|
Я быў у Закапаным, сухотнікаў сталіцы,
Зімы чатыры штось на леках (на курацыі),
Шмат дзіва тут – у месці, ў акаліцы –
Калі патрафлю я, хацеў бы расказаці.
А найперш грэбень гор. Сваімі вяршынамі
Праз хмараў звал яны да неба аж дзяруцца.
Лясамі крыты склон – мадрэўцамі 1, «смрэкамі» 2 –
Даліны моў бы цуд між горамі віюцца.
Хоць хлеба тут німа, люд бойкі і здаровы;
Паветрам ён жыве, бо вельмі яно чысто,
Яно памоцна то ж на кепскія галовы,
Такі ўжо тутка край: гарысты і лясісты.
А хворых поўна тут – ня толькі на сухоты –
Ёсць з францамі найбольш (гэта нядуг багатых),
А тут найбольш такіх, ня знаюць што работы:
Трудом лячыць найлепш такіх чартоў рагатых.
Вось хочыш ты пазнаць, хто хворы, хто здаровы,
Пакінь, браток, намер: кругом тут тубэркулы,
Плююць усе аж страх і чхаюць як каровы,
Хаця жаруць і пхнуць усенькі артыкулы.
Калі няшчасце мо цябе сюды загоніць,
(Хоць лепей ты хварэй на родненькай зямліцы),
То едзь з грубой машной, бо хай жа Бог бароніць,
Як тут здзяруць цябе – здымай хоць нагавіцы.
Тут бавяцца нішто, бываюць гульні, кіно,
А часам і канцэрт, або і прэдстаўленне,
Паненак поўна ёсць – ну, проста як мякіны –
Праз іх ты веру стрэш у вечнае збаўленне.
Бо праўду так сказаць, паветра тут такое,
Што навет конь часцей, як трэба, зааржыць;
А чалавек быдло, то ж не абы якое:
Агнём пякельным прост тут кожды, брат, гарыць.
Паненкі аж вішчаць, бо дзяцюкоў замала,
Ня дзіва, што кругом курэўнікаў тут моц:
Не спіша тут сам чорт, дзеў колькі запрапала,
Штадзенны хлеб тут флірт, праз цэлы дзень і ноч…**
Ну хай ўжо будзе до, занадта (мо ты скажыш),
Я злосным вокам скрозь гляджу сабе кругом,
І мне ў канцы такі што добрае пакажыш,
Вось кіну я грымзаць няўдаленькім пяром.
Але ж я не хацеў нічога тутка зганіць;
Хто грошы мае шмат, і часу, і здароўя,
Прыедзь сюды ў «сезон», сябе каб апаганіць,
Але лячыцца тут – то смех і безгалоўе.
Хоць, праўда, ні адзін паправіўся сухотнік,
Прыдбаўшы паўпуда прынамсі жывой вагі;
Але як з гультая такі з яго работнік,
Калі бакцыл прыдаў на грэх яму адвагі.
А зрэштай ёсць людзей тут многа нат’ святых,
Ня трэба і шукаць іх вельмі і далёка:
Ксяндзоў тут шмат жывець, дэвотак заклятых,
Што міласць ад людзей хаваюць так глыбока.
Чакай жа, што хацеў яшчэ я пахваліць?
О, шмат каго, браток, а найперш дахтароў,
А после гаспадынь – за тое, што даіць
Умеюць так людзей, як (не раўня) кароў.
Аб дахтарох я шмат казаць табе не буду,
Бо лечаць добра ўсе, а кожды на свой лад:
Іх проб, намоў, лякарств ніколі не забуду,
А вырвацца ад іх заўсёды буду рад.
Успомню на канцы, хоць гэта смешна можа,
Тутэйшых і кароў, што гарнякі гадуюць:
Вось дзіва, што яны настроены варожа
Да ўсіх «гасцей» і малако з вадой фальшуюць.
І шмат яшчэ ёсць што, браток мой, апісаць
Аб гэтае дзюрэ, што звецца Закапаным,
Але нялёгка йзноў так гладка расказаць,
Каб злосцею людзкой ня быці зацкаваным…
10.ІІІ. 1920.
Публікацыя Ірыны Багдановіч.
|