Ксёндз кардынал Зянон Грахалеўскі нарадзіўся 11 кастрычніка 1939 года ў Брудках Вялікапольскіх. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Познані (1957–1963). Атрымаў святарскае пасвячэнне 26 траўня 1963 года ў Познані. Праз тры гады душпастырскай працы ў парафіі Хрыста Адкупіцеля ў Познані быў скіраваны на вучобу ў Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме, каб вывучаць кананічнае права. І ліцэнцыяцкая (1968), і доктарская (1972) яго працы атрымалі залаты медаль Святога Айца. Таксама ён атрымаў залаты медаль адваката Рымскай роты.
Пасля навучання кс. Грахалеўскі распачаў працу ў Найвышэйшым трыбунале Апостальскай сігнатуры. У 1980 г. стаў яе канцлерам, у 1982 г. — сакратаром, атрымаўшы ў гэты ж час годнасць біскупа. У 1998 г. ён стаў прэфектам арганізацыі. У 1999 г. — прэфектам Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, якая апякуецца каталіцкімі школамі. У 2001 г. стаў кардыналам.
З’яўляецца аўтарам многіх публікацый і ганаровым грамадзянінам некалькіх гарадоў. Атрымаў некалькі дзясяткаў званняў доктара honoris causa, шматлікія ўзнагароды, медалі, тытулы, ордэны, адзнакі.
З’яўляецца Вялікім канцлерам Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, Вялікім канцлерам Папскага інстытута сакральнай музыкі, Вялікім канцлерам Папскага інстытута хрысціянскай археалогіі, Вялікім канцлерам Папскага інстытута вывучэння арабскай культуры і ісламістыкі, кіраўніком Папскага вышэйшага інстытута лацінскай мовы.
Гэтаю вясною кардынал Грахалеўскі наведаў Беларусь: як папскі легат ён удзельнічаў у Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе, які адбыўся ў Гродне 24–26 мая гэтага года.
Прапануем вашай увазе размову з кардыналам Зянонам Грахалеўскім, якую нам даслаў суразмоўца Яго Эмінэнцыі кс. Кшыштаф Срока.
— Чым займаецца Кангрэгацыя, якой Вы кіруеце?
— Кангрэгацыя, якою я кірую, падобная да Міністэрства адукацыі. Каталіцкая адукацыя — гэта каталіцкія школы вышэйшай ступені (каля 230 тысяч), каталіцкія і касцёльныя ўніверсітэты (каля 1300), духоўныя семінарыі (каля 3700), установы каталіцкай фармацыі. Адрозненне ў тым, што мы сутыкаемся з усімі магчымымі грамадскімі, культурнымі, рэлігійнымі і палітычнымі сітуацыямі. Напрыклад, мы маем каталіцкія школы і вучэльні ў краінах, дзе католікаў вельмі мала, таму мы павінны сачыць за прававымі зменамі, вырашаць розныя праблемныя сітуацыі, размаўляць з урадамі гэтых краінаў.
Такім чынам, дзейнасць нашай Кангрэгацыі развіваецца ў трох кірунках. Першы — гэта ўніверсітэты і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Мы дзелім гэтыя ўстановы на два тыпы: касцёльныя і каталіцкія. Касцёльныя — гэта тыя навучальныя ўстановы, падмуркам якіх з’яўляецца Божае Аб’яўленне, якія цесна звязаныя з місіяй Касцёла, маюць факультэты тэалогіі, гісторыі Касцёла, філасофіі, кананічнага права, хрысціянскай педагогікі. Статус гэтых навучальных установаў рэгулюецца спецыяльным прававым дакументам: Апостальская канстытуцыя «Sapientia Christiana» («Хрысціянская мудрасць») 1979 года. Гэта быў адзін з першых дакументаў папы Яна Паўла ІІ. Ён добра ведаў гэты дакумент, бо як біскуп Кракава працаваў у камісіі, якая яго рыхтавала. Гэтыя навучальныя ўстановы могуць быць заснаваныя толькі нашай Кангрэгацыяй. Калі нейкая ўстанова або факультэт тэалогіі не атрымаюць нашага ўхвалення, акадэмічныя званні, атрыманыя там, не будуць прызнаныя ў Касцёле. Мы зацвярджаем праграмы, статуты і нават пастаянных выкладчыкаў гэтых навучальных установаў. У свеце такіх навучальных установаў каля трохсот.
Другі тып — гэта каталіцкія ўніверсітэты. Там ёсць усе магчымыя факультэты, ад медыцынскіх да дыпламатычных. Гэтыя навучальныя ўстановы рэгулююцца іншым прававым дакументам: «Ex corde Ecclesiae» ад 1990 года. Назва дакумента вельмі красамоўная — «З сэрца Касцёла»… З сэрца Касцёла нарадзіліся ўніверсітэты. Сапраўды, першыя ўніверсітэты ў Еўропе былі заснаваныя Касцёлам або пры супрацоўніцтве з Касцёлам. Каталіцкіх універсітэтаў у свеце вельмі шмат, каля 1,5 тысяч, і іх колькасць расце. Сітуацыя ў іх вельмі адрозніваецца.
Нядаўна я быў у бразільскім горадзе Гаяне. Ён быў заснаваны ў 1933 годзе, сёння там жыве каля 2 мільёнаў чалавек. Самай вялікай навучальнай установай з’яўляецца Каталіцкі ўніверсітэт, ён уключае 5 вялікіх кампусаў. Я асвячаў новы велічэзны ўніверсітэцкі касцёл. Ва ўніверсітэце ёсць нават свая тэлестудыя, трансляцыі перадач атрымліваюць каля 20-ці мільёнаў гледачоў! Тэлеканал лічыцца вельмі прэстыжным. Калі я прыехаў на адкрыццё новай тэлевізійнай станцыі, на ўрачыстасці прысутнічаў губернатар правінцыі Гаяс. Даведаўшыся, што я збіраюся ехаць на поўнач краіны, ён даў мне ў карыстанне свой прыватны самалёт. Мяне адвезлі на месца, а праз два дні прывезлі назад.
Я жыў у найлепшым гатэлі. Гаспадыня гатэля, даведаўшыся, што Каталіцкі ўніверсітэт прымае кардынала з Рыма, паведаміла, што забяспечыць бясплатнае пражыванне.
Адчуваецца, які прэстыж мае Каталіцкі ўніверсітэт. Было зробленае апытанне сярод жыхароў краіны на тэму: «З чым у вас асацыюецца ўніверсітэт?». 80% апытаных адказалі: «З Каталіцкім універсітэтам у правінцыі Гаяс». Зразумела, Бразілія — каталіцкая краіна, вышэйшых навучальных установаў тут шмат і некаторыя з іх вельмі прэстыжныя.
— У якой сітуацыі знаходзяцца каталіцкія навучальныя ўстановы ў краінах, дзе няма каталіцкай традыцыі?
— Універсітэты і каталіцкія навучальныя ўстановы існуюць у краінах, дзе католікаў вельмі мала. Пачынаючы працу ў Кангрэгацыі, я атрымаў запрашэнне ад урада Тайваня. У гэтым урадзе не было ніводнага католіка. Усяго католікаў у Тайландзе — каля 1,3 %. Мяне запрасілі, каб я ўбачыў школы і каталіцкія ўніверсітэты краіны. Нідзе мяне не прымалі на такім узроўні, як там. На невялікім Тайвані пражываюць 22 мільёны чалавек, гэта вельмі шмат, а католікаў з іх крыху больш за 1 %. У нас там 3 каталіцкія ўніверсітэты, у тым ліку вядомы ва ўсім свеце Фу Джэн у Тайпэі. Колькасць студэнтаў кожны год павялічваецца на тысячу чалавек. Студэнтаў католікаў сярод іх толькі каля 2%. На фасадзе будынка — вялікі надпіс «Каталіцкі ўніверсітэт» і вялікі крыж. Універсітэт лічыцца вельмі прэстыжным. Я ехаў на Тайвань па запрашэнні амбасадара краіны, не хрысціяніна. Ён сказаў, што, калі яго прызначылі амбасадарам Тайваня пры Апостальскай Сталіцы, ён нічога не ведаў пра Каталіцкі Касцёл. З часам ён стаў вялікім прыхільнікам Яна Паўла ІІ. Запрасіўшы мяне на вячэру, ён сказаў: «Калі я сустрэнуся з прэзідэнтам, то нагадаю яму, што ён абяцаў выдзеліць больш фінансавання для медыцынскага факультэта пры Каталіцкім універсітэце!». Не католік турбуецца пра Каталіцкі ўніверсітэт. Гэта сведчыць пра вялікі аўтарытэт гэтай установы.
Нядаўна я быў у Афрыцы, у Найробі, на юбілеі Каталіцкага ўніверсітэта. З нагоды гэтай падзеі некалькі чалавек атрымалі званне доктара honoris causa, сярод іх была адна жанчына-эканаміст, якая мае сусветную вядомасць. Яна супрацоўнічае з ААН, з’яўляецца вельмі актыўнай каталічкай. У яе пяцёра сваіх дзяцей і шосты ўсыноўлены. Урачыстасць адбывалася ў вялікім парку, каб усе ўдзельнікі маглі змясціцца.
Другой галіной дзейнасці нашай Кангрэгацыі з’яўляюцца каталіцкія школы. У свеце налічваецца каля 230 тысяч каталіцкіх школ, у якіх вучацца каля 45-ці мільёнаў чалавек.
Тут сітуацыі таксама бываюць розныя. Ёсць каталіцкія краіны і краіны, дзе католікаў мала. У Тайландзе з 60-ці мільёнаў чалавек католікамі з’яўляюцца каля 0,5% (каля 300 тысяч). А ў каталіцкіх школах — 465 тысяч вучняў! Я наведаў там дзве школы. Адна, якой апякуюцца законніцы, налічвае 2,5 тысячы вучняў. Яны пажадалі, каб я прыехаў у поўным кардынальскім строі, нягледзячы на тое, што было вельмі горача. Яны зрабілі спектакль, прысвечаны гісторыі каталіцкай школы ў Тайландзе, які доўжыўся больш за тры гадзіны. У школе ёсць зала на 1500 месцаў, сцэна на 400 чалавек. Зразумела, што большасць вучняў — будысты. На спектаклі яны спявалі па-лацінску, праслаўляючы ідэю і гісторыю каталіцкай школы.
Другая школа, якую я наведаў, была разлічаная на 6 тысяч вучняў і дзялілася на пачатковую школу і гімназію. У Апостальскай нунцыятуры ў Бангкоку я прагледзеў кнігу пра Тайланд, выдадзеную ўрадам краіны, шукаючы інфармацыю пра каталіцкія школы. Гэтай справе было прысвечана прыблізна паўстаронкі. Было напісана, што католікаў у краіне вельмі мала, каля 0,5% ад усяго насельніцтва, але католікі маюць найлепшыя школы і шпіталі. Гэта пішуць будысты! Каля нунцыятуры знаходзіцца вялікі каталіцкі шпіталь, якім апякуецца дыяцэзія.
Дачка караля вырашыла праходзіць лячэнне ў гэтым шпіталі, таму што ён лічыцца вельмі добрым. Нядаўна я прымаў амбасадара Інданезіі. Гэта найбольшая мусульманская краіна. Ёх хваліў каталіцкія школы і вучэльні, таму я падумаў, што ён — католік. Але ён сказаў, што з’яўляецца мусульманінам, але вучыўся ў каталіцкай школе, як і яго бацькі, бо найлепшыя школы — каталіцкія!
— А якая сітуацыя з тоеснасцю каталіцкіх школаў у Еўропе?
— Напрыклад, у Бельгіі 60% вучняў ходзіць у каталіцкія школы. Вера павінна была б квітнець там, але справы ідуць зусім інакш. Гэта добрыя школы, але ў іх мала каталіцкага. І часта мы сутыкаемся з прэтэнзіямі бацькоў. Яны кажуць: «Мы пасылаем дзіця ў каталіцкую школу, таму маем права чакаць, што школа дасць яму саліднае хрысціянскае выхаванне, а гэтага ў школе вельмі мала». Мы падзяляем гэтую думку. У Еўропе сітуацыя дзіўная. Прыязджаюць мусульмане, ідуць у каталіцкія школы, бо яны добрыя. І ўзнікаюць такія думкі: паколькі ў нас вучацца не католікі, у каталіцкай школе павінны гаварыць пра ўсе рэлігіі, а не толькі пра каталіцтва. Відавочна, што гэта вялікая памылка. Калі католік пасылае сваіх дзяцей у будысцкую, мусульманскую ці юдэйскую школу, ён не можа спадзявацца, што школа зменіць свой кірунак. У каталіцкіх школах мы прымаем усіх, нягледзячы на рэлігіі і веравызнанні, але пры гэтым мусім захоўваць сваю тоеснасць.
— Гэта вельмі важнае пытанне — захаванне тоеснасці каталіцкай навучальнай установы ў асяродку іншай рэлігіі.
— На Тайвані я павінен быў размаўляць з выкладчыкамі Каталіцкага ўніверсітэта на тэму яго тоеснасці. І быў вельмі заклапочаны, бо першы раз сутыкнуўся з сітуацыяй, што ў Каталіцкім універсітэце вучацца толькі 2% студэнтаў католікаў. Таму я папрасіў віцэ-міністра, які ўвесь час спадарожнічаў мне, каб я найперш мог наведаць які-небудзь не каталіцкі ўніверсітэт, напрыклад, будысцкі (у краіне 40% будыстаў). Мы паехалі ў такі ўніверсітэт. Рэктарам была жанчына, якая выкладала ў Германіі на працягу 8 гадоў. Мы прагледзелі ўвесь кампус. Мяне цікавіла адно: «Што вы робіце ва ўніверсітэце для будызму? Нас — 1%, вас — 40%. Тое, што вы робіце для будызму, мы можам рабіць для каталіцтва». І спадарыня рэктар адказала, што ў гэтым універсітэце ўсе студэнты, незалежна ад рэлігіі і веравызнання, незалежна ад кірунку навучання, абавязаныя па 2 гадзіны на тыдзень вывучаць будызм. Гэта вельмі шмат.
Я лічу, што гэта правільна: для іх будызм з’яўляецца каштоўнасцю. Яны жадаюць дзяліцца гэтай каштоўнасцю з іншымі і маюць на гэта права, шануючы рэлігійную і асабістую свабоду. Апроч таго, гэта справа выбару: выбіраючы менавіта гэтую навучальную ўстанову, вы мусіце шанаваць яе тоеснасць. Я лічу, што мы, католікі, таксама павінны змагацца за нашыя каштоўнасці і захаванне правілаў. Каталіцкая школа застаецца каталіцкаю: прымаючы ўсіх людзей, яна не можа змяняць тоеснасці каталіцкай школы, хто б ні прыходзіў туды вучыцца. Мы шануем іх рэлігію і веравызнанне, але хочам узбагачаць іх нашымі каштоўнасцямі.
— Адукацыя звязаная з эканомікай. Ці ўсе могуць дазволіць сабе вучыцца ў каталіцкай школе?
— Я асабіста ганаруся тым, што Каталіцкі Касцёл надае вялікую ўвагу адукацыі для бедных. У Індыі ёсць раён, дзе ўлады хочуць, каб мы будавалі школы ў вялікіх гарадах, але не жадаюць, каб мы стваралі школы для бедных у вёсках. Яны канфліктуюць з біскупамі, бо Касцёл не можа адмовіцца ад апекі над тымі людзьмі. Я нядаўна быў у Найробі. На фоне іншых афрыканскіх краінаў Кенія — добрае месца. Калі не выходзіць з цэнтра, здаецца, што ты знаходзішся ў амерыканскім горадзе.
Мы паехалі наведаць школу ў трушчобах. Тут усё было наадварот: буданы, хаткі, вадасцёк на вуліцы. Машынай да школы было не праехаць, мы прабіраліся пехатою па вадасцёках. Школаю апекаваліся браты з Кангрэгацыі маці Тэрэзы з Калькуты. Класы былі вельмі маленькія і поўныя дзяцей. Калі б браты не займаліся гэтым, ніводнае з тых дзяцей не магло б хадзіць у школу. Гэта вялікая справа для бедных. Пэўны адсотак з іх атрымае добрую адукацыю і перспектывы развіцця. Будзем спадзявацца, што яны пазней будуць працаваць дзеля дабра сваёй краіны. Хаця сітуацыя і тут бывае розная. Сёння мы шмат гаворым пра глабалізацыю, але гэта звязана таксама з вялікай несправядлівасцю. Мы абураныя, што часам багатыя краіны даюць стыпендыі бедным здольным афрыканцам, а яны пасля не вяртаюцца дамоў, на радзіму. І без таго багатая краіна і ўніверсітэт узбагачаюцца яшчэ больш, а бедная краіна бяднее, і ўсё гэта робіцца дзеля стыпендый. Такім чынам, падобная дапамога часам стварае праблемы.
— Які стан каталіцкіх школаў у мусульманскіх краінах?
— Мусульманскія краіны вельмі розныя. Ступень свабоды ў іх вельмі розная, як і магчымасці каталіцкай адукацыі. Напрыклад, Інданезія — найбольшая мусульманская краіна. Католікаў там усяго некалькі працэнтаў, але сістэма навучальных установаў вельмі развітая. Існуе больш за 40 навучальных установаў, якія лічацца вельмі добрымі і прэстыжнымі і даюць веды на высокім узроўні, а большасць студэнтаў там — мусульмане.
Іншая сітуацыя пануе ў Егіпце. Там ёсць каталіцкія школы. Ёсць таксама адна вучэльня, але большасць студэнтаў там — замежнікі. Урад задаволены існаваннем каталіцкіх школаў, але ў іх забаронена гаварыць пра Хрыста. Нельга нікога навяртаць, мусульмане не павінны змяняць веравызнанне. Мы дыскутавалі з біскупамі аб тым, ці мае сэнс займацца каталіцкімі школамі, калі ў іх нельга гаварыць пра Хрыста, і прыйшлі да высновы, што сэнс ёсць. Па-першае, гэтыя вучні мелі і будуць мець усведамленне таго, што вучыліся ў католікаў. Гэта ўтворыць паміж намі пэўную сувязь, сімпатыю. Па-другое, хоць у школе і не гавораць пра Хрыста, там вучаць шанаваць іншых людзей, іншую рэлігію, шанаваць кожнага чалавека — а гэта навука Хрыста. Не ідзе рэлігійная вайна, ствараецца клімат дыялогу. Нягледзячы на ўсе перашкоды, гэта пэўная прэевангелізацыя ў тым рэгіёне.
Ёсць таксама арабскія краіны, дзе ў нас няма ніякай магчымасці ствараць каталіцкія навучальныя ўстановы. Там ёсць школы для дыпламатычнага корпусу, але нічога нельга стварыць для мясцовых жыхароў. Такім чынам, у краінах, дзе жывуць мусульмане, сітуацыя таксама адрозніваецца. Напрыклад, у Албаніі 70% жыхароў — мусульмане. У камуністычныя часы там ізноў былі ганенні на хрысціянства. Пасля ўпадку камунізму ўрад звярнуўся да Касцёла з просьбаю аб стварэнні Каталіцкага ўніверсітэта. Універсітэт быў створаны. Большасць студэнтаў у ім вызнаюць іслам. Урад ставіцца да ўніверсітэта прыхільна, там няма ніякіх праблемаў, наадварот — улады прапануюць стварыць другую каталіцкую вышэйшую навучальную ўстанову ў горадзе Шкодра.
— Касцёл мае на Святой Зямлі — у Ізраілі, Палестынскай аўтаноміі, Іарданіі, Егіпце — шмат школаў, каледжаў, дзе перадусім вучацца мусульмане. Як Кангрэгацыя ацэньвае адукацыю і фармацыю там?
— Мы ацэньваем гэта вельмі добра, мы перакананыя, што гэта праца, якая найперш скіраваная для дабра тых людзей, якія не маюць вялікіх магчымасцяў займацца навукаю і вучыцца. Гэта спрыяе таксама спакойнаму супольнаму жыццю на Святой Зямлі мусульманаў, юдэяў і хрысціянаў.
На Святой Зямлі ёсць яшчэ некалькі каталіцкіх вучэльняў. Апошняя ўзнікла ў 2001 годзе як факультэт біблійных навук і археалогіі Папскага Універсітэта Antonianum пры «Studium Biblicum Franciscanum» кустодыі Святой Зямлі, у Ерузалеме, дзе ідзе вывучэнне Бібліі і біблійнай археалогіі. Вывучэнне Бібліі на зямлі Бібліі — вельмі патрэбная праца. Студэнты з усяго свету жадаюць вучыцца на Святой Зямлі. У падобных вучэльнях узнікаюць таксама і спецыфічныя праблемы, напрыклад, з візамі для студэнтаў з некаторых краінаў.
— Што можа абмяжоўваць каталіцкую тоеснасць у мусульманскім асяродку, калі гаварыць пра адукацыю?
— Нельга адназначна ацаніць сітуацыю ў мусульманскіх краінах. З аднаго боку, мы станоўча здзіўленыя Албаніяй, якая вельмі прыхільна ставіцца да нас і дапамагае як можа. Урад даў зямлю для ўніверсітэта, няма праблемаў нават з тым, каб запрашаць выкладчыкаў з-за мяжы. І ёсць такія мусульманскія краіны, дзе ў нас практычна звязаныя рукі і мы нічога не можам рабіць. Каталіцкая школа па сваёй сутнасці ўключаная ў евангелізацыйныя правы. Часам гэта забаронена наўпрост, як у Егіпце, але там мы можам вучыць годнасці і пашане ў адносінах да іншага чалавека, іншых рэлігій, культураў, і гэта стварае клімат дыялогу і прэевангелізацыі.
— Значыць, трэба працаваць па метадзе Шарля дэ Фуко: евангелізаваць хутчэй прысутнасцю, чым словам?
— Так. Я лічу, што гэта вельмі важны і плённы метад.
— Як з пункту гледжання Ватыкана Вы ацэньваеце абвінавачанні каталіцкіх школаў у неталерантнасці?
— Падобныя абвінавачванні — поўны абсурд. Кожны мае права на захаванне сваёй тоеснасці. Можна і пра свецкія школы сказаць, што яны неталерантныя, бо ў пэўным сэнсе не існуе нейтральных школаў. Свецкая школа таксама можа займацца прапагандаю рэлятывісцкага стаўлення да праўды, маралі — і гэта таксама ў пэўным сэнсе ідэалогія. Каталіцкая школа па сваёй сутнасці прапагандуе павагу да чалавека. Я не лічу, што нейкая каталіцкая школа з’яўляецца неталерантнаю. Некалі ў нас была дыскусія на тэму антысемітызму. Я сказаў: «Пакажыце мне каталіцкую школу, якая пашырае антысемітызм. Такога няма!». Мы прапагандуем павагу да кожнага чалавека, гэта першасная справа. Часам нас спрабуюць абвінаваціць у неталерантнасці, антысемітызме і гэтак далей. Калі я за нешта крытыкую польскі ўрад, гэта не робіць мяне антыпалякам. Я ганаруся, што каталіцкія школы і вучэльні адкрытыя для ўсіх, імкнуцца ўзбагачаць усіх нашымі каштоўнасцямі, з павагаю звяртаюцца да кожнага чалавека, асабліва да бедных.
— Дзякуй Вам вялікі за размову. Жадаю, каб Кангрэгацыя, якою Вы кіруеце, магла адкрываць і даваць апрабацыю новым вучэльням, універсітэтам і школам, якія стануць гонарам каталіцкай адукацыі ў свеце, дзе існуе так шмат адрозненняў у цывілізацыі, эканоміцы, культуры і рэлігіі.
Пераклад з польскай мовы
Юліі Шэдзько.