Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Пераклады

СТАЎ САПРАЎДНАЙ ЛЕГЕНДАЙ...

КАСЦЁЛ У БЯЛЫНІЧАХ
Мастацтва

У СУЛАДДЗІ З БОЖЫМ СВЕТАМ
Успаміны
Спадчына
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя

СВЯТА ЎЗНЁСЛАГА СЛОВА
Успаміны
Роздум

Ірына БАГДАНОВІЧ

СТАЎ САПРАЎДНАЙ ЛЕГЕНДАЙ...

Слоўца ад перакладчыка

Бялыніцкі касцёл стаў ужо сапраўднай легендай, а прысвечаны яму прачулы верш Габрыэлі Пузыні з глыбіні ХІХ стагоддзя даносіць тую легенду да нас і робіць яе несмяротнай. Гісторыя бялыніцкага касцёла, можна сказаць, цалкам падзяляе велічны і трагічны лёс нашае Бацькаўшчыны…

Калі мне пашчасціла знайсці бібліяграфічную згадку пра верш графіні Габрыэлі, прысвечаны касцёлу ў Бялынічах, знайсці ў архіўных сховішчах Кракава і Вільні сам верш (яго рукапіс і публікацыю ў газеце «Kuryer Wileński» за 29 студзеня 1860 г.), захапіцца ім і з ласкі Пана Бога перакласці на беларускую мову гэтую вершаваную перліну, найшчыльнейшым чынам звязаную з нашым краем, мне, натуральна, захацелася паехаць у Бялынічы і падзівіцца на тую велічную святыню, якую называлі ў даўнія часы беларускай Чэнстаховай, і памаліцца ў ёй. Якое ж было маё здзіўленне і расчараванне, калі, адкрыўшы грунтоўны энцыклапедычны ілюстраваны даведнік «Каталіцкія храмы на Беларусі» (Мінск, 2000), я не пабачыла ані яго выявы, ані згадкі пра яго!

У чым справа? Адказы прыйшлося шукаць у іншых выданнях, да якіх адсылаем таксама зацікаўленых чытачоў: брашуры «Белыничскій Рождество-Богородицкій монастырь» Фёдара Жудро, выдадзенай у Магілёве ў 1894 г., артыкула «Бялыніцкі кляштар кармелітаў» Аляксандра Ярашэвіча ў 2-м томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Мінск, 1994) і кнігі «Памяць. Бялыніцкі раён» (Мінск, 2000), дзе можна атрымаць вычарпальныя звесткі пра святыню, якой ужо, на жаль, няма. Які ж быў яе лёс? Спынімся коратка на галоўным, паводле вышэй азначаных крыніцаў.

Існаванне касцёла ў Бялынічах звязваецца з заснаваннем у гэтым мястэчку ў 1624 г. Л.Сапегам кляштара кармэлітаў, які праіснаваў да 1832 года. Касцёл, па ўсёй верагоднасці, спачатку драўляны, магчыма, існаваў раней. Мураваны касцёл быў пабудаваны, як і мураваныя будынкі кляштара, у 1742–1761 гг., паколькі ў 1742 г. усе драўляныя пабудовы згарэлі. У 1763 г. касцёл Унебаўзяцця Маці Божай быў кансэкраваны. Уладальнікамі Бялынічаў на той час былі ўжо Агінскія. У касцёле знаходзіўся цудоўны абраз Маці Божай Бялыніцкай, паходжанне якога і час з’яўлення ў мястэчку ахутаныя таямніцаю і маюць некалькі версіяў. Важным момантам у шэрагу перыпетыяў, звязаных з найсвяцейшым абразом, была яго каранацыя ў 1761 г., з гэтага часу мураваны касцёл і цудадзейны абраз у ім робяць бялыніцкую святыню месцам масавых паломніцтваў вернікаў, цэнтрам духоўнага жыцця краю. Тут адбываюцца шматлікія ўрачыстыя фэсты і велічныя працэсіі, тут жа знаходзілася і месца пастаяннай рэзідэнцыі папскага нунцыя.

Страшны пажар у Бялынічах у 1859 г., калі касцёл таксама гарэў, што і стала цэнтральнай тэмай верша Габрыэлі Пузыні, згадваецца ва ўсіх пісьмовых крыніцах, але пасля пажару касцёл быў неўзабаве рэстаўраваны і дзейнічаў, захоўваючы свой статус цудоўнай каталіцкай святыні яшчэ пасля паўстання 1863 года. Спробы зачыніць касцёл актывізаваліся ў 1867 г., і ўрэшце ў 1876 г. ён быў аддадзены праваслаўным і стаў царквою Раства Багародзіцы. У савецкі час святыня была зачыненая, у 1930-я гг. яе ператварылі спачатку ў клуб, потым у склад. Тым не менш будынак ацалеў у Другую сусветную вайну, аднак у чарговую хвалю барацьбы з рэлігіяй у 1960-я гады ён быў зруйнаваны, у 1970-я такі ж лёс напаткаў і муры колішняга кляштара кармэлітаў (у ім з 1877 г. і да савецкага часу быў мужчынскі праваслаўны манастыр). Невядомым дагэтуль застаецца, паводле звестак А. Ярашэвіча, лёс цудатворнага абраза Бялыніцкай Божай Маці.

Якую ж удзячнасць мы, нашчадкі, мусім адчуваць да арыстакраткі паводле духу і паходжання — натхнёнай паэткі нашага краю ў ХІХ ст. Габрыэлі з Гюнтараў Пузыні — за тое, што адарыла нас, сярод іншых сваіх прыгожых твораў, вершам «Касцёл у Бялынічах», дзе ва ўзрушаным паэтычным слове ажывае і жыве больш чым праз сто гадоў зруйнаваная злачыннымі людскімі рукамі святыня, жыве і прамаўляе да нас, быццам кліча да сваёй адбудовы… Хаця б напачатку — у душах, хаця б ва ўяўленні…

Ірына Багдановіч

Гл. таксама:
Габрыэля ПУЗЫНЯ :: КАСЦЁЛ У БЯЛЫНІЧАХ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY