|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА
У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Пачатак у №3(41) 2007
Частка XLV Калі брат Ян з Пенны быў свецкім падлеткам у правінцыі Маркі, неяк уночы з’явіўся яму прыгожы юнак і, назваўшы яго па імені, сказаў: «О, Яне, ідзі ў Санта Стэфана, дзе прапаведуе адзін з маіх братоў, павер у яго вучэнне і слухай яго словы, бо гэта я вам яго паслаў; пасля ты выправішся ў вялікае падарожжа, а потым прыйдзеш да мяне». Адразу тады брат Ян устаў і адчуў вялікія змены ў сваёй душы. І пайшоў у Санта Стэфана, і сустрэў там вялікі натоўп мужчынаў і жанчынаў, якія слухалі пропаведзь. А тым, хто павінен быў прапаведаваць, быў брат па імені Філіп, адзін з першых, хто прыйшоў у Анконскую Марку, бо мала яшчэ было кляштараў у правінцыі Маркі. Устаў брат Філіп і пачаў прапаведаваць, і вельмі пабожна прапаведаваў не толькі словамі чалавечай мудрасці, але і дабрадзейнасцю духу Хрыста, аб’яўляючы царства вечнага жыцця. А па заканчэнні пропаведзі пайшоў юнак да брата Філіпа і сказаў яму: «Айцец, калі б вы захацелі прыняць мяне ў ордэн, я б ахвотна пакаяўся і служыў бы Пану нашаму Езусу Хрысту». Убачыў і пазнаў брат Філіп у гэтым юнаку такую цудоўную нявіннасць і цвёрдую волю служыць Богу, што сказаў яму: «Прыйдзі да мяне як-небудзь у Рэканаці, і я цябе прыму». У тым кляштары павінен быў адбыцца агульны Капітул правінцыі. Юнак, які быў вельмі чысты душою, падумаў, што гэта і ёсць тое вялікае падарожжа, якое ён павінен быў здзейсніць згодна з адкрыццём, якое яго напаткала, і пасля адправіцца ў Рай; так ён і збіраўся зрабіць, як толькі яго прымуць у ордэн. Такім чынам ён пайшоў туды і быў прыняты, але пабачыў, што намер яго не здзяйсняецца, і паколькі менавіта ў той час міністр на Капітуле казаў, што тым, хто пажадае па волі святога паслушэнства пайсці ў Праванс, ён ахвотна дасць дазвол, то ўзнікла ў юнака моцнае жаданне туды пайсці, думаючы ў сэрцы сваім, што, магчыма, гэта і ёсць тое вялікае падарожжа, якое ён павінен здзейсніць, перш чым выправіцца ў Рай; але пасаромеўся пра гэта сказаць. Нарэшце ён паспавядаўся згаданаму брату Філіпу, які прыняў яго ў ордэн і папрасіў яго міласціва вымаліць ласку пайсці ў Праванс. Тады брат Філіп, зважаючы на яго чысціню і яго святы намер, дастаў яму дазвол; пасля чаго брат Ян з вялікай радасцю рушыў у дарогу з думкай, што, безумоўна, пасля гэтай дарогі ён выправіцца ў Рай. Але па волі Божай ён прабыў у Правансе дваццаць пяць гадоў у гэтым чаканні і жаданні, жывучы ў найвялікшай сумленнасці, святасці і прыкладнасці, і ўвесь час рос у цноце і ў ласцы Божай і народнай, і вельмі яго любілі браты і свецкія. Аднойчы брат Ян пабожна маліўся, плачучы і скардзячыся, бо яго жаданне не здзяйснялася і яго пілігрымка ў гэтым жыцці працягвалася занадта доўга: тады яму з’явіўся Хрыстус благаслаўлёны, перад чыім абліччам душа яго ўсхвалявалася, і сказаў яму Хрыстус: «Сын мой, брат Ян, прасі ў мяне ўсё, што хочаш». І ён сказаў: «Пан мой, я не ведаю, што мне папрасіць, акрамя як Цябе самога, бо нічога іншага я не жадаю; але я папрашу Цябе толькі аб тым, каб Ты дараваў мне ўсе мае грахі і даў мне ласку пабачыць Цябе яшчэ адзін раз, калі я буду мець у гэтым найбольшую патрэбу». Сказаў яму Хрыстус: «Скончылася твая малітва». І пасля гэтых словаў пайшоў прэч, а брат Ян застаўся супакоены і суцешаны. У рэшце рэшт браты з Маркі даведаліся аб яго святасці і вельмі прасілі старэйшага ордэну, каб адправіў яму загад вярнуцца ў Марку. Атрымаўшы загад, ён, узрадаваны, рушыў у дарогу, думаючы, што пасля гэтай дарогі ён павінен будзе патрапіць на неба, згодна з абяцаннем Хрыста. Але калі ён вярнуўся ў правінцыю Маркі, то пражыў там яшчэ трыццаць гадоў і не быў апазнаны нікім са сваіх сваякоў. Кожны дзень ён чакаў міласці ад Бога, каб той выканаў сваё абяцанне. І шмат разоў за гэты час ён нёс службу вартаўніка з вялікім стараннем, і Бог праз яго здзейсніў шмат цудаў. Між іншых дароў, якія ён атрымаў ад Бога, быў і дар прароцтва; вось аднойчы пайшоў ён з кляштара, а адзін з навіцыяў быў ахоплены шатанам і вельмі ім спакушаны, настолькі, што, паддаўшыся спакушэнню, вызваліў сам сябе і выйшаў з ордэну, пакуль брата Яна не было; даведаўшыся, дзякуючы прароцкаму духу пра гэтае спакушэнне і пра вызваленне ад абавязкаў, брат Ян адразу ж вярнуўся дадому і паклікаў да сябе таго навіцыя, і сказаў, што хоча, каб той паспавядаўся. Але перш чым той паспавядаўся, брат Ян распавёў яму па парадку ўсю яго спакусу, згодна з тым, што яму адкрыў Бог, і завяршыў гаворку так: «Сын мой, паколькі ты мяне пачакаў і не захацеў пайсці без майго благаслаўлення, Бог зрабіў табе гэтую ласку, што цяпер ужо ты не пакінеш гэты ордэн, але памрэш у ордэне, у Божай ласцы». Тады згаданы навіцый быў умацаваны ў добрай волі і, застаўшыся ў ордэне, стаў святым братам. І ўсе гэтыя рэчы расказаў мне брат Угаліна. Згаданы брат Ян быў чалавекам з вясёлым і лёгкім сэрцам, вялікай малітвы і пабожнасці, гаварыў рэдка і, асабліва пасля Ютрані, ніколі не вяртаўся ў келлю, але заставаўся маліцца ў касцёле, пакуль не надыходзіў дзень. Аднойчы, калі ён так маліўся ў цемры пасля Ютрані, узнік перад ім Анёл Божы і сказаў яму: «Браце Ян, Ён завяршыў тваё жыццё, чаго ты так даўно чакаў, і я абвяшчаю табе ад імя Бога, што ты можаш прасіць любую ласку, якую захочаш. І яшчэ я абвяшчаю табе, каб ты выбраў: ці адзін дзень у чыстцы ці сем дзён пакутаў гэтага свету». І паколькі брат Ян выбраў сем дзён пакутаў у гэтым свеце, то адразу захварэў на розныя хваробы, у яго паднялася высокая тэмпература, падагра скруціла рукі і ногі, і схапіў боль у баку і ў іншых розных месцах: але горш за ўсё быў яму шатан, што паўстаў перад ім і трымаў у руцэ вялікі ліст паперы з напісанымі на ім усімі грахамі, якія брат Ян зрабіў ці пра якія падумаў, і сказаў яму: «За грахі, якімі ты саграшыў у думках, у словах і ў дзеяннях, ты асуджаны на самае пекла». А брат Ян не памятаў ніводнай добрай справы, якую зрабіў, быццам бы і ў ордэне ён ніколі не быў, але верыў, што ён асуджаны, як шатан яму гаварыў. І вось, калі ў яго спыталі, як ён сябе адчувае, брат Ян адказаў: «Дрэнна, бо я асуджаны». Пабачылі такую справу браты і паслалі за адным старэйшым братам, якога звалі брат Масей з Монтэ Руб’яна, што быў святым чалавекам і вялікім сябрам брата Яна. І на сёмы дзень пакутаў прыйшоў да яго брат Масей, павітаўся з ім і спытаўся, як ён сябе адчувае. Адказаў брат Ян, што адчувае сябе дрэнна, таму што быў асуджаны. Тады сказаў брат Масей: «Хіба ты не памятаеш, як шмат разоў мне спавядаўся, і я цалкам адпусціў табе ўсе грахі? Хіба ты не памятаеш, што служыў Богу ў гэтым святым ордэне на працягу многіх гадоў? І нават не памятаеш пра тое, што ласка Божая даруе ўсе грахі свету і што наш Хрыстус, благаслаўлёны Збавіцель, заплаціў, каб выкупіць нас, непамерную цану? А таму май надзею, што ты цалкам збаўлены». І пасля гэтых словаў, паколькі скончылася ачышчэнне, знікла спакуса і прыйшло суцяшэнне. І з вялікай радасцю сказаў брат Ян брату Масею: «Паколькі ты стаміўся, а час ужо позні, я прашу, каб ты пайшоў адпачыў». Але брат Масей не захацеў пакідаць яго; ды нарэшце, па настойлівай яго просьбе, пайшоў адпачываць, а брат Ян застаўся сам-насам з братам, які ім служыў. І вось Хрыстус благаслаўлёны з’явіўся ім у вялікім ззянні і ў атачэнні салодкага водару, згодна са сваім абяцаннем прыйсці ў другі раз, калі брат Ян будзе найбольш мець у гэтым патрэбу, і вылечыў яго ад усіх хваробаў. Тады брат Ян са складзенымі рукамі падзякаваў Яму, што найлепшым чынам завяршылася яго падарожжа па гэтым бедным тутэйшым жыцці, пасля даручыў і перадаў у рукі Хрыста сваю душу, і перайшоў з зямнога жыцця да жыцця вечнага з благаслаўлёным Хрыстом, якога ён так доўга жадаў і чакаў. І быў пахаваны згаданы брат Ян у кляштары святога Яна ў Пенне. Слава Хрысту. Амэн.
Частка XLVI У згаданай правінцыі Маркі пасля смерці святога Францішка жылі два родныя браты з ордэну; аднаго звалі брат Уміле, а другога – брат Пацыфік, і былі яны людзьмі вялікай святасці і дасканаласці: і адзін з іх, а менавіта брат Уміле, жыў у кляштары Саф’яна, дзе і памёр, а другі жыў з брацтвам у другім кляштары вельмі ад яго далёка. Па волі Божай брат Пацыфік аднойчы падчас малітвы у самотным месцы быў ахоплены захапленнем і ўбачыў, як душа яго брата Уміле ўздымалася якраз у гэты момант з цела проста на неба, без ніякіх затрымак і перашкодаў. Здарылася так потым, што праз шмат гадоў гэты брат Пацыфік, які застаўся жыць, быў пераведзены разам з іншымі братамі ў кляштар Саф’яна, дзе памёр яго брат. У той час браты па просьбе сіньёраў Брунфортэ перасяліліся з гэтага кляштара ў іншы, куды разам з другімі рэчамі перанеслі парэшткі святых братоў, што памерлі ў тым кляштары. І калі яны прыйшлі да пахавання брата Уміле, родны брат яго Пацыфік узяў яго косці і памыў іх белым віном, а пасля завярнуў іх у белую сурвэту і з вялікай пашанай і пабожнасцю цалаваў іх і плакаў; іншыя браты дзівіліся з гэтага і не бачылі ў гэтым для сябе добрага прыкладу, бо паколькі ён быў чалавекам вялікай святасці, здавалася, што ён плача аб браце з-за пачуццёвай і свецкай любові, і што яго парэшткам больш ён выказваў пабожнасці, чым парэшткам іншых братоў, якія былі не меншай святасці, чым брат Уміле, і былі вартыя такога ж шанавання, як і ён. Брат Пацыфік, ведаючы пра вялікае здзіўленне братоў, пакорліва іх суцешыў і сказаў: «Браты мае дарагія, не здзіўляйцеся, што з касцьмі майго брата я зрабіў тое, чаго не рабіў з іншымі, бо, хай будзе благаслаўлёны Бог, не выклікаў ён у мяне цялеснай любові, але я зрабіў так таму, што калі мой брат адышоў з гэтага жыцця, я, молячыся ў пустынным і далёкім ад яго месцы, убачыў, як яго душа ўзыходзіла проста на неба, а таму я ўпэўнены, што косці яго святыя і павінны быць у Раі. А калі б Бог мне даў такую ж упэўненасць у дачыненні да парэшткаў іншых братоў, то я б такую ж самую рэч зрабіў бы з іх касцямі». Таму браты, калі пабачылі яго пабожнасць і святы намер, сталі трымацца аб ім добрай думкі і ўсхвалілі Бога за тое, што робіць цудоўныя рэчы святым сваім братам. Слава Хрысту. Амэн.
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык
|
|
|
|