|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
Гісторыя прабывання манахаў піяраў у Полацку непрацяглая, складаная і амаль недаследаваная. З’явіліся яны тут не паводле ўласнае волі, а паводле імператарскага загаду ад 13 сакавіка 1820 года. На падставе яго належала: «1) иезуитов… выслать под присмотром полиции за пределы государства…; 2) Полоцкую иезуитскую академию и подведомственные ей училища упразднить…». Вайсковыя ўлады пасадзілі манахаў з невялікім скарбам (найперш архівам) на забраныя ў сялянаў вазы і, давёзшы да аўстрыйскае мяжы, высадзілі. Так езуіты развіталіся з Полацкам на Дзвіне, які, паводле трапнае заўвагі сучаснікаў, замяняў ім Рым з Тыбрам. Агромністыя будынкі былой акадэміі з цудоўным музеем, грунтоўнымі прыродазнаўчымі кабінетамі, бібліятэкай, адной з найвялікшых у Еўропе, засталіся пуставаць. Мясцовая шляхецкая супольнасць пачала слаць у Санкт-Пецярбург скаргі на адсутнасць якой-небудзь магчымасці для адукацыі іх дзетак. Разважыўшы, расейскі ўрад 16 жніўня 1822 года прыняў рашэнне аб пераводзе з Віцебска ў Полацак піяраў. У губернскім Віцебску ў іх была забраная нерухомая маёмасць з кляштарам і касцёлам, а ўзамен для арганізацыі навучальнае працы перададзеная былая езуіцкая маёмасць у Полацку. Менавіта гэтая манаская супольнасць была абраная невыпадкова, бо поўная назва закону Ordo Clericorum Regularium Pauperum Matris Dei Scholarum Piarum, што азначае Супольнасць духоўнікаў законных убогіх Маці Божай школак пабожных, а найпершым абавязкам ад заснавання закону была адукацыя моладзі. Гісторык Ян Марэк Гіжыцкі ў сваёй працы «Матэрыялы да гісторыі Полацкай акадэміі і школаў ад яе залежных» змяшчае невялікае паведамленне з тыднёвіка «Кур’ер літоўскі» пра ўрачыстае адкрыццё вучэльні: «Правінцыял піяраў кс. Купсць 1 верасня 1822 годзе адчыніў у Полацку чатыры ніжэйшыя класы, а 15-га таго ж месяца пачалі працу і вышэйшыя курсы гэтай новай установы. Перад тым у прысутнасці цывільных уладаў і пры вялікай колькасці грамадзянаў гэты ж правінцыял распачаў сход прамовай аб адукацыі моладзі, мэта якой — удасканаленне сэрца праз мацаванне ў хрысціянскіх цнотах, праз узбагачэнне розуму, навучанне разважлівасці і нарэшце ўмацаванне цела праз неабходныя для таго сродкі і прывучэнне да сціплага жыцця. Пасля кс. Лашкевіч, прафесар польска-лацінскай літаратуры, прывабліваў моладзь да заняткаў навукамі з ахвотай. Настаўнік жа нямецкае мовы Шлезынгер па-французску даводзіў, што дасканалае валоданне іншымі мовамі шмат дае для асветы. Пры канцы быў зачытаны расклад лекцыяў для чатырох ніжэйшых і трох вышэйшых класаў. Сходу папярэднічала ўрачыстая Імша са спевам „Veni Creator“, якая закончылася гімнам „Te Deum“». Гэтак распачаліся заняткі ў полацкай піярскай вучэльні, аднак друкарня пры ёй пачала працаваць не адразу.
Дазвол ад уладаў на друкарскую працу піяры атрымалі недзе пры канцы 1823 года. Па абавязковую цэнзуру трэба было выбірацца ў Вільню. З гэтае прычыны кнігі для вучэльні, у прыватнасці «Wykład nauk dawanych w szkole wyższej połockiej xx. Pijarów» («Выклад навук, даваных у вышэйшай полацкай школе айцоў піяраў») на 1822/1823 гг., напачатку ціснулі ў сваёй друкарні віленскія піяры. Пазней падобныя выклады выходзілі з-пад варштату ў Полацку. Былі іншыя цікавыя выданні, напрыклад, «Gramatyka Łacińska» (1825), «Nabożeństwo za dusze czyscowe» (1825), а паэтка з Дзісны Тэкля Урублеўская ў 1828 годзе ўласным коштам выдала кніжку вершаў «Poezje» спачылага паэта Яна Аношкі. Найбольш вядомай кнігай друкарні з’яўляецца філасофская праца выкладчыка Віленскага ўніверсітэта Анёла Доўгірда «Wykład przyrodzonych myślenia prawideł, czyli logika teoretyczna i praktyczna» («Выклад прыродных законаў мыслення, або логіка тэарэтычная і практычная»), якая ўбачыла свет у 1828 годзе.
Агулам было выдадзена каля трыццаці розных кніжак. Апошнія вядомыя выданні датуюцца 1829 годам. Да іх належыць дзе-нідзе згаданы ў каталогах лемантар на латгальскай мове (пэўна, «Gromota brolisties»). Пры канцы лютага 1830 года з’явіўся царскі загад пра ліквідацыю ў Полацку піярскае навучальнае ўстановы і перавод выкладчыкаў у Вільню. Імперскія ўлады палічылі, што старажытнаму гораду больш пасуе кадэцкі корпус. Пачалося кантраляванае і некантраляванае рабаванне маёмасці. Кнігі, экспанаты, навучальныя прылады «паплылі» ў розныя куткі імперыі: Санкт-Пецярбург, Маскву, Сімбірск, Рыгу. Друкарскае абсталяванне было вывезенае ў Кіеў. У Полацку, на радзіме слыннага беларускага кнігадрукара, з выданняў каталіцкіх манахаў не засталося ніводнае кніжкі. Але сёння часы іншыя, і нават у людзей, не заглыбленых у гісторыю, сфармавалася трывалае разуменне неабходнасці збірання раскіданых па ўсім свеце полацкіх артэфактаў. Як вынік 14 жніўня ў полацкім музеі кнігадрукавання адбылася ўрачыстая перадача на захаванне ўнікальнае кнігі «Missale Romanum» («Рымскі Імшал»), выдадзенай у 1826 годзе полацкай друкарняй піяраў. Неардынарнасць падзеі палягае ў тым, што полацкіх выданняў у розных бібліятэках Еўропы маюцца адзінкі. Тым больш радасна, што такое аб’ёмістае выданне (больш за тысячу старонак) трапіла ў полацкі музей. Яшчэ летась кніга была адшуканая на адным з польскіх інтэрнэт-аўкцыёнаў, але прыдбаць яе было няпроста, бо ўзніклі складанасці з фінансаваннем і дастаўкай пакупкі. Гэтыя праблемы здолеў вырашыць палачанін Андрэй Макагон, які цяпер жыве ў Маскве. Дзякуючы ягоным фінансавым сродкам і настойлівасці ў музейнай экспазіцыі з’явіўся шэдэўр манаскае працы. Кніга сапраўды найлепшая з полацкіх твораў: вялікі аб’ём, друк у два колеры, наяўнасць заставак, скураная вокладка. Па кнізе кожны можа меркаваць аб майстэрстве друкароў «typis Patrum Scholarum Piarum». Міхась Баўтовіч
|
|
|
|