|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
Вядомаму каталіцкаму святару і паэту Канстанціну Стэповічу (Казіміру Сваяку) сёлета споўнілася 120 гадоў. З гэтай нагоды на яго радзіме ў Астравецкім раёне 2010 год быў аб’яўлены Годам Казіміра Сваяка. Паэт нарадзіўся ў в. Барані ў 1890 годзе, скончыў Віленскую духоўную семінарыю і ў 1915 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Прыміцыйную Імшу цэлебраваў у родным парафіяльным касцёле ў Клюшчанах, а затым выправіўся на свой першы вікарыят у камайскі касцёл. Неўзабаве ён быў пераведзены на святарскую службу ў любыя сэрцу Клюшчаны, дзе спрычыніўся да актыўнага духоўнага і культурнага ўзгадавання суайчыннікаў. За некалькі гадоў служэння арганізаваў мясцовую моладзь у знакаміты дагэтуль сваім розгаласам «Хаўрус сваякоў» — своеасаблівую культурна-адраджэнцкую суполку пры касцёле, якая фактычна вырасла з утворанага Сваяком касцёльнага хору. Хор выконваў беларускія рэлігійныя і народныя спевы і славіўся на ўсё наваколле. Удзельнікі «Хаўрусу сваякоў» ладзілі таксама мастацкія дэкламацыі і пастаноўкі. Менавіта для такіх самадзейных імпрэзаў была напісана Казімірам Сваяком і яго першая п’еса «Праклённае зелле», пастаўленая ў Клюшчанах у 1916 г. (пазней, у 1924 г., твор быў выдадзены пад назваю «Янка Канцавы»). П’еса была прысвечаная актуальным сацыяльным праблемам — змаганню за цвярозы лад жыцця, а таксама за свядомую духоўнасць і культуру народа. У роднай парафіі ксяндзом Стэповічам былі арганізаваныя школы для вясковых дзяцей і настаўніцкія курсы. Ён шырыў беларускую асвету сярод мясцовага люду і змагаўся за тое, каб касцёльнае набажэнства вялося на роднай беларускай мове. Сам падаваў у гэтым смелы прыклад, прамаўляючы казанні па-беларуску. Адраджэнцкая дзейнасць святара беларуса была ўспрынятая як небяспечная, і яго перавялі ў Карыцін на Беласточчыне, дзе з цяжкасцю можна было б адшукаць прыхільнікаў беларусізацыі Касцёла. Дзейнасць святара-адраджэнца суправаджалася не толькі пераследам, але і цяжкім захворваннем на сухоты, якое пачалося ў яго яшчэ ў перыяд навучання ў семінарыі. У 1913 г. ён лячыўся на курорце ў Закапанэ, але ў Карыціне хвароба зноў абвастрылася, і ў 1918 г. паэт зноў выязджае на лячэнне. З 1920 г. і да канца жыцця ён служыць пробашчам у засвірскім касцёле, дзе апрача душпастырскай службы і ў працэсе яе стараецца наладзіць беларускае культурнае жыццё найперш праз распаўсюджанне беларускіх газет і кніг. У гэты час найбольш плённай і актыўнай становіцца літаратурная дзейнасць Казіміра Сваяка, якую ён пачаў яшчэ будучы клерыкам у 1913 г. з верша «Прад Богам», змешчанага ў каталіцкай газеце «Biełarus», выданне якой якраз было наладжана ў Вільні:
Пачынаючы з 1919 г. паэт нястомна і шмат піша: з-пад яго пяра выходзяць глыбокія па сваёй рэлігійнай і патрыятычнай прачуласці вершы, заснаваныя на рэальных назіраннях з жыцця апавяданні з праўдзівымі народнымі вобразамі (напрыклад, вобраз Юркі беларуса), палымяная публіцыстыка на злабадзённыя тэмы рэлігійнага і грамадскага жыцця, духоўна-філасофскія разважанні, літаратурна-крытычныя і мастацтвазнаўчыя артыкулы. Усё гэта, ці то з Закапанэ, ці то з Засвіра, нязменна і амаль адразу адсылалася ў Вільню і йшло ў друк — найперш у газету «Беларуская крыніца», якая практычна штонумар выходзіла з творамі Сваяка. Напрыклад, 14 студзеня 1919 г. газета ў рубрыцы «Свая пошта» пісала: «Казіміру Сваяку ў Закапаным: Усё тое, што Вы нам у трох пісьмах прыслалі — мы атрымалі. Падзяка Вам!...».
З 1920 г. рэдакцыя, якую тады ачольваў кс. Адам Станкевіч, рупілася аб выданні кнігі вершаў Казіміра Сваяка, аб чым і пісала аўтару ў той самай рубрыцы «Свая пошта». Гэтая першая і адзіная прыжыццёвая кніга вершаў Казіміра Сваяка пад назваю «Мая ліра» ўбачыла свет у Вільні ў 1924 годзе. Яе выхад засведчыў, што постаць паэта і святара з’яўляецца найбуйнейшаю на абсягу заходнебеларускай літаратуры, і ён мае ўсе падставы прэтэндаваць на ролю народнага беларускага паэта, роўнага сваім талентам Янку Купалу. Ужо па смерці паэта ў 1926 г. газета «Беларуская крыніца» ды іншыя віленскія беларускія выданні працягвалі друкаваць яго неапублікаваныя пры жыцці творы, а ў 1932 г. Адам Станкевіч выдаў яго мемуары — дзённік «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі», які стаўся сапраўдным адкрыццём унутранага свету душы паэта — шукальніка Божай Праўды і долі для беларускага народа. З пачатку 1990-х гадоў пачалося адраджэнне памяці пра паэта і святара: былі перавыдадзеныя яго кнігі «Мая ліра» і «Дзея маёй мыслі…», з’явіліся навуковыя публікацыі, прысвечаныя асобе і творчасці Сваяка, прайшлі вечарыны яго памяці ў Мінску і на Астравеччыне. Сёлета, да 120-гадовага юбілею паэта, быў падрыхтаваны і выдадзены ў серыі «Беларускі кнігазбор» том выбраных твораў Казіміра Сваяка, куды ўвайшло практычна ўсё, вядомае на сёння з яго літаратурнай спадчыны. Прэзентацыя гэтай кнігі на Астравеччыне спалучылася з заключнымі святочнымі мерапрыемствамі па ўшанаванні памяці паэта і святара, што адбыліся 2 кастрычніка ў Астраўцы, Баранях і Падольцах. На свята сабралася паважная грамада сучасных духоўных і крэўных «сваякоў» Сваяка: з Вільні, Польшчы і Беларусі прыехалі прадстаўнікі вялікай і дружнай сям’і Стэповічаў — нашчадкі родных братоў і сясцёр паэта; з Гданьска прыехала вядомая даследчыца гісторыі сям’і Стэповічаў і творчасці Сваяка Алена Глагоўская; з Мінска — нястомны ў сваёй навукова-асветніцкай дзейнасці вучоны, пісьменнік і зямляк паэта Адам Мальдзіс, які адзін з першых спрычыніўся да адраджэння памяці пра Казіміра Сваяка і яшчэ ў 1990 г. падчас сустрэчы ў Рыме з папам Янам Паўлам ІІ на яго запытанне, хто мог бы быць далучаны да ліку беларускіх святых, назваў імёны святароў Фабіяна Абрантовіча і Казіміра Сваяка — пакутнікаў за веру і беларускі народ. Гасцей з Мінска на заключных мерапрыемствах Года Казіміра Сваяка прадстаўлялі таксама дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, мастак Алег Драбышэўскі, радыёжурналістка Галіна Шаблінская. У Астраўцы сабралася таксама немалая грамада землякоў — нашчадкаў колішніх удзельнікаў «Хаўрусу сваякоў», якія свята захоўваюць памяць пра свайго слыннага святара і паэта. А сярод іх — краязнаўцы Алесь Юркойць і Янка Драўніцкі, журналістка Ганна Чакур, сваячка і аўтар кнігі пра Казіміра Сваяка «Усе яго дарогі вялі да алтара» (2010) бібліятэкар Іяланта Валуевіч, прадстаўнікі мясцовай улады і культурных асяродкаў.
Пачаліся мерапрыемствы святочнай Імшой у гонар паэта ў астравецкім касцёле. Далей шлях у родныя Сваяковы Барані пралягаў праз Клюшчаны. У клюшчанскім касцёле пакланіліся духу паэта, а Алена Глагоўская зачытала інфармацыю з газеты «Беларуская крыніца» за 1929 год, дзе паведамлялася, як 6 мая таго ж года, у трэція ўгодкі па смерці паэта і святара, у клюшчанскім касцёле ксёндз Адам Станкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу, прысвечаную памяці Сваяка, на якую сабралася каля 600 чалавек з усіх куткоў Беларусі: «Касцёл, поўны молячыхся, тануў у моры зелені і свечак. Прыгожыя спевы літургічныя на хорах пад кіраўніцтвам брата Сваяковага, пасла Альбіна Стэповіча <...> дапаўнялі ўрачысты настрой: усе і ўсё лучылася ў адну супольную малітву, узносячыся прад трон Бога Найвыжшага, за супакой душы Сваяка, кс. К. Стэповіча. Рай светлы вялікай душы Ягонай!» …Гэтым разам, на жаль, аказалася, што ў клюшчанскім касцёле няма нават свайго ксяндза-пробашча! Дзверы ў касцёл, аднак жа, для ўдзельнікаў свята былі адчыненыя кімсьці з парафіянаў (дзякуй яму за тое!), але нашая грамада, пры ўсёй абсяжнасці геаграфіі прысутных сваякоў і даследчыкаў (Беларусь, Літва, Польшча), была ў дзесяткі разоў меншая, чым у 1929 г. пры кс. Адаму Станкевічу… Хочацца спадзявацца, што такая сітуацыя выправіцца ў будучым і, магчыма, штогод маёвыя набажэнствы ў клюшчанскім касцёле будуць цэлебравацца ў гонар Казіміра Сваяка (бо якраз у маі ён пайшоў з жыцця), а рабіць гэта будзе сталы клюшчанскі ксёндз-пробашч з натхнёнай беларускай душою пры вялікім сцячэнні спрагнёнага па веры і праўдзе народа беларускага «з розных бакоў Беларусі». У Баранях удзельнікаў свята чакала надзвычайная і бадай самая важная падзея Года Сваяка — у роднай хаце паэта адбылося святочнае адкрыццё музейнай экспазіцыі «Дом Казіміра Сваяка». Гэта была, сапраўды, доўгачаканая падзея, аб здзяйсненні якой немалы час рупіліся прадстаўнікі астравецкай ды мінскай інтэлігенцыі. Наступнай часткай свята стала «акадэмія», або канферэнцыя-сустрэча, якая прайшла ў блізкіх да Бараняў Падольцах. Завяршыліся святочныя ўрачыстасці прэм’ерай спектакля па п’есе Казіміра Сваяка «Янка Канцавы», пастаўленай астраўчанскім Народным самадзейным тэатрам. Адкрыццё Дома-музея Казіміра Сваяка — важная падзея не толькі культурнага жыцця Беларусі, але і духоўнага, бо гэта музей паэта і святара. Святарскі і пяснярскі дар былі злітыя ў асобе Сваяка і праяўляліся непарыўна: святарскі голас чуўся ў ягоных творах, пяснярскае натхненне суправаджала парафіяльную штодзённасць. Усе сілы сваёй душы і хворага цела ён паклаў на служэнне «з народам — для Бога». Так ён сам вызначыў мэту свайго жыццёвага шляху. Гэта было напоўніцу самаахвярнае служэнне адраджэнню духоўнасці народа на грунце роднай беларускай мовы. Яго дзейнасць сягала ў будучыню і сталася высокім падмуркам адраджэння беларускага Касцёла, якім ён ёсць сёння. Несумненна, вялікае значэнне варта надаваць сімвалічнай гутарцы Адама Мальдзіса з папам Янам Паўлам ІІ аб беатыфікацыі Казіміра Сваяка — ксяндза Канстанціна (Кастантага) Стэповіча. Як пры жыцці ён быў заступнікам за беларускі народ, так і па смерці сваёй анёльскай душою ён можа дапамагаць нам у нашых сённяшніх жыццёвых варунках. З вераю і чыстым сэрцам нам трэба маліцца аб гэтым, і так яно, несумненна, станецца, бо думка аб тым ужо пайшла ў Нябёсы. Дзелячыся са мной уражаннямі і інфармацыяй аб той колішняй гутарцы з Папам, Адам Мальдзіс сказаў, што для таго, каб працэс беатыфікацыі стаўся рэальным, павінны адбывацца цуды, звязаныя з імем будучага святога, а гэта найперш аздараўленні. Але для таго, каб цуды адбываліся, трэба ў іх верыць, прасіць аб іх ды маліцца. На які цуд аздараўлення можна найперш спадзявацца ў дадзеным выпадку? Па маім меркаванні, маліцца да Казіміра Сваяка можна ў інтэнцыі цвярозасці нашай нацыі, бо першы душпастырскі трактат Сваяка, які быў апублікаваны ў газеце «Biełarus» у 1913 г. і тады ж выйшаў асобнай брашурай, называўся «Алкаголь» і быў скіраваны супраць такога распаўсюджанага сацыяльнага зла, як п’янства. Гэтай жа балючай праблеме была прысвечана яго п’еса «Праклённае зелле» («Янка Канцавы»). Ён быў нястомным змагаром за цвярозасць, а балючая праблема застаецца актуальнай і сёння. У штодзённым жыцці Сваяк часта называўся імем Кастанты — варыянтам свайго імені Канстанцін. Гэтае ж імя выбіта і на надмагільным помніку на могілках Роса ў Вільні: «Казімір Сваяк — кс. Кастанты Стэповіч». Таму будучага святога можна прасіць аб ласцы цвярозасці, напрыклад, у такім кароткім малітоўным звароце: «Святы Кастанты-Казімір, успамажы мяне (назваць імя) у цвярозасці», — і памаліцца ружанцовую дзясятку. У сваёй святасці Казімір Сваяк мог бы стаць апекуном хворых на сухоты, бранхіты ды на іншыя захворванні дыхальных шляхоў. Трэба спрабаваць рабіць гэта са шчыраю вераю, і цуды, несумненна, адбудуцца. Клюшчанскі касцёл і Дом-музей у Баранях маглі б стаць яшчэ адным месцам паломніцтва беларусаў да сваіх святыняў.
Ірына Багдановіч.
Гл. таксама:
|
|
|
|