|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
У папярэднім артыкуле гэтага цыклу мы размаўлялі пра менскі канвент і касцёл айцоў бэрнардынаў, таму цалкам лагічным будзе ў працяг гэтай гаворкі сказаць колькі словаў і пра кляштарны комплекс жаночага асяродку гэтага ордэну. Святыня бэрнардынак у Менску захавалася да нашых дзён у сваёй барочнай вялікапышнасці і нярэдка выступае на сувенірах, паштоўках ці ў альбомах у якасці візітоўнай карткі беларускай сталіцы. На жаль, наш інфарматар-візітатар кс. Язэп Камінскі надае жаночым кляштарам значна менш увагі, чым мужчынскім, таму і матэрыялы іх інспектавання значна меншыя: у актах візітацыі яны займаюць усяго некалькі старонак. Аднак мы паспрабуем атрымаць з іх пэўнае каліва цікавай інфармацыі. Напачатку ж гутаркі колькі словаў скажам пра з’яўленне бэрнардынак на нашых землях.
Ордэн бэрнардынак Рух абсэрвантаў, што паступова развіўся ў асяродку францішканаў, спрычыніўся і да рэфармавання жаночага адгалінавання францішканскага ордэну — кларысак1. Гэта прывяло да ўзнікнення ў Заходняй Еўропе новых манаскіх згуртаванняў: альжбэтанак, калетанак, французскіх абсэрвантак і інш. На Беларусі, аднак, кларысак не было, таму жаночыя канвенты, створаныя паводле статуту св. Францішка, тут былі адпачатку бэрнардынскімі. Як ужо адзначалася ў папярэднім артыкуле, св. Ян Капістран, прыехаўшы ў 1453 г. у Кракаў, сваімі палымянымі прамовамі схіліў сэрцы шмат каго з мясцовых жыхароў да новага ордэну і неўзабаве заснаваў канвент, які з часам стаўся плацдармам для пашырэння супольнасці абсэрвантаў у нашым рэгіёне. А ўжо ў 1459 г. з’явіўся ў Кракаве і першы жаночы кляштар гэтага ордэну — пад тытулам св. Агнесы. Першы ж у Вялікім Княстве Літоўскім канвент бэрнардынак быў збудаваны толькі амаль праз паўстагоддзе — у 1495 г., на віленскім Зарэччы; а наступны – яшчэ праз стагоддзе, у 1594 г., і таксама ў Вільні. Пачаткова прыхільніцы суворай рэгулы св. Францішка толькі аб’ядноўваліся ў тэрціярскія (г. зн., прыналежныя да 3-га ордэну) суполкі пры мужчынскіх канвентах; таму ані манаскіх шлюбаў яны не складалі, ані кляўзуры не прытрымліваліся. Фактычна, абавязковыя ўрачыстыя шлюбы і кляўзура былі ўведзеныя для бэрнардынак (у тым ліку і для віленскіх) толькі ў выніку трыдэнцкай рэформы — на моцы абвешчанай папам Піем V у 1566 г. булы «Circa pastoralis officii». На землях сучаснай Беларусі кляштары гэтага згуртавання паўставалі на працягу ХVІІ ст. — у Гародні, Менску, Берасці і Слоніме. Яны ўзводзіліся пад Марыйнымі тытуламі: Нараджэння Найсвяцейшае Панны Марыі (першыя два) або Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (два апошнія). Паколькі ў гэты час ўжо перастаюць дзейнічаць абмежаванні, вызначаныя некалі кіраўніцтвам ордэну для велічыні аздаблення абсэрванцкіх касцёлаў, таму і гэтыя святыні не толькі набываюць вежы (як у Слоніме), але й нярэдка выбудоўваюцца ў прыўкрасным барокавым стылі (як у Менску). Разам з тым, усё яшчэ захоўваюцца тыя ці іншыя элементы традыцыйнай бэрнардынскай архітэктуры. Напрыклад, у менскім комплексе — гэта трохкрыльная (П-падобная) структура кляштара, які прымыкае да касцёла, утвараючы пасярэдзіне т. зв. «вірыдарыюм» (дзядзінец, які павінен быў засаджвацца дрэвамі ці зелянінай). Дый арыентаванне гэтай святыні яшчэ звычнае: прэзбітэрыум з галоўным алтаром знаходзіўся з усходу — у адрозненне, напрыклад, ад пазней закладзенага менскага касцёла езуітаў, дзе размяшчэнне абумоўлівалася не традыцыяй храмабудаўніцтва, а неабходнасцю быць узнесеным на галоўнай плошчы горада — то бок, прычынамі сацыяльна-палітычнага характару.
Касцёл і кляштар Бэрнардынкі асталяваліся ў Менску неўзабаве пасля заснавання тут мужчынскага канвенту. Ужо ў 1633 г. ваявода Аляксандр Слушка фундаваў у Менску жаночы кляштар, які быў узведзены пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі2. Сыракомля, які знаёміўся з гістарычнымі помнікамі Менску ў сярэдзіне ХІХ ст., меркаваў, што касцёл і канвент пры ім былі вымураваныя ў 1642 годзе3. Трэба думаць, што будаўніцтва кляштара было скончанае, прынамсі, гадоў на пяць раней — аўтар гэтых радкоў памятае, як будучы яшчэ студэнтам і працуючы на раскопках каля «бэрнардынак», ён бачыў знойдзеную там паліваную кафлю для абкладання грубкі з датай «1637». Выкладаць печ кафляй да таго часу, як будоўля самога кляштара была скончаная, не мела б сэнсу — значыць, канвент быў завершаны не пазней за 1637–1638 гады. З другога боку, будаванне касцёла пры кляштары сапраўды магло зацягнуцца і да 1642 г., а нават — і да 1670-х гадоў, як мяркуе М. Шчакаціхін4. У 1741 г. комплекс моцна пацярпеў ад пажару5, але неўзабаве быў адноўлены — відаць, гэтаю акалічнасцю і тлумачыцца ўказаная ў візітацыйных актах дата новага фундушу: 8 верасня 1746 года6. Пра тое, як змяняўся архітэктурны выгляд касцёла на працягу ХVІІ–ХVІІІ стст., спецыялісты катэгарычна выказвацца не рызыкуюць7. Разам з тым, З. Пазняк лічыць, што гэтая «святыня па інтэрпрэтацыі канструкцыйна-стылявых прыкметаў характэрная менавіта для сярэдзіны ХVІІ ст.»8, відаць, істотных змяненняў падчас адбудовы пасля пажараў усё ж унесена не было. Не будзем, аднак, затрымлівацца на архітэктурным разглядзе комплексу бэрнардынак, бо гэтае пытанне дастаткова шырока асветленае ў літаратуры. Адзначым толькі, што святыня ўяўляе з сябе простакутную ў плане базыліку з трыма навамі; прэзбітэрыум завершаны трохграннаю апсідаю, абапал яго — дзве, таксама простакутныя, сакрыстыі. На ўзроўні трэцяга яруса галоўны фасад пераходзіць у дзве вежы-званіцы, якія нацятымі струнамі імкнуць у неба. Напрыканцы ХVІІІ ст. яны заканчваліся ўверсе жалезнымі крыжамі, а на саміх вежах знаходзіліся тры званы сярэдняга памеру, якія склікалі менчукоў на набажэнства; касцёл быў агароджаны драўляным парканам9. Зойдзем разам з візітатарам ўсярэдзіну. У 1796 г. у святыні былі толькі тры алтары (паводле У. Дзянісава, у першай палове ХІХ ст. іх было ўжо шэсць10). Кс. Язэп Камінскі адзначае, што знайшоў іх «пекна прыбранымі» і ў належным парадку: партатыліі з рэліквіямі святых былі апячатаныя; менсы, як і належала, — пакрытыя патройнымі (на знак Святой Тройцы) белымі абрусамі; таксама былі срэбныя таблічкі Sacri Convivii, Lavabo et in Principio і ўсё іншае неабходнае начынне — у тым ліку тое, якое было рэкамендавана для набыцця папярэднім візітатарам11. Парадак панаваў і ў сакрыстыі, дзе захоўваліся арнаты розных колераў — на розныя перыяды літургічнага года — і касцёльная бялізна. Візітатар не апісвае маёмасць паштучна, а толькі адзначае, што там было ўсё, што неабходна для годнага адпраўлення службы Божай. Паколькі бібліятэкі ў кляштары не было, дык ужываныя пры набажэнстве кнігі, якія бачыў там візітатар (18 брэвіяраў, а таксама па адным асобніку Псалтыра, «Медытацый», «Жыццяпісаў святых» і «Кронікаў ордэну святога Францішка»)12, таксама захоўваліся ў касцёле — на хорах ці ў сакрыстыі. Для музычнага суправаджэння Імшы ў касцёле служылі арганы — «новыя, дзесяцігалосыя», як адзначае кс. Язэп13. Што да канвента, дык візітатар пра яго гаворыць толькі наступнае: «Кляштар мураваны, у два ярусы, усім, чым належыць, забяспечаны — як усярэдзіне, так і звонку; усе драўляныя пабудовы адрамантаваныя»14. З такога роду пабудоваў канвент меў стадолу, стайню, бровар... Здаецца, што ў адрозненне ад большасці іншых менскіх кляштараў, крытых гонтаю, дах у касцёле і канвенце бэрнардынак быў з дахоўкі. Пра гэта сведчыць той факт, што на раскопках каля касцёла археолагі знаходзілі керамічную дахоўку як ХVІІ, так і ХVІІІ ст.;15 кс. Камінскі, на жаль, у сваіх матэрыялах гэтае пытанне абмінае — як, зрэшты, і шэраг іншых. (Да слова, калі чытаеш гэты акт візітацыі сярод астатніх, падрыхтаваных у Менску, не адпускае думка, што візітатар імкнуўся пакінуць жаночы кляштар як найхутчэй і інспектаванне адбываў амаль фармальна.)
Насельніцы кляштара Насельніц кляштара можна падзяліць на некалькі групаў — на ўласна бэрнардынак і на «панен свецкіх»16 — дзяўчат-шляхцянак, якіх манашкі выхоўвалі, ды жанок («сірот у веку дасканалым»), якімі яны апекаваліся «з міласэрнасці». Саміх бэрнардынак было ў кляштары 20 асобаў. Кіравала канвентам 40-гадовая Серафіна Руткоўская, якая насіла бэрнардынскі вэлюм ужо 23 гады, але на пасадзе настаяцельніцы знаходзілася толькі адзін год. Свой век у кляштары дажывалі і былыя «маці» — 78-гадовая Клара Беразінская, 64-гадовая Яанна Заблоцкая і 62-гадовая Рэгіна Тышкевічоўна, якая на той час была пры новай настаяцельніцы намесніцай і дапамагала ёй уваходзіць у новыя абавязкі. Абавязкі «фартыянак» — брамніцаў, у менскім канвенце бэрнардынак выконвалі Ганна Бярнацкая і Кунегунда Доўнаровічоўна (апошняя была і сакратаркай). Пасаду «шафаркі»-ключніцы займала Ад’юта Валюкоўна, за гатаваннем ежы наглядала «канапарка» Ізабэла Карповічоўна, а пра сервіроўку сталоў перад пасілкамі клапацілася «сэрвіторка» Юстына Міл[а]відоўна, якая была манашкаю толькі другі год. Спевамі на набажэнстве кіравала «кантарка» Агнешка Дабрыцкая, а за выхаванне і навучанне дзяўчат, якія жылі ў кляштары, адказвалі «містрыні» Херубіна Радзевічоўна і Дэльфіна Пазнякоўна. Некаторыя з бэрнардынак не мелі канкрэтных абавязкаў, аднак пералічым іх імёны, якія даносяць да нас водар ХVІІІ ст., — гэта Уршуля Капчынская, Малгажата Аскеркоўна, Анэля Валадкавічоўна, Дамініка Станкевічоўна, Тэадора Івашкевічоўна, Гіацынта Паплаўская... Больш заможныя «свецкія панны» — дочкі зямянаў, то бок, прадстаўнікоў багатай шляхты, якая валодала зямельнымі маёнткамі і займала пасады ў ваяводстве ды павеце, — аплочвалі сваё пражыванне і навучанне. Сярод іх былі «падсталянка» (дачка падстолія) Францішка Тышкевічоўна, «харунжанкі» (дочкі харунжага) Свідэрскія, «шамбеляноўна» (дачка шамбяляна) Роза Камінская... Тых жа, хто не мог плаціць, — часцей за ўсё гэта былі сіроты з бедных шляхецкіх сем’яў, бэрнардынкі прымалі з міласэрнасці. Такіх дзяўчат у кляштары было дзесяць: Альжбэта і Марыяна Савіцкія, Элеанора Лапіцкая, Юзэфа Гічынская, Ганна Платноўская, Францішка Свярчэўская, Кацярына Васілеўская, Кацярына Ярашэвічоўна, Вікторыя Мухлінская і Юстына Любянецкая. Візітатар адзначае, што неўзабаве былі прынятыя яшчэ дзве — Бетранцоўна і Карповічоўна. Дзяўчаткі навучаліся ў кляштары асновам каталіцкае веры, чытання і пісьма, а таксама «розных ручных работаў, іхнаму стану адпаведных»17. У кляштары нярэдка пражывалі ўдовы і старыя дзевы шляхецкага паходжання, якімі не было каму апекавацца. Часцей за ўсё яны таксама прымаліся з міласэрнасці, бо толькі некаторыя з іх, як, напрыклад, «удава падстоліна» (удава колішняга падстолія) Брыгіда Длужнеўская ці былая «чашнікава» Элеанора Прушынская, былі ў стане плаціць за сваё пражыванне. Большасць іншых пералічаных у дакуменце кабетаў такой магчымасці не мелі і ўтрымліваліся на грошы, якія давала бэрнардынкам адзіная іх крыніца даходу — фальварак Гатава, да якога належала 123 дымы18. Усе віды фізічнай працы, у якой кляштар меў патрэбу, выконвала служба, пра якую візітатар піша наступнымі словамі: «У кляштары В[яльможных] П[анен] Бэрнардынак на паслугах знаходзіцца 6 парабкаў, а 7-мы — сакрыстыянін; дзевак простай „кандыцыіі“ (г. зн., паходжання. — Ю. Л.) — 13. Усе памянёныя парабкі, як таксама і дзеўкі, з’яўляюцца падданымі»19.
Візітатарскія Як і амаль кожны іншы акт візітацыі таго часу, разгледжаны намі дакумент мае далучаны напрыканцы пералік рэкамендацый візітатара. З увагі на невялікі аб’ём дадзім яго змест цалкам. «1. Аднаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту штонядзелі рабіць рэкамендуецца. 2. Кляўзуры манаскай як найдакладней належыць прытрымлівацца. 3. Лампадка перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ўдзень, і ўначы павінна гарэць. 4. Ключык ад цыборыума заўсёды ў бяспечным месцы павінен быць схаваны. 5. Свецкія панны, што знаходзяцца на пражыванні ў кляштары, павінны кожны дзень слухаць святую Імшу, а ў найбольш значныя святы ім загадваецца адбываць споведзь. Таксама, каб у нядзелі і ўрачыстыя святы адна з законніцаў пасля чытання ў касцёле Евангелля адпаведнага да абвешчанай перыкопы навуку чытала, увагі кс. Скаргі. І яшчэ тое наказваецца, каб яны ні ў якім разе без ведама Яемосці Панны Маці не выязджалі ані ў горад, ані таксама ў іншыя месцы. 6. Паненкі, што знаходзяцца ў кляштары без усялякага забеспячэння, а толькі дзякуючы надзвычайнай міласэрнасці В[яльможных] П[анен] Бэрнардынак, маюць быць ва ўсім паслухмяныя сваім дабрадзейкам. Разам з тым, абавязкам В[яльможных] П[анен] Бэрнардынак будзе навучаць іх артыкулам веры святое каталіцкае, боязі Божай і ўсім цнотам хрысціянскім, а да таго ж — пісьму, чытанню і ручной працы. 7. В[яльможнай] Яемосці Панне Маці рэкамендуецца, каб для законніц забяспечвалася адпаведная выгода, а найболей клопату мець належыць пра тых асобаў, якія часам хваробаю або старасцю прыціснутыя, нават, дзеля паляпшэння здароўя, не ашчаджаючы на лекары»20. Гэтыя рэкамендацыі цікавыя тым, што разам са стандартнымі пунктамі, прысутнымі ў актах візітавання іншых кляштараў і запісанымі, хутчэй, для праформы, тут ёсць некалькі такіх, якія кідаюць найбольш святла на рэальны стан рэчаў у кляштары. Гэта, у прыватнасці, апошнія тры, што прыадхінаюць перад намі завесу, якая хавае канфлікты і міжасобовыя адносіны ў канвенце. Напрыклад, з іх мы можам убачыць, што дзяўчаткі, гадаваныя ў кляштары, не надта рупіліся пра наведванне святое Імшы і нават не прыслухоўваліся да загадаў сваіх выхавацелек. І калі ўжо ніякім чынам нельга было паўплываць на фанабэрыстых зямянак, чые бацькі самі аплочвалі іх пражыванне ў манашак, дык, прынамсі, «безаплатных» візітатар сваёю ўладаю імкнуўся прывесці да паслушэнства, нагадваючы ім пра маральныя абавязкі ў адносінах да дабрадзеяў. Зрэшты, як мы бачым, і самі законніцы не заўсёды прытрымліваліся адпаведнай субардынацыі і маглі выходзіць з канвенту, не атрымаўшы на тое дазволу настаяцельніцы. З другога боку, і новая, недасведчаная яшчэ, настаяцельніца, часам занадта прыклаўшыся сэрцам да суворых статутаў бэрнардынскага ордэну, занядбоўвала любоў да бліжняга на карысць патрабаванняў убоства ды ўмярцвення плоці і не выказвала сёстрам тае спагады, якую святы Францішак, суровы да сябе самога, але ахвярны для іншых, вучыў праяўляць да бліжняга. Натуральна, гэта не магло не выклікаць пэўнага процістаяння з боку манашак. Ці патрабуе гэта нейкага каментару? Бадай, не — чалавечая прырода нязменная, і тыя праблемы, што сёння нярэдка турбуюць нас, былі актуальныя і два стагоддзі таму для нашых продкаў...
|
|
|
|