Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва
Кіно

ДЫВІЗІІ Ў НЯБЁСАХ
Юбілеі
Мастацтва

НАРАДЖЭННЕ СВЯТЛА
На кніжнай паліцы
Культура

МУЗЕЙ ПАЭТА І СВЯТАРА
Вачыма візітатара
Культура

СТАРАДРУКІ ВЯРТАЮЦЦА

Аляксей ЯРОМЕНКА

ЧЫРВОНЫ ЮБІЛЕЙ
ЧЫРВОНАГА КАСЦЁЛА

Сёлетні 2010 год багаты на юбілеі ў гісторыі рыма-каталіцкай канфесіі ў сталіцы Беларусі, горадзе Мінску. Манахі бэнэдыктыны адзначылі 380-годзе заснавання свайго кляштара ў Мінску. 405 гадоў таму ў Мінску з’явіліся першыя каталіцкія манахі — дамінікане. Мінула 310 гадоў з таго часу, як у горадзе распачалі сваё служэнне кармэліты. Урэшце, 300 гадоў з дня кансэкрацыі нядаўна вельмі ўрачыста адзначыў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Ды і магілёўская катэдра, другая ў дыяцэзіі святыня Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, таксама адзначала памятную дату — 270 гадоў таму будынак касцёла ўзвялі манахі кармэліты. А колькі яшчэ памятных датаў адзначылі іншыя каталіцкія святыні і ў архідыяцэзіі, і ва ўсёй Беларусі! (1, 3)

Самы прыгожы, а значыць, як сказалі б старажытныя славяне, «красны», юбілей адзначыў і Чырвоны касцёл сталіцы — 100 гадоў! Роўна стагоддзе назад, 21 лістапада, была ўрачыста кансэкраваная гэтая святыня пад тытулам святых Сымона і Алены, якая адразу атрымала ад мінчанаў назву «Чырвоны касцёл» — і за чырвоную цэглу, з якой яе збудавалі, і за прыгажосць вытанчаных прапорцый. (3, 6) І, відаць, менавіта гэты юбілей, дакладней, яго 100-гадовая гісторыя, найлепш адлюстроўвае ўсе трагічныя і радасныя падзеі мінулага стагоддзя.

І здаецца, што магло б засмуціць радасць ад узвядзення новага касцёла на пачатку новага стагоддзя? Але вернікі, якія тады ахвяравалі сродкі на хутчэйшае ўзвядзенне новай святыні і ўсяляк дапамагалі будаўніцтву, вельмі добра памяталі, як яшчэ нядаўна іх родны Мінск быў горадам каталіцкіх кляштараў і касцёлаў — тут дзейнічалі 11 рыма-каталіцкіх комплексаў з касцёламі, фарны касцёл з філіяльнымі касцёламі і капліцамі. Яны таксама добра памяталі, як гэтыя святыні зачыняліся, руйнаваліся, знішчаліся, а ў «лепшым выпадку» перадаваліся іншым канфесіям або прыстасоўваліся пад грамадзянскія, ваенныя ці гаспадарчыя патрэбы. З гісторыі сваіх сем’яў яны памяталі, як іх бацькі і дзяды плацілі свабодаю, уласнасцю, а часам нават і жыццём за сваю веру, як фактычна больш за паўстагоддзя яна прыгняталася ў Расійскай імперыі — за той час не было пабудавана ніводнага новага касцёла ў Мінску і былі зачыненыя абсалютна ўсе каталіцкія кляштары1. (1, 3)

Да пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску дзейнічаў толькі адзін касцёл — Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, ці, як яго тады называлі, — Марыінскі, які ўжо страціў статус катэдральнага2. І, безумоўна, святыня не магла змясціць усіх мінчанаў, якія прыходзілі на набажэнствы. Няшмат маглі дапамагчы ў гэтым і невялікія філіяльныя касцёлы на могілках — Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы і Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі. Тым не менш усе спробы каталіцкага насельніцтва горада атрымаць ад уладаў дазвол на ўзвядзенне новага касцёла ў Мінску не мелі поспеху ажно да прыняцця ў 1905 г. імператарскага маніфеста аб свабодзе сумлення. Да нас дайшлі гістарычныя дакументы, якія фармальна дазвалялі распачаць будаўніцтва ў 1897 г., у 1903 годзе3. І усё ж рэальнае будаўніцтва пачалося толькі ў маі 1905 г., праз месяц пасля публікацыі маніфеста.

Фундатарамі новага касцёла на скрыжаванні вул. Захар’еўскай (цяпер пр. Незалежнасці) і вул. Трубнай (вул. Берсана) сталі вядомы дзяржаўны і палітычны дзеяч, слуцкі павятовы суддзя, былы пасол Дзяржаўнай рады, старшыня Мінскага сельгаставарыства Эдвард Вайніловіч і яго жонка Алімпія, народжаная Вузлоўская. Згодна з фундушам, новая святыня павінна была асвячацца пад тытулам святых Сымона і Алены, на ўспамін пра заўчасна памерлых дзяцей фундатараў — Сымона (1884–1897) і Алену (1884–1903). Такім чынам у адным тытуле, што практычна нідзе больш не сустракаецца, былі аб’яднаныя імёны святых: апостала Сымона і святой Алены, маці імператара Канстанціна Вялікага. (3, 6)

Сямейнае паданне Вайніловічаў захоўвала памяць пра тое, як пасля смерці дванаццацігадовага Сымонкі старэйшая за яго на год Аленка стала яшчэ больш ціхаю, задумліваю і вельмі пабожнаю. Калі праз тры гады яна сама захварэла, то неяк у сне ўбачыла незвычайнай прыгажосці касцёл. Пасля не раз смяротна хворая дзяўчына імкнулася намаляваць тую надзвычай прыгожую святыню, а перад самай смерцю яна папрасіла бацькоў пабудаваць касцёл, дзе людзі маглі б праслаўляць Бога.

Пахвальна тое, што, нягледзячы на асабістую трагедыю, на роспач з-за гістарычнага лёсу сваёй канфесіі, Вайніловічы як сапраўдныя хрысціяне марылі пра супакой і еднасць усіх хрысціянаў. Як пісаў сам пан Эдвард: «Я пачаў знаёміцца з узорамі і разнастайнымі архітэктурнымі канцэпцыямі. Не жадаў спыняцца на гатычным стылі, па-першае, таму, што ён стаў вельмі распаўсюджаны на той час пры будаўніцтве каталіцкіх святыняў у Расіі, па-другое, таму што вельмі адрозніваўся ад стылю праваслаўных храмаў, якія існавалі ў нашым краі, і гэтым як бы падкрэсліваў падзел у веравызнанні класаў нашага грамадства, і я спыніўся на раманскім стылі, росквіт якога прыпадае на час, калі Усходняя Царква існавала ў еднасці з Рымам».

Для будаўніцтва Эдвард Вайніловіч абраў праект вядомага архітэктара, прафесара Варшаўскай акдэміі мастацтваў Тамаша Пайздэрскага. Правобразам будучай святыні стаў касцёл у Ютросіне (цяпер Познаньскае ваяводства), які быў пабудаваны незадоўга да гэтага і таксама па праекце Т. Пайздэрскага ў стылі неараманікі (дакладная назва — надрэйнскі рамантызм) з элементамі неаготыкі і сецэсіі. У рэалізацыі праекта ў Мінску таксама прымалі ўдзел архітэктары Уладзіслаў Марконі і Генрык Гай4. (6, 8)

25 верасня 1906 г. урачыстае асвячэнне вуглавога каменю будучага касцёла здзейсніў дэкан Казімір Міхалкевіч. А праз 4 гады над горадам узвысілася шмат’ярусная вежа-званіца новай святыні, якая стала сімвалам адроджанай каталіцкай веры і ўзнесла свае крыжы на самую высокую кропку ў тагачасным Мінску — амаль на 50 метраў. Такой вышыні не дасягалі нават крыжы кляштарных касцёлаў XVІІІ ст., калі Мінск сапраўды быў горадам каталіцкіх кляштараў. Акрамя гэтага, касцёл святых Сымона і Алены стаў самаю вялікаю святыняю ў горадзе (згодна з праектам, ён быў разлічаны на 2500 парафіянаў). Велічную святыню пабудавалі з чырвонай цэглы (яе прывозілі з Каўнаса, як і жоўтую дахоўку — першапачатковае пакрыццё святыні), што, як ужо было сказана, і дало святыні другую назву — Чырвоны касцёл. (1, 3, 6)

Касцёл святых Сымона і Алены ўяўляе з сябе 3-нававую, 3-вежаваю базыліку асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з магутным трансептам, тарцы якой вырашаныя дакладна так, як і галоўны ўваходны фасад, — над тамбурам, выдзеленым у асобны аб’ём, інтэр’ер асвятляе вялікае акно-ружа пад трохкутным франтонам. Першапачаткова касцёл быў 3-апсідным — паўцыркульнай апсідай заканчваліся цэнтральная нава, паўцыркульнымі апсідамі выходзілі на заходні фасад і дзве сакрыстыі, якія завяршалі бакавыя навы. Паміж прэзбітэрыем і сакрыстыямі пачынаюцца дзве 5-ярусныя вежы пад высокімі шатровымі дахамі. Інтэр’ер касцёла на сродкі графа Э.Чапскага, сям’і Скірмунтаў і іншых фундатараў упрыгожылі тры алтары работы скульптара Зыгмунта Ота, ён жа выканаў усе каменныя і скульптурныя працы — амбону, агароджы, бронзавыя дэталі. Арнаментальны жывапіс у стылі мадэрн на скляпеннях і сценах касцёла належалі аўтарству Францішка Бруздовіча, які таксама з’яўляецца аўтарам усіх аконных вітражоў (яны не захаваліся; цяперашнія вітражы ў 1970-я гг. выканаў мастак Г. Вашчанка). Фундатар Э. Вайніловіч атрымаў дазвол на перанос у Чырвоны касцёл вялікай каштоўнасці: на галоўным алтары было ўсталяванае цудадзейнае ўкрыжаванне са Збаўцам, прывезенае са старажытнага фарнага касцёла ў Слуцку. Па жаданні фундатара ў франтоне над тамбурам галоўнага ўвахода была змешчана каменная белая пліта з гербам Вайніловічаў і надпісам на лацінскай мове ў памяць пра памерлых дзяцей. Злева ад уваходу (з вуліцы Захар’еўскай была змешчана адкрытая невялікая прысценная каплічка, дзе Вайніловічы захацелі паставіць бронзавую фігуру Маці Божай — копію фігуры на іх сямейных могілках у маёнтку Савічы (цяпер Капыльскі р-н). Да левага фасада ўздоўж Захар’еўскай вуліцы прыбудоўвалася галерэя, якая па задуме архітэктара Т. Пайздэрскага павінна была звязаць касцёл з вялікаю 2-павярховаю плябаніяй. Аднак гэта частка праекта так і не была рэалізаваная, а новая плябанія, больш сціплая па аб’ёме (адзін паверх з мансардай), была пабудаваная ў глыбіні пляца. Нарэшце, 20 верасня 1910 г., пры касцёле святых Сымона і Алены была зацверджана новая мінская парафія, першым пробашчам якой стаў былы егуменскі дэкан ксёндз Вітальд Тамашэўскі. У хуткім часе колькасць парафіянаў новазацверджанай парафіі перавышала 9000 чалавек. (1, 6)

Выява герба Мінска на франтоне
Чырвонага касцёла.

21 лістапада 1910 г. стала для Мінска сапраўдным святам. Мабыць, увесь горад сабраўся на гук трох званоў Чырвонага касцёла: «Міхала», «Эдварда» і «Сымона», якія з вышыні касцёльнай вежы абвясцілі ўсім пра асвячэнне цудоўнай святыні арцыбіскупам Ключынскім. Да сённяшняга дня касцёл з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай Мінска. (6)

Але радаваць мінчанаў гукамі званоў Чырвонаму касцёлу давялося нядоўга. Ужо ў 1923 г. амаль усе каштоўнасці святыні былі экспрапрыяваныя савецкаю ўладаю. Канчаткова касцёл зачынілі ў 1932 г., прыстасаваўшы спачатку пад Польскі тэатр БССР, а пасля пад Тэатр юнага гледача і кінастудыю. У 1942 г., пасля рэстаўрацыі, касцёл зноў адкрыўся для набажэнстваў, але адразу пасля вайны быў зачынены — і ўжо надоўга. У святыні зноў размясціліся службы кінастудыі. Потым было некалькі спробаў, на шчасце, няўдалых, цалкам знішчыць будынак — яны закончыліся перабудовай святыні пад Дом кіно. Тады з’явіліся прыбудовы на левым бакавым фасадзе; сакрыстыі, страціўшы апсіды, злучыліся паўкруглай 3-павярховай прыбудоўкай вакол галоўнай апсіды; інтэр’ер раздзяліўся перакрыццямі, лесвіцамі, перагародкамі, увесь жывапіс забялілі. Была разабраная і агароджа касцёльнай тэрыторыі разам з уваходнымі брамамі. У такім выглядзе касцёл быў аб’яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. (2)

Толькі ў 1990 г. касцёл святых Сымона і Алены быў вернуты католікам (першая святая Імша ў галерэі вернутай святыні адбылася 21 лістапада 1990 г.) і адразу ж распачаліся рэстаўрацыйныя працы пад кіраўніцтвам архітэктара Л. Івановай. На вежах зноў узвысіліся крыжы, на скляпеннях і ў прэзбітэрыі былі расчышчаны роспісы. Сістэма падземных памяшканняў аб’яднала ўсю тэрыторыю паміж касцёлам і плябаніяй (цяпер тут размяшчаюцца вялікая бібліятэка і два тэатры). У залах падземнага ўзроўню 28 кастрычніка 1996 г. пачаў сваю працу першы ў гісторыі Беларусі Сінод Рыма-каталіцкага Касцёла. Менавіта ў гонар гэтай падзеі перад уваходам у святыню з’явілася бронзавая фігура Міхала Арханёла працы скульптара І. У. Голубева, якую 29 кастрычніка асвяціў кардынал Казімір Свёнтэк. Бронзавыя шыльды пры ўваходзе ў касцёл і шыкоўныя дзверы галоўнага партала былі зроблены скульптарам С. А. Лагвіным (асвечаныя 27 жніўня 2000 г.). А ў верасні 2000 г. на рагу касцёльнай тэрыторыі, злева ад увахода, па праекце японскага архітэктара Марыяма была ўзведзена мемарыяльная драўляная званіца-помнік «Звон Нагасакі» ў памяць ахвяраў ядзерных катастрофаў — Хірасімы, Нагасакі і Чарнобыля. У 1945 г., калі на Нагасакі была скінутая ядзерная бомба, у руінах мясцовага каталіцкага касцёла быў знойдзены цудам не пашкоджаны звон, які называўся «Анёл». Цяпер копія гэтага звана падараваная японскімі католікамі парафіі святых Сымона і Алены.

Барэльеф на ўваходных дзвярах
Чырвонага касцёла.
Скульптар В. Янушкевіч.

У 1994 г. была ўрачыста асвечаная падземная капліца Маці Божай Будслаўскай, дзе адбываецца пастаянная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У тым жа годзе на ахвяраванні сям’і Гурыновічаў у левым бакавым алтары з’явіўся тытульны абраз святых Сымона і Алены работы мастака Бэкіра Смольскага. Абраз Божай Міласэрнасці ў правым бакавым алтары быў усталяваны ў 1995 годзе. 25 мая 1995 г. пры касцёле зарэгістравана Хрысціянскае таварыства міласэрнасці для дапамогі хворым і бедным, са снежня 2000 г. дзейнічае хор хлопчыкаў «Сымонікі» і мужчынскі хор «Арханёл», у студзені 2003 г. заснаваны і хор дзяўчынак «Гасанна». З касцёла вялася трансляцыя радыёпраграмы «Голас душы», пры ім былі заснаваныя часопіс «Вера і жыццё» і газета «Голас душы». 9 верасня 1998 г. аднавіла сваю працу парафіяльная бібліятэка, ахвяраваная Беластоцкім універсітэтам.

Старажытнахрысціянская традыцыя пахавання ў крыпце святыні яе фундатараў і асобных парафіянаў вярнулася і ў Чырвоны касцёл. 11 чэрвеня 2005 г. тут былі ўрачыста перазахаваныя астанкі фундатара святыні Эдварда Вайніловіча, які памёр у 1928 г. у польскім Быдгошчы. А 15 лістапада 2008 г., згодна з уласным завяшчаннем, тут знайшоў спачын англійскі вучоны, даследчык беларускай духоўнай музыкі Гай Пікарда. Мемарыяльныя дошкі у іх гонар знаходзяцца каля вулічнай капліцы галоўнага фасада, дзе цяпер усталяваная фігура Хрыста. Тут жа знаходзіцца цудам ацалелы надмагільны помнік малога Сымона Вайніловіча з чорнага граніту.

А ўваходны франтон Чырвонага касцёла цяпер упрыгожвае герб горада, атрыманы Мінскам яшчэ ў 1591 г., — Найсвяцейшая Панна Марыя ў атачэнні анёлаў і херубімаў. І так хочацца верыць, што пад апекаю Божай Маці да наступнага юбілею святыня будзе перажываць толькі радасныя падзеі.


  1. У ХVІІІ ст. у горадзе дзейнічалі не толькі 11 рыма-каталіцкіх (бэнэдыктынаў і бэнэдыктынак, бэрнардынаў і бэрнардынак, баніфратраў, дамініканаў, езуітаў, кармэлітаў, марыявітак, рахітаў і францішканаў), але і грэка-каталіцкія (1 базыліянаў і 2 базыліянак) кляштары. Пасля іх поўнай ліквідацыі з вышэйпералічаных юбіляраў у Мінску не так даўно атрымалі магчымасць ізноў распачаць працу кармэліты — іх парафія Божага Цела зарэгістраваная па вул. Ангарскай. Астатнім манаскім орэнам давялося, на жаль, адзначаць свае «мінскія» юбілеі за межамі Мінска, а то і Беларусі. (2, 3)
  2. Мінская рыма-каталіцкая катэдра была заснавана ў 1798 г. (катэдральным стаў паезуіцкі касцёл) і ліквідаваная імператарскімі ўладамі ў 1869 годзе. (1, 7)
  3. Супадзенне з датамі смерці дзяцей фундатара Э. Вайніловіча выпадковае — у тыя гады пан Эдвард яшчэ не ўваходзіў у касцёльны камітэт новага будаўніцтва. 25 жніўня 1897 г. мінскі губернатар Трубяцкі падпісаў прашэнне касцёльнага камітэта, які тады ўзначалілі І. Віткевіч, Ф. Віткоўскі і Я. Філіповіч-Дубовік, на выдзяленне пад будаўніцтва новага касцёла «пустога пляца гарадской зямлі, які знаходзіцца на рагу Пецярбургскай (цяпер р-н вул. Ленінградскай») і Каломенскай (цяпер вул. Свярдлова) вуліцаў і заняты пад дрывяны склад». Але ўжо ў наступным, 1898 г., гэта рашэнне было ануляванае, бо «не атрымала падтрымкі ў Мінскай праваслаўнай епархіі». У той час гэта была звыклая сітуацыя — царскія ўлады фармальна нібы і не былі супраць узвядзення новых касцёлаў, але неабходнасць узгадняць гэта ў праваслаўных структурах не давала ніякай магчымасці для будаўніцтва.
    27 кастрычніка 1903 г. мінская Гарадская дума зноў дазволіла выдзеліць пад будаўніцтва новага касцёла вышэйзгаданы пляц, праўда, ужо былога дрывянога склада, абмовіўшыся, што ў якасці альтэрнатывы можа быць разгледжаны і пляц на перакрыжаванні Захар’еўскай і Трубнай, дзе, у рэшце рэшт, святыню і ўзвялі. Але, як узгадвалася, рэальны дазвол быў атрыманы толькі праз 2 гады — 9 сакавіка 1905 года. Эдвард Вайніловіч выказаў гатоўнасць прафінансаваць праектаванне і будаўніцтва ў 1904 годзе.
  4. Архітэктар Т. Пайздэрскі, як грамадзянін-іншаземец (пераехаў у Варшаву толькі ў 1903 г.), згодна з заканадаўствам Расійскай імперыі, не мог праектаваць і будаваць на яе тэрыторыі, таму чарцяжы афіцыйна былі падпісаныя польскім архітэктарам Уладзіславам Марконі. Аднак узвядзеннем Чырвонага касцёла фактычна кіраваў усё-такі Т. Пай­здэрскі, але ён не дажыў да канца будаўніцтва — замяніў варшаўскі архітэктар Генрык Гай, які незадоўга да гэтага, у 1904 г., пабудаваў новы касцёл у Воўчкавічах пад Мінскам (не захаваўся), дарэчы, падобны па стылістыцы на Чырвоны касцёл. (1, 6)

 

  1. Żyskar, J. Nasze kościoły. — Warszawa, 1913.
  2. Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ–ХХ ст.) / Навук. рэд. У. І. Навіцкі. — Мінск, 1998.
  3. Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты — Мінск: Выдавецтва «Pro Christo», 2003.
  4. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.
  5. Кулагін, А. М. «Каталіцкія храмы на Беларусі». — Мінск, 2008.
  6. Дзянісаў, У. Касцёл святых Сымона і Алены. — Мінск, 1996.
  7. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1994–2001.

    Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
  8. Ф. 24
    воп. 1, спр.:
    — 3610. Аб пабудове касцёла ў імя святых Сымона і Алены на рагу вуліцаў Трубяцкой і Захар’еўскай. 1905 г.
    Ф. 295
    воп. 1, спр.:
  9. — 8027. Звесткі аб рыма-каталіцкіх касцёлах, пабудаваных у 1910 г. на сродкі памешчыкаў Мінскага павета.
  10. — 8556б. Спіс рыма-каталіцкіх будынкаў, праекты якіх былі адобраныя Будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага праўлення з 17.04.1905 г. да 1.01.1917 г.
  11. Ф. 299
    воп. 5, спр.:
    — 1782. Разгляд плана пабудовы касцёла на рагу Трубяцкой і Захар’еўскай вуліцаў у г. Мінску ў імя святых Сымона і Алены. 1905–1907 гг. Ф. 1781
    воп. 26, спр.:
  12. — 1497. Візітнае апісанне мінскага касцёла Най­свяцейшай Тройцы на Залатой Горцы за 1908 г.
  13. — 1498. Інвентарныя вопісы касцёлаў Мінскага павета за 1907–1914 гг.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY