|
|
|
№
3(77)/2016
Год Міласэрнасці
Вялікія містыкі
Пераклады
Інтэрв’ю
Кс. кардынал Зянон ГРАХАЛЕЎСКІ адказвае на пытанні кс. Кшыштафа СРОКІ
КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ Адукацыя
Алена ВАЛЬЧУК
РОЛЯ ЕЗУІТАЎ ІСПАНЦАЎ У РАЗВІЦЦІ АДУКАЦЫІ НА ТЭРЫТОРЫІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў XVI–XVII СТСТ. Асобы
Мастацтва
Паэзія
Успаміны
Інтэрв’ю
З архіваў часу
Маналог святара
Спадчына
Канстанцін ТЫШКЕВІЧ
ВІЛІЯ І ЯЕ БЕРАГІ Ў ГІДРАГРАФІЧНЫХ, ГІСТАРЫЧНЫХ, АРХЕАЛАГІЧНЫХ І ЭТНАГРАФІЧНЫХ АДНОСІНАХ Асобы
Псіхалогія
|
ВІНЦЭНТ ВАЛАДКОВІЧ — ПАПЛЕЧНІК ЭДВАРДА ВАЙНІЛОВІЧА
Валадковічы шчасліва жылі ў Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. Яны казалі, што там — як у Бога за пазухай. Сапраўды так і было да таго часу, пакуль гэты ідэальны свет не ператварыўся для іх у мора тугі і роспачы. На працягу доўгага часу маёнтак Валадковічаў знаходзіўся ў Дэкшнянах, каля Радашковічаў, і толькі ў другой палове XVIII ст. да сямейнага маёнтка быў далучаны Іваньск, які знаходзіўся за дзесяць кіламетраў ад Чашнікаў. Ён паволі ператвараўся ў галоўную сядзібу. У пачатку XIX ст. там з’явіўся вялікі аднапавярховы дом. Менавіта туды 15 жніўня 1873 г. Вінцэнт Валадковіч, сын Ігнацыя і Аліны з князёў Друцкіх-Любецкіх, які быў адным з самых заможных землеўладальнікаў, прывёў сваю маладую жонку Зоф’ю з Гарцінгаў — дачку Густава і Эльфрыды з тых жа князёў Друцкіх-Любецкіх. Зоф’я не асабліва вабіла сваёй прыгажосцю, але была вельмі прыемнай, з элегантнымі манерамі, а перадусім мела добрае сэрца. Маладую пару звязвала блізкая роднасць: іх маці былі сёстрамі, таму згоду на шлюб маладыя павінны былі атрымаць у Папы Рымскага. Дазвол прыйшоў, бо такія адносіны паміж сваякамі ў шляхецкіх і арыстакратычных родах былі нярэдкасцю ў тыя часы. Вінцэнт лічыў Іваньск самым лепшым месцам у свеце: тут ён вырас, ведаў кожную сцяжынку, але яго маладая жонка, якая большасць сваіх маладых гадоў правяла ў Дрэздэне, не ведала тут нікога, акрамя сваёй старэйшай сястры Эльфрыды, жонкі Казіміра Сялявы, якая жыла ў Лепельскім павеце. Для Зоф’і Іваньск са сваёй адметнай культурай, мілагучнай мовай, з праваслаўнымі крыжамі на скрыжаваннях дарог быў светам, які штодзённа знаёміў яе з чымсьці новым, але, дзякуючы Вінцэнту і вялікай сардэчнасці сваякоў і суседзяў, ён стаў для яе ўласным светам. Вінцэнт намагаўся, каб яго жонка, якая прызвычаілася да заходняга камфорту, і тут ні ў чым не мела нястачы. Муж паклапаціўся, каб маёнтак быў камфортным, каб там было ўсё самае новае. Як толькі стала магчымым, там з’явілася электрычнасць, хутка быў падключаны нават тэлефон, што лічылася рэдкасцю. Толькі Валадковіч не рашаўся набыць аўтамабіль, бо лічыў, што ён ніколі не заменіць коней. Іваньск стаў для Валадковічаў асяродкам трывалага сямейнага жыцця, бо тут нарадзіліся іх дзеці: Юзаф, Міхал, Густаў, Ігнацый, Геранім, Марыя, Казімір, Генрык і Канстанцін (Міхал і Канстанцін памерлі ў раннім узросце).
Валадковічы вельмі хацелі, каб іх дзеці атрымалі лепшую адукацыю. Нянькі, якія працавалі з дзецьмі, маглі быць і тутэйшымі, але гувернантак і настаўнікаў запрашалі з Францыі, Германіі ці Англіі, а таксама з Польскага Каралеўства. Пані Зоф’я, якая выхоўвалася ў Дрэздэне, найбольш цаніла нямецкі персанал. Дзеці Валадковічаў вывучалі гісторыю, геаграфію, матэматыку, былі ў іх заняткі па польскай мове і музыцы, яны размаўлялі на французскай, нямецкай і англійскай мовах. Кантактуючы з мясцовымі жыхарамі, гаварылі і па-беларуску, аднак найважнейшай была польская мова, бо так хацелі бацькі. Яны таксама вырашылі, што ў іх доме рускую мову не могуць выкладаць расіяне, але гэта не было выдатнай ідэяй, у чым пераканаліся іх сыны падчас навучання ў гімназіі: «Рускую мову, нягледзячы на тое, што вывучаў у Іваньску, ведаў вельмі дрэнна. Гэта не дзіўна, калі ўзяць пад увагу, што выкладалі яе палякі, асяроддзе было пераважна польскім, сяляне і частка службы размаўляла па-беларуску. Большасць калег была здзіўлена маім акцэнтам, а не раз мне дакучала, калі замест расійскіх слоў ужываў беларускія выразы, што вельмі часта здаралася». Вінцэнт клапаціўся аб адукацыі ўласных дзяцей, але не забываўся і аб сваіх супрацоўніках. Самыя здольныя былі адпраўлены на вучобу ў школы і ва ўніверсітэты, нават за мяжой. Пасля заканчэння хатняй адукацыі сыны Валадковічаў паехалі вучыцца ў гімназіі Пецярбурга. Наступным крокам стала вучоба ва ўніверсітэце. Юзаф выбраў палітэхніку ў Рызе, Густаў — хімію ва ўніверсітэце ў Германіі, Ігнацый — права ў Пецярбургу. Бацькі часта да іх прыязджалі, знаёміліся з ўмовамі, у якіх яны жылі, цікавіліся поспехамі ў навуцы. Дачка Валадковічаў, як і сыны, была акружаная колам настаўнікаў. Бацькі лічылі, што ёй хопіць і хатняй адуцкацыі, але дзяўчына вырашыла, што трэба вучыцца, як і яе браты. Толькі хацела вывучаць не права ці хімію, а медыцыну. Бацькі не маглі ўявіць сабе, што дачка будзе дзесьці вучыцца, — лічылі, што яна павінна найперш выйсці замуж, бо сям’я і дзеці — галоўнае прызначэнне дзяўчыны з добрага дома. Але Марыя расла амбітнай і ўпартай, не адчувала паклікання да сямейнага жыцця. І дзяўчына настаяла на сваім. Большую частку года яна правяла ў Цюрыху. Неўзабаве магла прымяняць свае веды па медыцыне на практыцы, і яе бацькі адкрылі невялікі шпіталь у Чашніках. А калі ўжо атрымала дыплом, бацькі падаравалі ёй шпіталь для дзяцей у Вільні. І так моцна яна была з’яднаная з гэтай былой сталіцай ВКЛ, што па заканчэнні Другой сусветнай вайны не паехала ў Польшчу, дзе жылі яе браты, — яна хацела быць як мага бліжэй да свайго шпіталя і назаўсёды засталася ў Вільнюсе. Калі Вінцэнт Валадковіч ствараў уласную сям’ю, ён меў каля 75 гектараў не толькі лясоў, палёў і вёсак, але таксама і некалькі мястэчак, такіх, як Чашнікі ў Лепельскім павеце, Смалявічы — у Мінскім. Ён быў адным з самых багатых землеўладальнікаў на Беларусі, але перадусім — дасканалым гаспадаром, здольным паклапаціцца як пра свае інтарэсы, так і пра тых, каго наймаў.
Гаспадар Іваньска сваім вопытам дзяліўся з іншымі землеўладальнікамі — быў дэпутатам ад шляхты Лепельскага павета, адным з кіраўнікоў Віцебскага сельскагаспадарчага таварыства. У яго маёмасці былі млыны, лесапільні, вінакурні, фабрыка кардону і паперы, а таксама шкляны завод. У Валадковіча працавалі пераважна католікі, якія часта прыязджалі сюды з аддаленых мясцовасцяў. Гэта ўплывала на колькасць вернікаў бешанковіцкай парафіі, якая расцягвалася на 30 вёрстаў. Сярод парафіянаў пераважала шляхта, было крыху рабочых фабрыкі і зусім няшмат сялянаў. Значна павялічылася колькасць парафіянаў дзякуючы папяровай фабрыцы Валадковічаў, дзе працавала шмат католікаў. Шкляны завод і папяровая фабрыка дзейнічаюць і да гэтага часу. Папяровая фабрыка называецца «Чырвоная зорка». «Гонарам Іваньска быў вядомы па ўсёй Расіі табун рысакоў, які займаў першыя месцы на пецярбургскіх і маскоўскіх трасах, спаборнічаў з такімі табунамі, як князя Давіда Сан Данато». Стайня была недалёка ад парку. Побач з ёй знаходзілася вялікая траса для трэніровак. Коньмі займаліся маладыя хлопцы, якія насілі белыя курткі ў сінія палоскі. Уладальнік меў да іх спецыяльныя патрабаванні: «Прымаю на службу толькі дасціпных і непітушчых хлопцаў сярод мясцовага насельніцтва». П’янства было строга забаронена, і за шклянку гарэлкі вінаваты адразу ж губляў працу, але такое здаралася. Вінцэнта Валадковіча з дзяцінства цікавіла гісторыя. Калі ён ездзіў да бабулі Ядвігі, любіў праводзіць час на паддашку: «Усё гарышча было завалена рознымі старымі рэчамі, сярод якіх была старажытная зброя і яшчэ шмат чаго цікавага. Акрамя панцыраў, на паддашку ў Дэкшнянах стаяла некалькі камодаў з дакументамі, звязанымі ў пачкі. Але, на жаль, частка гэтых папераў была пагрызена пацукамі». Вінцэнт цаніў сувеніры з мінулага і ахвотна збіраў іх у Іваньску. З часам аказалася, што яго старая сядзіба ўжо не магла змясціць усіх экспанатаў. Тады вырашылі ўзвесці новую. У другой палове XIX ст. як працяг старога маёнтка была прыбудавана новая частка, каб размяшчаць памятныя рэчы. Недалёка ад новага маёнтка была ўзведзена двухпавярховая прыбудова, у якой жыла прыслуга. Стары маёнтак і новы палац былі акружаныя вялікім паркам у англійскім стылі — з газонамі, клумбамі, ліпавымі алеямі. Была там і аранжэрэя, у якой разводзіліся экзатычныя расліны. Тую частку дома ад гаспадарчых будынкаў, стайні і трасы аддзяляла цагляная агароджа. У цэнтральным пункце парку сярод соснаў размяшчалася альтанка, у якой любілі адпачываць Валадковічы і іх госці падчас шпацыраў. Сцяжынкі былі высыпаныя пакрышанай чырвонаю цаглянаю крошкаю. На краі парку стаяла капліца, а ў ёй — фігура Езуса ў цярнёвай кароне, з выцягнутымі рукамі, звязанымі срэбнымі шнурамі. Гэта фігура праз шмат дзесяцігоддзяў апынулася ў касцёле ў Чашніках. Калі пасля студзеньскага паўстання капліцу аддалі пад царкву, фігура была перанесеная ў сядзібу Валадковічаў, тады з Чашнікаў у Іваньск таксама трапілі i срэбныя воты. Сёння ўжо марна шукаць у Іваньску прыгожы парк, акружаны цагляным мурам, няма следу ні дрэваў, ні чырвоных сцежак. У новай сядзібе, у галоўнай зале, размяшчалася галерэя сямейных фотаздымкаў. У наступным памяшканні захоўвалася калекцыя фарфору, сярод якой былі посуд і вазы. Асобная зала была прызначаная для срэбра — падсвечнікі, скрынкі, талеркі. На сценах вісела старая зброя. Аднак сярод тых калекцый не знайшліся рэчы, якімі Вінцэнт захапляўся на паддашку ў Дэкшнянах: «Тую зброю, даспехі, сёдлы, старадаўнюю збрую і некаторыя іншыя рэчы з Дэкшнянаў падаравала мая бабуля каля 1856 г. музею ў Вільні, які быў заснаваны Яўстахіем Тышкевічам». Усе калекцыі былі ўпарадкаваны спецыяльна запрошанымі ў Іваньск гісторыкамі. У архіве Валадковічаў захоўваліся у 237-мі скрынках 9613 дакументаў... Валадковіч планаваў падзяліцца сваімі музейнымі скарбамі — вынікам шматгадовых старанняў і пошукаў, але не паспеў — перашкодзіла вайна. Сёння ад сядзібы засталіся толькі часткі сценаў, паміж якімі расце пустазелле і гуляе вецер.
Сярод землеўладальнікаў Віцебшчыны Валадковічы лічыліся не толькі вельмі заможнымі людзьмі, але і вялікімі дзівакамі. Гэта сцвярджаў кожны, хто прыязджаў да іх у госці. Гаспадары Іваньска звычайна прачыналіся а сёмай гадзіне вечара, адразу ж падавалася гарбата, а дзясятай накрывалі на стол. Усе адміністрацыйныя справы звычайна вырашаліся ноччу, а раніцай пан Валадковіч з жонкай сядалі ў карэту і ехалі на фабрыку, каб заплаціць працаўнікам, ці ў чарговы раз аб’язджалі фальваркі. Пасля снядання гаспадары ішлі адпачываць. Увесь двор быў прыстасаваны да такога распарадку дня. У выпадку прыезду асабліва важных гасцей распарадак дня змяняўся, але часова. У Іваньск часта прыязджалі сёстры Зоф’і — Эльфрыда, якая жыла побач, Аліна прыязджала з Грушаўкі Ляхавіцкага павета. Жыццё, напоўненае дзіцячым гоманам у двары Валадковічаў, вельмі радавала яе. Аліна бязмежна любіла дзяцей, але сваіх так і не дачакалася. У Грушаўцы тую пустату запаўняла грамадскай дзейнасцю на карысць касцёла. Дзякуючы ахвярнасці пані Аліны і яе мужа, Юзафа Рэйтана, у 1907 г. у Ляхавічах, недалёка ад Грушаўкі, паўстаў касцёл св. Юзафа. Яна з вялікай радасцю прымала сям’ю сястры ў сябе ў Грушаўцы — з такой нагоды абавязкова ладзіліся прагулкі ў Мураванку, у тое месца, дзе трагічна загінуў Тадэвуш Рэйтан, адзіны пасол Польшчы, які супрацьстаяў рынку, пратэставаў супраць першага падзелу краіны. Маладыя Валадковічы дзякуючы бацьку захапіліся гісторыяй, уважліва слухалі аповеды пра чалавека, якога ўвекавечыў на палатне Ян Матэйка. На пачатку сусветнай вайны Валадковічы, як і іншыя землеўладальнікі Віцебшчыны, былі перакананыя, што праз некалькі месяцаў усё ўладкуецца, а яны нават не адчуюць, што была вайна. Праз два гады Валадковічы змянілі свае думкі. Але і тады аб ад’ездзе з дому не было і мовы, ніхто сабе гэтага і не ўяўляў. Валадковічы выехалі з Іваньска ў пачатку 1917 г., калі пачаліся пагромы маёнткаў і заставацца там ужо стала небяспечна. Падчас падрыхтоўкі да эвакуацыі кожны член сям’і меў сваё заданне: Вінцэнт займаўся коньмі, яго сын Юзаф клапаціўся аб архіве і карцінах. У часе нямецкай акупацыі ў 1918 г. Юзаф вывез архіў у дзвюх вялізных скрынях у Мінск і пакінуў у кватэры на вул. Каломенскай, а адтуль яго забраў Тадэвуш Кожан. Тадэвуш уратаваў вельмі каштоўны архіў Завішаў, прывезены з Кухчыцаў па просьбе Магдалены Радзівіл. Каталог архіва Юзаф забраў з сабой. Акрамя таго, у кабінеце Вінцэнта было некалькі пергаментаў, сярод якіх — сапраўдны прывілей на кірмашы ў Чашніках з подпісам Станіслава Аўгуста 1782 года. Гэты пергамент разам з іншымі быў знішчаны падчас эвакуацыі з Іваньска. Напярэдадні выезду пан Валадковіч са сваім слугою закапалі ў парку скарбонку са срэбрам, каб забраць яе ў спакайнейшыя часы. Слуга прысягаў, што дагледзіць яе, але, калі спатрэбілася яе перавезці, скарбонка са срэбрам знікла.
У лютым 1918 г. вярнулася Зоф’я Валадковіч, каб яшчэ штосьці ўратаваць. З папяровай фабрыкі «Скін» удалося адправіць у Мінск машыны. У 1918 г. Валадковічы пераехалі з Мінска ў Варшаву, а калі была падпісана Рыжская дамова і іх землі аказаліся на бальшавіцкім баку, было вырашана шукаць новае месца жыхарства, але ўжо пад чужым небам. Так яны апынуліся ў Быдгашчы. Чаму менавіта ў Быдгашчы? Магчыма, Вінцэнт Валадковіч быў знаёмы з Эдвардам Вайніловічам, бо яны былі членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Магчыма, яны сустракаліся, і таму Эдвард дапамог пераехаць у Быдгашч. У жніўні 1923 г. Валадковічы святкавалі свой залаты юбілей. Гэта не была ўрачыстасць, вартая Іваньска. Госці не сядзелі ў вялікай сталовай з партрэтамі продкаў, не мелі магчымасці захапляцца ні прыгожым старым фарфорам, ні цэнным срэбрам. Не хапала адданай службы, няшмат сваякоў магло прыехаць, каб разам з юбілярамі адсвяткаваць гэты важны ў гісторыі сям’і момант. Па фотаздымку відаць, што, згодна з традыцыяй, юбіляры сядзелі перад аб’ектывам: яна — у простай цёмнай сукенцы з карункавым каўнерыкам, а ён, як заўжды, элегантны і годны. Валадковічы трымаюць у руках юбілейныя жэзлы — сімвал залатога юбілею. Магчыма, думаюць аб тым, як бы гэты дзень выглядаў у Іваньску. Напэўна, ім было шкада, што не могуць атрымліваць асалоду ад сямейнага шчасця там, дзе пражылі столькі добрых гадоў... Вінцэнт Валадковіч памёр 17 красавіка 1927 г., а яго жонка на год пазней — 11 кастрычніка 1928 года. Магчыма, што бацькі яшчэ перад смерцю папрасілі, каб на могілках у Быдгашчы была пахавальня для ўсёй сям’і, каб у будучыні ўсе зноў былі разам, як кальсьці ў Іваньску.
Кацярына Качарго.
Фотаздымкі з
|
|
|
|