|
|
|
№
3(77)/2016
Год Міласэрнасці
Вялікія містыкі
Пераклады
Інтэрв’ю
Кс. кардынал Зянон ГРАХАЛЕЎСКІ адказвае на пытанні кс. Кшыштафа СРОКІ
КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ Адукацыя
Алена ВАЛЬЧУК
РОЛЯ ЕЗУІТАЎ ІСПАНЦАЎ У РАЗВІЦЦІ АДУКАЦЫІ НА ТЭРЫТОРЫІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў XVI–XVII СТСТ. Асобы
Мастацтва
Паэзія
Успаміны
Інтэрв’ю
З архіваў часу
Маналог святара
Спадчына
Канстанцін ТЫШКЕВІЧ
ВІЛІЯ І ЯЕ БЕРАГІ Ў ГІДРАГРАФІЧНЫХ, ГІСТАРЫЧНЫХ, АРХЕАЛАГІЧНЫХ І ЭТНАГРАФІЧНЫХ АДНОСІНАХ Асобы
Псіхалогія
|
Да 1917 года на тэрыторыі Магілёўскай вобласці дзейнічала 16 рыма-каталіцкіх касцёлаў, у якіх неслі службу 16 святароў. Найбольш буйнымі цэнтрамі каталіцтва ў рэгіёне былі Магілёў, Бабруйск, Мсціслаў, Асіповічы, Шклоў, вёска Фашчаўка Шклоўскага раёна. Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, а потым узнікненне бальшавіцкай дзяржавы, абвясціўшай барацьбу з рэлігіяй, — усё гэта прывяло да рэзкага скарачэння колькасці каталіцкіх касцёлаў і святароў (да 1929 года іх стала 8 і 5 адпаведна). Пасля некалькіх хваляў сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў у Магілёўскай вобласці не засталося ні аднаго дзейнага касцёла. У гады Другой сусветнай вайны германскія ўлады не забаранялі рэлігійную актыўнасць мясцовага насельніцтва на акупаваных савецкіх тэрыторыях, што дазволіла самаарганізавацца найбольш буйным каталіцкім супольнасцям. У выніку па завяршэнні вайны ў вобласці фактычна іх дзейнічала 4: у Магілёве, Бабруйску, Мсціславе і Фашчаўцы. Дакументы, звязаныя з дзейнасцю гэтых рэлігійных парафій, захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці ў фондзе ўпаўнаважанага па справах рэлігійных культаў. Праца з крыніцамі дазваляе больш падрабязна вывучыць асаблівасці каталіцкага рэлігійнага жыцця ў рэгіёне ў другой палове 1940-х — 1980-я гады. Цэнтрам магілёўскага каталіцтва стаў катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава — мураваны, 3-павярховы па вышыні будынак з масіўнымі сценамі і шпілепадобнымі надбудовамі ў цэнтры і па вуглах. Будаўніцтва касцёла вялося з 1738 года па 1752 год, з 1783 года па 1873 год касцёл з’яўляўся катэдральным для Магілёўскай архідыяцэзіі, у якую ўваходзілі ўсе каталіцкія парафіі лацінскага абраду Расійскай імперыі.
У 1938 годзе, неўзабаве пасля арышту святара Пятра Аўгла (1861–1937), касцёл у Магілёве быў зачынены «па просьбе веруючых». Будынак перадалі МУС БССР, і там размясціўся абласны архіў. У 1944 годзе набажэнствы ў катэдральным касцёле ўзнавіліся. Вялікую ролю ў гэтым адыграў ксёндз Мечыслаў Вацлававіч Малыніч (1888–1969), які арганізаваў парафіянаў і праводзіў набажэнствы. Веруючыя спраўна ўносілі ў гарадскі фінансавы аддзел усе неабходныя плацяжы — страхоўку, зямельную рэнту, падаткі з пабудоваў. Быў створаны і касцёльны камітэт на чале з Я. В. Лыскоўскім. Як адзначаў упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў, «дзейнасць касцёла насіла адкрыты і масавы характар — на набажэнствах прысутнічала ад 500 да 1000 чалавек, прычашчаліся і спавядаліся да 1000 чалавек штогод, хрысцілі да 100 дзяцей». Аднак афіцыйна, нягледзячы на зварот веруючых, каталіцкая парафія ў Магілёве так і не была зарэгістраваная. 26 чэрвеня 1947 года Мечыслаў Малыніч быў арыштаваны і прыгавораны да 7 гадоў папраўча-працоўных лагераў за «антысавецкую агітацыю». Пасля яго арышту набажэнствы ў касцёле спыніліся, і неўзабаве ў будынку размясціўся Цэнтральны дзяржаўны архіў БССР. Знутры памяшканне пераабсталявалі: была зроблена новая ацяпляльная сістэма, на верхніх ярусах былых хораў з’явіліся кабінеты супрацоўнікаў і стэлажы для захавання фондаў. Будынак змяніўся і знешне — былі знятыя крыжы, прадугледжвалася разабраць і бакавыя купалы-вежы. Такім чынам, да 1949 года (завяршэнне рэгістрацыі рэлігійных супольнасцяў) у Магілёўскай вобласці так і не з’явіліся афіцыйна дзейныя касцёлы і святары. Публічнае рэлігійнае жыццё католікаў фактычна спынілася яшчэ з 1947 года. Толькі ў 1950 годзе ўзнавілася рэлігійнае жыццё ў прыватных кватэрах, а летам католікі пачалі збірацца на «польскіх» могілках. Для Эўхарыстыі, споведзі, хросту некаторыя веруючыя выязджалі ў касцёлы Вільнюса (да 200 чалавек за 1950–1953 гады). Рэлігійнае жыццё католікаў актывізуецца з 1954 года ў выніку змены агульнай палітычнай атмасферы ў краіне і амнісціравання рэпрэсаваных святароў. Так, у чэрвені 1954 года з ссылкі вярнуўся Мечыслаў Малыніч. Ён пасяліўся ў Слуцку і, не атрымаўшы дазволу ад уладаў, пачаў пакрыёма выконваць абавязкі ксяндза: адпраўляў набажэнствы, хрысціў і вянчаў не толькі ў Слуцку, але і ў Магілёўскай вобласці. Дзякуючы яму адрадзіліся каталіцкія суполкі ў Магілёве, Бабруйску, Асіповічах, Мсціславе. Вернікі пачалі актыўна звяртацца з просьбамі аб рэгістрацыі парафій, адкрыцці касцёлаў. У маі 1954 года ўпаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў атрымаў хадайніцтва веруючых аб адкрыцці касцёла ў Магілёве. Упаўнаважаны адказаў адмоваю, бо на працягу ўсіх гадоў савецкай улады «католікі абыходзіліся без касцёла і не ўзнімалі пытання ў вызначаным парадку». У жніўні 1954 года веруючыя Магілёва звярнуліся ў Савет па справах рэлігійных культаў у Маскве з просьбаю адкрыць у горадзе касцёл ці капліцу і запрасіць ксяндза з Літвы або Заходняй Беларусі. Свае подпісы пад заяваю паставілі 233 чалавекі. Рашэнне пытання было перанакіраванае ў Магілёўскі аблвыканкам, які, пасля разгляду просьбы ў лютым 1955 года, адмовіў вернікам. Прычынамі былі названыя: немагчымасць перанесці архіў з будынка былога касцёла, а таксама вялікая колькасць грошай, выдаткаваных на яго пераабсталяванне. Вернікам адмовілі таксама і ў перадачы капліцы на «польскіх» могілках, хоць там ужо прыбралі і перасталі выкарыстоўваць былое малітоўнае памяшканне ў якасці складу сена. Атрымаўшы адмову, католікі працягвалі збірацца ў сваіх дамах, а па вялікіх святах горад наведваў ксёндз Малыніч. Так, вясною 1955 года на святкаванні Вялікадня ён ахрысціў да 30 чалавек, аднавіў сакрамэнты споведзі і Эўхарыстыі. 12 чэрвеня 1955 года, напярэдадні дня святога Антонія, на каталіцкіх могілках для сумеснай малітвы сабралася каля 150 чалавек. Непасрэдна ў сам святочны дзень вернікі зноў прыйшлі на могілкі, у агульнай колькасці там прысутнічала больш за 1 500 чалавек не толькі магілёўцаў, але і жыхароў навакольных вёсак. Штогод на гэтае свята католікі збіралі грошы на абраз святога Антонія. Калі храм у Магілёве зачынілі, сабраныя ахвяраванні пачалі накіроўваць у віленскі касцёл, куды вернікі перыядычна выязджалі для атрымання сакрамэнтаў. У кастрычніку 1956 года кс. Мечыслаў Малыніч зноў прыязджаў у Магілёўскую вобласць для сустрэчаў з вернікамі. Пасля таго, як гэта стала вядома, яго выклікаў упаўнаважаны па справах рэлігіі. Падчас размовы кс. Малыніч заявіў, што ён будзе да канца сваіх дзён выконваць ускладзеную на яго місію па падтрыманні і прапаведаванні веры. У адказ упаўнаважаны загадаў ксяндзу Мечыславу больш не з’яўляцца ў Магілёве і вобласці, а ў сваіх справаздачах характарызаваў яго як «заўзятага, махровага рэакцыянера-ватыканца» і прапаноўваў альбо зарэгістраваць яго ў адным з касцёлаў заходняй часткі БССР, альбо «паставіць пытанне аб яго ізаляцыі». Аднак у лютым і красавіку 1957 года святар зноў наведваў вернікаў Магілёва і праводзіў перадвелікодную Імшу ў прыватным доме. Паколькі ксёндз не мог прысутнічаць у горадзе на Вялікдзень, ён загадзя асвяціў соль для таго, каб вернікі потым маглі разводзіць яе ў вадзе і асвячаць велікодныя стравы. Акрамя таго, у гэты час католікі Магілёва актыўна пачалі хадайнічаць аб рэгістрацыі парафіі і адкрыцці касцёла — яны пісалі лісты на імя М.С. Хрушчова, М.А. Булганіна, К.Я. Варашылава, Генеральнага пракурора СССР, у Вярхоўны Савет СССР. Для разбору лістоў у абласны цэнтр выязджаў упаўнаважаны па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР. На працягу 1958 года ксёндз Мечыслаў Малыніч яшчэ некалькі разоў прыязджаў у Магілёў, сустракаючыся з вернікамі і праводзячы набажэнствы, на якіх прысутнічалі сотні чалавек. Святару ўдалося атрымаць магілёўскую прапіску пасля таго, як ён выкупіў палову дома па 2-м Струшненскім яры, недалёка ад каталіцкіх могілак, дзе і раней праходзілі малітоўныя сустрэчы вернікаў. 25 сакавіка 1959 года суд прызнаў несапраўднай дамову куплі-продажу з кс. Малынічам, а 5 ліпеня таго ж года Магілёўскі гарвыканкам перадаў канфіскаваную частку домаўладання ў жыллёвы фонд гаркамунгаса. Услед за гэтым у некалькіх гарадскіх і раённых газетах публікуюцца «антырэлігійныя фельетоны», у якіх кс. Малыніч называецца «ўтрыманцам» і «ашуканцам». Падобныя артыкулы былі не рэдкасцю для таго часу — поўным ходам ішла аб’яўленая М.С. Хрушчовым барацьба з рэлігіяй. Абвясціўшы сваёй мэтай будаўніцтва камунізму, кіраўнік савецкага ўраду паабяцаў, у ліку іншага, цалкам вызваліць грамадства ад рэлігіі. Акрамя таго, становішча Рыма-каталіцкага Касцёла ў СССР пагаршалася «халоднай вайной», у якой Ватыкан бачыўся Савецкаму Саюзу адным з ідэалагічных праціўнікаў. На пачатку 60-х гадоў кс. Мечыслаў Малыніч працягваў наведваць Магілёў і Бабруйск напярэдадні рэлігійных святаў. Ён, як і раней, сустракаўся з вернікамі, праводзіў набажэнствы. Колькасць католікаў у вобласці тым часам скарацілася і складала, паводле падлікаў упаўнаважанага, прыкладна 1000 чалавек. У канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў магілёўскія вернікі неаднаразова звярталіся з просьбамі аб перадачы ім капліцы на каталіцкіх могілках. У той час памяшканне належала пахавальнаму бюро і выкарыстоўвалася для захавання інвентара, фактычна знаходзячыся ў запусценні. На ўсе хадайніцтвы католікі атрымлівалі адмовы з прычыны спарахнеласці будынка і неабходнасці яго пераабсталявання. Пасля смерці святара Мечыслава Малыніча ў 1969 годзе ў Магілёў і Бабруйск з Вільнюса пачаў прыязджаць ксёндз Уладзімір Пракопіў. Ён, як і яго папярэднік, наведваў вернікаў, не маючы афіцыйнай рэгістрацыі.
У 1970-я — пачатку 1980-х гадоў узаемаадносіны католікаў і савецкіх уладаў набылі больш устойлівы характар. Вернікі праводзілі сходы ў сваіх дамах, калектыўна наведвалі могілкі па рэлігіных святах, час ад часу падаючы хадайніцтвы аб адкрыцці касцёлаў. Чыноўнікі ж, ведаючы аб неафіцыйнай дзейнасці каталіцкіх супольнасцяў, не перашкаджалі ёй, але нязменна адмаўлялі ім у легалізацыі. З пачаткам «перабудовы» ў СССР значна ажывілася грамадска-палітычнае жыццё. У гэтых умовах рэзка ўзрасла колькасць заяваў вернікаў з просьбамі аб рэгістрацыі рэлігійных аб’яднанняў. Не выключэннем сталі і католікі Магілёўскай вобласці. За 1987 год упаўнаважанаму Савета па справах рэлігій паступілі 2 калектыўныя лісты вернікаў аб вяртанні ім будынка былога катэдральнага касцёла. Абедзве просьбы былі адхіленыя ў сувязі з тым, што пасля перамяшчэння абласнога архіва ў будынку планавалася правесці рамонтныя работы і адчыніць філарманічную залу. З аналагічнымі просьбамі вернікі звярталіся да Генеральнага сакратара ЦК КПСС М.С. Гарбачова, у газету «Праўда» і Савет па справах рэлігій пры Саўміне СССР. Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў парафію рыма-католікаў у студзені 1989 года і абавязаў гарадскія ўлады забяспечыць вернікаў памяшканнем. Спачатку гарвыканкам прапаноўваў парафіянам купіць дом альбо пабудаваць новы касцёл, аднак вернікі працягвалі настойваць на перадачы ім касцёла св. Станіслава, накіроўваючы калектыўныя просьбы ў Савет па справах рэлігій. Толькі 30 ліпеня 1990 года, ужо пасля абвяшчэння незалежнасці БССР, рашэннем Магілёўскага аблвыканкама будынак катэдральнага касцёла быў вернуты католікам, і пасля больш чым паўвекавога перапынку ў сценах найбуйнейшага касцёла вобласці зноў загучалі малітвы... Так завяршыўся адзін з найбольш цяжкіх перыядаў у гісторыі каталіцтва на беларускіх землях. У час, калі зачыняліся касцёлы, святары ахвяравалі за свае перакананні не толькі здароўе, але нават і жыцці. Шмат у чым дзякуючы глыбокай веры некалькіх пакаленняў католікаў шматвяковая рэлігійная традыцыя не абарвалася, узнавіўшыся, як толькі насталі іншыя часы.
Аляксей Швыроў
Фота са збору
|
|
|
|