|
|
|
№
3(77)/2016
Год Міласэрнасці
Вялікія містыкі
Пераклады
Інтэрв’ю
Кс. кардынал Зянон ГРАХАЛЕЎСКІ адказвае на пытанні кс. Кшыштафа СРОКІ
КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ Адукацыя
Алена ВАЛЬЧУК
РОЛЯ ЕЗУІТАЎ ІСПАНЦАЎ У РАЗВІЦЦІ АДУКАЦЫІ НА ТЭРЫТОРЫІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў XVI–XVII СТСТ. Асобы
Мастацтва
Паэзія
Успаміны
Інтэрв’ю
З архіваў часу
Маналог святара
Спадчына
Канстанцін ТЫШКЕВІЧ
ВІЛІЯ І ЯЕ БЕРАГІ Ў ГІДРАГРАФІЧНЫХ, ГІСТАРЫЧНЫХ, АРХЕАЛАГІЧНЫХ І ЭТНАГРАФІЧНЫХ АДНОСІНАХ Асобы
Псіхалогія
|
У гэтым годзе, калі ўвесь хрысціянскі свет адзначае 25-годдзе аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Расіі, Беларусі і Казахстане, варта з удзячнасцю згадаць тых святароў, якія стаялі ля вытокаў гэтага гістарычнага працэсу. Менавіта яны сваім ахвярным самаадданым служэннем сеялі зерне надзеі, спрыялі захаванню веры ў сэрцах людзей. Адзін з такіх святароў — ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне. 38 гадоў ён ахвярна выконвае святарскую паслугу, 32 з іх – на Беларусі.
У імя Бога. І ў імя Чалавека Нарадзіўся я ў Латвіі 25 красавіка 1953 года ў горадзе Даўгаўпілсе. Добра памятаю, калі ў нашу парафію прыехаў ксёндз Ян Пурвінскі (будучы біскуп Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі ва Украіне). Гэта быў вельмі актыўны святар, які проста гарэў сваім служэннем. Адразу ж ён прыгарнуў і атуліў асаблівай апекай міністрантаў. Мы разам чыталі Святое Пісанне, вучыліся міністратуры. Збіраліся ў каплічцы на могілках — прыбіралі там, рыхтавалі сцэнкі на біблійныя тэмы. Святар вазіў нас па касцёлах у Латвіі, Літве. Ксёндз Ян Пурвінскі быў для мяне прыкладам, і я заўсёды хацеў быць падобным да яго, таму яшчэ да школы я стаў міністрантам і заўсёды ганарыўся тым, што мне было дазволена прыслугоўваць святару пры алтары. Хаця ў рэспубліках Прыбалтыкі адносіны савецкай улады да рэлігіі былі не такімі жорсткімі, як на ўсходзе СССР, аднак свабоднае, адкрытае вызнаванне веры і тут было вельмі няпростым. Сур’ёзныя пагрозы і знявагі з боку настаўнікаў, кпіны і абразы ад некаторых аднакласнікаў — я добра зведаў уціск савецкай атэістычнай машыны. Канечне, падлетку вельмі нялёгка знесці такі цяжар, але я заўсёды адчуваў у сваім сэрцы Божую прысутнасць і падтрымку бацькоў. Пра сваіх бацькоў — Ігнацыя і Вераніку Даўгіловічаў-Навіцкіх — мне б хацелася сказаць асобна. Менавіта іх прыклад, іх пабожнасць, працавітасць, шчырасць і сціпласць сталі для мяне жывой крыніцай веры, трывалым падмуркам майго жыцця. Умацоўвалі гэты падмурак сваім ахвярным служэннем Богу і людзям і мае блізкія родзічы. Так, мая цётка, сястра Генаэфа, належала да Ордэну Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, а другая цётка, сястра Вераніка, была настаяцельніцай Ордэну сясцёр назарэтанак у Рызе. На жаль, і мае бацькі, і цёткі ўжо адышлі ў вечнасць, і я не магу пагутарыць з імі асабіста, але нашыя духоўныя зносіны не перапыняюцца: іх малітва падтрымлівае мяне і цяпер. Дарэчы, дзякуючы прыкладу і малітве бацькоў за мной яшчэ ў дзяцінстве замацавалася другое імя: «ксёндз». Больш за тры гады я займаўся ў секцыі вольнай барацьбы, і на спаборніцтвах сябры заўсёды падбадзёрвалі мяне воклічамі: «Ксёндз, давай!». Памятаю, як аднойчы, вярнуўшыся са спаборніцтваў у Рызе з дыпломам і кубкам за першае месца, у новым спартыўным касцюме, я прыйшоў да ксяндза Яна пахваліцца сваімі поспехамі. Ён уважліва паглядзеў на мяне і сказаў: «Я спадзяваўся, што ты паступіш у семінарыю, а ты ў нас „барэц“». І расчаравана дадаў: «Шкада, Эдмунд, што ты пачаў прапускаць нядзельныя Імшы». У той час практычна ўсе спаборніцтвы праходзілі па нядзелях, таму мне давялося зрабіць нялёгкі выбар: барацьба альбо Імша. Зразумела, я выбраў Імшу, але са спортам сябрую ўсё жыццё: люблю плаванне, барацьбу, лічу, што і праз спорт можна таксама праслаўляць Бога, а кожны сапраўдны хрысціянін павінен належным чынам клапаціцца аб прыгажосці і здароўі свайго цела, якое, па словах святога Паўла, ёсць «святыня Божая, дзе Божы Дух жыве…» (пар. 1 Кар 3, 16 –17) Якраз у гэты час я пазнаёміўся з адным міністрантам з Беларусі. Ён прыехаў вучыцца латышскай мове, каб пасля паступіць у Рыжскую духоўную семінарыю. Звалі яго Францішак Грынкевіч — будучы пробашч касцёла ў Крывічах і санктуарыя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Ён стаў для мяне сябрам, старэйшым братам, аднадумцам і паплечнікам на ўсё жыццё. Яго непахіснасць у дасягненні сваёй мэты, адданасць у вызнанні веры, стараннасць у выкананні любой працы выклікалі ў мяне захапленне і павагу. Сярэднюю школу я скончыў на «выдатна» і збіраўся паступаць у духоўную семінарыю, але дырэктар школы, аддаючы мне атэстат, пажадаў: «Няхай у арміі табе мазгі прапалошчуць». Тры гады я праслужыў у войску: два гады — пад Калінінградам, у горадзе Савецк, і год — у Краснаярскім краі, у пасёлку Вялікая Мурта, за трыста кіламетраў на поўнач ад ракі Енісей. Апынуўся ў Сібіры, таму што на другім годзе службы напісаў біскупу ліст з просьбай прыняць мяне ў семінарыю. Я не лічу час службы страчаным, наадварот, гэта суровае выпрабаванне загартавала мяне, дазволіла ў пэўным сэнсе праверыць сябе, пераканацца ў непахіснасці майго паклікання. У 1973 годзе я стаў семінарыстам Рыжскай духоўнай семінарыі. Штогод з Беларусі і Украіны сюды прыязджала шмат юнакоў, якія хацелі атрымаць святарскую фармацыю. Аднак вучыцца многім даводзілася «падпольна», бо ўлады чынілі самыя розныя перашкоды. Сярод гэтых навучэнцаў шмат сённяшніх святароў, якія ахвярнай самаадданай службай уводзяць у жыццё слова Божае, Евангелле і навуку Каталіцкага Касцёла, напрыклад, Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскай дыяцэзіі; Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі і многія іншыя. 29 мая 1978 года ў катэдральным касцёле святога Якуба ў Рызе я атрымаў святарскае пасвячэнне з рук кардынала Юльяна Вайвадса. Потым год служыў вікарыем у касцёле святога Альберта ў Рызе, год — у санктуарыі Маці Божай у Аглоне, два гады — у касцёле святога Даната ў Краславе. У 1982 годзе я стаў пробашчам касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў горадзе Баўск, што знаходзіцца за сорак кіламетраў ад Рыгі. Неяк ксёндз прэлат Яніс Пуятс запытаў мяне, ці хацеў бы я служыць у Беларусі, недалёка ад свайго прыяцеля ксяндза Францішка Грынкевіча? Я спачатку трохі разгубіўся, але хутка зразумеў, што гэта воля Божая, і прыняў новае прызначэнне. 13 мая 1984 года я стаў пробашчам касцёла св. Станіслава ў вёсцы Даўгінава Вілейскага раёна і адразу адчуў вялікую розніцу паміж святарскай паслугай у Латвіі і Беларусі. Навокал было шмат вёсак з касцёламі без святароў: Касцяневічы, Альковічы (Вілейскі раён), Ваўкалата (Докшыцкі раён), Краснае, Радашковічы (Маладзечанскі раён). Даводзілася абслугоўваць да пятнаццаці парафій. Мае міністранты спазналі крыж святарскага служэння, прымаючы ўдзел у 5–6 Імшах за адін святочны дзень. Адлегласць паміж касцёламі была вялікая, і не кожны раз удавалася прыязджаць у прызначаны час, здаралася спазняцца, але парафіяне заўсёды цярпліва чакалі святара, Божага слова, укрытага ў Гостыі Езуса. Вядома, савецкія часы не былі лёгкімі ні для вернікаў, ні для святароў, але менавіта тады Бог даў мне сустрэць столькі добрых, шчырых, адданых людзей. Гэтыя простыя сціплыя сяляне сталі для мяне прыкладам жывой і моцнай веры беларускага народа. Я і сёння памятаю, колькі патрэбна было сілы, адвагі і веры, каб супрацьстаяць савецкаму атэістычнаму рэжыму, які дзесяцігоддзямі трымаў людзей у ланцугах бязвер’я, а святыні — у занядбанні. І я, наколькі хапала сілы, дапамагаў людзям — малітвай і парадай — проста заставацца сапраўднымі хрысціянамі, не заблудзіцца на шляху да Бога і пазбегнуць мноства памылак у жыцці. Яднаў сужэнствы сакрамэнтам шлюбу, хрысціў дзетак, праводзіў памерлых у апошні шлях, а яшчэ аднаўляў, рамантаваў і адбудоўваў нанава касцёлы і капліцы, таму што цвёрда перакананы: усе святыні — з цэглы, бетону, мармуру ці дрэва — прызначаны для духоўных мэтаў. Гэтыя бачныя храмы павінны спрыяць «будаўніцтву Божых святыняў вашых сэрцаў». Святы Павел нагадвае ў другім чытанні: «Вы — ніва Божая, будоўля Божая» (1 Кар 3, 9). Гэты час маёй сціплай святарскай паслугі і сёння ўзгадваю з цеплынёй і ўдзячнасцю. Бог даў мне ласку стаяць ля вытокаў адраджэння касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны ў Альковічах у сучаснай яго гісторыі. З гэтых краёў паходзіць ксёндз інфулат Станіслаў Кучынскі, якога землякі лічаць святым. У альковіцкім касцёле ён служыў некалі клерыкам, цэлебраваў тут сваю першую святую Імшу. Заўсёды падтрымліваў родную святыню і парафію, клапаціўся пра пакліканні да святарскага служэння, таму стаў першым рэктарам Гродзенскай духоўнай семінарыі. Калі на Беларусі яшчэ не было біскупа, менавіта ён неафіцыйна лічыўся адміністратарам Міншчыны, бо меў вялікі аўтарытэт. Нейкі час ён быў маім спаведнікам і ў значнай ступені паўплываў на маё духоўнае станаўленне. У апошнія гады жыцця ён быў без нагі, насіў пратэз, але заўсёды кленчыў перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пакруціць пратэз — і на калені. Гэта быў прыклад сапраўднай пашаны да Езуса ў Эўхарыстыі. Памёр ксёндз Станіслаў Кучынскі ў 1996 годзе і пахаваны каля касцёла ў Альковічах — такая была ягоная воля. Я вельмі ўдзячны ксяндзу Станіславу за бацькоўскі клопат і сведчанне веры, за прыклад сапраўднага святарскага служэння. Таксама вельмі дарагі для мяне і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным. Будынак касцёла знаходзіцца на ўзвышшы, што вельмі сімвалічна: каб далей глядзець, неабходна падняцца на гару — толькі тады перад чалавекам адкрываюцца неабсяжныя далягляды, толькі тады можна глынуць гаючага вольнага паветра. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў парафія гэтага касцёла сягала далёка за кананічную тэрыторыю: каб атрымаць духоўную дапамогу, менавіта сюды ў гады пераследу і атэізму прыязджалі вернікі за многія кіламетры. Як з гонарам кажуць красненцы, «наш касцёл быў адчынены і пры саветах». Менавіта з гэтай святыняй звязаны лёс многіх святароў і шматлікія навяртанні. Ксёндз пробашч Ян Адамовіч, пасля якога мне давялося апекавацца красненскай парафіяй, усё жыцццё аддана і рупліва служыў на Божай ніве, дапамагаў захоўваць і развіваць веру продкаў. І я, кіруючыся прыкладам гэтага нястомнага святара-працаўніка, стараўся не толькі здзяйсняць духоўную апеку вернікаў, але і працягваць справу аднаўлення гэтай слыннай святыні. Пяць гадоў прамільгнулі як адзін дзень. 25 ліпеня 1989 года Святы Айцец Ян Павел II прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Радасці не было межаў: нарэшце ў нас свой біскуп! Тадэвуша Кандрусевіча я ведаю яшчэ з тых часоў, калі ён быў клерыкам, дзякуючы ксяндзу прэлату Пятру Барташэвічу, яго духоўнаму айцу. Таму я не здзівіўся, калі новапрызначаны біскуп падпісаў дэкрэт аб будаўніцтве касцёла святога Юзафа ў Маладзечне і ўсклаў на мяне абавязкі пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Дарэчы, менавіта біскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў рэкансэкрацыю гэтай адноўленай святыні. З уласцівай яму энергіяй і запалам ён уключыўся ў справу адбудовы Касцёла на Беларусі, спрыяў развіццю пастырскай дзейнасці, актыўна ўдзельнічаў у жыцці паўсюднага Касцёла, асаблівую ўвагу ўдзяляючы працы з дзецьмі і моладдзю. Варта ўзгадаць, што ў 1991 годзе ён прычыніўся да арганізацыі пілігрымкі вялікай групы дзяцей з Маладзечна ў Ватыкан і іх сустрэчы са Святым Айцом Янам Паўлам II.
Цяжкі і напружаны час, 13 красавіка 1991 года арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі быў прызначаны Казімір Свёнтэк, а 26 лістапада 1994 года ён атрымаў годнасць кардынала. Гэта быў «ахвярны святар, чалавек глыбокай, непахіснай веры і незвычайнага лёсу <...>, у якім яскрава адлюстраваўся драматычны лёс усяго Касцёла на Беларусі» («Fidei testis», 2004 г.). Усёй сваёй існасцю ён служыў Касцёлу: клапаціўся пра рэлігійную фармацыю дзяцей і моладзі, пра душпастырства пакліканняў, пра сакральнае і касцёльнае будаўніцтва. У 2001 годзе пасля капітальнага рамонту будынка былой Пінскай духоўнай семінарыі адкрыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага для падрыхтоўкі да святарства кандыдатаў, якія паходзяць з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, і стаў яе першым рэктарам. Гэта важная падзея адбылася ў той час, калі ў нашай краіне з’явіліся магчымасці для ажыццяўлення новай евангелізацыі пасля дзесяцігоддзяў ганенняў на Касцёл, каб дзякуючы служэнню святароў, як казаў наш нябесны апякун, святы Ян Марыя Віянэй, здзяйснялася справа збаўлення ўсіх людзей свету. А дні беглі за днямі — і вось за чатыры гады быў адбудаваны касцёл святога Юзафа ў Маладзечне. Асвяціў новую святыню 17 мая 1997 года ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк. Ва ўрачыстай гаміліі ён вярнуўся памяццю да часоў сваёй вучобы ў духоўнай семінарыі, калі ён клерыкам праводзіў семінарыйныя канікулы ў Маладзечне, дзе тады былі дзве каталіцкія святыні. Яны былі знішчаны падчас камуністычнага пераследу, але нішто не магло знішчыць каталіцкую веру. «Як шкада нашых блізкіх, родных, прыяцеляў, — сказаў кардынал, — якіх сёння няма сярод нас. Як яны марылі пра гэты дзень, як бы хацелі яго святкаваць разам з намі. Успомнім пра іх у сваіх малітвах… Яны таго заслужылі. Мы ж сёння, каму Пан Бог даў шчасце збудаваць такую святыню, павінны з глыбіні сэрца дзякаваць Усемагутнаму за ласку жыцця, за тое, што ператрывалі пераследаванні, што выстаялі і захавалі ў сабе веру, што дачакаліся шчаслівага дня асвячэння свайго новага касцёла. І калі ўжо знайшлі мы матэрыяльныя сродкі і магчымасць для адбудовы