 |
|
* * *
…на смерць Радзімы
З чаго пайшло
і як распачалося?
З чабору паху,
грушы над Дняпром,
птушынага рознагалосся?
Ці з дзіўнага святла,
што дорыць восень?
Ці з той вады,
якую п’еш нагбом?
І не ўзгадаць цяпер.
Гадоў завеі
туманяць каляроваю смугой
абрысы постацяў,
імёны і падзеі
сплываюць з невымоўнаю тугой.
Ці нават без яе ў нябыт ідуць з палёгкай.
Хутчэй імкне бясконцы карагод.
І рэха не чуваць, як ні галёкай,
і на крыніцах неадольны лёд.
І толькі груша
аблачынкай лёгкай
стагоддзямі цвіце
апошні год…
|
|
Беларускія зоркі
Нідзе
так
не стаіць Воз,
як над закінутай хатай.
Нідзе
так
не сумуе серп,
як над полем нязжатым.
Нідзе
так
не гарыць маладзік,
як у дзедавым садзе.
Нідзе
лепшага месца няма
зорцы, калі яна ўпа́дзе.
Паўсюль на гэтай адвечнай зямлі
бачу свае сузор’і —
ў полымі, кроплях, слядах на раллі,
ў марозным ачэзлым голлі…
Ціша стаіць ці б’юць званы,
праз балаты ці ўзгоркі
над гэтым краем стаяць яны —
беларускія зоркі.
|
|
Снег у Мінску
Снег ідзе на святога Роха,
на Вайсковых падае троху,
прыцярушвае Камароўку,
Камсамольскае і Асмалоўку.
І ў скверы Купалу за плечы
абдымае па-чалавечы.
Беліць дахі дамкоў Нямігі,
робіць айсберг са свіслацкай крыгі.
Замірае над Валадаркай…
Зноў над плошчай ідзе і паркам,
зноў ідзе над жыццём і лёсам,
над дымком тваім папяросным.
Лістападам ідзе і снежнем
над магчымым і непазбежным,
над хаўтурамі і радзінамі,
над шматлікімі і адзінымі.
Светлым ранкам і шарай гадзінай
снег ідзе над усёй радзімай.
|
|
* * *
незнаёмаму земляку
Ты мовы чужыя вучыцьмеш старанна
і пойдзеш у новы сусвет,
а я паступлю ў інстытут туманаў
на восеньскі факультэт.
Сустрэнуць цябе невядомыя зоры
і шлях на чатыры бакі,
а я буду ніткі тутэйшых сцяжынак
змотваць у клубкі.
Па ветры пускаць павуцінне і лісце,
начныя запальваць агні
і цёплай смугою захутваць дрэваў
азяблыя карані…
Ў чароды збіраць журавоў на імшарах,
буслоў кіраваць на адлёт,
і хвалям азёрным спяваць калыханкі,
і рэчкам прыкладваць лёд…
Хай гэтая восень табе будзе сніцца —
ты памятай нашу зямлю.
Я сум успамінаў, як пляшку па чарках,
па лужынах разлію…
|
|
* * *
Жоўты ліст адлятае —
не злавіць, не паспець.
Зноў ідзе залатая
штогадовая смерць.
У высокіх нябёсах
уздыхнуць журавы.
Крокі памяці босай
не ідуць з галавы.
Хутка ў шыбы начныя
хукне белым зіма.
Толькі б ведаць, што гэта
ўсё было недарма…
|
|
* * *
Тушым свечкі і лямпы,
у ложак — бы на спачын.
Зноўку і зноўку нам сніцца
той неадужаны чын.
Прывідныя размовы
ўзгадваць пасля дарма —
кожнае ночы нам сняцца
людзі, якіх няма.
Позірк вачэй і думка,
што працінае наскрозь, —
кожнае ночы нам сніцца
шчасце, якому не лёс.
Ціха рыпіць аканіца,
дыхае цемра з бакоў.
Доўга нам будзе сніцца
час, які не прыйшоў.
|
|
Вербніца
Вось ізноўку вясна.
І праз тыдзень — Вялікдзень.
Час мыць шыбы ў сваіх
і бацькоўскіх хатах.
Мы па розных шляхах
да Адзінага прыйдзем,
а пакуль што, па звычцы,
ідзем брат на брата.
Вось і зноўку вярба
з каляроваю ніткай —
пасвянцаем і кінем
у кут за абразам.
Ў вечаровым сутонні
знаёмая плытка
паўтарае матыў
раз за разам.
Вось і зноўку яна —
невымоўная лёгкасць,
беларуская прага
да забыцця,
беспадстаўных надзей
незлічоная колькасць
й недажытых
пачаткаў жыцця.
|
|
Без адказу
Бог мой, які на нацельным крыжы,
шчыра скажы,
крыж хоць сцямнеў ад грахоў і ілжы,
а без іржы?..
Калі я тоўк сябе ў грудзі,
знарок
рваў ланцужок?
Калі наперад бягу,
то чаму
Ты на спіне?
А калі ў ложак кладуся,
то Ты — першы на прасціне?
А з-за кашулі Табе ўсё відаць
ці расшпіліць?
Ці гэта Ты
ў сэрцы маім,
калі баліць?
|
Гл. таксама:
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК :: УРЫВАК З «ПАМЯТНАЙ КНІЖКІ» ::
|
 |