Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(77)/2016
Год Міласэрнасці

ПАЙСЦІ НА БОЛЬШАЕ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю

КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ
Адукацыя
Асобы
Мастацтва

ЗАЎТРА ЗДАРЫЦЦА ЦУД
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
Інтэрв’ю

ЗБАЛЕЛАЯ ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
З архіваў часу

З ВЕРАЮ Ў СЭРЦАХ
Маналог святара

ДЗЕ МАЯ ПАРАФІЯ, ТАМ МАЯ РАДЗІМА
Спадчына

З НАЙЯРЧЭЙШЫХ СУЗОР’ЯЎ
Асобы
Псіхалогія

РАМАН НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.

Раздзел IV
Сяброўства

Відавочна, што пэўная адасобленасць, абыякавасць і глухата да голасу іншых людзей (прынамсі ў некаторых пытаннях) уласцівая любому сяброўству — і добраму, і дрэннаму, і проста бясшкоднаму. Нават калі сяброўства ўзнікае на такой малазначнай глебе як збіранне паштовых марак, філатэлісты цалкам слушна і непазбежна павінны ігнараваць меркаванне тых мільёнаў людзей, якія лічаць гэты занятак глупствам, і тых тысяч, якія сутыкаюцца з філатэліяй толькі зрэдку. Заснавальнікі метэаралогіі слушна вымушаны былі не слухаць мноства тых, хто працягваў лічыць навальніцы вядзьмарствам. У гэтым няма злачынства. Я ведаю, што буду чужым сярод гальфістаў, матэматыкаў і аўтамабілістаў, і думаю, што маю поўнае права таксама лічыць іх чужымі. Людзі, якія не выносяць адзін аднаго, павінны бачыцца як мага радзей, тыя ж, хто цікавыя адзін аднаму, — часцей.

Небяспека заключаецца ў тым, што частковая абыякавасць або глухата да чужога меркавання, у нечым апраўданая і неабходная, можа прывесці да поўнай абыякавасці і глухаты. Але найярчэйшыя прыклады гэтаму можна знайсці не ў сяброўскіх колах, а ў асяродку рэлігійных уладаў і арыстакратыі. Усім нам вядома, што думалі першасвятары пра просты люд у часы Хрыста. У хроніках Фруасара31 рыцары не мелі ні кроплі спачування і літасці да чужынцаў: вясковых жыхароў. Але гэтая сумная абыякавасць цесна перапляталася з высокамаральнымі якасцямі. У сваім асяродку рыцары жылі паводле строгага кодэксу, які патрабаваў ад іх смеласці, высакароднасці, куртуазнасці і шанавання гонару. Для прадбачлівых своекарыслівых сяляняў усё гэта проста глупства. Рыцары, жывучы паводле свайго кодэксу паводзінаў, вымушаны былі цалкам ігнараваць меркаванне іншых. Ім было напляваць. І калі б не так, у нас саміх сёння было б нашмат менш гонару і пачцівасці. Але звычка не звяртаць увагі на іншых прыжылася і расцвіла ў асяродку арыстакратыі. Калі не лічыцца з голасам селяніна ў тым, што яго сапраўды не датычыць, лёгка будзе не пачуць гэты голас і тады, калі ён моліць аб справядлівасці і літасці. Частковая глухата, якая выкліканая неабходнасцю і сведчыць аб высакароднасці, спрыяе поўнай глухаце — высакамернай і бесчалавечнай.

Зразумела, што кола сяброў не можа так прыгнятаць іншых людзей, як уплывовы сацыяльны клас. Але такая самая небяспека пагражае і сяброўству ва ўласцівай яму меры. Сябры могуць у агульным і зняважлівым сэнсе палічыць чужынцамі тых, каго спачатку цалкам справядліва лічылі чужымі толькі ў пэўнай сферы. Тады, як і адбылося ў арыстакратычных колах, сябры ствараюць вакол сябе пустку, і ніякі голас звонку іх не дасягае. Кола літаратараў або мастакоў, спачатку перастаўшы лічыцца, магчыма, і слушна, з поглядамі простых людзей на літаратуру і мастацтва, пасля такім жа чынам можа адкінуць іх погляды на тое, што трэба аплачваць рахункі, стрыгчы пазногці і паводзіць сябе прыстойна. Такім чынам, кожная загана сяброўскага кола (ніхто з нас не дасканалы) можа стаць невылечнаю. Але гэта яшчэ не ўсё. Частковая абарончая глухата, пра якую мы кажам, заснаваная на нейкай рэальнай перавазе над іншымі, нават калі гэта ўсяго толькі перавага ў ведах аб філатэліі. І гэтае пачуццё перавагі будзе спадарожнічаць поўнай глухаце. Сябры будуць не проста ігнараваць чужынцаў, яны стануць імі пагарджаць. Сяброўскае кола ператворыцца ў нешта вельмі падобнае да сацыяльнага класу — элітарны клуб выбраных, самазваную арыстакратыю.

Я ўжо адзначыў, што ў добрым сяброўстве кожны сябар часта адчувае сваю мізэрнасць у параўнанні з іншымі. Ён лічыць сяброў непараўнальнымі асобамі і шчаслівы, што можа знаходзіцца сярод іх. Аднак, на жаль, у гэтым сэнсе «яны» з іншай кропкі гледжання — гэта таксама і «мы». Вельмі лёгка перайсці ад асабістай пакоры да супольнай пыхі.

Я не маю на ўвазе пыху, уласцівую пэўным грамадскім колам, або снабізм: задавальненне ад таго, што ты знаёмы (і ўсе пра гэта ведаюць) з выбітнымі людзьмі. Гэта зусім іншае. Сноб прагне ўвайсці ў кола, якое ўжо лічаць элітаю, сябры знаходзяцца ў небяспецы лічыць сябе элітаю з той прычыны, што яны ўжо знайшлі адзін аднаго. Мы шукаем людзей сабе па сэрцы адпаведна з іх уласнымі якасцямі, а пасля з трывожным або радасным здзіўленнем адчуваем, што ўвайшлі ў выбранае кола. Самі мы гэтак не скажам. Кожны чытач, які мае сяброў, напэўна, захоча голасна запярэчыць мне, што ў коле яго сяброў ніхто ніколі не быў вінаваты ў падобным абсурдзе. Я адчуваю тое самае. Але ў такіх справах лепей не пачынаць з уласнага досведу. Як бы там ні было, я ўпэўнены, што ўсе мы заўважалі падобную тэндэнцыю ў іншых колах, куды самі не ўваходзім.

Аднойчы я ўдзельнічаў у канферэнцыі, і там два святары, відавочна блізкія сябры, пачалі размаўляць пра «няствораныя энергіі», якія не паходзяць ад Бога. Я спытаўся, як можа існаваць нешта нястворанае, апроч самога Бога, калі Вызнанне веры называе Яго «Стварыцелем усяго бачнага і нябачнага». У адказ яны пераглянуліся і засмяяліся. Я не меў нічога супраць смеху, але хацеў пачуць і больш зразумелы адказ. Яны не кпілі з мяне, не насміхаліся. Сэнс іх смеху перадаецца фразай, якую часта можна пачуць ад амерыканца: «А ён цяміць, не?». Так смяюцца дарослыя, калі іх развесяліць гарэзлівае дзіця, пры ўсіх задаўшы пытанне, якое задаваць не прынята. Яны смяяліся, ні ў якім разе не жадаючы нікога пакрыўдзіць, але адначасова стваралі яснае ўражанне людзей, цалкам упэўненых у тым, што яны існуюць на вышэйшым узроўні развіцця, чым астатнія, і ходзяць між нас, як рыцары паміж халопаў, як дарослыя паміж дзяцей. Магчыма, яны мелі што адказаць на маё пытанне і бачылі, што я занадта мала ведаю, каб зразумець іх адказ. Калі б яны знайшлі ў сабе дастаткова ветлівасці, каб сказаць: «Баімся, што гэта занадта доўга будзе тлумачыць», я не абвінавачваў бы іх у сяброўскай пыхлівасці. Менавіта ў гэтым перагляданні і смеху была сапраўдная прычына — гэта ўвасобіла ў сабе ўсю ўпэўненасць тых людзей у неаспрэчнай і відавочнай перавазе іх кола над іншымі. Яны паводзілі сябе, як жыхары Алімпа: без аніякага жадання пакрыўдзіць, без аніякага бачнага імкнення параніць або пакпіць; гэта сапраўды былі вельмі мілыя людзі, што толькі падкрэслівала іх алімпійскі статус. Упэўненасць у перавазе была ў іх настолькі моцнаю, што яны маглі дазволіць сабе талерантнасць, падкрэсленую ветлівасць і рахманасць.

Падобнае пачуццё перавагі кола не заўжды ўзносіць на Алімп, то бок — чыніць спакойным і талерантным. Яно можа прыпадобніць чалавека і да тытанаў, зрабіць свавольным, ваяўнічым і зласлівым. Аднойчы я чытаў лекцыю ў студэнцкім клубе, і пасля майго дакладу, як звычайна бывае, пачалася агульная дыскусія. Адзін маладзён з зацятым, як у грызуна, тварам так накідваўся на мяне, што я вымушаны быў сказаць: «Паслухайце, шаноўны, у апошнія пяць хвілін Вы двойчы назвалі мяне ілгуном. Калі Вы не здольны выказваць сваю крытыку інакш, я адсюль пайду». Я чакаў, што ён або раз’юшыцца канчаткова і стане яшчэ больш сыпаць абразамі, або засаромеецца і выбачыцца. Незвычайна тое, што ён зрабіў ні так, ні гэтак. Хваравіты выраз яго твару зусім ніяк не змяніўся. Ён больш не абвінавачваў мяне ў хлусні наўпрост, але працягваў паводзіць сябе як раней. Я апынуўся перад жалезнай заслонай. Ён быў загадзя ўзброены супраць рызыкі завязаць асабістыя кантакты любога роду: і сяброўскія, і варожыя, з такімі людзьмі, як я. Я амаль упэўнены, што за гэтым стаіць кола «тытанаў», самазваных рыцараў-тампліераў, заўжды закаваных у браню і гатовых абараняць свайго Бафамета32. Мы для іх можам быць толькі «яны» і як асобы наогул не існуем. Мы для такіх людзей — толькі прадстаўнікі розных узроставых групаў, тыпажоў, грамадскіх меркаванняў, зацікаўленасцяў, якіх трэба вынішчыць. Калі нейкая зброя выбіта ў іх з рук, яны спакойна бяруцца за іншую. У звычайным сэнсе слова яны наогул з намі не кантактуюць, а проста робяць сваю працу, «распыльваюць атруту» (я сам чуў, як адзін з той кампаніі ўжыў гэты выраз).