такой святыні, то павінны змагчы адбудаваць і святыні сваіх душаў, каб быць да канца вернымі вызнаўцамі Бога і сапраўднымі хрысціянамі, каб ва ўсёй паўнаце расцвітала тут хрысціянскае жыццё». І парафіяльнае жыццё развівалася і мацнела. Не ў часовых прытулках — у інтэрнатах, у клубе чыгуначнікаў ці ў актавай зале аўтапарка — у сваёй парафіяльнай святыні мы шчыра дзякавалі Усемагутнаму Богу за Яго шчодрыя ласкі і пакорна прасілі апекі і благаслаўлення. У справе рэлігійнага выхавання дзяцей святарам дапамагалі сёстры з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта на занятках катэхезы, для чаго спецыяльна былі абсталяваныя класы. У 1996–2000 гг. ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк праводзіў Сінод Мінска-Магілёўскай, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Я ўваходзіў у склад падкамісій «Секты і новыя рэлігійныя рухі як душпастырская праблема», «Унутраная структура Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі» па рэдагаванні праекта Статута. Пленарныя сесіі Сінода праходзілі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, Гомелі, Пінску, Бабруйску, Нясвіжы, Маладзечне, Баранавічах. Падрыхтоўка гэтых пасяджэнняў, іх арганізацыя і правядзенне вымагалі ад удзельнікаў вялікіх высілкаў — фізічных і духоўных. Але дзякуючы малітоўнай падтрымцы вернікаў мы пастаянна адчувалі Божае натхненне, апеку Панны Марыі. Таму гэтыя напружаныя, насычаныя падзеямі і сустрэчамі чатыры гады сталі часам плённай працы ў справе ўмацавання касцёльных структураў і вызначэння шляхоў далейшага развіцця Касцёла на Беларусі як неад’емнай часткі сусветнага Касцёла. З 20 студзеня 1998 года я быў прызначаны дэканам Нясвіжскага дэканата і пяць гадоў служыў патрэбам Касцёла на зямлі Радзівілаў.
13 сакавіка 2003 года кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў мяне дэканам Вілейскага дэканата і пробашчам касцёла святога Юзафа ў Маладзечне, а ў маі гэтага ж года, у сувязі з прызначэннем дапаможнага біскупа Кірыла Клімовіча ардынарыем дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку, Казімір Свёнтэк даручыў мне выконваць абавязкі Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Я шчаслівы, што меў Божую ласку працаваць, маліцца разам з кардыналам, слухаць яго, бачыць і проста быць разам з сапраўдным добрым пастырам. Ніколі не забуду, як кардынал Казімір Свёнтэк рыхтаваўся да Імшы, да штомесячных сустрэчаў са святарамі, да перамоваў або пілігрымак: на каленях у сваёй капліцы, размаўляючы з Панам Богам, утоеным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Пасля такой глыбокай асабістай малітвы ён запісваў на аркуш паперы ўсё, што добры Айцец Нябесны параіў свайму сыну. Шчырая малітва, спакойная вытрываласць, ахвярная праца, маладосць духу, дасціпны гумар — такі цудоўны прыклад духоўнага бацькі і настаўніка стаў сапраўдным «лікбезам» у маім святарстве. «Fidei testis» («Сведка веры»), Камандор Ордэну Ганаровага Легіёну Францыі — гэтымі і шматлікімі іншымі касцёльнымі і міжнароднымі ўзнагародамі былі адзначаны пастырскія і чалавечыя прыжыццёвыя заслугі кардынала Казіміра Свёнтка. Але і сёння гэты вялікі святар з’яўляецца для мяне асабіста і, я перакананы, для ўсіх нас сапраўдным сведкам веры, прыкладам нястомнага служэння на карысць бліжніх. 16 жніўня 2004 года Вярхоўны Пантыфік Святы Айцец Ян Павел II прызначыў мяне Ганаровым прэлатам. Я вельмі ўдзячны за такую высокую ацэнку маіх сціплых пастырскіх заслугаў. Найперш я адношу гэту ўзнагароду на рахунак тых святароў і свецкіх вернікаў, якія сваім самаадданым прыкладам спрыялі ўзрастанню і станаўленню майго паклікання. З жыцця гэтых людзей, багатага на радасныя падзеі і адначасова поўнага выпрабаванняў, прарасло зерне майго паклікання да святарства, а з майго жыцця — насенне новых пакліканняў. Гэта і ёсць жывы працяг непарыўнай апостальскай традыцыі, што бярэ пачатак ад Хрыста — Добрага Пастыра, Найвышэйшага Святара і Дасканалай Ахвяры. Вучыцца наследаваць Яго, каб не перарваць гэтай Боскай традыцыі, даверанай рукам святароў — вось наша мэта і абавязак.Таму я цаню кожнае святарскае пакліканне і малюся, каб яно прынесла багаты плён, каб аблічча адроджанага на нашай зямлі Касцёла заззяла Хрыстовай маладосцю. Я заўсёды з удзячнасцю памятаю пра атрыманы дар святарства і вельмі адказна стаўлюся да працы з моладдзю. Дапамагчы юнаку распазнаць голас Бога, прыняць Яго заклік да поўнага пасвячэння сябе справе Евангелля — ці не самая важная місія кожнага святара. На сённяшні дзень чатырнаццаць маіх выхаванцаў прамовілі сваё «так», калі Бог паклікаў іх да сваёй службы, атрымалі святарскую фармацыю ў духоўных семінарыях, многія вучацца або ўжо скончылі каталіцкія ВНУ і плённа працуюць на Божай ніве. Гэта ксёндз біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; кс. Сяргей Бараўнёў, пробашч парафіі св. Роха ў в. Палачаны і парафіі Божага Цела ў Беразінскім; кс. Юрый Бараўнёў, пробашч парафіі ў в. Круляўшчызна Віцебскай дыяцэзіі; кс. Валянцін Станкевіч, пробашч парафіі ў Волме; кс. Віталь Драздоўскі, дэкан Магілёўскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; кс. Дзмітрый Чупрын, прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, прафесар; кс. Уладзімір Русак, пробашч парафіі ў в. Лебедзева; кс. Уладзіслаў Лазар, пробашч парафіі ў в. Камень Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; айцец Віталь Юркевіч з Ордэну Братоў Меншых Капуцынаў, які служыць у Докшыцах Віцебскай дыяцэзіі; кс. Аляксандр Шупенька, пробашч парафіі ў г. Шклоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; кс. Юрый Санько, пробашч касцёла св. Роха на Залатой Горцы ў Мінску; кс. Павел Халяўкін, пробашч парафіі Пінскай дыяцэзіі; кс. Уладзіслаў Шышла, пробашч парафіі ў в. Шэметава; кс. Кірыл Бардонаў, дырэктар партала Catholic.by; сястра Ганна (Дзятлік) з парафіі Даўгінава, якая служыць у Докшыцах; сястра Марыя (Сабалеўская), якая склала манаскія абяцанні ў кляштары ў Бельгіі.
«Не затрымаць і не спыніць бег часу. Ён мінае, імчыць наўкола, стварае поле, у якім мінаеш сам, прыміраны з усім», — так пісаў Караль Вайтыла («Развагі пра смерць», пераклад К.Гурскай). З гадамі я ўсё часцей вяртаюся памяццю да пачатку, да маіх бацькоў, сястры, да даўгаўпілскай парафіі, дзе я быў ахрышчаны, да гэтага горада майго юнацтва, да сяброў, да душпастырства, да людзей, якіх Пан паслаў мне на жыццёвым шляху, — усім хачу сказаць адно: «Няхай Бог вас узнагародзіць». А сябе, як пісаў у «Тэстамэнце» святы Ян Павел ІІ, яшчэ раз аддаю волі Пана. Ён сам вырашыць, калі і як я павінен закончыць маё зямное жыццё і святарства. Веру, што Ён благаславіць плён той найвялікшай справы, якой я ўсім сваім жыццём імкнуся служыць: для збаўлення людзей, для ацалення зраненых душаў, для росквіту Касцёла, для хвалы самога Бога. «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).
|
|
|
|