|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
Я не сустракаў нікога, хто б, заглыбіўшыся ў тэксты кардынала, не перажыў бы вялікіх зменаў у сваім жыцці і светапоглядзе. Існуе любоў з першага погляду і сімпатыя з першай сустрэчы. Аднак існуюць таксама любоў і сімпатыя, якія з цяжкасцю прабіваюць сабе шлях у нас саміх. Калі гэта здараецца, нашыя душы і думкі напаўняюць вялікая збянтэжанасць і разгубленасць. Наколькі любові з першага погляду звычайна спадарожнічае радасць, настолькі нараджэнню любові, якая вымушана была з мазалямі прабівацца праз нашае цвёрдае «я», звычайна спадарожнічае лёгкае здзіўленне і сорам: «Як я мог гэта палюбіць?» Мая першая сустрэча з Ньюманам і яго тэкстамі дакладна не мела нічога агульнага з любоўю або нават сімпатыяй з першага погляду. Я чытаў, бо павінен быў чытаць. Мне сказалі, ці, дакладней, настойліва парэкамендавалі, прачытаць некалькі твораў кардынала, і прычыны гэтага былі далёкія ад тэалогіі. Калі б мне трэба было акрэсліць, што я адчуваў і думаў, першы раз гартаючы тэксты Ньюмана, я мог бы напісаць тое самае, што напісаў Ян Юзаф Шчэпаньскі пра сваю першую сустрэчу з літаратураю Конрада: «Уражанняў ад першага чытання я не магу апісаць дакладна. Яны павінны былі быць вялікія або нейкія незвычайныя, бо я шмат разоў вяртаўся да кнігі, заўжды ў складаных абставінах, далёкіх ад звычайных, і заўжды з пачуццём асаблівага чакання, нібы падазраваў, што прапусціў нешта істотнае або чагосьці не зразумеў да канца» («W służbie Wielkiego Armatora» з тома «Przed Nieznanym Trybunałem»). У пэўным сэнсе Ньюман мяне раздражняў, напэўна, менавіта тым, што я не мог пазбавіцца ад яго ў сваіх думках і быў вымушаны вяртацца да яго твораў. Калі цяпер з пазіцыі поўнай і адназначнай сімпатыі, духоўнай і тэалагічнай, я гляджу на сваё першае чытанне твораў кардынала, то разумею, чаму не здолеў палюбіць яго «з першага погляду». У мяне дзіўнае ўражанне, што мне перашкаджала менавіта тое, што стварае асаблівасць і веліч гэтага святога і пісьменніка.
Два светы Перадусім, я не мог пазбыцца ўражання, якое падчас чытання было найбольш выразным, што Ньюман мае абсалютна дзівацкі падыход да таго, што называецца бачным светам. Я ні ў якім разе не хачу сказаць, што кардынал пагарджаў бачнымі рэчамі, каб падкрэсліць вагу рэчаў нябачных. Аднак тады, на самым пачатку сустрэчы, у мяне не было такога адчування. Калі б яно з’явілася, я б, пэўна, кінуў чытанне не столькі з-за раздражнення, колькі з-за нудоты, выкліканай чарговым гностыкам і тэалагічным байкапісцам. Але ў мяне не было ўражання, што Ньюман канцэпцыйна і тэарэтычна пагарджае бачным светам, каб гаварыць пра свет нябачны. Было нешта зусім іншае і зусім новае. З паглыбленнем у тэксты ўва мне ўмацавалася цвёрдае перакананне, што той, хто пісаў іх, больш выразна бачыць анёлаў, чым дрэвы і камяні, значна лепш ведае і здольны карыстацца духоўнымі законамі, чым я ведаю і здольны карыстацца законамі фізікі. Першародны грэх здаваўся Ньюману нечым такім жа ўсюдыпрысутным і вымерным у чалавечым жыцці, як гравітацыя, а ласка Божая разам з усім механізмам яе прымання і выкарыстання — нечым такім жа зразумелым і апісаным, як біялагічны механізм дыхання. Гэта было проста дзіўна — нібы раптам сустрэць фізіка ці біёлага звышнатуральнага свету, які бачыць і разумее законы, што ўсе перажываюць на ўласным досведзе, але мала хто здольны апісаць іх, растлумачыць і выкарыстоўваць. Гэтак, як да Ньютана многія бачылі, як з дрэваў падалі яблыкі, але нікому не прыйшло ў галаву, што з такой з’явы можна вывесці нейкае правіла, даць яму найменне і растлумачыць. Так і ў мяне было ўражанне, што я перажыў усё, пра што піша кардынал, але ніколі не думаў пра гэта як пра нешта вельмі канкрэтнае. Я не хачу сказаць, што чытанне Ньюмана стала ў маім духоўным жыцці тым, чым стала чытанне Фейнмана, Хокінга або Пэнроўза ў фізіцы, але толькі таму, што гэта гучала б празмерна добра. Пра Ньюмана распавядаюць, што калі ён пачынаў свае казанні ў касцёле св. Марыі ў Оксфардзе, слухачы, сабраныя каля амбоны, мелі адчуванне, што ён на імгненне быццам пакінуў звышнатуральны свет, які быў для яго домам і натуральным асяродкам жыцця, каб распавесці пра яго ўсім, хто ведаў пра звышнатуральнае толькі па чутках. Чытаючы тэксты Ньюмана, я ўсё больш пераконваўся ў тым, што чытаю нешта накшталт папулярных, але зусім не спрошчаных кнігаў з галіны фізікі звышнатуральнага.
Бог і душа Другая думка, якая ўдарыла мяне з надзвычанаю моцаю, — гэта тое, што я назіраў: Ньюман не бачыць нічога больш істотнага, чым вельмі асабістыя, амаль інтымныя стасункі паміж чалавечай душою і яе Стварыцелем. Кожная душа мела ў ягоных вачах такую самую каштоўнасць і вагу для свайго Стварыцеля, як увесь створаны свет. Кожная душа, як і ўвесь космас, была пакліканая да існавання з нічога. Бог, ствараючы кожнага асобнага чалавека, ствараючы яго душу, працягваў паўтараць нанава гэты незвычайны і цудоўны па сваёй сутнасці акт пераходу з небыцця да быцця, з неіснавання да існавання, акт, які ўзнік на пачатку ўсяго бачнага свету. Душа і свет былі створаныя ex nihilo. Гэта не з’яўляецца відавочна novum у тэалогіі, але Ньюман не толькі прыняў гэтую старую хрысціянскую пазіцыю. Ён пашырыў і выкарыстаў яе ў межах магчымага. Яна стала для яго асноўным матывам для даследаванняў чалавечай душы як у духоўным, так і ў псіхалагічным вымярэнні. Ён паглыбіўся ў яе так, як прыродазнаўца паглыбляецца ў недаследаваныя джунглі, каб апісаць кожную, нават самую малую раслінку, якую знойдзе, і кожную, нават самую малую жамярыцу, якая сядзе яму на руку. Адсюль узнікае ўражанне, якое ў такой меры не сустракаецца пры чытанні любога іншага аўтара, што ён піша пра мяне самога, быццам падглядаў за мною, быццам здабываў, перапрацоўваў у словы і звязваў законамі ўсё тое, што адбываецца ўва мне і што здавалася мне зусім невядомаю і недаследаванаю прастораю. Аднак, калі я першы раз чытаў творы кардынала, мне здавалася, што ён корпаецца ў псіхалогіі, пагарджае любою метафізікаю і не цікавіцца нічым, што выходзіць за межы яго самога і чалавечых перажыванняў.
Пачуццё гумару Адна рэч заўжды прыцягвала мяне да ангельскамоўных хрысціянскіх пісьменнікаў — дабрадзейнасць, якою надзеленыя яны ўсе, магчыма, за выключэннем Грына. Гэта — самае звычайнае ў свеце, але незвычайна высокай якасці пачуццё гумару. Неістотна, чытаеце вы Чэстэртона, Бэнсана, Нокса або Льюіса, заўжды можна знайсці нешта, што шчыра нас забавіць, — часам між вершамі, што распавядаюць пра вельмі значныя справы, а часам у дарэшты бескарыслівым апісанні камізму свету, які з’ехаў з глузду. Я ведаў, што Ньюман — проста звышанглічанін, і шчыра спадзяваўся, што ў кім у кім, а ў хрысціянскім прадстаўніку менавіта гэтай нацыі можна спадзявацца не толькі на праўду і праніклівасць высноваў, але і на добрую забаву. Менавіта ў гэтым, як мне тады здалося, я шчыра падмануўся. Ньюман аказаўся да смерці сур’ёзны. Ён раздражняў мяне гэтым так моцна, як нас могуць раздражняць людзі, ад якіх мы чакалі зусім іншага, не таго, што яны фактычна нам прапанавалі. Я ніяк не мог зразумець, чаму Ньюман мяне не забаўляе, чаму не смяшыць мяне і не папраўляе мне настрою. Гэтую няшчасную сур’ёзнасць Ньюмана, зрэшты, не такую ўжо поўную, як высветлілася, я зразумеў значна пазней. У пэўны час акрамя тэкстаў кардынала я пачаў чытаць ягоныя жыццяапісанні і, што было больш істотным, неімаверна вялікую карэспандэнцыю Ньюмана. Я паволі пачынаў адкрываць нешта незвычайнае — незвычайнае супадзенне таго, пра што ён пісаў, з тым, што адбывалася ў ягоным жыцці. Амаль кожны абзац у творах Ньюмана хавае за сабою гісторыю пэўнага канкрэтнага жыццёвага досведу аўтара. Амаль за кожнаю старонкаю хаваецца аповесць пра доўгі, працаёмкі і часам вельмі балючы досвед, які зрабіў магчымым яе напісанне. Кажуць, што кожны, нават самы абстрактны і разумовы тэкст, насычаны біяграфіяй аўтара. Гэта праўда, але справа не ў пакутлівым эксгібіцыянізме, ні ў паўсюдным раздзьмутым «я». Ньюман проста дорага плаціў амаль за ўсё, што пісаў. А тое, пра што ён думаў і пісаў, безупынна адбівалася на ягоным ладзе жыцця. Тое, што ён прыняў рашэнне перайсці ў каталіцтва ў выніку працы над адным са сваіх асноўных твораў — «Аб развіцці хрысціянскай навукі», — гэта не міф і не легенда. Такое ўжо адбывалася з ім — стоячы пры пісьменніцкім пюпітры, ён прымаў жыццёвыя рашэнні, якія часта пазбаўлялі яго сяброў, выклікалі абвінавачванні ў падступстве, двудушнасці, здрадзе і кан’юнктурнасці. Што ж, складана чакаць жартаў у такой сітуацыі. Ньюман, у найлепшым значэнні гэтага слова, не адчуваў ні ценю адлегласці ад вечных і духоўных справаў і сапраўды не жартаваў з іх.
Паміж Гамлетам і Дон Кіхотам Звычка вучыць нас дастасоўваць верніка да адной з дзвюх характэрных катэгорый. Першая ўключае людзей, для якіх вера збудаваная з тонкіх матэрыяў, сумневаў або прамых ваганняў. Яна здаецца глыбокаю, рэфлексійнаю і спелаю вераю, але мае адзін мінус. Часта яна бездапаможная, няздольная распачаць ні адной справы, скіраваць нас да нейкага выбару або рашэння. Мы падобныя да Гамлета, які бясконца задае істотныя і складаныя пытанні, аднак яны паралізуюць яго і робяць глыбока нешчаслівым. Другая характэрная катэгорыя ўключае людзей, якія ідуць за вераю да канца нязведанай і неакрэсленай. Яны часта робяць рызыкоўныя і складаныя справы, не даследуючы, у якой ступені грунт пад іх нагамі дазваляе прыняць пэўнае рашэнне. Яны атакуюць да таго, як распазнаюць мэту атакі. Яны ідэйныя і адважныя, як Дон Кіхот, але часта іх дзеянні маюць памылковыя кірункі і мэты. Ньюман здаецца некім, хто яўна свядома і дабравольна ігнаруе абавязковасць такога падзелу вернікаў або нават проста думаючых людзей. З вартай здзіўлення настойлівасцю ён даказвае і сваімі творамі, і сваім жыццём, што нішто не дае такой матывацыі для дзеяння, як тонкая ідэя, і адначасова нішто не з’яўляецца большым імпульсам для далікатнай, асцярожнай і дэталёвай інтэлектуальнай апрацоўкі нейкай ідэі, як учынак, здзейснены ў яе імя. Выходзіць, што кардынал атакаваў наш асвечаны традыцыяй падзел на Гамлетаў і Дон Кіхотаў, аналітыкаў і ваяроў. Калі б ён рабіў гэта толькі на старонках сваіх твораў, мы спакойна маглі б праігнараваць такую эксцэнтрычную думку. Праблема ў тым, што ён пацвердзіў гэта сваім жыццём. Цяжка ўявіць сабе жыццяпіс такой адначасова ўражлівай, чуллівай, эстэтычна і сузіральна скіраванай да свету і рэчаіснасці асобы як Ньюман. І яго жыццяпіс быў багаты ў роўнай ступені вялікай колькасцю спрэчак, сварак, войнаў, ініцыятываў, рэвалюцый і драматычнага досведу.
Заканчэнне Існуюць аўтары і тэолагі, якіх можна чытаць адносна бяспечна, не паглыбляючыся ў змест, які яны спрабуюць да нас данесці. Аднак я не ведаю нікога, хто сапраўды заглыбіўся б у тэксты кардынала і адначасова не перажыў бы нейкай вялікай перамены ў сваім жыцці і светапоглядзе. Магчыма, гэта найлепшы доказ, каб пацвердзіць тэзіс, што сур’ёзны Гамлет можа быць дасканалым Дон Кіхотам, а пастаяннае прабыванне ў звышнатуральным свеце толькі павялічвае нашыя сілы і імкненне да таго, каб паглыбляцца ў тое, што мы «маем пад рукою», — але ўжо па зусім іншых, чым да гэтага часу, правілах.
«W drodze», № 9, 2010.
Гл. таксама:
|
|
|
|