Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва
Кіно

ДЫВІЗІІ Ў НЯБЁСАХ
Юбілеі
Мастацтва

НАРАДЖЭННЕ СВЯТЛА
На кніжнай паліцы
Культура

МУЗЕЙ ПАЭТА І СВЯТАРА
Вачыма візітатара
Культура

СТАРАДРУКІ ВЯРТАЮЦЦА

Франц СІЎКО

ІСТОТЫ НЯБЕСНЫЯ

Эцюд

Любоў да птушынага царства спадарожнічае мне з дзяцінства. З таго дня, як мы з бацькам, падахвочаныя прыкладам суседа, выправіліся да аборы ставіць на галубоў сіло з конскага воласу, я не магу абыякава прайсці міма ніводнага птушынага кагалу. Магу назіраць за птушкамі гадзінамі, і такі бязмэтны, бессэнсоўны, на першы погляд, занятак заўсёды, незалежна ад перападаў надвор’я ці настрою, пакідае ў маёй душы трапяткое адчуванне радасці ад дотыку да таямніцы недасяжнага.

Галубоў мы ў той дзень не ўпалявалі, але ўласцівая сялянскаму асяроддзю прыхільнасць да ўсяго каляровага ды блішчастага была цалкам задаволеная ўва мне іншымі, куды больш экзатычнымі, чым галубы, палоннікамі — чырванагрудым снегіром і дзвюма сініцамі. Птушак мы, вядома ж, неўзабаве адпусцілі. І трэба было бачыць, як асцярожна наш бацька, чалавек добры, хоць далёка не чуллівы і не надта каб пабожны, вызваляў сваімі каструбаватымі пальцамі з валасяных пелек іх тонкія, аздобленыя карункамі кіпцюрыкаў лапкі.

З усіх праяваў птушынага быцця мне найбольш падабаецца назіраць працэс кармлення. Вераб’ёў, якія ласуюцца ўсёю чародкаю на гарадскіх чэзлых пожнях семкамі саспелых пад восень траваў і красак. Ці стрыжоў з іх адметным паляўнічым почыркам, што робіць іх падчас палявання на казюрак падобнымі да рыбіны: цікаванне, прабежка, кароткі імклівы рывок, жаданы наедак. Альбо качак, што, кульнуўшыся перадам у каламутную ваду азярка ці става ды штосьці там у ёй адшукаўшы, без залішняй сарамлівасці ды боязі быць абвінавачанымі ў празмернай схільнасці да эксгібіцыянізму дэманструюць выпадковаму назіральніку свой ледзь збольшага прыкрыты пёркамі азадак. Усе пры справе, у клопаце пра хлеб надзённы, шчыруюць ад цямна да цямна. І не дзіва: харч, хоць і дармовы, даецца птаству куды як нялёгка. Можа, таму і гультаёў сярод птушак, у адрозненне ад нас, людзей, няма. Як і «начальнікаў», відаць, таксама: шукаць спажыву, не шукаць — асабістая справа кожнага, а пэўная іерархія калі і існуе, то найперш у інтарэсах усяго птушынага кагалу, то бок, калектыўнай бяспекі. Адзінае, што, здаецца, птушку з чалавекам родніць, — гэта нязводная схільнасць да крадзяжоў.

Але асабліва захапляе мяне назіранне за варонамі. Невядома, чым гэтак правінілася гэтая птушка перад нашым слынным класікам, што ён наважыўся зраўняць з ёю ў сэнсе разумовых здольнасцяў дурнога мужыка, але ягонае параўнанне — несумненны камплімент апошняму. У гэтым я ўпэўніўся нядаўна, ідучы пасля дажджу паўз скверык да свайго дома.

Было цёпла, змучаныя доўгаю жнівеньскаю сухменню галубы апантана купаліся ў неглыбокай лужыне, змывалі з пёраў прыкарэлыя выдаткі штохвіліннага летняга дбання пра спажыву для вечна галодных нашчадкаў. Іх было шмат, і яны нагадвалі гурт першахрысціянаў ля купелі для абмывання. Раптам усе яны дружна, бы па камандзе, узняліся ў паветра ды рассыпаліся куды каторы. А да лужыны тым часам спусцілася з прагалку ў шатах дрэваў «прычына» пярэпалаху — варона са скарынкаю ў дзюбе. Яна дзелавіта кінула скарынку ў ваду, пуляючы па баках вачыма, пачала чакаць, калі тая размякне і можна будзе яе з’есці без лішняе мітрэнгі.

Нарэшце варона праглынула размяклую скарынку, абцерла дзюбу аб траву, паляцела далей па сваіх справах. Я думаў, што вось зноў вернуцца да лужыны працягваць купанне галубы, але памыліўся. Ніводнага аматара восеньскага купання паблізу не было. Затое праз колькі хвілін прыляцела тая самая варона — з новаю скарынкай. І гэтак паўтаралася некалькі разоў.

Аднак не заўжды стасункі мае з птушкамі мелі гэткі ідылічны характар, як зараз. Адзін выпадак з падлеткавага ўзросту дасюль поўніць мяне вусцішам. Вусцішам, па-за межамі якога любы адказ на пытанне «чаму?» падасца не менш рытарычным, чым само пытанне.

Забава была такая: падкрасціся як мага бліжэй да купкі вераб’ёў, шпурнуць у яе палкай ці прэнтам, цаляючы не ў адну якую-небудзь асобную птушку, а ва ўвесь гурт адразу. У каторую небараку патрапіш, той і капцы, вядома, — дзіцячая жорсткасць яшчэ тая.

Я пацэліў, усе вераб’і ўзляцелі, і толькі адзін застаўся ляжаць на месцы дагары нагамі.

Я падняў нерухомае цельца і ўбачыў заплылае чырванню ад удару птушынае вока, нежывое, як барвовая крапіна каросты на здаровай плоці сакаўнога восеньскага яблыка. Верабей таргануўся раз-другі ў маёй руцэ, быццам у спадзеве на цудоўнае ацаленне, і аціх дарэшты. Шкадаванне, што я дарэмна загубіў няшчасную птушку, ахапіла мяне. Але раптам, акурат у той момант, калі я ўжо хацеў кінуць вераб’я, ён зноў варухнуўся на далоні, дрыгнуў лапкамі. Хваля радасці ўзнялася ўва мне, пагнала да бліжэйшай арэшыны. Я ўссадзіў птушку на самую высокую, да якой толькі мог дацягнуцца, галінку, адышоўся воддаль. Азірнуўся: верабей пасядзеў хвіліну на галінцы, успырхнуў у паветра, жвава паляцеў з арэшыны ў паддашак пуні.

Нежывое, што неўспадзеў (ды на шчасце) ажыло, — мабыць, ён, той даўні выпадак, найболей прычыніўся да маёй сённяшняй прыязнасці да ўсіх птушак на свеце. Такой нястрымнай, што яна нават часам правакуе ўва мне недаравальнае з пункту гледжання законаў натуральнага адбору ўмяшальніцтва ў птушыныя справы.

Нядаўна, вяртаючыся з працы, я раптам убачыў за некалькі крокаў ад сябе, каля кантэйнера са смеццем, нейкі дзіўны вэрхал сярод чародкі галубоў. Але вось галубы порстка ўзляцелі, і каля скрыні застаўся вялікі руды кот з бездапаможным птушыным целам у зубах. Зладзеявата пазіраючы на нечаканую перашкоду ў маёй не на жарт раззлаванай асобе, ён з яшчэ большаю жарсцю ўпіўся зубамі ў цела ахвяры, стрымгалоў памчаўся за рог дома. Я кінуўся следам, і, дзіва, кот, не даўшы розуму, што рабіць са здабычай, бо яму наперарэз акурат кінулася з недвухсэнсоўным намерам адабраць голуба плойма іншых катоў, выпусціў яе з пашчы. А бедны палоннік, што неяк надта ж хутка апрытомнеў, успырхнуў у паветра, паляцеў сабе далей ад небяспечнага месца.

Не ведаю, наколькі любоў да птушак характарызуе ступень нашай чалавечнасці, але што птушак любяць многія — факт. Ды нават калі гэткі факт і мала выяўляе душэўную сутнасць той ці іншай асобы — усё адно ён усцешвае.

«Ну, сказаў жа я вам: няма сёння семак у мяне, няма!» — з роспаччу ў голасе — ці то ад таго, што насамрэч іх, тых семак, няма, ці то ад таго, што немагчыма пераканаць у гэтым сваіх нямых пярэстых, шызых ды белых суразмоўцаў — даводзіў нецвярозы дзядзька, сталы наведнік кропкі прыёму шклотары з дзесятку галубоў, што, звыклыя, відаць, да пачастунку, так і ляпіліся да ягоных брудных рук, садзіліся на плечы, лапочучы крыллем у чаканні семак, адно ў вочы не зазіралі. Ужо і чалавечага, здаецца, у чалавеку — кот наплакаў, а вось жа...

Можа, таму, што птушкі — усё ж болей нябесныя, чым зямныя, істоты, нас яны гэтак прывабліваюць? Ці не таму кожнае іх з’яўленне побач з намі гэтак надоўга застаецца ў нашай абцяжаранай штодзённымі турботамі памяці, што кожнага разу падсвядома чакаем ад іх, маючы за прыклад галубоў Марыі, нейкай добрай весткі?

Памятаю буслоў у калысцы сваёй, Міжрэччы. Таго небараку, што выходжвалі ўсёю вясковаю грамадою пасля таго, як выкуліўся падчас буры з гнязда ды і застаўся пры людзях да восені, пакуль не нахапіліся прымаразкі. І таго, што так і не здолеў наладзіць новае сужэнства пасля гібелі сяброўкі і з дакладнасцю гадзінніка штогод адбіваў на пачатку вясны ў асірацелым, змізарнелым гняздзе сумныя памінальныя акорды.

Ці гэтага вось, што трапіўся на вочы на старадрэвіне ў глухім закутку воддаль ад чалавечага жытла. Ён — на дрэве пасярод кустоўя, паблізу, на слупе лініі электраперадач — тры галавы па-над гняздом — дзеткі, значыць. Голас падаў, мяне ўбачыўшы, і як не было тых галоваў, так спрытна зніклі з поля зроку, рупным бацькам ці то маткаю пра прысутнасць чужога папярэджаныя.

А яшчэ дзіва — калі птушка раптам неўспадзеў у жытло ўляціць. І без розніцы, будзе то прынаджаны цяплом зляцелы ў прочкі суседскі ара, ці затлумленая пагоняю за жамярынай ластаўка, ці заваблены няведама чым малады верабей. Прачнешся ўранні ад незразумелага гуку, хіснешся спрасоння на балкон, а там яна, дурніца, трапечацца, б’ецца аб шкло, волю нанова здабыць імкнучыся. Возьмеш у далоні ды і выпусціш у звыклую стыхію неба да радасці дзіцяці ў вакне дома насупраць. І так неўспадзеў, так выразна адчуеш у тую хвіліну, які вялікі Божы свет, і якія мы ў ім усе, што людзі, што іншыя істоты, — малыя.

 

Гл. таксама:
Франц СІЎКО :: ТРЫ РАССТАННІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY