Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(77)/2016
Год Міласэрнасці

ПАЙСЦІ НА БОЛЬШАЕ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю

КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ
Адукацыя
Асобы
Мастацтва

ЗАЎТРА ЗДАРЫЦЦА ЦУД
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
Інтэрв’ю

ЗБАЛЕЛАЯ ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
З архіваў часу

З ВЕРАЮ Ў СЭРЦАХ
Маналог святара

ДЗЕ МАЯ ПАРАФІЯ, ТАМ МАЯ РАДЗІМА
Спадчына

З НАЙЯРЧЭЙШЫХ СУЗОР’ЯЎ
Асобы
Псіхалогія

РАМАН НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ

ЗБАЛЕЛАЯ ЛЮБОЎ

Гутарка Ірыны ЖАРНАСЕК з Антонам БУБАЛАМ

— Спадар Антон, шмат разоў я чула Вашу гісторыю. А цяпер прашу расказаць яе для чытачоў «Нашай веры» — гісторыю Вашага прыходу ў наш складаны свет…

— Напэўна, маецца на ўвазе мой «другі прыход»… Перад сваёй смерцю мама прызналася, што я мог не нарадзіцца наогул. Ішла вайна, а хворы пасля фінскай вайны бацька заставаўся дома. Ды і наогул на Асвейшчыне мабілізацыю правесці не паспелі, вяскоўцы жылі амаль так, як калісьці да калгасаў. Не дзіва, што нараджаліся і дзеці. Але калі набрала сілы партызаншчына і над чалавечымі жыццямі пачала згушчацца небяспека, крык нованароджанага немаўляткі ўспрымаўся хутчэй як недарэчнасць.

Не ведаю дэталяў, але матуля на нейкі асабліва трывожны час засталася з двума дзецьмі і свякрухай адна і надумала пазбавіцца ад новай цяжарнасці. Нейкая шаптуха параіла ёй выпіць шмат гарэлкі ды паляжаць на гарачай печы. Маці так і зрабіла. Але я ўпарта заставаўся ў яе ўлонні. Пра свой грэх маці расказала на споведзі, папрасіла парады. Святар насварыўся на яе і сказаў, што яна не мае права на тое жыццё, якое дадзена Богам. Маўляў, можа ў ім — тваё шчасце на старасці. Я нарадзіўся перад крывавай зімой 1943-га.

Калі пайшлі карнікі на нашыя вёскі, усе мужчыны падаліся ў лясы, пакінуўшы жанчын, дзяцей і старых у хатах. Ніхто яшчэ не ведаў, што звяр’ё знішчае ўсіх. Але лютаўскім ранкам праз нашу вёску Гісялёва прабег абгарэлы волат-нямко з Ладэлева. Без слоў стала зразумела, што адтуль набліжаецца смерць. Людзі кінуліся бальшаком на ўсход, у Асвею і далей, у вялікія лясы. Матуля засталася адна з трыма дзецьмі. У роспачы яна схавалася ў гумне пры дарозе і маліла-прасіла, каб смерць забіла адразу не адну яе, а разам з «птушанятамі», каб яны не цярпелі пакутаў без яе.

Выратавала нас мая хросная, маміна родная сястра. Яе муж быў забіты ў савецкім лагеры яшчэ ў 38-м. Яна пакінула сваіх чацвярых дзяцей блізка каля Асвеі, у Канчанах, і вярнулася на кані за намі. Па дарозе набралася яшчэ з дзясятак гэткіх жа бежанцаў, сані ператварыліся ў «Ноеў каўчэг». Праз бамбёжкі, смерць і прыгоды дабраліся мы да заснежаных лясоў, дзе карнікі палявалі на людзей не толькі на зямлі, але і з самалётаў.

Падчас аднаго налёту маці выхапіла мяне з попелу пагаслага вогнішча, дзе я спаў, захутаны ў вялікую хустку, і, упохапкі схаваўшы мяне пад выварацень, кінулася з малымі ў гушчар, у балота. Калі самалёты адляцелі, лес напоўніўся стогнамі тых, хто не паспеў дабегчы да схованкі. Шмат было і забітых. Ужо сцямнела, снег быў саследаваны, і маці доўга шукала той выварацень, пад якім яна мяне пакінула. Калі яе адчайныя малітвы ўзляцелі да нябёсаў, над цёмнай вершалінай адной елкі раптам замігцела невыразнае святло. Яно і паказала, дзе ў схованцы мірна пасопваў я. Такім было маё другое нараджэнне.

Увогуле ў маім жыцці было нямала момантаў, калі я мог загінуць: нейкая чорная сіла кідала мяне то ў вогнішча, то ў палонку, змушала садзіцца самалёт, які яшчэ не ўзяў курс. Тая сіла рэзала мяне лязом, свістала куляй каля скроні пад кедрам на сопцы, бухала мінамі на лясным пажары — усяго не пералічыш. Але я жывы дасюль і толькі дзіўлюся, за што берагуць мяне так нябёсы. Ці то матчыны малітвы мелі такую сілу, ці мне яшчэ трэба рыхтавацца да нейкай вялікай ахвяры, каб апраўдаць гэта высокае апякунства…

 

Маці Стэфанія.

— Ведаю, што праз усё жыццё Вы пранеслі вялікую любоў да сваёй маці. Вядома, гэта ўласціва кожнаму нармальнаму чалавеку. І ўсё ж ваша пачуццё ўспрымаецца неяк па-асабліваму…

— Для мяне вобраз маёй маці зліваецца з вобразам Маці Божай. Можа, гэтак і няможна, але цеплыня, якую Яна выпраменьвае сваім сэрцам, вера ў абарончую моц Яе адданае любові перадалася мне генетычна ад маёй матулі, бо яна ўсё сваё жыццё малілася да Божай Маці, верыла Ёй, тулілася да Яе сама і нас прытуляла да Яе. «Pod Twoja obrone...» было матулінай штодзённай малітвай. У маме быў галоўны сэнс і смак майго жыцця, і я думаў нават, што яны згаснуць зусім, калі маю зямную матулю забярэ Бог.

 

— Не згаслі?

— Паціху адтаяў, бо калі прыязджаю ў апусцелую вёску на Тройцу ды на Дзяды, у бацькоўскай хаце ўжо ад дзвярэй святліцы мяне сустракае цёплы і спагадлівы позірк маёй матулі з партрэта на сцяне, а ў самой гэтай святліцы на дзіва чыста й светла, быццам тут яшчэ жывуць руплівыя гаспадары, хоць на ганак хаты на працягу месяцаў не ступае нага чалавека. Я вітаюся з матуляй, размаўляю з ёй, і мне цёпла і спакойна. Гэткі ж, толькі больш велічны спакой, пануе і на могілках. Асабліва светла на іх на Тройцу. Пакуль прыедзе ксёндз Часлаў з Расіцы, мы з сястрой перапяем шмат песняў, якія любіла матуля: «Найсвентша Матка, до Цебе бегнемы...», і «Пуйдзь, пуйдзь, мэ сэрцэ...», і «Здровась Марыя, Богародзіца...», і іншыя, надта жалобныя, і, вядома ж, «Сэрдэчна Матко...». Адзін-два галасы яшчэ дапамагаюць нам хаця б на прыпевах, а слухачоў шмат: і аднавяскоўцы, і іх дзеці-ўнукі-праўнукі, і крыжы, камяні, і курганы-магілы нашых вельмі далёкіх продкаў адразу за агароджай кладзішча. Сосны, здаецца, таксама прыціхаюць у велічным смутку, а светлыя бярозкі, наадварот, варушаць усё навокал сваім лёгкім жывым трапятаннем, ды яшчэ птушкі ў вершалінах сваім ціўканнем славяць жыццё.

Я выбраў ужо сабе месца ў гэтым прытулку вечнасці — хачу легчы побач з мамаю...

 

— У страшным 1943-м шлях Ваш разам з маці з роднай Асвейшчыны пралёг у жудасны Саласпілс. Вы былі адным з наймалодшых ягоных вязняў. Ці ўспамінала Ваша маці потым Саласпілс? Ці расказвала пра тое, як вы туды трапілі?

— Фашысты схапілі нас, калі ўжо, здавалася, прыйшло ратаванне. Партызаны, да якіх прыбіліся ўцекачы з агню, паведамілі, што карнікі ўжо сышлі. Людзі атабарыліся на ўзлеску, зладзілі нейкія буданы. Нехта шчаслівейшы прывёў і схуднелую ўшчэнт кароўку. Тая і раўнула, пачуўшы рух на бальшаку, па якім адыходзілі ў сваё логава апошнія карнікі. І хутка яны ўжо пагналі нас, змарнелых, па іншым, Друйскім, шляху — на Палішчына-Шкяўнэ, на горад Зілупэ, дзе недабітых гаротнікаў чакаў вагон-цялятнік. Некалькі дзён вязняў сартавалі ў дзвінскай турме, а потым нас сустрэў Саласпілс з усімі ягонымі жахоццямі. Мама казала, што яшчэ па дарозе на станцыях мясцовыя жанчыны прапаноўвалі аддаць ім дзяцей: маўляў, выжывеш сама — дык і іх знойдзеш жывымі. Але маці нават не магла падумаць пра такое!

У лагеры гітлераўцы найперш «разабраліся» са старымі. Было апытанне, каб высветліць, хто яшчэ здольны працаваць. Гарбаценькая Стэфка з Каралёва, пра якую мама нам расказвала, так шчыра казала немцам, што ўмее і прасці, і вязаць, і шмат што іншае рабіць. «Ну, вось і гут, вось і добра, будзеш гэтым і ў багадзельні займацца», — рагатнуў карнік. А назаўтра па хусцінах, фартухах ды жакетках, зваленых у кучу паблізу крэматорыя, людзі зразумелі, якую «багадзельню» вызначылі фашысты для старых. Стэфку нам было шкада асабліва таму, што і нашу маму звалі Стэфцяй. А тая гарбаценькая была дужа добрая, толькі ногі яе дрэнна слухаліся. У лазню каралёўскія хлопцы насілі яе на сабе. Стэфка плакала, а яны смяяліся. І праз снягі, і на цяжкім шляху пад аўтаматамі людзі не пакідалі Стэфкі…

Смерць увесь час хадзіла побач. Наш Лёдзік раптам захварэў на дызентэрыю. Маці, як магла, хавала гэта, але ўсё ж наглядчыкі западозрылі няладнае, і на шыі майго браціка мама ўбачыла асаблівую бірку. Яе сэрца адчула небяспеку, і таму яна зранку, перад абходам, калі гітлераўцы пачыналі скідваць у вазок з нараў памерлых і хворых дзетак, адзела тую бірку на шыйку нябожчыка, у якога такой біркі не было.

Расказвала мама і пра нейкага немца, які часта браў мяне на рукі, гушкаў і ставіў у прыклад іншым: «Ніхт плакайт! Пуф-пуф! Пачэму Бубала ніхт плакайт?!». Кожны такі свой успамін мама заканчвала словамі: «Дзеткі мае, толькі Матка Боска ўберагла нас. Ці маглі б мы самі выжыць у тым пекле? Я так шчыра за вас малілася — і ўдзень, і ўночы, і штохвіліны! Малюся і плачу, малюся і плачу! Я верыла, што Яна бачыць нашы пакуты, чуе мяне». І мы верылі сваёй матулі, а таксама Той, Найсвяцейшай... Pod twoja obrone...

 

— Ведаю, што, стаўшы дарослым, Вы паехалі ў Саласпілс. Якія пачуцці выклікала ў былога вязня гэтае месца?

— Я быў у Саласпілсе на экскурсіі. Стылізаваныя камяні — сімвалы пакутаў, пустая плошча і нават ярусы нараў не кранулі майго сэрца болем. Тады я быў малады, але і цяпер не імкнуся ў тую мясціну, дзе мама старалася ўратаваць нас ад смерці. Бо мы ведалі Саласпілс знутры, ведалі пра яго значна больш, чым расказвае статыстыка. Наша дзіцячая свядомасць была працятая балючым веданнем лагерных жахаў, прыкладамі людской ахвярнасці, надзеі і мужнасці, пра якія нам расказвала маці. Тыя аповеды доўгія гады замянялі нам вечаровыя казкі. Мы туліліся да матулі пад яе шэпт, слёзы і пацалункі. Яна не пужала нас, яна расказвала, як гэта было, як тварыўся цуд выратавання пад крылом Боскай апекі. Памаліўшыся, мы клаліся спаць з лёгкім сэрцам, з пачуццём бясконцай падзякі сваёй Абаронцы, у вобразе якой зліваліся вобразы дзвюх Матуляў — нашай і агульначалавечай.

 

— Спадар Антон! Штогод мы абавязкова сустракаемся з Вамі ў Росіцы — летам і зімою. Гэтае месца — таксама Ваша балючая любоў?

— Расіца (я ўпарта называю гэтае мястэчка ягонаю спрадвечнаю назваю) —неад’емная частка жыцця старажытнай залеснай Пятроўшчыны, маленькага нашага найцудоўнага раю, спапялёнага фашыстамі разам з усімі яго жыхарамі. У мясцовых людзей былі выхаваныя Касцёлам найлепшыя духоўныя якасці. Нездарма пра гэта пісаў ксёндз Жыскар, апавядаючы пра замашанскую парафію. Замашанскі касцёл у Савейках да апошняга падтрымліваў людскую веру ў Бога, але змагары за «светлую будучыню» з Замашанскай воласці разбурылі святыню, ксёндз Філіп загінуў у сталінскім лагеры. Тады вернікі пайшлі шукаць аховы пад крыжы Расіцы. Нашыя ж вяскоўцы і раней мелі «шматвектарныя» сувязі з касцёламі, хадзілі на фэсты не толькі ў Савейкі, але і ў Сар’ю (калі там былі святары), і ў Расіцу — паўсюль было 10 кіламетраў.

У Расіцы вянчаліся мае бацькі, дзяды і прадзеды з бабулямі і прабабулямі, там вянчалася і малілася мая цётухна Ганна, якую я так ніколі і не ўбачыў, як і не ўбачыў яе ахрышчанага ў Расіцы сыночка, майго стрыечнага браціка Васілька, — яны згарэлі ў часе карнай акцыі ў Ліпаўках.

Праз Расіцу разбітым Друйскім трактам мы ішлі да чыгункі, ад’язджаючы ў вялікі свет ужо падлёткамі-падлеткамі, і бачылі, як гэтыя трагічныя сцены цярпелі здзекі калгаснага ладу. Хіба ж магло не балець сэрца, калі гусеніцамі трактараў ганьбілі тыя камяні, да якіх вуснамі прыкладаліся нашыя продкі, нашы матулі?

 

— Спадар Антон, а цяпер задам Вам балючае пытанне: Вы ведаеце латышскую мову, нават мне дапамагалі, калі я працавала над кнігай «Будзь воля Твая», а значыць маеце сімпатыю да нашых суседзяў латышоў, з якімі звязана столькі балючага — і Саласпілс, і ўдзел латышскай паліцыі ў карнай акцыі ў Росіцы і ў Асвеі. Як Вы размежавалі і як прымірылі гэта ўсё ў сабе?

— Латвійская мяжа была ад нас за вярсту, за рэчкай Акціцай. З лагера нас выкупіў латыш Карліс Ліепіньш, пасля вызваленчага фронту мы апынуліся сам-насам на хутары ў Кокнэсэ — пад мурамі славутага замка Кукейнос. Мы — гэта матуля, трое нас, малых, і прыкаваны да ложка, паранены на фронце бацька. Бацькі не пагадзіліся на прапанову застацца ў Латвіі, каб дапамагаць новым уладам будаваць і там сацыялістычны рай. Усе нашы пасляваенныя аднавяскоўцы «перад стартам» у новае жыццё дабіраліся як мага бліжэй да мяжы і аселі хто на год, хто на два на латышскіх хутарах — у знаёмых, радні або добрых ці проста прагматычных гаспадароў, якім не лішнія былі працоўныя рукі, бо іх сыны падаліся айзсаргамі ў лясы, дзе яны меркавалі ажыццявіць свае ўтапічныя планы ў змаганні з савецкім ладам, які ўжо фармаваў эшалоны для «падарожжа» ў Сібір. Мы ведалі гэтых хлопцаў — «зялёных», як іх называлі. Яны прыходзілі ў нашу лясную вёску, дзе нашы мужчыны імкнуліся пераканаць іх у марнасці абранага імі шляху барацьбы з вялікай сілай; у нашай хаце паміраў міліцыянер, паранены падчас аблавы на айзсаргаў на пачатку 1950-х у нашым лесе, дзе латышскія хлопцы ладавалі свае бункеры.

Да нас даносіўся плач жанок з латышскага Ворзава, калі туды прыйшлі калгасы, каб забраць свіней і авечак, малочных бурых кароваў ды жарабкоў з брычкамі, на якіх хутаранцы ездзілі па святах у касцёл у Асуна або ў колішнюю беларускую Пустыню. Мы хлопцамі хадзілі ў тое Ворзава на вячоркі. У нас былі прыгожыя і працавітыя дзяўчаты, і зусім не было хлопцаў жаніхоўскага ўзросту. Дык нашы дзяўчаты песцілі мару аб стварэнні сям’і, а нас, драбязу, бралі з сабой у якасці аховы, на выпадак сустрэчы з ваўкамі. Калі ў нас запахлі смалою сцены новых хатаў, вячоркі перамясціліся ў нашыя вёскі. З Латвіі мы прывозілі скрыпачоў, цымбалістаў ды гарманістаў, пакуль свае самавукі не адолелі вальс «Когда б имел златые горы...». Дарэчы, яшчэ доўга пасля вайны на нашых вячорках гралі і танчылі «Судмаліняс», а ў латышскім Ворзаве ці Апалях — польку ды «Суботу».

Пятроўшчына ляжала на Полацка-Рэжыцкім тракце, і амаль штоноч у хатах на падлозе, лаўках і на печах начавалі падарожныя, якія ішлі ў двух напрамках: з Асвейшчыны і Расоніі — на захад, дзе можна было зарабіць, пажабраваць ці наняцца на працу, а дадому ішлі з торбачкамі гароху ці жыта на першыя засеўкі. Калі б не латышы, пасля вайны нам давялося б яшчэ цяжэй.

Дарэчы, у нашым памежжы беларуска-латышская повязь вельмі даўняя і глыбокая. На Асвейшчыне яшчэ да рэвалюцыі на неўрадлівых разлогах у басейне Вужыцы было дазволена пасяліцца латышам, якія стварылі тут цэлыя калоніі хутароў, назваўшы іх «падарамі», што ў перакладзе азначае «зрабі»! Хутка тыя няўдобіцы ператварыліся ў дагледжаныя ўзорныя гаспадаркі, куды нашыя мужчыны ездзілі паглядзець на сенакасілкі ды малацілкі, выменяць кароўку на пародзістую цёлку і гэтак далей. А жанкі ды дзяўчаты абменьваліся ўзорамі для ткацтва, прыносілі насенне ці флянцы нябачаных раней кветак. Гэтаксама было і пасля вайны ў стасунках з суседзямі-латгаламі. А жыхары «падараў» былі пад корань знішчаныя сталінізмам яшчэ да вайны…

Мне падаецца, што нават у спевах, у самой іх мелодыцы, чуецца ў латгалаў ды прыдзвінскіх беларусаў нешта глыбока-роднае. У нашых прымежных вёсках не раз ладзіліся сумесныя святкаванні Ліго-Купалля — напэўна, ў нашых генах закадзіраваныя вельмі даўнія балцкія карані.

Дадам яшчэ, што частка нашых дзяцей бегала ў латышскую школу, што нашыя жанкі ўмелі маліцца па-латышску, што ў Дзвінскай (Даўгаўпілскай) педвучэльні я вывучыў латышскую мову (магу і раман прачытаць, і вершык скласці), што пад Ноўгарадам служыў у адным узводзе з латышамі, што не ў школе, а ў ВНУ і ў войску я навучыўся ў латышоў свядомай зацікаўленасці гісторыяй, прыроднай і духоўнай спадчынай сваёй Радзімы, што з латышскімі сябрамі мы ладзілі турысцкія злёты і байдарачныя паходы па Асуніцы ды Сар’янцы, што дагэтуль паміж нашым раёнам і суседнімі краямі Латвіі існуюць цесныя сувязі на розных узроўнях, якія ніяк не назавеш сяброўствам з прымусу, бо яно сапраўднае.

 

Антон Бубала з унукам Міланам.

— Гэты год мы, католікі, перажываем як Год Міласэрнасці. Наколькі Вы верыце ў міласэрнасць нашага Нябеснага Айца?

— Я веру ў Яго міласэрнасць перадусім. На схіле жыцця я каюся перад Ім за свой грэх адрачэння, хай знешняга, неўсвядомленага, але яно мела месца.

Згадаю, што ў нашай педвучэльні дзейнічаў клуб ваяўнічых бязбожнікаў, у які запісвалі ўсіх студэнтаў. Паспрабуй не запішыся — і па навуковым камунізме будзеш мець праблемы. Ды і да праблемаў не дайшло б: заўважыў нехта пад каўнерыкам на шыі адной студэнткі крыжык — і тая без усялякіх абмеркаванняў вылецела з трэцяга курса. Не скажу, што мяне вабілі розныя акцыі клуба. Ды і не ўсіх бралі, напрыклад, у морг, каб сфатаграфаваць, што ў нябожчыка пасля смерці яшчэ расце барада. Не падабалася мне і задыхацца ў натоўпе ў стараверскай царкве падчас велікоднай усяночнай, бо калі ўсе падалі на калені, мы, пасланыя сюды «ваяўнічыя», стаялі слупамі ў розных кутах на ўсеагульны агляд. Праўда, вернікам было не да нас: прасветленыя вочы «атручаных рэлігійным опіумам» бачылі нешта зусім іншае, незямное, калісьці знаёмае і мне. У тыя хвіліны мне было няёмка і сорамна.

У Даўгаўпілсе дзейнічалі касцёлы, але я нават ад сябе глыбока хаваў патаемнае жаданне зайсці ў адзін з іх, каб укленчыць перад алтаром. Баяўся, а пасля амаль заглушыў тое жаданне, як імкнецца чалавек заглушыць у сваім сэрцы боль па страчаным каханні. У такім стане я быў і тады, калі прыехаў дадому і мой падрослы малодшы брат на просьбу мамы павёз нас на Прачыстую ў Пустыню, дзе маліліся не па-латышску, а па-польску. Туды мы бегалі за 16 кіламетраў на гэты фэст яшчэ малымі. Латышскія касцёлы ратавалі нас ад бязвер’я. Мацяркі ды бабулі вадзілі нас на Спаса ў Асуна, на Ганну — у Берасні, на Тройцу — у Палішчына. Гэтыя святыні, як і Пустыня, акружалі нас паўколам-каронаю, і да кожнай было 16 кіламетраў — басанож і лёгенька туды, а пасля Нешпараў яшчэ лягчэй — дадому.

Дык вось, калі зазванілі званы і ўвесь люд хлынуў у касцёл на Імшу, брат не зрэагаваў на знак, які падала нам матуля, і не ўвайшоў у касцёл. «З пачуцця салідарнасці» застаўся і я — два слупы на цвінтары. Я не памятаю дакладна, што было далей, памятаю толькі адчуванне няёмкасці і сораму, як некалі ў стараверскай царкве на Грыве ў Дзвінску.

Мы тады сапсавалі маме свята. Раней пасля Імшы яна была супакоеная, шчаслівая, гаманіла з намі і лашчыла нас. А тады ціха папракнула брата, змахнула слязіну ды яшчэ, едучы, малілася — відаць, за нас. Пазней яна не раз успамінала той дзень, але — вось дзіва! — папракала толькі брата, а пра мяне казала, што я стаяў Імшу. Дасюль не ведаю, мо, і праўда, я пасля ўціснуўся ў касцёл, а можа, матуля даравала мне мой грэх, бо пасля да астатніх яе дзён, пераадолеўшы сваю сарамлівасць, я заўсёды маліўся разам з ёю: на пахаваннях католікаў спяваў разам з матуляй і сястрыцай па-польску, на праваслаўных — па-руску, а то і так, і гэтак уперамешку, бо ў нас даўно прыжылася такая звычка. Спявалі мы і маліліся за сталом у роднай хаце на Каляды і Вялікдзень, на могілках — на Радаўніцу ды Тройцу. Спявалі за пасвянцонкай у бальнічнай палаце на Вялікдзень, калі неба адлічвала апошнія гадзіны матулінага жыцця — яна спявала разам з намі і памерла на трэці дзень найвялікшага свята. Я і цяпер спяваю і малюся ў касцёле, спадзеючыся на міласэрнасць Усявышняга за свае грахі.

Што тычыцца міласэрнасці да бліжняга, то тут я ці няправільна яе разумею, ці грашу. Я пакуль што не магу любіць ворага, як свайго бліжняга. Бо калі каранаваныя забойцы нішчаць носьбітаў дабрыні і святла, забіваюць чыстыя надзеі і памкненні — мне цяжка ім дараваць, лепш вазьму грэх нелюбові на сваю душу. Але ёсць адно, што мяне супакойвае і ў чым Пан Бог, спадзяюся, мяне разумее і прабачыць: я лічу, што свядомыя забойцы — гэта не проста ворагі. Гэта — не людзі ў Боскім разуменні. Гэтыя двуногія стварэнні — дзеці д’ябла, але маюць такое ж, як і ў людзей, аблічча. Гэта — звычайная маскіроўка. Таму запаведзь любові іх не датычыць.

 

— Вы, Антон Францавіч, самі пішаце вершы. Ці дапамагае літаратура чалавеку заставацца чалавекам?

— Пішу, і не толькі вершы. Мне прыносяць і дасылаюць свае вершаваныя творы і сталыя людзі, і зусім маладыя. Якія б слабенькія ні былі тыя опусы, я падтрымліваю іх аўтараў. Чалавек, які піша, тым больш паэтычныя творы, мае каштоўную якасць — ён думае над жыццём, асэнсоўвае яго праявы, сваё месца на зямлі і ў сусвеце, шукае гармонію. Яшчэ больш я люблю чытаць. Жартую, што кожны вечар кладуся ў ложак з якой-небудзь паэткаю. Чытаю, параўноўваю, дзіўлюся, захапляюся ці сумую. Адчуваю сябе маленькай часцінкай гэтага высокага брацтва. Найвышэйшай жа вяршыняй беларускай паэзіі лічу «Ксты» светлай памяці Рыгора Барадуліна. Калі б людзі дараслі да такой глыбіні разумення Боскага ў сусвеце, чалавецтва стала б шчаслівейшым.

 

— Перакананая, што Вы зрабілі вельмі добрую, патрэбную справу, папрацаваўшы над кнігай «Памяць» па Верхнядзвінскім раёне. Змястоўная яна атрымалася. І якая ж балючая! Дзякуй, спадар Антон, за гэтую высакародную працу!

— Я не гісторык. Справу гэтую даручыў мне райкам партыі. Напэўна, з-за маёй няўмеласці ў гістарычным аналізе кніга набыла сентыментальнае адценне, ад чаго мяне перасцерагалі ў рэдакцыі. Дзе там не маё, а дзе маё (хаця часам і не пад маім імем) — не так цяжка распазнаць. Шчыра папрацаваў над спісамі загінулых. Пісаў на сотні адрасоў, ездзіў, распытваў... Некаторыя афіцыйныя асобы падганялі мяне, нават пакрыквалі, але для мяне справа памяці стала святой, а таму я спакойна адказваў: «Не здам рукапіс на рэдагаванне, пакуль не зразумею, што ніводнае імя загінулых мне ўжо не ўваскрасіць». Прызнаюся, кніга «Памяць» для мяне і цяпер — быццам малітоўнік. Я яе перапакутаваў, пераплакаў, з кожнага партрэта ў ёй глядзіць на мяне родны мне чалавек. Дагэтуль памятаю не прапушчаныя рэдактарамі радкі з пісьмаў, якія апяклі маё сэрца. Па-за вокладкамі кнігі засталося нямала і непажаданых для кагосьці таямніцаў. Але для іх ёсць яшчэ прастора — блізіцца да завяршэння праца па стварэнні раённага музея, дзе я цяпер працую.

 

— Плёну Вам у гэтай высакароднай працы! Ужо цяпер абяцаю наведаць ваш музей адной з першых. Скажыце, спадар Антон, што трэба для таго, каб мы, беларусы, не чарсцвелі душамі?

— Мы пажынаем цяпер плады бязвер’я і калгаснага прыкарытнага жыцця з яго прымітыўнымі барацьбітоўскімі лозунгамі. Не паспелі ачомацца пасля СССРаўскай жыткі, як нахлынулі хвалі не менш прымітыўнай маскультуры. Маральныя нормы ў многіх людзей апусціліся амаль да беззваротна гнілога стану. Трэба лячыць хворае грамадства. Вельмі шмат робяць для гэтага рэлігійныя згуртаванні і моладзевыя суполкі, энергічныя творцы. Але вельмі ўжо саслабелы наш грунт традыцыйнай маралі і светапогляду, бо сучасныя бабулі і нават прабабулі ўжо прайшлі грунтоўную апрацоўку фальшывай ідэалогіяй статкавага калектывізму, дзе былі задушаныя духоўнасць і свабода асобы. Гэтыя бабулі ў пераважнай большасці самі не жагнаюцца за сталом, не кленчаць і не спяваюць «Вяночак» пасля вячэры, не вучаць сваіх унукаў і праўнукаў жагнацца і нават казаць «дабранач». Застаецца толькі спадзявацца, што ў высокіх дзяржаўных установах узмацнее разуменне неабходнасці духоўнага выхавання людзей у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Толькі тады можна будзе ўсёй грамадой суладна ўздымацца да Боскіх запаветаў, якія проста, зразумела і ясна паказваюць шлях да сапраўды шчаслівага жыцця на зямлі і да яго працягу ў вечнасці.

 

— Дзякуй, спадар Антон, за цікавую гутарку! Да новых сустрэчаў: у Дрысе, у Расіцы, усюды, дзе дазволіць сустрэцца Пан Бог. Цяпер жа дадзім слова вершам…

Гл. таксама:
Антон БУБАЛА :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY