|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
Сустрэчы ён любіў прызначаць «на сваім гародзе» — у Нацыянальнай бібліятэцы. Спачатку я думаў, што слова «гарод» ужывалася як метафара, як вобраз уробленага палетка, з якога дбайны гаспадар заўжды чакае багатых ураджаяў. Але аказалася, што гарбузападобны гмах бібліятэкі сапраўды вырас на колішнім гародзе Уладзіміра Содаля, і там, дзе сёння ў зацішных чытальнях шалясцяць кніжныя старонкі, шаноўны Уладзімір Ілліч, чый дом узвышаецца праз дарогу, садзіў у свой час памідоры і агуркі. Ён гэтым фактам нібы трошкі і ганарыўся. А і папраўдзе, не кожнаму ўдаецца на ўласных сотках вырасціць гэткі незвычайны «ўраджай». Падпісваючы мне кнігу «Жупранская старонка», аўтар нават зрыфмаваў: «Як я рады, як я рады сёння і давеку, што іду ў бібліятэку, як на свае грады».
Але сустракацца з Уладзімірам Содалем было цікава ў любым месцы. Напрыклад, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», дзе я працаваў намеснікам галоўнага рэдактара і куды Уладзімір Ілліч прыносіў свае даследчыцкія артыкулы пра Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янку Купалу, Ядвігіна Ш. Вялікія, падрабязныя, яны звычайна друкаваліся з працягам. Увогуле, каб прыйшлося адным словам вызначыць сутнасць Содаля-даследчыка, то словам гэтым мне бачыцца падрабязнасць. Ён быў надзвычай падрабязны, у даследаванай тэме яго цікавіла ўсё — буйніцы і драбніцы. Калі Уладзімір Ілліч пісаў пра Францішка Багушэвіча, то наводзіў сваё даследчыцкае павелічальнае шкло на ўсіх яго сямейнікаў, сяброў, знаёмых, калегаў па працы, суседзяў… Ён мусіў сваімі рукамі абмацаць кожны камень у падмурках Багушэвічавай сядзібы. Ён мусіў ведаць усе легенды і быліцы з усіх свіранска-кушлянска-жупранскіх ваколіцаў. Ён мусіў запісаць тыя песні, якія мог чуць аўтар «Дудкі беларускай». Помніцца, я прыгадаў у размове з ім сон, які прысніўся мне ў Кушлянах. Неяк заспела нас з сябрамі ноч у дарозе, і дырэктар Багушэвічавай сядзібы Алесь Жамойцін пусціў нас нанач у музейную прыбудоўку. Мы тады за поўнач прагаварылі пра Багушэвіча, пра яго ўдзел у паўстанні 1863 года. Ён мне і прысніўся: схіліўся нада мною, варухнуў вусамі-крыламі і сурова запытаўся: «Чаго ляжыш?». Уладзімір Ілліч прымусіў мяне запісаць сон падрабязнейшым чынам і нечакана змясціў яго ў адной са сваіх кніг. Прызнацца, пабыць суаўтарам Содаля (хоць на паўстаронцы) для мяне — вялікі гонар. Ведаю, што не толькі я мусіў занатоўваць нешта па ласкавай камандзе Уладзіміра Ілліча. Даймаў ён і класікаў. Неяк па запрашэнні Ірыны Міхайлаўны Быкавай быў я на кватэры Васіля Уладзіміравіча, з дазволу гаспадыні агледзеў кабінет пісьменніка, дзе ўсё засталося ў нязменным выглядзе. На пісьмовым стале зверху ляжаў кароценькі ліст — ад Содаля, які Ірына Міхайлаўна дазволіла мне сфатаграфаваць.
Ліст быў, вядома ж, пра Багушэвіча. Думаю, ён будзе да месца ў гэтых нататках: «Шаноўны Васіль Уладзіміравіч! Часта лаўлю сябе на думцы: я жыву з Вамі ў адным часе, у адной эпосе. Але да гэтае пары ні разу з Вамі блізка не размаўляў. Гэта ж калі-небудзь будзе недаравальна для мяне. Карыстаючыся нагодаю, хацеў бы спытацца ў Вас пра самае для мяне сакраментальнае: што для Вас значыць Багушэвічава постаць? Уладзімір Содаль, даследчык Багушэвічавай спадчыны. 24. 09. 2002 г.». Невядома, што адказаў свайму карэспандэнту народны пісьменнік (мо ў чыімсьці архіве і знойдзецца той адказ). Маю ўвагу ў тым лісце-просьбе прыцягнулі словы «самае для мяне сакраментальнае». Каб жа кожны даследчык з такім пачуццём вывучаў свой перыяд! А то часам і чытаць агідна, як сёй-той пачынае адчыняць «цёмныя каморы белліту», выцягваючы на свет белы… Ды Бог з імі, з тымі «каморамі», не пра іх тут гаворка. Раздаючы свае даследчыцкія заданні, Уладзімір Содаль умеў быць тактоўна-настойлівым. Ён напісаў безліч лістоў-запытанняў Зосьцы Верас, якая сапраўды «помніла ўсё» (нездарма такую назву атрымала адна з яе кніг) і была для даследчыка невычэрпнай першакрыніцай. На схіле веку Людвіка Антонаўна недабачвала і прасіла зяця Лявона Луцкевіча перапісваць лісты Содаля вялікімі літарамі, называючы іх «уколамі падбадзёрваючага леку». З усіх сваіх шматлікіх карэспандэнтаў Зоська Верас ці не найбольш шанавала менавіта Уладзіміра Содаля, чуйнага да айчыннай гісторыі і мовы (ён жа яшчэ і тэлеперадачай «Роднае слова» апекаваўся), а таму ўсе яго заданні старалася выканаць у любым выпадку. Быў сярод віленскіх знаёмцаў Багушэвіча нейкі Крагельскі — вось і ўзялася Людвіка Антонаўна па просьбе свайго маладзейшага сябра высветліць яго асобу. Колькі намаганняў ёй гэта каштавала, відно па зборніку яе мемуарна-эпісталярнай спадчыны «Пакуль рука пяро трымае» (2015). Вось некалькі цытатаў адтуль: «Што тычыцца Крагельскага, то гэтае прозьвішча мне круціцца, круціцца, круціцца ў памяці… але нічога не выходзіць. Калі Крагельскага ведаў Багушэвіч, ведаў Ян Карловіч, то напэўна ведала яго і Ажэшка. У Варшаве ёсць таварыства miłośników Orzeszkowej. Па гэтай дарозе, можа, куды і зайдзем» (ліст ад 5 лістапада 1977 г.). Праз пэўны час — вяртанне да тэмы: «Што да Крагельскага, то з Варшавы абяцаюць. Але яшчэ нічога няма. Мне ўсё здаецца, што гэта быў адвакат. Пачакаем — пабачым». Гэты ліст напісаны раніцай 4 снежня 1977 года, а ўжо вечарам у Менск пішацца другі ліст з тым жа клопатам: «Мой знаёмы студэнт меў каляжанку Крагельскую, але не ведае, дзе яна дзелася. Я і мая прыяцелька ў Варшаве ламаем сабе галовы: абедзвюм прозвішча Крагельскі здаецца знаёмым. Але скуль?». Праходзіць год, але клопат не сыходзіць з парадку дня: «Аб Крагельскім дагэтуль нічога ніхто не даведаўся. Я на ўсялякі выпадак напісала ў гэтай справе гісторыку Аляксандры Бергман…». Мне здаецца, што і там, у нябеснай Беларусі, Уладзімір Ілліч і Людвіка Антонаўна шукаюць таго таямнічага Крагельскага. А як знойдуць — абавязкова паведамяць сучасным багушэвічазнаўцам. І гэта толькі адзін эпізод даследчыцкіх пошукаў Уладзіміра Содаля. А колькі іх было, датычных цьмяных месцаў у біяграфіях нашых Пачынальнікаў…
Заўжды прыемна было бачыць Уладзіміра Ілліча на розных беларускіх імпрэзах — у Ганцавічах на Днях беларускага пісьменства, у Ракуцёўшчыне і Вязынцы, на менскіх літаратурных вечарынах. Ён прымошчваўся навідавоку, раскладаў свае кніжачкі. З зацікаўленымі вёў нетаропкія размовы, мог пра нейкае адно слоўца цэлую лекцыю прачытаць. Часам трымаў абарону, калі да імправізаванага прылаўка падыходзіў які-небудзь прыхільнік «русского мира». А аднойчы нават у пастарунак трапіў, бо не меў ліцэнзіі на кнігагандаль (як не меў яе і Багушэвіч, але ў яго быў сябра Зыгмунт Нагродскі, які прадаваў «Смык беларускі» ў сваіх крамах разам з сячкарнямі). «Жупранская старонка», «Свіранскія крэскі», «Кушлянскі кут», «Сцежкамі Мацея Бурачка»… Я люблю перачытваць напісаныя з любоўю падрабязныя кнігі Уладзіміра Содаля, яны і для мяне — «укол падбадзёрваючага леку». Ён сеяў сваё зерне з цвёрдай перакананасцю — узыдзе. І яно абавязкова ўзыдзе, і ўжо ўзышло, як той бібліятэчны гмах на ўробленай нястомнымі рукамі дзялянцы-гародзе.
|
|
|
|