Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(77)/2016
Год Міласэрнасці

ПАЙСЦІ НА БОЛЬШАЕ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю

КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ
Адукацыя
Асобы
Мастацтва

ЗАЎТРА ЗДАРЫЦЦА ЦУД
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
Інтэрв’ю

ЗБАЛЕЛАЯ ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
З архіваў часу

З ВЕРАЮ Ў СЭРЦАХ
Маналог святара

ДЗЕ МАЯ ПАРАФІЯ, ТАМ МАЯ РАДЗІМА
Спадчына

З НАЙЯРЧЭЙШЫХ СУЗОР’ЯЎ
Асобы
Псіхалогія

РАМАН НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ

Святы Ян ад Крыжа

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ

Трактат пра тое, як павiнна падрыхтавацца душа, каб за кароткi час дасягнуць злучэння з Богам. Парады i вучэннi як для пачынальнiкаў, гэтак i для дасведчаных, вельмi карысныя, каб вызвалiцца ад усiх рэчаў дачасных, не абцяжарваць сябе духоўнымi прывязанасцямi i застацца Ў найвышэйшай аголенасцi i свабодзе духу, неабходных для злучэння з Богам. Напiсаны айцом кармэлiтам босым, братам Янам ад Крыжа.

Працяг. Пачатак у № 1 (75)/2016.

КНIГА ПЕРШАЯ
ДЗЕЙСНАЯ НОЧ ПАЧУЦЦЯЎ

У якой гаворыцца, што такое «цёмная ноч» i чаму неабходна прайсцi праз яе, каб дасягнуць злучэння з Богам. У прыватнасцi, гаворка будзе iсцi пра «цёмную ноч пачуццяў» i жаданняў, пра шкоду, якую яны могуць нанесцi душы.

Раздзел 5
У якім працягваецца папярэдняе разважанне
з выкарыстаннем прыкладаў i вобразаў са Святога Пiсання,
неабходных для душы, якая рушыць да Бога
праз цёмную ноч умярцвення пажадлiвасцi рэчаў.

1. З усяго таго, што было сказана, можна пэўным чынам зразумець, што iснуе адлегласць памiж тым, чым рэчы створаныя з’яўляюцца самi па сабе, i тым, чым ёсць Бог у сабе. Душы, якiя прывязваюцца да зямных рэчаў, знаходзяцца вельмi далёка ад Бога. Бо, як ужо было сказана, любоў прыраўновае нас да рэчаў, якiя мы любiм. Святы Аўгустын, вельмi добра разумеючы, што iснуе гэтая адлегласць, гаворыць у сваiх «Soliloquios»: «Няшчасны я! Калi мая нiкчэмнасць i мая недасканаласць змогуць адпавядаць тваёй справядлiвасцi? Ты сапраўды ёсць добрым, а я – благiм, ты – пабожны, а я – бязбожны, ты – святы, а я – нiкчэмны, ты – справядлiвы, а я – несправядлiвы, ты – святло, а я – сляпы, ты – жыццё, а я – смерць, ты – лек, а я – хворы, ты – найвышэйшая праўда, а я – суцэльная марнасць». Усё гэта гаворыць святы1.

2. Вось чаму душа праяўляе вялiкае невуцтва, калi думае, што яна можа дасягнуць стану злучэння з Богам, не пазбавiўшыся жадання ўсiх рэчаў, прыродных i звышпрыродных, якiя могуць перашкодзiць ёй у гэтым, як мы далей растлумачым падрабязней. Сапраўды — бязмежная адлегласць iснуе памiж гэтымi рэчамi i ўсiм тым, што дадзена душы ў стане чыстага перамянення ў Богу. I дзеля гэтага Пан, навучаючы нас гэтаму шляху, казаў праз святога Луку: «Qui non renuntiat omnibus quae possidet, non potest meus esse discipulus», што значае: «Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем» (пар. Лк 14, 33)*, i гэта зразумела, таму што Сын Божы вучыць нас пагарджаць усiмi рэчамi, каб атрымаць Дух Божы. Бо пакуль душа не вызвалiцца ад усiх рэчаў, яна будзе няздольнаю атрымаць Дух Божы ў чыстым перамяненнi.

