnej.., s. 393; S. Grzybek, Księga Tobiasza. Wstęp, przekład z oryginału.., s. 92;
  20. Пар. S. Grzybek, Księga Tobiasza. Wstęp, przekład z oryginału.., s. 91, 93; M. Wojciechowski, Księga Tobiasza czyli Tobita.., s. 86.
  21. Пар. K. Bardski, Księga Tobiasza.., s. 48; I. Nowell, Księga Tobiasza.., s. 589; W. Linke, Literacka ojczyzna Tobiasza.., 433.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY