|
|
|
№
3(109)/2024
Юбілеі
«БЫЦЬ СВЕДКАМ ЛЮБОВІ»
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам ЯШЭЎСКІМ, генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Асобы
Гісторыя
Спадчына
Постаці
Спадчына
Мастацтва
Дзмітрый МОНІЧ
АБРАЗ ЯНА ДАМЕЛЯ З НЯСВІЖСКАГА ФАРНАГА КАСЦЁЛА Ў ЗБОРЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА МАСТАЦКАГА МУЗЕЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: ПЫТАННІ АТРЫБУЦЫІ Інтэрв’ю
Пераклады
Літаратура
Дэбют
Пераклады
|
— Раіса Андрэеўна, у адным з інтэрв’ю Вы згадвалі бабулю Галену як вельмі блізкага чалавека. Зразумела, што ў пасляваенны час Вашыя бацькі, тым больш служачыя, не маглі хадзіць у царкву ці ў касцёл. Ці было ў Вашай сям’і рэлігійнае выхаванне? — Спецыяльнага рэлігійнага выхавання не было, але і мае бацькі, і ўсе сваякі былі людзі веруючыя. Бацька сапраўды быў служачым, працаваў інспектарам па падатках у райвыканкаме адразу пасля вайны. Мама была хатняй гаспадыняй, у яе адукацыя была чатыры класы польскай школы. Бацька быў вельмі закаханы ў яе, зрабіў прапанову, і яна пагадзілася, але з умовай, што яны павянчаюцца ў царкве. І бацька даў згоду пайсці з ёю пад вянец. У мяне фотаздымак ёсць 1946 года, зроблены ў дзень іхняга вянчання. Вядома, у той час бацька, зусім у нядаўнім мінулым баявы партызан, мог бы атрымаць на працы нейкае спагнанне, але ў райвыканкаме працавалі яго сябры, пераважна былыя партызаны, яны ведалі пра яго моцнае каханне, і шлюб быў нічым не азмрочаны. А афіцыйна быў зарэгістраваны толькі ў 1951 годзе, калі наша сям’я з вёскі пераехала ў Бярозу і мама атрымала пашпарт, якога вяскоўцам тады не выдавалі. Калі нарадзілася я, мяне адразу пахрысцілі, і ўжо ў Бярозе вельмі часта мяне мама вадзіла ў царкву, а на вялікія святы дык і да прычасця. Тады дзяўчынкам куплялі фетравыя капялюшыкі, дык у мяне іх было два, адзін на кожны дзень, а другі ў шафе — толькі для царквы. Калі заканчвала дзявяты клас, тую нялёгкую ноч добра памятаю. Гэта быў 1964 год, у Бярозе тады зруйнавалі касцёл, які стаяў на ўзвышшы. Мама ўсю ноч малілася, ды і ўсе нашы суседкі таксама... Але сапраўдным маім духоўным настаўнікам была бабуля Галена. Я з самага ранняга дзяцінства запомніла многае з яе навукі, найперш, што Бог жыве ў трох асобах: Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы. Настаўляла яна мяне і цярплівасці, маўляў, хай лепш тваё прападзе, і вучыла ўменню дараваць крыўды, а галоўнае, расказвала, за што можа пакараць Бог. Я была вельмі прывязана да бабулі, яна дасюль для мяне найлепшая ў свеце, хоць даўно ўжо жыве на нябёсах.
— Бяроза і Бялынічы, Заходняя Беларусь і Усходняя. Ці адчувалася розніца? — Адчувалася. Найперш — у мове. У Пешках, дзе я нарадзілася, усе размаўлялі на так званым паляшуцкім дыялекце. Я таксама размаўляла на ім у дзяцінстве. Але ведала і беларускую мову таксама — ад бацькі. Ён родам быў з Бялыніцкага раёна і размаўляў на прыгожай беларускай, вельмі меладычнай мове. Калі яны пабраліся з мамай, дык у дзедаву хату, як бацька вяртаўся з працы з Бярозы, збіраліся суседзі і прасілі: «Ой, Ондрыйко, поговоры по-своему, мы послухаемо…» Першы раз, калі бацька павёз мяне з маці ў Бялыніцкі раён, каб пазнаёміць са сваімі бацькамі, я хоць і малая была, але розніцу заўважыла адразу: людзі ў бацькавай вёсцы жылі больш бедна. Сімпатычныя людзі, можа нават залішне наіўныя ці проста прастадушныя, яны неяк не надта ладкавалі свой побыт, не ставала нейкай прадпрымальнасці ці што? На Бярозаўшчыне ўжо на пачатку пяцідзясятых гадоў валялі валёнкі — цёплыя, мяккія; шаўцы шылі мужчынам фетравыя боты, а жанчынам — боцікі «румынкі»; па вёсках ездзілі ганчары, летам арганізоўвалі грыбаварні, дзе і салілі, і марынавалі грыбы, многа было бондараў… А ў самой Бярозе, дзесьці ў сярэдзіне пяцідзясятых гадоў, з’явілася прыватная вяндлярня, і больш смачнай каўбасы я дасюль яшчэ нідзе не ела. Хаця і ў бацькавай вёсцы было адно, чаго не было ў нашых Пешках: пчолы ў вуллях і многа мёду — водарнага, сонечнага-сонечнага. Брат дзеда Мікалая быў пчаляром. Я калі ад іх у дзяцінстве вярталася дамоў, доўга-доўга ўспамінала той мёд. І яшчэ адно: бабуля Марфа, як і баба Галена, таксама была надзвычай веруючай жанчынай, але паблізу не было ні царквы, ні касцёла, дык кожную нядзелю яна ездзіла ў Бялынічы і там вельмі шчыра малілася ў малельным Доме.
— Што служыць апірышчам у паўсядзённым жыцці, дапамагае пераадольваць цяжкасці? — Тут лепш, напэўна, сказаць не што, а хто, бо пры цяжкасцях дапамагаюць дзеці — сын і дачка. А яшчэ і ўнукі, дзве ўнучкі і тры хлопчыкі. Яны цяпер і маё суцяшэнне, і мая ўцеха. Ужо больш як два гады пайшоў з зямнога жыцця мой муж, а іхні дзед і бацька. Цяпер, як могуць, яны шкадуюць мяне і дапамагаюць. Калі ж мне асабліва цяжка, тады бяру ў рукі малітоўнік…
— Вы неяк распавядалі пра сон, у якім Вам з’явілася ікона Божай Маці з Хлопчыкам на руках. А ці былі ў Вас яшчэ падобныя сны? — Падобных сноў, на жаль, не было, а вось цуд, у які і паверыць цяжка, аднойчы здарыўся. Дзесьці напрыканцы дзевяностых цяжка захварэў адзін з маіх братоў. Паставілі дыягназ: анкалогія лімфавузлоў, ужо і з метастазамі. Я паехала ў Магілёў, дзе ён жыве, паразмаўляла з яго доктарам, які сказаў, што больш за тры месяцы не працягне. Вярнулася ў Мінск, а праз некалькі дзён патэлефанавала нявестка, маўляў, «яму зусім кепска, я завезла яго ў бальніцу, там яму будзе лягчэй». І пайшла я тады ў царкву, укленчыла перад іконай Божай Маці, пачала плакаць і сваімі словамі прасіць, каб дапамагла яму, вядома, калі гэта магчыма. Літаральна назаўтра патэлефанаваў брат, сказаў, што звоніць з аўтамата насупраць бальніцы, што раніцай прыйшла медсястра рабіць уколы, а ён — дзіва — не адчуваў ніякага болю. Праз некалькі дзён яму далі накіраванне ў Мінск, у Бараўляны, на абследаванне, і ніякай анкалогіі, ніякіх метастазаў не выявілі. Брат, дзякуй Богу, жыве і да сёння, пры нагодзе расказвае, як дактары памыліліся з дыягназам, а я, калі заходжу ў царкву, заўжды кажу Божай Маці «дзякуй» за брата. З цягам часу, узяўшы ўсё гэта за аснову, нават напісала апавяданне «Вока Сусвету».
— Я ведаю, што ў Вас ёсць ікона-абярэг, раскажыце пра яе, калі ласка. — Гэтую ікону я атрымала ў спадчыну ад сваёй бабулі Галены. Яна трымала яе ў маленькім сундучку на гарышчы, а ў хаце ў кутку была сучасная: у блішчастай рамцы, аздобленая фальгою і кветкамі. Тая ж ікона напісана на дрэве, якое ўжо злёгку пабіў шашаль. Яе бабуля атрымала ад сваёй бабулі, а тая, гэта ўжо атрымліваецца мая пра-пра-прабабуля, ці-то ад сваёй маці ці таксама ад бабулі. Так што гэта ўжо сямейная рэліквія, якую, з бабуліных слоў, ці то падарыў, ці то напісаў у вельмі даўнім часе нікому не вядомы манах. Я нярэдка абдумвала ўсё гэта і вось да чаго прыйшла… У 1648–89 гадах у Бярозе па фундацыі падканцлера літоўскага Казіміра Сапегі быў пабудаваны кляштар ордэну картэзіянцаў, а пры ім у 1661 годзе — касцёл святых Юзафа і Казіміра. У 1831 годзе кляштар быў закрыты, а касцёл — у 1866-м. Касцёльнае начынне было перададзена парафіяльнаму касцёлу ў вёсцы Сігневічы, за 12–15 кіламетраў ад нашай вёскі. Туды ж перабраліся і манахі. Цалкам верагодна, што ікона належала або з’яўляецца творам аднаго з тых манахаў. Дзякуй Богу, лічу, што цяпер нейкім чынам яна дапамагае мне.
— Ці ёсць у Вас ідэал чалавека? — У выдатнага нашага паэта Анатоля Вярцінскага ёсць верш «Высокае неба ідэала», я сказала б амаль недасягальнае неба. Пражыўшы даволі доўгае жыццё, цягам у 77 гадоў, сустракала розных людзей. Былі сярод іх ну вельмі-вельмі цудоўныя, прыгожыя, неверагодна прыстойныя, годныя, мудрыя людзі, і разам з тым разумею, што выключна ідэальных людзей няма. Гэта трэба ва ўсіх адносінах быць святым чалавекам.
— А высокадухоўны чалавек, які ён? — Тут можна разважаць доўга-доўга… Але спынюся на адным выказванні Фёдара Дастаеўскага, што, маўляў, свет уратуе прыгажосць. Гэтае выказванне вельмі часта цытуюць розныя людзі і чамусьці апускаюць канцоўку: уратуе прыгажосць пры ўмове, што чалавек будзе маліцца. Толькі праз малітву можна прыйсці да высокай духоўнасці.
— Якія кнігі Вы любіце чытаць? — Самыя розныя. У васьмідзясятыя гады, у часы неверагоднага кніжнага буму, у «Кнігарні пісьменнікаў» куплялася ўсё, што толькі можна было купіць. Праўда, тады было не да чытання: сям’я, малыя дзеці, адчувальны дэфіцыт у магазінах, калі даводзілася выстаяць доўгую чаргу… Цяпер шмат што змянілася. Да кніжных паліцаў падыходжу амаль штодня. Чытаю і гістарычную літаратуру, і навуковую. Дастаю і Біблію, але тут трэба мець асаблівы настрой і душэўны спакой, каб чытаць без мітусні… Люблю пачытаць і томікі паэзіі, шмат што перачытваю і па-новаму захапляюся. Нездарма калісьці наш народны паэт Пімен Панчанка напісаў верш «Край паэтаў». Наша паэзія — вялікі скарб нашай зямлі.
— Што б Вы пажадалі чытачам «Нашай веры»? — Пажадаю цепліць, насіць у сабе веру, жыць з ёю. Верыць у Бога, які ўсё ведае пра наша зямное чалавечае жыццё, бо Ён — Творца гэтага жыцця, а яшчэ трэба моцна верыць проста ў блізкага чалавека, і гэта часам таксама дае палёгку… Верце — і па вашай веры будзе ўсё дадзена, знойдзена, і самыя моцныя жаданні спраўдзяцца.
Гутарыла
Гл. таксама:
|
|
|
|