Тыя два мілыя маладыя святары і не вельмі мілы Грызун, пра якіх я казаў, належаць да людзей высокага разумовага ўзроўню. Іх можна параўнаць з вядомым элітарным колам інтэлектуалаў, што існавала ў часы караля Эдуарда, прадстаўнікі якога з бязглуздай пыхлівасцю называлі самі сябе «душамі». Але гэткае ж пачуццё перавагі выбранага кола можа закрануць і менш адукаваных сяброў, і тады яны выкажуць сваю пагарду да іншых яшчэ грубейшым чынам. Мы ўсе бачылі, як «мясцовыя» хлапчукі ў школе размаўляюць з «новенькім», як два прафесійныя вайскоўцы звяртаюцца да рэкрута, як гучна і вульгарна паводзяць сябе некаторыя групкі сяброў перад чужымі ім людзьмі ў карчме або ў вагоне цягніка. Яны закранаюць вельмі асабістыя тэмы і размаўляюць пра загадкавыя рэчы, зразумелыя толькі ім, ды так, каб быць пачутымі, бо ўсім, хто не ўваходзіць у іх выбранае кола, трэба абавязкова гэта прадэманстраваць. Як ні дзіўна, сябраваць можна толькі «пра» гэты самы факт выбранасці, такіх сяброў можа больш нішто не аб’ядноўваць. Гутарачы з чужым, кожны член такой групоўкі з асалодаю называе іншых сваіх сяброў толькі па імёнах або мянушках, і менавіта з той прычыны (а не насуперак ёй), што чужынец не зразумее, пра каго ідзе гаворка. Адзін мой знаёмец дзейнічаў яшчэ больш спрытна: ён проста сыпаў імёнамі сваіх сяброў так, нібы мы ўсе абавязкова павінны былі ведаць, хто яны такія. Ён пачынаў так: «Як мне аднойчы сказаў Рычард Баттан...». У тыя часы мы ўсе былі вельмі маладыя і не асмельваліся прызнаць, што нічога не чулі пра Рычарда Баттана. Нам здавалася відавочным, што гэтае імя павінна быць на языку ва ўсіх, хто сам нешта з сябе ўяўляе, і не ведаць яго азначае, што і пра цябе ніхто не ведае. Толькі нашмат пазней мы зразумелі, што ніхто з нас пра яго ніколі не чуў. (Цяпер я нават падазраю, што некаторыя з гэтых Рычардаў Баттанаў, Эзэкіяў Кромвелаў і Элеанораў Фарсайт наогул не існавалі на свеце. Але цэлы год мы хадзілі прыстрашаныя і ледзь не абагаўлялі свайго знаёмца.)

Гэтая пыха сяброўства, не істотна, ці робіць яна сяброў жыхарамі Алімпа, тытанамі або проста вульгарнымі людзьмі, — вельмі частая з’ява. І неразважліва было б сцвярджаць, што нашае ўласнае сяброўскае кола не мае такой небяспекі. Зразумела, што паколькі гэта тычыцца нас саміх, мы апошнія яе заўважым. Небяспека сяброўскай пыхі амаль неаддзельная ад сяброўскай любові. Сяброўства па сваёй прыродзе азначае выбранніцтва. Але ад бязвіннага і неабходнага выбару сяброў адзін крок да духу эксклюзіўнага выбранніцтва і яшчэ адзін — да пагардлівай радасці быць такім выбраннікам. Прыняўшы такую паставу, мы будзем падаць усё хутчэй і ніжэй. Магчыма, да тытанаў або звычайных хамаў мы не апусцімся, але можам стаць «душамі», і гэта нават горш. Той супольны погляд на свет, які спачатку аб’яднаў нас, можа цалкам знікнуць, мы станем проста колам выбраных, якое існуе таму, што сабрала гэтых выбраных; будзем маленькай самазванай (і таму недарэчнай) арыстакратыяй, якая грэецца ў месяцовых промнях уласнага самалюбавання.

Здараецца, што пыхлівае сяброўскае кола пачынае забаўляцца практычнай дзейнасцю. Яно пашырае сябе ў разумных межах, набіраючы рэкрутаў. Іх зацікаўленасць у першапачатковай агульнай справе не мае значэння, але яны ў нейкім туманным сэнсе лічацца «правільнымі людзьмі». Тады гэтае кола набывае ўладу. Быць яго часткаю — азначае мець палітычную вагу, нават калі палітычная дзейнасць разварочваецца на ўзроўні палка, навучальнай установы або катэдральнага касцёла. У асноўным яго члены кіруюць дзейнасцю розных камітэтаў, выбіваюць пасады для «правільных людзей» і стаяць адзіным фронтам супраць чужынцаў, няздольных нічым быць ім карыснымі. Раней гэтыя людзі сустракаліся, каб пагаварыць пра Бога, паразважаць пра паэзію, цяпер жа яны абмяркоўваюць толькі ахвяраванні на правядзенне лекцый і сродкі на жыццё. Іх напаткаў справядлівы лёс. Бог сказаў Адаму: «Памятай, што ты прах і ў прах вернешся». Кола аднадумцаў, якое такім чынам ператвараецца ў хеўру праныраў, перастае быць сяброўствам і зводзіцца да простага практычнага кампаньёнства, з якога калісьці і ўзнікла. Сябры прыпадабняюцца да прымітыўнага зборышча першабытных паляўнічых. Менавіта паляўнічымі яны і ёсць, і не такімі паляўнічымі, якія вартыя пашаны.

Натоўп не мае абсалютнай рацыі, але і памыляецца не цалкам. Ён безнадзейна памыляецца ў тым, што любое кола сяброў узнікае дзеля самалюбавання і самаўзвышэння. Я веру, што натоўп памыляецца, лічачы, што любое сяброўства патурае пыхлівасці. Але здаецца, людзі маюць рацыю ў тым, што сяброўства схільнае менавіта да пыхі. Гэта самы духоўны від любові, і небяспека, якая яму пагражае, — таксама духоўнага кшталту. Сяброўства можна нават назваць анёльскай любоўю, калі жадаеце. Але чалавек мусіць быць абаронены трайною бранёю пакоры, каб есці анёльскі хлеб без небяспекі для сябе.

Магчыма, цяпер можна рызыкнуць і выказаць здагадку пра тое, чаму Святое Пісанне так рэдка параўноўвае Боскую любоў з сяброўствам. Фактычна атрымліваецца, што яно занадта духоўнае, каб быць добрым сімвалам для з’яваў духоўнага паходжання. Вышэйшае не бывае без ніжэйшага. Бог можа без асцярогаў называць сябе нашым Айцом і Жаніхом, бо толькі вар’ят палічыць, што Ён — наш фізічны айцец і ў прамым сэнсе слова ўзяў шлюб з Касцёлам. Калі ж для гэтага выкарыстоўваць вобраз сяброўства, лёгка пераблытаць сімвал з тым, што ён уласна сімвалізуе, і тады небяспека, заключаная ў ім, толькі ўзмоцніцца. Яна можа падштурхнуць нас пераблытаць блізкасць паводле падабенства, якая лучыць сяброўства і нябеснае жыццё, з блізкасцю праз набліжэнне, і мы рызыкуем прыняць адно за другое.

Такім чынам, сяброўства, як і іншыя віды натуральнай любові, няздольнае само сябе выратаваць. Паколькі яно больш духоўнае, вораг яго больш падступны і дзейнічае больш незаўважна, сяброўства мусіць яшчэ больш шчыра прасіць нябеснага заступніцтва, калі не хоча сапсавацца. Глядзіце, які вузкі шлях сапраўднага сяброўства! Яно не павінна стаць «клубам самазахаплення», але не бывае сяброўства без таго, каб сябры не захапляліся адзін адным, без любові ацэнкі. Каб жыццё не стала для нас нішчымным і вартым жалю, трэба, каб сяброўства было такім, як у Хрысціяны і яе спадарожніцы ў «Шляху пілігрыма»33:

«Здавалася, яны страшыліся адна адной, бо кожная не бачыла ў сабе той славы, якую бачыла ў іншай. І таму яны пачалі шанаваць адна адну больш, чым сябе. “Ты прыгажэйшая за мяне,” — казала адна. “А ты прывабнейшая, чым я,” — адказвала другая».

У рэшце рэшт, ёсць толькі адзін спосаб бяспечна атрымаць падобны слаўны досвед, і далей Баньян раскрывае яго чытачу. Дзеянне адбываецца ў доме Тлумачальніка, дзе жанчыны абмыліся, апрануліся ў чыстае белае ўбранне, атрымалі пячатку і тады ўбачылі адна адну ў новым святле. Памятаючы пра чысціню, белае ўбранне і тое, якой пячаткай мы адзначаныя, мы застанемся ў бяспецы. І чым вышэйшая аснова нашага сяброўства, тым істотней пра ўсё гэта памятаць. У сяброўстве, пабудаваным на чыстай веры, як ні ў якім іншым, будзе катастрафічным забыцца пра гэта.

Таму што тады мы (нашае кола з чатырох-пяці чалавек) можам палічыць, што выбралі адзін аднаго, праніклі ў самую сутнасць і разгледзелі прыгажосць, уласцівую іншым, знайшлі падобных да сябе і свядома стварылі элітарнае кола, падняліся над рэштаю людзей дзякуючы сваім прыроджаным здольнасцям. Іншыя віды любові не вядуць да гэткай ілюзіі. У прыязнасці ад нашага выбару зусім не залежыць, да каго мы блізкія па крыві або прынамсі падобныя. У каханні палова любоўных песняў і вершаў гавораць пра тое, што каханы або каханая — твой лёс і наканаванасць, і пачуццё да іх нечаканае, як удар маланкі, і «не мы вырашаем, кахаць або ненавідзець»34. Страла Купідона, гены — што заўгодна вінаватае, толькі не мы. Але ў сяброўстве, вольным ад усяго гэтага, мы лічым, што самі выбіраем роўных сабе. Насамрэч жа, калі б розніца ва ўзросце была на некалькі гадоў большая, калі б мы жылі на некалькі кіламетраў далей адзін ад аднаго, калі б вучыліся ў іншым універсітэце, трапілі ў іншы полк, у першую сустрэчу загаварылі на іншую тэму, сяброўства магло і не завязацца. Але для хрысціяніна не бывае нічога выпадковага. Гэта праца ўкрытага Распарадчыка Імпрэзы. Хрыстус, які сказаў сваім вучням: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў» (Ян 15, 16), сапраўды можа сказаць усім сябрам-хрысціянам: «Не вы самі выбралі адзін аднаго, але Я выбраў вас адзін для аднаго». Сяброўства — не ўзнагарода за наш добры густ і здольнасць выбіраць людзей. Гэта прылада, з дапамогаю якой Бог паказвае нам прыгажосць іншага чалавека. Яна не большая, чым прыгажосць тысячы іншых людзей, але Бог раскрыў нам вочы на яе праз сяброўства. Як і кожная іншая, яна бярэ пачатак з Бога і пасля ў добрым сяброўстве павялічваецца пад уздзеяннем самога гэтага сяброўства, і атрымліваецца, што сяброўства — прылада Божая не толькі для адкрыцця прыгажосці, але і для яе стварэння. На гэтай святочнай гасціне менавіта Ён рыхтуе стол і запрашае гасцей. Маем надзею, што менавіта Ён час ад часу кіруе гэтай гасцінай, і так заўжды павінна быць. Не варта весці разлікаў без нашага Гаспадара.

Гэта не значыць, што трэба рабіць з сяброўства ўрачысты акт. Барані нас ад гэтага, Божа, Стварыцель добрага смеху! Адна з цяжкіх і прыемных тонкасцяў жыцця заключаецца ў тым, каб глыбока ўсведамляць сур’ёзнасць некаторых рэчаў, аднак не траціць здольнасці і жадання ставіцца да іх лёгка, як да гульні. Але ў нас будзе магчымасць прысвяціць гэтай тэме больш часу ў наступным раздзеле. Цяпер жа я працытую прыгожую і слушную параду Данбара35:

«Заўжды вясёлы будзь і гэтак Пану дагаджай,
На свет жа гэты ты ніколі не зважай».

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The Four Loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


  1. Жан Фруасар (Jean Froissart; 1333?–1405?) — французскі пісьменнік, аўтар вядомых гістарычных хронік.
  2. Бафамет — дэман, у пакланенні якому абвінавацілі ордэн тампліераў, што стала падставаю для яго знішчэння.
  3. «Шлях пілігрыма» (Pilgrim’s Progress) — алегарычны раман Джона Баньяна (1628–1688), адзін з найбольш значных твораў англійскай рэлігійнай літаратуры.
  4. Цытата з верша Крыстафера Марлоў (Christopher Marlowe) — выбітнага паэта і драматурга XVI стагоддзя.
  5. Уільям Данбар (William Dunbar; 1460–1520) — найбольш вядомы шатландскі паэт XVI стагоддзя.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY