|
|
|
№
3(77)/2016
Год Міласэрнасці
Вялікія містыкі
Пераклады
Інтэрв’ю
Кс. кардынал Зянон ГРАХАЛЕЎСКІ адказвае на пытанні кс. Кшыштафа СРОКІ
КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ Адукацыя
Алена ВАЛЬЧУК
РОЛЯ ЕЗУІТАЎ ІСПАНЦАЎ У РАЗВІЦЦІ АДУКАЦЫІ НА ТЭРЫТОРЫІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў XVI–XVII СТСТ. Асобы
Мастацтва
Паэзія
Успаміны
Інтэрв’ю
З архіваў часу
Маналог святара
Спадчына
Канстанцін ТЫШКЕВІЧ
ВІЛІЯ І ЯЕ БЕРАГІ Ў ГІДРАГРАФІЧНЫХ, ГІСТАРЫЧНЫХ, АРХЕАЛАГІЧНЫХ І ЭТНАГРАФІЧНЫХ АДНОСІНАХ Асобы
Псіхалогія
|
Канстанцін ТЫШКЕВІЧ
ВІЛІЯ І ЯЕ БЕРАГІ Ў ГІДРАГРАФІЧНЫХ, ГІСТАРЫЧНЫХ, АРХЕАЛАГІЧНЫХ І ЭТНАГРАФІЧНЫХ АДНОСІНАХРаздзел Х Прыгожая наша рака, якая ад смаргонскага перавозу забегла была на хвіліну ў сярэдзіну Свянцянскага павета, падмацаваўшыся на гэтым участку двума малымі струменямі і нібыта засаромеўшыся свайго ветранага жадання спадабацца ў суседнім павеце яе жыхарам, дзеля чаго яна туды заплыла і адступілася ад свайго абавязку паказваць межы суседнім паветам, раптам паварочвае на захад, і ў гэтым, поўным зграбнасці павароце за вёсачкай Ашмянец, яна злучаецца з рэчкай Руднянкай, якая, плывучы паміж Свянцянскім і Ашмянскім паветамі, упадае ў яе з левага берага і зноў пачынае праводзіць мяжу паміж тымі двума паветамі. Тут Вілія ўжо не такая маляўнічая, як тая яе частка, якою мы любаваліся, плывучы па ёй на працягу двух дзён. Аднак яна заўсёды мае высокія, багата ўсланыя камянямі і прыгожа парослыя берагі; яна грацыёзна выкручваецца паміж іх, і гэта здавалася б прыгожым, калі б мы не маглі параўноўваць убачанае цяпер з нечым лепшым. Тут яна губляе ў сваёй зграбнасці выключна з-за параўнання з усёй той часткаю, якую мы толькі што праплылі і непараўнальныя па прыгажосці разнастайныя краявіды якой, такія багатыя на маляўнічыя фарбы, зусім нядаўна выклікалі наша захапленне. Мы зноў плывем паміж двума паветамі. Правы бераг лічыцца мяжою Свянцянскага павета, а левы ўвесь час пазначае мяжу Ашмянскага. Пасля ўчарашняга цёплага і пагоднага вечара, пасля спакойнай летняй ночы ніяк нельга было спадзявацца, што сённяшні дзень будзе такі ветраны. Адначасова з нашым адплыццём усчаўся стрэчны вецер, які на працягу ўсяго дня дзьмуў на нас з усходу з такой сілаю, што мы вымушаны былі па некалькі разоў прыставаць да берага, каб перачакаць хвалі, якія, ускладняючы плаванне, збівалі нас з дарогі. На працягу сённяшняга падарожжа, што не вызначалася вялікай цікавасцю, мы напаткалі па дарозе насупраць фальварка Дубок на старым рэчышчы ракі камень, які зваўся Арэх; за ім мы прайшлі два малацікавыя парогі: адзін з іх называўся Зыбуха, а другі — Чаромха. Адразу за ім сустрэліся нам два вялікія небяспечныя камяні, што ляжалі амаль побач і вытыркаліся з вады: адзін, як сказалі нам плытагоны — Багдановіч, другі — Рамановіч. Далей, амаль праз мілю за гэтымі камянямі, у Вілію з левага берага ўпадае даволі моцная Ашмянка. Пры гэтай рэчцы заканчваецца Ашмянскі павет і пачынаецца Віленскі. У Маркунах, вёсцы п. Котвіча, размешчанай пры вусці рэчкі Ашмянкі, толькі ўжо на левым яе беразе, я сустрэў першыя сляды літоўскай мовы. Як прыемна, што кожны чалавек тут разумее і па-польску, аднак літоўская мова як родная ім больш да смаку. Яна тут мова хатняя, паколькі ўвесь люд размаўляе на ёй між сабою. Калі на правым беразе гэтай рэчкі канчаткова спынілася русінская гаворка, нібы патануўшы ў яе водах, то за ёю народ ужо адгукаецца літоўскай моваю; адсюль вынікае ясны вывад, што тут Ашмянка ў старажытнасці павінна была ўтвараць мяжу паміж крывічанскай і літоўскай зямлёю, аддзяляючы Русь Літоўскую ад уласна Літвы. На правым беразе Віліі, у сённяшнім Свянцянскім павеце, далей цягнулася крывічанскае племя, бо там русінская гаворка поўнасцю заканчваецца толькі на берагах ракі Жаймяны. Ад вусця рэчкі Ашмянкі, пры якім трохі затрымалі нас даследаванні над гаворкамі двух братніх народаў, што столькі вякоў супольна пражылі між сабою, увесь час пераследаваныя стрэчным і халодным ветрам, мы з пакутамі патроху пасунуліся наперад. Ужо добра пачало шарэць пасля заходу сонца, калі сярод вечаровага змроку на левым беразе ракі забялелі дзве невысокія, але вельмі стройныя ў сваіх памерах вежы, і пры іх — ладны касцёл з купалам, асаджаным на чыстым, нядаўна пафарбаваным даху; словам, з вечаровага змроку выступіў перад намі не надта вялікі мураваны касцёл выдатнай італьянскай архітэктуры, за ім забялела двухпавярховая мураваная плябанія; далей за ёю — прама і налева, чарнелі драўляныя дамы, якія раздзяляў між сабою шырокі гасцінец, што вёў з Вільні да Полацка. Ды гэта ж нейкае мястэчка з касцёлам! Пасля нудотна праведзенага дня, які не прынёс вам, мае чытачы, ніякіх цікавых падрабязнасцяў, акрамя трох камянёў і двух малазначных парогаў, затрымцела з радасці сэрца ад аднае толькі думкі, што збор матэрыялаў у маёй падарожнай папцы сёння павялічыцца. Касцёлы і пробаствы як найвярнейшыя сведкі змен у краіне на працягу некалькіх вякоў; як некранутыя склады ўспамінаў ці набожнасці, ці гістарычных здарэнняў у краіне; урэшце як надзейнейшыя сховішчы для пісьмовых помнікаў — усюды прадстаўляюць цікавейшае поле для даследаванняў і навукі. І што ж, толькі ў нас, дзе ўсё па шмат разоў перамянялася ў краіне, адны касцёлы захавалі дакладную традыцыю мінуўшчыны, а ў аздобах і прыстасаваннях, недатыкальных на працягу стагоддзяў, збераглі даўнія формы мастацтва і мясцовых густаў. Гэта было мястэчка Міхалішкі. Я як мага хутчэй пабег з карабля, каб агледзець касцёл, завітаць у плябанію, пазнаёміцца з пробашчам, бо пад гэтым свяшчэнным у Літве дахам пражывае набожнасць, сціплая прастата і шчырая гасціннасць. Тут на гэты конт я не расчараваўся. Жыллё пробашча знаходзілася ў той мураванай плябаніі на другім паверсе. Сенцы і шырокая лесвіца былі высланы аерам. Прыслужнікі ў плябаніі былі прыбраныя больш акуратна, чым звычайна — нейкая ўрачыстасць павінна была адбыцца ў гэты дзень. І насамрэч: нейкі добры анёл выкінуў мяне на гэты бераг напярэдадні св. Антонія, імя якога праз дзень будзе ўрачыста святкавацца ў Міхалішках як касцельны фэст. Мне выпала зручная магчымасць агледзець Міхалішкі ва ўсёй іх святочнасці. Малы хлопчык адчыніў мне дзверы ў першы пакой пробашчавага жылля. Малады мужчына высакароднай знешнасці, апрануты ў духоўны строй, разам з касцельнымі братчыкамі, якія з выказваннем пашаны стаялі перад ім, праводзіў нейкія нарады і аддаваў загады, што датычыліся чаканага свята. Быў гэта толькі што ўзведзены ў сан пробашч, пакуль яшчэ новы гаспадар у гэтай парафіі — кс. Стшалецкі. Калі я яму паведаміў, хто я і чаго шукаю, ён прыняў мяне з вялікай далікатнасцю і такой прастатою адкрытага сэрца, якое, здаецца, гаворыць кожнаму: «Будзь у мяне дарагім госцем». І адразу ж забраў нас у плябанію і мала таго, што накарміў-напаіў нас, каб мы знайшлі ў яго добры адпачынак, але затрымаў нас на сваю касцельную ўрачыстасць, жадаючы, каб я стаў сведкам набожнага прадстаўлення, з якім ён збіраецца святкаваць у Міхалішках дзень св. Антонія. У ліку некалькіх ксяндзоў, сабраных на гэты фэст, знаходзіўся дэкан са Свіра кс. Скрабоўскі, які прыбыў сюды на гэтае вельмі ўрачыстае набажэнства. Гаспадар плябаніі прадставіў мяне ўсім сваім гасцям. Тут я пазнаёміўся з маладым і энергічным кс. пробашчам з Быстрыцы, да якога я таксама збіраўся праз пару дзён трапіць у госці. У іх светлым таварыстве правялі мы цэлы вечар у прыемнай размове. Міхалішкі — гэта мястэчка, размешчанае на досыць нізкім і пясчаным левым беразе Віліі; яно адно з такіх мястэчак, якія звычайна здараецца напаткаць, ездзячы па Літве. Ад іншых яно нічым не адрозніваецца: малое, драўлянае, беднае. Усяго ў ім 62 дамы, а ў іх — 351 жыхар, з іх, паводле астатняй рэвізіі, яўрэяў — 250 чалавек, жыхароў рымска-каталіцкага веравызнання — 100, татарын — 1, жанчын у ім жыве прыблізна такая ж колькасць. Рынак у ім квадратны, недагледжаны, пасяродку яго — маленькія крамы. Ёсць у гэтым мястэчку ўправа станавога начальніка паліцыі, сталая кватэра доктара і той касцёл з плябаніяй, дзе мы гасцюем ад учарашняга дня. Гэтыя землі, як сцвярджае мясцовае паданне, доўгія гады належалі роду нейкіх Міхальскіх, ад якіх яны перайші па спадчыне ва ўласнасць Бжастоўскіх. Тыя, валодаючы вельмі абшырнымі землямі ў гэтых краях, да апошніх гадоў былі ўладальнікамі Міхалішак. Нарэшце, з-за ўрадавых запазычанасцяў, што цягнуліся гадоў сорак, з-за даўгоў прыватных асобаў адбылася перадача маёмасці неплацежаздольных даўжнікоў крэдыторам, і землі аказаліся разарванымі на часткі. Міхалішкі, занятыя памешчыкам Котвічам, сёння з’яўляюцца яго спадчыннай уласнасцю. Калісьці гэтае мястэчка было вёскаю, якая называлася Вілеа. У 1689 г., як гэта бачна з прывілею, што захоўваецца ў гэтым мястэчку, Ян Уладзіслаў Бжастоўскі, рэферэндарый ВКЛ, Слабоцкі, Мядзёльскі, Аранскі, Даўгоўскі, Быстшыцкі etc. пры згодзе двух каралёў падняў яе да рангу мястэчка. Гэтым прывілеем, які даваў усім вольным людзям права будавання на вызначаных пляцах, ён пазбаўляў кожнага новага засяленца ад усіх павіннасцяў на 10 гадоў; пасля прашэсця 10 гадоў прызначаюцца падаткі як з зямлі, так і з піваварства, з мёдазбору; падаткі з забою жывёлы, са збожжа і г.д. Ён арганізоўвае суды між мяшчанамі і, у адпаведнасці са згодаю каралёў, дазваляе мястэчку Міхалішкі штодзённы гандаль і чатыры кірмашы на год. Такі прывілей рэферэндарыя Бжастоўскага, які служыў мястэчку Міхалішкі, пададзены ў 1815 г. у земскія акты Віленскага павета Рамуальдам Ясінскім; сын яго, Юзаф Бжастоўскі, у 1714 г. яго пацвердзіў, затым сын Юзафа, унук першага заснавальніка мястэчка, Станіслаў, пісарэвіч ВКЛ, быстрыцкі староста яго зацвердзіў, у другі раз. Шматразовыя пажары, якімі Міхалішкі былі ахоплены ў розныя гады, знішчалі іх і давялі да такога стану беднасці, у якім яны застаюцца і сёння. Сярод іншых збудаванняў, як гаворыць мясцовае паданне, згарэла ў іх і ратуша, якая з’яўлялася месцам правядзення судоў між мяшчанамі, згарэлі малыя крамы, што ажыўлялі гандаль гэтага мястэчка. На гэтым можна было б скончыць гаворку пра мястэчка Міхалішкі, бо нічога цікавага расказаць пра яго больш не знайшлося, калі б у ім не было гэтага цудоўнага касцёла, які мае некаторыя гістарычныя ўспаміны. Заможны ў Літве род Бжастоўскіх заўсёды вызначаўся набожнасцю і густам, і відавочным сведчаннем таму з’яўляецца касцёл у Міхалішках, пра які мы збіраемся пагаварыць. Ян Бжастоўскі, рэферэндарый ВКЛ, заснаваў тут першы кляштар аўгустынаў de paenitentia (лац. для споведзі); затым Лукаш і Цыпрыян Бжастоўскія ў 1622 г., як гэта бачна пры наведванні касцёла, на месцы ранейшага драўлянага касцёльчыка, існаванне якога сёння тут адзначана драўляным крыжам, пабудавалі цудоўную і вялікую святыню. Два выхадцы з Фларэнцыі — архітэктар Пэнс і скульптар Пэрці — былі прыцягнуты да гэтай справы. Першы выбудаваў вялікія сцены даўжынёю 15 сажняў і шырынёю 9 сажняў з дзвюма не надта высокімі, але надзвычай фігурыстымі вежамі і з акруглым бабінцам перад імі. Другі з іх усярэдзіне запоўніў касцёл багатай ляпнінаю і мноствам фігур, суразмерна і на патрэбным месцы расстаўленых і зручна між сабою ўпарадкаваных, накшталт касцёла св. Пятра ў Вільні.
У касцёле, акрамя вялікага алтара, дзе змешчаны стары абраз Маці Божай Балеснай, які лічыцца цудатворным, ёсць шэсць бакавых алтароў у гонар розных святых. З левага боку ад уваходу пад хорамі знаходзіцца капліца св. Юзафа, збудаваная Юзафам, сынам Яна Уладзіслава Бжастоўскага, а пад ёю — невялікі склеп з катакомбамі для грабніцаў сям’і Бжастоўскіх. У той капліцы знаходзяцца рэліквіі шматлікіх святых, яны размешчаны на алтары, дзе складзены ў вытанчанай формы раку, абабітую пасярэбраным пакрыццем. Пад ёю — невялікі абразок св. Кацярыны са славянскім надпісам, багата апраўлены ў срэбра і камяні. Гэты абразок, як сцвярджае мясцовае паданне, быў прывезены Бжастоўскімі з маскоўскіх войнаў. Сакрыстыя не мае старога і багатага начыння, ды і ў самім касцёле яго няма. Калісьці гэты касцёл славіўся багаццем свайго срэбра, але яно (з прычыны распачатага ксяндзамі канонікамі рэгулярнымі працэсу з біскупам Касакоўскім), будучы вывезеным, доўга заставалася ў Бжастоўскіх і, як мы зараз убачым, у выніку працэсу між законнікамі і домам Бжастоўскіх, не было вернутае касцёлу. Нейкую рэшту срэбранага і найбольш дарагога начыння міхалішскі касцёл яшчэ меў, але ў 1812 г., абрабаваны ў часе вяртання французаў з Масквы, страціў яго канчаткова. Нават раку з рэліквіямі непрыяцель вынес з касцёла, і калі пасля зрывання аднаго з пасярэбраных пакрыццяў пераканаўся, што акаванне не было срэбраным, кінуў гэтую святую захавальніцу, якую потым знайшлі ў лесе і вярнулі ў касцёл. Канонікі de paenitentia, якія дзякуючы Бжастоўскаму абаснаваліся ў Міхалішках, былі адразу забяспечаныя добрым ахвяраваннем, бо мала таго, што іх фундатар адпісаў ім першы фальварак Мілашуны, ці Лабудзі, як пацвярджае рашэнне сейма 1653 г., у дадатак Цыпрыян Бжастоўскі са сваёю жонкаю Рахеляй Раецкаю, адрокся ад падораных яму каралём Янам Казімірам земляў маёнтка Буйвідзы, аддаўшы ў 1653 г. гэтую спадчыну ва ўласнасць кс. міхалішскіх канонікаў рэгулярных. Гэтае адрачэнне мужа і жонкі Бжастоўскіх на карысць законнікаў зацвердзіў сваім прывілеем у 1673 г. кароль Міхал Вішнявецкі. І зноў жа, паводле тастамэнту князя Марціна Гедройця, мсціслаўскага ваяводы, канонікі рэгулярныя атрымалі маёнтак Відзінішкі, дзе па волі фундатара былі пабудаваныя касцёл і кляштар для кс. канонікаў і інфулацыі.. Буйвідзы мелі таксама філіяльны драўляны касцёльчык, пры якім пастаянна жылі два канонікі. Калі ўсё гэта адбываецца, і законнікі, не прадчуваючы бедстваў, якія павінны былі іх напаткаць, спажываюць даволі ладны кавалак хлеба, шчодра пададзены ім дабрадзеямі, біскуп Інфлянцкі Юзаф Касакоўскі сілаю адбірае ахвяраванні, адпісаныя князем Марцінам Гедройцем на карысць канонікам рэгулярным1. У гэты ж час граф Міхал Бжастоўскі разам са сваім крэўным Міхалам Радзішэўскім задумаў адабраць у ксяндзоў канонікаў свае маёнткі, аддадзеныя ім ягонымі продкамі — як з тых, што былі ўласнасцю (Мілашуны), так і з тых, што былі падараваныя каралём (Буйвідзы). Міхалішскія законнікі, перапалоханыя непрыяцельскімі крокамі, адкрыта распачатымі Інфлянцкім біскупам, не ведаючы яшчэ патаемных намераў Бжастоўскага, з поўным даверам перадалі яму ў дэпазіт багатае касцельнае начынне са срэбра і кляштарныя грошы, што меліся ў наяўнасці, на што Бжастоўскі выдаў законнікам гарантыйнае абавязацельства. Бжастоўскі і Радзішэўскі разам з біскупам Інфлянцкім вымушаны былі дзейнічаць у Рыме супраць законнікаў падманным чынам, калі абодва пад адной і той самай датай, г.зн. 6 верасня 1782 г., атрымалі ад Апостальскай Сталіцы булы: біскуп Касакоўскі — на вяртанне сабе маёнтка Відзінішкі, а два другія — на канфіскацыю ў законнікаў Мілашуноў і Буйвідзаў. У выніку папскіх булаў, sub dolo атрыманых, абодва занялі названыя маёнткі. Біскуп, трымаючы пры гэтым духоўную ўладу ў сваіх руках, у 1783 г. забраў усю рухомасць і начынне — як касцельнае, так і кляштарнае; парушыў волю фундатара, выгнаў манахаў, пакінуўшы іх без сродкаў для існавання; устанавіў плябанію і свецкае пробаства на месцы кс. канонікаў. На гэткую несправядлівасць, нанесеную біскупам Інфлянцкім ордэну, тагачасны відзінішкаўскі інфулат кс. Казімеж Відмант напісаў маніфест. Пачаўся гарачы працэс. Канонікі рэгулярныя, убачыўшы, што яны пазбаўлены сродкаў, у 1784 г. абвінавацілі праз земскі троцкі суд як біскупа Касакоўскага, так і Бжастоўскага з Радзішэўскім у несправядлівым захопе маёмасці; Бжастоўскаму ж выставілі абвінавачванне ў захоўванні ў яго срэбранага начыння і касцельных грошай. І хоць папская була не можа ігнараваць каралеўскай перадачы земляў, усё ж земскі троцкі суд па нейкай прычыне сваім дэкрэтам узвысіў яе і адхіліў вынікі абвінавачванняў; хоць Бжастоўскі і Радзішэўскі былі абвінавачаны ў незаконным захопе маёмасці, яна тым не менш не была вернута законнікам. Суды адносна той маёмасці цягнуліся доўгі час, і ў 1806 г. генеральны пракуратар ордэну кс. Тэафіл дэ Блок пісаў у суд новыя заявы на Міхала Бжастоўскага і Міхала Радзішэўскага наконт забранай імі маёмасці, а з Міхалам Бжастоўскім яшчэ раз судзіўся адносна вяртання земляў і несправядліва ім прысвоеных грошай. Абодва гэтыя звароты генеральнага ксяндза пракуратара былі ў той год надрукаваныя. Усе спробы і старанні манахаў аказаліся безвыніковымі, бо ў рэшце рэшт маёнтак Мілашуны застаўся пры Бжастоўскіх, Буйвідзы ж атрымаў Радзішэўскі. Працэс, звязаны з касцельным срэбрам і кляштарнымі грашыма, яны таксама прайгралі, паколькі з-за здрады аднаго з манахаў, на якую скардзіцца генеральны пракурор у сваім тлумачэнні, распіска Міхала Бжастоўскага была выкрадзена з кляштарнага архіва і вернута яму — і ў выніку ўсё для манахаў скончылася стратаю дэпазіта. Пры першай ліквідацыі кляштараў на Літве, якая адбылася паводле распараджэння ўраду ў 1832 г., у ліку скасаваных дванаццаці кляштараў кс. канонікаў рэгулярных апынуўся і міхалішскі кляштар. Манахі саступілі месца свецкаму духавенству, праз якое парафія пачала лічыцца адміністраванай. Касцёл у Міхалішках, не маючы пры гэтых пераходах сталага апекуна, які б назіраў за яго зменамі, значна збяднеў. Хуткаплынны час пакінуў пасля сябе сляды мінулых гадоў, калі штогод, нязначна выбіваючы па адной цаглінцы з муру ці робячы нябачныя вышчарбіны ў даху, прывёў гэтую будову знутры і звонку да стану немалога знішчэння. Касцёл у Міхалішках патрабаваў неадкладнай рэстаўрацыі, і вось папярэднік сённяшнага пробашча, чалавек, як відаць, дбайны, але які не ўмее сабе ў гэтым парадзіць, пяць гадоў таму шчыра заняўся аднаўленнем касцёла: звонку старанна яго атынкаваў, пакрыў новы дах і вежы, усё памаляваў чырвонаю фарбаю — словам, прыгожа адрэстаўраваў і асвяжыў. Аднаўленне ж знутры ён даверыў густу і таленту свайго арганіста, які са шчыраю вераю, што ведае мастацтва, ажыццявіў гэтую рэстаўрацыю. Дык вось, той арганіст (прозвішча якога я не запісаў, пра што цяпер моцна шкадую), маючы перад сабою ўсе сцены і выкананую найлепшым чынам гіпсавую ляпніну забруджаныя, з-за часу і з-за нядбальства касцельнай прыслугі ў шматлікіх месцах пакрышаныя, адбітыя; з-за вільгаці, што трапіла ў касцёл праз старыя дзіркі ў даху адваленыя, будучы неабазнаным у мастацтве ляпніны, раптам ухапіўся за шчаслівую (так яму гэта, напэўна, здавалася) думку: зафарбаваць гіпсавыя рэльефы. І вось брудным блакітным колерам розных адценняў ён пафарбаваў сцены; вылепленыя на іх арнаменты памаляваў у зялёны колер; садавіну пакрыў жоўтаю фарбаю, а птушак абы-як страката папэцкаў; анёлкаў жа, якіх там размясцілася цэлае мноства ў разнастайных і поўных прыгажосці ўзаемаадносінах між сабою, пакрыў цялеснаю фарбаю; валасы, бровы і зрэнкі памаляваў чорнаю; бялкі вачэй старанна пабяліў. Такім чынам, на сценах прыгожага дагэтуль касцёла ўтварылася нейкая мешаніна колераў, нейкая стракатая мазаіка самага горшага кшталту, якая кожнага, хто ўваходзіць, збівае з панталыку, не даючы яму магчымасці адразу дадумацца, што магло паслужыць прычынаю такой перамешанасці найпрыгажэйшага мастацкага твора італьянскага скульптара з жахлівым пэцканнем міхалішскага арганіста? Падчас гэтага абнаўлення касцёла злодзеі, пракраўшыся ў магільную капліцу Бжастоўскіх, павыдзіралі адтуль памятныя дошкі з англійскага волава, на якіх былі выгравіраваны надпісы пра памерлых; толькі адна з іх засталася нявыдраная — Ганны Бжастоўскай, родам з Мялешкаў. Святатацкая рука іншаземных непрыяцеляў, а потым злых людзей — жыхароў гэтага мястэчка — пазбавіла касцёл не толькі яго багаццяў, але і фамільных памятак роду Бжастоўскіх, якія былі ўласнасцю мясцовай гісторыі. Застаўся толькі адзін магільны помнік, што знаходзіцца ў самім касцёле, па левай руцэ ад уваходу — па Міхале Бжастоўскім, падскарбіі ВКЛ, які я даручыў перамаляваць сабе на памяць.
Перамаляваў я яшчэ і амбону, што знаходзіцца ў касцёле, якую рэстаўратар-арганіст, на шчасце, не закрануў. Сваім кшталтам і разьбою яна нагадвае амбону, з якой тры стагоддзі назад славуты Пётр Скарга залатою пальшчызнаю нёс слова Божае вернікам Вільні ў капліцы св. Казіміра. Пад галоўным алтаром касцёла знаходзіцца даволі вялікі магільны склеп; у ім нямала трунаў рознай велічыні, амаль усе гнілыя. Шмат у якіх я падымаў века, і ў кожнай з іх нічога іншага, акрамя парэштак касцей, я не знайшоў. У некалькіх з іх былі змешчаны астанкі ксяндзоў, як можна было здагадацца па парэштках, што засталіся ад арнатаў. Найбольшы гістарычны інтарэс, найбольшую мясцовую цікавасць уяўляюць тут званы, размешчаныя на адной з вежаў касцёла, бо на другой знаходзіцца гадзіннік. Гэта вялікія бронзавыя званы. Подступ да іх даволі цяжкі, немагчыма абысціся без спецыяльнай прылады, каб усё на такой вышыні можна было добра разгледзець. З дапамогаю прыемнага і шчырага ў сваім імкненні мне дапамагчы кс. Стшалецкага за пару гадзін былі пастаўлены рыштаванні, з якіх мне ўдалося агледзець самы вялікі звон. На ім з аднаго боку адлітая выява Маці Божай са святым Дзіцяткам на руках; пад ёю — вялікіх памераў, падзелены на чатыры часткі, гербавы шчыт Бжастоўскіх і іх сваякоў; вакол — шаснаццаць першых літараў, якія азначаюць імя, прозвішча і тытулы фундатараў.
Надпіс, адліты на звоне, відавочна, сведчыць нам пра тое, што Павел Цыпрыян Бжастоўскі хацеў з’яднаць народную памяць з успамінам пра паход на Маскву. Расказваюць тут, што чацвёрты звон, непараўнальна большы за гэтыя, пры пераправе яго праз Вілію патануў і дагэтуль там знаходзіцца. Тутэйшы лекар п. Мінікоўскі, абазнаны ў разнастайных мясцовых паданнях, сам збірае іх і з прыемнасцю ўсе мне перадаў. Ён нават паказаў мне месца на Віліі, у якім мусіць знаходзіцца той вялікі затоплены звон. Цяперашні міхалішскі пробашч кс. Стшалецкі, выдатна разумеючы, якую шкоду італьянскаму стылю нанёс пры рэстаўрацыі касцельнага інтэр’еру ў Міхалішках літоўскі арганіст, шчыра задумаўся пра новую рэстаўрацыю гэтага касцёла.
Міхалішскі касцёл мае пры сабе два брацтвы: св. Ганны і св. Ружанца, зацверджаныя буламі Апостальскай Сталіцы, а менавіта папамі Бэнэдыктамі ХІІІ і ХІV — гэтыя булы захоўваюцца ў касцельным архіве. Штогод касцёл святкуе некалькі фэстаў, і сярод іх фэст у гонар св. Антонія лічыцца адным з найбольш значных. У гэты дзень, як толькі настала раніца, навакольны люд ужо пачаў збірацца на вуліцах мястэчка і перад касцёлам. Тут, на чыстай Літве, бо ад ракі Ашмянкі, нібы ад яе натуральнай мяжы, ужо ўсе сляды гэтай народнасці відавочна праяўляюцца, пачынаючы ад мовы, ужыванне якой мы тут сустрэлі, і ажно да асаблівасцяў людзей, і менавіта жанчын, усё адрозніваецца ад суседняга крывічанскага племені. Тут жанчыны высокага росту, у большасці светлавалосыя; насы маюць малыя, акруглыя (а зусім не такія, як у тых — вялікія і правільнай формы); твары доўгія і выцягнутыя. Гэтая розніца, на першы погляд, нязначная, на самай справе даволі важная і характэрная для кожнага, хто звык развіваць свае пошукі з роздумам і ўвагаю, бо ў яе адценнях можна ўгледзець тую дробную разнавіднасць, якая адрознівае між сабою групы плямёнаў. Жаночы строй таксама значна адрозніваецца ад строю, ужыванага нашымі сялянкамі; на дзяўчатах гэта назіраецца ў меншай ступені, бо тут, як і ў нас, носяць хусткі на галаве, толькі большыя і па-іншаму завязаныя; носяць гарсэты, стракатыя фартушкі, любяць пацеркі і бліскаўкі і ўпрыгожваюць галаву шматлікімі кветкамі, якія робяць іх галовы больш вялікімі, чым правільнымі: гэта лепш выяўляе ва ўборах элегантнасць і стараннасць. Бачыў я ў касцёле некалькі стройных дзяўчат, якія мелі на галаве па дзве вялізныя півоні. Маладыя замужніцы адрозніваліся ад дзяўчат кісейнымі чапцамі і хустачкамі, што пакрывалі іх плечы. Сталыя жанчыны, гэтыя вясковыя матроны, апранаюцца зусім іначай: не знойдзеш тут ні нашай палатнянай наміткі, ні шэрай сярмяжнай світкі — яны носяць на галаве каптуры; жакеткі ў іх багатыя, як належыць заможным. Каптуры гэтыя носяць у форме нібыта біскупавай мітры, зробленыя з багатага шоўку ці з блішчастай парчы, і невялікую хустку, абкручаную каля ілба вакол галавы, з-пад якой выходзяць два «вухі» з той самай багатай матэрыі, у многіх яны ўпрыгожаны кісейнаю каймою ці каронаю, што ўтварае найвышэйшую элегантнасць. На каляровай спадніцы і вельмі стракатым фартуху яны носяць сурдуцікі з цёмна-сіняга сукна, з аксамітным каўнерам, з бліскучымі гузікамі; зроблены яны да таліі і заканчваюцца вышэй каленяў, а ззаду часта збіраюцца ў складкі; у некаторых я бачыў пры гэтым сурдуціку пелярыну. Мужчыны апрануты не менш шляхетна: яны носяць нейкія сурдуты з шэрага сукна, крой якіх цяжка апісаць — нешта сярэдняе паміж старым капотам і сучасным сурдутам, усе ў доўгіх ботах, часта па верху падперазаныя чырвоным пасам. На працягу гэтага аповеду шматразова згадвалася пра род Бжастоўскіх. Мы яшчэ раз вернемся да гэтага імені і скажам, што праз пару вёрстаў ад мястэчка ёсць яшчэ і сядзіба Міхалішкі — некалі пышная, прыналежная гэтаму вядомаму ў краіне роду рэзідэнцыя, рэшткі якой сёння ледзьве захаваліся. Палац у тых Міхалішках, што некалі славіўся гасціннасцю і гучным жыццём і без перапынку адчыняў свае шырокія дзверы перад гасцямі розных рангаў і вартасці, бо, як сцвярджаюць, прымаў ён і каралёў, — у 1812 годзе быў спалены французамі, і з прычыны разладжаных спраў у родзе Бжастоўскіх ужо не мог быць нанова адбудаваны і быў пакінуты ў руінах. У гэтых руінах без дзвярэй і вокнаў і ў давяршэнне з вывернутай пярэдняй сцяной яшчэ засталіся сляды панскай раскошы і гаспадаровай выгоды. Пра першае сведчаць разбураныя печы з ляпнінаю, рамы і іншыя аздобы, што засталіся на паверсе, у жылых пакоях; сляды ж другога можна бачыць у прасторных падземных скляпеннях, што цягнуцца не толькі пад домам, але і па-за домам, у шырокіх калідорах і сутарэннях, усюды сёння парослых густым пустазеллем і крапівою.
Вакол палаца яшчэ ледзьве відаць сляды — але ўжо толькі сляды — саду, што акружаў калісьці гэтую панскую рэзідэнцыю. Захавалася яшчэ некалькі старых дрэваў, якія засталіся тут ад зніклых прысадаў і сёння стаяць нібыта неўпарадкавана, не на належных ім месцах. Ёсць яшчэ каналы і сажалкі, зарослыя травою, і нейкія сляды тэрасаў і зямельных насыпаў. Непадалёку ад гэтых звалак яшчэ стаіць малы мураваны двухпавярховы лямус, зачынены жалезнымі, моцна акаванымі дзвярыма; дзве старыя ліпы, між якімі ён стаіць, абхапілі яго сваімі галінамі з усіх бакоў. Перажыўшы вякі і сваю пышнасць, ён з такой самай абыякавасцю захоўвае сёння старыя парваныя хамуты, з якой шмат гадоў назад замыкаў, напэўна, багатыя склады рыцарскай зброі і іншых нацыянальных каштоўнасцяў, як і не менш каштоўнага срэбранага начыння і хатніх рэліквій. Усе руіны — гэта, несумненна, вартая пашаны нацыянальная спадчына; яны — нібы гістарычныя рэліквіі, але выгляд кожнай з іх напаўняе смуткам сэрца чалавека, калі нагадвае яму пра яго велічнае мінулае, якое дайшло да такога заняпаду і паўстае перад цяперашнім пакаленнем у выглядзе вострых шчарбатых чорных праломаў, аб якія бесперастанку разбіваецца слабая думка аддаленых у часе сённяшніх жывых, духоўна здрабнелых іх нашчадкаў, — думка, якая не прадказвае багатых вынікаў для чалавецтва. Сапраўды, сумна тут, між старых руінаў, сярод якіх абсалютна чужы ім сённяшні чалавек, блукаючы па іх, адчувае, што ён не варты даўнейшай велічы, і тады толькі ўздыхне з болем і не раз горка заплача над часам, які адышоў. І мы, сумныя, пад уплывам гэтага ўражання, вяртаемся як мага хутчэй да нашага гасціннага пробашча. Там, між сучасных па жыцці і па думцы людзей, мы лягчэй паразумеемся. Наведаўся я ў гэты дзень да п.[ана] Мінкоўскага ў яго ўласным доме. П.[ан] Мінкоўскі — таксама калекцыянер: ён мае невялікі збор рэдкіх рэчаў — трохі з мастацтва этрускаў, трохі з саксонскага фарфору, сярод якога заслугоўвае ўвагі кубачак з накрыўкаю, на якім намаляваны ў медальёне бюст Стан. Аўгуста, вакол яго выведзены надпіс «Stanislaus Augustus Rex». На сподачку — разгорнутая кніга, пры ёй посах справядлівасці з адным паднятым угару пальцам, лаўровы вянок і ўсе атрыбуты, якія азначаюць памятны прававы закон, прыняты ў 1791 годзе. Гэты кубачак можна было б сёння залічыць да ўжо рэдкіх памятак, якія адзначалі ў тым годзе такую слаўную падзею ў краіне. Пабачылі карабелы, гузікі ад фракаў, якія насілі падчас гэтай падзеі; стужкі ад дамскіх убораў і нават цэлыя сукенкі з прынятым да гэтай акалічнасці дэвізам. Кубачак, пра які ідзе гаворка, відавочна пераконвае нас, што мусілі быць таксама сталовыя прылады і начынне, зробленыя з нагоды гэтай радаснай нацыянальнай урачыстасці. Да гэтага кубачка падабраў п. Мінкоўскі і адпаведную срэбраную лыжачку, таксама рэдкую, якую мне давялося ўпершыню тут пабачыць. На ёй быў рэльефны адбітак князя Юзафа Панятоўскага такі, якім яго заўсёды малююць, — у пакрытым буркаю мундзіры. Зверху — выпуклы надпіс: «Юзаф князь Панятоўскі»; унізе, пад бюстам — вядомы ўсім дэвіз гэтага героя. Пан Мінкоўскі ў гэтых двух прадметах аб’яднаў адносна вялікае імя пляменніка з найвышэйшым момантам панавання яго стрыя. Калі пан лекар пабачыў, што мне гэтая лыжачка спадабалася, ён дастаў з пісьмовага стала другую, падобную, і падараваў яе мне на памяць; яна і сёння знаходзіцца ў маім зборы нацыянальных памятных рэчаў. Існуе ў гэтым наваколлі шырокавядомая і ўсімі гавораная прымаўка: «Падняўся, як жыд Міхалішскі». Пачуўшы яе, я на месцы запытаў, адкуль яна ўзяла пачатак і што магла б значыць. Мне растлумачылі, што калі міхалішскія жыды займаліся крадзяжом коней, то адзін з іх, схоплены на гэтым злачынстве, быў адпраўлены на шыбеніцу, тым самым даўшы пачатак гэтай прымаўцы. Набажэнства ў Міхалішках закончылася. Запрошаныя пробашчам шматлікія госці сышліся ў плябанію на абед, пасля якога, яшчэ раз падзякаваўшы за мілы прыём, са шкадаваннем адмовіўшы сардэчным просьбам і настойванням гасціннага пробашча пераначаваць у яго хоць бы яшчэ адну ноч, я выправіўся ў далейшы шлях. Судна толькі каля 5-й гадзіны адплыло ад берага. Непагадзь, холад і стрэчны вецер суправаджалі маё падарожжа. Як толькі мы выйшлі на раку, распачаўся такі нечаканы шторм, што над маім суднам, падкіданым хвалямі Віліі, навісла пагроза перавярнуцца. Мы не адплылі нават паўвярсты, як трэба было прыбіцца да берага і чакаць, аж пакуль неўтаймавальная вада супакоіцца. <...> Пасля найбольшых з усіх перажытых намі няўдачаў падчас падарожжа, азяблыя і змучаныя, заначавалі мы ў першым гумне на беразе, да якога нам ледзьве ўдалося прыбіцца тады, калі ўжо амаль настала ноч. Дзень, які толькі распачынаўся, рагарнуў перад намі надзвычай прыгожае наваколле. Гэта былі Вартачы — вёска, размешчаная на высокай гары, адкуль адкрываўся шырока раскінуты цудоўны краявід. Каля яе падножжа маляўніча заварочвала Вілія. З раніцы пачаўся моцны вецер, які ўсё ўзмацняўся, не абяцаючы нічога добрага майму плаванню. Змяніўшыся ў віхор, ён так раздражніў лагодную і спакойную плынь Віліі, што рака бесперастанку пенілася, шумела і бурліла і, вырываючыся на шырокае раздолле, пагражала небяспекаю кожнаму, хто б надумаўся падужацца з ёю. Наш стырнавы адштурхнуўся ад берага, і маё судна, якое пачало кідаць ва ўсе бакі, ужо не слухалася яго загадаў, але, трапіўшы ва ўладу неўтаймавальнай вады, увесь час знаходзілася пад пагрозаю перакуліцца альбо ўрэзацца ў камень. Тройчы мы адштурхоўваліся ад берага, спрабуючы, ці ўдасца нам паплыць — і тройчы мы вярталіся назад, паколькі не было ніякай магчымасці плысці далей. Цэлы дзень давялося нам прастаяць на месцы, бо шторм, які ўвесь час узмацняўся, трываў ажно да самага вечара. На гэтыя нашы водныя манеўры, на гэтае шматгадзіннае змаганне з дзвюма грознымі стыхіямі, якімі былі стрэчны вецер і раз’юшаная вада, глядзела зверху, сабраўшыся на беразе, усё вясковае насельніцтва. Калі ж мы, супраць нашага жадання, вярнуліся назад і зноў прычалілі да гэтай вёскі, праўда, з іншага яе канца, то, не маючы што рабіць, я адправіўся наводзіць знаёмства з яе жыхарамі, каб паразмаўляць з імі пра іх беды і іх клопаты. Сярод гэтага саслоўя людзей, як і сярод любога іншага, нямала можна пабачыць і бяды, і клопатаў, а жаданне паскардзіцца на іх, выгаварыцца пра іх перад чужынцам, які з цярплівасцю будзе мець ласку іх выслухаць (што ў іх рэдка здараецца, бо нараканняў сялянскіх ніхто звычайна слухаць не любіць), прыносіць ім палёгку ў іх пакутах. Аказалася, што ў вёсцы, акрамя жыхароў сталага веку, была вялікая грамада дзяцей рознага ўзросту, пачынаючы ад падлеткаў, якія яшчэ нічога сур’ёзнага не робяць, ад дзяўчынак, якія толькі бяруцца ў рост, да грудных дзяцей, якіх маткі носяць на руках. Усе яны з цікаўнасцю акружылі мяне, гледзячы як на нейкае з’явішча, як на пацярпелага крушэнне, якога немаведама які вецер выкінуў на іх бераг. Ад бацькоў паступова перайшла гаворка да дзяцей, і я пачаў аднаго за адным экзаменаваць па найбольш важнай навуцы, найбольш патрэбнай хрысціянскаму чалавеку — кожны па чарзе павінен быў мне паўтарыць пацеры. Тут я больш адчувальна пераканаўся, што ў гэтай дыяцэзіі духавенства старанней, чым у іншых, клапоціцца пра распаўсюджванне касцельнай навукі, бо кожны з дзяцей гэтай вёскі, як старэйшыя, так і меншыя, выдатна, без памылкі, гаварыў мне пацеры. Якая ж вялікая была радасць у бацькоў, якое нічым не апісанае шчасце ў дзяцей, калі я кожнаму з іх за тое, што добра ведалі пацеры, з маіх падарожных запасаў падараваў святы медалік ці крыжык. <...> А 6-й гадзіне раніцы мы ўжо былі ў Быстрыцы. Быстрыца знаходзіцца ў Віленскім павеце, на левым беразе Віліі, пры ўпадзенні ў яе малой рэчкі Быстрычанкі — гэта адна са шматлікіх каралеўшчын, якая знаходзілася ва ўласнасці Бжастоўскіх. Пачынаючы ад Жодзішак і аж да Няменчына, уздоўж берага Віліі і далёка ўглыб гэтай часткі краю, здараецца напаткаць арэндныя землі менавіта Бжастоўскіх — ці спадчынныя, ці каралеўшчыны; і паўсюль можна пабачыць сляды іх велічнага жыцця — ці ў руінах палацаў, ці ў фундацыях і забеспячэнні касцёлаў. У Быстрыцы па-над Віліяй ёсць мураваны касцёл2. Касцёл гэты, як і міхалішскі, належаў некалі кс. аўгустынам de paenitentia, ці канонікам рэгулярным. Хто іх тут фундаваў, калі яны былі сюды прысланыя — даведацца пра гэта з мясцовых архіваў немагчыма. Але ў тым, што канонікі ў Быстрыцы жылі вельмі даўно, пераконвае нас і час іх ліквідацыі, бо ў адным з касцельных дакументаў ад 1822 г. я знайшоў тлумачэнне, што яшчэ 14 жніўня 1528 г., пасля скасавання ў Быстрыцы канонікаў de paenitentia, Жыгімонт І прызначыў сродкі для віленскага суфрагана, аддаючы яму касцёл і частку мястэчка Быстрыца разам з яго карчмою, і наступныя фальваркі: Дуды, Мілен, Дзіва і Альшэц, з тою ўмоваю, каб наступныя суфраганы ўтрымлівалі пры быстрыцкім касцёле трох ксяндзоў, дырэктара школы і касцельную прыслугу. Забяспечаны такімі сродкамі, быстрыцкі пробашч кс. Антоній Жулкоўскі, біскуп Моленскі, суфраган, прэлат, дэкан катэдральны, афіцыял генеральны віленскі, у 1760 годзе збудаваў гэты касцёл. Скончыў яго знутры і асвяціў у імя Узнясення Святога Крыжа кс. Тамаш Зянковіч, біскуп Арыяпалітанскі, суфраган, прэлат, дэкан катэдральны віленскі. З цягам часу, калі быстрыцкае пробаства невядома па якой прычыне выпала з рук віленскіх суфраганаў і трапіла ў рукі простых пробашчаў, і яго сродкі аказаліся значна больш сціплымі, тады паволі, паступова касцёл пачаў занепадаць.
Мураваны касцёл у Быстрыцы не мае ніякага чыстага стылю; у яго архітэктурнай кампазіцыі дзе-нідзе выступаюць прапорцыі італьянскага стылю, змешаныя з формамі стылю касцёлаў, часта будаваных у Польшчы. Гэтае збудаванне мае даўжыню 18, а шырыню 9 сажняў; франтальна мы бачым дзве ладныя, даволі высокія вежы; між імі — значнай вышыні франтон, амаль акругла завершаны, з крыжам наверсе. Прэзбітэрый у гэтым касцёле з заходняга боку мае авальную форму, над ім знаходзяцца абабітыя бляхаю і пакрытыя дахоўкаю вежы, якія завяршаюцца пазалочанымі крыжамі з шарамі. Гэты касцёл патрабуе сёння значнага рамонту, і менавіта звонку: паламаныя кроквы пагражаюць хуткім абвалам даху; карнізы ад вільгаці паабрываліся, і нідзе вакол няма прыстойнага акружэння. Унутры касцёла я не знайшоў ніякіх памятак, якія б маглі сведчыць пра яго старажытнасць. Толькі на вежы знаходзяцца два прыгожа адлітыя званы. На большым з іх зноў пабачылі «Стрэмя» — герб Бжастоўскіх, над якім вакол ідзе надпіс:
P. P. L. C. B. L. V.
На другім, меншым, пад арнаментам, які акружае яго зверху, размешчаны шэраг галовак анёлаў з крыльцамі. З фасада, па абодва бакі ўваходных дзвярэй, знаходзяцца дзве ўмураваныя куніцы — апошні помнік, які нагадвае нам пра самаўпраўную ўладу, якую мелі калісьці служкі касцёла над верным яму народам. Вось і ўсё, што можна паведаміць пра быстрыцкі касцёл. Затым я прыступіў да далейшых даследаванняў — збору мясцовых песняў і паданняў. Што да песняў, то тут справа пайшла значна лягчэй, чым папярэдне. «Сельское управление», прысылаючы нам жанчын і дзяўчат — вядомых у гэтай воласці спявачак, аблегчыла нам гэтую складанасць. Дзяўчаты і жанчыны, асмялеўшы ад майго прыёму і ад майго абыходжання, адна перад другой наперамену пачалі дыктаваць свае сельскія песні. Запісалі мы нямала іх, прымеркаваных да розных акалічнасцяў. Тут існуе вялікая разнастайнасць мясцовых песняў, і ўжо не павет, не воласць, але амаль кожная ваколіца спявае нешта іншае пры сваіх асноўных абрадах, пры народных урачыстасцях ці за працаю. Пачынаючы ад межаў Свянцянскага павета, просты люд выглядае ўсё больш абыякавым да мясцовых паданняў; абыякавасць жа гэтая разам з бегам Віліі, набліжаючыся да вялікага горада, якім з’яўляецца Вільня, значна павялічваецца. Гэта я заўважыў у маім цяперашнім падарожжы. Тут, у Быстрыцы, напрыклад, ні пра што нельга даведацца — ці то з-за раўнадушнасці да мясцовых успамінаў, ці з-за нейкай недаравальнай ляноты? Бацька неахвотна расказвае пра сваё мінулае сыну, сын жа лянуецца распытаць бацьку пра мінулыя часы; і гэтак на кожным пакаленні перарываецца тая нітка, якая звязвае нас з мінуўшчынай, і такое стаўленне выпрацавала ў народа поўную абыякавасць да даўнейшых паданняў і поўнае іх занядбанне. Колькі ж спатрэбілася намаганняў, колькі давялося задаваць разнастайных пытанняў, перш чым нечага дабіцца, перш чым тутэйшым людзям удалося нешта згадаць пра іх мясцовасць, пазначаную нейкім успамінам. Апытаныя мною такім спосабам вяскоўцы ледзьве здолелі згадаць, што за некалькі вёрст ад Быстрыцы, у старой, парослай адвечнымі дубамі пушчы, знаходзіцца высокая і вельмі крутая гара — Замкаўшчына, і што там, як сцвярджаюць людзі, стаяў калісьці замак. Гэтага мне толькі не хапала! Хоць замак гэты, што знаходзіўся за некалькі вёрст ад берага, ляжаў за межамі маіх пошукаў, прывязаных толькі да берагоў Віліі, аднак на гэты раз я адступіўся ад сваіх ранейшых правілаў. Бяру людзей, наймаю коней, забіраем з сабою вымяральныя прыстасаванні і едзем на Замкаўшчыну. Едучы некалькі вёрст на сялянскіх вазах па найгоршай, якую толькі можна сабе ўявіць, дарозе, мы спыніліся ва ўрадавым засценку, які зваўся Лінамаргі. Адтуль, з мясцовым лесніком на чале, пехатою ідзем у лес. Напэўна, праз вярсту, у старой, адвечнай, перамяшанай дубамі яловай пушчы, зарослай галлём да такой ступені, што сярод дня ў ёй заўсёды цёмна і холадна, мы ўбачылі, як перад намі паўстала настолькі крутая гара, што ўзлезці на яе з гэтага боку было немагчыма. Леснікі правялі нас вакол яе і ў больш даступным месцы мы ледзьве ўскараскаліся на яе вяршыню. У такім вялікім гушчары немажліва было ні агледзець, ні адразу зразумець яе формы, аднак, абследаваная па частках, яна не пакідала сумнення ў тым, што на яе хрыбце над насыпам калісьці працавала чалавечая рука. Намі былі расстаўлены вымяральныя прыстасаванні, і калі пасля праведзенага вымярэння ўся форма гары легла нам на столік, стала зразумела, што вакол нас знаходзіліся ўмацаванні, якія мелі роў у 800 квадр. сажняў паверхні, акружаны насыпным валам вышынёю 7 з паловаю сажняў над гэтым ровам, без адзінага выразнага ўваходу ў яго. Звонку ж на 8 з паловаю сажняў ад вяршыні насыпу на ўсход і поўдзень знаходзіцца глыбокі роў, у якім 14 ямаў дакладнай квадратнай формы, дзе кожны бок квадрата мае паўтара сажня. Гара гэтая мае занадта малую паверхню для абароннага замка, затое мае ўсе прыкметы ахвярнага гарадзішча. Значыць, у старажытнасці гэта было месца ўслаўлення багоў, у глыбокім ірве якога няспынна гарэў агонь. Што маглі б значыць у рве тыя ямы, якім магло быць іх прызначэнне ў старажытнасці — не магу з упэўненасцю разгадаць, а здагадак і меркаванняў маіх у гэтым пытанні выказваць не адважваюся. Замкаўшчына тая, тапаграфічна абмераная і перамаляваная, легла ў папку мясцовых памятных мясцін, сабраных мною ў гэтым падарожжы. На хрыбце тых умацаванняў, што акружалі ахвярны роў, я знайшоў некалькі струхлелых пнёў, што засталіся ад вялізных дубоў — гэта былі апошнія рэшткі тых святых гаёў, якія ў паганскай Літве павінны былі акружаць усе месцы, прызначаныя для службы багам. Адзін з іх, на самым хрыбце ўмацавання, сёння ўжо павалены, ад якога застаўся тырчаць толькі гнілы пень, лічыўся з усіх сваіх равеснікаў найбольш шануемым дубам, бо пень яго, памераны мною, меў у акружнасці 9 аршынаў і 8 вяршкоў; адсечаную рэштку таго пня я забраў з сабою ў калекцыю айчынных старажытнасцяў. Калі мы вярталіся з гэтай археалагічнай экскурсіі, праліўны дождж з частымі грымотамі захапіў нас па дарозе — мы прамоклі да ніткі; на давяршэнне непрыемнасці, калі вяскоўцы, уцякаючы ад дажджу, гналі коней без памяці па гарыстай і поўнай ямінаў і камення дарозе, кожны з нас, на шчасце, без сур’ёзных вынікаў, хоць раз, але перакуліўся з возам. Я вярнуўся прама ў плябанію, бо там быў раскватараваны. Кс. пробашча мы не засталі дома, ён ад’ехаў у Вільню, але пасля завязанага з ім знаёмства ў Міхалішках, паколькі ён ведаў, што я не абміну Быстрыцу, пакінуў святару, які яго замяняў, наказ прыняць нас у плябаніі. Таму мы разгасцяваліся ў гэтага ксяндза, чалавека надзвычай гасціннага, які нас сардэчна прыняў, — ён не толькі адчыніў нам для адпачынку плябанію, не толькі напаіў і накарміў, але ў дадатак забяспечыў запасамі з каморы, якія ў нас ужо заканчваліся і якіх тут немагчыма было дастаць за грошы. Вяскоўцы, даверыўшыся мне за некалькі гадзін нашых кантактаў, падахвочаныя падараванымі мною ўзнагародамі, пачалі здабываць з памяці іншыя мясцовыя паданні. Праз тры вярсты за Быстрыцай, над Віліяй, казалі яны, ёсць шведскія магілы, але яны былі не такія цікавыя, як другія, што мы бачылі за ракою ў Свянцянскім павеце, бо з іх швед, як расказвалі сяляне, страляючы праз раку па касцёлу, разбураў яго муры. Атрымаўшы такія звесткі, я адразу ж з маімі людзьмі, з рыдлёўкамі, узяўшы з вёскі правадніка, накіраваўся на тыя шведскія ўмацаванні. Гэта аказалася паганскае захаванне, складзенае з некалькіх дзясяткаў курганоў, парослых старымі дубамі і соснамі. Калі адзін з іх быў раскапаны і нічога ў сабе не змяшчаў, то ў мяне прапала ахвота праводзіць далейшыя раскопкі, тым больш што дождж і шалёны вецер увесь час перашкаджаў нашай рабоце.
Пераклад з польскай мовы
Гл. таксама:
Каментарыі
|
|
|
|