|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
У маі гэтага года споўнілася 175 гадоў з дня нараджэння Марыі Канапніцкай — вялікай польскай паэткі, не абыякавай і да лёсу беларускага народа, гісторыю і культуру якога яна добра ведала. Пасля паездкі ў Гродна ў 1888 г. у лісце да паэта Т. Ленартовіча яна пісала: «Тое, што там народзіцца калісьці ў народным асяроддзі, не будзе Польшчай або Літвой, а будзе Беларуссю». Амаль усе даследчыкі літаратуры адзначаюць уплыў пісьменніцы на творчасць Янкі Лучыны, Францішка Багушэвіча, Адама Гурыновіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых беларускіх аўтараў. Янка Лучына падтрымліваў з Марыяй Канапніцкай сяброўскія зносіны, ліставаўся з ёю, і яна высока ацэньвала яго творчасць. У розны час творы М. Канапніцкай перакладалі на беларускую мову Альгерд Абуховіч, Зязюля (Т. Гардзялоўская), Зоф’я Тшачкоўская, Гальяш Леўчык, Янка Купала, Альберт Паўловіч, Язэп Дыла, Зоська Верас, Анатоль Вялюгін, Сяргей Дзяргай, Янка Брыль, Васіль Каваль, Васіль Сёмуха, Ніна Мацяш. Пераствораны па-беларуску Янкам Купалам верш Канапніцкай «Сасонка» паклаў на музыку Мікалай Аладаў. Нарадзілася Марыя Канапніцкая (Konopnicka) 23 мая 1842 г. у г. Сувалкі, у сям’і юрыста Юзафа Васілоўскага, чалавека надзвычай рэлігійнага, літаратурна адоранага, схільнага да аскетычнага ладу жыцця. Пазней М. Канапніцкая згадвала: «Атмасфера нашага дзяцінства вельмі адрознівалася ад той, у якой звычайна жывуць дзеці. Мой бацька быў містыкам… любіў адзіноту і быў адданы сваёй працы і дзецям». Біблія ў перакладзе Яна Каханоўскага, паэзія польскіх сентыменталістаў і рамантыкаў спадарожнічалі дзяцінству будучай пісьменніцы, а захапленне «Конрадам Валенродам» і іншымі творамі Адама Міцкевіча Марыя Канапніцкая пранесла праз усё жыццё (яна прысвяціла яму кнігу «Міцкевіч, яго жыццё і душа»). Сваёй адукацыяй Марыя была абавязана пераважна бацьку (маці, Схаластыка Турская, рана памерла). Цягам году дзяўчына выхоўвалася ў варшаўскім кляштарным пансіёне сёстраў сакрамэнтак. Менавіта ў ім яна пасябравала з Элізай Паўлоўскай (Ажэшка), і з таго часу яны былі звязаныя агульнымі памкненнямі і ідэаламі. У дваццацігадовым узросце Марыя Васілоўская выйшла замуж за Яраслава Канапніцкага. У час паўстання 1863 г. яны пераехалі ў Германію, бо сярод паўстанцаў апынуліся брат і дзядзька Марыі (першы загінуў, другі быў сасланы ў Сібір), у сувязях з паўстанцамі падазраваўся і сам Яраслаў Канапніцкі, таму магчымасць рэпрэсій да сям’і была цалкам рэальнай. Аднак у 1865 г. пасля абвяшчэння амністыі паўстанцам Канапніцкія вярнуліся на радзіму. Дом, шасцёра дзяцей, выхаваннем якіх займалася выключна сама маці, не маглі засланіць ад яе вялікага свету. У лісце да Э. Ажэшкі Марыя Канапніцкая пісала: «Заўважаеш, што тваё жыццё падобнае да жыцця зачыненай у клетцы птушкі, якая разбівае сваю маленькую галоўку, поўную лясных песенек, аб турэмныя пруты. Сумуеш, прагнеш, гарыш…». Ратавалі кнігі — філосафаў, гісторыкаў, пісьменнікаў. Сапраўднай падзеяй стала для Марыі Канапніцкай знаёмства з творамі Мішэля Мантэня; менавіта пасля прачытання яго «Вопытаў» яна «пачала задумвацца» і ўрэшце паспрабавала пісаць сама. З першымі творамі Марыі Канапніцкай чытач пазнаёміўся ў сярэдзіне 1870-х гг. (верш «Зімовая раніца», паэма «Вясновы раманс»). Сапраўдным жа яе дэбютам стаў цыкл з дзевяці вершаў-эцюдаў «У гарах» — паэтычныя ўражанні ад падарожжа ў Татры. Усхваляванымі, поўнымі шчырага захаплення словамі адгукнуўся на вершы нікому не вядомай аўтаркі Генрык Сянкевіч: адна з газет апублікавала яго карэспандэнцыю з Амерыкі, дзе ён тады знаходзіўся. Водгук Г. Сянкевіча ўмацаваў М. Канапніцкую ў рашэнні пачаць цалкам новае жыццё. У 1878 г. яна з шасцю дзецьмі накіравалася ў Варшаву, дзе жыў яе бацька. Пачалася штодзённая барацьба за выжыванне ў літаральным сэнсе слова: мужа яна пакінула, бацька, на чыю дапамогу яна спадзявалася, памёр праз год пасля яе пераезду. Аднак дух Марыі Канапніцкай не скараўся. Мара аб служэнні літаратуры, народу, грамадству надавала ёй сілы. У рэдкія гадзіны, вольныя ад урокаў (імі яна зарабляла на жыццё), жанчына нястомна пісала. У розных перыядычных выданнях друкаваліся ўсё новыя яе вершы — «Туга», «У дні самоты», «Credo», «Ці варта» і інш. Шырокую вядомасць паэтцы прынёс цыкл «Малюнкі» (1879) — вершаваныя навелы, да жанру якіх яна звернецца і пазней. Асноўным зместам яе «Малюнкаў» сталі драматычныя лёсы беднякоў — рабочых і сялян, чыя доля
Яскравым узорам «малюнкаў» з’яўляецца верш «Вольны найміт». Ён быў напісаны праз 15 гадоў пасля праведзеных у краіне сацыяльна-эканамічных рэформаў, якія нібыта мелі на мэце паляпшэнне становішча сялянства, а на справе прынеслі яму толькі адну «свабоду» — «захлынуцца плачам» ці «замерзнуць, як рэчка ад лёду»:
Назва верша — па сутнасці, аксюмаран, прызначаны завастрыць палемічную скіраванасць «малюнка», паглыбіць яго драматызм, сфакусіраваць чытацкую ўвагу на безвыходным становішчы героя. Вядомая расійская даследчыца творчасці М. Канапніцкай А. Піятроўская, маючы на ўвазе верш «Вольны найміт», слушна канстатавала, што ён быў «не толькі самым смелым і гучным словам, прамоўленым тагачаснай літаратурай у абарону абяздоленага народа, але і абвінавачаннем супраць тых, хто асудзіў “вольнага найміта” на галодную смерць». Сумныя мелодыі гучаць у творах Канапніцкай, напісаных на розных этапах яе літаратурнага шляху. Пра гэта выразна гавораць самі назвы яе паэтычных цыклаў: «Слёзы і песні», «Песні без рэха», «Песні смутку». Тым не менш асноўны настрой яе вершаў — надзея, што нехта людзям «сцежку ўскажа», якая «весці к шчасцю будзе», што «зорка ясная… пазалоціць хатаў чорных стрэхі саламяны», наварожыць «дзянёчак сонечны і шчасны». Філасофія актыўнага, дзейснага жыцця ўвасоблена ў мностве твораў Канапніцкай: у цыклах «Радкі і гукі», «Міцкевічаў дзень», у паэме «Імагіна» (1886—1887), у драматычных фрагментах «З мінулага» (1881), адным з герояў якіх стаў Галілей. Канапніцкая распрацоўвае праблемы рэлігійнай маралі («Без прытулку», «Перазвон») і патрыятызму («Кут бацькаў сэрцам сцеражы», — скажа яна ў вершы «Родны дом»), звяртаецца да тэмы нацыянальна-вызваленчай барацьбы польскага народа («Фрагменты», «Хадзілі тут немцы»), спавядаецца-разважае аб каханні і шчасці («Preludium», «Як цябе завуць?», «Будзь блаславёнай, ноч…» і інш.):
Асаблівую вядомасць набыў верш М. Канапніцкай «Прысяга» (1908), скіраваны супраць рэпрэсіўнай палітыкі прускіх уладаў; у гады Другой сусветнай вайны гэты верш стане гімнам Войска Польскага. Заклапочанасцю народным лёсам абумоўлены і мастацкі лад паэтычных твораў Канапніцкай. Яны блізкія да народнай песні з яе рэчытатыўнасцю і рытмічнай шматстайнасцю, зачынамі, зваротамі да прыроды, рэфрэнамі і паралелізмамі. Вершам Марыі Канапніцкай уласцівыя глыбокі трагізм, экспрэсіўнасць, вобразная кантраставасць. Яе верш «Як ішоў кароль вайною…» (у перакладзе Янкі Купалы — «Як кароль ў паход выходзіў…») быў вельмі папулярны далёка за межамі Польшчы. Невялікі па памерах, ён мае эпічны характар і па змесце, тыповасці ўвасобленых у ім падзеяў (пакутуюць і гінуць, «кладуцца» на вайне заўсёды простыя людзі, звычайныя, як Стах, ваяры, выйграюць жа войны, пажынаюць лаўры перамогі адно каралі-манархі), і па сваёй паэтыцы, складнікі якой адпавядаюць паэтыцы народнай песні, якую Канапніцкая ўспрымала як «дакумент народных пакутаў». Адзін з паэтычных шэдэўраў паэткі — верш «На Куявах» — таксама звернуты да народнай песні з яе найбольш характэрнымі рысамі. Ён пабудаваны настолькі па-майстэрску, што выклікае візуальна-слыхавыя і эмацыйныя асацыяцыі і мае эфектам чытацкую прысутнасць, нават міжвольную нашу ўцягненасць у імкліва-віхурны танец куявяка:
У многіх творах паэткі з рэалізмам спалучаны рамантызм, што ўзыходзіць да яе вялікіх суайчыннікаў — Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага, а таксама да яе любімага пісьменніка — французскага рамантыка Віктора Гюго. Магчыма, пад уплывам рамантыкаў Канапніцкая звярнулася да надзвычай распаўсюджанага ў іх жанру ліра-эпічнай паэмы. «Наша паэзія да той пары не стане сапраўды нацыянальнай, пакуль поруч з «Панам Тадэвушам», гэтай шляхецкай эпапеяй, не ўзнікне эпапея сялянская», — пісала М. Канапніцкая.
Гэткай «сялянскай эпапеяй» і стала яе паэма ў актавах «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892–1908). Яна была задумана пасля сустрэч і гутарак паэткі з землякамі-сялянамі, якія, страціўшы ў пошуках лепшай долі на чужыне здароўе і сілы, пахаваўшы ў дарозе ўсіх сваіх дзяцей, дабіраліся на радзіму праз Марсель і Жэневу. Па мастацкім узроўні гэта адзін з самых значных твораў паэткі. Героі паэмы — каваль Бальцэр і іншыя беднякі, якіх «бяда ліхая» прымусіла эміграваць у Бразілію, асудзіўшы на неймаверныя выпрабаванні. Знясіленыя пакутамі і тугой па бацькаўшчыне, перасяленцы вырашаюць вярнуцца ў Польшчу і ў сябе дома шукаць справядлівасці. Асноўнае дзеянне паэмы разгортваецца на моры, а таксама ў лясах і гарах Бразіліі, але вобраз Польшчы пастаянна прысутнічае ў творы. Да радзімы звернуты шматлікія лірычныя адступленні, у тым ліку заключныя строфы паэмы, што пакідаюць ці не самае моцнае ўражанне. Пераканаўчасць рэалій, моўная дакладнасць у абмалёўцы вобразаў сялянаў-перасяленцаў, жывапіснасць аповеду — усе гэтыя эстэтычныя асаблівасці цалкам адпавядаюць аўтарскай трактоўцы паэмы як сялянскай эпапеі. Новыя грані таленту Марыі Канапніцкай раскрыліся ў яе апавяданнях, першы зборнік якіх — «Чатыры навелы» — выйшаў у 1888 годзе. Тады ж М. Канапніцкая пісала: «Хто ў нашы дні прысвячае сваё пяро народу, той мае перад сабою невычэрпныя багацці новых тэмаў і народжаных сучаснасцю канфліктаў, больш за тое — цэлы свет і запас драматызму, якога хопіць на ўсю літаратуру». Сапраўды, яе апавяданні — пры ўсёй адданасці аўтара жыццю «маленькага чалавека» — у праблемна-тэматычных адносінах вельмі разнастайныя: Марыя Канапніцкая паказвае трагічна-безнадзейную будзённасць існавання сялянаў і гарадскіх беднякоў (зб. «Мае знаёмыя»), амаральнасць і жорсткасць багацеяў (апавяданне «Міласэрнасць абшчыны»), барацьбу чалавека са стыхіяй (зб. «На Нармандскім беразе»), нацыянальна-вызваленчы рух у Польшчы і ролю ў ім народа (цыкл «Аповесці Савы»). Бліскучым узорам малога жанру ў М. Канапніцкай з’яўляецца апавяданне «З узломам» (1892) пра жабрацкае жыццё беларускай вёскі. Надзвычай драматычная фабула апавядання. Суд разбірае справу маленькіх падпаскаў, якіх голад зрабіў «зламыснікамі»: яны ўкралі і з’елі сыр і масла, але не асмеліліся дакрануцца да святая святых — хлеба. Суддзі разглядаюць гэты факт іначай: калі на хлеб не паквапіліся, значыць не настолькі былі галодныя, каб красці. Крадзеж «з узломам» — так кваліфікуе суд «злачынства» дзяцей і ў адпаведнасці з гэтым выносіць суровы прысуд. Характэрна, што ў апавяданні «З узломам» Марыя Канапніцкая — як гэта часта рабіла ў сваёй прозе і Эліза Ажэшка — выкарыстоўвае беларускую лексіку. Беларускія матывы маюць месца і ў іншых творах пісьменніцы, у тым ліку ў паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі», у якіх поруч з іншымі персанажамі апісаныя і выхадцы з беларускага Палесся. Марыя Канапніцкая вядомая таксама як перакладчыца з чэшскай (Я. Врхліцкі) і нямецкай (Г. Гейнэ, Г. Гаўптман) моваў. Апошнія дваццаць гадоў (з 1890-га) яна жыла па-за межамі Польшчы (з 1902 года — у Галіцыі), наведала Швейцарыю, Аўстрыю, Францыю, Італію, аднак усё ёю створанае выдавалася на радзіме і мела вялікі поспех. Памерла Марыя Канапніцкая 8 верасня 1910 года ў Львове. Хваласпевам і вялікім жалем напоўнены верш Янкі Купалы «Памяці Мар’і Канапніцкай»:
|
|
|
|