|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
Пачатак у №2(40)/2007
Разьдзел L
Як трэба чалавеку гаротнаму спадзявацца толькі на руку Божую 1. Пане Божа, Ойча Сьвяты, будзь бласлаўлёны цяпер і на векі, бо як Ты хочаш, так яно і сталася, а тое, што Ты робіш, — добрым ёсьць. Няхай слуга Твой весяліцца ў Табе, а не ў сабе ці ў кім іншым, бо Ты адзін сапраўднае вясельле, Ты надзея мая і карона мая, Ты радасьць мая і хвала мая, о Пане. Што ж мае слуга Твой, апрыч таго, што ад Цябе дастаў, дый то бяз ніякае заслугі сваёй? Усё, што даў Ты, ці што зрабіў — Тваім ёсьць. Бедны я ды ў працы з самых лет маладых (Пс 87, 16), і сумуе душа мая падчас аж да слёз, а часамі дзеля дрэнных пажаданьняў, якія ўва мне падымаюцца, вельмі трывожыцца яна. 2. Імкнуся я да вясельля супакойнасьці, лятучу аб супакоі сыноў Тваіх, якіх корміш Ты ў сьвятле пацехі сваёй. Калі абдарыш мяне супакоем, калі ўвальеш у мяне сваю сьвятую радасьць — напоўніцца цалкам душа слугі Твайго радаснымі гукамі і пабожна будзе апяваць хвалу Тваю. Калі адыдзеш ад мяне, як гэта часта трапляецца, ня здоляю хадзіць шляхам загадаў Тваіх, але ўпаўшы на калені, буду біць сябе ў грудзі, бо ўжо мне ня так добра, як было ўчора ды пазаўчора, калі сьвятло Тваё сьвяціла над галавой маёй ды пад цяньком крыльляў Тваіх хаваўся я ад злыдзенных спакусаў. 3. Ойча справядлівы і заўсёды годны хвалы, прышла гадзіна спробы для слугі Твайго. Ойча міласэрны, трэба сапраўды, каб на гэтую гадзіну пацярпеў крыху дзеля Цябе слуга Твой. Ойча, годны заўсёднае хвальбы, вось прышла хвіліна, якую ад векаў Ты прадбачыў, каб слуга Твой увонках спатыкнуўся, аднак унутры каб заўсёды жыў з Табою. Дык няхай яго крыху спакораць, паніжаць пры людзях; няхай скруцяць яго ўласныя нахілы ды клопаты, каб ізноў з Табою ў зары новага сьвятла з’явіцца ды зіхацець нябесным блескам. Сьвяты Ойча, Ты гэтак загадаў і пастанавіў, і сталася тое, што сам загадаў Ты. 4. Гэта ж вялікая ласка прыяцелю Твайму цярпець ды трываць розныя турботы дзеля любові Цябе — калі толькі Ты захочаш і ад каго толькі захочаш. Бяз прычыны, бяз суду ды прадбачаньня Твайго — нічога няма на сьвеце. Добра мне, о Пане, што спакарыў Ты мяне, каб навучыўся я справядлівасьці Тваёй (Пс 118, 71), каб кінуў усю пыху з сэрца ды самапэўнасьць сваю. Карысна мне, каб сорам пакрыў мой воблік, каб у Цябе, а не ў людзей шукаў я хутчэй пацехі. Згэтуль навучыўся я такжа палохацца і дрыжэць перад таёмнымі Тваімі прысудамі, якіх дазнае і справядлівы, і бязбожны, але заўсёды паводле праўды і справядлівасьці. 5. Дзякую Табе за тое, што не дараваў Ты благацьцям маім, а балюча пакараў мяне, дапускаючы боль і насылаючы турботы як вонкавыя, так і ўнутраныя. Спасярод усяго таго, што ёсьць пад небам, няма нічога, што магло б мяне пацешыць, апроч Цябе, Пане Божа мой, нябесны лекару душаў, які караеш і збаўляеш, кідаеш у пекла і назад выводзіш (Тоб 13, 2). Права Тваё нада мною, і розга Твая мяне вучыць (Пс 17, 36). 6. І вось, Ойча ўлюблёны, зусім я ў руках Тваіх і з пакораю схіляюся пад розгаю кары Тваёй. Бі ў хрыбет ды па шыі мяне, схіляў я пад волю Тваю ўпорыстасьць сваю. Зрабі з мяне вучня пабожнага і пакорнага, як часта Ты гэта робіш, каб быў я паслухмяным на кожны знак Твой. Сябе і ўсё сваё аддаю Табе, каб паправіў Ты мяне, бо лепш тутака быць караным, чымся ў жыцьці будучым. Ты ведаеш усё, і нічога патайнога няма перад Табою ў людзкім сумленьні. Ты ведаеш будучыню, пакуль яна яшчэ не наступіла, і ня трэба, каб хтосьці вучыў Цябе ды перасьцерагаў аб тым, што робіцца на зямлі. Ты ведаеш, што карысна дзеля поступу майго і сколькі памагаюць турботы, каб ачысьціць іржу заганаў маіх. Дык паступай са мной паводле таго, як жадаецца Табе, ды ня кідай мяне дзеля грэшнага жыцьця майго, якога ніхто лепш, ніхто ясьней ня бачыць за Цябе. 7. Дай мне, Пане, ведаць тое, што трэба, любіць тое, што трэба, тое хваліць, што Табе найбольш успадобу, даражыцца тым, што дорага перад Табою, пагарджаць усім, чым брыдзяцца вочы Твае. Не дазволь мне, каб судзіў я паводле таго, што бачаць вочы мае, ані паводле таго, што чуюць вушы мае (Іс 11, 3), але дапамажы, каб у судзе сваім патрапіў я найсьці розніцу паміж рэчамі духовымі і відомымі ды каб заўсёды імкнуўся шукаць волі Тваёй і таго, што Табе ўспадобу. 8. Мыляюць часта людзей у суджэньні іхнія пачуцьці, абманваюцца і тыя, што сьвет любяць, бо толькі відомым яны захопліваюцца. Ці ж чалавек ужо лепшы таму, што іншы пахваліць яго больш, чымся ён заслужыў? Ашуканец ашуканца, марны марнага, сьляпы сьляпога, нядужы нядужага абманвае, хвалячы яго ды яшчэ і паніжае яго хвальбою сваёю. Бо ж які хто ёсьць перад Табою, Пане, такім будзе сапраўды і нічым болей — кажа пакорны сьв. Францішак. Разьдзел LI
Трэба практыкавацца ў маленькай рабоце, калі на вялікую не хапае сілаў 1. Сыне, не патрапіш заўсёды стрываць у гарачэйшым імкненьні да цноты, ані аставацца ўсьцяж на вышэйшай ступені богаразважаньня; але неабходна падчас, дзеля першароднага грэху, зысьці да нізкіх рэчаў і хоць неахвотна і з трудом несьці цяжар гэтага сапсутага жыцьця. Пакуль валачэш з сабою сьмяротнае тваё цела, датуль будзе цяжка табе і немач будзе агортваць сэрца тваё. Дык трэба мучыцца часта цераз гэтае цела, што ня пушчае яно цябе пастаянна аддавацца цьвічэньням духоўным ды разважаньню аб Богу. 2. І вось дзеля гэтага трэба спыніцца табе на працы маленькай ды вонкавай; у добрых учынках пакрапляцца; прыходу Майго і адведзінаў з цьвёрдай верай чакаць; згнанніцтва свайго і суш у сэрцы трываць цярпліва, пакуль не адведаю цябе і не асвабаджу ад усенькіх турботаў. Бо зраблю Я гэтак, што забудзешся аб усіх клопатах сваіх і будзеш карыстацца ўнутраным супакоем. Разгарну перад табою ніву сьвятога Пісьма, каб з вясёлым сэрцам пачаў ты йсьці шляхам загадаў Маіх. І скажаш тады: Цярпеньні гэтага часу нягодныя будучай хвалы, што ў нас аб’явіцца (Рым 8, 18). Разьдзел LII
Няхай чалавек думае, што ён дастойны не пацехі, але, хутчэй, кары 1. Пане, нягодны я пацехі Тваёй, ані натхнення Твайго: і таму справядліва робіш, калі пакідаеш мяне бяздольнага і немачнага. І калі б здоляў я мора сьлёзаў выплакаць — яшчэ ня быў бы годны пацехі Тваёй. Дык нічога я ня ёсьць годны, як толькі бічаваньня і кары, бо часта і цяжка грашыў я перад Табою ды шмат у чым я вінаваты. Вось чаму, добра памяркаваўшы, бачу, што няварты я на’т і самае малое пацехі. 2. Аднак Ты, ласкавы і міласэрны Божа, ня хочаш згубы стварэньняў рук Тваіх, каб паказаць багацьце дабраты Тваёй у начыньні міласэрнасьці, бо бяз ніякіх заслугаў маіх Ты хочаш пасылаць пацеху слузе свайму больш, чымся чалавеку магчыма ўцяміць. Бо немагчыма раўняць Тваю пацеху з людзкімі ўраеньнямі. 2. Што зрабіў я вялікае, Пане, каб надзяліў Ты мяне нябеснаю пацехаю? Памятую, што нічога добрага я не зрабіў, а заўсёды меў нахіл да благоцьця ды быў лянівы, каб справіцца. Праўда гэта, і адказвацца ад яе ня буду. Калі б інакш я казаў, Ты стаў бы насупроць мяне і ня было б каму бараніць мяне. Што заслужыў я за грахі свае, калі ня пекла ды агонь вечны? Папраўдзе прызнаюся, бо ж варты я, сьмяяліся з мяне ды пагарджалі мною, а ніколі не пасьмею падумаць, што належу я да ліку пабожных слугаў Тваіх. І хаця цяжка мне слухаць усяго гэтага, аднак дзеля праўды прызнаюся да грахоў я сваіх, каб лягчэй заслужыць на міласэрнасьць Тваю. 3. Што скажу я, вінаваты ды поўны сораму? Нямы мой язык, дык скажу толькі гэтае слова: саграшыў, Пане, саграшыў; зжалься нада мною, выбач мне, Пане. Пакінь мне якую часіну, каб пасьпеў я аплакаць боль свой, пакуль яшчэ траплю без павароту ў цёмную зямлю, атуленую імглою сьмерці (Ёў 10, 20–21). Чаго ж больш жадаеш ад вінаватага і беднага грэшніка, калі не таго, каб пакутаваў ды спакарыўся за грахі свае? У шчырым жалю ды спакорнасьці сэрца родзіцца надзея на выбачэньне, супакойваецца расьцярушанае сумленьне, варочаецца згубленая ласка, робіцца бясьпечным чалавек ад будучага гневу і ў сьвятым пацалунку сустракаецца Бог з пакутнаю душою. 4. Спакораны жаль грэшніка — мілая ахвяра Табе, Пане, шмат мілейшая за ўсе пахі кадзілаў перад воблікам Тваім. Вось гэта той шматцэнны алей, якім дазволіў Ты намасьціць ногі Твае сьвятыя, бо сэрцам спакораным — ды якое пакутуе — ніколі не пагарджаеш. Там месца ўцёкаў перад воблікам гневу ворага. Там спраўляецца і абмываецца ўсё тое, што спляміў і папсаваў наш грэх. Разьдзел LIII
Ласка Божая ня зыходзіць на тых, каторым да ўспадобы рэчы земскія 1. Сыне, вялікая цана ласкі Маёй і ня годзіцца яна з пабочнымі справамі ды з пацехамі зямнымі. І таму адкінуць трэба ўсе запыны ласкі, калі хочаш карыстацца яе прысутнасьцю. Шукай зацішнага куточка, няхай будзе табе мілаю самота, ня шукай з нікім гутарак, а хутчэй да Бога пабожна маліся, каб даў Ён табе пакутнае сэрца ды чыстае сумленьне. Няхай сьвет будзе табе нічым, а служба Богу няхай будзе табе справай найважнейшай. Бо немагчыма адначасна Мне служыць і мець спадобу ў рэчах хуткамінаючых. Ад знаёмых і мілых сэрцу ды ад усякага клопату аб дачаснасьці няхай будзе дух твой вольны. Бласлаўлёны Апостал Пётра кажа, што верным слугам Хрыста трымацца трэба на сьвеце, як вандроўнікам і пілігрымам. 2. О, з якою ж вераю ўміраць будзе той, каго сьвет нічым ня вяжа! Нядужы розум, аднак, ня ўцяміць, як можна мець сэрца, так аддзеленае ад усяго, а чалавек цялесны не спазнае свабоды ўнутранага чалавека. Аднак, калі хто сапраўды хоча быць духовым, трэба яму зрачыся і далёкіх, і блізкіх, і нікога больш не сьцерагчыся, як сябе самога. Калі сябе зусім пераможаш, усім іншым лёгка завалодаеш. Найвялікшая перамога — гэта перамагчы сябе самога. Бо калі хто сабою гэтак завалодаў, што пачуцьцёвасьць розуму, а розум ува ўсім Мне паслухмяны — той сапраўдны пераможца сябе і пан над усянюткім сьветам. 3. Калі імкнешся трапіць гэтак высока, трэба мужна пачаць і сякеру да карэньняў прылажыць, каб вырваць ды выкінуць далёка скрытае, грэшнае самалюбства і нахіл да асабістага і пачуцьцёвага дабра. Ад таго, што чалавек грэшна самога сябе любіць, залежыць амаль усё тое, што перамагчы і выкараніць трэба; дык гэтую загану, гэтае галоўнае зло перамогшы і падбіўшы, настане ў душы вялікі супакой і цішыня заўсёдная. Але мала ёсьць такіх, каторыя стараюцца цалкам высвабадзіцца ад сваіх нахілаў і памерці самым сабе, і таму людзі звычайна бываюць расьцярушаныя ў сабе самых ды не патрапяць падняцца над сабою духам. А таму, хто імкнецца верна Мяне насьледаваць, неабходна, каб усе благія ды грэшныя ўчуцьці свае замарыў ды ня любіў нікога зашмат зямною любоўю.
З лацінскай мовы пераклаў
д-р Ст. Грынкевіч
|
|
|
|