|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
НА ВАРЦЕ ВЕРЫ
Шчырая малітва і ахвярная праца ў жыцці святара
У лістах ксяндза Станіслава Жука вельмі часта з’яўляецца просьба аб малітве, каб праца, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, прыносіла плён дзякуючы Божай міласэрнасці. У лісце ад 16 лістапада 1962 года ён дзяліўся сваімі сумнымі думкамі: «Магчымасці для працы паволі, але пастаянна абмяжоўваюцца. Дапамогі чакаць няма ад каго. Робім, што можам. Горш, што рэлігійная абыякавасць пашыраецца і ўсё больш паглыбляецца. Атмасфера, у якой жывуць людзі, робіць сваю справу. Наш уплыў зведзены да мінімуму. Напэўна, найбольш мы можам зрабіць малітваю і прыкладам» (Д. Ж.). Шчырая малітва кс. Станіслава цесна злучалася са шчыраю святарскаю паслугаю. Па маёй просьбе ксёндз дакладна апісаў, як выглядаюць яго будні дзень і праца ў святочныя дні. Я была яму вельмі ўдзячная, бо паступова ў розных лістах ён выконваў маю просьбу. Найперш у лісце ад 23 жніўня1963 года ён распавёў пра будні дзень. «Дасылаю табе распарадак звычайнага жыцця. Гэта такое звычайнае шэрае жыццё, таму маю вельмі нязначныя дасягненні, часткова з-за ўмоваў, а ў большай ступені, здаецца, і па маёй віне. Распарадак дня мяняецца летам і зімою. Я ўстаю заўсёды ў той самы час: летам каля пятай гадзіны, а зімою ў 5.30. Паўгадзіны — і я ўжо гатовы, іду да Пана. Там найперш распачынаецца асабістая размова з Богам, потым розныя малітвы, Брэвіярый, падрыхтоўка да св. Імшы. Усё перад табэрнакулюмам, на прыступцы алтара, збоку, дзе чытаецца Евангелле, — тут маё сталае месца. Перад Імшою звычайна спавядаю. Летам а 7-й, зімою а 8-й гадзіне праводзіцца св. Імша. Сакрыстыянін прыходзіць толькі па нядзелях і святах, таму ў буднія дні я выконваю яго фунцыі. Пасля св. Імшы наводжу парадак на алтары і зноў іду на сваё месца, каб падзякаваць Богу. Калі не трэба ехаць да хворых, заканчваю брэвіярную і іншыя малітвы, па пятніцах праводжу Крыжовы шлях і вяртаюся дадому (9.30–10.30). Гатую сабе ежу, прыбіраю ў хаце. Калі клічуць да хворых, то еду пасля падзякі. А 14-й гадзіне зноў наведваю Пана. Анёл Панскі, Нешпары, частка Ружанца (на гэта гадзіна часу). Вяртаюся і працягваю далейшыя справы, часам прымаю наведвальнікаў і інш. Штодня ўвечары недзе паўгадзіны (пасля захаду сонца летам, зімою пасля 19.00 ) у касцёле праводзіцца вячэрняе набажэнства (вячэрнія малітвы, літанія, благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, вячэрняя песня). На гэта прыходзіць пару, часам і некалькі чалавек. Выходжу на набажэнства амаль на гадзіну раней, каб быў час прачытаць Брэвіярый і іншыя малітвы. Перад выхадам гатую і спажываю другі раз ежу. Пасля набажэнства яшчэ крыху размаўляю з Панам, зачыняю касцёл — і дадому. Летам я адразу кладуся спаць, бо гэта ўжо 11-я гадзіна, а зімою вечары асабліва прыдатныя для чытання, падрыхтоўкі казанняў, напісання лістоў. Прыкладна так выглядае будні дзень. У нядзелю і святы пачынаю і заканчваю дзень так, як і ў буднія дні, з працаю інакш. Зімою праводжу ватыўную св. Імшу а 10-й, суму — а 13-й гадзіне. Перад ватыўнаю св. Імшою спавядаю, потым спяваецца суплікацыя, благаслаўляю Найсвяцейшым Сакрамэнтам, прамаўляю казанне. Пасля набажэнства прымаю наведвальнікаў, адбываецца споведзь або малітва. Адразу пасля сумы чытаюцца Нешпары (у маі, чэрвені, кастрычніку праводзіцца Марыйнае, чэрвеньскае або ружанцовае набажэнствы), потым хрышчу дзяцей; калі ёсць патрэба, у сакрыстыі арганізуецца спеўка; нарэшце маю крыху часу на малітву на сваім месцы; дадому вяртаюся а 16-й гадзіне. Летам, г. зн. з 1 мая да 1 кастрычніка, у нядзелю і святы нам дазволена праводзіць набажэнствы раніцаю да 10-й і ўвечары да 8-й гадзіны. Мы ўрачыста адзначаем першыя пятніцы месяца, пасля св. Імшы абвяшчаецца навучанне, потым — выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і спяваная літанія. Вось такі распарадак дня ў дзядзькі» (Д. Ж.). У гэты распарадак дня ўваходзіла таксама ўся хатняя праца: прыбіранне, гатаванне, мыццё бялізны і г. д. Толькі ў 1977 г., аслаблены пасля хваробы, кс. Станіслаў павінен быў адмовіцца ад гэтых заняткаў. Ён радаваўся з таго, што цяпер мае больш часу для чытання, бо адна парафіянка прыносіла яму абеды, а другая — прыбірала.
Даволі шмат часу займаў таксама рамонт і яго любімы занятак — выпільванне лобзікам арнаментаў з дрэва для свайго касцёла, а таксама для іншых касцёлаў, знішчаных падчас вайны. Разважанні пра Вялікі пост, пра падрыхтоўку да Вялікадня ў яго лістах былі асабліва кранальнымі і поўнымі святарскага клопату. Ён пісаў пра свае сумныя і радасныя перажыванні: «Святы для мяне прадвяшчаюць смутак. Замерзлыя і скамянелыя сэрцы, як тая зіма на двары, скутая марозам. Полымя любові Езусавага Сэрца, адкрытага нават у муцы, не можа іх адагрэць і ўзрушыць. Лёгка здагадаешся, што я адчуваю» (Ліст ад 18.3.1964 г.). Наступны ліст ад 24 сакавіка1964 года быў напісаны ўжо з іншым настроем. «Перад святамі было сумна, але не безнадзейна, усё так па-Божаму. Спакойна рабіў, што трэба было зрабіць, пакідаючы астатняе на Пана. Пачаліся яшчэ большыя маразы і мяцеліцы. Вакол касцёла намяло снегу, таму пра працэсію з Уваскрослым Хрыстом не было чаго і марыць. Маліўся і чакаў. Найперш пачалі адтайваць чалавечыя сэрцы і імкнуцца да пакаяння. Не было ўжо чаго скардзіцца на недахоп працы. Потым пацяплела і снег пачаў таяць. Колькасць наведванняў ва ўсе дні і ночы майго чування была вельмі вялікая. Усё складвалася выдатна. Як жа цудоўна даверыцца Найдабрэйшаму і Усемагутнаму Пану! Пасля велікапоснага суму з’явілася велікодная радасць. Сапраўдная радасць. Аллелюя!» (Д. Ж.). У наступным годзе я атрымала ў лісце вельмі дакладнае апісанне Пасхальнага Трыдуума. «Пачатак посту быў зусім несуцяшальны — сапраўднае беспрацоўе. Святарам нельга было з’язджаць, кожны павінен быў асабіста абслугоўваць сваю аўчарню, а людзі па звычцы пачалі ісці толькі на пятым тыдні посту. У Пальмовую нядзелю я спавядаў ад світання да 18.30, з перапынкам на набажэнствы. У панядзелак, аўторак і сераду — раніцаю і ўвечары, а ў астатнія дні з 15-й да 20-й гадзіны. У Вялікую суботу спавядаў усю ноч. Я быў цалкам задаволены гэтымі днямі. Шмат радасці і, напэўна, карысці прынеслі начныя чуванні ў чацвер, пятніцу і суботу. Я палюбіў начныя чуванні яшчэ калі быў семінарыстам. У Свянцянах у Вялікую пятніцу перш чым закрыць касцёл, я пайшоў на адарацыю да гроба Пана. І так мне стала сумна і прыкра, што праз хвіліну патушаць свечкі, усе разыдуцца, зачыняць касцёл і пакінуць Пана аднаго, як калісьці падчас мукі. Узгадалася: „Сымоне, спіш? Ты не мог чуваць адной гадзіны?“ Я звярнуўся да дэкана з просьбаю, каб ён дазволіў мне адараваць усю ноч. Дазволіў. Адразу ж сабраў ахвотнікаў для адарацыі. І гэта быў пачатак. Я штогод наладжваў чуванні каля Пана ў Свянцянах, калі быў клерыкам, пасля рабіў гэта як вікарый, а калі стаў самастойным гаспадаром у парафіі, тым больш падтрымліваў гэтую традыцыю. І так на працягу ўсіх гадоў святарства, за выключэннем гадоў акупацыі. З-за таго, што не ўсе ведалі, што рабіць з часам, ноччу я праводзіў набажэнствы: песні жальбы, Ружанец, адарацыю перапрашэння, паміж гэтымі часткамі спяваліся песні. Вядома, заставаліся вельмі пабожныя людзі. У чацвер і пятніцу заўсёды прыходзіла сто чалавек, у Вялікую суботу — яшчэ больш. Раніцаю, а 6-й гадзіне, бег дадому, каб некалькі гадзінаў падрамаць, потым вяртаўся, маліўся па Брэвіярыі і ў 15.00 пачынаў спавядаць. У нядзелю, а 6-й гадзіне, калі ў касцёле збіралася шмат людзей, распачыналіся Гадзінкі, а 7-й — рэзурэкцыя, асвячэнне ежы, а потым людзі разыходзіліся па дамах. Я заканчваў споведзь, узносіў падзяку Богу і а 12-й гадзіне пачынаў другую св. Імшу, Нешпары. Урэшце і ў мяне пачыналася свята, я вяртаўся ў свой палац пад страхою, каб падмацавацца свянцоным» (Ліст ад 20.4.1965 г.; Ліст ад 30.4.1963 г.). У наступныя гады кс. Станіславу Жуку дадалося абавязкаў, бо трэба было заняцца таксама асірацелаю парафіяй у Даўгінаве. Вось урывак з ліста ад 11 мая 1967 года: «Найцудоўнейшыя дні — 16 сакавіка і Вялікдзень. 16 сакавіка была велікодная споведзь у „сіротаў“. Я пачаў каля 8-й гадзіны, бо так прыходзіць аўтобус. Спавядаў увесь дзень аж да паловы на трэцюю наступнага дня. Перапынак быў толькі на св. Імшу а 13-й гадзіне, на Крыжовы шлях і на другую св. Імшу, цэлебраваную а 19-й гадзіне. Людзі не разыходзіліся, цярпліва чакалі. Многія з іх прыбылі здалёк і ноччу вярталіся дадому. Гэта было сапраўднае і шчырае пакаянне. А палове на чацвёртую дабраўся дадому на грузавіку. Іншы найцудоўнейшы дзень — Вялікдзень. Я спавядаў усю ноч. У маёй парафіі рэзурэкцыя была а 7-й раніцы, потым ізноў паехаў да „сіротаў“. У дарозе не ўдалося падрамаць, бо везлі занадта хутка. Там а 11-й гадзіне ўсё пачалося спачатку. Потым мяне чакала адна хворая ў сакрыстыі, а да другой — трэба было ехаць за 7 кіламетраў апоўдні. Вярнуўшыся ад хворай, паспавядаў 20 цярпліва чакаючых чалавек і паспеў на аўтобус, які ўжо стаяў на прыпынку, у 17.00 быў ужо дома. У самоце спажыў сваю сціплую асвячоную ежу, правёў вячэрняе набажэнства і ўзяўся за Брэвіярый» (Д. Ж.). Пра дні вялікай працы з нагоды розных урачыстасцяў кс. Станіслаў распавядаў таксама і ў лістах да Яўгеніі Твардаш. У лісце ад 12 лістапада1966 года ён піша: «Урачыстасць Хрыста Валадара, а перад гэтым вігілія Усіх Святых, г. зн. падрыхтоўка вернікаў да збірання адпустаў за душы памерлых. Да споведзі 30 кастрычніка і 1 лістапада было столькі людзей, што закончыў толькі ўвечары. Потым вячэрняе набажэнства, Брэвіярый і толькі пасля снеданне і дэсерт (лісты). 2 лістапада закончыў працу каля чацвёртай гадзіны. Я зусім не паспеў перадыхнуць і ў суботу паехаў да „сіротаў“. Там ізноў адпусты, споведзь у суботу доўжылася да позняга вечара, а ў нядзелю — увесь дзень аж да выезду дадому. У дадатак да гэтага былі набажэнствы, казанні, 16 дзяцей да хросту, шлюб і іншае. І так увесь дзень без перапынку. Перад ад’ездам мяне накармілі за ўвесь дзень, у 22.15 я быў ужо дома, задаволены, але цалкам знясілены. Распачаў выпякаць аплаткі, каб не пакідаць на апошнія дні» (Я. Т). Такіх апісанняў цяжкай працы было шмат у лістах, у канцы кс. Станіслаў заўсёды дадаваў: «Не хапае мне сілы для больш плённай працы і дзейнасці. Звычайна тады я выдатна сябе адчуваю. Хвалюе не тое, што шмат працы, а тое, што чалавек павінен спяшацца, калі гэта зусім непатрэбна» (Д. Ж. Ліст ад 11.4.1967 г.). Парафіяльны адпуст і сакрамэнт канфірмацыі сталі чарговаю нагодаю для поўнага аддання святарскаму служэнню. «Дзень адпусту ў асірацелай парафіі вельмі напружаны: шматгадзіннае спавяданне аж да позняга вечара, Марыйнае набажэнства, св. Імша і працэсія. На заканчэнне пахрысціў 29 дзяцей. У „сіротаў“ на Божае Цела буду ўдзяляць сакрамэнт канфірмацыі ( у маёй парафіі канфірмацыя была на Спасланне Духа Святога). Перад гэтым будуць доўгія гадзіны споведзі, бо некаторыя мелі магчымасць паспавядацца толькі перад вайною» (Д. Ж. Ліст ад 12.5.1966 г.). «Дзень канфірамацыі ў „сіротаў“ быў асабліва напружаным, бо трэба было змясціць усё ў адзін дзень. Я пачаў 8 чэрвеня ў 14.30, працаваў без перапынку ўсю ноч і наступны дзень. З нагоды бежмавання Дух Святы прыслаў вельмі шмат такіх, каго Божая Міласэрнасць чакала шмат гадоў, часам нават па 20–30 гадоў. І гэта відавочны вынік вашай малітоўнай падтрымкі» (Д. Ж. Ліст ад 1.7.1966 г.). У лістах ксёндз Станіслаў Жук прасіў аб малітоўнай падтрымцы, але і сам перадусім ён быў святаром шчырай малітвы. У апісанне вігілійнага вечара ён дадаў разважанне, поўнае вялікага супакою і радасці, якія вынікаюць з малітвы. Прывяду два ўрыўкі з лістоў, напісаных у 1965 і 1972 гадах. Яны могуць быць сведчаннем яго жыцця малітваю. «На вячэрнім набажэнстве мяне чакаў прыемны сюрпрыз: людзей сабралася больш, чым звычайна. Пасля набажэнства я затрымаўся, каб праз Сэрца Збаўцы і рукі Марыі перадаць віншаванні блізкім мне людзям і прывітаць іх. У вельмі добрым і цудоўным настроі я вярнуўся дадому. Запаліў у печы і сеў за сваю самотную вігілійную вячэру, каб яшчэ раз у думках і ў сэрцы паяднацца з дарагімі і любімымі мне людзьмі. Я адчуваў моцную блізкасць да ўсіх вас, а асабліва да Найсвяцейшых Сэрцаў, таму сваёй самотнай вігіліі не замяніў бы ніякаю іншаю. Я адзін сядзеў за сталом, але ў сэрцы было шмат супакою, радасці і сапраўднага шчасця. Напаўголасу я заспяваў “Ціхую ноч”, бо сапраўды гэта была ціхая і святая ноч навокал і ў маёй душы. У такім узнятым і радасным настроі прайшлі ўсе святы, якія я сустракаў пераважна ў касцёле. Так што не застаецца нічога іншага, як дзякаваць за гэта Даўцу спакою і радасці. У касцёле было поўна людзей, і гэта дню працы цалкам адпавядала. Дзякую Богу за ласкі» (Д. Ж. Ліст ад 20.1.1965 г.). «Свой вігілійны вечар на працягу многіх гадоў я праводжу заўсёды ў адзіноце, але ён не сумны, а поўны ціхай радасці. Пасля вячэрняга набажэнства я даўжэй затрымліваюся ў касцёле на размову з Панам, такім блізкім і такім рэальна прысутным. Спачатку я перажываю Яго нараджэнне, Яго прыйсце, тады так шмат хочацца сказаць Яму словаў праслаўлення, падзякі, прабачэння і просьбаў за сябе, сям’ю, сяброў, за парафіянаў і асірацелыя парафіі, за адзінокіх, за церпячых... Колькі ж розных ласкаў усім патрэбна! На самай справе цяжка закончыць гэту самотную размову. Потым іду дадому і распачынаю вігілійную вячэру, яна заўсёды вельмі бедная і сціплая, але не надаю гэтаму вялікага значэння. У мяне няма часу і жадання, каб прыгатаваць штосьці лепшае. Хіба сэнс толькі ў гэтым? Найперш у думках я дзялюся аплаткаю з усімі, потым у цішыні перажываю з усімі іх вігілійныя вячэры. І толькі пасля доўгага падарожжа вяртаюся ў рэчаіснасць, спажываю тое, што даў Бог. Крыху малітвы, некалькі гадзінаў адпачынку і зноў да працы, якая адначасова з’яўляецца малітваю. Калі атрымаю дазвол, то маю намер цэлебраваць чатыры св. Імшы — дзве тут і дзве ў „сіротаў“, бо ў гэты дзень прыйдзе шмат такіх, хто вельмі рэдка бывае ў касцёле» (Д. Ж. Ліст ад 5.12.1972 г.; падобны ліст дасланы Я. Т. 18.1.1964 г.). «Калісьці шукаў спакою, музыкаю хацеў палепшыць сабе настрой, а цяпер знаходжу яго толькі перад табэрнакулюмам. Ужо толькі тут яго шукаю і знаходжу лек ад усяго. Толькі ў гэтым атрымліваю карысць. Магчыма, менавіта пазбаўленне ад музыкі больш прывязала мяне да табэрнакулюма. Цяпер тут маё самае любімае месца. Вось чаму я часта тут бываю» (Я. Т. Ліст ад 26.3.1963 г.). Пра сваю ўдзячнасць Богу, які шчодра адорваў яго ласкамі, кс. Станіслаў пісаў маёй сяброўцы: «Не буду ўтойваць (гэта пакрыўдзіла б Пана), што Бог у сваёй неспасцігальнай дабрыні адарыў і пастаянна адорвае мяне шматлікімі ласкамі. Па-першае, Ён адарыў мяне сапраўды незвычайнымі і рознабаковымі здольнасцямі. Па-другое, удзяліў і ўдзяляе мне незвычайныя ласкі і дапамогу. Я не раз распачынаў розныя безразважныя і нерэальныя справы (калі глядзець з чалавечага пункту погляду), а Бог заўсёды даводзіў іх да шчаслівага канца. Па-трэцяе, на працягу ўсяго жыцця Ён атуляў мяне сваёю асабліваю, нават выключнаю, апекаю. Калі гляджу на сваё жыццё, бачу няспынную незвычайную апеку нада мною і незвычайнае кіраванне ўсім. Я магу і павінен пастаянна паўтараць: „Пане, Ты даў мне ўсё, што мог даць“» (Я. Т. Ліст ад 2.11.1964 г.) Завяршэннем успамінаў пра працу і малітву святара ў цяжкіх місійных умовах стануць яго словы: «... Гэта праца зусім іншая, яна са звышнатуральнай сферы, а таму надзяленне сілаю і дапамогаю таксама зусім іншыя. Інакш таксама выглядае адпачынак, напрыклад, перад табэрнакулюмам. Гэта падобна да таго, што адбылося са змучаным і галодным Настаўнікам каля Якубавай студні, калі Ён сказаў, што мае іншую ежу і іншы адпачынак. Таму фізічна я адчуваю сябе лепш тады, калі ў мяне вельмі шмат працы. Напэўна, тут дзейнічае не наш, а Божы план» (Д. Ж. Ліст ад 8.6.1970 г.).
Пераклад з польскай мовы Іны Ламакі.
|
|
|
|