|
|
|
№
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі
Пераклады
Год Міласэрнасці
Паэзія
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam
Па родным краі
Прэзентацыя
|
Святы Ян ад Крыжа
УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬТрактат пра тое, як павiнна падрыхтавацца душа, каб за кароткi час дасягнуць злучэння з Богам. Парады i вучэннi як для пачынальнiкаў, гэтак i для дасведчаных, вельмi карысныя, каб вызвалiцца ад усiх рэчаў дачасных, не абцяжарваць сябе духоўнымi прывязанасцямi i застацца Ў найвышэйшай аголенасцi i свабодзе духу, неабходных для злучэння з Богам. Напiсаны айцом кармэлiтам босым, братам Янам ад Крыжа.АРГУМЕНТ Усё вучэнне, якое я збiраюся прапанаваць ва Узыходзе на гару Кармэль, заключана ў радках наступнай песнi, дзе тлумачыцца, якiм чынам дасягаецца вяршыня гары, гэта значыць найвышэйшая ступень дасканаласцi, цi тое, што мы называем злучэннем душы з Богам. I паколькi я буду абапiрацца на гэтыя радкi на працягу ўсёй кнiгi, я хачу спачатку прадставiць усю песню цалкам, каб адразу была бачная i зразумелая сутнасць таго, пра што я буду пiсаць. I па меры выкладання майго вучэння, я буду цытаваць асобныя строфы цi асобныя радкi там, дзе гэта будзе патрэбна. Вось гэтая песня, у якой душа апявае свой шчаслiвы лёс, бо яна змагла прайсцi праз цёмную ноч веры, каб дасягнуць, аголеная i ачышчаная, злучэння з Каханым.
ПРАЛОГ Дзеля тлумачэння i лепшага разумення цёмнай ночы, праз якую павiнна прайсцi душа, каб дасягнуць магчымага ў гэтым жыццi Божага святла дасканалага злучэння з любоўю Бога, патрэбныя веды i досвед значна большыя, чым мае. Паколькi благаслаўлёныя душы, каб дасягнуць найвышэйшага стану дасканаласцi, павiнны пераадолець настолькi шматлiкiя i глыбiнныя цемры i пакуты, духоўныя i дачасныя, што нiякай людской навукi не хопiць, каб гэта зразумець, i нiякага людскога досведу недастаткова, каб гэта апiсаць. Толькi той, хто пройдзе праз гэтае цяжкае выпрабаванне, зможа прачуць гэта, але, хутчэй за ўсё, не зможа выказаць. I таму, каб сказаць нешта пра гэтую цёмную ноч, я не столькi буду пакладацца на сваё дасведчанне цi на веды, бо i адно i другое з’яўляецца недастатковым i можа звесцi, але, па мажлiвасцi выкарыстоўваючы гэтыя апошнiя ў маiм выкладаннi, буду больш пакладацца на Божую дапамогу: гэта значыць, што для тлумачэння найбольш важнага i складанага для разумення я буду абапiрацца на Святое Пiсанне, бо калi мы кiруемся iм, мы нiколi не зможам памылiцца, бо праз яго гаворыць Святы Дух. Калi ж я ў чым памылюся, бо нечага я не зразумеў добра ў Святым Пiсаннi цi па-за iм, кажу вам, што не ў маёй iнтэнцыi адысцi ад святой рацыi i вучэння Святой Мацi Каталiцкага Касцёла, i ў гэтым сэнсе я цалкам падпарадкоўваюся не толькi яе запаведзям, але i кожнаму, хто мае большы аўтарытэт у гэтых пытаннях. Тое, што змусіла мяне ўзяцца за напiсанне гэтай кнiгi, зусім не перакананасць у тым, што я здольны да такой складанай рэчы, але поўная ўпэўненасць у тым, што Пан дапаможа мне сказаць нешта, у чым многiя душы маюць вялiкую патрэбу. Бо бывае, што душы, на пачатку свайго шляху да цноты, калi наш Пан з любоўю падводзiць iх да гэтай цёмнай ночы, каб яны, прайшоўшы праз яе, дасягнулi Божага злучэння, не рушаць наперад. Часам гэта здараецца таму, што яны самi не хочуць увайсцi ў яе цi дазволiць, каб іх увялi. Часам менавiта таму, што душа не разумее, што з ёю адбываецца, а побач няма слушнага i дасведчанага дарадцы, якi можа кiраваць ёю на шляху да самой вяршынi. Вось чаму так шкада бачыць душы, якiм Бог дараваў талент i ласку, каб iсцi наперад, але яны, дасягаючы гэтага найвышэйшага стану, маючы мужнасць i ўсе неабходныя якасцi, спыняюцца на першых прыступках адносiнаў з Богам, бо не хочуць, а можа i не ведаюць кiрунку, а можа таму, што нiхто iм не дапамог i не навучыў, як вызвалiцца з хiстанняў першапачаткоўцаў. Калi, урэшце, Пан дае iм ласку, каб прайсцi праз цёмную ноч без дапамогi iншых, яны дасягаюць новага стану дасканаласцi вельмi позна, з вялiкаю цяжкасцю i з меншаю заслугаю, бо яны не падпарадкавалiся цалкам Яму i не дазволiлi свабодна вывесцi iх на чысты шлях злучэння з Iм. Нягледзячы на тое, што Бог уздымае iх да сябе i без iх дапамогi, яны яшчэ i перашкаджаюць гэтаму ўздыму. I таму рушаць да Яго вельмi павольна, супрацiўляючыся Таму, Хто вядзе іх за сабою, i гэтым памяншаюць свае заслугi, не выкарыстоўваючы сваёй волi, i такiм чынам больш пакутуюць. Iснуюць душы, якiя замест таго, каб пакласцiся на Бога i дазволiць Яму дапамагчы, перашкаджаюць Яму сваiмi нясцiплымi i агiднымi дзеяннямi. Яны падобныя да дзяцей, якiя, калi мацi хоча ўзяць iх на рукi, тапочуць нагамi, плачуць i намагаюцца iсцi самi i такім чынам не дазваляюць крочыць наперад, а калi i пачынаюць iсцi, дык з хуткасцю кроку дзiцяцi. I дзеля таго, каб пачаткоўцы i дасведчаныя дазволiлi Яго Вялiкасцi Богу весцi iх за сабою наперад, калi i як Ён гэтага захоча, мы з Божаю дапамогаю прапануем вучэнне i папярэджаннi, каб яны змаглi зразумець волю Божую i падпарадкавацца ёй. Бо некаторыя духоўнiкi з-за недахопу святла i досведу вельмi часта перашкаджаюць, а нярэдка i шкодзяць душам, замест таго каб дапамагчы iм на гэтым шляху, падобна да таго, як будаўнiкам Бабiлёнскай вежы замест аднаго будматэрыялу прапаноўвалi зусiм іншы, бо не разумелi iх мовы, i ўсё заканчвалася нiчым. I таму вельмi шкада ў гэтай сiтуацыi душу, якая сама не разумее свайго становiшча i не знаходзiць нiкога, хто б ёй мог нешта растлумачыць. I можа здарыцца так, што Бог завядзе душу вельмi пакручастымi шляхамi ў цёмную ноч кантэмпляцыi, у пустыню, у якой душы падаецца, што яна згубiлася. I ў гэтай духоўнай пустынi, поўнай цемры i болю, смутку i спакусаў, яна спаткае кагосьцi, хто, падобна суцяшальнiкам Ёва, пачне ёй вымаўляць, гаворачы, што прычына ўсiх яе пакутаў — меланхолiя цi якая-небудзь няёмкасць, нейкая ўнутраная вiна цi нешта прыхаванае благое, i таму Бог пакiнуў яе. I ўрэшце робяць выснову, што душа гэта – вельмi дрэнная, бо з ёю здарылiся такiя вось рэчы. Могуць знайсцiся і такiя, хто парадзіць душы адступiць, таму што яна больш не адчувае, як раней, нi смаку, нi суцяшэння ў Божых рэчах, i такiм чынам яны памнажаюць пакуты беднай душы, бо ёй i так балiць ад адчування ўласнай нiкчэмнасцi, i ёй падаецца вельмi ясна, як пры сонечным святле, наколькi яна поўная ўсяго благога i граху, таму што Бог дае ёй святло пазнання ў гэтай цёмнай ночы кантэмпляцыi (пра гэта мы будзем гаварыць далей). Калi ж яна спаткае спаведнiка, якi скажа ёй, што гэта здарылася з ёю як пакаранне за правiны, душа пачынае невымерна больш пакутаваць ад болю i суму, у параўнаннi з якiмi смерць падаецца меншым пакараннем. Такога роду спаведнiкi, апроч таго, упэўненыя, што такi душэўны стан з’яўляецца вынiкам нейкага граху i таму прымушаюць душы iзноў i iзноў перадумваць сваё жыццё, iзноў i iзноў рабiць генеральныя споведзi, крыжуючы iх наноў, не разумеючы, што нельга губляць час на ўсе гэтыя дзеяннi, а трэба пакiнуць гэтыя душы ў спакоi, у стане ачышчэння, куды iх завёў Бог. I што трэба суцяшаць iх i падтрымлiваць, каб яны прынялi гэтыя выпрабаваннi i цярпелi да таго моманту, пакуль Пан iх не вызвалiць. I пакуль не настане гэты момант, нiчога iм не дапаможа, што б яны ні рабiлi цi гаварылi.
Пра гэта, з Божаю дапамогаю, я буду гаварыць далей: пра тое, як душа павiнна сябе паводзіць, i якiм чынам спаведнiк павiнен паводзiць сябе з такою душою, i па якiх прыкметах ён можа распазнаць, што душа сапраўды знаходзiцца ў стане ачышчэння. Я таксама зазначу некаторыя крытэрыі, якiя спаведнiк павiнен выкарыстоўваць, каб адрознiць сапраўднае духоўнае ачышчэнне ад рознага тыпу меланхолii цi якой iншай пачуццёвай цi духоўнай недасканаласцi. А калi гаворка сапраўды iдзе пра цёмную ноч ачышчэння, дык для таго, каб духоўнiк мог адрознiць цёмную ноч пачуццяў ад цёмнай ночы духу. Бо могуць сустрэцца такiя душы, спаведнiкi якiх вераць, што Бог вядзе iх праз цёмную ноч духоўнага ачышчэння, а на самай справе гэта проста недасканаласць, пра якую мы ўжо гаварылi. Таксама iснуюць асобы, упэўненыя, што iм не дадзены дар малiтвы, у той час як яны iм шчодра адораныя, i, наадварот, iснуюць iншыя, упэўненыя, што маюць дар малiтвы, у той час як яны яго не маюць увогуле. I вельмi балюча назiраць за душамi, якiя, нягледзячы на пакуты i шмат намаганняў, вяртаюцца да тылу, бо спадзяюцца на тое, што не прыносiць iм карысцi. Але iснуюць такiя, якiх з вялiкiм дарам i ласкаю Бог вядзе шляхам дасканаласцi, але яны ў неразуменнi спыняюцца i нават перашкаджаюць Яму, i таму не рухаюцца наперад. I многа iншых рэчаў можа здарыцца на гэтым шляху: радасцi i пакуты, надзеi i болю. Адныя паходзяць ад духу дасканаласцi, iншыя — ад недасканаласцi. Аб усiм гэтым, з дапамогаю Божаю, мы паспрабуем нешта сказаць для таго, каб душа, якая прачытае гэта, нейкiм чынам змагла б убачыць шлях перад сабою цi зразумець, якiм шляхам трэба iсцi, калi яна прагне ўзысцi на вяршыню гары Кармэль. Гэта вучэнне — пра цёмную ноч, праз якую павiнна прайцi душа, каб спаткацца з Богам. Няхай не здзiўляецца чытач, калi яно падасца яму трохi незразумелым. Думаю, што такое ўражанне чытач можа мець толькi напачатку, але паступова, ён пачне лепей разумець, бо адно будзе тлумачыць яму iншае. А калі перачытае другi раз, усё яму стане яшчэ больш зразумелым, а вучэнне —больш пэўным. Калi ж некаторыя асобы адчуваюць сябе няёмка, чытаючы гэтае вучэнне, дык, напэўна, гэтая няёмкасць паходзiць не ад самой матэрыi вучэння — выдатнай i надзвычай неабходнай, — але ад майго няведання i няўмелага стылю выкладання. I ўсё ж такi я веру, што нават калi б усе гэтыя рэчы былi б напiсаныя вельмi высокiм стылем i больш дасканала, яны ўсё роўна былi б карыснымi толькi для невялiкай колькасцi асобаў. Таму што рэчы, пра якiя гаворыцца ў гэтым творы, не спадабаюцца тым, хто хацеў бы iсцi да Бога, адчуваючы толькi смак i асалоду. Нашае ж вучэнне, напiсанае тут, змястоўнае i складанае для тых, хто прагне прайсцi праз аголенасць духу. Не ў маёй iнтэнцыi звяртацца да ўсiх, але толькi да некаторых асобаў — братоў i сёстраў нашага першапачатковага святога ордэну гары Кармэль. Гэта яны папрасiлi мяне, бо з Божай ласкi выйшлi на сцяжыну, якая вядзе iх на вяршыню гэтай гары. Да таго ж яны ўжо дастаткова вызвалiся ад прамінальных рэчаў гэтага свету, i таму лепей могуць зразумець вучэнне аб аголенасцi духу.
Пераклад з іспанскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|