|
Медзіярыт
з рымскага абраза
«Madonna del pascolo».
XVIII ст.
|
Бываюць у жыцці дзіўныя супадзенні, а можа, гэта проста Божы Провід. У верасні 1718 г. адбылася першая ў Вялікім Княстве Літоўскім каранацыя цудатворнага абраза Маці Божай у трокскім касцёле (цяпер Тракай). У жніўні таго ж года генеральны пракуратар ордэну базыліянаў Бэнэдыкт Трулевіч вырашыў падправіць тынкоўку ў рымскай рэзідэнцыі ордэну пры царкве Сергія і Вакха. Майстар Сымон Чыёцці пачаў працу з калідора ніжняга паверха, і аднойчы, калі ён змятаў пыл шорсткім венікам, раптам адваліўся кавалак тынку, з-пад якога паказалася вочка дзіцяці, — яно «свяцілася, як сонейка». Здзіўлены майстар пачаў асцярожна адломваць тынк далей і ўбачыў непашкоджаныя лікі Дзіцяці Езуса і Маці Божай. Ён паведаміў аб знаходцы Трулевічу, але той быў заняты і вырашыў агледзець знаходку заўтра, ідучы раніцай у царкву.
Назаўтра ўсе, хто быў у рэзідэнцыі, убачылі цалкам сам сабою раскрыты абраз Багародзіцы з надпісам вакол яго і двума серафімамі абапал святых лікаў. Трулевіч адразу пазнаў у абразе паўтор Жыровіцкага абраза і дазволіў па суботах запальваць перад ім лампаду, з якой багамольцы бралі алей на паперу. Праз восем месяцаў ад абраза пайшлі цудоўныя знакі. У жніўні 1719 г. пры ім з’явілася першая срэбраная вота з чатырма крыжыкамі, затым яшчэ дзве і чацвёртая драўляная з выяваю адчутай ласкі. Усё часцей прыходзілі да абраза багамольцы, аднойчы перад ім укленчылі трынаццаць сялянаў, якія на пытанне, адкуль яны даведаліся пра абраз, расказалі, што ў полі ім з’явілася велічная Панна і наказала ісці ў манастыр Сергія і Вакха ды памазацца там алеем з лампады перад нядаўна яўленым абразом, каб вылечыцца ад хваробы. Праз колькі дзён бачылі перад абразом пятнаццаць знатных паняў у белых адзеннях, якія маліліся неяк асабліва. Перад абразом загучалі літаніі і іншыя спевы пілігрымаў...
Яўлены абраз быў крыху пашкоджаны ўнізе, былі пацёртыя літары надпісу, а крук для лампады ўбіты проста ў грудзі Маці Божай, таму Трулевіч ўзяўся за рэстаўрацыю абраза: крук вынялі і ў тое месца ўставілі кавалачак цудатворнага жыровіцкага каменя1. Паднавіць страты Бэнэдыкт Трулевіч даверыў «нявіннаму хлопцу» Ларэнца Грамічэ дэ-Кавэ, які навучаўся жывапісу ў Вентура Ламбэрці2. Юнак спачатку адмаўляўся, але калі ў яго нечакана апухнуў палец на назе, згадзіўся паднавіць абраз3, які меў у вышыню 1 фут 8 дзюймаў 8 1/4 л., у шырыню 1 фут 4 дзюймы 7 л., вакол — надпіс «Честнійшую Херувим і Славнійшую воистину Серафим...» і абапал — грэчаскія манаграмы Езуса і Марыі. Рымскі гісторык абраза І. Нардзі пісаў, што ніхто не помніў, кім і калі ён быў намаляваны, але слушна меркаваў, што, напэўна, нейкім базыліянінам, які прыехаў з Жыровічаў у першыя гады існавання рэзідэнцыі, каб паказаць Рыму, якую вялікую каштоўнасць маюць Вялікае Княства Літоўскае і Карона Польская.
|
Фрэска ў храме
святых Сергія і Вакха
(Madonna del pascolo) у Рыме.
XVII ст.
|
Да 15 жніўня — Унебаўзяцця Багародзіцы і галоўнага свята Жыровіцкай Маці Божай — рэстаўрацыя абраза была закончаная, і пачалося шматлікае паломніцтва да святыні людзей простых і знаці — пабываў тут і кардынал Альбані, пратэктар Русі і закону базыліянаў. З 15 па 22 жніўня натоўпы значна павялічыліся, і рымскія ўлады, каб «утрымаць парадак», загадалі 1 верасня закрыць абраз сцяною. Гэта выклікала вялікія нараканні ў рымлянаў (беларускі гістарыёграф абраза Ігнацы Кульчыцкі тлумачыў акцыю ўладаў падкопамі нячыстага).
Пракуратар Бэнэдыкт Трулевіч звярнуўся да папы Клімента XI: апісаў незвычайныя абставіны з’яўлення абраза і папрасіў дазволу перанесці яго ў алтар царквы Сергія і Вакха. Часова абраз быў змешчаны ў бакавым алтары і пазней, калі пракуратар Ігнацы Кульчынскі закончыў новы галоўны алтар, аздоблены мастацкай ляпнінай. 7–8 верасня 1729 г. на Імшы адзначалася дата пераносу абраза, што суправаджалася цудоўнай музыкай. У гэты дзень у прадмесці Рыма Рыёнэ дэ Монці разносіліся стрэлы з марціраў, гукі тамбурынаў, трубаў і валторнаў, а ілюмінацыя на ўсіх вуліцах «ноч пераўтварала ў дзень». 12 і 13 верасня абраз перанеслі ў новы алтар, а 29 кастрычніка Полацкі архіепіскап Фларыян Грабніцкі зняў з абраза завесу, якой ён быў закрыты. Спевам гімна «Te Deum laudamus» пад прыгожую музыку і ўдзячнай малітвай пачалася ўрачыстая літургія. Гучаў салют з 24 марціраў, трубы і тамбурыны абвясцілі па ўсім наваколлі фэст4.
У той самы час базыліяне пачалі хадайнічаць перад Апостальскаю Сталіцаю аб каранацыі цудатворнага Жыровіцкага абраза Маці Божай, таму аб’яўленне рымскай копіі было вельмі своечасовым. 15 красавіка 1726 г. папа Бэнэдыкт ХІІІ выдаў прывілей на каранацыю абраза залатымі каронамі, даручыўшы выканаць урачысты абрад архіепіскапу Кіеўскаму і Галіцкаму, епіскапу Львоўскаму і Камянецкаму Афанасію Шаптыцкаму. Каранацыя мелася адбыцца 8 верасня 1728 г., але з-за смерці мітрапаліта Льва Кішкі (19 лістапада 1728 г.), а таксама па просьбе літоўскіх і польскіх магнатаў яна была адкладзеная, што аказалася больш зручным і для Жыровіцкага манастыра. Новы мітрапаліт Афанасій Шаптыцкі прызначыў каранацыю абраза на 8 (19) верасня 1730 года.
Вялікае Княства Літоўскае не ведала ўрачыстасці такога размаху з часоў кананізацыі святога Казіміра ў Вільні (1604 г.). У Жыровічах (з боку Слоніма) на сродкі розных мецэнатаў праз кожныя 100 крокаў было збудавана шэсць трыумфальных арак з дрэва, размаляваных мастакамі рознымі выявамі і сімвалічна-павучальнымі надпісамі на латыні. Першая арка належала базыліянскаму ордэну і Слонімскаму павету, другая — найвялебнаму каранатару мітрапаліту Афанасію Шаптыцкаму, трэцяя — роду Пацеяў, чацвёртая — роду Радзівілаў, пятая — роду Вішнявецкіх, шостая — Сапегам, калятарам і дабрачынцам Жыровіцкага манастыра ад самага яго пачатку.
Урачыстасць каранацыі мелася адбыцца ва Успенскім саборы. Яго сцены і калоны былі да самага верху завешаныя персідскімі дыванамі, дамаскімі і іншымі тканінамі. У галоўным алтары знаходзілася дакладная копія «рымскай» Жыровіцкай іконы Маці Божай, ужо таксама праслаўленая цудамі, запісанымі ў асобную кнігу. Яна была аздобленая каштоўнай пазалочанай срэбранай шатай і каронамі ад мсціслаўскага падстолія Міхала Загорскага ў падзяку за вылячэнне ад цяжкай хваробы, а таксама мноствам залатых і сярэбраных прывесак і каштоўнымі камянямі5.
|
«Маці Божая Жыровіцкая», 1682 г.
Гравюра Л. Тарасевіча
па малюнку П. Бацэвіча.
|
Галоўны алтар і чатыры бакавыя былі аздобленыя залатымі таблічкамі, персідскімі дыванамі і тканінамі, срэбранымі лампадамі і люстрамі. Алтар Жыровіцкай Маці Божай, які ззяў дыяментамі і каштоўнымі камянямі, быў ахінуты балдахінам з пышных тканінаў, таксама ўпрыгожаных камянямі. Апрача лампадаў і свечачнікаў, былі выявы дванаццаці літых сярэбраных анёлаў высокага росту, якія трымалі ў руках свечкі. Пры пілоне насупраць амбоны стаяў трон для каранатара, усланы персідскімі дыванамі, пад балдахінам; абапал стаялі трыццаць крэслаў для духавенства і магнатаў. На пілонах былі развешаныя сем вялікіх авальных карцінаў з выявамі з’яўлення Жыровіцкай іконы і найбольш вядомых яе цудаў, у тым ліку перамогі літоўскага войска Сапегі і Юдыцкага над войскам маскоўскага ваяводы Хаванскага пад Палонкай у 1660 годзе6.
4 верасня ў Жыровічы прыехаў мітрапаліт Афанасій Шаптыцкі са шматлікім духавенствам, з Наваградскай кангрэгацыі прыбылі прадстаўнікі ўсіх базыліянскіх кляштараў Літоўскай правінцыі, мноства магнатаў шляхты, а таксама простага стану людзей Літвы, Русі, Жмудзі, Падляшша, Валыні, Падоліі, Польшчы, Лівоніі і з-за мяжы Рэчы Паспалітай. Пілігрымамі былі перапоўненыя не толькі Жыровічы і Слонім, але ўсё наваколле. Некаторыя наладзілі палаткі і навесы, большасць тулілася ў шалашах і пад голым небам у чаканні ўрачыстасці.
5 верасня (у суботу) у Жыровічы прыехалі епіскапы Уладзімірскі і Брэсцкі Тэафіл Гадэбскі, Пінскі і Тураўскі Юрый Булгак, архімандрыты і прэлаты. Урачыстую вячэрню цэлебраваў Кобрынскі архімандрыт Канстанцін Шаціцкі.
6 верасня Мітрапаліт у асістэнцыі біскупаў і абатаў адслужыў раннюю абедню пры алтары Жыровіцкай Маці Божай. Там жа «спеўную» абедню служыў ігумен Быценьскага манастыра Антоні Завадскі. Суму пры галоўным алтары служыў архімандрыт Шаціцкі, а ўрачыстую вячэрню — протаархімандрыт ордэну — беразвецкі ігумен Антоні Таміловіч.
|
Жыровіцкі абраз Маці Божай. XV ст.
Жыровічы. Успенскі сабор.
|
Паводле рымскага звычаю, цэлы тыдзень да каранацыі раніцай, у поўдзень і вечарам паўгадзіны разносіўся трыумфальны звон, пасля яго раніцай і вечарам паўгадзіны іграў сімфанічны аркестр. Напярэдадні свята ў Жыровічы прыйшлі тры шматлюдныя працэсіі пілігрымаў з Вільні, Мінска і Міра. З мірскай працэсіяй ішоў полк радзівілаўскіх янычараў з аркестрам; па дарозе і пры падходзе ў Жыровічах войска салютавала з гарматаў.
Ранкам 7 верасня з боку Слоніма прыйшлі пяхота, драгуны і конніца вялікага гетмана літоўскага Міхала Сервацыя Вішнявецкага — са сцягамі, громам музыкі і бубнаў. Памаліўшыся перад дзвярыма храма, войска паставіла палаткі на ўзгорках пад Жыровічамі. Крыху пазней з конным эскортам з’явіўся сам гетман з жонкай і сваякамі і накіраваўся ў храм, дзе ішла абедня. Затым прыбыў польны гетман Лука Барановіч з конніцай і артылерыяй і заняў узгорак св. Георгія. У гэты час служыліся Імшы пры галоўным алтары, алтарах Жыровіцкай іконы і св. Ануфрыя.
Пасля поўдня прыехала Ганна Радзівіл, удава канцлера Караля Станіслава з сынам Геранімам, са світай, пешым і конным эскортам, і спынілася ў манастырскім фальварку. Ганна аздобіла кароны каштоўнымі камянямі (па іншых звестках, цалкам аплаціла іх выраб)7.
15-гадовы Геранім Радзівіл выконваў ролю пасланца Апостальскай Сталіцы — ён даставіў з Рыма кароны, асвечаныя папам Бэнэдыктам ХІІІ. З імі прыехалі наваградскі ваявода Мікалай Радзівіл з жонкай і сынамі, мінская ваяводзіна Завішына з дзецьмі, каралеўскі скарбнік Юзаф Сапега, трокскі кашталян Ян Сапега, Адам Хадкевіч і іншыя магнаты Вялікага Княства Літоўскага.
А трэцяй гадзіне па поўдні званы, грукат бубнаў, музыка і салют з гарматаў паклікалі ўсіх на ўрачыстую вячэрню, якую а чацвёртай гадзіне распачаў мітрапаліт Шаптыцкі ў асістэнцыі біскупаў, абатаў і прэлатаў. Затым Мітрапаліт сеў на свой трон, духавенства размясцілася абапал яго, і тараканскі ігумен айцец Мацвей Казачэнка сваёй вучонаю прамоваю паклаў пачатак 8-дзённым казанням слова Божага. Затым у храме адбылася Эўхарыстычная працэсія і былі пачаты літаніі перад цудатворным абразом. Ад поўдня да 10 гадзін вечара пілігрымы спавядаліся ў галоўным храме, нядаўна збудаванай «Цямніцы Хрыстовай»8, Яўленскай капліцы з цудоўным каменем, царкве св. Георгія і на другім паверсе Сапежынскай брамы. Столькі было жадаючых, што не хапала духаўнікоў, і так доўжылася ўсю актаву свята. Дзень закончыўся ўрачыстымі звонамі, салютам з гарматаў, музыкай, якая гучала з царкоўных вежаў, брамаў і ўзгоркаў. Была запаленая раскошная ілюмінацыя — манастыр, храмы, трыумфальныя аркі і ўсё мястэчка заззялі агнямі.
У поўнач з 7 на 8 верасня званы з вежы Успенскага сабора паклікалі на «Анёл Панскі», і народ памкнуў да яшчэ зачыненага сабора. У дзве гадзіны гукамі званоў і гарматнымі стрэламі пачалося ранішняе богаслужэнне пры ўсіх алтарах галоўнага храма. З пяці гадзін да дзвюх апоўдні без перапынку правілі абедні ва ўсіх храмах і трох часовых алтарах перад саборам. У 5 гадзін дня перад галоўным алтаром была спяваная абедня (ватыва).
Цырымонія каранацыі пачалася ў гаі Вікня з «прыватнай перадачы» каронаў Бэнэдыктам Трулевічам з прэлатамі апостальскаму пасланцу Гераніму Радзівілу з асістэнтамі. Тым часам Мітрапаліт з духавенствам «прыватна» прыбыў на гару св. Георгія і спыніўся ў намёце сярод Літоўскай конніцы і ў атачэнні магнатаў, чакаючы прыбыцця Радзівіла з каронамі.
А 7-й гадзіне вечара з захаду, «як бы з Рыма», паказалася багатая карэта Радзівіла, побач з якім сядзеў Эрнэст-Казімір Дэ-Лямур, прэпазыт Нясвіжскі і Мірскі. Эскорт утваралі карэты з вяльможамі, коннікі, прыдворныя, атрад замежнай конніцы. Пры падыходзе да варотаў сабора загрымелі бубны і гарматны салют, загучала музыка. Пасля кароткай малітвы перад царквой носьбіт каронаў са світаю праз трыумфальныя аркі накіраваўся на гару св. Юр’я на сустрэчу з Мітрапалітам. Там зноў раздаліся салютныя залпы. Радзівіл увайшоў у намёт і, сказаўшы кароткую элегантную прамову, аддаў у рукі Мітрапаліта кароны.
|
Абраз Маці Божай Жыровіцкай
з слонімскага касцёла
святога Андрэя.
1-я пал. XVII ст.
|
Мітрапаліт перадаў кароны двум епіскапам, сеў разам з імі і Радзівілам у карэту і ўзначаліў урачыстае шэсце праз трыумфальныя брамы ў царкву. Паперадзе ехаў даўгі рад экіпажаў літоўскага і польскага магнацтва пад эскортам конніцы. За карэтай Мітрапаліта рухаліся яго прыдворныя воіны, па баках — світа Радзівіла, наперадзе архідыякан нёс мітрапалічы крыж. У час шэсця да першай брамы на ўсіх званіцах білі ў званы, на гары св. Юрыя салютавалі гарматы. Перад кожнай брамай Мітрапаліта сустракалі ваенны салют, бомы званоў і красамоўныя вітанні выкладчыкаў базыліянскіх школ і прапаведнікаў. Каля Радзівілаўскай брамы гэтую ролю выканаў прафесар Полацкай школы Тэафіль Янткевіч. Неўзабаве ён склаў апісанне на лаціне ўсёй каранацыйнай урачыстасці, якое падрабязна пераказаў-пераклаў протаіерэй Мікалай Дзікоўскі9 . Пры браме Вішнявецкіх Мітрапаліт выйшаў з карэты і ў суправаджэнні духоўных асобаў, у тым ліку двух епіскапаў, якія неслі на падушачках кароны, прайшоў да Сапежынскай брамы, пастаўленай перад самым уваходам у сабор. Ад імя роду Сапегаў тут яго вітаў віленскі ігумен Патрыцый Жыраўскі. Мітрапаліт пакрапіў усіх святою вадою і ўвайшоў у храм, дзе яго чакала духавенства. Кароны былі пакладзены на спецыяльны столік, які адразу абступілі грэнадзёры; балдахін над каронамі трымаў базыліянскі клерык у белым сціхары, апаясаны накрыж двума арарамі. Затым Мітрапаліт, духавенства і пачэсныя госці селі на свае месцы. У храме гучала музыка, білі званы, салютная стральба ішла ў мястэчку і з навакольных узгоркаў. Стаяла ясная пагодная раніца, хоць напярэдадні ноч была халодная і дажджлівая.
Па знаку музыка змоўкла, і протаархімандрыт ордэну базыліянаў у кароткай прамове да Мітрапаліта папрасіў перадаць кароны базыліянскаму ордэну. Звярнуўшыся з узнёслай прамовай да базыліянаў, Мітрапаліт перадаў кароны ордэну і загадаў запісаць у мітрапалітальныя акты гэты факт, абавязаўшы ордэн быць удзячным св. Апостальскаму пасаду за такую ласку і захоўваць кароны з належнай пашанай.
Затым духавенства і Мітрапаліт апранулі арнаты для Боскай літургіі. Благаславіўшы народ трыкірыем і крыжам, пад спевы «Ис полла эти деспота...» Мітрапаліт узышоў на троннае месца. Па яго загадзе быў прачытаны прывілей на каранацыю ад Ватыканскай капітулы. Мітрапаліт у суправаджэнні епіскапаў і прэлатаў падышоў да століка, на якім ляжалі кароны, прачытаў па-славянску малітву з лацінскага рытуалу, пакрапіў кароны святою вадою і акадзіў. Затым падышоў да алтара цудатворнай Жыровіцкай іконы, падняўся па лесвіцы і, стоячы на каленях, пры гуках званоў і аргана, салюту гарматаў і стрэльбаў з навакольных узгоркаў, усклаў кароны на галовы Найсвяцейшага Дзіцяці Езуса і Найсвяцейшай Яго Маці. Спусціўшыся ніжэй, Мітрапаліт праспяваў па-славянску тэксты з рымскага рытуалу і па просьбе Ганны Радзівіл пачаў па-славянску песню «Тваёй абароне...», якую падхапіў увесь народ.
А палове 6-й вечара была адслужана ўрачыстая вячэрня і выслухана казанне, затым адбылася Эўхарыстычная працэсія. Дзень закончыўся спевамі пад музыку «Ларэтанскай літаніі» перад алтаром з цудатворным абразом Маці Божай. 15 верасня працэсіяй у храме, спевам па-славянску «Цябе Бога праслаўляем...» і Ларэтанскай літаніі перад цудатворным абразом свята ў гонар Жыровіцкай Маці Божай урачыста закончылася.
На памяць аб каранацыі былі выбіты залатыя і сярэбраныя медалі ад мітрапаліта Шаптыцкага (4 віды) і Гераніма Радзівіла (2 віды), якія раздавалі ўсім прысутным. Відавочца Янткевіч захоплена апісвае незвычайны эмацыянальны ўздым тых, каму пашчасціла быць у гэты дзень у Жыровічах. Святкаванне з літургіямі, пропаведзямі, філасофскім дыспутам працягвалася восем дзён. За гэты час па падліках манахаў паспавядаліся і прычасціліся 140 352 чалавекі (69837 католікаў і 70515 уніятаў). Было зафіксавана сем эпізодаў цудоўнай дапамогі ад Жыровіцкага абраза.
Рымскія кароны і старажытнае аздабленне цудатворнага абраза беражліва захоўвалі базыліяне, а пасля 1834 г. — праваслаўныя манахі. У 1915 г. перад прыходам войскаў кайзера Вільгельма жыровіцкая святыня, як і іншыя царкоўныя рэліквіі, была вывезена ў эвакуацыю ў Маскву. Пасля Рыжскай дамовы 1921 г., хоць і страціўшы свае каштоўныя аздобы, абраз цудам вярнуўся ў Жыровічы.
- Камень, на якім адбылося паўторнае аб’яўленне Жыровіцкага абраза пасля пажару царквы ў XVI ст. Цяпер знаходзіцца ў алтары Яўленскай царквы Жыровіцкага манастыра.
- Ларэнца Грамічэ дэ Кава (1702–1795) пражыў доўгае жыццё, захаваліся яго алтарныя карціны ў некаторых касцёлах Італіі і прыватных зборах.
- Kulczynski Ignacy. Il Diacprio Di tre Colori ouvero Narrazione storica della tre Imagini Miraculose della Beata Vergine Maria... Roma, 1732.
- Падобным чынам, 8 дзён (актава), з архірэйскімі службамі, музыкай і залпамі салютаў, у 1819 г. святкавалася ў Рыме 100-годдзе аб’яўлення копіі Жыровіцкага абраза.
- У 1901 г. «рымскага» абраза ў жыровіцкіх храмах ужо не было; базыліяне, магчыма, вынеслі яго з сабора ў час скасавання уніі; верагодна, цяпер ён знаходзіцца ў слонімскім касцёле св. Андрэя, адноўленым з руінаў пасля паўстагоддзя варварскага атэізму.
- Палонка знаходзіцца за 30 км на ўсход ад Слоніма.
- Ганна Радзівіл (1676–1746), жонка канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла(1669–1719).
- Кальварыйская царква Узвышэння Крыжа пабудаваная на ахвяраванне (5000 злотых) Элеаноры Галоўшчыны, лоўчай пінскай пасля 1716 года.
- Диковский Н., Коронование Жировицкой иконы Богоматери (1730 г.). — Гродна. 1902 г.