Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Пераклады

СТАЎ САПРАЎДНАЙ ЛЕГЕНДАЙ...

КАСЦЁЛ У БЯЛЫНІЧАХ
Мастацтва

У СУЛАДДЗІ З БОЖЫМ СВЕТАМ
Успаміны
Спадчына
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя

СВЯТА ЎЗНЁСЛАГА СЛОВА
Успаміны
Роздум

Андрэй ВАШКЕВІЧ

У ІХ БЫЎ СВОЙ ШЛЯХ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Каталіцкія святары і Беларуская хрысціянская дэмакратыя

Гэтая размова адбылася ў Галоўнай управе Таварыства беларускай школы, што мясцілася на вуліцы Віленскай, 12 у Вільні. Было гэта недзе ў 1925 годзе. У запале чарговай дыскусіі ксёндз Адам Станкевіч кінуў Браніславу Тарашкевічу ў твар: «Забяруць яны ў цябе Беларусь, Бронюсь! Забяруць». «Беларусі нікому не аддамо, ойча Адаме», — адгукнуўся тады Тарашкевіч.

Гэтую гісторыю я пачуў ад Арсеня Ліса. Яму яе яшчэ ў далёкія 1960-я пераказала сведка, Надзея Шнаркевіч, якая шмат гадоў працавала ў Галоўнай управе ТБШ.

На той час Адам Станкевіч і Браніслаў Тарашкевіч ведалі адзін аднаго ўжо многа гадоў са cходак у кватэры Браніслава Эпімаха-Шыпілы, дзе збіраліся студэнты беларусы розных навучальных установаў Санкт-Пецярбурга. У 1918–1919 гг. ім разам даводзілася ўдзельнічаць у многіх палітычных справах, самай важнай з якіх сталі выбары ў Сейм і Сенат Польскай рэспублікі ўвосень 1922 года. Беларусы, пра якіх мала хто ведаў нават як пра этнаграфічную групу, занялі лавы нацыянальных меншасцяў у Сейме, утварыўшы Беларускі пасольскі клуб, старшынём і першым намеснікам старшыні якога сталі Б. Тарашкевіч і А. Станкевіч.

Безумоўна, добрымі былі і асабістыя стасункі гэтых людзей. Увесну 1923 г. ойча Адам вянчаў Браніслава Тарашкевіча з яго маладою жонкаю Вераю Сніткаю, пасля хрысціў іх сына Славіка.

Праз некалькі гадоў, пачынаючы ад лета 1925 г., аб былым адзінстве можна было толькі ўспамінаць. Тарашкевіч узначальваў Пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады, партыі, якая сваім лавінападобным ростам нараджала ў заходнебеларускіх сялянаў амаль містычнае адчуванне хуткага надыходу зямнога раю, акурат такога, які, як здавалася многім, будуецца ў БССР. Гэтак у той час у Заходняй Беларусі думалі многія замучаныя беспрацоўем, нацыянальным прыгнётам і падаткамі беларускія сяляне, яўрэйскія рабочыя, вучні нешматлікіх гімназій, інтэлігенты. Тых, якія думалі інакш, было намнога меней. Яны таксама былі ўражаныя паведамленнямі аб росце беларускага кнігавыдавецтва ў БССР, з цікавасцю слухалі перадачы з савецкага Менска, таксама цягалі ў гміну пачкі дэкларацый на адкрыццё беларускіх школаў і былі бітыя за гэта «w morde» камендантамі пастарункаў паліцыі. Але гэтыя другія адчувалі, што рашучым «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі…», аднамаментным рыўком у бясхмарнае «заўтра» барацьба за Беларусь не скончыцца. Яны не верылі ў шчырасць і бескарыслівасць савецкага ўраду і абвешчанай ім палітыкі «беларусізацыі», хаця ніхто тады не мог прадказаць крывавай расправы 1930-х гг. Яны нават спадзяваліся, што менавіта ў ідэі БНР, у ідэі поўнай дзяржаўнай незалежнасці, будучыня іх краіны. За гэта іх высмейвалі і ганілі першыя, а другія называлі іх «летуценнікамі», а нярэдка і «здраднікамі», якія, не хочучы стаць на грунт беларускай савецкай дзяржаўнасці, льюць ваду на млын ворага.

Сімвалам першых стала Беларуская сялянска-работніцкая грамада, сімвалам другіх — Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Гісторыя міжваеннай партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заслугоўвае большай увагі грамадства ўжо толькі па той прычыне, што БХД была ці не адзінаю за ўсю гісторыю Беларусі класічнай палітычнай партыяй, якая, абараняючы прынцып незалежнасці Беларусі, мела даволі значны ўплыў на насельніцтва і праіснавала больш як дваццаць гадоў.

Аднак БХД была толькі вярхушкаю, складоваю часткаю больш шырокага руху, скіраванага на пошук «узаемнасці» паміж Каталіцкім Касцёлам і беларускім народам. З беларускіх святароў і свецкіх дзеячаў трэба назваць імёны наступных актывістаў і ідэолагаў беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху, бо без нават павярхоўнага адлюстравання іх дзейнасці немагчыма паказаць у поўнай меры гістарычнае значэнне БХД: Адам Станкевіч, Фабіян Абрантовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Уладзіслаў Талочка, Казімір Стэповіч, Люцыян Хвецька, Баляслаў Пачопка, Язэп Германовіч, Янка Татарыновіч, Станіслаў Глякоўскі, Адольф Клімовіч, Адам Бычкоўскі, Янка Пазняк, Янка Шутовіч, Дамінік Аніська, Станіслаў Грынкевіч і многія іншыя.

Натхнёныя канцэпцыяй сацыяльнага хрысціянства, сфармуляванай у другой палове ХІХ ст. каталіцкім біскупам Майнца Вільгельмам Кетлерам, а таксама энцыклікамі Папы Рымскага Льва ХІІІ «Rerum Novarum» i «Graves de communi», заахвочаныя падтрымкаю такіх каталіцкіх іерархаў, як Юрый Матулевіч і Эдвард фон Роп, маладыя каталіцкія святары кінуліся ў вір культурнай працы і палітычнай барацьбы.

Кіраўнікі БХД. У першым радзе — ксяндзы А. Станкевіч, Я. Германовіч,
В. Гадлеўскі, у другім радзе — ксяндзы Леваш, С. Глякоўскі.

Яны абралі сваім лозунгам прыгожыя словы: «Міласць Бацькаўшчыны — найлепшы праяў міласці бліжняга». Беларускія каталіцкія святары, апрача прапаганды ідэі сацыяльнага хрысціянства, прынеслі ў беларускае палітычнае жыццё высокі ўзровень маральнасці. Мне і маім сябрам даводзілася чытаць шмат дакументаў польскай паліцыі і савецкіх спецслужбаў, дзе даваліся характарыстыкі розным дзеячам беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. І паверце, шаноўныя чытачы, нідзе больш не даводзілася чытаць такіх бясспрэчных з пункту гледжання беларускага патрыятызму і асабістай сумленнасці «атэстацый», як у біяграфіях нашых каталіцкіх святароў. Вось, напрыклад, што пісала паліцыя пра ксяндза Адама Станкевіча: «Дзельны, энэргічны, свядомы ваяўнік, з адукацыяй Духоўнай Акадэміі ў Пецярбурзе, вядомы як дзеяч, што адпольшчвае каталіцкі касцёл на Беларусі». У другой характарыстыцы гаварылася, што кс. Станкевіч даўно «нацыянальна і дзяржаўна вызначыўся і вельмі здольны… Стаіць на пазіцыі незалежнасці Беларусі ў яе этнаграфічных межах». Падобныя цытаты характарызуюць, бадай, кожнага нашага ксяндза.

Афіцыйнаю датаю заснавання партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі лічыцца 24–26 мая 1917 г., калі ў мінскім катэдральным касцёле адбыўся з’езд прыкладна 30-ці прыхільных да беларускага руху ксяндзоў. Арганізатарамі з’езду былі Л. Хвецька, А. Астрамовіч, Ф. Будзька, А. Цікота і Ф. Абрантовіч — ранейшыя заснавальнікі і ўдзельнікі беларускіх гурткоў у духоўных навучальных установах Вільні і Санкт-Пецярбурга. З’езд фармальна завяршыў стварэнне арганізацыі беларусаў католікаў, якая атрымала назву Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць (БХДЗ). У палітычным плане ксяндзы беларусы абмежаваліся рэзалюцыяй аб імкненні да шырокай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай рэспублікі і прынялі шэраг рашэнняў аб неабходнасці ўвядзення беларускай мовы ў касцёльнае набажэнства, навучанні клерыкаў і заснаванні партыйнай газеты.

У Мінску ў пачатку 1920 г. была надрукавана кніжка «Устава і праграма Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці Беларусаў», на старонках якой была змешчана першая праграма беларускіх хадэкаў. У праграме гаварылася аб неабходнасці стварэння рабочага заканадаўства, заснавання прафсаюзаў рабочых, годнай узнагародзе за працу, пенсіях, адпачынках па хваробе і цяжарнасці. Вельмі шмат увагі надавалася рэлігійным справам, пашырэнню ўплываў Каталіцкага Касцёла на грамадскае жыццё, школу, войска і г.д. Для вырашэння зямельнага пытання прызнавалася неабходным падзяліць паміж беззямельнымі сялянамі дзяржаўныя землі, падымаць аграрную культуру вяскоўцаў, абмяжоўваць прыватную ўласнасць, абклаўшы яе вялікімі падаткамі (аб ліквідацыі буйных памешчыцкіх і царкоўных латыфундыяў не гаварылася).

Пасля ўваходу Мінска ў склад Савецкай Беларусі галоўным асяродкам дзейнасці БХДЗ стала Вільня, дзе з восені 1919 г. А. Станкевіч выдаваў газету «Крыніца». Усведамляючы неабходнасць работы сярод шырокіх масаў сялянства, беларускія ксяндзы, асабліва з маладзейшага пакалення, пачалі прыстасоўваць хрысціянска-дэмакратычную ідэалогію да мясцовых патрэбаў. А. Станкевіч выдзяляў наступныя задачы ў дзейнасці беларускіх хадэкаў: 1. неабходнасць працаваць выключна сярод сялянскай масы беларусаў у той час, калі заходнееўрапейская хадэцыя існавала як ідэалогія пралетарыяту; 2. неабходнасць пашыраць свае ўплывы на праваслаўнае насельніцтва, што стварала вялікія цяжкасці для каталіцкай партыі; 3. актуалізаваць беларускія нацыянальныя справы.

Аб’ява газеты «Krynica» на 1921 год
у газеце «Народное дѣло», № 41 (164), 22.02.1921.

Для большасці беларускіх ксяндзоў менавіта барацьба за незалежнасць Беларусі і стала найважнейшаю пры выбары жыццёвага шляху. Прывядзем словы аднаго беларускага ксяндза (на жаль, імя і прозвішча нам невядомыя), якія прагучалі ў студзені 1918 г. падчас беларускай канферэнцыі ў Вільні: «Не падлягае пытанню, што ад той пары, як жыве чалавецтва, найвялікшай павагай карысталася асоба маці, нянькі, апекуна, настаўніка. Натуральнай прычынай гэтага шанавання былі адносіны гэтых людзей да жыцця, да дзіцяці, якое расце і развіваецца пад іх апекай, здабывае навуку і культуру сэрца дзякуючы іх працы і так робіцца даспелым чалавекам і добрым сынам свайго народа. З другога боку, мы ўсе ведаем, што няма, бадай, на свеце большага граху і страшнейшай крыўды, чым каінава злачынства, забойства і задушэнне жыцця, гвалт мацнейшага над слабейшым. З гэтага параўнання ўжо відаць, дзе павіннае быць месца каталіцкага каплана: ці побач з тымі, што з мацярынскай клапатлівасцю даглядаюць жыццё народа, ці разам з тымі, хто жадае яму як народу хуткай смерці, знішчэння. Тым лягчэйшым быў для мяне тут выбар, што паходжаннем я звязаны з беларускім народам. Такім чынам, сёння, калі будуць вырашацца лёсы беларускага народа, маё месца з ім, з народам, пакінутым і забытым да гэтага часу ўсімі. Падтрымаць сёння яго справу — гэта для мяне лагічны абавязак, а не нейкая справа густу, часовай сімпатыі ці пачуцця. Я зусім не пытаюся сябе, ці гэта палітычна-нацыянальная праца мне падабаецца, ці лёгкай, ці цяжкай яна акажацца, ці будзе карыснай асабіста для мяне, урэшце, ці дачакаюся, часу, каб пабачыць яе плады…»

24 кастрычніка 1926 года ў Вільні адбылося святкаванне 10-годдзя выдання газеты «Крыніца», якое фактычна было ўстаноўчым з’ездам партыі. Вынікам з’езду стала перайменаванне партыі — цяпер яна называлася партыяй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У самым першым пункце новай партыі абвяшчалася імкненне БХД да незалежнасці беларускага народа, гаварылася, што партыя ідзе да сваіх мэтаў эвалюцыйным шляхам, найперш праз развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў. Далей у праграме пералічваліся ўмовы, неабходныя для стварэння незалежнай дэмакратычнай краіны: пашырэнне паўнамоцтваў самакіраванняў, дэмакратызацыя суду, нацыянальная сістэма адукацыі, сацыяльнае заканадаўства і г.д.

Асноваю развіцця гарамадства БХД прызнавала прыватную ўласнаць, аднак выступала за яе абмежаванне і дэкларавала неабходнасць пераходу буйной уласнасці ў калектыўнае карыстанне. У зямельным пытанні праграма БХД была даволі радыкальнаю. Усе буйныя зямельныя ўладанні без выкупу меркавалася перадаць беларускаму сялянству ў межах працоўнай нормы, г.зн. у такой колькасці, якую сям’я магла апрацаваць сваімі сіламі пры дапамозе не больш чым аднаго наёмнага работніка. Усе прыродныя багацці абвяшчаліся ўласнасцю мясцовых самакіраванняў. БХД падтрымлівала стварэнне хутароў, аднак не адмаўляла і стварэння вялікіх калектыўных гаспадарак.

Праграма і статут Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі,
выдадзеныя ў 1926 г.

Адно з найважнейшых месцаў у ідэалогіі БХД займалі рэлігійныя справы. Хадэкі звярталі асаблівую ўвагу на два пытанні: неабходнасць беларусізацыі Касцёла і Царквы; адраджэнне на беларускіх землях уніяцтва. Неабходнасць увядзення беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё прызнавалася заўсёды, але да адраджэння грэка-каталіцтва хадэкі ставіліся па-рознаму. Так, калі ў праграме 1920 года адкрыта дэкларавалася небходнасць «зблізіць усіх каталікоў і праваслаўных і аб’еднаць іх у аднэй веры з рознымі абрадамі», то ў пазнейшых праграмах аб уніі ўжо не пісалася. Гэта было выклікана палітыкаю польскага ўраду выкарыстаць уніяцтва ў сваіх мэтах, пераважна шкодных для беларускага народа. Менавіта таму з пачатку 1930-х гг. лідары БХД абаранялі тэзіс аб неабходнасці не фармальнага, а фактычнага рэлігійнага адзінства беларусаў шляхам укаранення рэлігійнай талерантнасці ва ўзаемаадносінах беларусаў католікаў і беларусаў праваслаўных.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў лідары беларускай хадэцыі спрабавалі прыстасаваць праграму партыі да патрэбаў беларускага народа. Беларуская хрысціянская дэмакратыя прайшла доўгі шлях ад спробаў стварэння хадэцыі класічнага еўрапейскага ўзору да сялянскай радыкальнай партыі, якая абвяшчала хрысціянскія прынцыпы і традыцыйную беларускую культуру асноваю развіцця беларускай нацыі. Увага да сацыяльных пытанняў, прынцыповая пазіцыя па пытанні незалежнасці Беларусі, цвёрдая прыхільнасць да хрысціянскіх ідэалаў у спалучэнні з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі яе правадыроў і далі ёй магчымасць праіснаваць амаль чвэрць стагоддзя і стаць унікальнаю з’яваю ў беларускай гісторыі.

Дарэчы, вывучаючы заходнебеларускую гісторыю, я ўсё больш і больш пераконваўся ў існаванні вельмі шкоднага міфа, які ўмацаваўся ў пасляваеннай беларускай гістарыяграфіі не столькі на гістарычных фактах, колькі на ідэалогіі — міфа аб супрацьстаянні заходнебеларускіх леварадыкалаў і хрысціянскіх дэмакратаў.

У 1935 годзе, калі Казіміра Сваяка не было сярод жывых ужо больш як дзевяць гадоў, паэт, камуніст В. Таўлай напісаў верш «Цень Сваяка», дзе звяртаўся да паэта і ксяндза як да свайго ідэйнага праціўніка, але, падкрэслю, не як да ворага. Верш гэты здаецца мне своеасабліваю паэтычнаю квінтэсенцыяй прэтэнзіяў заходнебеларускіх камуністаў да хадэкаў. Зразумела, не тых камуністаў, якія лічылі ксяндза Адама агентам дыфензівы. Думаю, варта працытаваць урывак з гэтага верша:

Выбачайце, — сум ваш патрывожу,
бо спакой уцёк ад вас і так...
Мне Лукішак мур, зубаты і варожы,
права даў вас выклікаць, Сваяк.
Мне, паверце, жаль, што сэрца завіруху
пахаваць хацелі вы ў сутане...
Сэрца толькі сыкне бунтам глуха,
непакорным быць не перастане.
Рукі ўгору вы ўзнялі з малітвай,
Толькі сэрца вам не ўзняць ніяк.
І стаіць на ростані вялікай бітвы
чарнакрылы роспачы маяк.
Шэпчуць вусны: сэрцу пакаруся.
І абліў ксяндза няверы жах:
бачыць ксёндз, што заўтра Беларусі
не цвіце на залатых крыжах…

Відавочная павага, з якою звяртаецца паэт-камуніст да паэта-ксяндза. Сваяк успрымаецца Таўлаем, чалавекам вельмі радыкальным па сваіх сацыяльных поглядах, як патрыёт сваёй Радзімы. Валянцін Таўлай папракае Казіміра Сваяка ў нежаданні бачыць яўнае: шчасце Беларусі прынясуць не малітвы, а перамога ў вялікай бітве, у барацьбе камунізму і капіталу. Сваяк быццам і бачыць поступ рэвалюцыі і сам пачынае бунтаваць, але рашучага кроку зрабіць не можа...

Сёння і Валянцін Таўлай, і Казімір Сваяк займаюць годнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры, але наўрад ці можна адназначна сцвярджаць, што ў гістарычнай дыскусіі аб рэвалюцыі і эвалюцыі перамог менавіта паэт-камуніст.

Пасляваенныя падзеі не далі беларусам магчымасць займацца сваім рэлігійным і нацыянальным жыццём. Віленшчына стала літоўскаю, многія людзі пасля вайны запісаліся палякамі і з’ехалі з СССР, каб пазбегнуць рэпрэсіяў ды іншых «сюрпрызаў» жыцця ў «савецкім раі». Касцёлы зачыняліся. Ксяндзоў альбо павысылалі, альбо знішчылі. Сёння, ужо маючы незалежную дзяржаву, мы мусім памятаць, што БХД годна пранесла ідэю незалежнасці Беларусі праз 1920–1930-я гады, стаўшы прыкладам і для католікаў, і для праваслаўных.

За магутнымі постацямі лідараў беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху стаяць тысячы лідараў і актывістаў асобных гурткоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, раскіданых у 1920–1930-я гг. па абшарах Заходняй Беларусі. Пра большасць з іх нам сёння невядома амаль нічога, толькі прозвішчы і імёны ў партыйных спісах ды часам кароткія паведамленні ў справаздачах паліцыі і газетных нататках. На падстрэшшах многіх вясковых хатаў яшчэ ляжаць цікавыя дакументальныя сведчанні аб жыцці гэтых вельмі сумленных і адданых Беларусі людзей. Захоўваць памяць пра іх — наш абавязак.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY