|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
Вядома, што папа Бэнэдыкт XV адыграў важную ролю падчас Першай сусветнай вайны. Святы Айцец распрацаваў рэальны план яе заканчэння, арганізаваў гуманітарную дапамогу для палонных і мірных жыхароў, а таксама спрабаваў прадухіліць знішчэнне армянаў. Гэта адна з найважнейшых, але трагічна адзінокіх і недаацэненых постацяў таго часу. Ватыкан, 31 жніўня 1914 года. Кардыналы збіраюцца, каб выбраць наступніка Пія Х, які памёр, думаючы пра тое, што не здолеў прадухіліць катастрофы. У складанай міжнароднай сітуацыі найлепшым кандыдатам на чарговага наступніка св. Пятра быў чалавек, які меў дыпламатычны вопыт. Такім аказаўся кардынал Джакома дэлла К’еза. Ён паходзіў з арыстакратычнай сям’і, працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце. Калі 3 верасня 1914 года над Сікстынскай капэлай узнімаўся белы дым, што абвяшчаў Касцёлу і свету пра выбар новага Папы, які прыняў імя Бэнэдыкта XV, Еўропа ўжо палала ў агні. Ужо было вядома, што гэта будзе не «маланкавая вайна» і жаўнеры да зімы не вернуцца дадому.
Масонская апазіцыя
Невысокага росту Папа, якога называлі «малышом», лічыў вяртанне спакою найважнейшаю мэтаю свайго Пантыфікату. Аднак становішча Бэнэдыкта XV ускладняла не толькі вайна. З 1870 г., калі войскі Каралеўства Італіі занялі папскі Рым, статус папства не быў урэгуляваны. Італьянская дзяржава давала Папу толькі аднабаковыя гарантыі, але не прызнавала Ватыкан як незалежную і суверэнную дзяржаву. Бэнэдыкт XV расцэньваў гэта як «ненармальнае становішча», якое шкодзіла галаве Касцёла і было крыніцаю дыскрымінацыі католікаў у свеце. На практыцы Ватыкан у сваіх знешніх пачынаннях залежаў ад рашэнняў італьянскай дзяржавы. У выніку сфера публічных дзеянняў Апостальскай Сталіцы кантралявалася італьянскімі ўладамі, якія, напрыклад, цэнзуравалі ватыканскую сувязь і часопісы, што распаўсюджваліся ў Італіі. Для Папы асабліва важным было захаванне нейтралітэту Італіі, якая ў жніўні 1914 года яшчэ не ўступіла ў вайну. Фармальна яна была саюзніцаю Аўстра-Венгрыі і Германіі (Траісты саюз), але мела тэрытарыяльныя канфлікты з Венаю. Яна дамагалася вяртання Трэнта, Трыеста і Далмацыі, што павінна было завяршыць аб’яднанне італьянскіх земляў пад кіраўніцтвам Савойскай дынастыі. Для італьянскай палітыкі вялікае значэнне меў таксама факт заўважнага ўплыву масонства на палітычную, фінансавую і інтэлектуальную эліту Італіі. Палітыкі ў Рыме баяліся, што актыўнасць Апостальскай Сталіцы на міжнароднай арэне змусіць распачаць перамовы пра статус Ватыкана. Антыкаталіцкія фобіі былі такія моцныя, што падчас перамоваў пра ўдзел у вайне на баку Антанты (Англія, Францыя, Расія) італьянскі ўрад запатрабаваў гарантыю таго, што Апостальская Сталіца і прадстаўнікі Папы не будуць дапушчаныя да Парыжскай мірнай канферэнцыі. Адпаведны запіс быў зроблены ў падпісаным у красавіку 1915 года Лонданскім пакце, што радыкальна звужала магчымасці папскай дыпламатыі. Калі восенню 1917 года «Альпійскі» фронт за 4 дні «распароўся» пад Капарэтта, як стары мех, і ў палон трапіла больш за чвэрць мільёна жаўнераў, італьянскі друк спрабаваў узваліць адказнасць за паражэнне на Бэнэдыкта XV. У прэсе сцвярджалася, што папскія мірныя пачынанні дэмаралізавалі жаўнераў, якія масава ўцякалі або здаваліся ў палон. У кастрычніку 1917 года па ініцыятыве італьянскіх масонаў на плошчы святога Пятра адбыўся вялікі сход. Нягледзячы на вайну, на яго прыехалі масоны з усёй Еўропы, каб пад сцягамі Люцыфера выступіць супраць Бэнэдыкта XV.
Мірныя пачынанні Ужо на пачатку Пантыфікату, 8 верасня 1914 года, Бэнэдыкт XV у апостальскім лісце Ubi primum заклікаў спыніць вайну і неадкладна скласці зброю. Ён перасцерагаў, што працяг вайны стане катастрофаю для ўсіх. У той час у Еўропе яшчэ панавала эйфарыя. Натоўпы дабравольцаў ішлі на фронт, штабісты разлічвалі на хуткі поспех, а палітыкі — на заваяванні і ўмацаванне ўласнага ўплыву. Бэнэдыкт XV бачыў у вайне больш, чым толькі палітычны канфлікт. У энцыкліцы Ad beatissimi Apostolorum, апублікаванай 1 лістапада 1914 года, ён звярнуў увагу на тое, што вайна з’яўляецца вынікам паступовай варварызацыі культуры і дамінавання ў мысленні дарвінаўскай канцэпцыі: мацнейшым дазваляецца больш, бо такая чалавечая прырода. Папа ўсведамляў сябе як пастыр усіх народаў, без нацыянальнай дыферэнцыяцыі, і спрабаваў на аснове галоўных хрысціянскіх прынцыпаў угаварыць палітыкаў спыніць вайну. Ён заклікаў да спынення баёў, асабліва ў час святаў Божага Нараджэння. Аднак, за выключэннем некалькіх выпадкаў, калі жаўнеры абодвух бакоў выходзілі з акопаў, яго заклік не прынёс вынікаў. Гэтак жа недаацэненым застаўся яго заклік да святочнага перамір’я ў 1917 годзе. Ён увесь час заахвочваў вернікаў да нястомнай малітвы аб заканчэнні вайны. У 1917 годзе ён дадаў да Ларэтанскай літаніі заклік: «Каралева супакою, маліся за нас».
Дапамога найслабейшым У такой сітуацыі Папу заставалася толькі арганізоўваць гуманітарную дапамогу. Гэтым занялася «Справа палонных», якая ўзнікла па ініцыятыве Святога Айца. Ён пасрэднічаў у дастаўцы тысячаў лістоў і харчовых перадачаў для палонных і галадаючага насельніцтва. З удзелам духавенства тых краінаў, якія былі ахопленыя вайною, ствараліся спісы палонных і загінуўшых, што давала мноству сем’яў шанцы атрымаць звесткі пра сваіх блізкіх. Важнаю часткаю гуманітарных акцый Бэнэдыкта XV былі спробы выратавання армянаў, якіх з 1915 г. масава забівалі ў Асманскай імперыі (асабліва ў Анатоліі). Вырашальную ролю ў гэтай выратавальнай акцыі адыграў апостальскі дэлегат Луіджы Дольчы. На аснове яго рапартаў у верасні 1915 г. Папа скіраваў султану Мехмеду V ліст, у якім прасіў яго не выкарыстоўваць у адносінах да армянаў прынцып калектыўнай адказнасці і захаваць жыццё нявіннаму насельніцтву. Аднак і ў гэтай справе ён не атрымаў належнай міжнароднай падтрымкі.
Навошта ён умешваецца? Шанцы на поспех мірных ініцыятываў Папы павялічыліся, калі ў канцы снежня 1916 г. у Вене пачаў правіць Карл І Габсбург, апошні прадстаўнік гэтай дынастыі на імператарскім троне. Ён быў не толькі зацятым праціўнікам вайны, але распачаў таксама канфідэнцыяльныя перамовы з Берлінам, каб схіліць Германію да завяршэння вайны. Усе бакі былі ўжо знясіленыя вялізнымі стратамі. Усё цяжэйшаю станавілася сітуацыя ў тылах. Мірнае насельніцтва цярпела голад, і настроі станавіліся ўсё больш рэвалюцыйнымі. Бэнэдыкт XV усведамляў, што Еўропа з кожным чарговым месяцам вайны ўсё больш становіцца парахавою бочкаю, напоўненаю сацыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі праблемамі, бочкаю, пад якую дастаткова падкласці агонь рэвалюцыйнай агітацыі, каб яна выбухнула, знішчаючы ўвесь сацыяльны парадак. Таму 1 жніўня 1917 г. ён апублікаваў «Мірнае пасланне», суаўтарам якога быў арцыбіскуп Эўджэніо Пачэллі, тады яшчэ Апостальскі нунцый у Мюнхене. Папскі план завяршэння вайны прадугледжваў адступленне Германіі з занятых тэрыторый Францыі, вяртанне поўнага суверэнітэту Бельгіі і вяртанне нямецкіх калоній, занятых Англіяй. Усе бакі павінны былі адмовіцца ад рэпарацый і ўстанавіць міжнародны арбітраж для вырашэння спрэчных тэрытарыяльных пытанняў. На шляху перамоваў павінны былі вырашыцца спрэчкі, якія датычыліся, напрыклад, прыналежнасці Эльзаса і Латарынгіі або італьянска-аўстрыйскага памежжа. У дакуменце таксама вялася размова пра дзяржаўныя інтарэсы палякаў. Гэта быў першы агульны і глыбока прадуманы мірны план, які з некаторымі зменамі быў выкарыстаны Прэзідэнтам ЗША Томасам Вільсанам у студзені 1918 г. і выкладзены ў 14-ці пунктах. Калі б ініцыятыва Папы была прынятая, гісторыя свету набыла б зусім іншы кірунак. Аднак летам 1917 г. кіраўнікі дзяржаваў спадзяваліся, што сілаю зброі здолеюць вырашыць лёс вайны на сваю карысць. Ініцыятыву Святога Айца ігнаравалі ўсе ваюючыя бакі. Прэзідэнт Вільсан хоць і быў ёю натхнёны, але не падтрымаў Бэнэдыкта XV. На пасланне ён адказаў пытаннем: «Навошта ён умешваецца?» Бэнэдыкт XV быў трагічнаю постаццю. З пачатку свайго Пантыфікату ён выразна бачыў усе жахлівыя пагрозы, перад якімі на парозе вялікай вайны стаяла хрысціянская цывілізацыя. Ён перасцерагаў, спрабаваў ініцыяваць мірныя перамовы, дапамагаў ахвярам вайны. Бэнэдыкт XV памёр у 1922 г. з перакананнем, што Версальская мірная дамова, якой завяршылася Першая сусветная вайна, заснаваная на прынцыпах, якія адрозніваліся ад яго прапановаў, не вытрывае выпрабавання часам. На жаль, і ў гэтым выпадку ён не памыліўся.
Пераклала з польскай мовы
Гл. таксама:
Анджэй Граеўскі — польскі палітолаг, каталіцкі журналіст. Нарадзіўся ў 1953 г. у Бельска-Бялай. Скончыў факультэт сацыяльных навук Сілезскага ўніверсітэта, у 2001 г. атрымаў ступень доктара палітычных навук. З 1998 г. з’яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Gość Niedzielny». Аўтар кніг «Расія і крыж. З гісторыі Праваслаўнай Царквы ў СССР» (1989), «Папа павінен быў загінуць. Тлумачэнні Алі Агджы» (у суаўтарстве, 2011) і інш.
|
|
|
|