3. Пра гэта нам гаворыць i вобраз з Кнiгi Зыходу (16), дзе мы чытаем, што Бог не даў сынам Iзраэля нябеснага хлеба — манны, пакуль не скончылiся iх запасы мукi, якую яны ўзялi з сабою з Егіпта. Пан хоча, каб мы зразумелi, што спачатку неабходна, каб мы выраклiся ўсiх рэчаў, таму што анёльскi хлеб не адпавядае нёбу таго, хто хоча смакаваць хлеб зямны. Душы, якiя марудзяць i смакуюць чужынскiя прысмакi, не толькi няздольныя смакаваць Божы дух, але і выклiкаюць гнеў Божай Вялiкасцi, патрабуючы ад Яго духоўнага пасiлку. Яны не задавальняюцца толькi адзiным Богам, але хочуць змяшаць Яго з жаданнямі i пажадлiвасцю да рэчаў. Пра гэта таксама гаворыцца ў той самай кнiзе Святога Пiсання, дзе апавядаецца, як габрэi, не задаволеныя такiм простым пасiлкам як манна, пажадалi яшчэ i мяса (Зых 16, 8–13). Пан наш вельмi разгневаўся, таму што яны хацелi адначасова смакаваць ежу нiзкую i грубую з прысмакам узнёслым i простым, якi ў сваёй простасцi меў у сабе смак i навар любой ежы. Таму, калi яны яшчэ не праглынулi i першы кавалак мяса, — як кажа Давiд, — Ira Dei descendit super eos — «Гнеў Божы зыйшоў на iх» (пар. Пс 77, 31). І агонь з неба ўпаў на iх i спалiў iх многiя тысячы. Бог палiчыў нягодным iх жаданне iншай ежы замест пасiлку нябеснага.

4. Калi б ведалi людзі, якiя жывуць духоўным жыццём, колькi духоўнага багацця i якую шчодрасць яны губляюць, калi не хочуць вызвалiць свае жаданнi ад рэчаў, што не маюць нiякай каштоўнасцi. Калi б яны адмовiлiся ад iх, дык у гэтым простым духоўным пасiлку яны засмакавалi б усе рэчы. Бо прычына таго, што яны, падобна габрэям, не адчуваюць смаку манны — найсмачнейшага з усiх прысмакаў, не ў тым, што яны не засяроджваюць на ёй усё сваё жаданне. Як i габрэi, якiя не адчулi ў манне найвялiкшага смаку не таму, што яна яго не мела, а таму, што яны прагнулi iншых рэчаў. Вось чаму, калi нехта разам з любоўю да Бога любiць i iншыя рэчы, гэта значыць, што для яго Бог — не важны, бо для яго рэчы i Бог азначаюць адно i тое ж, i ён прыраўновае да Бога рэчы, бязмежна далёкiя ад Яго.

5. Вядома, што калi пэўная воля прывязваецца да якой-небудзь рэчы, гэта апошняя пачынае значыць для яе больш за ўсе астатнiя, няхай сабе i лепшыя за яе, але на якiя яна ўжо не звяртае ўвагi. I калi ёй падабаюцца абедзве рэчы, дык яны прыраўноўваюцца, i тым самым прынiжаецца рэч найдасканалейшая. I паколькi няма нiякай рэчы, якую можна прыраўняць да Бога, душа, якая разам з Богам любiць i якое-небудзь стварэнне, гэтым самым прынiжае Бога. А што б сталася, калi б душа палюбiла б якуюсь рэч больш за Бога?

6. Менавiта гэта Бог меў на ўвазе, калi загадваў Майсею ўзысцi на гару для размовы з Iм. Пан загадаў яму не толькi ўзысцi аднаму, пакiнуўшы ў далiне дзяцей Iзраэлевых, але нават забаранiў яму, каб жывёлы пасвiлiся каля гары («Nullus ascendat tecum, nec videatur quispiam per totum montem: boves quoque et oves non pascantur e contra» (пар. Зых 34, 3). Гэта значыць: «Але ніхто не павінен падымацца з табою, і ніхто не павінен паказвацца на ўсёй гары; нават быдла, дробнае і буйное, не павінна пасвіцца паблізу гары гэтай». Гэтым самым Бог хацеў, каб душа зразумела, што калi яна хоча ўзысцi на гару дасканаласцi, каб размаўляць з Богам, яна не толькi павiнна выракчыся i пакiнуць унiзе ўсе рэчы, але таксама пакiнуць i ўсе жаданнi iх, гэта значыць «жывёлiнаў», якiм не дазваляецца нават знаходзiцца побач з гарою. Усё гэта азначае, што нельга цешыцца нiякiмi iншымi рэчамi, апроч Бога. Кожнае жаданне павiнна змоўкнуць, калi душа знаходзiцца ў стане дасканаласцi. I таму неабходна, каб шлях цi ўзыход да Бога быў сталым намаганнем спынення дзейнасцi жаданняў i iх умярцвення. Душа настолькi хутчэй дасягне мэты, наколькi хутка яна адолее гэты цяжар. Пакуль не спыняцца ўсе жаданнi душы, яна не зможа дасягнуць вяршынi, нават калi будзе практыкаваць мноства iншых цнотаў, якiя ў сваю чаргу нiколi не будуць бездакорнымi, бо дасканаласць дасягаецца толькi тады, калi душа спустошаная, аголеная i ачышчаная ад усiх сваiх жаданняў. У Кнiзе Быцця даецца вельмi жывы вобраз гэтага. Мы чытаем, што патрыярх Якуб перад тым як узысцi на гару Бэтэль для пабудовы алтара дзеля ахвяравання Богу, загадаў свайму народу зрабіць тры рэчы: па-першае, каб яны пазбавiлiся ўсiх iдалаў, па-другое, каб яны ачысцiлiся, i па-трэцяе, каб яны пераапранулiся: «Jacob vero convocata omni domo sua, ait: Abjicite deos alienos qui in medio vestri sunt, et mundamini, ac mutate vestimenta vestra» (Быц 35, 2).

7. Праз гэтыя тры рэчы кожная душа павiнна зразумець, што калi яна хоча ўзысцi на гэтую гару, яна павiнна зрабiць з самой сябе алтар, на якiм Богу прыносiцца ахвяра чыстай любовi, хвалы i чыстага пакланення, i што перад тым як узысцi на вяршыню гэтай гары, неабходна дасканала здзейснiць тры рэчы: па-першае, трэба пазбавiцца ўсiх чужых бажкоў, гэта значыць пазбавiцца ад усiх прывязанасцяў i пажадлiвасцяў чужынскiх у адносiнах да Бога. Па-другое, праз цёмную ноч пачуццяў душа павiнна ачысцiцца ад усяго бруду, якi застаўся ў душы ад названых жаданняў праз поўнае адрачэнне i праз пастаяннае пакаянне. Па-трэцяе, каб дасягнуць вяршынi гэтай высокай гары, трэба мець новую вопратку, якую Бог, выкарыстоўваючы вынiк першых двух дзеянняў, пераменiць са старой у новую. Бог дасць душы новае разуменне Бога ў Богу, пакiне ўбаку старое разуменне чалавека i дасць новую любоў Бога ў Богу, пазбаўляючы волю ад усiх яе старых чалавечых пажаданняў i ўпадабанняў. Бог дасць душы новыя веды i новую велiзарнаю асалоду, бо душа ўжо пазбавiлася ўсiх старых ведаў i старых вобразаў. Бог зробiць так, каб знiкла ўсё старое ў чалавеку: усе яго натуральныя здольнасцi Ён пераапране ў новыя звышнатуральныя. I такiм чынам чалавечая дзейнасць перайначыцца ў дзейнасць Божую, вынiкам якой будзе асягненне стану злучэння, у якiм служэннем душы будзе не што iншае, як быць алтаром Бога, якi жыве ў ёй i якому яна пакланяецца ў чыстай любовi i ў чыстай хвале.

З гэтай прычыны Пан загадаў, каб алтар, на якiм павiнен быў размясцiцца Каўчэг Запавету, быў унутры пустым (Зых 27, 8). Бог прагне, каб душа зразумела, што, каб стацца алтаром, годным прысутнасцi Ягонай Боскай Вялiкасцi, яна павiнна быць пустою, пазбаўленаю ўсiх рэчаў. Ён нiколi не дазваляў, каб на гэтым алтары замест святога агню запальваўся паганскi агонь. Калi Надаб i Абiўд, сыны першасвятара Аарона, ахвяравалi паганскi агонь, Пан у гневе спаслаў на iх смерць перад гэтым алтаром (Лев 10, 1). З гэтага трэба зразумець, што душа, каб стацца годным алтаром, павiнна быць напоўненаю Божаю любоўю, не змешанаю з любоўю да ўсяго, што не належыць да Бога.

8. Бог не можа пагадзiцца, каб iншая рэч знаходзiлася побач з Iм у тым самым месцы. І таму ў 1-й Кнiзе Самуэля апавядаецца, што, калi Фiлiстэi прынеслi Каўчэг Запавету ў святыню, дзе знаходзiўся таксама iх iдал, кожнага ранку яны знаходзiлi ягоную статую, разбiтую ўшчэнт на падлозе (1 Сам 5, 2–4). Пан дазваляе i хоча, каб там, дзе Ён знаходзiцца, засталося толькi тое жаданне, якое прагне захоўваць дасканалы Божы Закон i ўзяць на сябе крыж Хрыста. У Пiсаннi Божым гаворыцца, як Адвечны пажадаў, каб у Каўчэгу Запавету, дзе захоўвалася манна, не было б нiчога iншага, апроч кнiгi Запавету i Майсеевага посаха (Дрг 31, 26), якi з’яўляецца сiмвалам крыжа Хрыста. Бо душа, якая нi на што iншае не прэтэндуе, як толькi захоўваць Закон Божы i несцi крыж Хрыста, i з’яўляецца сапраўдным каўчэгам, бо нясе ў сабе сапраўдную манну, якой ёсць Бог, паколькi дасканала змяшчае ў сабе Закон i посах, i нiчога, апроч iх.

 

Раздзел 6
У якім апавядаецца пра
дзве найвялiкшыя шкоды,
што могуць учынiць душы жаданнi:
першая пазбаўляе душу Божага Духа,
а другая заўсёды шкодзiць самой душы.

1. Для таго, каб глыбей зразумець усё тое, што было сказана дагэтуль, будзе добра растлумачыць, якiм чынам жаданнi шкодзяць душы ў двух галоўных аспектах: па-першае, яны пазбаўляць яе Божага Духа, а па-другое, жаданнi стамляюць душу, зацямняюць яе, брудзяць яе, паслабляюць яе i раняць яе, пра што гаворыць прарок Ерамiя: «Duo enim mala fecit populus meus: me derelinquerunt fontem aquae vivae, et foderunt sibi cisternas, cisternas dissipatas, quia continere non valent aquas», што значыць: «Бо два ліха ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой, пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разбітыя, якія не могуць трымаць вады» (пар. Ер 2,13). Пра гэтыя два ліха неабходна ведаць, што адно «пазбаўляе», а другое «шкодзiць заўсёды». Усялякі бязладны чын жадання з’яўляецца iх прычынаю.

Спачатку пагаворым пра тое, што пазбаўляе душу Духа Божага. Зразумела, што калi душа прывязваецца да нейкай створанай рэчы, дык гэтая рэч займае столькi месца ў душы, што яна ўжо няздольная ўмясцiць у сабе Бога, бо не могуць дзве супярэчлiвыя рэчы (як зазначаюць фiлосафы) знаходзiцца ў адным суб’екце. (Пра гэта мы таксама ўжо гаварылi ў 4-м раздзеле.) Прывязанасць да Бога i прывязанасць да стварэння супярэчаць адна адной i таму не могуць знаходзiцца адначасова ў волі. Бо што агульнага памiж стварэннем i Створцам, памiж пачуццёвым i духоўным, памiж бачным i нябачным, памiж часовым i вечным, памiж нябесным пасiлкам, чыста духоўным, i пасiлкам пачуццяў, чыста пачуццёвым, памiж аголенасцю Хрыста i прывязанасцю да нейкай рэчы?

2. Гэтаксама, як пры натуральным нараджэннi немагчыма, каб новая форма не выштурхнула былую ўжо iснуючую, бо наяўнасць яе перашкаджала б новай з прычыны супрацьпастаўлення, якое iснуе памiж iмi, гэтаксама i душа, пакуль яна падпарадкоўваецца пачуццям, не можа атрымаць Божы Дух. Таму наш Пан гаворыць у Евангеллі ад Мацвея: «Non est bonum sumere panem filiorum, et mittere canibus», што значыць: «Нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам» (пар. Мц 5, 26), i таксама ў другiм месцы евангелiст гаворыць: «Nolite dare sanctum canibus», што азначае: «Не давайце святога сабакам» (пар. Мц 7, 6). Гэтымi словамi наш Пан прыраўновае да сыноў Божых тых, хто выракся жаданняў стварэннняў i рыхтуецца да атрымання чыста Божага Духа, а тых, хто прагне задаволiць свае жаданнi стварэннямi, Пан прыраўноўвае да сабакаў. I першым дадзена сiлкавацца са стала i нават з Ягонай талеркi, гэта значыць iм дадзена пасвiцца Ягоным Духам. Другiм жа дадзена толькi збiраць крошкi, што ўпалi з ягонага стала.

3. У сувязi з гэтым неабходна ведаць, што стварэннi — гэта крошкi, якiя ўпалi са стала Пана. I значыць справядлiва, што тых, хто харчуецца стварэннямi, называюць сабакамi, i таму ў iх забiраюць хлеб, прызначаны для дзяцей. Адбываецца гэта таму, што яны не хочуць узняцца над крошкамi стварэнняў пры стале Духа Нястворанага iх Айца.Таму яны ўвесь час галодныя, як сабакi, таму што крошкi са стала толькi распальваюць апетыт, а не спатольваюць голад. Пра такіх людзей гаворыць Давiд: «Convertentur ad vesperam, et famem patientur ut canes; et circuibunt civitatem. Ipsi dispergentur ad manducandum; si vero non fuerint saturati, et murmurabunt». — «Хай вяртаюцца ўвечары, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць; хай бадзяюцца, ежу шукаюць і ў нянасыці ночы праводзяць» (пар. Пс 58, 15–16). Бо менавiта да iх падобныя тыя, хто мае жаданнi, яны заўсёды незадаволеныя, неспакойныя, як быццам увесь час галодныя. Але цi можна прыраўняць голад, выклiканы стварэннямi, да неспатольнасцi, да якой спрычыняецца Божы Дух? Нельга ўвайсцi ў няствораную неспатоленасць, калi перад гэтым не пазбавiцца голаду, выклiканага пажаданнямi душы, бо, як было ўжо сказана, дзе існуюць рэчы супярэчлiвыя, у нашым выпадку — неспатоленасць i голад, яны не могуць суiснаваць разам у тым самым суб’екце.

4. З таго, што было ўжо сказана, зразумела, што для Бога цяжэй вызвалiць i ачысцiць душу ад гэтых супярэчнасцяў, чым стварыць яе з нiчога. Бо супярэчлiвыя прывязанасцi i жаданнi пярэчаць i супрацiўляюцца Богу, а нiшто нiколi гэтага не робiць.

На гэтым мы спынiм нашае разважанне над першаю шкодаю, бо было сказана дастаткова пра жаданнi, якiя шкодзяць душы, супрацiўляючыся Богу.

5. Цяпер пагаворым пра другi вынiк, якi з’яўляецца ў душы, калi жаданнi стамляюць, катуюць, азмрочваюць, забруджваюць i паслабляюць яе. Пра кожны з гэтых пяцi момантаў пагаворым паасобку.

6. У дачыненні да першага, зразумела, як жаданнi стамляюць i знясiльваюць душу, бо яны, нібы неспакойныя i непаслухмяныя дзецi, якiя ўвесь час патрабуюць ад сваёй мацi то адно, то другое, i нiколi нiчым не задаволяцца. Гэтаксама, як сквапны да скарбу, шукаючы яго, стамляецца i цяжка працуе, капаючы зямлю, гэтаксама i душа стамляецца i знясiльваецца, каб задаволiць патрабаваннi сваiх жаданняў. I нават калi яна ўрэшце здабудзе тое, чаго жадала, яна ўсё роўна адчувае сябе стомленай i нiколi не адчувае задавальнення, таму што ў рэшце рэшт яна раскопвае толькi разбiтыя вадаёмы, якiя не могуць утрымаць вады i не могуць спатолiць смагі (пар. Ер 2, 13). I гэта ж гаворыць прарок Iсая: «lassus adhuc sitit, et anima ejus vacua est», што значыць: «І вось ён прагны, і душа ў яго пустая» (пар. Іс 29, 8), бо ягоныя пажаданнi — пустка. Калi жаданнi перамагаюць, душа стамляецца i знясiльваецца, нібы хворы на лiхаманку, якi не ачуняе, пакуль лiхаманка яго не адпусцiць, i ён увесь час адчувае смагу, таму што, як напiсана ў кнiзе Ёва: «Cum satiatus fuerit, arctabitur: aestuabit, et omnis dolor irruet super eum», што значыць: «У поўніцы багацця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго» (пар. Ёв 20, 22). Душа цяжка працуе i стамляецца ад сваiх жаданняў, якiя непакояць яе i не дазваляюць адпачыць у якiм-небудзь месцы цi на якой-небудзь рэчы, таму яна, нібы рана, якую ўвесь час растраўляюць i парушаюць, нібы вецер ваду. Пра такую душу гаворыць прарок Iсая: «Impii autem quasi mare fervens». — «А бязбожныя — як мора ўсхваляванае» (пар. Іс 57, 20). Бязбожны — гэта той, хто не можа перамагчы свае жаданнi. Душа, якая хоча iх задаволiць, стамляецца i знясiльваецца, нібы галодны, якi ротам ловiць вецер, каб спатолiцца, але замест гэтага яшчэ больш сушыць рот, таму што вецер — не ежа. У сувязi з гэтым Ерамiя казаў: «Іn desiderio animae suae attraxit ventum amoris sui». — «У жаданнi душы сваёй глытае паветра» (пар. Ер 2, 24), нiбыта хоча сказаць: жаданнi волi прываблiваюць вецер сваёй бяды. I трохi далей дадае, каб было зразумела, чым ёсць пустка i суша, якая застаецца ў душы: «Prohibe pedem tuum a nuditate, et guttur tuum a siti», што значыць: «Не давай нагам тваім стоптваць абутак і гартані тваёй — нудзіцца ад смагі» (пар. Ер 2, 25). Iншымi словамi: адарвi сваю волю ад задавальнення жаданняў, адзiным вынiкам якога ёсць сухмень. I як стамляецца i знясiльваецца закаханы ў дзень надзеi, калi ўсё, чаго ён жадаў, скончылася нiчым, гэтаксама i душа стамляецца i знясiльваецца ўсiмi сваiмi жаданнямi i iх задавальненнем, бо яны спараджаюць у ёй яшчэ большую пустэчу i голад, таму што, як гаворыцца, жаданне, нібы агонь — чым больш дроваў, тым большы агонь, але, калi ўсё палiва згарае, знiкае i агонь.

7. Рэчаiснасць жадання горшая за агонь, таму што агонь затухае паволi, па меры спажывання палiва, але жаданне ж, наадварот, не змяншаецца, нават калi знiкае прадмет яго прагнення. Жаданне замест таго каб затухнуць, як агонь, калi заканчваецца палiва, знясiльвае, бо голад павялiчваецца, а пасiлак змяншаецца. Пра гэта гаворыць Iсая: «Et declinabit ad dexteram, et esuriet; et comedet ad sinistram, et non saturabitur», што значыць: «І будуць рэзаць з правага боку, і застануцца галодныя; і будуць есці з левага, і не будуць сытыя» (пар. Іс 9, 20). Таму што тыя, хто не здольны ўмярцвiць сваiх жаданняў, павернуцца праваруч i ўбачаць насычаных салодкiм духам, што знаходзяцца праваруч Бога, духам, якi iм не дадзены. I тады яны бягуць леваруч i задавальняюць свае жаданнi рэчамi створанымi, але таксама не насычаюцца, бо яны пакiнулi тое, што сапраўды можа спатолiць, i жывяцца тым, што выклiкае яшчэ большы голад. Зразумела цяпер, чаму жаданнi стамляюць i знясiльваюць душу.

 

Раздзел 7
У якім апавядаецца,
як жаданнi катуюць душу.
I гэта даказваецца праз
параўнаннi i прыклады,
узятыя са Святога Пiсання.

1. Другi спосаб, якiм жаданнi заўсёды шкодзяць душы, — гэта калi яны яе катуюць i засмучаюць. Прыкладам можа быць прысуд да катавання вяроўкай, калi чалавека прывязваюць да якой-небудзь апоры i ён не можа адпачыць, пакуль яго не адвяжуць. Пра гэта гаворыць Давiд: «Funes peccatorum circumplexi sunt me». — «Вяроўкi маiх грахоў аплялi мяне» (пар. Пс 118, 61). Гэта значыць, што мае жаданнi аблыталi мяне. Як пакутуе той, хто голым кладзецца ў ложак, поўны калючак i джалаў, гэтаксама душа пакутуе i засмучаецца, калi паддаецца сваiм жаданням, бо яны, як шыпы, яе колюць, раняць, драпаюць i прычыняюць боль. I Давiд працягвае: «Circumdederunt me sicut apes, et exarserunt sicut ignis in spinis», што значыць: «Абселі мяне, як пчолы, джалiлi мяне сваiмi джаламi i палiлi мяне, як калючкi ў агнi» (пар. Пс 117, 12). Бо ў жаданнях, як у калючках, нарастае полымя душэўнага болю i пакутаў. I як селянiн у надзеi на добры ўраджай напружвае i мучыць вала ў плузе, гэтаксама i пажадлiвасць напружвае душу жаданнем атрымаць тое, чаго яна хоча. Гэта будзе больш зразумела, калi ўзгадаем пра жаданне Далiлы, якая хацела даведацца, у чым сiла Самсона. Паводле таго, што нам распавядае Святое Пiсанне, яе настолькi катавала i мучыла жаданне, што яна смяротна аслабла: «defecit anima ejus, et ad mortem usque lassata est»«аслабла душа яе, аж да смерцi».

2. Чым больш моцнае жаданне, тым большае катаванне душы, бо адно залежыць ад другога: чым значнейшае жаданне, тым мацнейшае мучэнне; i чым больш жаданняў, тым больш мучэнняў. Бо ў такой душы здзяйсняецца яшчэ пры жыццi тое, што напiсана ў Адкрыццi, дзе Бабiлон апiсваецца такiмi словамi: «Quantum glorificavit se, et in deliciis fuit, tantum date illi tormentum et luctum». — «Наколькi яна хацела сябе ўзняць i задаволiць свае жаданнi, настолькi дайце ёй пакутаў і гора» (пар. Ап 18, 7). Як пакутуе i мучыцца той, хто трапляе ў рукi ворагаў, гэтаксама i душа пакутуе i мучыцца, калi здаецца на волю сваiм жаданням. Вобраз гэтага мы знаходзiм у Кнiзе Суддзяў, дзе апавядаецца пра тое, як магутны Самсон, ад пачатку моцны i вольны суддзя Iзраэля, трапiўшы ў палон да сваiх ворагаў, быў аслеплены, пазбаўлены моцы i прывязаны да жорнаў, каб круцiць iх. I гэты прысуд быў страшэнна пакутлiвым для яго, i засмучаў яго. Тое самае здараецца з душой, у якой, нібы ворагi, жывуць i пануюць жаданнi, якiя спачатку паслабляюць душу i асляпляюць, а потым, аб чым буду гаварыць далей, засмучаюць яе i катуюць, бо прывязваюць яе да жорнаў пажадлiвасцi. А кайданы, якiмi яна прывязаная да iх, i ёсць тыя самыя жаданнi.

3. З гэтай прычыны Бог, якi спачувае тым, хто так знясiльваецца па ўласнай вiне, каб задаволiць створанымi рэчамi голад i смагу жаданняў, кажа словамi прарока Iсаi: «Omnes sitientes, venite ad aquas; et qui non habetis argentum, properate, emite, et comedite: venite, emite absque argento et absque ulla commutatione vinum et lac. Quare appenditis argentum non in panibus, et laborem vestrum non in saturitate? Audite, audientes me; et comedite bonum, et delectabitur in crassitudine anima vestra», нiбыта кажучы: «Спрагненыя (сваiмi жаданнямi!) ідзіце ўсе да водаў; нават і вы, у каго няма срэбра (уласнай волi i жаданняў), ідзіце, купляйце і піце; ідзіце, без срэбра і без платы (уласнай волi i без усялякага абмену на цяжкую працу, якой з’яўляецца задавальненне ўласных жаданняў), купляйце віно і малако (гэта значыць спакой i духоўную рахманасць). Навошта вам наважваць срэбра (уласную волю) за тое, што не хлеб (тое, што не адпавядае Божаму духу), і заробак свой (уласныя жаданнi) за тое, што не насычае? Прыйдзiце i слухайце, і будзеце есцi дабро, якога прагнеце, і душа вашая хай раскашуецца шчодрасцю» (пар. Іс 55, 1–2).

4. Дасягнуць гэтай шчодрасцi азначае вызвалiцца ад усялякага смакавання створаных рэчаў, бо стварэнне мучыць, а дух Божы аднаўляе. I таму Ён клiча нас словамi, пераказанымi святым Мацвеем: «Venite ad me omnes qui laboratis, et onerati estis, et ego reficiam vos. Tollite jugum meum super vos, et discite a me, quia mitis sum, et humilis corde: et invenietis requiem animabus vestris», кажучы: усе вы крочыце, засмучаныя i знясiленыя пад цяжарам вашых турботаў i вашых жаданняў; вызваліцеся ад iх i прыйдзiце да Мяне, i Я аднаўлю вас, вы знойдзеце для душаў вашых адпачынак, якога пазбаўляюць вас вашыя жаданнi. Яны становяцца для вас цяжкiм ярмом, бо, як казаў Давiд: «et sicut onus grave gravatae sunt super me»«як вялікі цяжар, знясілілі мяне» (пар. Пс 38, 5).

Пераклад з іспанскай мовы
Святланы Грэсвi.

Працяг будзе.


    * У трактаце святога Яна ад Крыжа цытаты са Святога Пісання падаюцца на лацінскай мове. У беларускім тэксце яны пададзены ў перакладзе Святланы Грэсві.
  1. Сучасная крытыка прыпiсвае гэты твор невядомаму аўтару — сучаснiку святога Аўгустына.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY